|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002
ІРЫНА ІЛЮНІНА. БРЫТАНСКАЯ САЦЫЯЛЬНАЯ |
|
ПУБЛІКАЦЫІ Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст. Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын МЕМУАРЫ МІКРАГІСТОРЫЯ КАЛЕГІЮМ Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст. ВЫЗНАЧЭННІ Як пераадолець *** |
Антрапалогія як сукупнасць навуковых дысцыплінаў уключае ў сябе фізічную антрапалогію, археалогію, антрапалагічную лінгвістыку, сацыяльную і культурную антрапалогію.Гэта, з аднаго боку, даследаванне дыферэнцыяцыі этнасаў, з другога — тых інтэргатыўных рысаў, якія могуць прадставіць чалавецтва як адзінае цэлае. Культурная (радзей сацыяльная ) антрапалогія — навука аб чалавечай культуры ва ўсіх формах яе праяўлення і на ўсіх этапах яе развіцця. Культура тут вызначаецца як сукупнасць матэрыяльных аб'ектаў, ідэяў, каштоўнасцяў, ўяўленняў і мадэляў паводзінаў. Інтэлектуальная традыцыя брытанскай сацыяльнай антрапалогіі паходзіць ад 1860-х гг., калі антрапалогію пачалі выкладаць ва ўніверсітэтах Англіі і ЗША. На працягу свайго развіцця гэтая галіна навуковых даследванняў прайшла некалькі этапаў свайго развіцця. Так, у апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст. Эдвард Тайлар і Джэймс Фрэзер зрабілі антрапалогію паўнавартаснай навуковай дысцыплінай і аформілі асноўныя ідэі першага накірунку антрапалогіі — эвалюцыяналізму. Затым з ідэяй распаўсюджання культуры праз кантакты розных народаў, выступіў родапачынальнік дыфузіянізму Эліёт Сміт. На пачатку ХХ ст. з крытыку эвалюцыянізму распачаў Франц Боас, які адстойваў унікальнасць кожнай культуры. На памежжы стагоддзяў навукоўцы У. Рыверс і А. Хадан арганізавалі першую брытанскую этнаграфічную экспедыцыю, якая паклала пачатак шырокаму выкарыстанню дадзеных палёвых даследванняў у антрапалогіі. Наступныя антраполагі Альфрэд Радкліф-Браун і Браніслаў Маліноўскі заснавалі новую навуковую традыцыю, названую ўласна “фунцыянальнай антрапалогіяй” (або сацыяльнай антрапалогіяй). Своеасаблівым пунктам адліку замацавання менавіта сацыяльнай антрапалогіі з'яўляецца 1922 год, калі памер Рыверс, а Маліноўскі і Радкліф-Браун апублікавалі свае першыя значныя даследаванні. Класічная брытанская сацыяльная антрапалогія хутка прыжылася ў Аўстраліі, Новай Зеландыі і Паўднёвай Афрыцы, а таксама ў Чыкагскім універсітэце. Пасля другой сусветнай вайны сацыяльная антрапалогія пачала інтэнсіўна развівацца ў індыйскіх і некаторых афрыканскіх універсітэтах. Французская сацыяльная антрапалогія — па сутнасці блізнятка брытанскага неа-дзюркгеймскага праекта — паўплывала на навукоўцаў Лацінскай Амерыкі і Заходняй Афрыкі. Але асаблівую цікавасць да сацыяльнай антрапалогіі распаўсюдзіласа менавіта ў Еўропе, дзе з'явілася шмат новых накірункаў. Цалкам касмапалітычны на пачатку праект, за некалькі дзесяцігоддзяў сацыяльная антрапалогія фундаментальна змянілася. Прадмет даследавання антрапалогіі (яе называлі таксама сацыяльнай, культурнай антрапалогіяй, этнаграфіяй, этналогіяй, сацыялогіяй) быў зразумелы яшчэ на пачатку ХХ ст. — “прымітыўны” (або “дзікі”, “ранні”) чалавек і ягоная “прымітыўная” культура. У якасці ключавых момантаў даследаванняў вызначалі матэрыяльную культуру, фальклор, рэлігію, магію, права, мову і грамадскі лад. У далейшым дакладна аформіліся адрозненні паміж фізічнай і культурнай антрапалогіяй, якая базавалася на даследваннях археалогіі, этналогіі і сацыялогіі. Прадстаўнікі функцыянальнай антрапалогіі глядзелі “зверху” сацыялогіі, не замыкаючыся ў прасторы вузкіх падыходаў, а праводзілі шырокія комплексныя этналагічныя даследаванні. Прыкладам такіх даследванняў могуць быць асноўныя працы Маліноўскага: “Арганаўты Заходняй Акіяніі” (1922), “Злачынства і звычай ў традыцыйным грамадстве” (1926), “Сэкс і падаўленне ў жыцці дзікуноў” (1927), “Сэксуальнае жыццё абарыгенаў паўночна-заходняй Меланэзіі” (1929), “Падставы веры і маралі” (1936), “Свабода і цывілізацыя” (1944), “Сэкс, культура і міф” (1962) і інш. Браніслаў Маліноўскі нарадзіўся ў Кракаве, у сям'і выдатнага лінгвіста, прафесара славянскай філалогіі, даследчыка польскага фальклора. Навучаўся ў Ягелонскім, Лейпчыгскім, Лонданскім універсітэтах, дзе вывучаў матэматыку, фізіку, філасофію, эканоміку і псіхалогію. Яму было 30 год, калі ён пачаў кар'еру этнографа. У 1914—1917 гг. Маліноўскі праводзіў палёвыя даследванні на Новай Гвінее і Табарыянскіх выспах. У 1927 г. стаў загадчыкам кафедры антрапалогіі Лонданскага універсітэта. З 1938 г. выкладаў у Ельскім універсітэце. Кола інтарэсаў Маліноўскага было надзвычай шырокае: тэорыя культуры, права, рэлігія, магія і г.д. Аднак галоўная яго заслуга палягае ў распрацоўцы функцыянальнага падыходу да вывучэння культуры. Сярод яго калегаў былі такія вядомыя навукоўцы як Селігман, Рыверс, Вундт, Вестэрмарк, Гінсберг і інш. Яго не дарма называюць і заснавальнікам брытанскай сацыяльнай антрапалогіі, бо менавіта ён звярнуў асабліую ўвагу на самую характэрную рысу метада — інтэнсіўных палёвых даследваннях. На працягу 15 год, калі ён працаваў у Лонданскай школе эканомікі па вяртанні з Табарыянскіх выспаў, ён быў адзіным “майстрам” этнаграфіі ў краіне, і літаральна кожны, хто займаўся палёвымі даследваннямі, працаваў з ім. Маліноўскі быў не толькі “піянерам метаду”. Фактычна, ён стварыў новую акадэмічную дысцыпліну. Шмат што ў яго працах выклікала палеміку, абвінавачванні, аднак ён, безумоўна, быў лідарам функцыяналізму. Вучні Маліноўскага ставіліся да яго як да ўсходняга “гуру”. Ён быў не толькі выкладчык, але настаўнік, бацька для сваіх студэнтаў. Маліноўскі лічыў, што сідзячы ў кабінеце, бессэнсоўна будаваць свае акадэмічныя тэорыі, бо толькі ва ўмовах палёвых даследванняў адкрываецца новае, больш складанае і комплекснае разуменне таго, як трэба ўводзіць новыя прынцыпы даследвання. Калега Маліноўскага і супернік Альфрэд Рэджынальд Радкліф-Браун (1881—1955), брытанскі антраполаг, стваральнік структурна-функцыянальнага падыходу, быў вучням У. Рыверса, вывучаў у Кембрыджы філасофію, эканоміку, псіхалогію і антрапалогію. Ён праводзіў палёвыя даследванні ў Аўстраліі, Афрыцы, Палінэзіі і на Андаманскіх выспах. У 1916—1919 гг. — працаваў на пасадзе дырэктара дэпартамента адукацыіі каралеўства Тонга. У 1921—1926 гг. Радкліф-Браун стварыў і ўзначаліў школу афрыканскіх даследванняў ва ўніверсітэце Кейптаўна, а ў 1926—1931 гг. — кафедру антрапалогіі ў Сіднэйскім універсітэце. Прафесар і загадчык кафедры сацыяльнай антрапалогіі ў Оксфардзе, яшчэ ў 1920-я гг. ён быў прыхільнікам Маліноўскага, хаця некаторыя бачаць ў ім больш строгага класіка ў параўнанні з рамантыкам Маліноўскім. Абодва былі апантаныя сваёй місіяй, эгацэнтрычныя і дагматычныя, абодва прэтэндавалі на арыстакратычны, выключны статус, лічылі сябе прарокамі новай навукі (трэба згадзіцца, не без падставаў). Пасля вяртання ў 1937 г. ў Оксфард Радкліф-Браун дамінуе ў Англіі, а Маліноўскі — у ЗША. Нягледзячы на ўсе супярэчнасці паміж імі, заслугі абодвух велізарныя. Незадаволенасць магчымасцямі функцыяналісцкага падыхода вымусіла Радкліф-Брауна ўвесці паняцце “структуры” (для яго гэта складаная сетка рэальна існуючых сацыяльных адносінаў). Запазычыўшы гэтае вызначэнне з атамнай фізікі, шмат у чым працягваючы ідэі Эміля Дзюркгейма, ён настойваў на неабходнасці выкарыстання метадаў натуральных навук, ўяўляючы антрапалогію адной з іх. Менавіта Радкліф-Брауну належыць важнейшая роля ў інстытуалізацыі антрапалогіі як самастойнай дысцыпліны. Ён вызначыў яе як “навуку аб чалавеке, чалавечым жыцці ва ўсіх яго аспектах”, мэта якой — пошук агульных законаў сацыяльнага і культурнага развіцця чалавецтва (выкарыстоўваючы метад параўнальна-гістарычнага вывучэння асобных народаў). У 30—40-я гг. адбыўся пераход аб функцыі да структуры. Сярод фактараў, што паўплывалі на гэтыя змены, былі семінары Маліноўскага, працы яго студэнтаў і паслядоўнікаў. Яго дамінаванне цягнулася з 1924 да 1938 гг. — час функцыянальных даследванняў. Пасля 1940 г. пачынаецца перыяд уплыву Радкліф-Брауна, папулярнасці яго манаграфіяў “Сацыяльная структура” (1949), “Метад у сацыяльнай антрапалогіі” (1958) і інш., а таксама перамяшчэння даследванняў з Акіяніі ў Афрыку. Акцэнты даследванняў ад сям'і, рэлігіі і магіі пачалі рушыць ў бок вывучэння палітычнай і эканамічнай сістэмаў. Нельга не адзначыць таксама працы антраполагаў Эванса-Прытчарда і Бэйтсана, якія рабілі спробы асэнсавання гісторыі брытанскай сацыяльнай антрапалогіі. Да таго часу ў Брытаніі было некалькі цэнтраў па вывучэнні сацыяльнай антрапалогіі: Лонданская школа эканомікі, Універсітэцкая калегія Лондана, Кембрідж і Оксфард, дзе працавалі Радкліф-Браун, Эванс-Прытчард і іншыя. Аднак антрапалогія (у сучасным сэнсе) развівалася больш у Лонданскай школе эканомікі, дзе дамінаваў Маліноўскі. Вялікі ўплыў на брытанскую сацыяльную антрапалогію зрабіў Клод Леві-Строс. Вядомы французскі этнолаг і сацыёлаг паклаў пачатак структуралісцкім даследванням ў галіне культуралогіі. Ён быў прафесар ўніверсітэта ў Сан-Паулу (1935—1938) і Каледж дэ Франс (з 1959), нам. дырэктара Антрапалагічнага музэя ў Парыжы (1949—1950), а таксама сябра Французскай акадэміі (1973). Да этнаграфіі і антрапалогіі ён звярнуўся, незадаволены суб'ектывізмам экзістэнцыяльнай філасофіі, што панавала ў сярэдзіне ХХ ст. ў Францыі. Погляды яго сфармаваліся пад уплывам, з аднаго боку, ідэяў Маркса, Фрэйда і Дзюркгейма, а з іншага — амерыканскай (Боас, Крэбэр) і брытанскай (Маліноўскі, Радкліф-Браун) школ антрапалогіі, а таксама структурнай лінгвістыкі (Якабсан). Яго погляды часам падвяргаліся крытыцы, працы атрымоўвалі неадназначную ацэнку, нягледзячы на велізарны ўнёсак у навуку і выключны ўплыў на інтэлектуальную сітуацыю ў Францыі і за яе межамі. Лідэрамі брытанскага структуралізма сталі Эдмунд Ліч, Нідхэм і Мэры Дуглас. Яны па-рознаму развівалі ідэі Леві-Строса, пры гэтым найбольшы энтузіязм і арыгінальнасць адрознівалі менавіта Эдмунда Ліча (нар. 1910). Ён вучыўся ў Кембрыджы на інжэнера, потым некалькі год правёў у Кітаі і пачаў кар'еру антраполага ў сярэдзіне 30-х гг. у Лонданскай эканамічнай школе як вучань Маліноўскага. У 1938 годзе ён некалькі тыдняў правёў сярод курдаў (пра якіх і напісаў сваю першую манаграфію). У 1953 г. чытаў лекцыі ў Кембрыджы, а потым з'ехаў на Цэйлон. У 1954 г. убачыла свет кніга Ліча аб палітычнай сістэме ў Бірме (уключаючы лінгвістычны і культурны аспекты). Ён абапіраўся на даследванні звычаяў і індывідуальных паводзінаў. Ліч быў адным з лідэраў брытанскай сацыяльнай антрапалогіі ў к. 50—60-я гг. і стваральнікам базы для новага сінтэзу тэзісаў Маліноўскага і антытэзісаў Радкліф-Брауна. Адрозненне амерыканскай і брытанскай сацыяльнай антрапалогіі бярэ пачатак у 20-х гг. Заснавальнікам амерыканскай школы быў Ф.Боас, праціўнік універсальных метадаў даследвання, для якога культура была эквівалентная традыцыі. Выбітнымі прадстаўнікамі амерыканскай школы з'яўляюцца Альфрэд Крэбэр, Эдвард Сапір, Рут Бенедыкт, Маргарэт Мід, Клайд Клакхан і інш. Галоўным для гэтых навукоўцаў была адмова ад бескарыснага “кабінетнага” тэарэтызавання, дэталёвы збор эмпірычнага матэрыялу для аднаўлення ўнікальнасці гісторыіі кожнай культуры, які мае на мэце адэкватнае ўспрыманне культуры іншых народаў, вызваленне ад “эгацэнтрызму”. На працягу 20—70х гг. брытанская сацыяльная антрапалогія прайшла значны шлях. Змянілася некалькі пакаленняў даследчыкаў, перамясціліся акцэнты, падыходы, метады. За гэты час сацыяльная антрапалогія аформілася ў спецыяльную дысцыпліну са сваім ўласным прадметам даследвання, які патрабаваў асаблівага свядомага погляду на людзей не “прымітыўных”, але проста іншых, не заходніх. У 1989 г. была створана Еўрапейская асацыяцыя сацыяльных антраполагаў. Першая канферэнцыя яе адбылася ўлетку 1990 г. у Партугаліі. Пачалося выданне часопіса “Сацыяльна антрапалогія”. Усходняя Еўропа з'яўлялася і з'яўляецца важнейшай вобласцю для этнаграфічных даследванняў новых пакаленняў антраполагаў, якія выкарыстоўваюць інтэрдысцыплінарны падыход і ўспрынялі тэорыі Ралана Барта, Мішэля Фуко, Юргена Хабермаса. Цяпер ў Еўрапейскай супольнасці існуе сапраўдная касмапалітычная мультыцэнтрычная сацыяльна антрапалогія, арыентаваная на новыя мадэлі сацыяльных навук. Традыцыйна лічаць, што функцыяналізм не зрабіў ніякага ўплыву на развіццё беларускай этнаграфіі (а прадстаўнікі беларускай антрапалагічнай школы шырока выдомыя ў сусветнай навуковай супольнасці — Адам Багдановіч, Дабравольскі, Насовіч, Тышкевіч, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Яўхім Карскі і інш.) Аднак ёсць прадстаўнік сучаснай школы, які выкарыстоўваў гэты метад ў сваёй працы. Гэта Юзаф Абрэмбскі, польскі антраполаг, вучань Браніслава Маліноўскага. Яго даследванні — яскравы прыклад інтэрпрэтацыі тэорыі брытанскай этнаграфіі у тым ліку і на беларускім матэрыяле. У гісторыі этнаграфіі і сацыялогіі Юзаф Абрэмбскі займае адно з вядучых месцаў дзякуючы галоўнай сферы яго інтарэсаў — вывучэнню культур паўднёвых і ўсходніх славян — і яго ўнёску ў развіццё функцыяналізму. Ён выкарыстоўваў функцыянальны падыход ў даследванні рытуальнай і сацыяльнай структуры Македоніі ў 1932—1933 гг. У той жа час вобласць яго цікавасці ахоплівала прастору ад даследвання этнаграфічных дэталяў да вывучэння цэлых этнічных комплексаў. Работы Абрэмбскага дастаткова далёкія ад праблематыкі этнаграфіі яго часу і закранаюць пытанні, што датычаць больш да сферы сацыяльных навук. Яго ўвага факусавалася на праблеме этнічных групаў і іх дэфініцыяў — праблеме, якая па-рознаму вырашалася ў тыя часы. Даследванні Абрэмбскага не былі ні простыя ні папулярныя. Месцам іх правядзення было Палессе, рэгіён паўночна-ўсходняй перадваеннай Польшчы, што пазней ўвайшоў у склад СССР. Вынікі гэтай працы з'явіліся ў выглядзе серыі артыкулаў, надрукаваных у 1936 годзе: “Этнічная праблема Палесся”, “Сучасныя жыхары Палесся”, “Статыстычны і дынамічны падыходы ў этнаграфічных даследваннях”. Абрэмбскі лічыў, маючы на ўвазе прынцыповым крытэрам групавую свядомасць і самаідэнтыфікацыю, што жыхары Палесся гэта асобная этнічная група, якая валодае такімі прыкметамі як лінгвістычнае адрозненне і разнастайныя асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Для яго этнічная група — гэта не канкрэтны, але канцэптуальны феномен, і таму ён лічыў, што аб'ектыўныя крытэры ў дыдзеным выпадку не могуць быць выкарыстаны. Выдзяленне жыхароў Палесся ў якасці асобнай этнічнай групы не прынята цалкам сучаснай славянскай этнаграфіяй. Тэрмін “этнічная група” зараз выкарыстоўваецца для вызначэння больш шырокай нацыяльнай супольнасці, якая мае развітую культуру, ўласную тэрыторыю, мову, якая з'яўляецца не проста дыялектам, і літаратуру на гэтай мове. Палессе не мела аднароднай культуры, аднак існавала як геаграфічнае адзінства тэрыторыі. Можна адзначыць, тым не менш, што пануючая ў сучаснай славянскай этнаграфіі пазіцыя па гэтым пытанні з'яўляецца спрэчнай у сувязі з нядаўнімі лінгвістычнымі і сацыялагічнымі даследваннямі. Нягледзячы на тое, што канцэпцыя этнаса Абрэмбскага не выклікала шырокай рэакцыі сярод этнографаў, яна знайшла падтрымку сярод сацыёлагаў. Ідэя, што “спала” больш за 30 год, была адроджаная сацыёлагам Паўлючукам, які лічыў, што Абрэмбскі даў найлепшае вызначэнне характарыстык этнічнай свядомасці. Юзаф Абрэмбскі аб'яднаў дадзеныя па Палессі ў серыі лекцый “Змены ў сялянсве Ўсходняй Еўропы”, у якой ён зрабіў аналіз карэнных зменаў ў вясковаў культуры і праблемаў сацыяльнага канфлікту. Падкрэсліваючы, што змены, якія адбыліся ў вясковай супольнасці, ўздзейнічалі не толькі на вясковы мікракосм, але і на ўсё грамадства цалкам, Абрэмбскі удала прымяніў функцыянальны падыход. Да таго ж ён спрабаваў правесці функцыянальны аналіз зменаў, бяручы пад ўвагу не толькі фармальныя характарыстыкі новых і старых мадэляў, але і іх сацыяльныя функцыі. Як і іншыя функцыяналісты, Абрэмбскі звярнуў увагу на адзін важны момант сацыяльнай рэальнасці — працэс пераходу з аднаго сацыяльнага цыклу на другі. У сярэдзіне 30-х Абрэмбскі працаваў разам з Маліноўскім ў Лондане а таксама выкладаў у Свабодным Універсітэце ў Лодзі. У 1938 г. ён стаў галоўным рэдактарам Сацыялагічнай бібліятэкі ў Польскім Сацыялагічным інстытуце ў Варшаве і віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага Інстытута вясковай сацыялогіі, канцэнтруючы яго акадэмічныя сілы на зменах ў сучаснай вёсцы. Новы этап дзейнасці Юзафа Абрэмбскага быў звязаны з яго працай у ЗША. Асаблівую цікавасць выклікаў яго артыкул “Сацыялогія паходжання нацыяў”, якая развівае думку пра найбольш важную “рэвалюцыю нашага часу” — працэс стварэння новых нацыянальных культур. На яго думку, такія структуры паходзяць ад ўзаемадзеяння двух культурных груп: сялянскай і нацыянальнай культуры. Нацыянальныя культуры перадаюць інстытуцыі, законы і сістэму каштоўнасцяў сялянскім грамадствам. Гэта звычайна суправаджаецца расслаеннем гэтых грамадстваў. Такім чынам фарміруюцца новыя групы, якія не належаць ні да воднага з гэтых двух светаў “аморфныя сукупнасці”, якія “развіваюць новыя сацыяльныя прасторы, у якіх сябры народных фармацый збіраюцца не толькі як сябры толькі мясцовых грамадаў, але як удзельнікі больш шырокай міжтэрытарыяльнай супольнасці. Апошні этап ў стварэнні нацыі той, калі разнастайныя сацыяльныя перамяшчэнні скарачаюць адлегласць паміж народным грамадствам і нацыяй, адючы магчымасць прадстаўнікам народных пластоў прыняць удзел у развіцці цывілізацыі. Гэтыя высновы Юзафа Абрэмбскага заснаваныя на яго ўласных палёвых даследваннях і назіраннях, напрыклад за працэсам фарміравання новай польскай дзяржавы і з'яўлення іншых нацыянальных ўтварэнняў у Паўднёва-Усходняй Еўропе пасля першай сусветнай вайны. У далейшым ён працягнуў свае даследванні падчас працы ў калоніях. Іншы, не менш важны аспект даследванняў Юзафа Абрэмбскага — метадалагічныя назіранні. Навуковец выказаў пэўны скептыцызм наконт прымянення выключна этналагічных метадаў, бо праблемы дынамічнай рэальнасці перавышаюць магчымасці адной дысцыпліны. Сцвярджаючы, што даследаванне сацыяльных функцыяў і дынамікі сацыяльных зменаў павінна папярэднічаць, а не паслядоўнічаць даследванням зменаў у рытуалах і звычаях лакальных груп, Абрэмбскі прапаноўваў перапрацаваць метад і тэорыю этналогіі ў накірунку інтэрдысцыплінарнага супрацоўніцтва. Ён прадбачыў адыход ад традыцыйнай этналогіі і наступнае аднаўленне цікавасці да сваёй тэорыі — запозненага, але сапраўднага вызнання яго ўнёску ў развіццё навукі. Літаратура 1. Kuper A. Antropology and Antropologists. The Modern British School. London & NY, 1996. 2. Yesterday's People Peasants of Polesie. Massachysetts, 1973. 3. Obrebski J. The Sociology of Rising Nations, // UNESCO ISSB, Vol.III, No.2. 1951.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||