|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 6-2007
ЯНА МАЙСКАЯ. |
|
Юры Андруховіч. Вольная тэма ў трох эпізодах Валянціна Лойка. Вусная народная творчасць Зміцер Смалякоў. Вызваленне; Тапельца Тарас Прахаська. Вакол возера; Essaide deconstruction Надзея Хоміч. Пра здольнасьць; Восень 2 Таццяна Барысюк. Рэінкарнацыя кахання Крысьціна Курчанкова. Ніткі; Рукі Лоты Ірына Бародка. З цыклу “Безсэнсоўнае” Зоя Валасевіч. Горад; Пра прыгожыя рэчы Аксана Спрынчан. Бачу прысутнасьць і бачу адсутнасьць... Вольга Р. ...Пакліч мяне маім уласным імем Сяржук Мядзьведзеў. Цёпла і ўтульна; Пасьля дажджу Алесь Прышывалка. Розныя казкі Уладзімер Дзіброва. Чаму мы ня робім гэтага па дарогах?.. Яна Майская. Кішэнькавы дапаможнік Гары Потэра |
Лабадзенка Г. Pager-вершы. Вільня, "Gudas", 2005 Зьяўленьне кніжкі Глеба Лабадзенкі дапамагло мне ідэнтыфікаваць уласныя літаратарскія заняткі. Пад зьяўленьне кніжкі "Pager-вершаў" я атрымала замову на новую працу — сэрыю кніжак пра жыцьцё ў стылі SMS. Некалькі невялічкіх зборак рымованых ды празаічных віншаванак да Сьвятога Валянціна, жартаў да 8 сакавіка, показак адным сказам да Гэлоўіна. Трошкі раней я прачытала ў інтэрвію з Адамам Глобусам, што народ цяпер купляе не цікавыя, а карысныя кніжкі — такія, зь якіх можна чаму-небудзь навучыцца. Таму і запыталася менавіта ў Глобуса — няўжо мае кніжкі пра SMS, калі я іх зраблю, будуць карыстацца ў кагосьці попытам? Глобус запэўніў — будуць. I параіў перачытаць тыя старонкі Маркесава "Каханьня падчас халеры", дзе Фэрдынанда дзеля пачуцьцёвага задавальненьня складае лісты непісьменным рамантычным закаханым. Бо людзям у большасьці сваёй не стае красамоўства, каб надаць звычайным пачуцьцям адценьне незвычайнасьці. Перакапаўшы інтэрнэт у пошуках патрэбных віншаванак, я знайшла хіба знаёмую з часоў дзяцінства "По белым волнам изумруда красивая лебедь плывет..." і з падгледжанай у кагосьці думкаю пра тое, што трэба ймкнуцца не жыць па-кніжнаму, а ствараць літаратуру з уласнага жыцьця, пакрочыла падыхаць кнігарнямі. I ў "Пісьменьніку" мяне напаткалі Лабадзенкавы " Pager-вершы". Гартаючы яе ў тралейбусе, падумала: "Вось кніжка, на якую немагчыма напісаць рэцэнзію. Ёй можна адно карыстацца". Пасьля апынулася, што рэцэнзію на Лабадзенкаву кніжачку напісаць можна. Фядута напісаў яе ў "Нашу Ніву". Не знайшоўшы, што сказаць пра вершы Лабадзенкі (з-за скутасьці прасторы кніжкі, у якую Лабадзенка наўмысна не ўлучыў "ня-пагер" вершы), той няўдала пабудаваў паралель Дзяржавін—Жукоўскі—Пушкін ды Барадулін—Хадановіч—Лабадзенка, — мабыць, вырашыўшы, што цікавей гуляць у Лабадзенку-ліцэіста, а не Лабадзенку-журналіста, што рызыкоўнейша. Некаторыя, найбольш удалыя, на думку рэцэнзэнта, пагеры, Фядута працытаваў, не баючыся таго, што трохі сьмешна выглядае цытаваньне нецытавальнага. Дарэчы, з "пагерамі" Глеб Лабадзенка згуляў геніяльна, што выдае ў ім таленавітага ды спрытнага журналюгу. Кланаваньне конкурсамі, якія ладзяць Хадановіч з Кісьліцынай, пазнавальных імёнаў, робіць, насамрэч, маладым талентам свайго кшталту "мядзьвежую паслугу". Легалізацыя пэўнага кола маладых талентаў выключае магчымасьць гучнага ўварваньня на прыступкі Парнаса кагосьці адзінкавага зь іх. Хор трохі рэтушуе сола. Калі, канешне, ня ўжыць арыгінальны маркэнтынгавы ход. Глеб Лабадзенка яго ўжыў, абышоўшы спакусу ўставіць у сваю першую кніжку нешта яшчэ, апроч гэтых пагераў. Хаця ў калектыўным зборніку "12 плюс 1" паэт прэзэнтаваў сябе трохі па-іншаму — больш стала ды больш банальна. Вершы ва ўпакоўцы пагер-вершаў — адначасова прыцягальна ды небясьпечна. Мужны чалавек Лабадзенка даў магчымасьць незацікаўленым у ім крытыкам дакараць яго за танную арыгінальнасьць. А ўдумліваму чытачу — пагартаць кніжку ды расчаравана-задаволена выгукнуць, што ніякія гэта не пагеры, а самыя звычайныя добрыя вершы. Урэшце, спроба надаць сваім караценькм вершам жанравую мянушку ўжо была: Адам Глобус дагэтуль сьцьвярджае, што піша хоку. Ці хайку... Вядома, Глеб можа дазволіць сабе экспэрымэнтаваць так, маючы сваё месца ў тусоўцы ды, адпаведна, вядомасьць, якой яму хапае пакуль нават для "зорнай хваробы". Але тое самае можна сказаць іншымі словамі — Лабадзенка перакуліў прыстойнасьці з ног на галаву, бо рабіць незвычайнае ў беларускай літаратуры могуць пакуль толькі клясыкі. Быкаў з малюнкамі ці Барадулін з дулінамі. Так бы, мовіць, тэматычныя прыхамаці, пакліканыя запэўніць, што клясык яшчэ трошачкі дыхае сучасным паветрам. Наважуся дапусьціць яшчэ адно калупаньне ў Лабадзенкавай падсьвядомасьці. Лабадзенка ледзь "не самы ненармальны малады паэт у Менску — ён стыляга, у яго мажорскія закідоны, ён журналюга, ён усур'ёз цікавіцца Адзіным Кандыдатам, у яго зусім ня млява-паэтычныя вочы, і, пабачыўшы яго ўпершыню, хутчэй падазраеш, што зараз ён прапануе табе набыць прас ці тэрмас, а не прачытае ў вуха натхнёна-з'едлівы вершык ці салодка-разьвітальны верш. Усё гэта моцна ня вяжацца з нашым традыцыйным ўяўленьня пра Паэта, таму Лабадзенка вымушаны "абумоўліваць" сябе. У тым ліку ўсемагчымымі тэхнічнымі прыладамі — не зьдзіўлюся, калі наступным разам заместа пагераў Глеб прапануе імправізаваныя аднарадкоўі на цыгарэтных пачаках дзяўчатак. I тыя складуць з гэтых пачакаў самаробных робатаў, як калісьці рабілі дзяўчаткі ў маім дзяцінстве. Беларуская літаратура перажывае не лепшыя часы, і найболей яна пакутуе ад незапатрабаванасьці. Сусьветная добрая літаратура таксама пражывае ня лепшыя часы і таксама пакутуе ад незапатрабаванасьці. Нават дарослым людзям не шкада часу на Данцову, нават вельмі разумным выдатнікам у круглых акулярах не шкада часу на Гары Потэра. Знаходзяцца, праўда, разумнікі, якія ўздымаюць лямант, што гэта, маўляў, утылітарная літаратура. Чытанка для тралейбуса. Чытанка для "каля тэлевізіі". Чытанка для "пад мікрахвалёўкай". Ці, як сьцьвярджае Яго Велькасьць Рынак, чытанка для карысьці. Напрыклад, "100 SMS-віншаваньняў на Сьвятога Валянціна". Прачытаў — і адразу паслаў, падставіўшы Імя сваёй гераіні заместа ўмоўнай. ...Я ў час дарабіла працу па складаньню кніжак з эсэмэскамі. I, каюся, скрала ў Лабадзенкі тры вершы. Пераклаўшы на расейскую мову ды выцягнуўшы іх у радок без захоўваньня ўсялякага рытму ды рымаваньня. Падумала, што, калі б у нашай краіне ўсё было добра з мовай ды іншымі рэчамі, Глеб Лабадзенка спраўдзіў бы чаканьні Фядуты ды стаўся сапраўдным маладзенькім Пушкіным. Ва ўсялякім выпадку, задаваў бы тон ды густ мовы зносінаў сярод разумных ды чароўных Гары Потэраў, перамогшых "чырвона-зялёную магію". I кожны такі Гары Потэр абавязкова цягаў бы з сабой кішэнькавы дапаможнік ад Глеба Лабадзенкі, шукаючы вобразы папулярнага сярод паненак постмадэрну ў такой роднай ды такой побытавай мове.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2008 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||