ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

K.T. RIJKSDAALDER

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

Манэта ў два з паловаю гульдэны

Хесхірэ-Гесхірэ

У краме гародніны за ляпляндзкую салату медзякоў насыпаюць поўную жменю. Таму вучыцца хадзіць на руках безнадзейна: майно бяз звону высьлізгвае на шурпаты дырван, выдаючы адно сухі гук, быццам сінія бліскавіцы ў ляйдэнскай пляшцы. А калі жывеш у Зэяляндыі — адразу ж адмаўляйся ад такіх крамак. Хто пасьля будзе вышукваць манэты ў пяску месяцовага колеру? Сухая, у пояс, асака; такі пясок прыемна выдзьмуваць зь яе валасоў — ён нябачны, сьвятлейшы за вецер, а ўночы — халаднейшы за твае рукі.

Не ўздымайся, я пра ўсё распавяду табе. За тым уз горкам у два шэрагі крочаць людзі. У кожнага ў руцэ паходня, і вогненныя кроплі падаюць на зямлю. Яны ў лёгкіх сандалях, ім мерзнуць ногі. Пра што яны гаво раць? Цішэй, бачыш — асака зіхціць. Яны зусім побач. На ноч яны застануцца ў дзюнах, бо ў дзюнах самыя прыго жыя зоркі. Ні ў якіх нябёсах так ога ня ўбачыш, ані ў якіх. Рукамі я вырву траву, разграбу пясок, і тады, як пады мецца вада, ты іх знойдзеш па зіхаценьні... Пі яго, апусь ціўшы вочы, бо асака адлюстроўвае агонь і сьлепіць цябе.

Яны сышлі да мора, цяпер яно зусім побач — з дамбы ў яго можна кідаць каменьчыкамі. Памятаеш гэтае месца на ёй, дзе з аднога боку падэшваю кранаесься хваляў, а з другога, як ты пераконвала, на 10 мэтраў ніжэй, уваленыя стрэхі. Ты стаяла паміж селішчам і морам, ня ведаючы, куды хочаш ісьці й перабірала ў кішэні ніткі. Тады табе было страшна? Заставайся ў пяску, і трава... яе сухі шолах і яе нахіл; яна называе вецер, яна адзіная падбіраецца да самага мора.

І калі дрэвы — гэта валасы гораў,

Дык трава — гэта кудзеры зямлі,

Гэта пасмы дзюнаў.

Тады ветрам былі

Рукі, абавязкова тонкія пальцы.

Хаця... можна лічыць, што горы —

Гэта грабеньчыкі неба,

А нізкія хмаркі —

Іхны...

Нават у горадзе дрэваў амаль няма; шмат-шмат каналаў і дамы, быццам прарослыя з ходніка, туляцца адзін да аднаго. Памятаеш, як з аўтобусу ты разглядала вялікія квадраты вокнаў — пляміны сьвятла ў цемры, бескарысна вялікія, бо празь іх усё адно ніхто не глядзіць. Альбо як са сваім рыпучым роварам чакала ля разваднога мастка, пакуль па канале правуркоча нейкі сіні катэр з самазадаволеным стырнавым. Як гэты стырнавы, азіраючыся, глядзеў табе ў самыя вочы, пакуль масток зводзіўся зноў, а ў тваёй галаве круцілася “па цыркулі збудаваныя гарады”.

Гэта не была ані хвіля адчаю, ані хвіля сіламоцы. Ты стаяла, прыціснуўшыся да падваконьня сьцёгнамі, ды трымала ў руках вязаны шалік, а пад самым вакном ляжаў “густа аплецены плюшчыкам” паркан — ахвяра нядзельнага шторму. Тады ты спадзявалася, што рукі дайдуць зрабіць яго ў выходныя. Далей — незразумелыя грады й сьцежка, якая ня надта атрымалася... А яшчэ — вялікі, калючы, падстрыжаны куст і стрэхі супрацьлеглага дома. Садоўнік зь мяне зусім дрэнны. Але ж так хочацца, каб за вакном было хораша. Абяцаю ўжо другую восень вясною нешта з гэтым зрабіць. Хаця ўжо цяпер час выбірацца й закапаць цыбуліны пралесак і крокусаў...

Гу-у-у, які тады быў шторм! Каля самага мора проста ляці. Хлопцы абдымалі рукамі слуп, адштурхоўваліся ад зямлі й “узьляталі”, пакуль хто-небудзь зноў ня ставіў іхныя ногі долу. А ў нас толькі цяжкі паркан у дворыку паваліла. Так і ляжыць — мабыць, да выходных...

Якія ў цябе халодныя рукі, хацелася іх сагрэць...

Гэтыя людзі з паходнямі, яны гаварылі пра цябе. Яны ўжо стаяць на дамбах паміж паўвыспамі й вогненныя кроплі падаюць на бэтон. Хутка паром на Брэс кенс... у-у-у, і не хачу я ведаць, як гэта выйшла. Бо як здарылася, хіба што можна судзіць?

Лепей, памятаеш тую кавярню ва Ўтрэхце на Ганцэнмаркт зь цяжкімі чырвонымі фіранкамі й алавянымі падсьвечнікамі. Мы сядзелі ў кутку, за балясамі. Ты піў зялёную гарбату і, сьціскаючы кубак, грэў далоні. Тамака ў кутку мы абмяркоўвалі па чарзе ўсіх наведнікаў, потым обэраў, потым вяшак з марынаркамі й засохлыя кексы. Ніхто нам тады нічога не сказаў. А ты ўсё ніяк не аднімаў рук ад твару й цер вусны... я распавядала пра фільм. Калі дапытвалі ўдзельнікаў Супраціву, ім засоўвалі шлянг у іншую дзірку й пускалі ваду. Цікава, ці гэта была прэсная вада? Тут вельмі салёнае мора. Сохнучы апасьля купаньня, я заўсёды лізала сабе рукі. Разочак, самым кончыкам языка, у скуры быў такі цікавы смак, а за гэта маці мяне выгаворвала. Так, так, у тым фільме яшчэ ўзарвалі дамбу, вызвалілі мора, а самі людзі схаваліся ў млыне. Я заўсёды хацела ўявіць, пра што яны тады гаварылі, абхапіўшы рукамі зубцы аграмадных шасьцёрнаў. Пра што можна гаварыць у млыне?

Не прытуляйся да гэтага пяску, да пяску месяцовага колеру, ён халодны, як сталь. Няхай гарыць асака, лепей глядзі, як блішчаць мае вочы. Райксдальдар была мая любімая манэта, яе заўсёды вельмі прыемна тры маць у руках, аказваецца, яе вельмі лёгка затачыць. Твая настаўніца біялёгіі, памятаеш, ты распавядаў, як яна заўсёды паўтарала словы, паўтарала словы: “біягеацэноз, біягеацэноз”. Дык што, ты хаця б вывучыў слова. Галасы? Гэта чайкі круцяцца вакол баржы, іхныя раз мовы чапляюцца за шэры бераг. Якія ў цябе халодныя рукі, хацелася іх сагрэць... а тады далонямі ты сьціскаў кубак зь зялёнаю гарбатаю. Не саромся крычаць, калі стане балюча, толькі ня рухайся. Глядзі, як блішчаць мае вочы, памятаеш, памятаеш, я малявала... вэранда на старой турэмнай вежы ў Флісынгене ля самага мора...

лістапад 2002 года

RIJKSDAALDER/ACHTER KANT

Манэта ў два з паловаю гульдэны/адваротны бок

Хесхірэ-Гесхірэ

Дарэчы, што застанецца ад сапраўднага й надуманага, ад поглядаў убок, ад цялеснага колеру плястэра на безыменным пальцы, ад бясконцых паўзаў? Толькі мая гіронія. І мой спадзеў: ты ніколі не даведаесься пра туман, такі густы, што ў вакно не відаць нават суседніх рэек. Як ён быў крыху адступіў і, адкінуўшы галаву, я глядзеў...

Ты стаяла пасярод пэрону на белай для відушчых, рыфляванай для сьляпых дарожцы, а я — не хацеў вы ходзіць. Цяпер, нават не закрываючы вачэй, я бачу: з-пад цяжкіх колаў ірвецца пара, на табе даўгая плісаваная спадніца й акуратная шапачка. Ты стаіш пасярод пэрону й углядаесься ў твары прыехаўшых пасажыраў. У першым вагоне, у тамбуры, я прыціснуўся сьпінаю да сьценкі, я прапускаю “цётачак”, што асьцярожна перастаўляюць ногі, я баюся таго, што ты чакаеш ад мяне. А яшчэ болей самой цябе.

“Норма, як від напаміну — найбольшая перашкода для насалоды жыцьцём...” Чаму ты заўжды спынялася на гэтым слове, чаму глядзела на мяне так? Бясконцыя паўзы, ціхія крокі, і, божа, якое там неба. Плоскае й далёкае, нічым ня розьніцца ад зямлі. Неба, выбудаванае зь мяне, — няма за што ўхапіцца. “...найбольшая перашкода для насалоды жыцьцём...” — на тваёй станцыі няма такіх словаў. На ёй усяго дзьве калейкі — гэта проста: на першую цягнікі прыбываюць, з другой — адыходзяць. Вось два пэроны шэрай пліткі, а вось я — заплікнуўшыся на верні гузік, стаю на першым зь іх і скрозь вокны вагона гляджу на другі.

Ты гэта мусіш пабачыць! Гэтага наагул ня выка з аць моваю... на жаль, няма як падняцца на тую будоўлю... Але ж Флісынген — у ім шмат сымпатычных рэчаў. А потым — Ф'ерэ. Мястэчка са старою гаваньню... і лебедзямі... калі яны да сьнежня ня зьмерзнуць... яшчэ тамака ёсьць надзвычай файная будка з марозівам. І Вэсткапэле — з дахамі, што ніжэй вады, і з ангельскім танкам... і тую аграмадную дамбу, якая цягнецца да гарызонту, і поле з аграмадных колатых валуноў на яе пачатку... І нямецкія бункеры ў Заўтэляндзе, і знакамітыя Зээляндзкія хвалярэзы, і заўсёдныя бясконцыя пляжы зь пяском і ракушкамі, па якіх проста прыемна ісьці й азірацца на халодныя шэрыя хвалі Паўночнага мора, на высокую траву, што гнецца ад ветру на бухнатых дзюнах...

Усё-ўсё пакажу. Толькі б сонейка нам сьвяціла...

Хутчэй на развадны мост — ідуць ужо катэры. Дзіўна ён пабудаваны: калі трэба адкрыць канал, мост не разрываецца на дзьве палавінкі, а разварочваецца па-над вадою й застаецца пасярод каналу. Калі глядзіш з дахаў, разам зь берагамі ён утварае ІІІ паралельныя палкі. Можна пасьпець заскочыць за шлягбаўм, за звон ліхтароў — хутчэй! Разьвернуты на ўсю даўжыню, стаіць мост; на ім — ты, на ім — я.

Калі я чакала цябе на пэроне, якімсьці незразумелым чынам праз падэшвы я адчувала бугаркі на дарожцы для сьляпых. Мне было так халадно, а ты ўсё не зьяўляўся. Ведаеш, тады я маліла, каб ты не прыехаў. Бяз тлумачэньняў і поглядаў у вакно. Згубіўся, зьнік як і зьявіўся... Я баялася сябе, калі ты ўсё ж такі прыедзеш, і... праз падэшвы адчувала на ходніку ўсе зморшчынкі.

На гэтым мосьце, пакуль ідуць лодкі, усё-усё пакажы. Горку, зь якой імчыш на ровары; дворык абацтва, дзе дрэвы з голымі галінамі, а ўдзень у суботу, у сьвяты час закупаў — ані душы. Цыбуліны купалоў, вежу Даў гога Яна, чорны ўваход ратушы. І кніжную краму за шкляною, у тры паверхі сьцяною, там поўна кнігаў. Так ты ўсім расказваеш пра яго? Сказамі безь дзеясловаў, як і ўсё тваё жыцьцё. Тваё мястэчка, сюды прыяжджала апранутая пышна каралева, і ты яе бачыла, але толькі пазьней, на сваіх фатаздымках, што рабіла па-над абязкапялюшаным натоўпам. Мястэчка, у якім ёсьць усё, у якім можна спыніцца на тысячу гадоў і проста жыць.

Тут усё вельмі блізка. Флісынген, дзе аграмадныя караблі праходзяць усутыч да берага, што за іх мне робіцца страшна. Камяні залітыя смалою, сьлізкія масты. Ідзі акуратна, давай наперад я. Глядзі — у сьцяне вузкі праход і пасярод — вакенца над галавою. Празь яго відаць ліхтар, а на ім, хвастамі да затокі, сядзяць чатыры чайкі. І пакуль я табе гэта распавядаю, на ім застанецца адна... Цяпер мы толькі й будзем зырыцца на розныя слупы й гадаць, колькі іх там зьмесьціцца, калі насадзіць пашчыльней.

Памятаеш, ты малявала: каля самага мора — вежа-турма. Мне чамусьці падавалася, што тамака ўжо ёсьць шкляная тэраса й кавярня з рыпучымі пляцёнымі крэсламі. Як і у той дзень, калі ты, першы раз у тую восень, нацягнула шарсьцяныя шкарпэткі. У царкве пад табою парыпвалі лаўкі, дзе б ты ні старалася, сьціпла й асьцярожна, прысесьці, і ўсе абарочваліся з вачыма ў зьдзіўленьні. Ты баісься глядзець на глыбокую ваду, чаму? Шмат маўчыш, ды раптам, не спыняючыся, траскочаш.

Я тады сьмяялася каля цяжкой раманскай студні. Скрозь краты на ёй... ты вызначаў глыбіню, а потым плюнуў туды й гучна пачаў лічыць. Усе так пазіралі ў наш бок... Кароткія завулкі, выкладзеныя буйнымі, быццам валатоўскія зубы, камянямі; ярка зялёная траўка і — азерная цішыня. Хм-м, будка з марозівам зьнікла... добра, хадзем мацаць гарматы — у іх рулях, наўзамен ядраў фанцікі й дажджавая вада. Ціха, глядзі...

Мы сядзелі тады пад мастом і глядзелі на чайку, як яна пазяхала й лупіла вочы. У дамох на беразе няма ўнутраных сьценаў. Калі ты вяла машыну, я пазіраў скрозь іх вокны — скрозь цэлы дом я бачыў лапікі мора.

Як называецца гэтая хвароба, калі губляюцца назвы рэчаў і зьяваў? Толькі кавалкі раскіданыя па самкнёных павеках. Вось мы з братам у дзюнах, у плястыкавыя слоікі на шыю мы зьбіраем шыпшыну. Яе сьлед кусаць асьцярожна, каб не дастаць да семак — там непрыемнае валосьсе. У тых дзюнах таксама хапае нямецкіх дзотаў, толькі вастракутных — ня тое, што ў тваіх. Ведаеш, мне здаецца, дзюны — гэта адваротны бок неба, разам яны як той зношаны дзедаў кажух. Зьверху гладкі й бясконцы, бухнаты — знутры.

У мяне нейкая манія — правяраць, ці замкнёныя дзьверы: я вяртаюся й торгаю ручку. А яны заўсёды зачыненыя.

Выйшаўшы з тэлефоннае будкі, праз два мэтры я абавязкова азірнуся, ці не пакінуў чагосьці. Аднак ніколі нічога не пакідаю.

“Пешаходы: уваход толькі на ўласную рызыку”; у сьцяне вузкі праход, над ім пасярэдзіне вакенца ў неба. Скрозь яго быў бачны ліхтар, а на ім, хвастамі да затокі, чатыры чайкі. З таго часу мы толькі й глядзелі, што розныя слупы й мачты — гадалі, колькі іх туды зьмесьціц ца, калі насадзіць пашчыльней. Яшчэ ты тады сказала:

Ну, хопіць.

І мы пайшлі ў халодны дом. Раніцою суседка на мяне зьдзіўлена глядзела. Бессэнсоўна — але ты вярнулася праверыць, ці зачыненыя дзьверы.

Вось гэта пакой, выбачай, не прыбрала...

У нядзелю ты апранаеш шапачкі, іх поўная камода, і спадніцу. У нядзелю ты павінна хадзіць у царкву тры разы. У гэты дзень каля яе не прыпаркавацца, на задніх сядзеньнях дзяўчаткі ў сукеначках. Чорны чатырохбаковы купал, яго відаць з дарогі й з тваёй спальні. А ў ёй, на стале — сіні тастамант, са старонкамі папіроснай паперы. Пагартай, пашапачы мне на ноч.

Я ніколі не разумела чаму, дакладней... я заўжды хацела, каб малітоўнікі былі з рознымі вокладкамі. Не, не са стракатымі, а з рознымі, напрыклад, з тонкімі пасачкамі. Ведаеш, там я... я ніколі не закрываю вачэй; пальцам, рукамі я кранаюся жылаў драўлянай лаўкі й срэбных літарак на вокладцы. Усё ж такі на ёй я, здаецца заўсёды, хацела б мець нябачныя равочкі, лінію, па якой можна бегчы кончыкамі пальцаў... і неўпрыкмет пераскокваць на іншую.

Шык-шык, шык-шык: у дамбы свой гук; у вады смарагдавы колер. Праз сухую асаку, праз шэра-сіняе паветра мы глядзім, “як людзі заваёўвалі мора”. Ты ведаеш яго шляхі й крэсьліш на пяску:

“норма як від напаміну”. Паедзем у самую заходнюю ў гэтай краіне кавярню, будзем там непрыгожа доўга піць зялёную гарбату й грэць ёю рукі ды нос. Вокны будуць цёмныя. Хай на нас нагледзяцца... будзем гуляць па заасфальтаваным насыпе, і прамень маяка, як аб бар'ер, будзе разьбівацца аб чорны туман у двух мэтрах ад берагу. Потым мы закрыем вочы. Калі прамень ляжа на нашыя твары, я скажу, што я адчуваю...

Я адчуваю, быццам прамень — пяшчотны: кожны раз, калі маяк абяртаецца да нас — па скуры прабягае ветрык, пашмінавы шалік падае мне на павекі. Ты ня думай, што я спалохалася. Вяжы мацней, я ня веру сваім рукам. Пацалуй мяне... ты калючы. У цябе на ботах зээляндзкі пясок. Я ня буду крычаць, можа крышку, але думаю вада мне ня дасьць. Не сядзі, ідзі. Ненавіджу, калі стаяць на пэроне да апошняй хвіліны й потым яшчэ ідуць за цягніком. Раніцою праз падэшвы я адчувала на ходніку ўсе зморшчынкі. Навошта я сёньня вярнулася правяраць, ці замкнёныя дзьверы? Не хачу, каб ты бачыў мой страх. Мора хутка прыйдзе, у яго з галавою схаваюцца хвалярэзы. Пакінь мяне, у поўнай цямрэчы я гавару сама з сабою...

сьнежань 2002 года

 

 

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY