|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002
НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ ЖАНЧЫН |
|
ПУБЛІКАЦЫІ Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст. Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын МЕМУАРЫ МІКРАГІСТОРЫЯ КАЛЕГІЮМ Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст. ВЫЗНАЧЭННІ Як пераадолець *** |
На працягу XVIII стагоддзя назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння ўплыву жанчын шляхецкага саслоўя на грамадска-палітычныя працэсы ў Рэчы Паспалітай. Ужо ў часы кіравання Аўгуста ІІІ (1733—1763) палітычная актыўнасць прадстаўніц вышэйшага саслоўя вызначалася значнымі памерамі. Пра гэта сведчыць у сваіх мемуарах брэсцкі кашталян Марцін Матушэвіч. Сярод вялікай колькасці жанчын, з якімі сутыкнуў яго лёс і якія згадваюцца ў яго ўспамінах (каля 200 асобаў), аўтар вызначае тых, што мелі значны грамадскі ўплыў. Так, Ізабэла з Панятоўскіх Браніцкая (1730—1808), паводле сведчанняў Матушэвіча, імкнулася ўплываць на свайго брата — караля Станіслава Аўгуста і дзядзьку — вялікага літоўскага канцлера Міхала Чартарыйскага. Згадвае мемуарыст і “вялікую факцыянтку” Кацярыну з Патоцкіх Касакоўскую (1722—1803), і наваградскую ваяводзіну Барбару з Завішаў Радзівіл “даму вялікага розуму і абароту”, што была заангажаваная ў соймікавых справах і ўтрымлівала на свой кошт двух дэпутатаў. Адзначаная ва ўспамінах таксама постаць Ганны Кацярыны з Сангушкаў Радзівіл (1676—1746) і некаторых іншых. З запісаў Матушэвіча відавочна, што найбольш актыўна ўмешваліся ў палітычныя справы прадстаўніцы магнацкага стану, што мелі сваяцкія сувязі з вышэйшымі пасадовымі асобамі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. А з другога боку, мемуары адлюстроўваюць тое, што вобраз палітычна актыўнай жанчыны не быў незвычайны для часоў Аўгуста ІІІ. Так Матушэвіч сам звяртаўся па дапамогу ў сваіх справах да ўладных гаспадынь і лічыў натуральным тое, што жанчына можа сама, ці праз уплыў на мужа ўмешвацца ў развіццё палітычных падзеяў у краіне. Мемуарыст Л.Ходзька ў сваёй “Гісторыі дому Равітаў-Астроўскіх” не толькі паказвае вядомую Канстанцыю з Чартарыйскіх Панятоўскую (1695—1759) як грамадска-палітычную дзяячку, але і тлумачыць прычыны такой яе актыўнасці ў выхаванні пад моцным французскім уплывам. Аўтар сцвярджае, што менавіта мода, прыйшоўшая з Францыі, паўплывала на актывізацыю свецкага жыцця жанчын і іх імкнення рэалізаваць сябе ў грамадска-палітычнай дзейнасці. Гаспадар прускай дзяржавы Фрыдрых Вялікі ў 1752 годзе характарызуючы сітуацыю ў Рэчы Паспалітай, заўважыў, што ў гэтай краіне “розум патрапіў у залежнасць ад жанчын, яны інтрыгуюць і вырашаюць ўсё, у той час, калі мужы напіваюцца”. Перыядам найбольшай палітычнай актыўнасці шляхцянак у Рэчы Папалітай у XVIII ст. стаў час кіравання Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764—1795), калі і суайчыннікі, і замежнікі ў адзін голас адзначалі, што жанчыны маюць незвычайна вялікую вагу ў вырашэнні дзяржаўных спраў. Напрыклад, Анджэй Кітовіч адзначаў у сваіх успамінах, што мужчыны спачатку радзяцца з жанчынамі, і толькі потым абмяркоўваюць справы ў Сенаце. Ён таксама сцвярджаў пра своеасаблівы і дастаткова актыўны ўдзел жанчын нават у соймавых паседжаннях. Вядомы грамадскі дзеяч XVIII ст. Юзэф Выбіцкі згадваў у мемуарах пра дзейнасць выбітных ўдзельніц палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай часоў Станіслава Аўгуста: жонку полацкага кашталяна Генавефу з Агінскіх Бжастоўскую (1725—1792), якая “усё гатовая была прысвяціць патрэбам краю”, былую жонку літоўскага мечніка Марыю з Любамірскіх Радзівіл (1730—1795), якой “прыгожая душа і вялікія веды мелі значную ролю ў айчыннай справе”. Звярнуў аўтар увагу таксама на Канстанцыю Калумбу з Дэнгафаў Сангушку (1716—1791), дачку полацкага ваяводы, якая “належыла да тых абывацеляк, што энэргіяй сваёй прысаромлівалі мужчын”. Цікавай рысай мемуарных звестак пра шляхцянак эпохі Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764—1795) з'яўляюцца настойлівыя параўнанні жаночай і мужчынскай грамадскай актыўнасці, што дастаткова нетрадыцыйна для тагачаснага еўрапейскага грамадства. У некаторых ўспамінах такі высокі жаночы ўплыў на дзяржаўныя справы мае негатыўнае адценне, кшталту таго, што мужчыны “абабіліся” (падпарадкаваныя жаночаму ўплыву сталі залежыць ад іх). Аднак пэўная частка мемуараў утрымлівае і станоўчую ацэнку грамадскай дзейнасці жанчын, як патрыятычна накіраваную. Такая розніца ў стаўленнях залежыла часам не столькі ад полавай прыналежнасці, колькі ад палітычнай пазіцыі самога аўтара. І гэта сведчыць пра працэс трансфармацыі грамадскага ідэала жанчыны, адной са складовых частак якога з'яўлялася б яе актыўная палітычная пазіцыя, заснаваная на пачуцці патрыятызму. Пра асаблівасці грамадскага жыцця Рэчы Паспалітай ў “станіславаўскія” часы, адметнай рысай якіх стала пашырэнне сферы інтарэсаў прадстаўніц набілітэту, сведчаць таксама ўспаміны іншаземцаў. Так, вядомы галандскі матэматык Бернулі, які ў 1778 г. наведаў Варшаву, пры апісанні залі паседжанняў Сената згадваў, што ў ёй мелася спецыяльная ложа для жанчын. Такім чынам, шляхцянкі маглі, калі не браць ўдзел у саміх дэбатах на паседжаннях Сойму, то прысутнічаць на гэтых паседжаннях, мець непасрэдную інфармацыю аб прынятых рашэннях і рэагаваць на іх адразу ж у залі ці ў кулуарах. Той жа Бернулі згадвае нават пра тое, што жанчына часам магла сама выступаць на паседжаннях трыбуналаў, як гэта рабіла Тэрэза з Раствароўскіх Залуская, якая была вядомай аратаркай і рабіла прамовы ў каронным трыбунале ў Петрыкаве. Палітычныя памкненні і патрыятычныя настроі жанчын знайшлі адлюстраванне таксама ў іх ўласных мемуарах і разнастайным ліставанні. Так вядомая ўдзельніца барскай канфедэрацыі (1768—1771) Тэафіля з Ябланоўскіх Сапега (1742—1816) вяла своеасаблівы дзённік падчас сваёй канфедэрацкай дзейнасці ў 1770—1771 гг. Яна занатоўвала звесткі пра асабістыя сустрэчы з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі палітычнага руху, пераказвала змест некаторых лістоў, разважала над лёсам канфедэрацыі і сваім удзеле ў ёй. Тэафіля Сапега тлумачыла сваю цікавасць да палітычных падзеяў у краіне выключна патрыятычнымі памкненнямі. Яна пісала: “А калі слабасць полу зрабіла мяне няздольнай трымаць зброю, плаціла я агульнай Айчыне за права грамадзянства, падзяляючы невыгоды падарожжаў і прыкрасці разнастайных выпадковасцяў, словам, служыла пяром і парадай.” І далей: “… у агульных абавязках пол не вызваляе ад працы”. Такой жа актыўнай грамадскай пазіцыі прытрымлівалася разведзеная з мечнікам літоўскім Каралям Саніславам Радзівілам Марыя з Любамірскіх (1730—1795). Захаваліся яе лісты да гетмана Яна Клеменса Браніцкама, якія ўтрымліваюць парады наконт арганізацыі апазіцыйнай дзейнасці як ў час абрання Станіслава Аўгуста, так і напярэдадні барскай канфедэрацыі. Грунтоўныя, поўныя здаровага сэнсу думкі паказваюць добрае разуменне Марыяй палітычнай сітуацыі ў краіне, яе зацікаўленасць і актыўны удзел у падзеях. Зацікаўленасць палітыкай і патрыятычныя матывы гучаць і ў лістах Кацярыны з Патоцкіх Касакоўскай якая была заўзятай прыхільнцай старых парадкаў. У лісце да брата Яўстафія Патоцкага яна пісала: “Мяркуе час прыходзячы, у якім старасвецкім звычаям ёсць магчымасць выказаць павіншаванне і зычэнне, што ў кароткіх словах выражаю … каб так былі мы паважаныя, як нашыя папярэднікі, якія довадамі прыхільнасці да правоў айчынных, да імя шляхецкага і да ўтрымання веры і вольнасці былі першымі, што і нам пакінулі дасюль…” Можна вызначыць некалькі прычынаў актывізацыі грамадскай і палітычнай дзейнасці шляхцянак у Рэчы Паспалітай менавіта ў “станіславаўскі” перыяд. Першая прычына носіць агульнаеўрапейскі характар — гэта сама атмасфера эпохі Асветніцтва, калі з'явіліся пэўныя эмансіпацыйныя тэндэнцыі ў выхаванні і адукацыі, а таксама і ў свецкім жыцці. У святле гэтых новых тэндэнцый у Рэчы Паспалітай знайшлі вялікае распаўсюджанне жаночыя салоны, пры тым не толькі літаратурна-мастацкія, але і палітычныя. Аднак гэтыя эмансіпацыйныя працэсы ў Рэчы Паспалітай былі ўзмоцненыя самім характарам кіравання Станіслава Аўгуста, узведзенага на трон жанчынай (Кацярынай ІІ) і акружанага жанчынамі: каханкамі і сваячкамі. Набліжаныя да караля прадстаўніцы вядомых магнацкіх родаў імкнуліся выкарыстоўваць сваё становішча для ўзвышэння сям'і, дбалі пра маёмасць і пасады для мужоў, дзяцей і сваякоў. Каб дасягнуць уплыву на караля ў забеспячэнні ўласных інтарэсаў, жанчыны не толькі дамагаліся дастаткова традыцыйнага становішча каханак, але і выконвалі пэўныя дыпламатычныя даручэнні і сакрэтныя місіі. Так Альжбета з Шыдлоўскіх (1748—1810), жонка літоўскага генерал-лейтэнанта Яна Ежы Грабоўскага, афіцыйная каханка караля, мела значны ўплыў на размеркаванне пасадаў, валоданняў, узнагародаў. Іншая каханка Альжбета з Браніцкіх Сапега (1734—1800), жонка мсціслаўскага ваяводзіча, імкнулася ўплываць на палітычныя сімпатыі караля, выконвала яго сакрэтныя даручэнні, супрацоўнічала з расійскім пасланнікам для прыняцця патрэбнага яму рашэння на сойме 1768 г. Адначасова яна ўдала выкарыстоўвала сваё становішча фаварыткі для папаўнення ўласнага і сямейнага бюджэту і забеспячэнні будучыні сваіх дзяцей. Падобным чынам дзейнічала і Магдалена Агнешка з Любамірскіх (1739—1780), жонка вялікага літоўскага канцлера Аляксандра Міхала Сапегі, і Уршуля з Замойскіх Мнішак (1750—1816), і Ядвіга са Струтыньскіх Мануццы (1736—1778) і шмат іншых больш-менш трывалых фаварытак. Аднак трэба адзначыць, што становішча каханкі не было адзіным шляхам для наладжвання ўласнага дабрабыту і грамадска-палітычнага ўплыву. Безумоўна, актыўная палітычная дзейнасць ў Рэчы Паспалітай была даступна выключна прадстаўніцам найбольш знакамітых і ўладных родаў дзяржавы, бо галоўныя дзяржаўныя рашэнні і пастановы прыймаліся на Сойме, і каб паўплываць на яго ўдзельнікаў, трэба было дзейнічаць або праз асабісты ўплыў, які, як правіла, забяспечвалі сваяцкія сувязі, або праз звычайны подкуп дэпутатаў, для чаго патрэбныя былі досыць значныя сродкі. Такім чынам, небагатыя і незаможныя шляхцянкі не мелі ніякіх шанцаў праявіць сябе ў грамадскай і тым больш палітычнай сферы. Для прадстаўніц жа знакамітых магнацкіх родаў было некалькі магчымасцяў і спосабаў рэалізаваць свае палітычныя памкненні. Актывізацыя свецкага жыцця ў сваеасаблівай салоннай форме прывяла да таго, што ў другой палове XVIII ст. ужо існавала вялікая колькасць свецкіх салонаў, якія мелі тую ці іншую палітычную накіраванасць. Гэта і салон беластоцкай гаспадыні Ізабэлы Браніцкай, і згаданай каханкі караля Альжбеты Грабоўскай, і Уршулі з Браніцкіх Любамірскай (1697—1776), і Ізабэлы з Марштынаў Чартарыйскай (1671—1758) і шмат інш. Паколькі асноўным цэнтрам палітычнага і, тым больш, свецкага жыцця ў краіне была Варшава, прадстаўніцы ўсіх значных магнацкіх родаў мелі там свае рэзідэнцыі і там жа адкрывалі свае салоны ў якіх пачыналася палітычнае інтрыганства — найбольш даступная форма палітычнай дзейнасці. Праз асабістыя ўплывы, подкупы, любоўныя сувязі жанчыны мелі магчымасць маніпуляваць і прымушаць іншых дзейнічаць адпаведна са сваімі жаданнямі і інтарэсамі. Вядомымі палітычнымі інтрыганткамі былі і Юзэфа Аляксандра з Чартарыйскіх Агінская (1730—1798), і Генавефа з Агінскіх Бжастоўская (1725—1792), і Ізабэла з Панятоўскіх Браніцкая (1730—1808), і Ізабэла з Чартарыйскіх Любамірская (1736—1816), і Кацярына з Замойскіх Мнішак (1723—1771) і іншыя. Іх уплыў і ўздзеянне распаўсюджвалася як на высокіх пасадовых асобаў (сваякоў і не толькі), на замежных дыпламатаў, так і на шляхціцаў на павятовых і ваяводскіх сойміках. Больш складанай формай палітычнай дзейнасці, якую жанчыны пачалі з поспехам асвойваць, была дыпламатыя, якая лічылася традыцыйна мужчынскім заняткам. Дыпламатычная дзейнасць давала магчымасць прадстаўніцам набілітэту рэалізаваць свае амбіцыі і на практыцы праявіць сябе ў якасці дастаткова самастойных палітыкаў. Сведчаннем гэтага з'яўляецца ліставанне дыпламатак, у якім раскрываецца іх жаданне ўплываць не толькі на працэсы ў Рэчы Паспалітай, але дзейнічаць і на міжнароднай палітычнай сцэне. Выконваць афіцыйныя і неафіцыйныя дыпламатычныя даручэнні маглі выключна тыя шляхцянкі, хто меў адпаведныя сувязі пры замежных дварах і пратэкцыю ў дыпламатычных колах. Так дыпламатычнай дзейнасцю пры расійскім двары разам з мужам, а фактычна замест яго, займалася напачатку 1730-х гадоў асабіста знаёмая з імператрыцай Аннай Іаанаўнай жонка літоўскага абознага, а потым вялікага літоўскага маршалка Алена з Агінскіх Агінская (1700—1792). Своеасаблівую місію ад імя барскай канфедэрацыі выконвала ў 1769—1772 гг. ў Дрэздэне Генавефа з Агінскіх Бжастоўская, а ў Прусіі ў тым жа накірунку працавала Францішка Красінская (1742—1796). Актыўнай дзейнасцю ў Парыжы і Вене на карысць канфедэратаў вызначылася Марыя з Любамірскіх Радзівіл. Стасункі з прускім каралём падтрымлівала таксама Ганна з Сапегаў Ябланоўская (1728—1800). Цікавай праявай жаночай палітычнай актыўнасці ў XVIII ст. была практыка ўмяшання ў соймікавыя і соймавыя справы. Будучы прыхільніцамі якой-небудзь палітычнай групоўкі, некаторыя жанчыны ўласнаручна займаліся арганізацыяй прыняцця патрэбных рашэнняў на сойміках, правядзеннем сваіх дэпутатаў, або зрывам соймікавых пасяджэнняў. Безумоўна, падобная дзейнасць ажыццяўлялася праз пасрэднікаў, аднак магнаткі ўкладалі ў гэта ўласныя фінансавыя сродкі і, натуральна, былі зацікаўленыя ў выніку. Найбольш яскравым прыкладам дзяячкі, якая рэальна ўплывала на палітыку ўнутры краіны, можна назваць жонку камянецкага кашталяна Кацярыну з Патоцкіх Касакоўскую (1722—1803). У перыяд 1752—1768 гг. яна падкупала паслоў соймікаў і соймаў на карысць розных партый і асобаў: Браніцкіх, Патоцкіх, Рэпніна. Другая палова XVIII ст. адзначылася значным удзелам жанчын не проста ў апазіцыйнай, але ў канфедэрацкай дзейнасці (узброенай апазіцыі). Асабліва вялікую ролю яны адыгрывалі ў часы барскай канфедэрацыі (1768—1772). Зусім не выпадкова некаторыя сучаснікі называлі гэты рух “жаночым”, бо вялікая колькасць прадстаўніц набілітэту мела не толькі жаданне, але і магчымасці ўплываць на рашэнні барскіх канфедэратаў. Разам з выкананнем дыпламатычных місій пры розных еўрапейскіх дамах, яны пачалі браць непасрэдны ўдзел у планаванні канфедэрацкай палітыкі. Напрыклад, Ганна з Сапегаў Ябланоўская, якую лічаць адной з арганізатараў барскай канфедэрацыі, ўдзельнічала ў нарадах кіраўнікоў, дапамагала дыпламатычна і фінансава, нават на свой кошт узброіла і накіравала ў канфедэрацкае войска атрад жаўнераў. Актыўны ўдзел у барскай канфедэрацыі бралі і Уршуля з Браніцкіх Любамірская і яе дачка Марыя Радзівіл. Яны не толькі выконвалі прадстаўніцкія місіі пры замежных дварах, але і стваралі ўласныя лобі ўнутры канфедэрацыі. Некаторыя жанчылі мелі таксама дачыненне да арганізацыі лакальных канфедэрацый (Барбара Уршуля з Дунінаў Сангушка (1718—1791), Ганна з Сапегаў Ябланоўская). Вялікая колькасць сваячак канфедэратаў працавалі інфарматаркамі пры двары і ў розных мясцовых асяродках (Кацярына Агнешка з Сапегаў Сапега (1718—1779). Шмат шляхцянак падтрымлівалі канфедэрацыю грашовымі субсідыямі, фундуючы войскі, дыпламатычныя вандроўкі кіраўнікоў і прадстаўнікоў і інш. Падтрымка жанчынамі барскай канфедэрацыі была звычайна выклікана асабістымі прычынамі. Адныя, як Францішка Красінская, былі звязаныя сваяцкімі сувязямі з яе кіраўнікамі. Іншыя, як Марыя Амелія з Брулаў Мнішак (1736—1772), бачылі ў канфедэрацыі магчымасць пазбавіць трону караля з тым, каб паспрыяць ўзыходжанню на яго месца больш прыдатнай, на іх погляд, асобы. Яшчэ адна група ўдзельніц, як Тэафілія Сапега, тлумачылі свой удзел у канфедэрацкім руху патрыятычнымі матывамі барацьбы супраць расійскага ўмяшальніцтва ў справы Рэчы Паспалітай. Аднак патрыятычная рыторыка вельмі часта грунтавалася на значных сямейна-кланавых інтарэсах, якія па сутнасці былі стрыжнем усёй грамадска-палітычнай дзейнасці на працягу XVIII ст. Дбанне пра інтарэсы найперш уласнай сям'і (у шырокім разуменні, што ўключала сваяцкія сувязі розных узроўняў) фактычна вызначала ўсе палітычныя захады і не толькі жанчын. У канцы XVIII стагоддзя, напярэдадні і пад час падзелаў, назіраецца тэндэнцыя пераходу ад уласна-родавых да агульнанацыянальных інтарэсаў у палітычнай дзейнасці прадстаўніц вышэйшага саслоўя. Прыйшло разуменне таго, што лёсы асобных родаў залежаць ад лёсу краіны цалкам. Магчыма, у гэтыя часы патрыятызм, які, безумоўна, з'яўляўся пачуццём да ўсёй Рэчы Паспалітай цалкам, быў адзінай надзеяй на выжыванне краіны і яе асобных грамадзянаў. Неверагодны ўздым патрыятычных настрояў сярод жанчын выявіўся ў часе працы Чатырохгадовага Сойму (1788—1791) і прыняцця Канстытуцыі 3 траўня 1791 года. Вось як ахарактарызавала гэтую з'яву ўдзельніца палітычных падзей Соф'я з Красінскіх Любамірская (1718—1790): “Любоў да Радзімы дайшла ў нас да шаленства, аддаемся ёй з нязвыклай гвалтоўнасцю.” Гэты перыяд вызначаўся актыўным наведваннем жанчынамі соймавых паседжанняў, а таксама дэманстратыўным пераходам некаторых шляхцянак на вопратку з нацыянальнымі элементамі дэкору замест французскіх. Паўстанне 1794 г. было своеасаблівым апошнім акордам гэтага экзальтаванага патрыятызму. Заклік Тадэвуша Касцюшкі да жанчын і сам факт з'яўлення падобнага дакумента сведчыць пра трансфармацыю бачання іх ролі ў грамадстве Рэчы Паспалітай. Касцюшка звяртаецца да шчырых патрыётак, якія могуць дапамагчы сваім сынам і мужам у змаганні за нацыянальнае вызваленне. Ён не патрабуе, каб жанчыны бралі ў рукі зброю, падобная дзейнасць яшчэ не ўсведамляецца як магчымая для прадстаўніц “слабага полу”, але заклікае да “жаночай” дапамогі, на якую здольныя адданыя маці і кахаючыя жонкі. І жанчыны сапраўды адгукнуліся на заклік. Шмат каштоўных упрыгожванняў і ювелірных вырабаў было накіравана на патрэбы паўстанцаў, пра што сведчаць і сучаснікі падзеяў і дакументы паўстання. Прадстаўніцы вышэйшага саслоўя сталі вырабляць паўстанцкія штандары, а таксама рыхтаваць медыцынскія матэрыялы для патрэбаў параненых. У палацах некаторых магнатак былі размешчаныя часовыя ваенныя шпіталі. А шмат хто з шляхцянак бралі непасрэдны ўдзел у працы лазарэтаў, выконваючы такім чынам свой хрысціянскі абавязак. Актыўная падтрымка жанчынамі паўстання Касцюшкі і праца ў Камітэце Выратавання ў Варшаве выклікала ўдзячнасць кіраўніцтва паўстання і, нават, было прынята рашэнне адзначыць найбольш заўзятых дзяячак спецыяльнымі ўзнагародамі. Згадваючы пра грамадска-палітычную дзейнасць жанчын XVIII ст., нельга абмінуць і такую цікавую яе галіну, як удзел у масонскіх ложах. Звесткі пра своеасаблівыя масонскія арганізацыі жанчын у Рэчы Паспалітай “ложы мопсаў” можна знайсці яшчэ ў вершы Альжбеты з Кавальскіх Дружбацкай (1695—1765). Назва гэтых аб'яднанняў паходзіць ад рытуалу прысвячэння, у якім выкарыстоўвалася фігурка звычайнага пакаёвага сабакі-мопса — сымбаля вернасці. Падобныя ложы існавалі тады і ў іншых еўрапейскіх краінах і мелі не вельмі добрую славу як асяродкі распусты. Магчыма, дрэннае стаўленне да ініцыятывы стварэння жаночага масонства тлумачыцца абарончай рэакцыяй мужчын, што лічылі такую дзейнасць зусім не жаночай справай. А менавіта мужчыны пераважалі тады ў фармаванні грамадскай думкі. З часам удзел жанчын у масонскіх ложах набыў больш афіцыйныя рысы. Нягледзячы на першапачатковыя пастановы аб забароне жаночага ўдзелу, у другой палове XVIII ст. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з'яўляюцца так званыя “адапцыйныя” ложы, прызначаныя для жанчын. Гэта былі ўжо своеасаблівыя жаночыя аддзяленні мужчынскіх арганізацый. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што прычынай з'яўлення такіх адапцыйных лож стала жаданне мужчын упрыемніць масонскія рытуалы. Калі ж паглядзець на статут найбольш вядомай у Рэчы Паспалітай падобнай ложы “Дабрачыннасць”, то можна ўбачыць, што акрамя афіцыйнай залежнасці ад “мужчынскай” ложы “Вялікі Ўсход”, тут дэкляравалася некаторая ўнутраная свабода рашэнняў, праўда, пад дадатковым кіраўніцтвам прадстаўнікоў-мужчын. Такім чынам, мужчыны добра ведалі пра тое, што адбывалася ў жаночых ложах, а жанчыны пра мужчынскія справы не павінны былі мець уяўленне. Напэўна, галоўнай прычынай прыцягнення жанчын да масонскага руху была матэрыяльная. Паводле аднаго з артыкулаў статуту яны павінны былі ўдзельнічаць у фінансаванні дзейнасці мужчынскай ложы “дабраахвотным унёскам, які самі вызначалі”. Захаваліся звесткі пра жанчын, што бралі ўдзел у адзначанай ложы “Дабрачыннасць”. Кіраўніцай з'яўлялася Тэрэза з Панятоўскіх Тышкевіч (1760—1834), а яе сяброўкамі: Анна з Сапегаў (Сангушка) Патоцкая, Юзэфа з Мнішкаў Патоцкая, Алена з Пшэздзецкіх Радзівіл, Ізабэла з Флемінгаў Чартарыйская, Ізабэла і Ганна Любамірскія і некаторыя іншыя. Падобныя ложы ў Рэчы Паспалітай дзейнічалі ў Познані, Дубне, Львове. На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў Вільні існавала таксама адапцыйная ложа “Ідэальнай вернасці”, куды ўваходзілі прадстаўніцы дому Радзівілаў Алена з Пшэздзецкіх (1753—1821), Тэафіля з Радзівілаў Мараўская і інш. Удзел ў масонскім жыцці быў своеасаблівай данінай модзе, што прыйшла з Заходняй Еўропы. Заснаваныя ў Рэчы Паспалітай жаночыя масонскія ложы не мелі выразных палітычных мэтаў. Асноўная іх дзейнасць была звязаная з дабрачыннасцю, ахвяраваннямі на патрэбы бедных і пацярпелых ад бедстваў. Сярод жаночых масонскіх справаў, якія мелі грамадскі рэзананс, можна вызначыць кампанію па прышчапленні воспы. Такім чынам, можна сцвярджаць, што на працягу XVIII ст. у Рэчы Паспалітай значна пашырылась сфера грамадскай дзейнасці жанчын вышэйшага саслоўя. Акрамя аб'ектыўных фактараў, якія спрыялі гэтаму працэсу (распаўсюджванне ідэяў эпохі Асветніцтва, палітычныя працэсы ўнутры краіны) існавалі і суб'ектыўныя, якія раскрываюцца пры аналізе біяграфічных звестак дзяячак. У выніку такога даследвання можна вылучыць некалькі катэгорый палітычна актыўных жанчын. Першую катэгорыю складаюць шляхцянкі, для якіх грамадска-палітычная дзейнасць з'яўлялася своеасаблівым супрацоўніцтвам з мужам, дапамогай у яго дзяржаўнай працы, спрыяннем яго кар'ернаму росту. У падобным накірунку можна разглядаць памкненні пры жыцці мужа Ізабэлы з Панятоўскіх Браніцкай, Генавефы з Агшінскіх Бжастоўскай, Юзэфы Аляксандры з Чартарыйскіх Агінскай, Ізабэлы з Флемінгаў Чартарыйскай, Алены з Агінскіх Агінскай, Тэафілі з Ябланоўскіх Сапегі і іншых. Забяспечваючы паспяховае службовае прасоўванне сужэнцаў, жанчыны такім чынам забяспечвалі і ўласную будучыню, асабліва на выпадак страты мужа. Другая група палітычных дзяячак да моманту найбольш актыўнай дзейнасці ўжо не мелі мужа (або памёр, або развёўся): гэта і Кацярына з Патоцкіх Касакоўская, і Францішка Красінская, і Уршуля з Браніцкіх Любамірская, і Ганна Кацярына з Сангушкаў Радзівіл, і Ганна з Сапегаў Ябланоўская і шмат іншых. Пасля смерці мужа жанчыны нярэдка вымушаныя былі браць на сябе абавязкі бацькі і праз палітычную актыўнасць дбаць пра лепшую будучыню сыноў і дачок, забяспечваць ім трывалае грамадскае становішча. Трэба заўважыць, што статус ўдавы ў Рэчы Паспалітай быў досыць прыдатны для забеспячэння самарэалізацыі жанчыны, якая пасля смерці або разводу захоўвала тытул мужа (а значыць і трывалае грамадскае становішча) і магла карыстацца пэўнымі яго пажыццёвымі валоданнямі, што забяспечвала значную фінансавую незалежнасць. Усё гэта спрыяла ажыццяўленню ўдовамі ці разведзенымі сваіх палітычных памкненняў. Трэцяя катэгорыя жанчын вызначаецца цікавай акалічнасцю — каля паловы з актыўных у палітыцы дзяячак або не мелі дзяцей наогул, або мелі толькі адно дзіця (што вельмі нетыпова для тагачаснага грамадства). Так не мелі дзяцей ні Юзэфа Аляксандра з Чартарыйскіх Агінская, ні Алена з Агінскіх Агінская, ні Ізабэла з Панятоўскіх Браніцкая, ні Кацярына з Патоцкіх Касакоўская, ні Марыя з Любамірскіх Радзівіл, ні Тэафіля з Ябланоўскіх Сапега (на момант актыўнай палітычнай дзейнасці), ні Ганна з Сапегаў Ябланоўская і шмат інш. Такім чынам, можна меркаваць, што грамадска-палітычная актыўнасць некаторым жанчынам была своеасаблівай кампенсацыяй не рэалізаванай сацыяльна-біялагічнай ролі маці і недахопу ўласнай сям'і. Аналіз развіцця грамадска-палітычнай дзейнасці жанчын у Рэчы Паспалітай у XVIII ст., дае падставы сцвярджаць, што: на працягу азначанага перыяду адбывалася паступовае пашырэнне палітычнага ўплыву жанчын у грамадстве. Прэрагатыву ўдзелу ў палітычнай дзейнасці мелі прадстаўніцы багатых магнацкіх родаў, чыё грамадскае становішча і сувязі дазвалялі ўплываць на канкрэтных палітыкаў. Рэалізацыя палітычных інтарэсаў жанчын мела розныя накірункі: палітычныя інтрыгі, дыпламатычная дзейнасць, удзел у арганізацыі працы соймаў і соймікаў, узброенай апазіцыі і г.д. У аснове грамадска палітычнай дзейнасці жанчын XVIII ст. палягалі сямейна-кланавыя інтарэсы, якія на пэўным этапе перараслі ў патрыятычную ідэю нацыянальнага выжывання, пры чым дадзены патрыятызм датычыў адданасці ўсёй Рэчы Паспалітай цалкам. Шмат для каго з жанчын палітычная дзейнасць з'явілася кампенсацыяй нерэалізаванай ролі маці і жонкі, а становішча ўдавы давала дадатковыя магчымасці для ўдзелу ў грамадскіх справах. Літаратура 1. Pamietniki Marcina Matuszewicza kasztelana brzeskiego-litewskiego 1714—1765 // Wyd. A.Pawinski, W-wa, 1876. T. II — IV. 2. Chodzka L. Historya domu Rawitow-Ostrowskich zwiazana z dziejami Polski, Litwz, Prus i Rusi skladajacych Rzeczpospolite polska, miedzy latami 1650—1845. T.2. Lwow, 1873. 3. Konopczynski Wl. Kiedy nami rzadili kobiety. Londyn, 1976. 4. Pamietniki ks. A.Kitowicza // Wyd. Wl. Zawadzki. T. 2. Lwow, 1882. 5. Pamietniki Jozefa Wybickiego senatora wojewody Krolestwa Polskiego. Cz.1, W-wa, 1905. 6. Polska stanislawowska w oczach cudzoziemcow, T.1—2. // Oprac. W.Zawadzki, W-wa, 1963. 7. Liske X. Cudzoziemcy w Polsce. Podroze i pamietniki, Lwow, 1876. 8. Z pamietnika konfederatki ksieznej Teofili z Jablonowskich Sapiezyny (1771—1773) // Wyd. Wl. Konopczynski, Krakow, 1914. 9. AGAD: Archiwum Roskie, CXXXVI. 10. Listy Katarzyny z Potockich Kossakowskiej kasztelanowej Kamienskiej (1754—1800). Z oryginalow przechowanych w archiwach familijnych // Wyd. K.Waliszewski, Poznan, 1884. 11. Wawrzykowska-Wierciochowa D. Rycerki i samarytanki. W-wa, 1988. 12. Satala Z. Poczet polskich krolowych, ksieznych i metres. Szczecyn, 1990. 13. Polski Slownik Biograficzny. 14. Kuchowicz Z. Obyczaje staropolskie XVII—XVIII wieku. Lodz, 1975. 16. Lozinski Wl. Salon i kobieta, Lwow, 1921. 17. Tadeusz Kosciuszko: jego odezwy i raporta. Krakow, 1918. 18. Niemcewicz J. Pamietniki czasow moich, 1848. 19. Akty powstania Kosciuszki // Wyd. Sz.Askenazy i Wl. Dzwonkowski, T.1, Krakow, 1918. 20. Охотский Я.Д. Рассказы о польской старине (записки XVII в.) Т.2. СПб., 1874. 21. Malachowski-Lempicki S. Wolnomularstwo na ziemiach dawnego WKL 1776—1822. Dzieje i materjaly. Wilno, 1930. 22. Zaleski St. O masonii w Polsce od r. 1742 do 1822. Na zrodlach wylacznie masonskich. Krakow, 1889. 23. AGAD: Archiwum Masonskie II 2/22. 24. Smolenski Wl. Przewrot umyslowy w dawnej Polske, 1891. 25. Malachowski-Lempicki S. Wolnomularstwo na ziemiach dawnego WKL 1776—1822. Dzieje i materjaly. Wilno, 1930.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||