|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002
КАТАЛОГ НАВУКОВЫХ ВЫДАНЬНЯЎ ПА БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ ЗА 2000 г. |
|
ПУБЛІКАЦЫІ Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст. Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын МЕМУАРЫ МІКРАГІСТОРЫЯ КАЛЕГІЮМ Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст. ВЫЗНАЧЭННІ Як пераадолець *** Каталог |
Прадмова У каталог навуковых прац па беларускай гісторыі былі па магчымасці сабраныя звесткі пра ўсе кнігі па гэтай тэмай, што выйшлі на терыторыі Беларусі на працягу 2000 года. Не браліся ў разлік працы выразна літаратурнага і папулярнага характару, а таксама выдадзеныя за межамі нашай краіны. Мэтамі стварэння каталога былі, па-першае, бібліяграфічная сістэматызацыя навуковых даследванняў, а па-другое, жаданне прааналізаваць стан айчыннай гістарычнай навукі па публікацыях яе дасягненняў. Вынікі аказаліся цікавыя. Акрамя таго, што каля трыццаці навуковых працаў на год — гэта выглядае не вельмі упэўнена для рэспублікі з такой колькасцю вышэйшых навучальных установаў, дзе рыхтуюць прафесійных гісторыкаў і дзе існуе цэлы Інстытут гісторыі, тэматыка навуковых працаў таксама наводзіць на роздумы. Палова з іх прысвечаныя гісторыі ХХ стагоддзя, а менавіта: перыяду рэвалюцыяў і ўсталяванню савецкай улады і другой сусветнай вайне, прадстаўнічая таксама яўрэйская тэма. Па ўсёй гісторыі да ХХ ст., выдадзена нават менш кніг. Найбольшай папулярнасцю ў гэтым перыядзе карыстаюцца часы Адраджэння і Рэфармацыі з іх уніяцкім і дзяржаўна-прававым аспектамі. Звяртаюць на сябе таксама ўвагу кнігі, прысвечаныя падзеям канца XVIII—ХІХ стст., іх становіцца больш, чым раней. Аднак наогул нельга не заўважыць, што выдадзеныя навуковыя працы ў большасці прадстаўляюць дастаткова вузкія аспекты беларускай гісторыі. Няма агульнагістарычных абагульненняў і роздумаў-рэфлексій на мяжы гісторыі і філасофіі, гісторыі і культуралогіі, няма выхаду на агульнаеўрапейскія гістарычныя паралелі. Узнікае пытанне: беларуская гісторыя гэта што? Тэматычна незвязаныя дзесяць стагоддзяў? Дзе канцэпцыя нацыянальнай гісторыі? Дзе нацыянальная гістарычная школа? Усё гэта толькі пытанні, на якія сучасныя навуковыя выданні не даюць адказаў. Вельмі засмучае звычайна невялікі наклад і сціплыя памеры навуковых манаграфіяў, што падкрэслівае і стаўленне дзяржавы да развіцця гістарычнай навукі. Паказальна таксама тое, што пераважная большасць кніг выдадзеныя ў Мінску, некаторыя ў Гародні, а астатнія рэгіёны застаюцца ўбаку ад навукова-выдавецкай дзейнасці, што ператварае яе ў выключна сталічную ініцыятыву. Складзены каталог можа стацца індыкатарам стану сучаснай айчыннай гістарычнай навукі і практыку падобных бібліяграфічных сістэматызацый мы плануем працягнуць у далейшым.
Каталог навуковых выданняў па беларускай гісторыі за 2000 г. 1. Агееў А. Пушкін І. Магілёў на скрыжаванні. —2-е выд., перапрац. і дап. —Магілёў: Абласная друкарня, 2000. —96 с.: іл. Асвятленне стану эканамічнага і культурнага развіцця Магілёва на пачатку і напрыканцы ХХ ст., лёс культавых пабудоваў. Апублікаваныя 77 фотавыяваў горада пачатку стагоддзя з адначасовым адлюстраваннем сучаснага выгляду гэтых мясцін. 2. Антисоветское подполье в Беларуси в 1919—1925 гг. / И.Ф. Романовский, М.В.Гудов. —Витебск: ВГАВМ, 2000. —86 с. Вывучэнне на падставе аналіза разнастайнага гістарычнага матэрыяла дзейнасці антысавецкага падполля на Беларусі, яго структуры, ідэяў і праграмных ўстановак палітычных партый па пытаннях нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, этапаў антысавецкай барацьбы. 3. Барышаў Г. Батлейка: -Мн.: Бел. ун-т культуры, 2000. —270 с. Разгляд гісторыі развіцця батлейкавага тэатру ў перыяд XVI—ХХ стст., Высвятленне яго вытокаў, асаблівасцяў зместу рэпертуару, функцыяў. 4. Белы А. Хроніка “Белай Русі”. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. —Мн.: “Энцыклапедыкс”, 2000. —238 с. (Бібліятэка часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд”.) Спроба скразной рэканструкцыі гісторыі назвы “Белая Русь”, яе месца ў сістэме геаграфічных ведаў розных народаў і часоў на аснове дэталёвага аналізу тэкставых і картаграфічных крыніцаў VII—ХVIII стст. 5. Ботвинник М. Памятники геноцида евреев Белоруссии. —Мн.: Беларуская навука, 2000. —326 с.: табл. Спроба стварэння зводу помнікаў генацыду яўрэяў на Беларусі падчас другой сусветнай вайны. Пададзеныя звесткі пра гетта, концлагеры, могілкі ў розных рэгіёнах краіны з дадаткам табліц і геаграфічнага паказальніка. 6. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. / Рэдкал.: М.Касцюк (гал.рэд.) і інш. —Мн.: “Экаперспектыва”, 2000. —351 с.: іл. Першая частка абагульняльнай працы, прысвечанай беларускай гісторыі. Разгляд першабытнага і раннесярэднявечнага перыядаў развіцця беларускіх земляў ад пачатковага засялення да фарміравання і развіцця першых дзяржаўных утварэнняў, заснаваны на асэнсаванні шматлікіх пісьмовых і археалагічных матэрыялаў. 7. Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. —Мн.: БелФранс, 2000. —205 с. Спроба аназізу вынікаў залежнасці гістарычнай навукі ад дзяржаўнай ідэалогіі на прыкладзе разгляду міфаў беларускай гісторыі савецкага часу на падставе аналізу дакументальных матэрыялаў. 8. Доўнар Т. Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV—XVI стагоддзях. —Мн.: “Пропилеи”, 2000. —224 с. Даследаванне прысвечанае праблемам станаўлення і развіцця агульназемскага грамадзянскага і крымінальнага права феадальнай Беларусі ў XV—XVI стст. Увага да эвалюцыі асноўных інстытутаў грамадзянскага права. 9. Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада / Рэд. кал.: Г.П.Пашкоў (гал.рэд.) і інш., -Мн.: БелЭн, 2000. —128 с.: іл. Навукова-папулярны нарыс старажытнай гісторыі горада і здабыткаў археалагічнага яе вывучэння. Вызначэнне месца старажытнага Друца ў беларускай сярэднявечнай гісторыі. 10. Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. —Мн.: “Беллітфонд”, 2000. —448 с. Даследаванне гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў ХІІІ—XVIII стст. Нарыс асноўных падзеяў, працэсаў, асобаў і рухаючых сіл беларускай гісторыі, асаблівасцяў яе развіцця ў розныя перыяды. 11. Еўфрасіння Полацкая / Аўт.-уклад. У.А. Арлоў; Маст. У.А. Фандулеў. —Мн.: Полымя, 2000. —272 с. Нарыс жыцця і дзейнасці славутай полацкай князёўны, з дадаткам тэксту яе “Жыція”, а таксама паэтычных і музычных твораў прысвечаных яе асобе. 12. Зямчонак І. Ваколіцы Парыжа. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер'я. —Гродна, 2000. —104 с. Навукова-папулярныя нарысы гісторыі розных мястэчак Пастаўскага Паазер'я, асаблівасцяў трансфармацыі значных гістарычных падзеяў ХХ ст. у невялікіх населеных пунктах. 13. Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. —Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2000. —160 с. Праца, напісаная для радыё “Вызваленне” ў 50-я гады, прысвечаная праблеме бальшавіцкіх рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі. Асаблівую цікавасць маюць аўтарскія характарыстыкі і замалёўкі, створаныя відавочцам падзеяў. 14. Капилов А. Ахвердова Е. Музыкальная культура Беларуси ХІХ—начала ХХ вв. —Мн., Институт современных знаний, 2000. —144 с.: ил. Кніга, прысвечаная выдатным беларускім музыкам ХІХ—пач. ХХ стст., што зрабілі значны ўнёсак у развіццё айчыннай культуры. Выкарыстаныя шматлікія архіўныя крыніцы, мемуарная і эпісталярная літаратура, нотныя рукапісы, ілюстрацыі. 15. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. —Мн.: ВП “Экаперспектыва”, 2000. —308 с. Даследаванне прычынаў і этапаў усталявання бальшавіцкай таталітарнай сістэмы, яе ўкаранення ў розныя сферы савецкага жыцця, у тым ліку беларускага грамадства. Адлюстраванне стваральных і адмоўных бакоў гэтай формы кіравання, медатаў дасягнення мэтаў. Увага да спробаў пераадолення з сярэдзіны 50-х гадоў некаторых праяваў таталітарызму і іх непаслядоўныга характару. 16. Куль-Сяльверстава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіхземлях (другая палова XVIII—1820-я гады) —Мн.: БДУ, 2000. —260 с. Даследаванне асаблівасцяў гістарычна-культурнага працэса на беларускіх землях у другой палове XVIII—пачатку ХІХ стст. На падставе аналізу работ айчынных і замежных аўтараў, архіўных матэрыялаў, мемуарных і эпісталярных крыніц асвятляюцца ўмовы фармавання культуры Новага часу, яе месца ў грамадстве, асаблівасці ў заходняй і ўсходняў частках Беларусі. 17. Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. —Мн.: изд-во Бел. Экзархата, 2000. —352 с. Трэцяе перавыданне кнігі, якая ўпершыню пабачыла свет ў 1966 г. ў Буэнас-Айрэсе. Прадстаўленне гісторыі Беларусі ад хрышчэння Русі да падзей другой сусветнай вайны з пункту гледжання праваслаўнага святара. Вялікая ўвага да станаўлення праваслаўя на беларускіх землях, яго ўзаемаадносінаў з іншымі канфесіямі. 18. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга 28 (1522—1552 гг.) —Мн.: ATENAEUM, 2000. —312 с.: іл. 8. Публікацыя дакументаў з Корпусу Літоўскай метрыкі, што датычаць гісторыі беларускіх земляў XVI ст. 19. Падокшын С. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. (Філасофска-гістарычны аналіз). 2-е выд. —Мн.: Беларуская навука, 2000. —111 с. Даследаванне перадумоваў і абставінаў прыняцця уніі, а таксама працэсу яе распаўсюджання на Беларусі. Аналіз філасофскага, культуралагічнага, палітычнага зместу гэтай з'явы, яе ўплыву на грамадска-дзяржаўнае, культурна-духоўнае развіццё і менталітэт беларускага народа. 20. Падокшын С., Сокал С. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. Серыя: “Гісторыя Бацькаўшчыны” дадатак да часопіса “Права і эканоміка”. —Мн., 2000. 2-е выд. дап. —120 с. Даследаванне перадумоваў фарміравання палітычнай і прававой думкі Беларусі, аналіз поглядаў найбольш значных дзеячоў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі: Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, М.Літвіна і г.д. 21. Платонов Р.П. Беларусь, 1941-й: известное и неизвестное: По док. Нац. архива Респ. Беларусь. —Мн.: БелНИИДАД, 2000. —209 с. Даследаванне на падставе архіўных дакументаў (пададзеных у тэксце) становішча Беларусі напярэдадні і ў першы год нямецкай акупацыі. Увага да прычынаў паражэння войскаў ЗахАВА ў першыя баях, асноўных прынцыпаў акупацыйнай палітыкі нямецкіх уладаў, працэсу станаўлення партызанскага руху. 22. Сабалеўская В. Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенксіх яўрэяў. —Гародня, 2000. —88 с. Навукова-папулярны нарыс гісторыі гарадзенскай яўрэйскай суполкі канца XVIII — пачатку ХХ стст. Увага да гаспадарчай, палітычнай, грамадскай дзейнасці яўрэяў горада, культуры і побыту гэтай этнаканфесійнай групы. 23. Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905-1907 гг. —Гародня: Ратуша, 2000. —204 с. Манаграфія прысвечаная праблемам гісторыі польскага руху ў Беларусі і Літве напярэдадні і ў перыяд першай расійскай рэвалюцыі. Аналіз грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасці польскіх арганізацыяў, характарыстыка асноўсных плыняў польскага руху, разгляд развіцця поьска-беларускіх і польска-літоўскіх адносінаў. 24. Сосна У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ ст. —Мн.: БДУ, 2000. —115 с. Комплекснае даследаванне палітыкі царскіх уладаў у сялянскім пытанні ад часу падзелаў Рэчы паспалітай да адмены прыгоннага права. Разгляд працэсу фарміравання новай саслоўна-групавой структуры вясковага насельніцтва Беларусі, сацыяльна-прававога статусу розных груп сялян, асноўных прынцыпаў дзяржаўнай зямельнай палітыкі. 25. Сяменчык М. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 — сакавік 1918 гг.): у 2 ч. —Мн.: БДПУ імя М. Танка, Ч.1.: Грамадска-палітычнае жыццё ва ўмовах дэмакратычнага рэжыму. 2000 —200 с. Даследаванне прысвечанае тэме грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў перыяд паміж Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыямі. Характарыстыка асноўных праблем, формаў і асаблівасцяў грамадскага руху і узаемадзеяння сацыяльных группаў і ўладных структураў. 26. Улашчык М. Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі. З рукапіснай спадчыны Мікалая Улашчыка. / Уклад.: Я.М. Кісялёва, В.У. Скалабан. —Мн.: “Пейто”, 2000. —85 с. Публікацыя распрацовак Мікалая Улашчыка па тэме крыніцазнаўчай вартасці мемуарнай літаратуры, што ўтрымлівае каштоўныя звесткі па беларускай гісторыі, з характарыстыкай асобных найбольш цікавых твораў. 27. Шматаў В. Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI—XVIII стст.) —Мн.: Тэхналогія, 2000. —131 с., [20] дак. іл. Комплекснае даследаванне мастацкай аздобы беларускіх старадрукаваных кніг XVI—XVIII стст. на падставе аналізу ключавых помнікаў кніжнага мастацтва — выданняў Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, С.Буднага і інш. Выяўленне тэндэнцыяў развіцця кніжнай графікі на працягу трох стагоддзяў.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||