ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЗАЛАТЫЯ ДЫСКІ БЕЛАРУСКАГА РОК-Н-РОЛА

 

1997. ПАЧАТАК “СУПОЛЬНАСЬЦІ”

 

ПРАДМОВА

ПЕСЬНЯРЫ

СУЗОР'Е

БОНДА

МРОЯ

УЛІС

МЯСЦОВЫ ЧАС

КРАМА

GODS TOWER

ПАЛАЦ

НЭЙРА ДЗЮБЕЛЬ

НОВАЕ НЕБА

N.R.M.

ЛЯПІС ТРУБЯЦКІ

ТРОІЦА

НАРОДНЫ АЛЬБОМ

DRUM ECSTASY

КРЫВІ

ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ

ЗЬМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ

PERSONAL DEPECHE

НАРОДНЫ АЛЬБОМ

 

1 верасьня 1996 г. спыніла сваю дзейнасьць легенда айчыннага FM-вяшчаньня “Радыё 101,2”, але гукі музыкі ў яе студыі на вул.Рэвалюцыйнай не сьціхалі. У вольнай студыі ў лістападзе 1996 г. беларускія музыкі пачалі працаваць над альбомам, які паклаў пачатак супольных праектаў на Беларусі.

Суцэльны альбом-п'есу, у якім узялі б удзел усе тагачасныя зоркі беларускага рок-н-ролу задумаў мастак Міхал Анемпадыстаў, у навейшай музычнай гісторыі Беларусі вядомы як дызайнэр вокладак для альбомаў “Кожны з нас” “Бонды” й “Чужаніца” “Улісу”, а таксама аўтар песень для гурта “Новае неба”. За некалькі год у яго назьбіралася пад 30 тэкстаў, зь якіх вынікала цэлая гісторыя са сваімі героямі. Анемпадыстаў паклікаў на дапамогу Лявона Вольскага, Касю Камоцкую, Анатоля Додзя (гукаапэратар), і ў выніку ў 1996 г. склалася канцэпцыя “Народнага”. “Нашай задачай максымум было стварэньне культуралягiчнага мiту “Заходняя Беларусь. Мiжваенны перыяд” як праявы iснаваньня Беларусi ў несавецкай традыцыi”, — так скажа потым Анемпадыстаў. Жанр музычнага твору ён акрэсьліў як “альтэрнатыўны фольк”.

Да ідэолягаў НА паступова далучаліся астатнія музыкі, а таксама былыя супрацоўнікі зачыненай радыёстанцыі. Так ці іначай, у НА узялі ўдзел больш за 20 чалавек. У абсалютнай большасьці песень удзельнічалі Вольскі з рытм-секцыяй N.R.M. (Ляўкоў і Дземідовіч), Камоцкая і баяніст Сяргей Ахрамовіч.

Уся праца была скончаная ў сьнежні 1997 г. На альбом патрапілі 27 песень, стылізаваныя пад народныя — “каб ніхто не здагадаўся”, хоць сярод іх былі і сапраўды народныя — “Надзенька”, якую сьпеў Інкогніта, не вядомы масам выкладчык з катэдры славістыкі філфаку БДУ сп.Трус, і “Lomir Zech Iberbetn” цудоўна выкананая на ідыш Аляксандрам Памідоравым (плянавалася, што яе сьпяе Віктар Шалкевіч). Яшчэ дзьве песьні (сярод іх народны гіт “Коленька”, выкананы Інкогніта) выпалі з альбому падчас запісу. Пяростая блытанка розных моў (польская, руская, габрэйская і беларуская), мяшанка полькі і танга, балядаў і гарадзкога рамансу, гіп-гопу і псіхадэліі, разнаплянавасьць характараў герояў стваралі сапраўдную фэерыю, яскравае відовішча расьцілалася перад слухачом.

Менскім аматарам музыкі быў зроблены навагодні падарунак — 28 сьнежня альбом прэзэнтавалі ў ТЮГе. “Народны” меў ашаламляльны посьпех і ў Беларусі, і ў Польшчы. Унутранае жыцьцё НА, што доўжылася больш чым год, таксама дала свае вынікі: менавіта падчас працы над НА канчаткова распаўся плённы дуэт Вольскага й Камоцкай, які праіснаваў сем год; Корань на ўсіх пакрыўдзіўся і ў падобных праектах больш не ўдзельнічаў (“Скрыпка дрыгвы” ня ўлічваецца); Круглова і Вайцюшкевіч знайшлі Паўлава — наступілі залатыя часы “Крыві”; Памідораў паверыў у свой талент і стаў сьпяваць часьцей, чым дыджэіць на радыё, а дзесьці ў нэтрах зьвілася ідэя працягу. Што праўда не “Народнага”, а супольных праектаў наагул. Потым былі яшчэ “Сьвяты вечар”, “Я нарадзіўся тут” і “Скрыпка дрыгвы”, але такога посьпеху яны не мелі.

Сяргей БУДКІН.

 

 

НАРОДНЫ АЛЬБОМ

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY