ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002

 

УЛАДЗІСЛАЎ ІВАНОЎ. ЖАНЧЫНЫ І ГУЛАГ

(НАКІРУНКІ ДА ГЕНДЭРНАГА ДАСЛЕДВАННЯ)

 

ЗЬМЕСТ

ПУБЛІКАЦЫІ

Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст.

Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын
шляхецкага саслоўя ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст.

МЕМУАРЫ

Успаміны пра БНП

МІКРАГІСТОРЫЯ

Другія Саветы

КАЛЕГІЮМ

Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі

Жанчыны і ГУЛАГ

НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА

Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст.

ВЫЗНАЧЭННІ

Як пераадолець
міфатворчасць у беларускай медыевістыцы

***

Каталог
навуковых выданняў

Праграмы падтрымкі
адукацыйных ініцыятываў

Савецкая гісторыя пачыналася гучна і пампезна, асабліва на дэкларатыўным узроўні, абвяшчалася чалавечая роўнасць не толькі паміж багатымі і беднымі, разумнымі і нядужа, але таксама паміж усімі нацыямі, расамі і паламі. Працяг савецкай гісторыі стаўся не менш грандыёзным — усталяванне “раўнапраўя” суправаджалася стварэннем сістэмы канцэтрацыйных лагероў, дзе перавыхоўваліся ідэалагічна ненадзейныя, крымінальныя асобы.

Яшчэ сёння вялікая частка гулагаўскага айсбергу застаецца пад вадою. Інфармацыя пра канцэнтрацыйнае мінулае краіны, што маецца ў беларускай літаратуры абмяжоўваецца ўспамінамі, дзённікавымі нарысамі непасрэдных вязняў альбо канферэнцыйнымі дакладамі сучасных даследнікаў праблемы. У выніку, вядомыя нам матэрыялы носяць агульны характар, амаль адсутнічаюць звесткі пра асаблівасці гулагаўскай гісторыі для розных катэгорый насельніцтва (нацыянальных груповак, мужчын і жанчын і г.д.).

Для гендэрнага аналізу гісторыі працы савецкага рэпрэсіўнага апарату можна выкарыстоўваць дадзеныя з успамінаў тых беларусаў, што прайшлі лагеры (Францішак Адехновіч, Ларыса Геніюш, Людміла Краснадубская і інш.). Гулагаўскія сведкі, напрыклад, досыць часта і яскрава падкрэсліваюць жаночую агрэсіўнасць і лютасць ва ўмовах лагернага суіснавання. Цікава таксама і тое, што сярод вязняў жанчыны складалі пераважную меншасць (Паводле Францішка Алехновіча, 17—18 працэнтаў ад агульнай колькасці). Аднак ані савецкія, ані нацыянальныя спецыялісты не далі сур'ёзных тлумачэнняў гэтай акалічнасці гендэрнай гісторыі Гулагу.

Жаночае аблічча лагероў (паводле існуючых беларускіх крыніц)

Адным з першых, хто закрануў “жаночае пытанне” у беларускай літаратуры быў Францішак Аляхновіч, беспадстаўна арыштаваны ў 1927 годзе. У сваёй вядомай кнізе “У капцюрох ГПУ” ён піша: “…сярод 17—18 працэнтаў жанок былі прадстаўніцы розных нацыянальнасьцяў і клясаў, якія месціліся ў г.зв. “жаночых ротах”. Парадкі былі такія ж жорсткія, як і ў мужчынскіх аддзелах. У гэтых “ротах” красавала (спас) прастытуцыя, якая палягчала жыццё. Таму, за выняткам жанчынаў-калек ды старых, амаль кожная мела “хахаля” ці, нават, сутэнёра. У выніку каля 80 працэнтаў жанок хварэла на венерычныя захворванні, пра што згадвала і Ларыса Геніюш.

Жаночае прадстаўніцтва ў лагерах Гулагу базавалася на двух асноўных катэгорыях: “крымінальніцы”, да якіх часцяком далучалі кулакоў, сабатажніц ці шкодніц і палітычныя. Сярод жанчын, што прайшлі праз Гулаг па палітычных абвінавачваннях, былі розныя: і сапраўдныя удзельніцы антысавецкай дзейнасці (зноўку Ларыса Геніюш, Алеся Фурс, Марыя Бялевіч, Палута Бадунова), і жонкі “ворагаў народа” (напрыклад, Дзіна Харык, арыштаваная разам з іншымі 80-цю жонкамі “здраднікаў Радзіме”) (спасылка) Гэтыя апошнія часта не мелі аніякага ўяўлення пра тое, чым займаліся іхнія мужы, аднак не маглі быць вызваленыя, бо сваяцкая знітаванасць “заражала” абодва бакі сям'і.

Звонку лад жыцця ў мужчынскіх і жаночых лагерох нічым не адрозніваўся, затое цікавым і прынцыповым з'яўляецца той факт, што мужчыны складалі абсалютную большасць з гулагаўскіх вязняў. Смешна казаць пра лагерны парытэт, аднак відавочная полавая дыспрапорцыя — не проста супадзенне, не проста збег абставінаў. Як сярод г.зв. “крымінальнікаў”, так і сярод палітычных зняволеных 80—85 працэнтаў складалі мужчыны. І такія ж самыя суадносіны фіксуюцца ў сучасных турмах, пазбаўленых палітычнага адцення.

Калі звярнуць увагу на спіс рэпрэсаваных у БССР літаратараў (усяго 138) (спасылка), дык сярод іх толькі 4 літаратаркі: Ядзвіга Машынская-Гелькеман, Паўліна Мядзёлка, Александара Меркіце і Тамара Цулукідзе. Ці гэта таму, што жынчыны былі менш актыўныя і нацыянальна прынцыповыя за мужчынаў? Ці з'яўляецца колькасная перавага мужчынаў у гулагаўскім прадстаўніцтве супадзеннем ці хутчэй ашчаджэннем савецкай уладаю жанчынаў?

Жаночая агрэсіўнасць, лютасць і амаральнасць як спараджэнне
дваістае канцэпцыі грамадзянства ў СССР

Адной з праблемаў беларускага грамадства з'яўляецца нястача інфармацыі, спецыяльных крыніцаў у тым ліку і па жаночай тэматыцы, аднак амаль паўсюдана кожны аўтар, кожная аўтарка — ва ўспамінах ці навуковых працах транслюе адны і тыя ж міты пра звышагрэсіўнасць жанчынаў ГУЛАГу. Безумоўна, варварскія ўмовы існавання, пакуты, здзек выяўляюць самыя нізкія чалавечыя якасці. Тым не менш, выглядаюць незразумелымі сцвярджэнні накшталт таго, што жанчыны былі тамака куды больш грубейшыя, злейшыя. Напрыклад, Францішак Аляхновіч пералічвае шэраг “жудасных” якасцяў жанчыны, якія “расквітнелі” ў лагерох. Па-першае, жынчыны лаяліся пры кожнай нагодзе, і такую лаянку, якая чулася ў сценах “женроты” рэдка можна было пачуць у мужчынскіх ротах. Па-другое, часцяком жанкі, якія мелі дзяцей пры грудзёх, у пошуках кахання аддавалі прызначаны для малых паёк сваім “хахалям”. Відавочна, што жахлівыя паводзіны жанчын асуджаюцца значна больш эмацыйна, чым аналагічныя ўчынкі мужчын, якія ўспрымаюцца калі не нармальна, дык з нейкім разуменнем кантэксту варварскай сутнасці гулагаўскай імперыі.

Прычына неаднолькавага ўспрымання паводзінаў людзей ва ўмовах лагеру крыецца ў саміх грамадскіх устаноўках тагачаснага СССР. Хаця мужчыны і жанчыны ў роўнай ступені былі “раўнапраўныя ў беспраўі”, аднак пры ўліку фізычных здольнасцяў двух полаў у перспектыве патэнцыйнага супраціву, мужчыны ўспрымаліся ўладамі як больш небяспечныя. Адсюль вынікае абсалютная большасць мужчын ў лагерах сістэмы Гулаг. З другога ж боку, не зважаючы на афіцыйнае абвяшчэнне роўнасці паміж паламі, у СССР назіралася пэўная стэрэатыпнасць ўспрымання ролі жанчыны ў прафесійнай і эканамічнай галінах. Так, напрыклад, прадстаўніцы г.зв. “слабога полу” асацыяваліся з пяшчотнымі і руплівымі мацеркамі, а вобразы Каплан ці Гіпіус хутчэй былі анамальнымі. Часта савецкія спецыялісты — ідэолагі ці, нават, ліберальныя пісьменнікі (зноўку Ф.Аляхновіч) не заўважалі мяжы паміж воляй і гулагаўскай прасторай, і палка апісывалі мужнасць людзей у пасёлках Гулагу, захоўваючы пры гэтым уяўленні сфармаваныя ў даваеннай Чэхаславакіі ці Польшчы.

Савецкая трактоўка жанчыны ў Гулагу складала інтэграцыйную частку афіцыйнай прапаганды па прэзентацыі вобразу жанчыны ў таталітарным грамадстве. Дастаткова ўзгадаць савецкае кіно, дзе жынчыны з цікаўнасцю сачылі за смяротным пакараннем чалавека, дзе яны дамінавалі на плошчы і дзе амаль не было мужчынаў. Асабліва трансляваўся савецкай уладай вобраз жанчыны-маці, а яе палітычная тоеснасць была насамрэч другаснай, што вынікала з біялагічнай. Часткова, гэткае ўяўленне выратоўвала ад масавых рэпрэсіяў супраць жанчын, бо грамадзянства, а значыць і грамадзянская адказнасць асацыявалася ў першую чаргу з маскульнасцю, ад чаго грамадская актыўнасць сталася пераважна мужчынскім атрыбутам.

Хаця стаўленне ўладаў часам выратоўвала жанчынаў, аднак яны не змаглі цалкам пазбегнуць жудасных выпрабаванняў, асабліва тады, калі жанчына выходзіла за межы штучнага савецкага вобразу і давала прыклад агульначалавечай тоеснасці.

Інфармацыйная “агульнасць” беларускіх крыніцаў ускладняе разуменне асаблівасцяў становішча жанчыны ў Гулагу. Асноўную частку крыніцаў складаюць ўспаміны, ліставанне, інтэрв'ю, дзе вельмі часта цыркулююць стэрэатыпныя ўяўленні аб паводзінах жанчынаў. Гэта тлумачыцца ўплывам дваістай канцэпцыі функцыянавання савецкага грамадства заснаванай на біялагічных прынцыпах, што хаця і часткова стрымала наступ гулагаўскай перспектывы на яшчэ большы спектр жанчынаў, але ж адначасова наклала пячатку стэрэатыпнасці на ўспрыманне ролі жынчыны ў грамадстве.

Літаратура

1. Аляхновіч Ф. У капцюрох ГПУ, Мн., 1994.

2. Gapova A. Transitions, January, 1998.

3. Joan W. Scott Entretien avec Joan W. Scott. Ce que la gender histori veut dire. // Movement, 1998/2.

 

 

Жанчыны і ГУЛАГ

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY