|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЗАЛАТЫЯ ДЫСКІ БЕЛАРУСКАГА РОК-Н-РОЛА
1989. НЕПРАЧЫТАНЫ ТЭСТАМЭНТ |
|
УЛІС |
ГУРТ УЛІС
Першы выступ новай каманды адразу прынес посьпех — яны занялі другое месца на вельмі папулярным у тыя часы фэсьце “Тры колеры” (першай была “Мроя”). Прынамсі, на гэтымсама фэсьце выступала ажно два гурты пад назвай “Бонда” — абноўленая, на чале з Варашкевічам, і група былога “бондаўца” Івана Маркава. Праграму запісалі дзякуючы польскім сябрам. Хто ведае, калі б выйшаў першы прафесійна зроблены беларускі альбом, калі б не Яраслаў Гайда. Ён зьвёў “улісаўцаў” з Рычардам Шмітам, які праз некалькі год будзе прызнаны лепшым польскім гукарэжысэрам. Той пагадзіўся запісаць беларускую рок-каманду, хоць дагэтуль займаўся толькі сымфанічнай музыкай. Вельмі дапамог у фінансавым пляне Ян Максімюк — перакладчык знакамітага твору Джэймса Джойса “Уліс” на беларускую мову — ён сабраў большую частку грошаў, патрэбных для запісу. Увосень 1989 г. гурт прыехаў на некалькі дзён у горад Ольштын, каб запісаць альбом, які ў далейшым вызначыць узровень айчыннага рока пачатку 90-х. Хоць часу на запіс было вобмаль — усяго тры дні — музыкі зрабілі 11 песень. На “Чужаніцу” патрапілі па розных прычынах тэхнічнага кшталту толькі восем. Тут жа, у Польшчы, быў надрукаваны невялічкі наклад (100 асобнікаў) альбому. Касэтны варыянт хадзіў па рукох беларускіх мэляманаў ажно два гады, пакуль у 1991 г. фірма “Мэлёдыя” не выдала “Чужаніцу” масавым накладам на кружэлцы. Вокладку ў стыле мінімалізм аформіў мастак Міхал Анемпадыстаў. Альбом выбухнуў і з галавой накрыў усё, што была да яго. Адам Глобус у сваіх нататках пра гурт у 1991 г. назваў “Чужаніцу” наогул Першым беларускім альбомам, празь які была пяройдзеная мяжа, што падзяляла зборкі песень і ўласна альбомы. Што праўда, знакавасьць “Чужаніцы” дайшла да мас не адразу. На пачатку было прызнаньне за мяжой — у той жа Польшчы, Эстоніі, Нямеччыне. “Навошта нам садраныя “U-2”, калі лепей паслухаць арыгінал”,— пісаў магілёўскі часопіс “Окарак”. “Іх рок сапраўды нічога не варты для вушэй, якія не чуюць гармоніі”,— адказвала на гэта нямецкая прэса. У жніўні 1991 г. кожны прыгадаў песьню, напісаную Фэліксам Аксёнцавым яшчэ ў 1989 г. для “Чужаніцы”: “Калі імпэрыя зьнікне, дзе ты будзеш і зь кім?”, а “Радыё Свабода” сталася гітом Беларускага Адраджэньня 90-х. Наступныя два альбомы “Уліса” — “Краіна доўгай белай хмары” й “Танцы на даху” ня горшыя, а ў нечым нават лепшыя за “Чужаніцу”, але менавіта першы альбом “Уліса” кранае найбольш. Як тут не прыгадаць яшчэ раз Глобуса: “Чужанiца” для многiх застаецца лепшым рок-творам : як першае каханьне, як першае слова, што скажа тваё дзiця”. “Чужаніца” — гэта сапраўдны тэстамэнт, яшчэ належным чынам неацэнены ды непрачытаны. Разам зь імпэрыяй зьнік і той “Уліс”: аўтар усіх тэкстаў групы Фэлікс Аксёнцаў зьехаў за мяжу, вакаліст Андрэй Патрэй “сарваўся” й колькі часу правёў у вар'ятні, а потым стаў вернікам, Краўчанка пасварыўся з Кораням і пайшоў, Шэвандо працуе ў аркестры Фінберга. Але “вандроўнік” не памёр — Вячаслаў Корань набраў новы склад, пачаў сам сьпяваць і пісаць тэксты, не забываючыся пры гэтым на спадчыну. На канцэртах сёньняшняга “Уліса” можна пачуць і песьні з “Чужаніцы” — “Краіна ў кратах”, “Іржавыя дні” ды ўласна “Чужаніцу”. Сяргей БУДКІН. ДЫСКАГРАФІЯ 1. “Чужаніца” (LP, 1989) 2. “Краіна доўгай белай хмары” (LP, 1990) 3. “Танцы на даху” (МС, 1993) 4. “Па-над дахамі” (МС, 1995) 5. “Life 1996” (МС, 1996) 6. “Блуканьне” (МС, 1996) 7. “Ратуйце вашыя душы” (МС, 1997) 8. “Падарожжа” (CD, 1999) 9. "Люстэрка" (CD, 2003)
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||