ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002

 

ДЗМІТРЫ ЛІСЕЙЧЫКАЎ. ДРУГІЯ САВЕТЫ

(АСАБЛІВАСЦІ ПАЛІТЫЧНАГА ЖЫЦЦЯ ЛЯХАВІЧЧЫНЫ Ў 1944—1950 гг.)

 

ЗЬМЕСТ

ПУБЛІКАЦЫІ

Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст.

Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын
шляхецкага саслоўя ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст.

МЕМУАРЫ

Успаміны пра БНП

МІКРАГІСТОРЫЯ

Другія Саветы

КАЛЕГІЮМ

Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі

Жанчыны і ГУЛАГ

НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА

Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст.

ВЫЗНАЧЭННІ

Як пераадолець
міфатворчасць у беларускай медыевістыцы

***

Каталог
навуковых выданняў

Праграмы падтрымкі
адукацыйных ініцыятываў

Улада змяняецца...

“В результате победоносного летнего наступления Красной Армии, Белорусская ССР полностью освобождена от немецко-фашистских захватчиков и творимого ими дикого произвола и бесправия, на всей территории Республики восстановлены органы Советской власти. Основными задачами органов Прокуратуры БССР является решительная борьба с врагами советского государства, пособниками немецко-фашистских оккупантов и иными преступными элементами, восстановление и строгое соблюдение советской социалистической законности. [...] Борьба за неуклонное соблюдение социалистической законности на территории, освобождённой от немецко-фашистских оккупантов приобретает особое политическое значение.”

З дырэктывы Пракурора БССР І.Ветрава 17.08.1944 г., г.Мінск.

Тое, што для Усходняй Беларусі значыць жахлівая лічба “1937”, для беларуса-заходніка азначала другая палова саракавых. Бясконцая барацьба класаў са слаямі, слаёў з праслойкамі рабіла жыццё ў краіне падобным да крывавага слаёнага печыва “Напалеон”, дзе ўжо не было белага ці чорнага цеста — усё было чырвонае ад крыві...

Краіна ляжала ў руінах, знясіленая на ўсю поўніцу. Змарнелыя, панурыя сяляне Заходняй Беларусі маўкліва сустракалі “другое прышэсце”, і, ужо навучаныя бясконцымі экспрапрыяцыямі на патрэбы розных уладаў, на ўсялякі выпадак хавалі куды падалей апошні пуд збожжа ці бульбы.

Першаснай задачай новых уладаў было выкараненне вынікаў дзеяння старых як акупацыйных, так і партызанскіх. Некаторыя партызанскія атрады пасля адыходу немцаў сталі займацца адкрытым бандытызмам — учыняць тэрор супраць насельніцтва і партыйнага актыву. Таму з мэтаю навядзення парадку на вызваленых тэрыторыях пачалі ўтварацца знішчальныя батальёны, задачай якіх якраз і было змаганне з бандытызмам. Службоўцам гэтых батальёнаў выдавалася зброя (а з ёй разам і ўлада), і сітуацыю яны намагаліся трымаць пад жорсткім кантролям. Нярэдка здараліся выпадкі злоўжывання сваім статусам дзеля доказу ўласнай значнасьці. Так у 1946 г. знішчальнік пры Жарабковіцкім сельсавеце Ігнат Гаспадура самавольна затрымаў нейкага грамадзяніна Галузу. Падчас дастаўкі апошняга ў органы НКВД, разгарэлася спрэчка, у якой Гаспадура стрэлам з вінтоўкі параніў арыштаванага і той праз тыдзень памёр. Але знішчальнік не панёс за гэта спагнання. Пакаранне спасцігла яго толькі праз тры месяцы, калі ён пастраляў уласных дзяцей: 20-гадовага сына і 11-месячную дачку.

Знішчальныя батальёны з'яўляліся толькі сілавым дадаткам органаў бяспекі, а тыя глядзелі больш глыбока і ведалі з кім належыць змагацца. У першую чаргу суду падлягалі ўдзельнікі антысавецкіх арганізацый, якія дзейнічалі падчас нямецкай акупацыі: Беларуская народная самапомач (БНС), Самаахова, паліцыя, Беларуская краёвая абарона (БКА). Але ў 1944—1945 гг. органы шчыравалі не надта моцна, і таму пазасталыя на тэрыторыі Беларусі ўдзельнікі ўсіх гэтых арганізацыяў былі агулам мабілізаваны ў савецкае войска. Аднак па заканчэнні вайны кантроль значна ўзмацніўся. Адразу былі пакараныя толькі тыя, хто вызначаўся асаблівай жорсткасцю да мясцовага насельніцтва. Але дастаткова было і такіх, што ішлі на службу ў паліцыю проста пад руляй вінтоўкі, а ў Краёвую абарону — дык толькі паводле абавязковае мабілізацыі пад страхам смерці. Таму не дзіўна, што шмат каго з нямецкіх “памагатых” аднавяскоўцы не лічылі за здраднікаў, тым больш, што некаторыя паліцыянты ды старасты падтрымлівалі сувязь з партызанамі, альбо спрабавалі неяк абараніць вяскоўцаў ад нямецкага самаўпраўства. Аднак пасля заканчэння вайны факт супрацоўніцтва з акупантамі выкарыстоўвалі ў якасці апошняга аргумента ў вырашэнні любой справы.

