ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002

 

ІРЫНА ВІДАНАВА. ЯК ПЕРААДОЛЕЦЬ МІФАТВОРЧАСЦЬ У БЕЛАРУСКАЙ

МЕДЫЕВІСТЫЦЫ, АБО ШТО ТАКОЕ ФЕАДАЛЬНАЯ ДРОБНАСЦЬ

 

ЗЬМЕСТ

ПУБЛІКАЦЫІ

Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст.

Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын
шляхецкага саслоўя ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст.

МЕМУАРЫ

Успаміны пра БНП

МІКРАГІСТОРЫЯ

Другія Саветы

КАЛЕГІЮМ

Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі

Жанчыны і ГУЛАГ

НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА

Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст.

ВЫЗНАЧЭННІ

Як пераадолець
міфатворчасць у
беларускай медыевістыцы

***

Каталог
навуковых выданняў

Праграмы падтрымкі
адукацыйных ініцыятываў

Практычна забароненая за савецкім часам тэма беларускай дзяржаўнасці ў пачатку 90-х стала асноўным аб'ектам даследванняў айчынных навукоўцаў. Пры гэтым сярэднявечны перыяд прыцягваў асаблівую ўвагу, бо дазваляў найбольш рэльефна прасачыць гісторыю ўзнікнення дзяржавы на беларускіх землях. Акрамя таго, насычанае яскравымі падзеямі, выбітнымі асобамі і таямнічымі паданнямі сярэднявечча жывіла нацыянальнае адраджэнне, давала глебу для нацыянальнай ідэі.

Увядзенне ў навуковы зварот раней невядомых крыніцаў, а таксама магчымасць абмяркоўваць і даследваць найбольш актуальныя праблемы сярэднявечнай гісторыі Беларусі сумесна з навукоўцамі з суседніх краінаў дазволіла айчынным гісторыкам пераадолець шматлікія прабелы, а таксама неабгрунтаваныя стэрэатыпы ў беларускай медыевістыцы. Аднак імкненне прадставіць развіццё нацыянальнай дзяржаўнасці як бесперапынны паступальны працэс абумовіла розную ступень цікаўнасці і, як вынік, даследаванасці асобных этапаў сярэднявечнай гісторыі, а таксама прывяло да ўзнікнення новых мітаў. Таму для айчыннай гістарычнай навукі і сёння характэрныя ня толькі адкрытыя пытанні, але і цэлыя недаследваныя перыяды.

Гісторыя беларускага ранняга сярэднявечча, нягледзячы на значную колькасць папулярнай літаратуры, па сутнасці, з'яўляецца слаба распрацаванай. Можна назваць некалькі фактараў, якія ўскладняюць больш заглыбленае вывучэнне беларускай старажытнасці. Па-першае, пісьмовыя крыніцы ўтрымліваюць разрозненыя і нешматлікія звесткі пра развіццё беларускіх земляў у ІХ—ХІІІ ст., таму аднавіць пагадова храналагічную паслядоўнасць падзеяў практычна немагчыма. У імкненні звязаць паміж сабой наяўныя ў пісьмовых крыніцах сведчанні і запоўніць прабелы, даследчыкі часам вельмі адвольна інтэрпрэтуюць летапісныя тэксты, не дастаткова крытычна іх аналізуюць, не заўжды ўлічваюць час і ўмовы стварэння таго ці іншага летапіснага звода.

Да таго ж перыяд знаходзіцца як бы на памежжы археалогіі і гісторыі. Сярод археолагаў існуе меркаванне, што наяўныя пісьмовыя звесткі не дазваляюць усебакова і аб'ектыўна даследваць настолькі раннюю гісторыю Беларусі, а таму галоўны ўхіл неабходна зрабіць на аналіз дадзеныя менавіта археалагічных раскопак. Аднак пры такім падыходзе менш магчымасцяў для вывучэння палітычнай гісторыі, якая заўсёды была асноўным аб'ектам даследвання беларускіх гісторыкаў-медыевістаў. У якасці вырашэння дадзенай праблемы можна прапанаваць увядзенне ў навуковы зварот максімальна шырокага кола як археалагічных, так і пісьмовых звестак, для магчымага іх кампаратыўнага аналізу. Аднак даследаванні такога кшталту пакуль яшчэ не вельмі характэрныя для беларускай гістарыяграфіі.

Яшчэ адной складанасцю перыяду з'яўляецца тое, што ў ІХ—ХІІІ ст. на беларускай тэрыторыі існавала некалькі дзяржаўных утварэнняў (Полацкае, Турава-Пінскае, Смаленскае княства). Адсутнасць дзяржаўнага цэнтра, які б аб'ядноўваў усю тэрыторыю сучаснай Беларусі, абумовіла пазямельны падыход пры даследаванні перыяду ранняга сярэднявечча, калі па-асобку вывучаецца гісторыя кожнага княства. Пры гэтым пісьмовыя крыніцы ўтрымліваюць больш звестак пра Полацкае княства і значна менш пра Турава-Пінскае і Смаленскае. Адпаведна і гістарычныя працэсы, што мелі месца ў гэтых княствах, па-рознаму ўключаюцца ў агульную беларускую гісторыю. Пры гэтым параўнальны аналіз развіцця асобных земляў не праводзіцца.

У раннесярэднявечнай гісторыі Беларусі можна вызначыць перыяд, на вывучэнне якога адзначаныя вышэй фактары аказалі вельмі моцны ўплыў, у выніку чаго, ён застаецца практычна недаследаваны. Гаворка ідзе пра час феадальнай дробнасці на беларускіх землях.

Вельмі доўга перыяд феадальнай дробнасці не разглядаўся асобна. Як следства, у навукоўцаў склалася меркаванне, што паміж першымі княствамі-дзяржавамі, якія існавалі на беларускіх землях, і Вялікім Княствам Літоўскім не існавала гістарычнай пераемнасці, паколькі з распадам Полацкага княства дзяржаваўтваральныя працэсы ў рэгіёне спыніліся, а беларускія землі прышлі ў заняпад. Аднак дадзеныя археалагічных раскопак сведчаць пра развіццё гандлю і рост гарадоў, які прыпадае менавіта на перыяд феадальнай дробнасці, тое ж самае датычыць культурнай сферы. Крытычны аналіз пісьмовых звестак прымушае пераасэнсаваць і змест тых працэсаў, якія адбываліся ў тагачасным палітычным і грамадскім жыцці. Відавочна, што час феадальнай дробнасці неабходна выдзяляць у асобны перыяд. Толькі так можна будзе адэкватна ацаніць яго значэнне ў сярэднявечнай гісторыі Беларусі. Аднак такі падыход ставіць перад навукоўцамі пэўныя праблемы.

Першая праблема — пытанне аб'екта даследвання. Як было сказана вышэй, традыцыйна перавага аддавалася даследванню гісторыі асобных княстваў. У такім выпадку асноўным аб'ектам вывучэння перыяду феадальнай дробнасці станавілася Полацкае княства, паколькі працэс яго драблення ў ХІІ ст прасочваўся больш яскрава. Адпаведна, сам тэрмін “феадальнай дробнасць” выкарыстоўваўся менавіта ў дачыненні да Полацкай зямлі. Аднак гэты тэрмін мае больш шырокае значэнне. Феадальную дробнасць неабходна вызначаць як адсутнасць адзінага, моцнага дзяржаўнага цэнтра на пэўнай тэрыторыі.

У перыяд феадальнай дробнасці назіраецца не толькі распад былога дзяржаўнага ўтварэння, але і з'яўленне новых княстваў, набыццё самастойнасці тымі з іх, якія ў папярэдні час ўваходзілі ў склад іншых дзяржаваў. Пры тым, што ніводнае з княстваў не з'яўляецца безумоўным дзяржаўным лідэрам пэўнага рэгіёну. Менавіта такое становішча было характэрнае для беларускай тэрыторыі ў ХІІ—ХІІІ ст. Полацкае княства падзяляецца на шэраг удзельных княстваў і страчвае дамінуючую пазіцыю ў рэгіёне. Дзякуючы гэтаму, узмацняюцца і атрымліваюць штуршок да больш інтэнсіўнага развіцця асобныя часткі Полацкай зямлі.

Неабходна заўважыць, што нягледзячы на страту Полацкам рэальнай кіроўнай ролі, ён застаецца фармальным цэнтрам дзяржавы. Новым лідэрам становіцца ў першай чвэрці ХІІ ст. Менскі ўдзел, аднак ягоны князь — Глеб — па сутнасці працягвае палітычную лінію, закладзеную ягоным бацькам Усяславам Полацкім, скіраваную на аб'яднанне крывіцкіх земляў. Інтарэсы Глеба Менскага перасякліся з інтарэсамі Уладзіміра Манамаха. Распачаўшуюся барацьбу Глеб праіграў, і Менск ня здолеў замацаваць за сабой лідэрства ў рэгіёне. Аднак менавіта гэтая акалічнасць вярнула Полацку палітычнае першынства, што ў сярэдзіне ХІІ ст. справакавала барацьбу паміж рознымі лініямі Усяславічаў, якая, праўда, у Полацкім княстве не набыла зацяжны характар. Аднак і пасля таго, як Полацк пэўным чынам вярнуў сабе ролю палітычнага цэнтра, удзельныя княствы працягвалі дастаткова аўтаномна развівацца як у сацыяльна-эканамічным, так і ў грамадска-палітычным плане.

У сярэдзіне ХІІ ст. узмацняюцца і становяцца незалежнымі ад Кіева Смаленскае і Турава-Пінскае княствы. Яны пачынаюць праводзіць самастойную палітыку ў рэгіёне. Напрыканцы ХІІ ст. Смаленскае княства прэтэндуе нават на частку полацкіх тэрыторыяў. Аднак і для ўзмацнелых княстваў характэрна выдзяленне больш дробных удзелаў, праўда, гэты працэс тут назіраецца ня так яскрава, як у Полацкім.

Такім чынам, тэрмін феадальная дробнасць характаразуе як драбленне асобных дзяржаўных утварэнняў, так і суіснаванне на беларускай тэрыторыі некалькіх дастаткова буйных княстваў, ніводнае з якіх у ХІІ—ХІІІ ст. не было дамінуючым, і павінен выкарыстоўвацца ў дачыненні да ўсёй тэрыторыі Беларусі. Такі падыход дазваляе комплексна даследваць працэсы, якія адбываліся на беларускіх землях у пэрыяд дробнасці і якія, як бачым, былі блізкімі па сваім змесце. Параўнальны аналіз дапаможа запоўніць прабелы ў нашых ведах пра развіццё асобных княстваў, выкліканае недахопам пісьмовых звестак.

Вывучэнне гісторыі беларускіх земляў у пэрыяд феадальнай дробнасці як цэлага, а не частак паспрыяе, на наш погляд, лепшаму разуменню пераемнасці паміж першымі беларускімі княствамі-дзяржавамі і Вялікім Княствам Літоўскім. Разрыў паміж дзьвюма эпохамі, які зараз існуе ў беларускай гістарыяграфіі, шмат у чым абумоўлены тым, што гісторыі асобных княстваў звычайна даводзіліся да моманту іх уваходу ў склад Вялікага Княства Літоўскага, пасля чаго развіццё усіх беларускіх земляў пачынала разглядацца як гісторыя адзінай дзяржавы.

Іншая праблема, якая патрабуе вырашэння — пытанне храналагічных рамак пэрыяду феадальнай дробнасці. Ніжняя мяжа пэрыяду не выклікае спрэчак сярод навукоўцаў: пачатак перыяду феадальнай дробнасці звязваюць са смерцю Усяслава Полацкага ў 1101 г. і падзелам Полацкага княства паміж яго сынамі на ўдзельныя княствы. Пагадзіцца з гэтым можна, паколькі менавіта ў гэты час на беларускіх землях знікае ярка выражаны дзяржаўны цэнтар, які дамінаваў у папярэдні пэрыяд. Значна складаней вызначыць верхнюю мяжу перыяду. Бясспрэчна тое, што час феадальнай дробнасці ахоплівае ўсё ХІІ і першую палову ХІІІ ст. Аднак узнікае пытанне, якія падзеі сведчаць пра завяршэнне перыяду? Ці феадальная дробнасць скончылася з уваходам усіх беларускіх земляў у склад Вялікага княства Літоўскага? Ці звесткі пра ўваход першых з іх азначаюць пачатак новай эпохі? Ці факт утварэння новай дзяржавы са сталіцай у Наваградку можна лічыць заканчэннем перыяду феадальнай дробнасці?

Вызначэнне верхняй мяжы пэрыяду і пошук адказу на пастаўленыя пытанні ўскладняецца недастатковай даследванасцю самой праблемы ўваходжання беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а таксама наяўнасцю надзвычай скудных летапісных звестак пра іх развіццё ў канцы ХІІ—ХІІІ ст. Пытанне верхняй мяжы застаецца адкрытым, што вядзе да блытаніны ў падручніках па гісторыі і навуковых працах. Часам даходзіць да кур'ёзаў, калі пачатковай фазай феадальнай дробнасці называецца ХІІ—пачатак ХІІІ ст., аднак ніводны наступны этап не вызначаецца. Замест гэтага адбываецца плаўны пераход да новага раздзела — “Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага”.

Пастаўленыя праблемы могуць быць вырашаны з дапамогай паэтапнага даследвання перыяду феадальнай дробнасці. Ён ахоплівае працяглы час у сярэднявечнай гісторыі Беларусі, калі развіццё беларускіх земляў характаразавалася шматвектарнасцю, а ў грамадска-палітычным і сацыяльным жыцці адбываліся вельмі складаныя і неадназначныя працэсы. Комплексны падыход пры паэтапным вывучэнні перыяду робіць магчымым пастаноўку новых даследчыцкіх задачаў. Гэта не толькі па магчымасці поўнае аднаўленне карціны гістарычнага развіцця беларускіх земляў у ХІІ—ХІІІ стст., але і параўнальны аналіз грамадска-палітычных і эканамічных працэсаў, выяўленне іх падабенства і адрозненняў у розных княствах. Такое параўнанне дазволіць скласці больш поўнае ўяўленне аб развіцці і зменах у грамадскім ладзе, а таксама створыць магчымасць вывучэння і ўключэння ў рэчышча гісторыі беларускіх земляў у часе феадальнай дробнасці тых з іх, якія менш даследваліся раней.

Недахоп пісьмовых крыніцаў, безумоўна, ускладняе вывучэнне перыяду феадальнай дробнасці. Аднак пераадолець гэтую складанасць можна праз шырокае выкарыстанне археалягічных дадзеных, іх параўнанне з летапіснымі звесткамі. Дапаможа таксама параўнальны аналіз працэсаў, якія адбываліся на беларускіх землях, з аналягічнымі працэсамі ў суседніх славянскіх тэрыторыях.

Сістэмны падыход патрабуе ўключэння ў сферу даследавання не толькі палітычнай, але і рэлігійнай гісторыі, паколькі пытанне распаўсюджання хрысціянства на тэрыторыі Беларусі ў перыяд феадальнай дробнасці не атрымала належнай распрацоўкі ў айчыннай гістарыяграфіі. Фактычна некранутай застаецца тэма ментальнай гісторыі, якую магчыма і неабходна вывучаць пры дапамозе назапашаных археалягічных дадзеных пра тагачасны побыт, а таксама інтэрпрэтацыі тэкстаў пісьмовых крыніц. Адсутнасць ведаў пра светапогляд насельнікаў Беларусі часоў сярэднявечча часцяком прыводзіць да таго, што пры аналізе старажытнай гісторыі выкарыстоўваюцца паняцці, запазычаныя з іншых, больш позніх эпохаў, што вядзе да памылковых высноваў.

Адзначаныя вышэй падыходы дазволяць сфарміраваць цэласную карціну гістарычнага развіцця Беларусі ў перыяд феадальнай дробнасці, усвядоміць яго як асобны, своеасаблівы этап у дзяржаўным развіцці краіны і, у рэшце рэшт, пераадолець той прабел, які доўгі час існаваў у сярэднявечнай беларускай гісторыі.

 

 

Як пераадолець міфатворчасць у беларускай медыевістыцы

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY