ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "TERRA HISTORICA", № 1—2002

 

НАТАЛЛЯ АНОФРАНКА, АЛЕГ ГАРДЗІЕНКА. АГЛЯД МОЎНАЙ ПАЛІТЫКІ

РЫМА-КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСІ Ў ХХ СТ.

 

ЗЬМЕСТ

ПУБЛІКАЦЫІ

Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст.

Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын
шляхецкага саслоўя ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст.

МЕМУАРЫ

Успаміны пра БНП

МІКРАГІСТОРЫЯ

Другія Саветы

КАЛЕГІЮМ

Грамадзянскае і асабістае ў жаночай паэзіі

Жанчыны і ГУЛАГ

НАВУКОВАЕ ПАМЕЖЖА

Брытанская сацыяльная антрапалогія ў ХХ ст.

ВЫЗНАЧЭННІ

Як пераадолець
міфатворчасць у беларускай медыевістыцы

***

Каталог
навуковых выданняў

Праграмы падтрымкі
адукацыйных ініцыятываў

Гісторыя грамадства шчыльна знітаваная з развіццём культуры, якая адлюстрроўвае ўзровень нацыянальнай, класавай, індывідуальнай свядомасці прадстаўнікоў чалавечай супольнасці. Рэлігія — адзін са стрыжняў духоўнага жыцця народа. Відавочна, што мова, на якой чалавек звяртаецца да Бога, накладае свой адбітак на светаўспрыманне і светаадчуванне людзей.

У незалежных краінах у цэрквах і касцёлах мусіць гучаць уласная мова. Аднак са стратай дзяржаўнасці і суверэнасці рэлігійныя ўстановы пачынаюць выкарыстоўвацца акупацыйнай уладай як адмысловы сродак фармавання новай грамадскай свядомасці. Адным з рычагоў уздзеяння з'яўляецца палітыка адносна ўжывання той ці іншай мовы ў рэлігійнай практыцы.

Беларуская нацыянальная інтэлектуальная эліта (да якой можна залічыць і святарства) з розных прычын пачала фармавацца толькі з пачатку ХХ ст. Паспрыяла гэтаму працэсу скасаванне ў 1906 г. абмежаванняў на беларускі друк. Як вынік, было заснаванае першае беларускае выдавецкае таварыства “Загляне сонца і ў наша ваконца”, распачалося выданне двух газет на беларускай мове — “Нашай нівы” і “Нашай долі”. Беларускае друкаванае слова значна паўплывала на развіццё мовы і культуры, на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці іх носьбітаў, у тым ліку святарства.

Аднак у пачатку ХХ ст. толькі адзінкавыя асобы праводзілі “беларусізацыю” каталіцкага касцёла. Яскравым прыкладам яе была дзейнасць барона Эдварда Ропа, арыстакрата нямецка-латышскага паходжання, прызначанага ў 1903 г. на пасаду віленскага біскупа. Біскуп Роп прыхільна паставіўся да мясцовых нацыянальных рухаў. У адным з пастырскіх лістоў ён выказаў пажаданне, каб у касцёлах у казаннях гучалі нацыянальныя мовы, таксама як і катэхізацыя адбывалася б у зразумелай для народу форме (Імша ў той час ішла на лацінскай мове, і толькі ІІ Ватыканскі Сабор (1962—1965 гг.) даў дазвол на набажэнства па нацыянальных мовах.).

Праз два гады ў 1905 г. Эдвард Роп выдаў цыркуляр за нумарам 4339, які пазначаў: “Для дзяцей, якія ўжываюць беларускую мову ў пачатковых школах, дапускаецца ў меры патрэбы тлумачэнне прадмету па-беларуску.

Прыхільнае стаўленне біскупа Ропа да нацыянальных пытанняў у Віленскай дыяцэзіі выклікала нездавальненне афіцыйнага Санкт-Пецярбурга. У 1907 г. па абвінавачванні ў антыдзяржаўнай дзейнасці і патуранні рэвалюцыйнаму руху Эдвард Роп быў зняты расійскімі ўладамі з біскупскай пасады. Аднак самаўладдзе не мела паўнамоцтваў, каб умешвацца ў справы каталіцкага касцёла, юрыдычна падпарадкаванага Апостальскай Сталіцы. Таму Пій Х расцаніў дзеянні ўладаў як нелегітымныя і захаваў пасаду за біскупам Ропам, не даўшы згоды на прызначэнне новага кіраўніка. У выніку гэтага канфлікту Віленская дыяцэзія на працягу 10 год заставалася без рэальнага кіраўніцтва.

Аднак цалкам спыніць працэс увядзення нацыянальнай мовы ў касцёле і нацыянальна-асветную дзейнасць ксяндзоў расійскія ўлады не здолелі. Так біскуп Магілёўскай дыяцэзіі афіцыял Магілёўскай архікатэдральнай капітулы Стэфан Данісевіч выдаў у 1906 г. “Элементар для добрых дзетак-беларусаў”, які з'яўляўся больш упарадкаваным перавыданнем лемантара 1862 г. менскага маршалка Аляксандра Аскеркі. Францішак Будзька, ад 1908 г. вікары Полацкага касцёла, пераклаў на беларускую мову і выдаў сваім коштам “Катэхізм” кс. Філякоўскага, “Святую гісторыю” Шустэра і “Касцельныя абрады” кс. Банчкоўскага.

Кс. Аляксандр Астрамовіч (паэт Андрэй Зязюля) займаўся папулярызыцыяй беларускай каталіцкай ідэі на старонках перыядычнага друку. Ён шчыльна супрацоўнічаў з “Нашай нівай”, “Беларусам”, “Гоманам”, дзе друкаваў беларускія вершы на рэлігійна-маральныя тэмы. Сваё ж першае казанне па-беларуску Аляксандр Астрамовіч прамовіў у лістападзе 1914 г. у радавым маёнтку Магдалены Радзівіл Кухцічы, што ў Ігуменскім павеце (сённяшні Уздзенскі раён Менскай вобласці) на пахаванні яе мужа Мікалая Радзівіла.

Адзінкавым прыкладам змагання за беларускую мову паслядоўнічала з'яўленне нацыянальных культурніцкіх асяродкаў у каталіцкіх навучальных установах, узнікненню якіх таксама шмат паспрыяў перыядычны друк, асабліва газеты “Наша ніва” і “Наша доля”.

У 1911 г. пачаў дзейнічаць нацыянальна-асветны гурток у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Чыннасць гуртка прынесла пэўныя вынікі, бо, як сведчыць спіс выхаванцаў семінарыі ад 15 траўня 1912 г., з 183 навучэнцаў — 24 семінарысты вызначылі сябе беларусамі (паказальнік немагчымы яшчэ дзесяцігоддзе таму). Мае сэнс пералічыць іх: Генрых Войнюш, Генрых Драгель, Уладзіслаў Квецень, Іосіф Маліноўскі, Франц Перко, Іосіф Ракіцкі, Іосіф Рэшаць, Адам Станкевіч, Міхал Борык, Ян Вайцяховіч-Станкевіч, Каспер Валадкевіч, Якаў Даўкша, Ян Карыцкі, Вацлаў Лукша, Зянон Скапчыньскі, Станіслаў Буйніцкі, Іосіф Гайдукевіч, Павел Гаштольд, Ігнацій Кулеш, Ян Ляўковіч (беларусін), Ісідар Петраш, Іосіф Сінкевіч, Леанард Чэрняк, Ян Славецкі.

Моцная суполка беларускіх клерыкаў (каля 70 чалавек), якой апекаваўся дзеяч нацыянальнага руху Браніслаў Эпімах-Шыпіла, склалася ў Імператарскай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Існаванне беларускага гуртка пры гэтай навучальнай установе невыпадковае — Пецярбург належыў да Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі і тут традыцыйна вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, значная частка якіх папярэдне скончыла Віленскую каталіцкую семінарыю. Беларускія клерыкі вучыліся і ў еўрапейскіх навучальных установах, а студэнцкія зямляцтвы беларусаў былі створаныя ў Інсбруцкім і Мюнхенскім каталіцкіх універсітэтах.

З часам наспела неабходнасць звароту да беларускай каталіцкай грамадскасці ў шырокай і даступнай форме, паколькі перакладаў рэлігійнай літаратуры ці дыскусій у абмежаваных суполках ужо было недастаткова. Гэтую праблему дапамагло вырашыць з'яўленне ў студзені 1913 г. у Вільні газеты “Bielarus”, адрасаванай беларусам-каталікам і выдаванай лацінкай. Рэдактарамі і выдаўцамі перыёдыка былі Антон Бычкоўскі і Баляслаў Пачопка. Прынцыпы сваёй працы яны акрэслілі такім чынам: “… газэта будзе стаяць заўсёды на грунце хрысьціянскім-каталіцкім, баронячы справу хрысьціянскую і беларускую, паважаючы іншыя веравызнаньні”. “Bielarus” змяшчаў на сваіх старонках эканамічныя, палітычныя і культурніцкія матэрыялы, аднак галоўнай тэмай было рэлігійнае жыццё. Акрамя інфармацыйных і праблемных артыкулаў, штонумар друкаваліся каляндары, жыціі, казанні ці замалёўкі. “21 лютага гэтага году каталікі быўшай Менскай дыяцэзіі паслалі на імя Гасудара прашэнне аб адкрыцці быўшай Менскай дыяцэзіі і назначэнні біскупа. У прашэнні паказаны час закрыцця Менскай дыяцэзіі і ўспамянулі калі вызвалілі апошняга біскупа кс. Вайткевіча”. Газета праіснавала да жніўня 1915 г. і была зачыненая з прычыны набліжэння нямецкага фронту.

Лютаўская рэвалюцыя ў 1917 г. выклікала дэмакратызацыю ўсіх сфер жыцця грамадства, у тым ліку і рэлігійнай. Была абвешчана свабода веравызнання, такім чынам юрыдычна было скасавана дамінаванне праваслаўнай царквы і беларускія каталікі атрымалі магчымасць адкрыта змагацца за свае правы. Святары-беларусы не засталіся ўбаку ад актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці. Яны бралі ўдзел у арганізацыі беларускіх партый і сталі адкрыта ўводзіць ва ўжытак у касцёле беларускую мову.

У сакавіку 1917 г. быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт з прадстаўнікоў беларускіх партый і арганізацый, удзел у якім бралі і беларускія ксяндзы. 25 красавіка 1917 г. Магілёўскаму арцыбіскупу Маліноўскаму быў пададзены мемарыял, дзе прапаноўвалася: ўвесці ў Магілёўскай каталіцкай семінарыі, што ў Пецярбургу, лекцыі беларускай мовы, літаратуры, гісторыі Беларусі; рэкамендаваць духавенству звяртацца да вернікаў па-беларуску; перадаць каталікам касцёлы, канфіскаваныя раней, у якіх мелася весці беларускую працу, ініцыяваць друк рэлігійнай літаратуры і перыядычных выданняў па-беларуску.

У траўні 1917 г. у Менску адбыўся з'езд беларускага каталіцкага святарства, у якім бралі ўдзел 30 чалавек і дзе абмяркоўваліся ўзаемадачыненні беларускага нацыянальнага руху з каталіцкім рухам у Беларусі. У тым жа годзе на аснове беларускіх клерыкальных і інтэлігенцкіх асяродкаў Петраграда і Менска была створана палітычная партыя — Беларуская хрысціянская злучнасць (пазней Беларускае хрысціянскае аб'яднанне), якая імкнулася аб'яднаць усе пласты грамадства, нягледзячы на канфесійную прыналежнасць, і стаць агульнабеларускай рэлігійнай партыяй.

Фактарам, які надаў дынамізму працэсу беларусізацыі касцёла, стала вяртанне ў 1917 г. Эдварда Ропа на пасаду віленскага біскупа. Ён правізітаваў парафіі Віленскай дыяцэзіі, якія знаходзіліся па ўсходні бок нямецка-расійскага фронту. Пры сустрэчах са святарамі біскуп выказаў пажаданне пра вядзенне казанняў на беларускай мове ў раёнах з колькаснай перавагай беларускага насельніцтва. Заклік святара падтрымалі ксяндзы-беларусы. Міхаіл Пятроўскі вёў казанні на беларускай мове ў Друі, Іказні, Шаркоўшчыне, Даўгінаве, апрача іншага ён выдаў “Хрысціянскую хрэстаматыю для беларускіх каталікоў”. Падобную дзейнасць праводзілі: Міхал Шалкевіч (Мосар на Глыбоччыне), Станіслаў Эйсмант (Ваўкалаты Пастаўскага павета), Андрэй Цікота (Будслаў, Вялейка), Вінцэнт Гадлеўскі (Будслаў, Крывічы, Радашкавічы).

26 студзеня 1918 г. у Вільні адбылася беларуская краёвая канферэнцыя, у гонар якой кс. Уладзіслаў Талочка ў Віленскай катэдры ў капліцы святога Казіміра адправіў імшу па-беларуску. Такім чынам, беларусізацыя касцёла ішла найперш на лакальным узроўні, з ініцыятывы саміх святароў. У газеце “Крыніца” за 1919 г. сцвярджалася: “…ужо шмат дзе ў каталіцкіх касцёлах навукі гавораць да беларусаў па-беларуску. Як, напрыклад, у Лапанішчах Воўкавыскага павету, у Ідоўці, Барадзенічах, Мосары Дзісьненскага павету, у Барунах Ашмянскага павету. Чэсць тым Беларусам, каторыя не цураюцца і не выракаюцца сваёй роднай мовы і ў той слухаюць слова Божага, Чэсць вялікая і тым ксяндзам, каторыя сапраўды працуюць для дабра народу, разьвіваючы яго народнае пачуцьцё і тым самым кладучы падмуроўку пад ягоную будучыню”.

У ліпені 1917 г. Эдвард Роп быў прызначаны на пасаду арцыбіскупа Магілёўскай архідыяцэзіі, якая ўключала Усходнюю Беларусь, расійскую частку Ўкраіны, еўрапейскія расійскія землі з Петраградам і Масквой. У развітальным пастырскім лісце да ксяндзоў Віленскай дыяцэзіі Эдвард Роп пісаў: “Старайцеся, каб вашыя казанні былі простыя, адчутыя тым ясным тлумачэннем праўдаў Божых. Старайцеся аб тое, каб не адымаючы нічога з польскіх набажэнстваў, дадаваць казанні ў мове, даступнейшай для народу, беларускай”. Аднак ва Усходняй Беларусі панавала савецкая ўлада, і Эдвард Роп сутыкнуўся з вялікімі цяжкасцямі ў сваёй працы. У красавіку 1919 г. ён быў арыштаваны і дэпартаваны ў Польшчу.

У лістападзе 1917 г. за кошт беларускіх парафій Магілёўскай архідыяцэзіі была адноўлена (пасля скасавання ў 1869 г.) Менская дыяцэзія . Біскупам яе стаў Зыгмунт Лазінскі. Ужо 6 снежня 1918 г. ён адслужыў у Менскай катэдры набажэнства па-беларуску. Ад гэтага часу ў Менску ў капліцы Дабрачыннасці штодзень адбываліся набажэнствы з ужываннем беларускай мовы, якія правілі Вінцэнт Гадлеўскі, Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч. Значным крокам па беларусізацыі Менскай дыяцэзіі было адкрыццё ў Менску каталіцкай семінарыі, рэктарам якой стаў Фабіян Абрантовіч. (Паказальны той факт, што ў 1918 г. з 29 семінарыстаў 25 вызналі сябе беларусамі.)

Аднак палітыка савецкай улады, якая напачатку скрозь пальцы глядзела на рэлігійнае жыццё, вельмі хутка набыла жорсткі характар. У 1919 г. біскуп Лазінскі пасля двух арыштаў выехаў у Польшчу. Арышт Лазінскага стаў штуршком да рэпрэсій у адносінах святароў у савецкай частцы Беларусі. Частка з іх была арыштаваная, многія вымушаныя эміграваць. У 1925 г. на землях Менскай дыяцэзіі, што адыйшлі да польскай дзяржавы, згодна з канкардатам паміж Апостальскай Сталіцай і Польшчай была ўтвораная Пінская дыяцэзія.

Паводле Рыжскай дамовы, заходнебеларускія землі трапілі ў склад польскай дзяржавы, Канстытуцыя якой, ухваленая соймам 20 сакавіка 1921 г., гарантавала на сваім абшары поўную ахову жыцця, свабоды і маёмасці ўсім грамадзянам без розніцы паходжання, нацыянальнасці, мовы, расы або рэлігіі, а таксама свабоду прэсы і правы краёвых газет. У адносінах да меншасцяў вызначалася: “польскія грамадзяне, што належаць да мяншыняў нацыянальных, рэлігійных ці моўных, маюць роўнае з іншымі грамадзянамі права закладання, нагляду і кіравання сваім собскім коштам дабрачынных, рэлігійных і грамадзкіх установаў, школаў і іншых узгадавальных інстытуцыяў, а таксама свабоднага ўжывання ў іх мовы і выканання правілаў сваёй рэлігіі”. Аднак, насамрэч, прынцыпы Канстытуцыі так і засталіся дэкларатыўнымі. Польскі ўрад паступова зачыняў школы з беларускай мовай навучання, пераследваў беларускіх нацыянальных дзеячаў.

У працэсе ўмацавання польскай дзяржавы касцёл, відавочна, адыгрываў не апошнюю ролю. Заходнебеларускія землі паводле касцельнай юрысдыкцыі былі падзеленыя паміж Віленскай, Пінскай, Ломжынскай дыяцэзіямі. Віленскі біскуп Юры Матулевіч, прызначаны на сваю пасаду ў 1918 г., імкнуўся захоўваць нейтралітэт: “На прыклад Хрыста я буду намагацца агарнуць усіх і быць усім для ўсіх. Я гатовы панесці сьмерць за праўду. Я прагну быць для вас толькі айцом і пастырам, апосталам Хрыста. Ніва маёй працы — Хрыстовае Валадарства, Змагарскі касцёл. Мая партыя — Хрыстос. Я каталіцкі біскуп і хачу аднолькава клапаціцца аб патрэбах маіх дыяцэзіянаў. Для мяне ўсе роўныя, ці то беларусы, ці то палякі, ці то літоўцы”.

Самі беларускія ксяндзы на пачатку 20-х гг. актыўна выкарыстоўвалі нацыянальную мову ў касцёлах, абапіраючыся на жаданні мясцовага насельніцтва. Так пробашч Шаркаўшчынскай парафіі кс. Зянон Якуць ў справаздачным лісце ў Віленскае біскупства ў 1921 г. пісаў: “Шаркаўская парафія што да народнасці бадай выключна ёсць беларуская. Усіх яе жыхароў штодзённай мовай ёсць беларуская, іншую мову, напрыклад, польскую мову, яны разумеюць з трудом. Выняткі нямногія, дзеля гэтага ўва ўсіх адносінах да парафіян як відаць з натуры рэчаў, трэба карыстацца мовай беларускай, а такжа ў споведзі і казаннях, тым больш гэта патрэбна, бо ў касцёл ходзяць і праваслаўныя, якія мовы не зусім разумеюць”. Але мясцовыя ўлады па-рознаму супраціўляліся інцыятыве беларускага ксяндза, літараральна загадваючы пра неабходнасць поўнай паланізацыі Шаркаўшчынскага касцёла.

Падобнаму ўціску падвяргаліся і іншыя беларускамоўныя ксяндзы. Заснаванне “Арганізацыйнага камітэта дзеля сазыву Беларускае канфэрэнцыі ў Вільні”, да якога далучыліся беларускія святары Уладзіслаў Талочка і Янка Семашкевіч, выклікала незадавальненне з боку “шчырых” польскіх ксяндзоў. Калі ж беларускія дзеячы спраектавалі выданне ўласнага каталіцкага часопіса “Сейбіт”, пралат Ян Ганусевіч ужо ад імя Віленскай біскупскай курыі афіцыйна забараніў ксяндзу Уладзіславу Талочку супрацоўнічаць з гэтым перыёдыкам.

Польскі бок у моўным касцельным канфлікце меў значныя перавагі: падтрымка дзяржавы, прыхільнасць ураду, прапольскае найвышэйшае кіраўніцтва. Беларускі бок такой падтрымкі не меў, адзіным аргументам магло быць апеляванне да нацыянальнага складу парафій і папярэдніх набыткаў у моўнай палітыцы.. У 1920 г. падчас візітацыі Вільні папскім нунцыем Акіле Раці (ад 1922 г. папа Пій ХІ) беларускія ксяндзы перадалі яму мемарыял, у якім прасілі Апостальскую Сталіцу прызначыць біскупа-суфрагана для беларусаў. Просьба засталася без адказу. Праз год беларускія свецкія і рэлігійныя дзеячы зноў накіравалі мемарыял да Акіле Раці, але ўжо ў больш пашыраным выглядзе. Апрача прызначэння біскупа-суфрагана для беларусаў, яны прасілі ўвесці ў Віленскай духоўнай семінарыі курс беларусазнаўства, а на тэрыторыі “Сярэдняй Літвы” дазволіць казанні па-беларуску, таксама перадаць беларусам для набажэнстваў адзін з віленскіх касцёлаў.

Наступным крокам у накірунку замацавання беларускіх пазіцый стаў з'езд беларускага каталіцкага святарства, што адбыўся 12—13 ліпеня 1921 г. у Вільні і ініцыятарамі якога былі Ільдэфонс Бобіч, Уладзіслаў Талочка і Адам Станкевіч. На з'ездзе былі зачытаныя чатыры рэфераты: Казіміра Стэповіча “Аб патрабаванні арганізацыі для ксяндзоў-беларусаў”, Адама Станкевіча “Пра беларускую мову ў касцёле”, Ільдэфонса Бобіча “Аб беларускіх рэлігійных выданнях”, Язэпа Германовіча “Аб уніі”. Былі прынятыя дзве пастановы, якія тычыліся як мясцовай касцёльнай улады (увядзення беларускай мовы ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі), так і найвышэйшай улады ў Апостальскай Сталіцы (дамагацца прызначэння ў Віленскую дыяцэзію біскупа-суфрагана). Для каардынацыі дзеянняў было вырашана заснаваць арганізацыю “Светач”. Тагачасная прэса з гэтае нагоды адзначала, што на беларускіх землях “працуе 30 з гарой ксяндзоў-беларусаў, злучаных у адну арганізацыю”.