Нешта падобнае адбылося ў вёсцы Конькі Федзюкоўскага с\с у 1948 г. Мясцовае кіраўніцтва прачула, што за грамадзянінам Іванам Свістуновічам ёсць нейкія правіны: за нямецкім часам ці то некага наймаў на працу, ці то даў таму некаму прытулак, а пасля эксплуатаваў. Такія абвінавачванні не знайшлі пацверджання, бо хутка высвятлілася, што гаворка ішла пра дзвюх рускіх дзяўчынак, якіх немцы прывезлі са Слуцкай вязніцы і пасля допытаў выпусцілі на ўсе чатыры бакі. Пашкадаваўшы малых, Свістуновіч даў ім прытулак у сваім доме. Тады на свет з'явіўся ананімны ліст за подпісам “граждан дер. Коньки” наступнага зместу: “Когда у нас организовывалась Самоахова, то Иван Свистунович и его помощник Алексей Шадура первыми взяли в руки винтовку и пошли служить. Много раз выезжали на облавы против партизан. [...] Сейчас он ходит по деревне и говорит, что его выпустили. Мы считаем это неправильно”. Вось тады ўжо Свістуновіча, як ворага савецкага ладу і прыцягнулі да крымінальнае адказнасці.

Такое ж самае, калі не горшае, стаўленне было і да былых вайскоўцаў з БКА. Як вядома, у першай палове 1944 г. у Ляхавіцкім раёне былі створаныя два батальёны Краёвае Абароны. Яны знаходзіліся ў вёсках Вошкаўцы (цяпер в.Ураджайная, у тагачасных дакументах — в.Волкаўцы) і Падлессе. Усе ляхаўчане, якія патрапілі пад мабілізацыю, з 7 сакавіка 1944 г. служылі там. Напрыклад, Юруць Хведар з Жарабковічаў, служыў у Падлескім батальёне ў якасьці камандзіра ўзвода, Каліноўскі Леанід з Вялікае Лотвы, служыў шарагоўцам у Вошкаўцах, ягоны аднавясковец Русін Міхась праходзіў аналягічную службу ў Падлесьсі, а жыхар Дамашоў Грынкевіч Аляксандр быў шарагоўцам у Вошкаўцах. Яны ўсе былі выкрыты толькі напрыканцы 1949 г., а дагэтуль ніхто асабліва пра іх антысавецкія правіны ня ведаў. Юруць, напрыклад, працаваў рахункаводам у калгасе імя Сталіна. Русін пераехаў у Баранавічы, дзе знайшоў работу на чыгунцы. Грынкевіч, у ліпені 1944 г. адступіўшы разам са сваім батальёнам на Захад, нейкім чынам перайшоў на бок Чырвонай арміі, дзе праслужыў да сярэдзіны 1949 г., стаў камсамольцам і быў узнагароджаны пяццю медалямі. Можа і далей усё прайшло б спакойна, але аднавяскоўцы вырашылі праявіць свядомасць і данеслі на БКАўцаў. Абвінавачванні грунтаваліся на паказаннях В.Гачко і К.Люхты і былі аднолькавыя: “Пользовались бесплатным питанием, находились на казарменном положении, проходили военную подготовку, несли охранную службу в гарнизоне от нападения советских партизан и обороне мельницы, что подтверждается свидетельскими показаниями”. (БКА ў дакументах называлася альбо “немецким националистическим формированием”, альбо проста “немецким батальоном”). Вырак быў аднолькавы — 6 гадоў спецпасялення ў Карэла-Фінскай ССР.

Калі ўзяць на веру ўсе падставы пасляваенных арыштаў насельніцтва, то атрымоўваецца, што на працягу 1941—1944 гг. беларус не меў права не толькі вучыцца і працаваць, а ўвогуле жыць на захопленай тэрыторыі. Не ўцёк на ўсход — патэнцыйны “антысаветчык”, працаваў на сваёй зямлі — “кулак”, вучыўся — “прыхвасцень”. Нават некаторыя цалкам пабытовыя з'явы не прызнаваліся новай савецкай уладай толькі за тое, што адбываліся за фашысцкім панаваннем. У ліпені 1948 г. жыхар вёскі Улазавічы Вянцкоўскі Э. быў выселены са сваёй хаты, якая перадавалася Райспажыўсаюзу толькі на падставе таго, што была “незаконно приобретённая во время немецкой оккупации”.

Калі падчас Вялікай Айчыннай ад рук фашыстаў загінуў кожны чацвёрты беларус, то пры першых кроках “Другіх Саветаў” ці не столькі ж было вылаўлена, расстраляна, вывезена па розных куточках неабдымнага Савецкага Саюза. І з Ляхаўскага раёна, як раней у Германію, забіралі на далёкія будоўлі працаздольнае насельніцтва.

Між іншым, высялялі на шырокія прасторы не толькі падазроных у калабаранцтве і іншы такога кшталту “ненадзейны” элемент. Штогод гналіся на сацбудоўлі шараговыя грамадзяне. У Ленінград, Чалябінск, Казахстан, Далёкі Усход, Карэла-Фінскую ССР, Комі прыбывалі і прыбывалі ляхаўчане. Вывозілі не толькі адных рабочых, бралі на падняцце прамысловасці ці сельскае гаспадаркі цэлыя сем'і. У 1948 г. пасяленню ў КФССР падлягалі паводле пляна (!) 70 ляхавіцкіх сем'яў, у 1949 г. — 80, у першай палове 1950 г. — 30. Паралельна з гэтым у 1948 г. на працу ў трэст “Сергеш Бумлес” былі адпраўленыя 20 чалавек, ў трэст “Челябинскшахтстрой” — 10 чалавек, у наступныя тры гады зноў у КФССР альбо на “Ленморстрой”, альбо яшчэ куды — звыш 300 працаздольных чалавек. Была прадугледжаная спецыяльныя ільгота перасяленцам: бясплатная перавозка маёмасьці з разліку 2 тонаў на сям'ю і паўтоны на асобнага працаўніка. Дастаткова здзекліва выглядаюць выгоды такога перасялення.

Кожны год — сотні чалавек з невялікага раёна Беларусі. А колькі ж усяго гаротных беларусаў былі адарваныя ад роднай зямлі, вымушаныя ехаць на выгнанне. Нездарма на 1989 г. найбольшая канцэнтрацыя беларускага насельніцтва была на поўначы Казахстана і ў Комі АССР (па 3 %), у Мурманскай вобласці (4%) і сумнавядомай Карэльскай АССР, былой КФССР (9%) — гэта практычна кожны дзесяты беларус.

Не трэба забывацца і пра тое, як штогадова збіраліся людзі і на свае, рэспубліканскія будоўлі. У першыя гады пасля прыходу савецкай улады працоўная дысцыпліна была жорсткая. Праводзілася мабілізацыя гарадскога і сельскага насельніцтва для аднаўлення народнай гаспадаркі. Ёй падлягалі мужчыны ад 16 да 55 гадоў і жанчыны ад 16 да 50. Для непаўналетніх, ва ўзросце 16—18 гадоў быў прадугледжаны адмысловы варыянт — мабілізацыя ў школы фабрычна-заводскага навучання (больш вядомыя ў рускай абрэвіятуры ФЗО). Гэтыя школы нярэдка знаходзіліся вельмі далёка ад родных мясцінаў прызыўнікоў і дэзертырства з іх напрыканцы саракавых набыло масавы характар. Ляхавіцкі суд быў проста завалены справамі на ўцекачоў. Пракуратура папярэджвала, што “лица, уклоняющиеся от мобилизации или работы на производстве и строительстве, привлекаются к уголовной ответственности и по приговору народного суда подвергаются принудительным работам на срок до одного года по месту нахождения того предприятия, куда эти лица были мобилизованы”. Акрамя таго, тыя асобы, што эвакуяваліся на пачатку вайны на ўсход разам з прадпрыемствам, хаця фармальна і мелі права вярнуцца на бацькаўшчыну, па закону не маглі патрабаваць вяртання сваіх былых дамоў і кватэраў.

Канец саракавых гадоў у Беларусі адзначыўся яшчэ адным сацыяльным абвастрэннем, распачалася чарговая класавая барацьба.

Абвастрэнне клясавае барацьбы

“Дорогой учитель и друг народов всего человечества Иосиф Виссарионович тов. Сталин. Обращаюсь к Вам с жалобой, только Вы, наш учитель, можете помочь искренне из-за Вашей заботы о людях. [...] Меня облагают налогами как кулака, пришлось продать всё своё хозяйство для расплаты. Теперь я ничего не имею. Землю забрали для колхоза. У меня ничего нет, кроме хаты и сарая. Обращался в местные органы власти, но нигде не могу дойти до справедливости. Они бросают грязь в моё лицо, как отцу, что мой сын — преступник. Могу ли я отвечать за взрослого сына, если он со мной даже не живёт? На меня обратно наложили налог. Где же и за что я могу взять деньги? Значит, теперь я должен идти в тюрьму и погибать безвинно. Дорогой учитель и друг народов тов. Сталин, помогите мне, не дайте погибнуть невинно и незаконно. Очень прошу”.

З ліста жыхара в.Падлессе С.А.Кумейшы Сталіну 13.11.1949.

У 1947—1950 гг. для Ляхаўшчыны было характэрнае абвастрэнне барацьбы паміж двума сялянскімі слаямі — класам “эксплуатуемых”, ці, прасцей, беднякоў, і класам “эксплуататараў”, альбо кулакоў.

З 1948 г. на Заходняй Беларусі пачалася татальная калектывізацыя, і першай задачай уладаў было разбурэнне старой сістэмы землекарыстання, заснаванай на аднаасобных гаспадарках і прыватнай уласнасці. Як вынік — кампетэнтныя органы ўзяліся за найбольш заможных гаспадароў, шукаючы розныя кампраметуючыя матэрыялы і фармулюючы абвінавачванні. Па Ляхавіцкім раёне за 1947—1950 гг. былі ліквідаваныя 154 кулацкія гаспадаркі, усе іх землі былі далучаныя да калгасаў, маёмасць абагуленая, а самі гаспадары большай часткай накіраваныя на “работы”, звычайна ў Карэла-Фінскую ССР. Усяго ў раёне выкрылі больш за паўтараста “вампіраў”, што разам з сем'ямі склала звыш шасьцісот зламаных людскіх лёсаў.

З 1947 г. на Ляхаўшчыне быў запушчаны магутны рухавік чысткі сялянскіх шэрагаў. Па-першае, да ліку кулацкіх аўтаматычна заносіліся гаспадаркі, дзе зямлі было 10 ці болей гектараў. Калі дзесяці не набіралася, то на паперы аб'ядноўвалі землі блізкіх сваякоў. Шукалі прыкладаў выкарыстання працы наймітаў, і знайшлі ва ўсіх 154 выпадках.

Хрэстаматыйна, у лепшых традыцыях таго часу, выглядае справа Аляксея Бокшы, 1900 г. нараджэння, жыхара вёскі Зарытава Жарабковіцкага сельсавета. Яму належыла дзевяць гектараў зямлі (ворыва, сенажаці, пашы). Сям'я складалася з шасьці чалавек. Гаспадарка моцна пацярпела ад вайны, згарэла хата, а збудаваць новую гаспадар не мог — у 1944 забралі ў Савецкую Армію. Толькі пасля дэмабілізацыі, у 1946, усё пакрысе прыйшло да ладу. Але лад гэты прыйшоўся недаспадобы мясцовым уладам, якія з таго ж году пачалі паступова душыць Бокшу абавязацельствамі, якія раслі ў геаметрычнай прагрэсіі. План здачы збожжа ў 1944 складаў 220 цэнтнераў, у 1946 — 310, у 1947 — 620, сена ў 1945 — 40 ц, у 1946—1947 — 94, акрамя таго кожны год патрабавалі яшчэ па 60 тон бульбы.

Напрыканцы 1946 г. да Бокшавай уласнасці прыпісалі яшчэ гаспадарку брата, такім чынам, на паперы было ўжо 15 гектараў, і гаспадарка была занесеная да катэгорыі кулацкіх, што адразу адбілася на падатках. Як вынік — ужо праз год браты не паспявалі здаваць нарыхтоўкі збожжа і бульбы ў прызначаны тэрмін. Яшчэ праз год было вырашана канчаткова дабіць аднаасобнікаў — апрача здачы прадуктаў абавязалі заплаціць 3906 рублёў. Калі гэтая сума была ўжо пагашаная, у лістападзе 1948, прыйшло новае паведамленне, што адбылася памылка і неабходна ўнесці яшчэ 17380 рублёў. Пры ўсіх намаганнях у Бокшаў не набралася і чвэрці тае сумы. Тады з раёна прыехала камісія і апісала маёмасць, а ў снежні частка гэтай маёмасці была паразбіраная мясцовым начальствам без акту аб канфіскацыі.

У хуткім часе над нешчаслівымі братамі меў адбыцца судовы працэс. Але цікава тое, што Баранавіцкі абласны суд 24 студзеня 1949 г. …зняў абвінавачванне з Бокшы і выключыў яго гаспадарку з ліку кулацкіх, але... толькі на тры дні. Былы “кулак” з пачуццём ужо законнага гневу пачаў патрабаваць вяртання канфіскаванага дабра, ды пачуў недвухсэнсоўны адказ у аблвыканкаме: “Получить изъятое имущество ты даже и не думай, потому что оно согласно решения суда продано, а если будешь добиваться возвращения изъятого, то мы тебя всё равно опять сделаем кулаком!”, што ў хуткім часе і спраўдзілася. Так Бокша зноўку стаўся “эксплуататарам”, хаця ён ужо ўступіў у калгас “Перамога”. Узрушаны селянін даслаў скаргу на імя самога Іосіфа Вісарыёнавіча, але ў правадыра былі, пэўна, больш глабальныя справы, чым лёс нейкага селяніна з Ляхаўшчыны.

Такі выпадак у раёне не выключны, падобны лёс напаткаў яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Прычым ахвярамі раскулачвання ці, трапней, рассяляньвання рабіліся ня толькі дужыя мужчыны, якія хоць знешне выглядалі падобнымі да прыгнятальнікаў, але і жанчыны-ўдовы альбо нават зусім нямоглыя старыя, чыя віна была ў тым, што яны проста не былі басотай. Улада не адразу забівала магутныя гаспадаркі, яна брала іх на змор, цягнучы ўсе магчымыя і немагчымыя сокі.

Здаралася так, што некаторыя парады вялікага Сталіна не выконваліся на практыцы, але гэта ні ў якім разе не звязанае з непавагай да “настаўніка”, наадварот, невыкананне, хутчэй, вынік залішне гарачае любові. Менавіта таму словы “Сын за бацьку не адказвае” засталіся толькі ў зборы твораў. У рэальным жыцці адказвалі за сваіх родных усе, нават немаўляты.

“Кулак не мае ўзросту,” — толькі гэтым можна растлумачыць справу на 58-гадовую жыхарку в.Дамашы Сваятыцкага сельскага савету Грынкевіч В. У яе сям'і была яшчэ васьмідзесяцігадовая свякруха ды сын, якога з 1944 г. не было дома — выконваў свой вайсковы абавязак перад Радзімай. Асаблівых прыкметаў кулацкасці ў гаспадарцы Грынкевічаў не было, але ўладам муляла вочы, што былы гаспадар быў пры немцах солтысам (пад прымусам), і ўжо даўно быў засуджаны на дзесяць гадоў. Пачалі вышукваць прыклады найманае працы. Ну а вядома, жанчыны старыя, самі за ўсім прыглядзець не могуць — то пастушка за бульбу запросяць, то аднавяскоўца што-небудзь у двары падправіць. Вось і выходзіла, што займаліся жанчыны эксплуатацыяй абяздоленых сялянаў. Ды і старшыня сельсавета тав. Стульба меў зуб на жанчын, і калі ў 1947 г. стваралі спісы кулакоў, то аднымі з першых ён запісаў Грынкевічаў. Сам жа атрымаў пэўную выгоду — пад шумок канфіскаваў без акту каня, і сабе дагадзіў, і ворага паслабіў.

Каму толькі не скардзілася Грынкевіч, да самога Старшыні Саўміна БССР П.К.Панамарэнкі дайшла — безвынікова. Нават суд над тав. Стульбам за службовыя злоўжыванні нічога не змяніў. Не паправілі становішча і скаргі сына, што прыйшоў з войска з трыма медалямі і да таго ж стаў камсамольцам. Сітуацыя ў хуткім часе вырашылася сама сабой. Сельсавет не стаў даводзіць усё гэтае цкаванне да адзінага лягічнага заканчэння (можа, пашкадаваў састарэлых яшчэ на тры гады жанчынаў). У 1950 г. усе землі проста паглынуў калгас імя Суворава, без валакіты і без дакументаў — валявым рашэннем. Грынкевічам было пакінута 20 сотак пад агарод. Гэтым справа і скончылася.

Поспех у змаганні з кулакамі быў відавочны яшчэ хаця б таму, што самі “ганімыя” не былі адзіныя ў сваіх поглядах. Яны не глядзелі на тое, што барацьба з сялянствам вядзецца па ўсёй Заходняй Беларусі, кожнаму здавалася, быццам толькі да яго няправільна ставяцца, самую наяўнасць дзесьці ў іншых месцах “крывасмокаў” на целе працоўнага селяніна яны не адмаўлялі. Нездарма ж класікі марксізму-ленінізму недалюблівалі сялян, як кляс дробных уласнікаў, якія і змагаюцца найперш за свае дробнаўласніцкія інтарэсы. Так, ні аб якой еднасці гаворкі ісці не магло. Таму, напрыклад, жыхар в. Малое Гарадзішча Баляслаў Бухавецкі ў сваёй скарзе між іншым пісаў, што ён не кулак, а вось сусед ягоны — кулак, бо “у него дом крыт железом, и вообще он прилично живёт”.

Наіўныя вяскоўцы, здаралася, давяралі самыя патаемныя сакрэты тагачаснай пошце. Так жыхар в. Дамашы А.Турко шукаў заступніцтва ў свайго знаёмага з Мінску. Да справы на Турко падшыты адказ таго заступніка, які зразумела не дайшоў да адрасату. Ліст гэты, дзе алоўкам былі падкрэсленыя словы “на меня рассчитывайте полностью, я вас выручу и скажу всё необходимое” паслужыў яшчэ адной падставай для абвінавачання.

Жыхарка вёскі Конькі Г.Грыгаровіч у лісце на імя Панцеляймона Панамарэнкі дадумалася прызнацца, што яе муж пры немцах быў солтысам, але нядоўга, бо “за большие деньги откупился у немцев”. Гэта, верагодна, не паспрыяла вырашэнню праблемы, як і нумар “666” на яе асабістай справе.

Між іншым, у аблвыканкаме справа з адказам на скаргі кулакоў была пастаўленая на канвеер. На машынцы былі надрукаваныя спецыяльныя бланкі са словамі: “Ваша жалоба отклонена, сельхозналог является правильным”. Былі зарыхтоўкі і з паўторнымі адпіскамі: “Предыдущее решение оставить в силе”.

Для шмат якіх дакументаў па Ляхавіцкім раёне было характэрным тое, што партыйныя дзеячы гаворачы пра адзінства беларускага народу, падзялялі яго нават у афіцыйнай тэрміналёгіі на “западников” і “восточников”. У справах заходнікі звычайна праходзілі як “эксплуататары”, бо жыхары ўсходніх раёнаў падчас вайны намагаючыся пракарміцца беглі наймацца да іх на працу, а пасля вызвалення, маючы багаты вопыт стасункаў з савецкай уладай, першымі ж пісалі заявы на сваіх былых дабрадзеяў.

Не варта абвінавачваць цёмных земляпашцаў у адсутнасці пачуцця салідарнасці ды калектывісцкай свядомасці. Сялянскаму светаўспрыманню подласць і хцівасць увогуле чужыя, і калі ўжо яны трапляліся на шляху, то прамы і адкрыты сын вёскі губляўся перад імі, з непаразуменнем шэпчучы векавое: “Паночку, за што?”. Гэта было правіла, аднак на кожнае правіла ёсць свае выключэнні. Такім выключэннем з агульнай масы ахвяраў вайны за зямлю з'яўляецца справа Туркоўскага.

Жыхар вёскі Сваятычы Станіслаў Туркоўскі актыўна змагаўся з бюракратычным апаратам яго ж метадамі. Занеслі ж яго да ліку кулакоў на першы погляд незразумела чаму. Маўляў, “гр-н Турковский самый отъявленный с хитрой политикой кулак. Хозяйство его не крупное, но доходное”. І таму з канца 1947-га году на яго быў накладзены вялікі падатак. Але дасведчаны Туркоўскі добра ведаў тонкасці савецкай сістэмы, таму ў сваіх скаргах не дапускаў ніякіх “ракавых” памылак. Усе яго звароты вытрыманыя ў бальшавіцкім духу: “Я происхождением из бедной крестьянской семьи. С малых лет остался сиротой и вынужден был работать на помещика” і г. д. Тады Туркоўскага пачалі абвінавачваць у прыналежнасьці да БНС падчас нямецкай акупацыі. У адказ на гэта ён дастаў пісьмовую даведку, што падчас вайны з'яўляўся сувязным партызанскага атрада імя Суворава. Голымі рукамі аднаасобніка ня возьмеш!

Мясцовыя ўлады з прыцягненнем усіх мажлівых даносаў скалацілі справу, дзе асноўным абвінавачваннем было: “по его доносу немецкий офицер бросил гранату в погреб, где погибли гр-н Рудский и другие (актывісты — Дз.Л.)”. Была спроба зрабіць стаўку на былых батракоў, але тыя рашуча адмовіліся ад паказанняў. Улады зусім разгубіліся, але на ўсялякі выпадак пасадзілі “кулака” ў турму. Туркоўскі не спужаўся і гэтага. А сітуацыя станавілася зусім няёмкай. Аднавяскоўцы даслалі калектыўны ліст на імя Старшыні Саўміна БССР, дзе агулам паручаліся за свайго суседа. У дадатак і сам абвінавачаны пісьмова сведчыў, што любіць “сваю савецкую ўладу” і нагадваў, што ў 1945—1946 гг. быў актывістам, бо стварыў у Сваятычах гурткі садаводаў і пчалаводаў. А да гэтага ён яшчэ агучыў кампрамат на адыёзнага старшыню сельсавета тав. Стульбу, які пацвердзілі жыхары Сваятычаў. Туркоўскага вызвалілі, а Мінфін нават кампенсаваў яму 6835 рублёў, як няправільна забраныя.

Праз некаторы час старшыня сельсавету Стульба ўсё ж дамогся суда над ненавісным кулаком — барацьбіта абавязалі да працы ў Карэла-Фінскай ССР. “Честное население и сельский актив очень довольны, что Турковского судили, как саботажника Советской власти. На совещании заявили, что он на весь сельсовет — первый кулак”. Але і тут упарты “сабатажнік” выкруціўся — уладкаваўся на працу ў Дорбуд Брэст-Літоўскай чыгункі, а ў КФССР не паехаў. У сваю чаргу даслаў чарговую порцыю кампрамату на Стульбу і... перамог. Старшыню Сваятыцкага сельскага савета судзілі, а Туркоўскага ў 1950 г. выключылі са спісу кулакоў.

Усё вакол калгаснае

“Крестьянин видел, что его личное благополучие, светлое будущее его детей неразрывно связано с колхозным строем, и он в своей массе стал активным, сознательным участником социалистического строительства. Вместе с тем росла политическая активность деревни. [...] Всех этих глубочайших процессов оказались не в состоянии понять самонадеянные и тупоумные заправилы германского империализма, рассчитывавшие на конфликты между рабочими и крестьянами.”

Л.Цанава, наркам унутраных справаў БССР. 1949 год.

Ідэі стварэння і аднаўлення калгасаў у Заходняй Беларусі вярнуліся ўлетку 1944 года разам са штыкамі Чырвонай Арміі. Але пераўтварыць мары ў жыцьцё было не надта лёгка. Людзі пераканаліся на прыкладзе землякоў з Усходу, што насамрэч азначаюць багацце і дабрабыт, нажытыя на працаднях і баяліся ўсяго гэтага, як полымя. Прыхільна ставіліся, бадай, толькі тыя, каму і так не было чаго губляць, а калгасам былі патрэбныя зямля і маёмасць заможнага сялянства. Між іншым, і супраціў па заходніх абласцях быў мацнейшы — па сканчэнні вайны шмат хто меў на руках зброю: абрэзы і наганы. Часам супрацьстаянне перарастала ў двухбаковы тэрор.

У падмурак калектывізацыі ляглі загады для пракурораў выдадзеныя адразу ж пасля вызвалення: “Все посевы, произведённые во время немецкой оккупации на землях колхозов, должны поступить в пользование этих колхозов. Лицам, которые произвели посевы, уплачивается стоимость труда, оцененая в трудоднях по существующим нормам” (норма на працадзень высокай, як вядома, не была), “самовольное снятие урожая для личных нужд с земли, принадлежащей колхозу или совхозу, должно кфалифицироваться как хищение социалистической собственности”. Урад, нядоўга чакаючы, перайшоў у наступ. Не абмінуў ён і Ляхаўшчыны.

У 1945 г. у раёне праводзіўся “акт социальной справедливости” — ураўнанне памераў сялянскіх надзелаў. У тых, хто меў звыш 20 гектараў адціналі большую палову. Так у красавіку былі абрэзаныя 17 найбольш буйных гаспадарак. Браніслаў Некраш і Франц Крэпскі, што мелі па 29 га, страцілі 19. 10 замест 21 пакінулі і Некрашу Адаму з Жарабковіцкага сельскага савету.

Ужо ў 1946 г. было пастаноўлена “предложить сельсоветам точный подсчёт хозяйств, чтобы не было пропущено ни единого хозяйства, пересмотреть правильность раздела. [...] Широко провести работу по выявлению припрятаных земель”. Для тых, хто не спяшаўся здаваць харч на патрэбы савецкае дзяржавы, былі прадугледжаныя жорсткія меры пакарання. Але нават гэта — другаснае. Вырашыць сялянскае пытанне, на думку бальшавікоў, маглі толькі калгасы. “Дзякуючы калгасам сялянства вызваленых раёнаў у стане хутчэй і лепш адрадзіць свае гаспадаркі. Хіба маглі б сяляне-аднаасобнікі паправіцца ад такой страшнай бяды! Ды ім прыйшлося б пайсці па свеце з торбай!” — абураўся “Совецкі патрыёт”.

Кіраўніцтва раёна паступова рабіла крокі ў дыскрымінацыі аднаасобных гаспадарак. Менавіта ў гэты бок было накіраванае адмысловае рашэнне райвыканкаму “О запрещении торфодобычи единоличным крестьянам” перад пачаткам ацяпляльнага сезону ўвосень-зімку 1947—1948 гг.

Цікава згадаць, што паводле статыстыкі самога райвыканкама, у 1947 і 1948 гг. сяляне забяспечвалі харчам сем'і 85 партыйных работнікаў, 86 працаўнікоў органаў МУС і МДБ, 658 рабочых і звыш 800 прадстаўнікоў іншых не звязаных з земляробствам прафесіяў.

Да татальнай калектывізацыі ў Ляхавіцкім раёне вырашылі прыступіць толькі ў 49-м годзе. Напачатку сельскія саветы абавязалі стварыць хаця б па адным калгасе. Так, Ляхавіцкі райвыканкам у сакавіку 1949 г. абвінавачваў Ліпскі сельсавет у дрэннай якасці масава-палітычнай працы сярод насельніцтва, на падставе якой, як лічылася, павінна ўзнікнуць процьма калгасаў. Так ці інакш, абагульніцца ліпскія сяляне не пажадалі, і выканкам давёў ім дакладны тэрмін: праявіць свядомасць да жніўня (ўсё адное нічога не атрымалася). Між іншым, на 1949 г. калектывізацыя мела вынікі толькі ў трох сельсаветах раёна. Найбольш “перадавым” у гэтых адносінах выглядаў Жарабковіцк сельсавет, які меў 4 сельгасарцелі (як тады часта называлі калгасы), адна з іх, імя Сталіна, была самай вялікай на Ляхаўшчыне — плошчай 775 га.

Фарсіравана працэс стварэння калгасаў не пайшоў, завяз на ляхавіцкіх палетках, не дапамагала ніякая агітацыя і прапаганда. На словах сяляне згаджаліся, але аддаваць сваю зямельку не было ахвоты. У 1949 г. калектывізацыя закранула толькі 5,3 % сялянскіх гаспадарак. Паводле падлікаў на 7 ліпеня таго ж году з 10297 гаспадарак раёна 9070 так і засталіся аднаасобнымі (плюс яшчэ паўтысячы двароў саўслужачых, якія, зразумела, у разьлік не браліся). На 19 красавіка 1949 г. ў раёне было 7 калгасаў, а ў ліпені 1950 г. — усяго 10.

Сябры сельгасарцеляў павінны былі здаць у агульную скарбонку насенне, жывёлу і прылады працы. Звыш гэтага, як плату за новы статус, людзі мусілі ўнесці чыста сымбалічную ў параўнанні з коштам абагуленага дабра суму — 30—50 рублёў. Пасля гэтага калгасы атрымоўвалі дакладны план з раёна, дзе і што сеяць, колькі і чаго здаваць. У дапамогу сялянам дасылаліся спецыялісты ў некаторых галінах: бухгалтары, аграномы і інш. Праз некаторы час, пасля самаадданай працы каўгаснага калектыва, урад выдаваў гаспадарцы акт на вечнае валоданне зямлёй. Пасьля вайны першым такі гонар быў выказаны калгасу імя Сталіна.

Выкарыстанне новых тэхналогіяў апрацоўкі зямлі, новыя сельскагаспадарчыя машыны і механізмы з'яўляліся выключна прэрагатывай калгаснага ладу, выкарыстанне іх у шкодных, аднаасобных мэтах у літаральным сэнсе пераследвалася паводле закона. “Жалезныя коні” былі спакуслівым кавалкам для прапаганды новага ладу жыцця.

Першая МТС у раёне, Ляхавіцкая, была арганізаваная яшчэ пры “першых саветах” і аднавіла сваю дзейнасць адразу пасля прыходу частак савецкага войска паводле пастановы Баранавіцкага аблвыканкама і абкама КП(б)Б “Об организации работы МТС” ад 24 ліпеня 1944 г. Другая машынна-трактарная станцыя, Малагарадзішчанская, была створаная на падставе рашэння райвыканкама ад 4 лістапада 1949 (з 1950 г. мела назву Ганчароўская).

Палітаддзел Малагарадзішчанскай (Ганчароўскай) МТС меў нават свой друкаваны орган пад назваю “Большэвіцкі сцяг” (з 1953 — “Чырвоны сцяг”). Ляхавіцкая станцыя выдавала “Калгасны шлях”, а пасля — “За большэвіцкія калгасы”. Гіганцкая калектывізацыйная кампанія і змаганне з кулацкім элементам з вялікім размахам асвятляліся ў гэтай МТСаўскай прэсе. Друкаваліся агітацыйныя плакаты, палымяныя прамовы, спісы асабліва прагрэсіўных сябраў. Палітычная роля МТСаў была вельмі значнай, пра гэта гаворыць і тое, што другой асобай на станцыі пасля дырэктара быў ягоны намеснік па палітычнай частцы, які і заробак меў аднолькавы зь ім — 790 рублёў (на 1948 г.). Але палітычнае выхаванне ўсё ж такі было другаснай задачай. Са сваім жа першым і прамым абавязкам станцыі спраўляліся добра. Так у 1950 г. Ляхавіцкая МТС абслугоўвала 33 калгасы раёна (а гэта 3647 сялянскіх двароў) на тэрыторыі звыш 12 тысячаў гектараў. У той час тут налічвалася ўжо 139 работнікаў (з іх 42 трактарысты), больш за 170 адзінак разнастайных сельгасмашынаў і інвентару.

Нягледзячы на ўсялякія абяцанкі, выгоды прагрэсіўнага калектыўнага ладу і спакушальныя мадэрновыя механізмы, новыя калгасы выклікаліся да жыцця надзвычай цяжка. У сталінскай “рэвалюцыі зверху” быў зацікаўлены перш за ўсё сам “верх”, а ўпарты “ніз” ніяк не хацеў гуртавацца, а калі што і выходзіла, то нярэдка адно ў дакумэнтах ды справаздачах. Такім чынам у лютым 1949 г. ў Ляхавіцкім раёне з'явілася сельгасарцель імя Леніна (Падлескі с/с), але выключна на паперы. Сам-насам з праблемамі застаўся старшыня калгаса тав. Праневіч, бо да сярэдзіны сакавіка не было засыпана насення, людзі не спяшаліся здаваць інвентар і ніякіх агульных працаў не вялося. З цяглавай сілай сітуацыя ўвогуле была катастрафічнай. “В колхозе [...] не обобществлены лошади и находятся у колхозников, а фонд фуража для живого тягла не выделен”. Фактычна існаванне калгаса было мітам, акрамя дакумэнтаў, нічога пра яго больш не нагадвала.

У 1950 г. барацьба за калгасы разгарнулася больш зацята. Колькасць калгасаў у падліках на восень скокнула да 62, але гэта зноў жа быў хутчэй прапагандысцкі крок. Большасць гэтых новатвораў мелі нязначную плошчу: каля сотні гектараў і колькасць гаспадарак у іх падчас ледзьве пераадольвала лічбу “20”.

Назвы новаспечаных гаспадарак былі самыя разнастайныя. Ад зразумелых, у гонар правадыроў кампартыі, імя Сталіна, Леніна, Кагановіча, Берыі, Хрушчова да арыгінальных, кшталту імя Кутузава, Суворава альбо яшчэ экзатычней імя Пушкіна і Ламаносава. Здараліся і казусы: малаграматныя справаводы пісалі прозвішча аднаго з правадыроў пралетарыяту праз дэфіс — калгас Карла Маркса — нават у афіцыйных дакументах. У тых жа дакументах, у рэчышчы русіфікатарскай палітыкі, сустракаюцца такія змешаныя пачвары, як “Перемога”, “Чырвоный усход”, “Шлях селеніна”. Самі ж сяляне не надта ахвотна збіраліся змяняць свой шлях і не зусім шчыра віталі чырвоны ўсход.

Аднаасобны сектар нават да 1951 г. заставаўся вялікі. Напрыклад, у 1950-м годзе ў вёсцы Ведзьма існавалі 23 некалгасныя гаспадаркі, у Вадзяціне — 25, у Пашкоўцах — 27, у Федзюках — 55. Рэкордны паказчык належыў жыхарам вёскі Літва, дзе пражывала 169 аднаасобнікаў, якія ня толькі не стварылі ў сваёй мясцовасьці ніводнага калгаса, але яшчэ і ўхітрыліся прыхаваць ад пільнага вока “райуполминзага” і райфінаддзела аж 296 гектараў зямлі (для параўнання, калгас “Красное заречье” размяшчаўся на 76 га, атрымоўваецца літоўцы прыхавалі 4 га, жывучы на тэрыторыі 24 такіх калгасаў!).

Палымяныя прамовы партыйнага актыву знаходзілі невялікі водгук у сялянскіх сэрцах. Нават пры нязначнай агітацыі супраць калектывізацыі, бясспрэчна, больш блізкай гаспадарам-саматужнікам, працэс рабіўся зваротным і ўсё вярталася нанова. Станіслаў Туркоўскі са Сваятычаў, пра якога ішла гаворка раней, праславіўся яшчэ і тым, што ў 1949 г. разваліў калгас Карла Маркса. Як пісалася ў справе, ён “получил возможность пробраться в колхоз и начал вести там работу по разложению трудовой дисциплины”. Безумоўна, спадар Туркоўскі быў добры прамоўца і карыстаўся вялікім аўтарытэтам, калі здолеў знішчыць плён работы столькіх прафэсійных агітатараў. У выніку калгаснікі паразбіралі назад свае гаспадарчыя прылады, адвялі дахаты скаціну і перасталі выходзіць на агульную працу.

Такімі падзеямі поўніўся Ляхавіцкі раён напрыканцы саракавых. Адныя гаравалі, другія жыравалі. Але першых было куды болей. Класавае змаганне не прайшло дарма — аднаасобныя гаспадаркі калі не зніклі цалкам, то былі моцна паслабленыя, і з цягам часу аддалі свае землі пад калгасы. Пасля 1950-га году сялянства ўжо практычна не засталося, з'явіліся калгаснікі, напаўапранутыя, напаўгалодныя прыгонныя новага феадала. Гэты новы тып савецкага чалавека быў прыкуты да свайго калгаса надзвычай моцным ланцугом. Па-першае, ён не меў пашпарта, без якога акрамя сваёй вёскі быў нікому не патрэбны, па-другое, у яго не было ўласнае гаспадаркі, жывёлы, інвентара — карміцца са сваёй зямлі ён таксама не мог, і мусіў працаваць у калгасе, які дыктаваў селяніну ўмовы, загадзя ведаючы, што той так ці іначай прыме іх. Падмурак быў закладзены, працэс пайшоў. І з 1952 года пачынаецца ўжо гісторыя цалкам новай Ляхаўшчыны.

Літаратура

1. Занальны Дзяржаўны Архіў у г.Баранавічы, ф.593, воп.1, арк.1.

2. Беларусы. Этнагеаграфія. Дэмаграфія. Дыяспара. Канфесіі. Мн. 1996. с. 24.

3. Занальны Дзяржаўны Архіў у г.Баранавічы, ф.593, воп. 1, сп. 140 арк. 37.

4. Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Часть 1. Мн. 1949. С. 309.

5. Занальны Дзяржаўны Архіў у г.Баранавічы, ф. 593, воп. 1, сп. 140, ларк. 33—34.

 

 

Другія Саветы

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY