|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003
ТАЦЯНА ВАБІШЭВІЧ |
|
ГУТАРКА Інтэлектуальнае поле ЭСЭ Марыя Мартысевіч. Бег, Генадзь Драгун. DIY. ПАЭЗІЯ Аксана Спрынчан. Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба Тацяна Вабішэвіч. ПРОЗА К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў Артур Грэй. Сьцяпан Панаеў. КІШЭННАЯ ЭЎРОПА Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя? Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы |
Пачатак Прагорклая раніца. За сьцяною ізноў брудна лаяцца суседзі — пасьпелі прачнуцца. Удзень, пэўна, будзе додждж (хаця навошта верыць прагнозам?). Ня хочацца нават і думаць, што некуды зараз пойдзеш, пакінеш гэты цёплы і шэры кут, названы зачымсьці тваёю хатаю. Тут часам можна схавацца — але толькі не ад сябе. Здаецца, учора не было пошты — халера на яе — заўсёды папсуе настрой... Яшчэ і посуд нявымыты. А рэчы за ноч сталі нейкімі чужымі, і іх трэба вывучаць наноў: талеркі, відэльцы, крэслы, пакінуты ложак. Можна пагасіць сьвятло — ужо разьвіднела. ...а паўсюль — кнігі, кнігі, кнігі — прачытаныя ўвечары, каб заснуць, або зусім непрачытаныя — пакінутыя на пасьля, безразважна забытыя. Сярод іх гэтак цяжка знайсьці патрэбную. Зрэшты, хіба нешта яшчэ патрэбнае? Адказы ўсё адно — толькі бязглуздая мешаніна, а ад пытаньняў патыхае банальнасьцю. Развагі пра сны, іншасьвет, пра самоту і сьмерць набілі аскоміну. Сьмех і сьлёзы аднолькава сьведчаць пра бездапаможнасьць. Нават шчырасьць цяпер — праява залішняй слабасьці, даравальная толькі шаленцам. Кожны маніць найперш сам сабе, з замілаваньнем, натхнёна, упарта выбудоўвае вонкавасьць. Як бразготкі зьвіняць абяцаньні шчасьлівага заўтра. Там таксама трэба будзе сьпяшацца... Ня варта спазьняцца на працу. Працяг Напагатове просьбы, адмовы, словы падзякі, ветлыя ўсьмешкі і саркастычныя рэплікі ў бок. Мэханізм працуе адладжана. Маршрут перадвызначаны. Толькі лепш не глядзець наперад. Справы — сур'ёзныя і ня вельмі — ствараюць ілюзію пэўнасьці. Выраз “Гэта трэба зрабіць цяпер” — прымусовы ратоўніцкі круг. За яго чапляесься без ахвоты, але й не пускаеш... ...Дзіўна, зраніцы столькі людзей. Куды яны ўсе?.. Рыпучы стары тралейбус цяжка зрушыўся зь месца: “Прабіце, калі ласка, квіток” — “Дзякуй”. Побач нехта сапе ад напругі, спрабуе прабіцца да выхаду, але чуе нэрвовае: “Не напірайце! Пасьпееце”. Пасьпеем? Немагчыма згубіцца ў натоўпе: глядзіш у чужыя вочы і бачыш толькі сябе. Мільярды, мільярды абіткаў. Вычварных, прыгожых, лагодных або абыякавых. Дзе сапраўдны? Няма. Няўжо ты сам — крывое люстэрка для іншых? Невыноснае, цёплае, марнае... — адчуваньне еднасьці, калі можна маўчаць і дастаткова адных вачэй. Навошта яно ўводзіць у зман? Усе ведаюць: так ня будзе! І цешацца, цешацца рэдкімі хвілямі паразуменьня... Што гэта: самаахвярнасьць ці самападман? Спрэчкі, вечныя спрэчкі, дзе кожны па-свойму правы. Слушнасьць — мярзотніца слушнасьць — для ўсіх і ні з кім. Агульнае праўды не існуе. А вечнасьць — тая для прывідаў. Тады што застаецца нам? Знаёмыя твары, размовы пра пляны на заўтра? Мерна, правільна, лёгка... Няўжо так і павінна быць? Колькі ўмоўнаўсьцяў штодзень ратуюць ад сьмерці! ...Пытальнікі, клічнікі, шматкроп'і — знакі слабасьці, наркатычныя лекі — бязь іх немагчыма. Эўфэмізмы напрыдумляныя, каб забыцца... Нешта робіш, пра нешта маўчыш — гуляеш па правілах. Азызлая мудрасьць будзённасьці ніколі не падводзіць. У мэтро, у краме, на працы зашмат зьнешніх раздражняльнікаў, затое на ўсё ёсьць прычына і ўсё мае вынік. Бездакорная лёгіка. Апрабавана стагодзьдзямі. Тлусты штамп якасьці. Яшчэ ёсьць пытаньні? Можна быць вольнымі, Працоўны дзень скончаны. Ізноў пачатак Ночнае неба — вось усё, што засталося. Белы аркуш дня, змаляваны густою чорнаю фарбаю. Плямы-зоры нагадваюць: недзе ёсьць сьвятло. Ад яго стамляюцца вочы. Паслухмяна павернецца ключ. Дзьверы ў цемру. Знаёмая вусьціш вяртаньня. Што тут тваё: паветра ці сьцены? Уключыць электрычнасьць, зачыніцца на ўсе замкі. Сесьці, агледзецца. Дзень мінуў. Гэта так мала, каб шкадаваць пра страчаны час. Глупства, звычайнае глупства — вымяраць вечнасьць гадзінамі... І ня трэба баяцца поўначы. Усё роўна анічога ня зьменіш. Пазьней, калі-небудзь, заўтра можна будзе зразумець. Але не цяпер. Зрабіць гарачай гарбаты. Паслухаць, як крапае з крана вада. Прытуліцца галавой да сьцяны, заплюшчыць вочы. Якая раскоша — паволі рабіцца ценем, зьлівацца са змрокам, адчуваць цяпло і ня думаць. (Здаецца, што гэта магчыма). Кожны вечар паміраеш з мараю нарадзіцца іншым. Толькі ў такой сьмерці ёсьць нешта прывабнае, бо яна закранае адно бесьсьмяротную душу — цела ёй непатрэбнае. Сredo in Deum... Як бязглузда выглядаюць цяпер сыстэмы, правілы, праекты — імі можна захапляцца толькі пры дзённым сьвятле, і дарма кажуць, што рэвалюцыі задумляюць уночы. ...у галаву лезе рознае глупства, як звычайна... Рэчы раскіданыя абы-дзе, але так нават і лепш. Глянцавая прыгажосьць, паліраваная чысьціня, як і белыя лябараторныя пацукі, выклікаюць агіду. Без таго заўсёды здаецца, што ставіцца глябальны экспэрымэнт. Глядзець у адну кропку. Вось зараз, зараз пабачыш. Прыйдзе прасьвятленьне, ці што там... Усё стане на месцы, атрымае сэнс — ня штучны, а сапраўдны. Яшчэ крыху, ячшэ колькі намаганьняў. Абы б не звар'яцець... Мільёны да цябе задавалі й мільёны пасьля цябе будуць задаваць тыя ж самыя пытаньні. Адзінота распушчаецца на вачах. Мой прапрапрадзед памёр у трыццаць тры гады ад сухотаў. Пэўна, ён адчуў, ён зразумеў. Ёсьць нешта самае значнае. Яно хаваецца за звычайнасьцю, яно па кроплі працэджваецца ў словы, у погляды, у дотыкі. Колькі разоў здавалася, што ўжо блізка, што ўжо амаль — вось, вось яно. ...Тэлефон. Ну хто ж так позна?!.. Але можа быць заўтра — вядома ж, заўтра, — нішто не перашкодзіць, і нарэшце...
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||