ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЗАЛАТЫЯ ДЫСКІ БЕЛАРУСКАГА РОК-Н-РОЛА

 

1991. НЯЗДЗЕЙСЬНЕНАЯ НАДЗЕЯ

 

ПРАДМОВА

ПЕСЬНЯРЫ

СУЗОР'Е

БОНДА

МРОЯ

УЛІС

МЯСЦОВЫ ЧАС

КРАМА

GODS TOWER

ПАЛАЦ

НЭЙРА ДЗЮБЕЛЬ

НОВАЕ НЕБА

N.R.M.

ЛЯПІС ТРУБЯЦКІ

ТРОІЦА

НАРОДНЫ АЛЬБОМ

DRUM ECSTASY

КРЫВІ

ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ

ЗЬМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ

PERSONAL DEPECHE

ГУРТ МЯСЦОВЫ ЧАС

Наша ўскраіна

 

У свой час Наваполацак можна было лічыць сталіцай беларускага рок-руху. Наваполацкія хвалі й па сёньня дакатваюцца да Менску, але залаты час — творчасьць гуртоў “Пошук”, “Дзіда”, “Кадэцкі корпус”, “Рокаш”, “Крокам руш” ды іншых адышоў назаўсёды. У сярэдзіне 90-х “Нафтаград на Дзьвіне” хутка здаў пазыцыі — грошаў хранічна не ставала, людзі паступова адыходзілі ад рок-музыкі, бо асаблівага прыбытку тая не давала. Задыхнулася ў правінцыі й самая сьветлая наваполацкая зорка — “Мясцовы час”...

Гурт “Местное время” (напачатку расейскамоўны) нарадзіўся раней, чым на Беларусі быў ўласна уведзены мясцовы час — у 1987 г. Тады пазнаёміліся Аляксандр Алуф (вакал, гітара) й Вячаслаў Макас (бас, вакал) — навучэнцы Наваполацкага палітэхнікума. Каб пазьбегнуць габрэйскага цэтліку, Алуф хутка ўзяў матчыну фамілію й стаўся Алесем Кузьміным — вакалістам з самым дзіўным голасам, які чула Беларусь. У гэтым жа годзе гурт атрымаў прыз Надзеі на Наваполацкім гарадзкім фэсьце. Пасьля першага посьпеху бубнач і гітарыст гурта апранулі вайсковыя боты і надоўга разьвіталіся з музыкай. Замянілі хлопцаў адпаведна Алесь Сьвідрыцкі й Валеры Драко.

Зразумела, што рок-музыка была ўсяго хобі. Макас працаваў ў чыгуначным дэпо (і па сёньня ён не зьмяніў месца працы), Сьвідрыцкі — грузчыкам, Драко — гукааператарам у мясцовым доме культуры, Руслан Парфёнаў (ён далучыўся да “Мясцовага часу” ў 1989 г., а зараз грае ў “Стокс”) — прадпрымальнік. Кузьмін жа рамантаваў лядоўныя устаноўкі. “Мясцовы час” ніколі ня зарабляў музыкай — на ўскраіне гэта цяжка й цяпер.

Першы запіс “Мясцовага часу” быў на рускай мове — гэты альбом захаваўся толькі ў выглядзе пірацкіх копій. Пры канцы 1980-х, пад уплывам музыкі “Мроі” й знаёмстваў з Адамам Глёбусам, Сержуком Сакаловым, Алесем Аркушам (ён, дарэчы, напісаў загалоўную песьню альбома “Наша ўскраіна”), Алесь Кузьмін засьпяваў па-беларуску.

Прыступкамі, па якіх “Мясцовы час” крочыў да вяршыні, былі запісы “Слота” (1989) і “Мой дом” (1990). Самы паспяховы альбом “Нашу ўскраіну” запісалі на студыі “Арт” у 1991 г. — у Мазыры на той час былі лепшыя ўмовы запісу.

Моцны дыксант Кузьміна й доўгія гітарныя сола Драко ў стылі KISS і AC/DC, лірычныя мелодыі і тэксты — “Наша ўскраіна” прагрымела, зьдзівіла, уразіла кожнага, хто пачуў гэты запіс. Наступныя песьні “Мясцовага часу” — “Вартаўнік” і “Будзе так” — выйшлі на кружэлцы ўсесаюзнай фірмы грамзапісу “Мелодыя”.

І напаткала б хлопцаў слава, але... Па словах дырэктара наваполацкага рок-клуба Сяргея “Анісы” Анішчанка (у той час ён быў і дырэктарам гурта), “Мясцовы час” ніколі ня ставіў сабе за мэту здабыць папулярнасьць па-за сваім родным горадам. Магчыма, гэта й згубіла гурт, які праз іх самабытнасьць ў самадастатковым музычным Менску палічылі чужаніцай. Музыкам з правінцыі наканавана раўняцца на менскую моду. Звычайна яны так і існуюць, час ад часу трапляючы ў сталічную плынь. Але “Мясцовы час” на дзесяць гадоў апярэдзіў Менск у музычным і тэхнічным пляне. Што было рабіць ім, куды рухацца са сваёй ускраіны? Няма адказу й ніколі ня будзе, бо й “Мясцовага часу” больш няма. На музыкаў навалілася стома ад частых канцэртаў, зьявіліся фінансавыя праблемы. А калі Алесь Сьвідрыцкі трапіў за краты гурт канчаткова прыпыніў сваю дзейнасьць.

Была спроба адрадзіцца празь пяць гадоў — у 1996-м. Адбыліся аншлагавыя канцэрты ў Менску, Віцебску, Наваполацку, быў запісаны альбом “Халі-галі”, перавыдадзены старыя запісы, “Песьня пра любоў” увайшла на зборку “Вольныя танцы”, але вяртаньне не ўдалося — у варунках сярэдзіны 90-х “Мясцовы час” згубіўся.

Павал СЬВЯРДЛОЎ.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. “Местное время” (1987)

2. “Слота” (1990)

3. “Наша ўскраіна” (1991)

4. “Халі-галі”(1997)

 

 

МЯСЦОВЫ ЧАС

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY