ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЗАЛАТЫЯ ДЫСКІ БЕЛАРУСКАГА РОК-Н-РОЛА

 

1986. БАНДА НОНКАНФАРМІСТАЎ

 

ПРАДМОВА

ПЕСЬНЯРЫ

СУЗОР'Е

БОНДА

МРОЯ

УЛІС

МЯСЦОВЫ ЧАС

КРАМА

GODS TOWER

ПАЛАЦ

НЭЙРА ДЗЮБЕЛЬ

НОВАЕ НЕБА

N.R.M.

ЛЯПІС ТРУБЯЦКІ

ТРОІЦА

НАРОДНЫ АЛЬБОМ

DRUM ECSTASY

КРЫВІ

ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ

ЗЬМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ

PERSONAL DEPECHE

ГУРТ БОНДА

Месца пад сонцам

 

“Месца пад сонцам” — адзін зь першых беларускамоўных рок-альбомаў — ствараўся цягам цэлага года (запіс быў завершаны ўвосень 1986 г.) у “самаробнай” студыі на чацвертым паверсе Інстытута культуры. Якраз з пачаткам запісу музыкі займелі новы назоў “Бонда” замест грувасткай “Студыі 7”. Гэтае слова выбралі са сьпісу, што адмыслова склаў паэт Анатоль Сыс паводле “Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка” Вацлава Ластоўскага. Сярод прапаноў былі “Крама”, “Брама”, “Ронд”, але ж усім спадабалася менавіта “Бонда”. Камсамольскія актывісты ўбачылі ў назве “аматарскага ВІА” крамолу — “бонда” ў іх асацыявалася з “бандай”. Упэўнівалі камсамольцаў з дапамогай прафэсара Адама Мальдзіса, які даў шырокае тлумачэньне слову (гэта й луста хлеба, і кавалак зямлі, агульнае ж значэньне — частка ад цэлага).

Пры дапамозе партатыўнай студыі запісалі 12 песень наступным складам: І.Варашкевіч (вакал, губны гармонік), І.Маркаў (гітара), В.Корань (гітара), С. Краўчанка (бас). “Намінальны” бубнач “Бонды” Сяржук Кныш пасьпеў “пастукаць” у адной песьні, потым яго забралі ў войска. На некаторы час яго замяніў Сяргей Брыкса ( сёньня вядомы як хрысціянскі спявак). Песьні для альбома адмыслова не адбіраліся, але музыкі сьвядома вырашылі больш не граць расейскамоўных твораў, напісаных у пэрыяд з 1980 па 1984 гг., калі гурт называўся яшчэ “Студыя 7”. Пазбавіліся таксама ад некаторых песень, створаных не на свае вершы (існавала, прыкладам, колькі песень на вершы Кандрата Крапівы). Музыка й тэксты “Месца пад сонцам” былі створаныя “тройцай” Варашкевіч—Маркаў—Кныш (за выключэньнем некаторых, якія Маркаў і Кныш напісалі ўдвох падчас працы ў Ніжневартаўску).

Музыкі прызнаюць, што ў “Месцы...” адчувальны ўплыў польскай музыкі, у прыватнасьці гурта “ Lady Punk ”. Але ж трэба прызнаць, што з апорай на традыцыі польскай музыкі, “Бонда” стварыла свой непаўторны стыль — прыпанкованны гук з блюзавай гармонікай. Песьні з гэтага альбома — “Стэфка” й “Слуцкая брама” былі пазьней уключаныя ў рэпертуар ужо легенды 90-х — гурта “Крама”. Яны й па сёньня выконваюцца на канцэртах. Не страцілі сваёй актуальнасьці й такія песьні, як “Падарожжа” й “Блюз” (“Шляхі ў начы”). Але ёсьць творы, што цяпер падаюцца крыху наіўнымі (“Вынаходнікі”, “Соль жыцьця”, “Раз-пораз”) і выклікаюць хіба толькі гістарычную цікавасьць.

У якасьці вокладкі была выкарыстана неафіцыйная эмблема гурта — мыш, што ўгрызаецца ў гітару. Гэты малюнак быў створаны ў 1985 г. мастаком-плякатыстам Міхалам Анемпадыставым, рэпрадукцыя ж вісела колькі часу ў “бондаўскай” студыі.

З гэтым альбомам, як зазначае “летапісец” “Бонды” Сяржук Сахараў у хроніцы гурта, “Бонда” “запачаткавала беларускія музычныя традыцыі нонканфармізму і... здолела акумуляваць творчыя магчымасьці таленавітых музыкаў”. “Бондаўцам” было й найдалей наканавана ствараць беларускую музычную гісторыю. Менавіта на іхныя песьні (“Ура”, “Койданава”) былі зьнятыя першыя беларускія кліпы. Пасьля распаду гурта ў 1989 г., зь яго паўсталі такія праекты, як “Уліс”, “Рокіс”, “Крама” й “ Little Blues Band ”.

Музычную спадчыну “Бонды” выдавалі двойчы: альбом “Месца пад сонцам” афіцыйна пабачыў сьвет у 1996 г. (дагэтуль ён нелегальна хадзіў “па руках”), а ў 1999 г. выйшаў своеасаблівы збор твораў — амаль усе “бондаўскія” песьні на двух кампакт-дысках.

Сяргей БУДКІН.

ДЫСКАГРАФІЯ

1.“Месца пад сонцам” (1986, выдадзены ў 1996г. на МС)

2.“Бонда” (2CD, 1999)

 

 

БОНДА

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY