ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 8-2009

 

§23. Павел АНЦІПАЎ. ВУЧАЦЬ У ШКОЛЕ

 

ЗЬМЕСТ

§1. Павел Анціпаў

§2. Наста Манцэвiч

§3. Джэк Прэлуцкі

§4. Андрэй Пакроўскі

§5. Галляш Дзянісаў

§6. Міхал Бараноўскі

§7. Рэй Брэдберы

§8. Кірыла Анохін

§9. Аня Міхальчук

§10. Алеся Лапіцкая

§11. Джойс Кэрал Оўтс

§12. Ігар Кулікоў

§13. Вольга Давыдзік

§14. Віталь Рыжкоў

§15. Кірыл Дубоўскі

§16. Святлана Богуш

§17. Вікторыя Осіпчык

§18. Алешандры Радрыгеш

§19. Ганка Шэпт

§20. Наталка Харытанюк

§21. Ян Бжэхва

§22. Уладзь Лянкевіч

§23. Павел Анціпаў

Беларус

Ну так, школа — гэта цэлы свет. Гэта такое жыццё ў жыцці, the happiest days of our life.

Я выходжу з дому з кветкамі і іду ў дзіцячы садок. Першы клас у мяне там. Такая вось недашкола і напаўсадок. Каб патрапіць туды, я словамі апісваў агурок, картку з якім выцягнуў, як білет на іспыце, з кучы перавернутых карцінак. Цётку, што экзаменавала, я ўразіў тым, што ведаў слова “пухірочкі”.

Я выходжу з дому з кветкамі. “Першы раз у першы клас”, — які ўжо раз паўтарае па маёй просьбе мама. Я спрабую завучыць гэтае выслоўе на памяць.

— А хто з вас, дзеці, ведае літары? — пытаецца настаўніца.

Угору цягнуцца рукі. Роўна столькі, колькі трэба для эксперыменту. Я ведаю літары. Руку не цягну. Крыху пабойваюся. Інстынкт самазахавання падказвае мне, што нельга раскрывацца ад пачатку.

Да дошкі выходзяць, напрыклад, Алеся Дубоўская, Вова Пятровіч, хтосьці яшчэ. Настаўніца дае кожнаму па картцы з літарай. Е, Р, С, Б, У, Л, А.

— А цяпер станьце так, каб атрымалася слова, — просіць настаўніца.

Дзеці доўга кумекаюць. Вельмі доўга. Я ўжо даўно ўсё зразумеў. Гэта слова “ЛЕСАРУБ”.

— Лесаруб, — кажу я ціхенька.

Дзякаваць Богу, мяне ніхто не чуе. Дзеці выбудоўваюць “БЕЛАРУС”.

— Малайцы дзеці! Беларус! Пачнем урок “Я — беларус”...

Ленін

Першыя гады жыцця прайшлі з імем Леніна, ягоным прозвішчам, ягоным псеўданімам. Жыў-быў такі Ленін, і зрабіў ён усім нам добра. Каб не ён, то было б цяпер нашмат горш. Усім жа дзецям добра, праўда? Вось узяць аднаго якога-небудзь дзіцёнка, павыпытваць, ну як табе? Не ў гэты канкрэтны момант, а ўвогуле — глабальна, як жыццё? Пытанне не простае, але ж не дрэнна, га? Бадай, што не дрэнна. А калі не дрэнна, тады добра. І за гэта вось усё дзякуй Леніну.

Віня-Пых гэта больш чым твор і больш чым кніжка. Для мяне, як і для многіх даследчыкаў творчасці Мілна, някемлівы мядзведзік — гэта ўвасабленне пэўнага ладу жыцця, своеасаблівага збору каштоўнасцяў. Ягонае светаўспрыманне мне вельмі блізкае. Адзіным, што матывавала мяне да працы над перакладам, гэта прыемнасць, якую я атрымліваў ад пагружэння ў цудоўны і непаўторны мікрасвет Стосоткавага Лесу.

 

Паводле Віталя Воранава

Я таксама хацеў, каб праз мяне людзям было добра, а таму ўважліва выслухоўваў усе гісторыі пра Леніна і намотваў на яшчэ адсутны вус. Напрыклад, быў такі аповед пра тое, як маленькі Ленін прыехаў у госці да цёткі. Там ён з цётчынымі дзецьмі някепска павесяліўся: бегаў, скакаў, уцякаў, даганяў, ну і, вядома ж, зачапіў, як звычайна, вазу. Ваза ўпала і разбілася. Цётка паклікала ўсіх дзяцей і кажа: ”А-ну, прызнавайцеся, хто вазу разбіў?” І Ленін, хаця і не адразу, але ў выніку, праявіў сілу духу і расказаў усё. Адсюль мараль — калі не будзеш сумленным, то ніколі не зробішся Леніным.

23.jpg

У маёй суседкі па парце была нейкая вельмі прыгожая сцірка. А ў мяне не было. На адным з перапынкаў я непрыкметна ўзяў гэтую сцірку сабе і нікому нічагусенькі не сказаў. Цэлы вечар дома я нешта маляваў і сціраў цудоўнай гумкай, а назаўтра настаўніца на першым уроку пытае:

— Дзеці, у Лены знікла ейная любімая сцірка. Можа, хтосьці з вас узяў? Вярніце, калі ласка.

Я ажно разгубіўся. Ну, вядома, я ўзяў. Толькі, што ж мне цяперака рабіць, калі настаўніца пытае?

— Дзеці, прыгадайце, можа, хто-небудзь бачыў?

“Ну што, вырашай. Ленін ты ці не?” — біла ў скронях.

Тут я ўзнімаю руку, прызнаюся, выбачаюся, вяртаю сцірку. Нішто сабе адрыналінчык я вам скажу.

Так і жыў у першым класе: выконваў запаветы Леніна, вывучаў дзіцячую літаратуру пра рэвалюцыю, жадаў усім зрабіць добра і праславіцца. І чым далей, тым больш назаляў маме пытаннямі пра Уладзіміра Ільіча. “Мам, а Ленін праўда тое? А ці сапраўды ён сёе? Мам, а кажуць, што Ленін...? Слухай, а вось Ленін...”

Васьмідзесятыя паціху міналі, і мама, відаць, надта стамілася ад гэтае ленініяны і не думала ўжо шкадаваць дзіцячыя пачуцці. Таму на чарговае такое пытанне адказала вельмі груба:

— Гаўно твой Ленін.

Тады я змоўк надоўга. Я мусіў абдумаць гэтую важную інфармацыю. Я мусіў быў зразумець, чаму мама так сказала. На гэта павінна была быць вельмі важкая прычына. У кожным разе, аўтарытэт майго куміра сур'ёзна пахіснуўся. Ды якое там, пахіснуўся — сонца Леніна згасла назаўжды. Казаць праўду я пачаў усё радзей і радзей.

Калі Ленін гаўно, то ўсё дазволена.

Яўменка

Мяркуючы па школьных дзённіках, самым жахлівым класам быў пяты. Ужо 3-га верасня скачок у даўжыню з месца — 2. Русіца: почерк в тетради — 2. І крос — 2, і падцягванне — 2; спевы: паводзіны — 2; гісторыя: Не вучыць!; руская — не учит!; французская — Не падрыхтаваны!

Лістапад (крывабока): Канікулы Ура Ура Канікулы.

Снежань: На ўроках не слухае тлумачэння, а дома не вучыць правілы. Паводзіны — 2.

На першых аркушах студзеня. 1992. 1+9+9+2=21. Відаць, падгледзеў на вокладцы “Аганьку”, дзе яшчэ быў надпіс “Цяпер пашанцуе”.

Не пашанцавала. У графах беларускай мовы дзіцячай рукой напісана: не ведаў правіла, не вывучыў правіла — роспіс настаўніцы. Наступныя тыдні спрэс чырвоныя. На ўроках займаецца іншымі справамі і не слухае тлумачэння! Спазненне — незд. Поведение — неуд. Работа над памылкамі — 2, не вучыць, не прачытаў. Тэрмінова бацькоў выклікаюць у школу! Да ўроку англійскай рыхтуецца на ўроку беларускай.

Увесь час круціцца на ўсіх уроках. Выкрыквае на ўроках. Фізра — Уцёк! Паводзіны нахабныя, абуральныя, шкодніцкія.

Хто ўсе гэтыя людзі, што не шкадуюць чырвонага атраманту? Што яны рабілі побач з адзінаццацігадовым дзіцем, чаму хацелі навучыць?

Паміж тыднямі сакавіка ляжыць лісток з сачыненнем “Калі б я быў чараўніком”.

Калі б я быў чараўніком, я б шмат чаго зрабіў. Па-першае, мне вельмі шкада бяздомных кошак і сабак. Я б для іх зрабіў нешта накшталт прытулку, дзе б іх кармілі, мылі, карацей, даглядалі іх не горш, чым пародзістых кошак, якія жывуць у багатых сем'ях. Па-другое, выцягнуў бы нашу краіну з крызісу. Каб усім жылося добра, і ніхто не з'язджаў за мяжу. Па-трэцяе, зрабіў бы так, каб у мяне былі грошы. Траціў бы іх на сябе і на сям'ю, а то грошай ў сям'і не вельмі хапае. Карацей, зрабіў бы, каб усім было весела і мне ў тым ліку. Я наладжваў бы балі, запрашаў бы на іх аднакласнікаў, сяброў, некаторых настаўнікаў. Як добра, што зло заўсёды бывае пакарана, і далёка не ўсе настаўнікі патрапяць на баль!

***

Горш толькі Залмаўна. Сярод Пятровічаў, Іванаўнаў і Мікалаеўнаў зацясалася Яўменаўна. Залмаўна вяла французскую ў старэйшых класах, але часам замяняла ў малодшых, дзе на кожным уроку дазваляла сабе гарлаць на вучняў, тузаць іх за вушы альбо разбіваць аб іхныя лбы пластмасавыя лінейкі. Залмаўна — звер, якога можна распазнаць па імені. Тое самае з Яўменаўнай. Інакшасць, закладзеная ў такім імені па бацьку, не дазваляе чакаць ад такой настаўніцы нічога добрага. Так і выйшла.

У “пятым” змянілася класная кіраўніца. Цяпер ёю стала Ірына Яўменаўна, адразу ж празваная Яўменкай. “Пацакі, шуба! Яўменка ідзе!” — і клас адразу ж сціхаў. На ейных уроках гісторыі даставалася ўсім. Уласна “Гісторыі” я з гэтых урокаў не памятаю.

Памятаю, як яна пясочыла Ісаеву за нафарбаваныя вусны, не саромеючыся назваць яе прастытуткай.

Мне ад Яўменкі таксама даставалася. Яна ўсе мае творчыя патугі знішчала ў зародку. У пятым класе я надумаў выдаваць класную газету для хлопчыкаў. У тым узросце клас выразна падзяляўся на дзяўчынак і хлопчыкаў, якія, здавалася, і блізка б адно да аднаго не падыходзілі, калі б не школа. У гэтай хлапчуковай газеце, названай вельмі проста: “Навіны 5А”, я пісаў, зразумела, навіны, абвяшчаў конкурсы, намагаўся жартаваць і нават пісаў вершы. “Шоў Шапо аднойчы ў школу, еў батон, піў Кока-Колу”. Шапо — гэта наш настаўнік матэматыкі. Калі газета дайшла да Яўменкі, верш пра Шапо першым падпаў пад крытыку.

“Уладзімір Іванавіч не можа піць Кока-Колу! Ды як табе такое да галавы прыйшло?!” Далей ішлі вострыя рэплікі наконт таго, што лепш бы я вучыўся, а не газеты пісаў. У доказ гэтаму яна выклікала мяне да дошкі, спытала пару гістарычных датаў і, калі я нічога не здолеў адказаць, радасна паставіла мне “двойку”. Пасля гэтага, каб ёй насаліць, я выдаў асобнік газеты на зашыфраванай мове, дзе замест літар былі сімвалы. Аднак горш зрабіў толькі сабе, бо гэтыя сімвалы ніхто не мог прачытаць.

Потым я яшчэ напісаў кніжку на дзве старонкі, а Сашка Патук намаляваў туды карцінкі. У кніжцы было пра тое, як старыя гулялі ў “Настольны пеніс”. Кніжку пусцілі па партах і, вядома ж, яна дайшла да Яўменкі, якая з непрыхаваным задавальненнем парвала яе на дробныя кавалачкі, адзначыўшы, што ў настольны пеніс ніхто не гуляе, і выгнала мяне з класа.

У класе Яўменку ніхто не любіў. Яна занадта рэзка і груба выказвалася. Не любілі Яўменку і бацькі — дзеці занадта часта жаліліся. Ды што там, Яўменку не любілі нават калегі-настаўнікі. У яе для іх усіх былі напагатове мянушкі. Русіцу, напрыклад, за ціхі голас, Яўменка называла “Мяўкала”. Дзіўна, што Яўменку не звальнялі.

Аднойчы гісторыя праходзіла ў кабінеце спеваў. Брыдкая, тоўстая, у цёмных, на паўтвару, акулярах Яўменка, села на перапынку за піяніна і пачала граць. І тое, як яна грала, было зусім не падобна на тое, што яна Яўменка. Аднакласнікі, канечне, не прамінулі парагатаць за дзвярыма класа. Маўляў, вось лажа, Яўменка — і грае. А я не рагатаў. На маіх вачах разбураўся космас. Бо ж такія людзі, як Яўменка, не павінны былі граць на піяніне.

А далей што? Далей нас пачалі дзяліць на добрых і дрэнных вучняў. Добрыя ішлі ў добры клас, дрэнныя — у дрэнны. Мяжа прайшла па мне. Школа доўга вырашала, у які клас мяне адправіць. Дакладней, зусім не доўга, а адразу — у дрэнны. Адзіная, хто была супраць, — Яўменка.

Яўменка? Я нічога не разумеў. Яна званіла маёй маці, казала зусім не тое, што я прызвычаіўся чуць пра сябе на ўроках. Выходзіла, што Яўменка зусім не лічыла мяне тупым. Менавіта Яўменка настроіла нас на тое, каб мы гэтага так не пакідалі, каб ішлі да дырэктара, яшчэ вышэй і яшчэ. Сама яна абараняла мяне ў школе. І праз месяц я быў у добрым класе.

Праз год Яўменку ўсё ж такі звольнілі.

Праз пяць была сустрэча выпускнікоў. На яе паклікалі ўсіх нашых настаўнікаў, якіх змаглі знайсці. Яўменку нават не шукалі. Я на сустрэчу не пайшоў.

***

Калі я хаджу ў паліклініку, то мінаю адну з непрыкметных хрушчовак. Хтосьці калісьці сказаў мне, што там жыве Яўменка. Зрэшты, я ў гэтым не ўпэўнены. І цяпер, калі я праходжу міма гэтага дома, у якім яна, можа, нават і не жыла ніколі, я ведаю, што калі б я быў чараўніком, я запрасіў бы Яўменку на баль.

Заўважце, што людзі часта гавораць — паводзь сябе як дарослы, не будзь дзіцём, куды табе, гаўно малое. У той жа час, бывае, здзіўляемся, што гэтае малое разумнае не па сваіх гадах, а некаторыя дарослыя ніяк не могуць знайсці сябе ў дарослым свеце.

 

Паводле Віталя Воранава

Цюбік

У пятым класе школа рэзка змяняецца. Дадаюцца новыя прадметы і новыя настаўнікі. Замест класнай, якая паспявала выкласці і матэматыку, і чытанне з мовамі, з’яўляецца Яўменка, якую бачна толькі на гісторыі. Настаўнікамі робяцца нейкія дзядзькі і цёткі, якіх ты раней бачыў толькі на перапынках, а цяпер трэба запамінаць іхныя імёны і кабінеты, у якіх яны выкладаюць.

Адзін з кабінетаў ну ўжо зусім фантастычны — гэта склеп. Спушчаешся па лесвіцы, а перад табой абабітыя лістамі жалеза дзверы. Паспрабуй толькі спазніцца на гэты ўрок, і гэтыя дзверы перад табою не адчыняцца. І не таму не адчыняцца, што ім шкада. А таму, што будзеш грукаць — цябе не пачуюць. Там далей яшчэ калідорчык і два кабінеты. У адным нейкія варштаты, свердзелы, дошкі, малаткі. У другім сядзіць твой клас і слухае Цюбіка.

А Цюбік апавядае дзівосныя рэчы. Першы ўрок — вучымся разгінаць цвікі.

“Не спяшайцеся выкідаць сагнуты цвік або дошку з сагнутымі цвікамі, — тлумачыць Цюбік. — Бярэм дошку. Вось так. Дастаем цвік малатком-цвікадзёрам. Ага. Бярэм цвік кусачкамі, кладзем на кавадла і малаточкам раўняем”. І ўвесь клас раўняе.

Ужо з самага пачатку ўрокі працы мне спадабаліся. Яны прыносілі ў жыццё дадатковы сэнс. Калі ў маленстве я, знайшоўшы ў хаце малаток з цвікамі, браўся забіваць цвікі ў дошку, то забіўшы, я дасягаў мэты, і рабілася сумна. А цяпер я дазнаўся, што цвікі можна даставаць і разгінаць. Выходзіць бясконцая гісторыя: забіў — дастаў — разагнуў — забіў, дастаў... Да таго ж, эканомія цвікоў.

На другім занятку нас вучылі рабіць асадкі з дроту з каляровай ізаляцыяй. “Глядзіце дзеці, бярэм стары трансфарматар, змотваем дрот”. Дрот быў сіні і чырвоны.

Цюбік вучыў, як можна ім мудрагеліста аплесці стрыжань. Выходзіла такая плеценая асадка, якой я яшчэ паўгады карыстаўся. Цюбік рыхтаваў нас да цяжкага жыцця, дзе не ставала асадак, не хапала цвікоў: усё трэба было рабіць сваімі рукамі. Такі час і быў.

Урок працы дзяліў клас на дзве групы. На дзяўчынак і хлопчыкаў. Дзяўчынкі на другім паверсе варылі кашы, вязалі кручком, вышывалі — іх таксама рыхтавалі да самастойнага жыцця. Хлопчыкі ў склепе займаліся вельмі грунтоўнымі рэчамі: рабілі нажы з кавалкаў сталі, пілавалі дошкі, свідравалі, выпальвалі. Гэтыя склепавыя ўрокі вельмі збліжалі слабую палову класу (дзяўчынкі ў тым узросце былі нашмат мацнейшымі). Цюбік дазволіў прыносіць на ўрокі магнітафон. Склеп быў ужо не зусім школай, гэта быў клуб, куды школа не магла дабрацца. Кожную суботу дзверы склепу замыкаліся на два ўрокі, і мы займаліся там толькі тым, што падабалася. Слухалі музыку, грукалі малаткамі, а Цюбік расказваў нам страшныя гісторыі.

Ён чытаў нейкую агромністую колькасць бульварных газетаў, тыпу, “Прыватнага дэтэктыву” і ”Абсалютна сакрэтна”.

Кожны ўрок мы дазнаваліся пра якое-небудзь новае лютае забойства, маньяка-адзіночку, маці, што з'ела дачку. Калі гісторыі сканчаліся, мы пачыналі травіць анекдоты. А што яшчэ адзінаццацігадоваму для шчасця трэба?

Хто ды чаму назваў яго Цюбікам? Можа ён калісьці хадзіў у берэце? Берэт, вусы — вось вам і Цюбік. Відаць, гэта прыдумалі старшакласнікі, якія ставіліся да яго здзекліва і неяк па-дзіцячы злосна. На адным з урокаў яны праходзілі міма вокнаў нашага склепу. Пабачылі Цюбіка, пачалі крычаць “Цюбік!”, грукаць у шыбу, рагатаць.

Цюбік бяскрыўдна пагражаў рукою, казаў нешта смешна-пагрозлівае, але наўрад ці гэта было чуваць з таго боку акна. Калі старшаклашкі сышлі, Цюбік, каб не выглядаць недарэчна перад намі, разгарнуў нейкі сшытак і на апошняй старонцы запісаў прозвішчы крыўднікаў: “Занясу іх у чорны спіс”, — сказаў Цюбік і паглядзеў на нас. Але выглядала недарэчна. Засталося пачуццё, што ён прайграў. А як хацелася, каб выйграў.

Пра сваю мянушку, ён, безумоўна, ведаў, але рабіў выгляд, што не ведае. “Цюбік, а чаму вас завуць Цюбікам?” — выкрыкваў хто-небудзь з нас. Тады мы пасталелі і зрабіліся крыху злейшымі. Цюбік не звяртаў увагі і пераключаўся на якую-небудзь гісторыю. Аднойчы, мы далі яму запоўніць анкеты. Такія бываюць ва ўсіх школах: як цябе зваць, якую музыку слухаеш, любімы прадмет, любімы настаўнік. Цюбік запоўніў і пачаў чытаць некаторыя адказы. Амаль паўсюль на пытанне любімы настаўнік быў адказ: Цюбік. “Ха-ха, як смешна вы прыдумалі. І каго гэта вы так называеце?” — штучна здзіўляўся Цюбік. “Ды вас жа ж, вас!” — крычалі мы. Але ён рабіў выгляд, што смяецца і не чуе. Цюбік не любіў быць Цюбікам, але, напэўна, яму спадабалася, што ён любімы настаўнік.

Відаць, наш клас ставіўся да Цюбіка прыхільней за астатнія. Старэйшыя, не хаваючыся, здзекваліся з яго, малодшыя кідаліся на ўроках малаткамі і толькі мы на ўроках працы слухалі музыку, показкі і жудасныя гісторыі, а сама вялікую непавагу праяўлялі, называючы Цюбіка ў твар Цюбікам. Класе ў восьмым праца скончылася, мы перасталі хадзіць па суботах у склеп. Незадоўга да гэтага Цюбік пачаў выпіваць, а, можа, гэта зрабілася заўважным толькі незадоўга да гэтага. Ён прыходзіў і казаў: “Вы чым-небудзь пазаймайцеся, а я пасяджу, а то мне вельмі галава баліць”. Але нам не было чым займацца, калі ён не расказваў свае байкі, і мы чапляліся да яго: “Аляксандр Пятровіч, раскажыце, калі ласка, пра шкоду алкаголю”. Ён стомлена ўсміхаўся і адпушчаў нас з другога ўроку.

Пасля я дазнаўся, што ад Цюбіка сышла жонка. З дзецьмі. Было дзіўна, што ў яго ёсць нейкае іншае жыццё. Здавалася, што ён так і жыве ў склепе, ягоныя дзеці — гэта мы, а жонка... Жонкі ў яго няма. Навошта яму жонка, калі столькі дзяцей. Тым не менш, штовечар Цюбік вяртаўся дамоў, дзе ў яго была сям'я. Ён і цяпер вяртаўся дамоў, толькі цяпер нікога там няма. Я ішоў з мамай і братам, ён ішоў насустрач. Мы павіталіся. Ён адказаў неяк бездапаможна, паказваючы ўсім сваім выглядам, што ў яго ўсё добра, але так старанна гэта паказваў, што было відаць, што ўсё кепска. Мне зрабілася сорамна, што я з мамай і братам, а ён адзін.

Неяк не хочацца верыць, што ён памёр. Я не бачыў яго ў труне, не бачыў магілы. Я ўвогуле яго даўно не бачыў. Праз колькі гадоў пасля школы пачуў, што ён згарэў на сваім лецішчы. І адны казалі, што заснуў п'яны, другія, што яго забілі, а дом падпалілі, што цяжка было апазнаць... Калі ва ўсё гэта паверыць, выходзіць, што дзесьці ёсць магілка, на якой напісана “Аляксандр Пятровіч Карпіловіч”.

Аднойчы Цюбік перамог. Ён стаяў на ганку школы, тлумачыў штосьці дзецям, калі да яго падбег нейкі цыбаты, напэўна з тых, што скончылі школу, пастукаў Цюбіка па лысіне, крыкнуўшы “Цюбік!”, і пабег. Секунду Цюбік вагаўся, але потым сарваўся наўздагон за крыўднікам, дагнаў яго і паваліў на зямлю. Цыбаты ажно разгубіўся і падрыхтаваўся да немагчымага — да таго, што Цюбік будзе яго біць. Але той узняўся і нешта ціха сказаў, было не разабраць — далёка забеглі. Цыбаты ўстаў, кіўнуў і сумна пашыбаваў прэч.

Дадатковы сэнс

Не магу сказаць, што школа — гэта вясёлы занятак. Ад яе мяне часта хіліла на сон, асабліва, калі першая змена і трэба ўздымацца а 7-ай раніцы. Гэта пасля ўжо я разлічыў, што дарога ў школу займае ад 7 да 9 хвілін і пачаў прачынацца без дваццацці — без пятнаццацці. Зрэшты, я ўсё адно не высыпаўся. Можа, калі хадзіць у школу, вучыцца і атрымліваць задавальненне ад кожнага ўрока, то не нудна. Толькі пакажыце мне гэткага ідыёта. Хаця, я быў такім года паўтара. Менавіта столькі я вучыўся, каб быць найлепшым, каб мець больш за ўсіх “пяцёрак”, каб хуткасць чытання пад 300 словаў і алфавіт на памяць. Ды толькі гэта пастаянны стрэс, пастаянная боязь, што хто-небудзь абгоніць, што будзеш не лепшым — дужа стамляе.

Тады я кінуў гэта ўсё. Перастаў рыхтавацца, і калі хто-небудзь абганяў мяне, то не было да болю крыўдна, а калі лідзіраваў я, то было прыемна да ачмурэння, што я нічога не рабіў і вось ён я — першы. Толькі з таго часу ў школе зрабілася сумна.

Я яшчэ па інэрцыі неяк рашыў увесь падручнік па матэматыцы за другі клас і прачытаў усю кнігу па чытанні. Але было гэта ўсё для таго, каб адпачываць на ўроках і нічога не рабіць. Канечне, часткова й для таго, каб паказаць, наколькі я добры. Ды толькі астатнія паступова мяне даганялі, і зрабілася ясна, што да канца класа ўсе будуць такімі ж добрымі, як і я. Бессэнсоўная нейкая школа гэтая, думаў я, седзячы на задняй парце, прыдумляючы сабе новыя і новыя забаўкі. Прывязваў сваю асадку да доўгай ніткі і кідаў яе куды-небудзь падалей, а потым цягнуў да сябе. Трэба было так налаўчыцца, каб асадка не зачапілася за парту альбо чаравік аднакласніка. Гэта забаўляла. У гэтым быў нейкі сэнс.

Вынаходніцтву такіх вось дадатковых сэнсаў прысвяціў я школьныя гады.

Крокамер

У другім класе мама падарыла мне электронны наручны гадзіннік. Гэта асвятліла школьныя ўрокі, дый наогул усё жыццё. Па-першае, цяпер дакладна было вядома, колькі засталося да перапынку. Па-другое, кожная новая гадзіна прыносіла з сабою вялікую радасць.

Менавіта вялікую радасць я адчуваў, калі бачыў заканчэнне аднае гадзіны і пачатак новае, калі 59 секундаў пераходзіла ў 00, пераўтвараючы адначасна хвіліны ў гадзіны. Так у маленстве я несвядома атрымліваў асалоду ад пераходу колькасці ў якасць, а заадно і ад тэхнічнага прагрэсу ў выглядзе электроннага гадзінніка.

Часта я заходзіў у краму “Бурштын” каля матчынай працы, дзе апрача ўпрыгажэнняў і гадзіннікаў механічных, можна было паглядзець на розныя электронныя секундамеры, тэрмометры, усялякія вымяральнікі радыяцыі і інш. Сярод усяго гэтага мяне прывабіў крокамер. Невялікае такое прыстасаванне чырвонага колеру. Ён мацаваўся зашчэпкай на поясе і адмерваў кожны крок. Можна было паглядзець, колькі крокаў ад дому да школы, ад школы да дому, колькі ты прахадзіў у школе. Вось дык дзіва! Ды толькі кошт крокамеру быў завялікі. З матчыных размоваў я разумеў, што мы ўсім вінныя, і баяўся нават намякнуць на тое, што хацеў бы атрымаць у падарунак.

Так я жыў і марыў пра крокамер. Хадзіў у школу, гуляў у двары, нават ў пясочніцы. І вось капаўся ў пяску і знайшоў такі маленькі жоўты кавалачак металу ў выглядзе нейкай кветкі. Ад мамы я дазнаўся, што гэтая штука называецца кулон. Выявілася, што кулон гэты залаты.

Гэта была проста залатая знаходка!

Мы селі з мамаю на трамвай і паехалі ў пункт здачы каляровых металаў. Прадзіраючыся скрозь цыганак, якія прапаноўвалі нам заплаціць больш, мы падышлі да вакенца з прымальніцай і вагамі. 1,8 грама — цана гэткая.

Ух! Гэтага хапала, каб раздаць частку пазыкаў і мне на падарунак. А я ўжо ведаў, што папрасіць. Назаўтра я прыйшоў у школу з крокамерам на поясе. Кожны мой крок цяпер фіксаваўся, кожны быў важны. Да мяне адразу пачалі чапляцца аднакласнкі з просьбаю панасіць крокамер, але я ім усім пакуль адмаўляў. Я шчэ сам не нанасіўся.

Як мы ўжо пагадзіліся — дзіцячай і дарослай літаратуры не бывае, бывае прымітыўная і надзьмутая літаратура, але чамусьці ані дарослыя, ані дзеці такой літаратуры чытаць не хочуць.

 

Паводле Віталя Воранава

Вось зраблю 99 тысячаў 999 крокаў і яшчэ адзін, тады дам, — казаў я.

І вось я чакаў гэтага цудоўнага колькаснага пераўтварэння пяці дзевятак у нулі. Але справа гэтая, як выявілася, не хуткая, працэс рабіўся ўсё нуднейшым з кожным крокам. Таму неўзабаве я ўжо даваў крокамер аднакласнікам. І мы хадзілі на перапынках, пакуль нехта не раскрыў сакрэт: калі страсянуць прыбор у руцэ, то дадасца яшчэ адзін крок. Што тут пачалося. На ўсіх уроках мы займаліся набіваннем крокаў. Крокамер быў распісаны на некалькі дзён наперад. Заняткі праляталі на шмат хутчэй, калі ў руках у цябе крокамер і ты рухаешся да агульнае калектыўнае мэты — 99 999! Счыслёнак, Васільеў, Фунт, Палукошка, Патук, Нядвецкі — усе хлопцы чакалі, ну калі ўжо, калі ўжо настане гэты святы, сакральны, магічны момант. Я пачаў даваць ім яго дадому. Замест таго, каб рабіць дамашняе заданне, шчасліўчык цэлы вечар трос у руцэ крокамер. Крокі набліжаліся да жаданае адзнакі. Было ўжо тысяч семдзесят ці восемдзесят. І была фунтава чарга браць крокамер дадому. І ён узяў. І назаўтра не прынёс.

— Дзе крокамер? — пыталіся мы.

— Я брату даў панабіваць, заўтра прынясу, — адказваў ён.

Але заўтра не прыносіў. І пазаўтра. Ён мучыў нас, напэўна, тыдзень. А потым прынёс крокамер, на дысплэі якога было нешта кшталту 00126.

— !

— ?

— Гэта не я, гэта брат.

— !!!???

Абурэнню не было межаў.

— І што, ён дабіў да ста тысячаў?

— Ды не.

Гэта адбылося яшчэ ў той вечар, калі Фунт узяў крокамер. Ён сцвярджаў, што ягоны брат проста дастаў батарэйку і ўставіў яе назад, тады адразу на дысплэі і з’явілася пяць дзевятак.

Вось і ўсё.

Мы дасталі батарэйку. Уставілі: 99 999. Страсянулі: 00 000. Лухта нейкая. Фунт усё сапсаваў. Гэта мусіла адбыццца неяк іначай.

Я прыйшоў дадому і паклаў крокамер у шуфлядку. Побач з французскімі паштоўкамі і зубам, што не так даўно выпаў. Мераць крокі больш не было сэнсу. Крокамер вычарпаў сябе.

Колькі гадоў пасля зуб рассыпаўся ў пыл. Крокамера побач ужо не было. Засталіся толькі паштоўкі.

Кутасікі

Капітальнага рамонту ў школе не было з моманту яе пабудовы. Але шторазу кіраўніцтва спрабавала штосьці падмазаць і паднавіць. Выглядалі гэтыя спробы даволі нікчэмна. То абкладуць мармурам цэнтральны ўваход у школу. Лухта. Глядзіцца, як гальштук на распранутым чалавеку сярэдняга веку. Увесь будынак цагляны, і толькі невялікі прамавугольнік над ганкам у мармуры. Спрабую зразумець навошта гэта. Мажліва, каб рабіць выпускныя фатаздымкі на ганку. Калі глядзіш на такі здымак здаецца, што ўся школа мармуровая.

У іншы год столь сталовай аздобілі вапнянай лепкай. Розныя там кветачкі, гронкі вінаграду і г.д. Яшчэ доўга гэтая раскоша падала ў талеркі школьнікаў, не мала цешачы наведнікаў сталовай.

І гэта я яшчэ не ўспамінаю пра паборы “на кабінеты”. Кожны навучэнец павінен быў здаць на фарбу, або шпалеры, або новую дошку для свайго класа. Некаторыя, хто не паспеў своечасова змыцца на вакацыі ў летнік ці да бабулі, заставаліся і фарбавалі падлогу, мылі вокны, прыладжвалі дошкі.

А аднойчы настаў такі дзень, калі дырэктарка пастанавіла акультурыць вокны ў калідорах. А калідоры былі доўгімі, вокнаў штук, я думаю, пад сто. І на кожнае акно было заказана па такой фіранцы. Не ведаю, як яны правільна называюцца. Такія не да падлогі, а якія прыкрываюць толькі траціну вакна зверху. І вось вокны ў калідорах упрыгожыліся такімі белымі фіранкамі. На кожнай з іх для большай прыгажосці было падвешана некалькі кутасікаў, з невялікіх капронавых вяровачак.

Нядоўга было наканавана пражыць той прыгажосці. Неўзабаве я выявіў, што гэтыя кутасікі вельмі лёгка адрываюцца ад фіранак. Фіранку трымаеш адной рукой, кутасік другой, паторгаеш у розныя бакі — і элемент дэкору застаецца ў тваёй далоні. Гэта было дзівоснае адкрыццё. Калі ўзяць пад увагу, што ў школе сто вокнаў, а на кожным з іх 5-6 кутасікаў, то выходзіць, што можна цікава прабавіць колькі тыдняў. А каб было яшчэ цікавей, я прыдумляю расплятаць кожны кутасік на складовыя вяровачкі, звязваць іх адну з адной і змотваць у клубкі. Сваёй ідэяй я дзялюся з асоба блізкімі сябрамі, якіх паўкласа. Цяпер у нас мэта: кожны павінен сплесці такую вяроўку, каб ейнае даўжыні хапіла на тое, каб дастаць з трэцяга паверху школы да зямлі.

На перапынках мы бегаем, зрываем кутасікі, на ўроках падаўжаем вяроўкі, павялічваем аб'ёмы клубкоў. І кожны з нас, урэшце, такую вяроўку сплятае. Рэдкая фіранка цяпер можа пахваліцца кутасікамі. Але на наступны год дырэктарка яшчэ што-небудзь прыдумае.

Жыццёвыя дробязі

У школе трэба было вучыцца 11 гадоў. Які-небудзь занятак накшталт крокамера ці кутасікаў вычэрпвае сябе тыдні за два. Вось і ўдумайцеся, колькі ўсяго трэба было прыдумваць, каб за 11 гадоў не памерці з нуды? І мы прыдумлялі.

Спачатку гэта было нешта самаробнае. Напрыклад, пугачы. Зрабіць яго было вельмі проста. Трэба толькі знайсці прыдатны ключ. З такой адтулінай ў ножцы, каб туды ўваходзіў цвік. Ключ прымотваецца да алоўка, у ножку скалупваеш з дзвюх-трох запалак серу. Устаўляеш цвік і кідаеш пугач долу галоўкай цвіка ўніз. Выходзіць някепскі такі ба-бах.

Альбо можна выдраць са старога прымача ці тэлевізара кандэнсатар, які накоплівае электрычнасць. У школе куча разетак. Устаўляеш туды дзве ножкі кандэнсатара, а потым разраджаеш яго аб якую-небудзь жалезіну. Чым мацнейшы кандэнсатар, тым болей іскраў.

Шпрыцы карысталіся асаблівай папулярнасцю. Гэтай забаўкі хапіла больш чым на месяц. Пачалося ўсё з таго, што Васільеў прынёс у школу невялікі шпрыц, кубоў на пяць, заправіў яго вадой і абліў пару дзяўчынак. Назаўтра шпрыц прынёс Счыслёнак, за ім Фунт. Пасля хвароба перакінулася на астатнія класы і хутка ўжо ўся школа на перапынках бегала са шпрыцамі. У некаторых увогуле былі міні-цыстэрны на 60 мілілітраў. На ўроках усе сядзелі мокрыя.

Потым пачалі з'яўляцца кіёскі, якія гандлявалі ўсялякай драбязой. І тут жа школу запаланілі каляровыя спружынкі, лізуны — такія шарыкі з чагосьці ліпкага, іх можна было чмякнуць аб сцяну, яны ператвараліся ў кляксу, але неўзабаве зноў прымалі форму шара, тэтрысы, зубы Дракулы, галаваломка “піраміда Хеопса” і г.д.

Афіцыйна школа заканчвалася 25 траўня. Але каб дамучыць дзяцей, была спецыяльна прыдумана практыка. Паколькі школа была не простая, а лінгвістычная, то два летнія тыдні мы рабілі пісьмовыя пераклады з французскай. Адзнакі за практыку не выстаўляліся, настаўнікі не рабілі справаздачаў, і гэта было яшчэ горш. Выходзіла, што тры або чатыры ўрокі штодзень мы амаль нічога не рабілі. Вядома, што ў такіх выпадках час цягнецца даўжэй за ўсё. Трэба было неяк мэтанакіравана нічога не рабіць. І мэта гэтая, канечне ж, з'явілася.

І за гэта дзякуй Васільеву, а больш дакладна ягонаму бацьку-ваеннаму, які падараваў сыну 10 набояў. Набоі не простыя, а халастыя, але выбухаюць як сапраўдныя. Трэба толькі пакласці іх у гарачэйшае месца. 10 — гэты акурат столькі, колькі дзён доўжыцца нашая практыка. І кожны раз пасля бессэнсоўных перакладаў хлапчукі нашага класа разам ідуць за школу, распальваюць невялікае вогнішча ў абгрызку трубы, што тырчала з зямлі, і кладуць туды чарговы набой. Мінае некалькі хвілін, раздаецца выбух, хлапчукі ўрачыста разыходзяцца — яшчэ адзін вучэбны дзень скончаны.

Выбухі працягваюцца да самага канца практыкі. Апошні, па-мойму, выходзіць самым гучным, самым лепшым, самым радасным. Апошнім набоем мы дабілі чарговы клас.

Помста

Я вельмі злапомны. Часам я нават не памятаю, што за прыкрасць мне зрабілі, але памятаю, што пакрыўдзіўся на гэтага чалавека. Іншы раз я зусім ужо не крыўдую, але памятаю, што крыўдаваў і пры выпадку не праміну сказаць што-небудзь нядобрае пра крыўдніка. Гэта досыць шкодна для арганізму — выплёскваць сваю крыўду, але прыносіць мне нездаровае задавальненне. Я нічога не магу з сабой зрабіць.

Як толькі хто-небудзь са школьных настаўнікаў мяне крыўдзіў або псаваў настрой, перада мною паступова раскрывалася будучыня. Вось я вырас і зрабіўся слынным пісьменнікам. Вось я справядліва ўкрыжаваў настаўніка-крыўдніка ў адной са сваіх кніг. А вось гэты настаўнік чытае маю кнігу і хапаецца за сэрца: “Ах, як жа я памыляўся!” Дакладней, як жа я памылялася, скажа настаўнік, бо гэта хутчэй за ўсё русіца. Ну так, яна выкладае рускую. З імі гэты план спрацоўваў, бо яны чытаюць кнігі. І менавіта яны часцей за ўсё мяне чаплялі.

Напрыклад, русіца Трубачова. Так, я запомніў ейнае прозвішча. Я заўважыў, што чым горшы настаўнік, тым больш пра яго запамінаеш. Колькі ты, Трубачова, маёй дзіцячай кроўкі высмактала. Гэта тваё: почырк у сшытку — 2, не вучыць, работа над памылкамі — 2. Гэта ты казала маёй маме: “Піша ён правільна, але гэта толькі таму, што многа чытае”. Табе трэба было, каб я ведаў правілы, а не пісаў без памылак. Як жа я радаваўся, калі пасля пятага класа цябе не стала!

Не хвалюйцеся, Трубачова пайшла працаваць у іншую школу. Спадзяюся, яна і да сёння жыва-здарова. Інакш каму я ўсё гэта пішу?

На месца Трубачовай прыйшла вельмі мілая пажылая настаўніца. Вельмі добрая, вельмі мне падабалася і, відаць, таму я не памятаю, як яе звалі. Затое наступная русіца... у мяне мову займае.

Гэта проста нейкае параджэнне пекла. Пра яе я памятаю нават імя па бацьку. Валянціна Максімаўна Галкіна. Яна была такая аб'ёмная, буйная жанчына. Кучаравыя валасы, і ўзрост між сарака і пяццюдзесяццю. Дзіўна гучалі ейныя аповеды пра тое, што такой вось — паказвае мезенец — дзяўчынай яна прыйшла ў русіцы. Не веру. Яна заўжды мусіла быць непрыгожа-поўнай. Ёй і ў маладосці, думаю, пасаваў бы мой пасквіль: “Умом русицу не понять и сантиметром не измерить, у ней особенная стать — русицу можно только взвесить”. Побач яшчэ рукою Фунта былі намаляваны вагі, якія трэскаюцца пад нагамі вялікай жанчыны, намаляванай са спіны. Ух, як жа я яе не любіў.

Прыйшла яна да нас класе ў дзевятым, калі ну вельмі хацелася быць пачутым і быць пачутым па найбольш цікавых для цябе тэмах. А літаратура ў той час мяне цікавіла надзвычай. Канечне, я не сыходзіўся ў сваіх ацэнках розных твораў з русіцай, іначай не было б канфлікту. І быў у мяне яшчэ аднакласнік Алег Бурак. Мы выступалі супраць Галкінай адзіным фронтам. Мы, на адрозненне ад многіх аднакласнікаў, чыталі ўсе кнігі, якія задаваліся. Мы наладжвалі на літаратуры такія дыскусіі, што да крыкаў. Памятаю, як чырванела Галкіна і сама крычала, крычала пра тое, што мы, маўляў, нічога не разумеем і лепш бы дарослых паслухалі. Дарослымі была яна. За гэтымі спрэчкамі сачыў увесь клас. Запомніўся асабліва ўдалы крытычны пасаж Бурака пра “Навальніцу” Астроўскага. Там, калі памятаеце, Кацярына ў фінале топіцца ў рацэ. А дзесьці па ходзе дзеяння выясняецца, што аднойчы яна спрабавала сплыць з “цёмнага царства” на лодцы. Вось Бурак і робіць выснову:

— Вашая Кацярына проста неўраўнаважаная жанчына, з любой нагоды схільная скакаць у раку. Ужо былі прэцэдэнты, калі яна кідалася ў ваду. Тады там была лодка. На гэты раз лодкі проста не аказалася, і Кацярына патанула.

Можна быць пэўным, што фабулу “Навальніцы”, так займальна акрэсленую ў спрэчках, аднакласнікі запомнілі вельмі добра. Галкінай, аднак, такая займальная літаратура не падабалася. Яна хацела вяшчаць. Вяшчаць аднаасобна. Вельмі хутка яна знайшла для гэтага спосаб. Трэба было проста не выклікаць нас з Бураком, калі мы цягнулі рукі. Нам заставалася адно бурчэць сабе пад нос, а маглі б выказацца на поўны голас.

Мая маці наведвала ўсе сходы, на адным з якіх Галкіна пра мяне заявіла наступнае:

— Вельмі таленавіты хлопчык, але ведаеце... — задумалася, падбіраючы слова, — глыбіні ў ім малавата.

Вядома, мама мне перадала гэта слова ў слова. Ну й абураўся ж я! Я не дужа разумеў, што русіца мае на ўвазе пад “глыбінёй”. Крыху падумаўшы, вырашыў, што гэта розум. То бок яна прылюдна назвала мяне дурнем. Сама ты дура, пакрыўдзіўся я. Гэта ў табе “глыбіні” малавата, калі ты не даеш нам слова на сваіх уроках. Ух, які я злы быў на яе. Увогуле, бачыць не мог гэтую кучаравую “!неглыбокую” персону.

А тут яна ўжо і ў завучы прабілася. Надумала змяніць імідж і на адным з урокаў пачала раіцца з намі наконт таго, якія акуляры пасуюць ёй больш. Яна іх прымярала, а клас павінен быў гаварыць, пасуюць ці не. О, святая “глыбіня”! І тады я падумаў, што напішу пра яе эпіграму. Хай ведае, наколькі я “глыбокі”.

За акулярамі вачніцы, падмазаныя тушшу, (і сапраўды, яна вельмі па-дурацку малявала стрэлкі, ледзь не да патыліцы, а-ля Ахмадуліна) яна для ўсіх як навальніца, ды схільна к маладушшу.

Такое удалае слова “навальніца” утрымлівала ў сабе алюзію на нашы зацятыя спрэчкі па Астроўскім і тое, што Галкіна цаляла на месца дырэктара, і па ідэі, яе мусілі ўсе баяцца. “Маладушша” было для рыфмы. Але гэта была шляхетная і крыўдная рыфма, і таму мне спадабалася.

Вершык быў растыражаваны прынтарам і забяспечаны электронным партрэтам русіцы. Не вельмі падобным, але там было ўсё: і акуляры, і вочы, і нават гэтыя брыдкія кудзеры, мазаныя хною. Так што ўсё агулам было вельмі падобным да Галкінай. Партрэт з подпісам мы развесілі па школе.

Мне нічога за гэта не было. Я чамусьці нават не быў пад падазрэннем. Па гэтай справе Галкіна выклікала толькі Загурскага. Чаму Загурскага? Ён рэдка выказваўся на ўроках, не быў у адкрытай канфрантацыі з русіцай. Я з гэтага раблю толькі адну выснову, што Галкіна ў чарговы раз праявіла сваю глыбіню.

І было два класы: ашкі і бэшкі. І многа каму з нас ашак, прапаноўвалі стаць бэшкамі. Не раз гэта рабіла Галкіна. Дагэтуль я перакананы, што гэта ейная ідэя падзяліць вучняў на добрых і дрэнных. Дабраахвотна гэтага зрабіць не атрымалася. Рабілі гэта на ўзроўні РАЙАНА. Карацей, аднаго цудоўнага 1 верасня я апынуўся, як і варта было чакаць, у “нядобрым” класе.

Такога я не чакаў. Ну так, мяжа адбору прайшла акурат па мне. Некалькі тыдняў я даказваў сваю “глыбіню” ў розных інстанцыях. Ледзьве даказаў. Пасля гэтага на ўроках літаратуры я абураўся толькі моўчкі.

— Задумайцеся, хто даў Раскольнікаву права дзяліць людзей на добрых і дрэнных? Хто даў яму права на забойства? — вяшчала Галкіна.

“А хто даў права дзяліць класы?” — думаў я моўчкі. Але толькі моўчкі. Дыскусій больш не было. Пасля яшчэ была пастаноўка фрагменту са “Злачынства і пакарання”. Сама Галкіна ёй займалася, панаклікала настаўнікаў на прэм'еру. Фунт быў Расольнікавым, я следчым Парфірыем Пятровічам. Памятаю, што ўсё было даволі па-аматарску пасрэдна, толькі русіцы шалёна спадабалася. На адным з наступных урокаў яна не стрымалася і ў незразумелым парыве абняла мяне, аддзячыўшы такім чынам за цудоўную ігру. Я быў больш чым збянтэжаны. Напэўна, Галкіна пабачыла, што ўва мне зараджаецца “глыбіня”.

Сокал, Недвік, Патучок

У дзяцінстве неяк вельмі верыш, што грамадства не падзелена на касты і станы. Так вучаць у школе. Так і было ў дзяцінстве. Іначай, як яшчэ патлумачыць тое школьнае сяброўства з Сакаловічам, Нядвецкім, Патуком, якое ў дарослым жыцці немагчымае?

Гэта пасля ўжо у нас разыдуцца зацікаўленні, хтосьці застанецца на другі год, хтосьці пераедзе, хтосьці не паступіць у інстытут, а пры сустрэчы нам не будзе аб чым размаўляць. Абсалютна не будзе аб чым. А пакуль мы ўчатырох вяртаемся са школы дамоў. Ідзем праз двары.

Мусаліцін яшчэ намагаецца выбіць каго-небудзь з нас сабе ў кампаньёны:

— Не, Мусоля, мы праз двары.

Так мы ходзім і ў снег, і ў слоту, і ў дождж, і ў пагоду.

У дварах ёсць футбольны стадыён, дзе часцей выгульваюць сабак, чым гуляюць. Асабліва гэта заўважна зімою, калі ўсё белае поле пакрыта карычневымі плямамі. Нас і гэта не можа прымусіць ісці па “бульваргу”. Мы ходзім праз стадыён.

У нас заўжды добры настрой. Аднойчы, наступаючы на чарговую карычневую пляму, я задумаўся, а ці даўно я ішоў дадому не смеючыся. Але і згадаць такога не мог.

Пашка Сакаловіч быў вельмі камунікабельным. Маці падказала мне гэтае слова, калі я расказваў ёй пра фантастычныя здольнасці Сокала. Ён мог лёгка загаварыць з незнаёмцам. Убачыўшы якога-небудзь сабачку, ён чапляўся да гаспадара з роспытамі, а як яго зваць, а што гэта за парода. І яму адказвалі. Я глядзеў на гэта рот разявіўшы. Я б так не змог. Без аніякіх псіхалагічных трэнінгаў Сокал мог выклікаць прыхільнасць чалавека да сябе. Так ён колісь прывабіў мяне. Верагодна, калі б не ён, я б так і вяртаўся са школы па бульваргу з Мусолем.

А так, усё часцей я заходзіў у госці да Сокала, дзе бавіў час ад пасля школы да вечара. Мы слухалі нейкія кружэлкі з Петрасянам (Божа, ужо тады быў Петрасян!), прыкалываліся па тэлефоне — зрэшты, тады не было слова “прыкалываліся”, мы званілі на выпадковыя нумары і задавалі дурацкія пытанні пра тое, чаму булачкамі не пахне, ці не трупярня гэта і г. д. — дурэлі, і не раз перакульвалі дваццацілітровую бутлю з надзетай гумовай пальчаткай.

— Пашок, а што гэта за бутэлька?

— Гэта дзед брагу робіць, — адказваў Сокал.

— Навошта яму брага?

— Для лекаў.

Увогуле, калі б мы ў чыёй-небудзь іншай кватэры перакулілі вазу, разбілі кубак, пакамечылі посцілку на канапе, гучна крыкнулі, то уваход туды быў бы забаронены.

У Сокала ўсё гэта дазвалялася, і нічога за гэта не было. У дамах іншых аднакласнікаў сасіскі і цукеркі былі лічаныя, там заўсёды сядзелі мама, альбо тата, альбо дзядзька, альбо бабуля, якія не цярпелі малалетніх гасцей. Нічога гэтага не было на пятым паверсе ў Пашкі Сакаловіча.

На чатыры паверхі ніжэй, у тым жа пад'ездзе жыў Сашка Патук. Ён пайшоў у школу раней за нас усіх — у пяць гадоў. Сокал казаў, што яго ўзялі за тое, што ён умеў лічыць да ста. У Патучка быў брат, з якім яны ўвесь час спрачаліся, чыя чарга сёння мыць посуд, была маці і быў бацька начальнік службы занятасці. Аднаго разу, дзень нараджэння Патука прыпаў на канец свету. Па тэлебачанні вельмі мусіравалася гэтая тэма. Маўляў, будзе — будзе канец свету, у 18:00. І вось мы сядзім у Патука, святкуем канец свету. Усе падаравалі яму падарункі, паелі-папілі і глядзім на электронны цыферблат нечага гадзінніку. А там 17 гадзін 59 хвілін 50 секудаў, 51, 52....59, 00. Але тады свет не скончыўся, ён скончыўся нашмат пазней.

Недвік жыў у адным двары з Сокалам і Патучком, у суседнім доме (я жыў праз дарогу ад іх). Вось да каго дадому я не заходзіў, дык гэта да яго. Я наогул аб ім мала чаго ведаў, ён асабліва і не расказваў. Вось пра Патука я ведаў, што ў яго дом у вёсцы пад Псковам, а дзядзьку Сакаловіча завуць Франак, у яго адзіная таксі-іншамарка ў горадзе. Нічога такога я не ведаў пра Нядвецкага. Але гэта не замінала мне сябраваць з ім і вельмі засмуціцца, калі ў шостым класе ягоная сям'я пераехала ў Чыжоўку.

Але яшчэ да пераезду Недвіка Сокал застаўся на другі год. Відаць, гэта і было пачаткам канцу. Канцу свету. Таго свету, у якім я жыў у малодшых класах. Сокал проста кінуў хадзіць у школу. Ён лічыў гэта марным. А хто лічыў карысным?

Але ён мог дазволіць сабе прагулы ў такім раннім ўзросце шмат у чым дзякуючы бацькам, якія зусім за ім не сачылі.

— Ну, напішу я ў лісце не “вясна”, а “вісна”, хіба мяне не зразумеюць? — тлумачыў Сокал марнасць школы.

Усё, што яму было патрэбна, ён вывучыў у першых класах. Настаўнікі не спрабавалі зразумець яго. Дый я таксама лічыў, што трэба пісаць менавіта “вясна”, хаця і не хацеў, каб Сокала пакінулі на другі год. Таму калі нам задалі сачыненне на тэму “Мой найлепшы сябар”, я апісаў там Пашку Сакаловіча вельмі-вельмі добра, як мне падавалася.

Я думаў, што гэтае сачыненне можа паўплываць на настаўнікаў, што русіца, якая б яна не была, прачытае, прасякнецца, зразумее, што гэта цудоўны чалавек, раскажа іншым настаўнікам, і яны збяруць сход, і яны не будуць рабіць з Сокала другагодніка. Па вялікім рахунку, гэта быў канспект адвакацкай прамовы. Відаць, няўдалы.

Нядвецкі пераехаў у іншы канец гораду, пайшоў у іншую школу. Засталіся мы з Патуком. З ім мы весела дажылі да падзелу класаў. І тады яго адправілі ў “дрэнны”, а я пралез, праціснуўся ў “добры”. Але да гэтага мы паспелі зрабіць 7 штук кніжак-вокладак — я пісаў тэкст, а ён маляваў карцінкі, уся кніжка складалася са складзенага напалам аркуша са сшытку — да падзелу класаў мы паспелі прыдумаць сваю зашыфраваную мову, выдаць на ёй школьную газету для хлопчыкаў, выдаць на зразумелай мове школьную газету для хлопчыкаў, насмяяцца на некалькі гадоў наперад. Тады засмяяцца было проста, цэлымі днямі быў добры настрой, канчаткова сапсаваць які мог толькі класавы падзел. Спачатку нас падзяліла на класы школа, а потым і само жыццё.

Мы ўсё яшчэ жывем побач (за выключэннем Нядвецкага), хаця мінула ўжо гадоў 20 з моманту нашага знаёмства.

Мы ўсё яшчэ памятаем нешта адзін аб адным. Мы вітаемся, калі бачым адзін аднаго. Калі б вы цяпер пабачылі Сакаловіча, то не паверылі б, што па ім я зразумеў, што такое камунікабельнасць. Мы не можам праразмаўляць з ім і два прыпынкі, якія часам даводзіцца ехаць разам. Ён пра сваё жыццё гаворыць не вельмі шматслоўна. Ну так, гэта нічога не значыць. Але я не ведаю, як вам патлумачыць. Погляд у яго такі згаслы, сам ён нейкі стомлены — некамунікабельны.

Пра Сашку Патука можна пісаць асобную гісторыю. Ён нікуды не паступіў, хаця й спрабаваў. У яго памёр бацька. Патука пасадзілі, на'т не ведаю, за што там яго можна было пасадзіць, я не ўдакладняў. На брата ягонага ўскладалі вялікія спадзяванні, ён вучыўся добра, паступіў у авіяцыйны каледж. Але нядоўга ён так пратрымаўся. З каледжу яго выгналі і таксама за нешта пасадзілі. Я наогул не разумею, за што некага з сям'і Патукоў можна адправіць у турму. Гэта была моцная, сярэдняя, стандартная сям'я. Мы цэлым класам хадзілі ў службу занятасці, дзе за начальніка быў бацька Патука, і гулялі там на кампутарах. Патукі малодшыя павінны былі паўтарыць бацькаву дарогу, але той рана памёр. Тут усё і пачалося.

Ад малодшага Патука я дазнаваўся, што Сашка у турме, потым ад Сашкі, што брат у турме. Я ўсё гэта вельмі моцна перажываў і не мог супаставіць з тым, як гэта мы разам вучыліся ў адной школе. Потым выходзіў брат і паведамляў мне, што Сашку ізноў загрэблі. І тут перажыванне неяк пайшло на спад. Я зразумеў, што гэта такое жыццё, што ўсё гэта будзе працягвацца да бясконцасці, што маё перажыванне нікому непатрэбна, акрамя мяне. Зрэшты, і мне яно зрабілася непатрэбным.

Нядаўна я сустрэў Нядвецкага. У інтэрнэце на “аднакласніках”. Я амаль не жахнуўся ад таго, што ён мне напісаў.

Я закончыў 9 класаў. Паступіў у пту 114 (у нас тут побач) на тынкоўшчыка. Многа дзе рабіў, а цяпер ф-л рсу куп “мінсктранс” тынкоўшчыкам. А так усё ў парадку. Ажаніўся 5 гадоў таму. Жывем з жонкай у мяне. Стаю на кватэру на працы. Можа гадоў так праз 5 што-небудзь падвернецца.

Шкарпэтка

11 гадоў пранесліся, як адзін дзень, яны цягнуліся доўгія 11 гадоў. На выпускны мы з Фунтам падрыхтавалі развітальны нумар — песню. Я граў на басе, а Фунт на гітары з квакушкай. Гук быў жахлівы, Фунт забываў словы, я строіў такую міну, што, маўляў, не разумееце вы — слухачы — нічога; насамрэч, мы афігенна граем і спяваем, проста цяпер не вельмі выйшла.

Школа школа асвяжаеш лепш за колу

І без кавы бадзёрыш раніцой

Спяваў Фунт. І яшчэ, штосьці такое пра тое, што мы ў інстытут сыходзіць не хочам. Калі быць шчырым, то не тое што не хочам, а баімся. У школе мы ўжо прывыклі, а ў інстытуце штосьці новае, невядомае. Наўрад ці лепш, чым у школе.

Сцэна была аздоблена паветранымі шарамі, дзяўчаты пышнымі сукенкамі і прычоскамі, сталы шампанскім і ежаю. Фунт выступіў яшчэ ў адным нумары. Гэта быў камічны нумар. Там ён выклікаў суперніка на двубой, кідаючы ў твар не пальчатку, а шкарпэтку.

Шкарпэтка кінута, двубой скончаны. Цяпер танцы, песні пад гітару, сустрэча ўзыходу на возеры, вяртанне дадому, крэпкі сон.

Раніцою стэлефанаваліся.

Фунт: Ну як ты?

Я: Нармалёва, а ты?

Фунт: Таксама нічога.

Я: Адчуваеш, што школа скончылася?

Фунт: Не ведаю, неяк не вельмі, а ты?

Я: І я не ведаю.

Фунту трэба было забраць нейкія рэчы, якія ён выкарыстоўваў у нумары. Мы вярнуліся.

У школе было ціха і бязлюдна. Усе іспыты здадзены, усе практыкі закончыліся, усе школьныя летнікі таксама. Ёсць толькі тэхнічка і я з Фунтам у актавай залі, заваленай паветранымі шарамі, нейкімі стужкамі, каляровымі паперкамі. Мы лопаем паветраныя шары. Мы скачам на іх, яны з моцным гукам ператвараюцца ў зморшчаныя анучкі. Лоп-лоп-лоп! Вось табе школа! Вось вам настаўнікі і русіцы! Да чорта ўрокі, практыкі, іспыты. Лоп! Шчасліва заставацца.

І вось калі апошні шар зніштожаны, калі ў вушах злёгку звініць ад нашага шумнага развітання, Фунт знаходзіць у куце сцэны сваю шкарпэтку, тую самую “двубойную” шкарпэтку.

— Бач, усю ноч праляжала, — канстатуе Фунт.

Вось тут я неяк вельмі прыгожа і з пафасам адчуваю, што школа, сапраўды, скончылася. Скончылася назаўсёды. Ад усіх школьных заняткаў, дамашніх работ, “дадатковых сэнсаў”, вучылак расейскае, гісторыі і працаўніка засталася толькі шкарпэтка. Ад Нядвецкага, Патука, Сакаловіча засталася адна шкарпэтка. Шарык школы лопнуў. Ад яго засталася толькі каляровая анучка. Шкарпэтка.

Пераклад з расейскай Уладзя ЛЯНКЕВІЧА.

 

 

§23. Павел Анціпаў
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY