|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002
ВОЛЬГА КОВАЛЬ. ГРАМАДЗЯНСКАЕ І АСАБІСТАЕ Ў ЖАНОЧАЙ ПАЭЗІІ, |
|
ПУБЛІКАЦЫІ Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст. Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын МЕМУАРЫ МІКРАГІСТОРЫЯ КАЛЕГІЮМ Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст. ВЫЗНАЧЭННІ Як пераадолець *** |
эсэй Паводле шматлікіх прычынаў і законаў здараецца так, што кожная новая ўлада ў дзяржаве пачынае з падпарадкавання творчых асобаў — пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў. Асабліва выразна праяўляецца гэтае падпарадкаванне, калі ўлада нагадвае дыктатуру ці менавіта такой і з'яўляецца. Звяртае на сябе ўвагу жудасны і вар'яцкі перыяд гісторыі, калі ішло ўсталяванне і ўзмацненне савецкай ўлады, час рэпрэсіяў і незлічоных надзеяў. Менавіта той час, калі механізм, які знішчаў і ламаў людзей працаваў найбольш адметна: арышты, забойствы, высылкі… І быццам у супрацьлегласць чалавечаму гору з'яўляліся вершы, цудоўныя творы, якія часам, здаецца, напісаныя чалавечай крывёй. Жаночая паэзія заўсёды адрозніваецца ад мужчынскай сваёй тэматыкай, псіхалагічным уздзеяннем, светаўспрыманнем. Створаная вельмі моцнымі жанчынамі, сапраўднымі патрыёткамі, яна цудоўна аб'ядноўвае вершы, прысвечаныя незалежнай Беларусі і асабістае перажытае, уласныя жаночыя адчуванні. Паэтычныя творы жанчын — гэта крыху іншы свет, дзе існуе галоўнае — пачуцці, бязмежная колькасць пачуццяў. А калі талент паэткі рэжым ці ўрад спрабуе ўлагодзіць пэўнымі прапановамі ці знішчыць пагрозамі і пакараннямі, гэтыя пачуцці спалучаюцца з непераадольным трагізмам, і атрымоўваюцца такія творы, ад якіх проста сціскае ў грудзёх. Менавіта такой паўстае творчасць Ларысы Геніюш. Яна пачала пісаць на эміграцыі, менавіта на чужыне на прыканцы 30-х — пачатку 40-х гг. Магчыма, тады Ларыса найбольш ясна зразумела тое становішча, у якім апынулася яе краіна, цяжар і прыгнёт, што адчувалі беларусы. Жыццё на эміграцыі абумовіла і асноўную тэматыку творчасці, большасць вершаў прасякнутыя тугою па Радзіме, пачуццямі патрыятызму і бязмежнай любові да краю. О краіна шчасця, родная матулька, О краіна ясных, незабыўных дзён! На шырокім свеце не найду прытулку, Не прывыкну сэрцам да чужых старон. Сапраўды творы Геніюш кранаюць душу, бо ў кожным радку адчуваецца вялізарны боль за радзіму, за сваіх родных, за ўсіх тых, хто з'яўляецца беларусам і змагаецца за Беларусь. Цікава і тое, што словы паэткі не губляюць сваёй надзённасці. Даволі значны факт з жыцця Ларысы Геніюш — супрацоўніцтва паэткі з газетай “Раніца”, якая, па сутнасці, і пачала друкаваць яе вершы. У кожнай біяграфіі паэткі можна сустрэць напамін пра гэтае выданне. Аднак газета, што выходзіла з 1939 па 1945 год у Берліне, безумоўна, была прафашысцкай. Вершы Ларысы Геніюш змешчаныя на апошніх старонках выдання, першыя поласы якога запаўняюць артыкулы пра баявыя дзеянні Германіі. Напрыклад, у артыкуле “Канец бою за Сталінград” выказываецца сапраўдны смутак: “Перад сцягам з свастыкай, які ўзносіўся на найвышэйшых руінах Сталінграда і быў здалёк бачны, адбыўся апошні бой…” Газета поўніцца артыкуламі пра знакамітых фашыстаў, утрымлівае шмат замалёвак пра “місію” Адольфа Гітлера: “І так з волі лёсу на чале нямецкага народу ў часы светлага змагання знайшлася асоба, якая сваім геніям дарастае ўсім сёняшнім вялікім гістарычным заданнем”. Сапраўды, уражвае той факт, што вершы беларускай паэткі змешчаны разам з артыкуламі пра Гітлера, Герынга, Розэнберга і г.д. Асабліва цяжка звыкнуцца з думкаю, што Геніюш прымала нямецкую ўладу, прыстасавалася да яе. Аднак гэта магчыма патлумачыць тым, што ў паэткі не было іншага выйсця. “Раніца” была даволі распаўсюджаным выданнем (да 12.000 асобнікаў) і яе маглі чытаць не толькі ў Германіі, але нават на Беларусі. Акрамя артыкулаў прафашысцкага накірунку там змяшчалася інфармацыя пра беларускую гісторыю і культуру. Па сутнасці, “Раніца” стала адзіным для эмігранткі шляхам да беларусаў. Паэтычны талент Ларысы Геніюш цяжка пераацаніць, аднак яе ўспаміны, яе знакамітая “Споведзь” змяшчае ў сабе самае галоўнае — атмасферу беларускай эміграцыі, тыя дэталі, што ніколі не знойдзем у сухіх навуковых працах. Паэтка зведала ціск двух рэжымаў, фашысцкага і савецкага, якія зламалі яе жыццё, знявечылі душу і забілі родных. Заўсёднае спалучэнне грамадскага і асабістага ў творчасці жанчыны, Ларыса Геніюш вызначыла сама ў “Споведзі”: “не, людзі, якія ідуць за свой народ змагацца, не маюць права мець сем'яў, рабіць няшчасных сваіх дзяцей”. І гартаючы старонкі біяграфіі паэткі, разумееш сэнс гэтых словаў. Вельмі цяжка зразумець глыбіню яе вершаў, не прачытаўшы “Споведзь”. Менавіта адсюль нараджаецца адчуванне таго велізарнага душэўнага болю страты бацькоў, родных, сяброў, таго болю за Беларусь, што гучыць у радках Ларысы Геніюш. Плача ноч сузор'ямі, з ёй — душа мая… Не для чорных воранаў песня салаўя! Творы Ларысы Геніюш непарыўна спалучаюць асабістае, тыя жудасныя жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на яе долю, і грамадзянскае, яе любоў да Радзімы. Гэтая жанчына, рызыкуючы сабой, сваёй сям'ёй усё сваё жыццё змагалася за Беларусь. Яна адмовілася ад асабістага шчасця дзеля Беларусі, свядома ідучы на пакуты. Магчыма, цесную ўзаемасувязь грамадзянскіх і асабістых матываў можна ўбачыць у творчасці паэтак розных пакаленняў, розных поглядаў: Наталлі Арсенневай, Ірыны Багдановіч, Леры Сом... Гэта вершы пра каханне, пра вясну, шчырыя адчуванні і меркаванні. Аднак творы гэтых жанчын, як і паэзія Ларысы Геніюш, заўсёды здзіўляюць сваімі глыбокімі пачуццямі, часам і мужнасцю, бо ўсе яны створаны па-беларуску і дзеля Беларусі!
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||