|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ
ЗАЛАТЫЯ ДЫСКІ БЕЛАРУСКАГА РОК-Н-РОЛА |
|
ПРАДМОВА Ідэя: Агульная рэдакцыя,
каардынацыя: Аўтары: Карэктура: Тэхнічнае рэдагаваньне: |
30 ГАДОЎ— 20 АЛЬБОМАЎ
Пад беларускім рок-н-ролам аўтары разумеюць сучасны гарадзкі песенны фальклёр (перш за ўсе — у электрычнай вэрсыі), “сынтэтычны” прадукт, што атрымліваецца ад спалучэньня беларускай музычнай традыцыі і стылістыкі сусьветнай рок-культуры: ад біг-біта і хард-рока да панка і world music. З гэтае нагоды тут ёсьць “Песьняры” — але няма “Верасоў” (100%-вы “саўковы” ВІА), ёсьць Вайцюшкевіч — і няма Шалкевіча (паэта зь гітарай, адмысловага барда — але ня рокера). Гісторыя беларускага рока найбольш дасканала адлюстроўваецца ў аўтарскім музычным прадукце — альбомах і супольных праектах, дзе па-свойму адбіваецца своеасаблівасьці часу і культурнай сытуацыі. Гэтая кніжка — рух па сьлядох эпохі, гісторыя тэкстаў, а не чалавечых лёсаў. Наватарскі стыль, аўтарскі падыход і сацыяльная значнасьць — вось тры асноўныя крытэры, па якіх альбомы траплялі у кніжку. Беларускі рок разглядаецца як арганічная частка культурнай дынамікі, адзін з дыялектаў нацыянальнай культуры. Гэта і ёсьць прычына адліку гісторыі беларускага рок-н-ролу не са зьяўленьня у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя першых беларускіх біт-гуртоў, а зь першага дыску “Песьняроў”. Менавіта тады пачынае працаваць фабрыка рок-н-рола на Беларусі — стыхійная музычная творчасьць пераўтварылася ў пасьпяховы рынкавы прадукт і адмысловую культурную падзею. Гэнерацыя сёньняшніх 40-гадовых была відавочцам рок-рэвалюцыі, што адбылася на пачатку 90-х у нашай краіне. Дзіўна, але суседзі па кварталу і століку ў кавярні — Слава Корань, Лявон Вольскі, Кася Камоцкая рабілі (і робяць!) найноўшую гісторыю беларускай культуры. Час зьбіраць камяні. І дыскі братоў па эпосе. Электрычная музыка made in Belarus чакае на сваіх гісторыкаў і летапісцаў. Дадзены праект — толькі спроба вызначыць асноўныя этапы разьвіцьця гэтай музычнай галіны і прасачыць эвалюцыю актуальнага музычнага мысьленьня. Істотна, што гэта адбылася. Атрымаліся ня проста журналісцкія нататкі. Аўтары — студэнты адзьдзяленьня журналістыкі “Беларускага Калегіюму” — атрымлівалі інфармацыю “зь першых рук” — непасрэдна ад музыкаў і прадусараў. Такім вынікам можна верыць. І чакаць новых кніжак. Якія напіша пра гэрояў рок-н-рола новая хваля нацыянальнай культур-аналітыкі. Максім ЖБАНКОЎ, “Беларускі Калегіюм”
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||