Нарэшце 1 лістапада 1921 г. беларусы атрымалі магчымасць праводзіць набажэнствы ў літоўскім касцёле святога Мікалая ў вольны ад літоўскіх набажэнстваў час. У касцёле святога Мікалая праводзілі службы: Адам Станкевіч, Язэп Рэшаць, Казімір Стэповіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Пётра Татарыновіч, Віктар Шутовіч, Язэп Германовіч, Францішак Чарняўскі. Акрамя Вільні казанні па-беларуску гучалі ў Ідалці (Міхал Борык), Барадзенічах і Друі (Віктар Шутовіч), Пагосце (Янка Жук), Задарожжы (Францішак Рамейка), а таксама ў Германавічах, Іказні, Далёкіх, Баравых, Навалачы, Удзяле.

Беларускія палітычныя дзеячы, якія ўваходзілі ва ўрад БНР, цалкам падтрымлівалі дзейнасць ксяндзоў і, са свайго боку, таксама зрабілі некаторыя захады ў накірунку беларусізацыі касцёла. У лютым 1921 г. яны склалі праект мемарыялу, які быў падрыхтаваны для Апостальскай Сталіцы і ў якім спрабавалі звярнуць увагу Рыма на праблемы беларускага касцёла. Дзеячы БНР прапаноўвалі:

1. Каб у касцёлах Беларусі — Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Меншчыны, Магілёўшчыны, Смаленшчыны і ў Аўгустоўкім павеце — казанні, катэхызмы, пабочныя песьні і агульна ўсё дадатковае набажэнства (cultus suppletorius) адпраўляліся бы мовай беларускай, а ня польскай.

2. Каб у Духоўных сэмінарыях выклад беларускай мовы, літаратуры і гісторыі быў абавязковы.

3. Каб у Менскай і Магілёўскай дыяцэзіях біскупы былі беларусы, а не палякі, і каб у парафіях беларускіх ксяндзы-палякі былі замененыя бы ксяндзамі-беларусамі.

На жаль, урад БНР не быў дыпламатычна прызнаны ні Італіяй, ні Апостальскай Сталіцай, і дакумент застаўся па-за ўвагай і не змог ніякім чынам паўплываць на сітуацыю.

Неафіцыйны ўціск на беларускіх ксяндзоў з боку мясцовай свецкай і касцельнай адміністрацыі ў Польшчы доўжыўся да 1925 г. Падпісаны 10 лютага 1925 г. канкардат паміж Апостальскай Сталіцай і Польшчай, які рэгуляваў дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне, кардынальна змяніў сітуацыю. З парафій Менскай дыяцэзіі стваралася Пінская дыяцэзія, якую ўзначаліў Зыгмунт Лазінскі. Пінская, Віленская і Ломжынская дыяцэзіі ўтваралі Віленскую мітрапалітальную акругу, а Віленская дыяцэзія была падвышана да рангі архідыяцэзіі. Біскуп Юры Матулевіч 24 чэрвеня 1925 г. падаў у адстаўку і яго месца заняў паляк Рамуальд Ялбжыкоўскі, які стаўся ўжо першым арцыбіскупам.

Калі дагэтуль беларускія ксяндзы яшчэ маглі карыстацца беларускай мовай у казаннях і катэхізацыі, то пасля прыняцця канкардату любая ініцыятыва магла быць скасаваная. Асноўны змест дакумента ў адносінах да нацыянальных меншасцяў адлюстроўвалі наступныя артыкулы:

Артыкул ХІ

Назначэнне біскупаў належыць да Папежа, але Папеж згаджаеецца перад кожным прызначэннем зьвяртацца да Прэзыдэнта з пытаннем ці не мае ён ніякіх закідаў палітычных супраць кандыдата на біскупа.

Артыкул ХІІІ

Ксяндзоў на парафіі прызначае біскуп… Ксяндзы, дзейнасць якіх нязгодная зь бясьпекай Панства, на пробашча ня могуць быць прызначаныя, хіба толькі ўрад згадзіцца.

Артыкул ХХІІІ

Ужыванне ў дадатковых набажэнствах іншай як польскай мовы можа быць дапушчана толькі спецыяльнай канфэрэнцыяй біскупаў.

Артыкул ХІІІІ

Усе загады выдадзеныя перад канкардатам не маюць праўнай сілы.

Падпісанне канкардату выклікала значны рэзананс у беларускай каталіцкай супольнасці. Пратэст выказваўся як у парафіях, так і на старонках друку і нават у польскім Сойме. Так, 23 красавіка 1925 г. у дзень ратыфікацыі канкардата Соймам пасол кс. Адам Станкевіч дэманстратыўна пакінуў паседжанне і выехаў з Варшавы. Прэм'ер ураду БНР Ластоўскі паслаў мемарандум пратэсту ў Рым.

У траўні 1925 г. беларускія святары склалі мемарыял-адказ канферэнцыі польскіх біскупаў, у якім патрабавалі:

1. Як найхутчэй увесці ў духоўных сэмінарыях Вільні і Пінску навучанне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі;

2. Выдаць нормы і якія належа рэгуляванні ўвядзення ўжывання беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах на беларускіх землях, азначаных у гэтым мэмарыяле;

3. Пры разгранічэнні і падзелах дыяцэзій на землях усходніх ваяводстваў, беларускіх этнаграфічных тэрэнаў, гранічачыя з народам польскім ці ўкраінскім, далучыць да іх этнаграфічных земляў.

Мемарыял падпісалі: Фабіян Абрантовіч, Язэп Рэшаць, Антон Зенкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Францішак Рамейка, Адам Станкевіч, Янка Семашкевіч, Міхал Шалкевіч, Віталь Хамёнак, Францішак Аляшкевіч, Аляксандар Аўгустыновіч, Антон Шышка.

2 жніўня 1925 г. дзеячы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падалі мемарыял арцыбіскупу Ялбжыкоўскаму, дзе звярталі ўвагу на перавагу беларускага насельніцтва ў паветах новастворанай Віленскай архідыяцэзіі: “у Дзісненскім, Пастаўскім, Вялейскім паветах сярод каталікоў беларусы складалі — 95 працэнтаў, Гродзенскім, Ваўкавыскім, Слонімскім — 90 працэнтаў, у Лідскім, Свянцянскім, Браслаўскім, Ашмянскім — 50—70 працэнтаў, Беластоцкім — 40—50 працэнтаў”. Хадэкі патрабавалі:

1. Неадкладна ўвесці ў Віленскую Каталіцкую Духоўную Сэмінарыю выклады беларускае мовы, гісторыі і літаратуры;

2. Прыдзялення беларусам-каталіком аднаго з віленскіх касцёлаў;

3. Дапушчэння ўжывання беларускай мовы нароўні з польскай і лацінскай у адносінах з духоўнай уладай;

4. Распараджэння, каб у парафіях з беларускім насельнітвам казанні і дадатковыя богаслужэнні адбываліся па-беларуску;

5. Каб беларускіх святароў прызначалі ня ў польскія, а ў беларускія парафіі.

Рамуальд Ялбжыкоўскі цалкам адхіліў накіраваныя да яго патрабаванні. Аднак палітыка арцыбіскупа не была аднастайнай і характарызавалася пэўным лавіраваннем паміж польскімі і беларускімі коламі. Так у 1927 г. ён усё ж даў дазвол на друкаванне беларускага каталіцкага катэхізма і нават цалкам прафундаваў яго выданне, а ў 1928 г. дазволіў друкаваць Святую Гісторыю Старога Запавету на беларускай мове.

Нягледзячы на гэтыя захады, у Віленскай дыязэзіі распачаўся наступ на беларускамоўных ксяндзоў. Кс. Віктар Шутовіч, які працаваў у Барадзенічах Браслаўскага павету, у студзені 1927 г. быў пазбаўлены пасады па абвінавачванні ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Былі пазбаўленыя працы Францішак Рамейка і Міхал Шалкевіч. За актыўныя выступленні ў абарону беларускай мовы Францішак Чарняўскі быў пазбаўлены месца вікарыя пры касцёле Святога Яна ў Вільні і прызначаны на місіянерскую працу ў Францыю. Тых беларускіх ксяндзоў, якіх цяжка было абвінаваціць у антыпольскай працы, наўпрост пераводзілі ў іншыя парафіі (Язэп Рэшаць, Станіслаў Глякоўскі, Казімір Кулак).

Найбольш паказальны быў працэс над пробашчам Жодзішкаўскай парафіі Свянцянскага павету Вінцэнтам Гадлеўскім. “Пра Беларусь народ тут (у Жодзішках — аўт.) да прыезду кс. Гадлеўскага амаль нічога ня чуў... 7 верасьня 1924 г. выступіў ён з бойкім беларускім казаннем да парахвіянаў, напоўніўшых сьвятыню. Народ быў захоплены. Ён ня толькі не пратэставаў, але сам поўнасцю хутка ўключыўся ў беларускае адраджэнне. Стаў маліцца, пяяць песьні ў касцеле ў роднай беларускай мове...”. Польскамоўныя парафіяне звярнуліся да Віленскага біскупа (тады яшчэ Матулевіча) са скаргай на кс. Гадлеўскага, абвінавачваючы яго ў грэбаванні інтарэсамі палякаў. У рапарце на імя віленскага біскупа кс. Гадлеўскі паведамляў: “У першую нядзелю асталося слухаць польскага казання каля 40 асоб, у другую нядзелю крыху меней — асоб 25—30 і гэтая лічба асоб меней-болей аставалася ў кожную нядзелю і сьвята аж да Каляд. На першы дзень Каляд я зрабіў публічна падрахунак асоб, слухаючых польскай навукі: было ў касцёле мужчын 6 (шэсць) і кабет 15 (пятнаццаць), разам 21 асоба. Саўсім інакш выглядае справа з беларускімі навукамі — тагды людзей поўны касцёл, нават болей прыходзіць цяпер, чым гэта было даўней перад увядзеннем беларускай мовы ў касцёл”. Аргументы кс. Гадлеўскага не падзейнічалі і 22 чэрвеня 1925 г. ён быў арыштаваны і заключаны ў Лукішкаўскую турму ў Вільні. Зварот парафіянаў да прэзідэнта Польшчы і Папскага нунцыя ў Варшаве вызваліў кс. Гадлеўскага з-за кратаў. Аднак праз некаторы час ён быў зноў арыштаваны і асуджаны на два гады турмы.

Судовы працэс над кс. Гадлеўскім быў штуршком да далейшых рэпрэсій у дачыненні да беларускага каталіцкага руху. Арцыбіскуп Ялбжыкоўскі 10 снежня 1928 г. загадам №5216 забараніў вернікам у Віленскай архідыяцэзіі чытаць і распаўсюджваць “Беларускую крыніцу” і належыць да БХД. На пачатку 1937 г. выданне “Беларускай крыніцы” было забароненае, а ейныя выдаўцы на працягу дзесяцігоддзя адчувалі моцны прэсінг.

Польская дзяржава стаяла на парозе вайны і распачынала шырокае змаганне не толькі з “унутранным” ворагам, але і са “знешнім”. У выніку, 25 чэрвеня 1938 г. было праведзена пашырэнне памежнай паласы да 150 км. У адзначаную зону патрапіла большая частка беларускіх земляў, і беларускіх дзеячаў тут маглі залічыць да “няпэўных элементаў”. Так 28 лістапада 1938 г. былі выселеныя з Вільні Адам Станкевіч і Уладзіслаў Талочка, а таксама свецкі каталіцкі дзеяч Адольф Клімовіч.

Замацаванне савецкай улады ва ўсходняй частцы Беларусі змяніла традыцыйны лад жыцця. Разам з абвяшчэннем дыктатуры пралетарыяту і знішчэннем прыватнай уласнасці дзяржава ўзяла на сябе функцыі галоўнага духоўнага ідэолага, які разглядаў рэлігійныя інстытуцыі як небяспечнага апанента.

Нягледзячы на ваяўнічы атэізм і адміністрацыйныя перашкоды, асобныя беларускія святары па ўласнай ініцыятыве не толькі працягвалі сваю душпастырскую працу, але і захоўвалі яе нацыянальную накіраванасць. Прыкладам таго была дзейнасць магілёўскага пробашча Язэпа Белагаловага, які звяртаўся да вернікаў па-беларуску, а таксама адстойваў ідэю стварэння незалежнай беларускай каталіцкай царквы, падпарадкаванай непасрэдна Ватыкану.

Савецкая дзяржава з часам павялічвала наступ на касцёл. Так у 1922 г. быў ініцыяваны першы палітычны працэс над святарамі, які адбыўся ў Менску. Кскс. Яна Васілеўскага, Міхала Тамашэўскага і Адама Лісоўскага і некалькіх парафіянаў абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай антысавецкай дзейнасці, але фактычнай падставай для арышту стаў іх пратэст супраць канфіскацыі касцельных каштоўнасцяў. Вырак быў вельмі жорсткі — расстрэл, але пад уплывам грамадскай думкі ён быў зменены на турэмнае зняволенне.

Самым папулярным сродкам барацьбы са святарамі у савецкай Беларусі ў 20-х гадах з'яўлялася дэпартацыя ў Польшчу. Туды былі выселеныя Антон Неманцэвіч, Станіслаў Эйсмант, Люцыян Хвецька, Данат Навіцкі і Адам Лісоўскі.

У траўні 1926 г. Баляслаў Слосканс (латыш) атрымаў прызначэнне на пасаду Апостальскага адміністратара Менскага і Магілёўскага. У сваіх выступах ён імкнуўся выкарыстоўваць і беларускую, і польскую мову. Каб растлумачыць стаўленне да моўнай палітыкі, ён падчас наведвання Гомельскай парафіі звярнуўся да прысутнай у касцёле інтэлігенцыі па-польску: “Казанне мае на мэце выясніць усім вернікам, бяз розніцы ступені іхняе асветы, найважнейшую справу іхняга жыцьця, справу збаўлення душы. Дык гаварыць аб гэтым у такой мове, якое добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казанні ў розных мовах, я ня маю часу. Дзеля гэтага прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх кругоў вернікаў і выслухаць казанне ў беларускай мове”. За сваю актыўную дзейнасць на пасадзе Апостальскага адміністатара Баляслаў Слосканс у верасні 1926 г. быў арыштаваны і высланы ў Салавецкія лагеры. Праз чатыры гады ён вярнуўся ў Магілёў, дзе працягнуў працу, але зноў быў арыштаваны і высланы ўжо ў Сібір.

Нягледзячы на няспынны ўціск, касцельнае жыццё і на савецкай частцы Беларусі захоўвалася. Так у 1926 г. адбыўся з'езд святароў былой Менскай дыяцэзіі, на якім пробашч касцёла Святых Сымона і Алены (з 1929 г. — катэдральнага касцёла) кс. Адам Пучкар-Хмялеўскі выступіў з прапановай стварыць незалежную рымска-каталіцкую дыяцэзію на чале з беларускім біскупам. Аднак гэтая ініцыятыва засталася па-за ўвагай як савецкай улады, так і Рыму.

Трыццатыя гады прынеслі новы віток рэпрэсій. Пашырэнне сістэмы адукацыі, у аснову якой быў пакладзены атэістычны светапогляд, дало магчымасць ўладам сцвярджаць аб перамозе над рэлігіяй. У новых абставінах судовыя працэсы над рэлігійнымі дзеячамі сталі насіць выключна палітычны характар. Адзін з такіх працэсаў, згодна з якім сталіся арыштаванымі 55 чалавек, быў распачаты ў 1933 г. пасля раскрыцця так званай “Польскай арганізацыі вайсковай” (ПАВ). Кіраўніцтва прыпісвалася пробашчу менскай катэдры кс. Адаму Пучкар-Хмялеўскаму. На чале ж Гомельскага філіяла ПАВ, як лічылася, стаяў кс. Канстанцін Андрэкус. Па справе ў сувязі з абвінавачваннем у антысавецкай дзейнасці на карысць Польшчы праходзілі кскс. Ян Баравік (“менскі філіял ПАВ”), Пётр Аўгла (Апостальскі адміністратар Магілёўскі), Пётр Януковіч, Станіслаў Райка і інш. Яны ўсе былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакарання (расстрэлу). Ян Баравік, Пётр Аўгла, Пётр Януковіч, Станіслаў Райка расстраляныя 27 жніўня 1937 г. у менскай турме.

У верасні 1939 г. пасля акупацыі Заходняй Беларусі чырвонымі войскамі савецкія ўлады пачалі праводзіць антырэлігійную палітыку на далучаных тэрыторыях тымі ж самымі рэпрэсіўнымі сродкамі, якімі карысталіся на працягу двух дзесяцігоддзяў на ўсходніх землях Беларусі. Асноўнымі абвінавачваннямі супраць служыцеляў культу і вернікаў зноў былі: контррэвалюцыйная дзейнасць, сабатаж, шпіянаж на карысць заходніх дзяржаў, сацыяльнае паходжанне. Як вынік, за перыяд 1918 па 1941 гг. савецкімі ўладамі ў БССР былі знішчаныя 44 ксяндза з Магілёўскай дыяцэзіі і 9 — з былой Менскай дыяцэзіі і да пачатку нямецкай акупацыі 1941 г. ва Усходняй Беларусі не засталося ніводнага каталіцкага касцёла, а на Заходняй Беларусі рэлігійныя ўстановы адчувалі на сабе значны ўціск новай атэістычнай савецкай ўлады. Галоўнае ў такіх абставінах было выжыць, і пра захаванне беларускай мовы ўжо не было гаворкі.

З пачаткам нямецкай акупацыі Беларусі (чэрвень 1941 г.) пачалося пэўнае адраджэнне рэлігійнага жыцця. Новыя ўлады паспрабавалі знайсці падтрымку сваёй палітыкі сярод мясцовага насельніцтва. Улічваючы колькасную перавагу праваслаўных, яны ў першую чаргу зрабілі палёгкі адносна праваслаўнай царквы, у прыватнасці, арганізавалі абвяшчэнне яе аўтакефаліі. Тое ж, што тычыцца каталіцкай і пратэстанцкіх канфесій, то стаўленне да іх было больш асцярожнае.

Генеральны Камісар Беларусі Вільгельм Кубэ ў сваёй палітыцы рабіў стаўку на беларускі нацыяналізм, і касцёл не застаўся па-за ягонай ўвагай. Былі выдадзеныя часовыя школьныя правілы, якія прадугледжвалі свабоднае навучанне рэлігіі, як каталіцкай, так і праваслаўнай.

Са свайго боку захады па аднаўленню дзейнасці касцёла на Беларусі рабіў і віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. 13 кастрычніка 1941 г. ён быў прызначаны на пасаду Апостальскага адміністратара для Менскай і Магілёўскай дыяцэзіі з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. Сваёй уладай ён прызначаў ксяндзоў на працу ў былыя парафіі гэтых дыяцэзій. Пры гэтым, калі Генеральны Камісар прытрымліваўся прабеларускай палітыкі, то Апостальскі адміністратар адстойваў інтарэсы менавіта польскага касцёла, таму канфлікт паміж беларускімі і польскімі святарамі аднавіўся.

Нешматлікія беларускія ксяндзы адразу пасля пачатку новай акупацыі сталі праводзіць казанні па-беларуску (Віктар Шутовіч у парафіі Харошч, Антон Зянкевіч на Глыбоччыне, Эдвард Юневіч у Драгічыне). На прыканцы чэрвеня 1941 г. у Менск з Вільні прыехаў кс. Станіслаў Глякоўскі, які праводзіў па-беларуску набажэнствы ў менскім касцёле Св. Сымона і Алены. Ён падрыхтаваў да друку “Кароткі малітаўнік для беларусаў-католікаў”, які быў выдадзены ў снежні 1941 г. як лацінскімі, так і кірылічнымі літарамі. Таксама пры дапамозе бурмістра Менска Вацлава Іваноўскага быў перавыдадзены “Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў” Язэпа Рэшаця.

Выданне такой літаратуры выклікала рэзкі пратэст праваслаўных святароў. Ад гэтага часу пачынаецца востры канфлікт праваслаўных дзеячаў, як свецкіх, так і рэлігійных, з беларусамі-каталікамі. Праваслаўныя бачылі ў адраджэнні каталіцкага жыцця небяспечную канкурэнцыю свайму ўплыву на грамадства. Самым дзейсным сродкам іх барацьбы сталі звароты ў нямецкую адміністрацыю з абвінавачваннем каталікоў у тым, што тыя — палякі і звязаныя з антынямецкім патрыятычным падполлем. У сваю чаргу, палякі-каталікі абвінавачвалі беларускіх нацыянальных дзеячаў, у тым ліку і рэлігійных, у сімпатыях да камунізму. Беларускія каталікі таксама апелявалі да нямецкай адміністрацыі. Узаемныя скаргі і даносы рабіліся падставай для ліквідацыі святарства як каталіцкага, так і праваслаўнага. Такім чынам пасля выдання “Катэхізісу” Язэпа Рэшаця ў СД трапіў данос на Вацлава Іваноўскага, які абвінавачваўся ў спрыянні развіццю польскай нацыянальнай ідэі на Беларусі. Толькі асабістае заступніцтва Вільгельма Кубэ ўратавала Вацлава Іваноўскага ад арышту.

Няспынны кантроль адчуваў за сабой і Вінцэнт Гадлеўскі, які займаў пасаду Галоўнага інспектара беларускіх школ і адначасова праводзіў беларускія набажэнствы ў Катэдральным касцёле на Пляцы Волі ў Менску. У жніўні 1942 г. ён пакінуў пасаду Галоўнага інспектара. Аднак пакінуць “вялікую палітыку” кс. Гадлеўскі не здолеў. Ён уваходзіў у Цэнтралю Беларускай народнай самапомачы, дзе актыўна змагаўся за беларусізацыю касцёла. На адным з пасяджэнняў Цэнтралі кс. Гадлеўскі выступіў з прапановай стварэння асобнай беларускай мітраполіі, залежнай наўпрост ад Рыма, у выніку чаго Беларусь страчвала панаванне польскай юрысдыкцыі. Прапаноўвалася таксама стварыць інстытут генеральных вікарных і заснаваць на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь біскупства. Натуральна, што біскупам мусіў быць Вінцэнт Гадлеўскі. Аднак далей мемарандума на імя Вільгельма Кубэ справа не пайшла. З невядомых прычынаў кс. Гадлеўскі 24 снежня 1942 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і праз некаторы час знішчаны ў Трасцянецкім лагеры смерці. З яго смерцю справа беларусізацыі касцёла спынілася на доўгія дзесяцігоддзі.

З ліпеня 1944 г. тэрыторыя Беларусі зноў стала савецкай. Быў адноўлены савецкі лад жыцця і дзяржаўны апарат. У верасні 1944 г. значаная частка Беластоцкай вобласці і тры раёны Брэсцкай вобласці былі перададзеныя Польскай Народнай Рэспубліцы, Віленскі край так і застаўся ў межах Літоўскай ССР, што значна скараціла адсоткавы склад каталікоў у Беларусі. Палітыка савецкай улады ў адносінах да каталіцкага касцёла не была паслядоўнай, часцей за ўсё ўлічваўся нацыянальны і канфесійны склад насельніцтва. Ва Усходняй Беларусі (па тагачасным адміністрацыйным падзеле — Бабруйская, Палеская, Полацкая, Гомельская, Магілёўская, Менская, Віцебская вобласці), дзе пераважала беларускае праваслаўнае насельніцтва з невялікай колькасцю каталікоў, савецкі ўрад лічыў непатрэбным існаванне якіх-небудзь каталіцкіх устаноў. Да 1946 г. усе каталіцкія касцёлы тут былі зачыненыя, і легальнае каталіцкае жыццё на ўсходніх землях зноў спынілася.

У заходніх абласцях Беларусі сітуацыя была зусім іншая. Значную колькасць насельніцтва тут складалі каталікі, сярод якіх быў вялікі адсотак палякаў. Саветызацыя заходняга рэгіёну ў 1939—1941 гг. не паспела разгарнуцца ў поўнай меры, а пасля 1944 г. савецкія ўлады разумелі, што гвалтоўнае зачыненне культавых будынкаў выклікае незадавальненне насельніцтва. Таму ранейшая касцельная структура тут ў некаторай ступені была захаваная. Хаця і без кіраўніка, але працягвала існаваць Пінская дыяцэзія. Віленскае арцыбіскупства, фактычна, аказалася падзеленае на тры часткі: асноўная знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, меншая — у складзе Літоўскай ССР, астатняя частка — у Польшчы. Рэзідэнцыяй віленскага біскупа быў абраны Беласток і біскупства намінальна належыла да Польскай каталіцкай царквы.

Ксяндзам у гэты час стала выгадна быць (ці лічыцца) палякамі, бо тады падчас неспрыяльных абставінаў яны мелі магчымасць выехаць у Польшчу ці разлічваць на дапамогу польскіх найвышэйшых касцельных уладаў і нават Ватыкана. Паводле афіцыйных звестак, падчас першай хвалі рэпатрыяцыі (1944—1948 гг.) у межах абмену паміж грамадзянамі ПНР і СССР з Беларусі выехала 274 тыс. чалавек польскай нацыянальнасці, у тым ліку і вялікая колькасць беларусаў-каталікоў, якія пазначылі сваю нацыянальнасць як польскую. Пакінулі Беларусь і 304 духоўныя асобы. У сувязі з тым, што беларускія каталіцкія дзеячы: Вацлаў Аношка, Леў Гарошка, Язэп Дашута, Янка Жук, Янка Ляўковіч, Леанард Чэрняк, Эдвард Юневіч і інш — выехалі на Захад, пытанне аднаўлення беларускага касцёла доўгі час не ўздымалася.

Беларускае святарства, якое не жадала ці не паспела пакінуць Беларусь у 1944 г., патрапіла пад хвалю новых савецкіх рэпрэсій. Яны абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з немцамі, а таксама ў антысавецкай паваеннай дзейнасці, сабатажы, агітацыі супраць савецкай улады. Кс. Віктар Шутовіч, які з лета 1944 г. працаваў у менскім касцёле Св. Сымона і Алены, быў арыштаваны ў снежні 1945 г., прыгавораны да турэмнага зняволення і высланы ў канцлягер у Комі АССР. У красавіку 1949 г. у Вільні ахвярай рэпрэсій стаў кс. Адам Станкевіч. Ён быў прыгавораны да 25 год зняволення і памёр у тым жа годзе ў Тайшэтлагу. Былі рэпрэсаваныя Янка Семашкевіч, Міхаіл Шалкевіч, Андрэй Цікота. Усяго за перыяд 1944—1951 гг. былі арыштаваныя каля 180 духоўных асобаў, што складала блізу 70—80 адсоткаў усіх святароў у Заходняй Беларусі. Тыя, хто выжыў у лагерах, пасля ўжо не мелі магчымасці вярнуцца на Беларусь і выязджалі ў Польшчу.

Далейшая саветызацыя і дэнацыяналізацыя Беларусі, знішчэнне беларускамоўных школ, скарачэнне беларускамоўных перыёдыкаў і літаратуры выклікала адмоўную рэакцыю ў часткі свядомага насельніцтва, а таму беларусізацыя касцёла магла паспрыяць развіццю нацыянальнай свядомасці. Аднак каталіцкія святары апынуліся ў вельмі складаным становішчы. З аднаго боку, яны праводзілі палітыку традыцыйнай паланізацыі “крэсаў усходніх”, а з другога боку, адсутнасць тут польскамоўных школ прыводзіла да таго, што парафіяне ў большасці сваёй не разумелі польскай мовы ў казаннях, апошняе не павышала аўтарытэт святара і магло ў перспектыве адштурхнуць вернікаў ад касцёла.

Парадокс становішча БССР быў яшчэ і ў тым, што, у адрозненне ад суседняй Літвы, пры наяўнасці атрыбутаў дзяржаўнасці (сцяг, герб, міністэрствы і нават прадстаўніцтва у ААН) яна мела на сваёй тэрыторыі касцёл, які юрыдычна падпарадкоўваўся рэлігійным уладам суседняй дзяржавы. Таму патрабаванні каталікоў Усходняй Беларусі мець свае касцёлы прыводзіла да пэўнага структурна-лагічнага непаразумення. У такім выпадку, усходнія беларусы-каталікі вымушана траплялі б пад юрысдыкцыю польскіх касцельных уладаў, а іх набажэнствы аўтаматычна павінны былі стаць польскамоўнымі, што на Меншчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне выглядала б не зусім нармальным. Савецкае кіраўніцтва рабіла пэўныя захады для вырашэння гэтай сітуацыі. Адзін час нават афіцыйна разглядалася пытанне не толькі пра адкрыццё касцёлаў, але і пра стварэнне ў Менску незалежнага ад Польшчы біскупства.

У тых месцах Беларусі, дзе каталіцкія традыцыі яшчэ захоўваліся і ў савецкія часы, у 1950-х гг. назіраўся трывалы недахоп ксяндзоў. Гэта выклікала шматлікія скаргі і просьбы мясцовага беларускага насельніцтва. Дадзеная праблема магла быць вырашаная або праз накіраванне сюды выпускнікоў Ковенскай і Рыжскай семінарый, (адзіных каталіцкіх навучальных устаноў на той час у Савецкім Саюзе), або праз перавод у беларускія парафіі ксяндзоў з Літвы і Польшчы. Дзякуючы аднаму з такіх зваротаў парафіянаў, у 1953 г. у мястэчка Вішнева (Валожынскі р-н) з Літвы пераехаў марыянін, выхаванец Друйскай гімназіі і Віленскай духоўнай семінарыі Уладзіслаў Чарняўскі.

Пад уплывам такіх беларускіх каталіцкіх дзеячаў, як Андрэй Цікота, Адам Станкевіч, Францішак Чарняўскі, Віталіс Хамёнак і Вінцэнт Гадлеўскі, айцец Уладзіслаў зрабіўся прыхільнікам прынцыпаў даступнасці Божага Слова, а таму ў казаннях выбіраў тую мову, якая была зразумелая большасці парафіянаў. Так па прыездзе ў Вішнева ён наладзіў казанні і навукі па-беларуску.

Кс. Чарняўскі вёў ліставанне з вядомымі беларускімі каталіцкімі дзеячамі на эміграцыі, у прыватнасці, з генералам Ордэна айцоў марыянаў у Рыме (1963—1969) Чаславам Сіповічам і дырэктарам Беларускай секцыі Радыё Ватыкана Пятром Татарыновічам, (з 1964 г. дырэктарам душпастыраў лацінскага абраду сярод беларускай эміграцыі). Дзейнасць Уладзіслава Чарняўскага і маральная падтрымка гэтых двух святароў не засталася па-за ўвагай Ватыкана.

У 1962—1965 гг. на ІІ Ватыканскім саборы былі прынятыя некалькі важных рашэнняў, якія зрабілі палітыку Ватыкана больш адкрытымі. Была абвешчаная гатоўнасць да дыялогу з навукоўцамі, атэістамі, прадстаўнікамі іншых рэлігій, ухвалены экуменічны накірунак дзейнасці, які засцерагае ад міжканфесійных бар'ераў, падкрэслена важнасць разумення патрэбы абнаўлення касцёла і інш. Вялікае значэнне для сусветнай супольнасці, і беларускага грамадства ў тым ліку, мела прыняцце канстытуцыі “Пра святую літургію”, згодна з якой афіцыйна ўводзілася богаслужэнне на родных мовах. Цяпер ужо не толькі казанні, песні і гімны, але і ўсе часткі імшы (літургія слова, ахвяраванне дароў, абрад Святой камуніі і інш.) мусілі праводзіцца на нацыянальных мовах. Такія рашэнні павінны былі паўплываць і на пазіцыі касцёла на Беларусі, бо адной з умоваў пераходу набажэнстваў на беларускую мову, было стварэнне на ёй адпаведнай літаратуры.

Улічваючы тое, што Уладзіслаў Чарняўскі паслядоўна адстойваў беларускасць касцёла, з'яўляўся адзіным на ўсю рэспубліку ксяндзом, які паслядоўна прытрымліваўся беларускай мовы ў катэхізацыі і казаннях, у студзені 1968 г ён быў запрошаны ў Рым на аўдыенцыю да Папы Паўла VI. Пантыфік прапанаваў Чарняўскаму пры спрыяльных абставінах прызначыць апошняга на пасаду каталіцкага адміністратара і біскупа на Беларусі. Акрамя таго, падчас знаходжання ў Рыме кс. Уладзіслаў быў прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў і ў гэтай якасці мусіў зрабіць пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову.

Па вяртанні з Рыму кс. Чарняўскі, апрача душпастырскай працы, актыўна заняўся перакладамі літургічных тэкстаў і імшалу на беларускую мову. На жаль, святар так і не быў прызначаны на пасаду адміністратара і біскупа Беларусі, бо складаныя адносіны паміж касцельным польскім кіраўніцтвам, афіцыйнай Масквой і Ватыканам патрабавалі іншага кампраміснага вырашэння праблемы. Айцец Уладзіслаў зрабіў даручаныя яму пераклады, выслаў іх на апрабату ў Рым і праз некаторы час атрымаў запрашэнне зноў прыехаць у Ватыкан, але савецкія ўлады не далі дазволу на выезд. Паказальна і тое, што ініцыятыва кс. Чарняўскага па ўвядзенні беларускай мовы ў касцёле не была падтрыманая іншымі святарамі на Беларусі.

Толькі з пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў савецкім грамадстве актывізавалася і каталіцкае жыццё ў СССР. У 1989 г. быў прыняты закон “Аб свабодзе веравызанняў і рэлігійных арганізацый”. Да канчатковага пераадолення адмоўнага стаўлення савецкай дзяржавы да каталіцкай царквы прывяла сустрэча ў снежні 1989 г. Яна Паўла ІІ з кіраўніком СССР Міхаілам Гарбачовым.

У выніку зменаў у рэлігійнай палітыцы беларускія касцёлы былі выведзеныя з-пад юрысдыкцыі Віленскай і Пінскай дыяцэзій, і замест гэтага уключаныя ў склад створанай у 1989 г. Беларускай каталіцкай дыяцэзіі, якую ўзначаліў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З 1989 г. пачалася рэгістрацыя парафій у Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. 13 красавіка 1991 г. ужо пасля набыцця Беларуссю суверэнітэту на яе тэрыторыі замест адной Беларускай дыяцэзіі, былі створаныя тры: Гарадзенская, Пінская і Магілёўска-Менская, а ў касцельнае жыццё пачала нарэшце ўводзіцца дзяржаўная мова — беларуская.

Літаратура

1. Stankiewicz Ad. Rodnaja mowa u światyniach. — Wilnia. Adbitka z “Chryścijanskaj Dumki”, 1929.

2. Stankiewicz Ad. Bielaruski chryścijanski ruch. — Wilnia, 1939.

3. Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы 20 стагоддзя. — Менск—Мюнхэн, 1999.

4. Bielarus. 14 marca 1913.

5. Homan. 1918, №39.

6. Krynica. 24 zniunia 1919.

7. Krynica. 3 snieznia 1917.

8. Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XX ст.) / В.В. Грыгор'ева, У.М. Завальнюк, У.І. Навіцкі, А.М. Філатава; навук. рэд. У.І. Навіцкі. — Мн., 1998.

9. Надсан А. Друя і Грэка-Каталіцкая Царква на Беларусі. 1924—1938 гг. — Лондан: Божым Шляхам, 2001.

10. Найдзюк Я. Беларусь учора і сяньня. — Менск, 1944.

11. Пялінак В. Блаславёны віленскі біскуп Юры Матулевіч // Спадчына. — Мн., 1999. №№5—6.

12. Krynica. 29 lipienia 1921.

13. Krynica. 1925, №9.

14. Bielaruskaja krynica. 26 listapada 1926.

15. “У сувязі з перабудовай”. Ліст з асабістага архіву кс. Уладзіслава Чарняўскага. Копія захоўваецца ў прыватным архіве Алега Гардзіенкі.

16. Пануцэвіч В. Вінцэнт Гадлеўскі — дзяржаўны муж і правадыр беларускага народу // Беларуская Царква. 1965. №28.

17. Bielaruskaja krynica. 1932, №34.

18. Няхай сьведчаньне іх веры не забудзецца. Непакалянаў, 2001.

19. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993. с.82—83.

20. НАРБ. ф. 384. воп.1. спр. 64. арк. 7.

21. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1995. Т.2, с.448.

22. Глябовіч А. Касьцёл у няволі // Спадчына. — Мн., 1994. №1.

23. “Кепска будзе” (Успаміны а. Уладзіслава Чарняўскага), копіі арыгінала перахоўваюцца ў прыватным архіве Алега Гардзіенкі.

24. У халоднай хаце (Уладзіслаў Чарняўскі) // Наша ніва. 22 студзеня 2001.

25. Уладзіслаў Чарняўскі // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991 гг. — Мн., 1999.

 

 

Аглад моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ў ХХ ст.

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY