|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003
РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ |
|
ГУТАРКА Інтэлектуальнае поле ЭСЭ Марыя Мартысевіч. Бег, Генадзь Драгун. DIY. ПАЭЗІЯ Аксана Спрынчан. Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба ПРОЗА К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў Артур Грэй. Сьцяпан Панаеў. КІШЭННАЯ ЭЎРОПА Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя? Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць Рэцэнзіі й водгукі |
Палітычная сфера: Рэканструкцыя: Навук. часопіс. — 2002. — № 3 Акрамя непатрэбнага пераліку стылістычных памылак і шкалярскіх нязграбнасьцяў (напрыклад, Парсанс не Талкот, а Толкат, а Аляксандар Якаўлеў ня быў першам сакратаром Вярхоўнага Савета СССР), што ўжо справа навуковай рады, у якую, між іншых, уваходзяць такія зоркі інтэлектуальнага агону як Уладзімер Мацкевіч, Ігар Бабкоў і Валянцін Акудовіч, першая агульная заўвага да “Палітычнай сфэры” — такая ж, як і да ўсіх іншых беларускамоўных часопісаў (не выключаючы й “Паміж”): малая колькасьць уласных тэкстаў у параўнаньні зь перакладзенымі матэрыяламі, якія да таго ж адбіраюцца выпадкова ці паводле крытэраў, незразумелых чытачам. Інфармацыйная рэвалюцыя 90-х ператварыла нас усіх у жыхароў адной вялікай інтэрнэт-вёскі, даступнасьць інфармацыі паставіла пад сумнеў каштоўнасьць і аўтарытэтнасьць кожнага “голасу з-за мяжы”, адначасова праліла сьвятло на нашу правінцыйнасьць, раней незаўважную за жалезнай заслонай. Таму істотным было б пытаньне, паводле якіх крытэраў ацэньваць прадукты інтэлектуальных высілкаў мясцовых элітаў (у тым ліку й “Фрагмэнты”, і “Адкрытае грамадзтва”, і “Архэ” й іншыя ). Можна падыходзіць да іх з гледзішча мясцовага, калі любы часопіс, у тым ліку й студэнцкі, — гэта заўсёды падзея, бо “ў нас нічога ня робіцца” й г.д., альбо па “гамбурскім ліку”, то бок прыдзірліва правяраць нашы гамбургеры на прадмет адпаведнасьці ўсім эўрастандартам, да якіх імкнуцца нашыя шаноўныя прагрэсары. Такім чынам, маем прынамсі дзьве шкалы адліку: першая — прасторавая, дзе па розных бакох восі каардынат знаходзяцца Эўрапейская мэтраполія й наша правінцыя, другая — часавая ці ўзроставая, дзе, адпаведна, супрацьпастаўляюцца майстры-вучні (дарослыя-дзеці). Гэты момант вельмі важны. Амэрыканскі філёзаф, дасьледнік у галіне палітычнай этыкі Аласдайр Макінтайр у кнізе “Пасьля дабрачыннасьці” піша, якую ролю адыгрывае апавяданьне (наратыў) у выхаваньні падлетка. Без апавяданьняў, якія ўспрымаюцца як праграма дзеяньня, плян усяго жыцьця, дзеці застаюцца да самага скону няўпэўненымі, разгубленымі заікамі, ня ведаючы што рабіць. Матэрыялы “Палітычнай сферы” падабраныя, такім чынам, што дзеі “ОТПОРу” — руху, які перамог дыктатуру ў Югаславіі, чытаць нашмат карысьней, чым заглыбляцца ў аналітычныя разважаньні на актуальныя тэмы. Магчыма, тут ёсьць пэўная рацыя: вучыцца прыемней на чужым станоўчым прыкладзе, а не на аналізе памылак сваіх суайчыньнікаў. Амаль поўная адсутнасьць аналітычных матэрыялаў па канкрэтнай мясцовай тэматыцы можа тлумачыцца свайго роду памкненьнем захаваньня саматоеснасьці, да страты якой “прыводзіць” шкодная звычка “выносіць сьмецьце”. Інтэрвію з Рычардам Рорці й Уладзімерам Мацкевічам — у пэўным сэнсе знакавыя для асьвятленьня сучаснай сытуацыі. Рорці, ужо заходзячая зорка папулярнай філязофіі, на пытаньне пра Беларусь і ролю інтэлектуалаў у працэсе дэмакратызацыі, адказвае, што, наколькі яму вядома, Беларусь — “паліцэйская дзяржава”. Мацкевіч прапануе дзеля пазбаўленьня ад шкодных стэрэатыпаў у апазыцыйных газэтах зьмясьціць інтэрвію з шэфам паліцыі. Абодва мысьляры ў духу постмадэрну ставяцца скрайне скептычна да вартасьці “вялікіх наратываў” у справе вырашэньня істотных праблемаў быцьця. Рорці ня верыць у Тэорыю, але ў практычныя палітычныя тэхналёгіі. Уладзімер Мацкевіч праводзіць гістарычную аналёгію, параўноўваючы мясцовых гуманітарыяў са схалястамі Віленскага ўнівэрсітэту ў ХVІІІ стагодзьдзі: нэасхалястыка ў Літве й Беларусі захоўвалася яшчэ гадоў на сто даўжэй у параўнаньні з Эўропай, дзе буйнымі тэмпамі разьвівалася інжынэрная навука. Ці правамоцны калькаваны перанос у гуманітарную (ці палітычную, калі заўгодна) сфэру клішэ, запазычаных з дакладных навук? Ці павінныя тэхналёгіі, якія добра паказалі сябе ў іншым месцы, спрацоўваць паўсюль і заўсёды, як законы фізыкі, напрыклад, у правілы падаючага бутэрброду? Перадрук артыкулу Аксаны Гразновай “Крыніцы фінансаваньня палітычных партый” (з украінскай “Analityki”), дзе прадстаўленыя матэрыялы па дзейнасьці ангельскіх кансэрватараў ў мясцовым палітычным кантэксьце выглядаюць “схалястыкай”, у якую ператвараецца любы замежны досьвед, калі яго спрабуюць перакласьці на іншую глебу. Амэрыканскія палітычныя тэхналёгіі вабяць нашых новасьпечаных палітыкаў як дзяцей касьцюм Супэрмэна, які прадаецца ў бліскучым Супэрмаркеце. Менавіта для заўзятых адэптаў тэхналёгіі цацачны касьцюмчык забясьпечаны інструкцыяй: “Не прызначаны для лятаньня”. Застаецца спадзявацца, што калі Ў.Мацкевіч цытуе бэканаўскае “Веда — гэта моц”, то мае на ўвазе ня зборнік студэнцкіх рэфэратаў. Таксама трэба спадзявацца, што “Палітычная сфэра” з часам сапраўды будзе сур'ёзным навукова-аналітычным часопісам, бо падставы для гэтага відавочна ёсьць. Перадусім, гэта сам факт, што аўтары “Палітычнай сфэры” ўсьведамляюць катастрафічны недахоп у краіне прафэсійнага пэрыядычнага выданьня, якое б адпавядала сучасным эўрапейскім навуковым нормам і запратрабаваньням. Кірунак дасьледваньняў вызначаны, застаецца пажадаць, каб рэдакцыя ясна ўсьведамляла сабе свае палітычныя й сьветапоглядныя прыхільнасьці (перадрук са скрайне правага, зусім непаліткарэктнага ўкраінскага часопіса “Пэрэхід ІV” пакуль можна лічыць выпадковасьцю).
D.Palitykon. Пра дызайн Барысевіч Ю. Alter Nemo. —Менск: Логвінаў; Санкт-Пецярбург: Невский Простор, 2003. —144 с.: іл. — (Другі Фронт Мастацтваў; Schmerzwerk) Ніколі не пісала рэцэнзіяў... Цьмяна сабе ўяўляю, хто такі той аднавокі амэрыканец Джо —Юрась Барысевіч... Што ж мне, няшчаснаму дызайнэру, у такім разе рабіць? Чалавеку ўласьціва найперш адгукацца на знаёмае, ва ўсім шукаць блізкія рысы. Сутнасьць рэчаў, узаемаадносіны зь імі чалавека схопленыя ў кнізе вельмі па-дызайнэрску. А касаваньне стэрэатыпаў у любой галіне — найулюбёны канёк маіх калегаў; разуменьне таго, што “лёгкі землятрус сьвядомасьці... ня толькі разбурае, але й зьбірае нанова” сэнс — адначасна разуменьне самой сутнасьці дызайн-дзейнасьці. Дык можа аўтар — таксама дызайнэр, прынамсі, паводле спосабу мысьленьня? І ў той жа час пададзены ў кнізе погляд на балючыя праблемы гэтай галіны — вельмі адстаронены, таму й крыху недакладны. Сам тэрмін “дызайн” згаданы толькі адзін раз (ст. 62) у зьвязку з “пытаньнем пра саманараджэньне”: “Дызайнэрскае праектаваньне цела дазволіць кожнаму стацца амаль такім жа шматаблічным, якім пакуль можа быць хіба што Бог, якога мы бачым штодня ў выглядзе зорнага неба, палаючага хмызьняку, тэлевізару альбо нейкай іншай істоты ці рэчы.” Панятак “дызайн” і ўвогуле разуменьне сутнасьці гэтай дзейнасьці сфармаваліся не адразу: было й атаясамленьне дызайнэра з аздабляльнікам, з рамесьнікам, са звычайным праектантам, і спроба “выгадаваць” нешта вартае, зьляпіўшы ў сыямскіх блізьнюкоў мастака й канструктара. Магчыма, у далёкай (а мо й ня вельмі) пэрспэктыве, акрэсьленай спадаром Юрасём, дызайнэр і стане роўным “Дырэктару Прыроды”, але пакуль што надаваць такую ролю сьціпламу маргіналу, захоўніку мяжы — не выпадае. І вось яно — неадчэпнае жаданьне ўзяць нажніцы, парэзаць старонкі на кавалкі й скласьці з асобных выказваньняў нешта накшталт партрэту “непазнанага захоўніка быцьця” (гэта ўжо цытата з Галіны Лолы, чый досьвед мэтафізычнай транскрыпцыі дызайну паспрабую скарыстаць як ратавальны арыентыр, які дапаможа выкараскацца зь “вееру вобразаў”, шчодра разгорнутых у тэксьце Барысевіча). Менавіта блытаніна ў адценьнях сэнсаў, якімі да сёньня надзяляюць дызайн — гэтае не-мастацтва, не-рамяство, не-праектаваньне й г.д. — прымушае не шукаць новых магчымасьцяў яшчэ раз нешта сказіць, а адсякаць тое, што ўжо наслоена. Такім чынам, пачнем. Няздатны паставіць сябе на месца іншага чалавека й сам ніколі ня здолеў бы стацца іншым, перавыхаваць рысы асобы й твару на новы ўзор. Здольнасьць прыняць нешта як іншае — той пункт адліку, зь якога пачынаецца сутнаснае разуменьне дызайну. Адносіны чалавека з рэчамі складаюцца па-рознаму: пераважна праз уварваньне й перастварэньне. Пакуль чалавек на сваёй скуры не адчуе хісткасьці такога стаўленьня, у поле ягонага зроку не трапляе іншы шлях пошуку апірышча ў варожым сьвеце — спосаб зжываньня зь існым, уладкаваньне ў ім, што ўсьлед за Гайдэгерам назавем “уменьнем-быць-у-сьвеце”. Чалавек пачынае выбудоўваць адносіны з рэчамі як з роўнымі сабе, як зь Іншым, дакладней, як зь іншым я: “Блізка да нас тое, што мы звычайна называем рэчамі”. (М.Гайдэгер) “Мы ўпарта гойсаем па крамах альбо музэях у пошуках рэчавых доказаў нашага існаваньня.” (Ю.Б.) Вельмі карэктна Юрась Барысевіч вызначае нашыя адносіны з рэчамі як сымбіёз. Але ж каб узьдзейнічаць на асобу, рэч павінна раскрыць свой сэнсавы патэнцыял. Акт праявы сэнсу — Падзея. “Мы малюем, каб убачыць, а не малюем тое, што бачым.” (М.Пруст) Дзеля таго, каб нешта адбылося, яно павінна быць зразуметым, а “разуменьне ўвогуле ня можа быць ухоплена як усьведамленьне нечага, што можа быць вылічана, цэлае самога зьдзяйсьненьня разуменьня ўцягнутае ў падзею, ёю апасродкавана й ёю прасякнута.” (Г.Гадамэр) Падзея, Разуменьне — усё гэта тая Мяжа, што дае шанец нечаму ажыцьцявіцца. Для Гайдэгера праўда быцьця выступае як мяжа, якая дае Магчымасьць зьдзейсьніцца мэтафізычнаму запытаньню пра існае. Нягледзячы на тое, што розныя тэарэтыкі дызайн-дзейнасьці па-рознаму яе вызначалі, амаль усе яны знаходзілі аб'ект свайго здумленьня на мяжы: вытворчасьці й спажываньня; галечы й багацьця; разьліку й прадчуваньня, інтуіцыі; карысьці й прыгажосьці. “Дызайн кажа сябе на мяжы, якая падзяляе сьвет сакральнага й прафаннага, трансцэндэнтнага й існага.” (Г.Лола) Гэта ўменьне-быць-у-сьвеце, заклапочанасьць рэчамі й клопат пра блізкае бытнае, якое — па-дызайнэрску ўладкаванае — не варожае чалавеку, не паглынае яго й увесь час сьведчыць пра быцьцё. “Вопратка абмяжоўвае дыяпазон нашых эмоцыяў..., але дазваляе быць розным, заўсёды гатовым да зьменаў у існуючым стане рэчаў.” (Ю.Б.) Магчымасьць пераўтварэньня ў пэўных умовах уласьцівая ўсяму наяўнаму: і чалавеку, і жывёле (да плятонаўскага “чалавек — гэта жывёла зь дзьвюма нагамі й бязь пер'я” можна дадаць выслоўе, што любіць паўтараць адзін з аўтараў тэорыі дызайн-дзейнасьці менскай школы А.Чарнышоў: “Чалавек розьніцца ад жывёлы адно тым, што мае мяккую мочку вуха”), і рэчам: “Нават стандартная рэч набывае экзыстэнцыяльную глыбіню, параўнальную з чалавечай індывідуальнасьцю, калі яна выкарыстоўваецца ня толькі паводле свайго прызначэньня.” (Ю.Б.) Справа дызайнэра — акрэсьліць прастору, у якой рэч атрымае мову, абудзіцца да жыцьця. “Заклапочанага быцьцём памежніка” цікавіць найперш ня зьмест, а ўмовы ўзьнікненьня гэтага зьместу. “Не мастак нараджае твор, а майстэрня. Адпаведнік майстэрні не жанчына, а сям'я, альхімічны шлюб аўтара й матэрыялу.” (Ю.Б.) У даляглядзе дызайна твор ацэньваецца найперш паводле арганічнасьці ўваходжаньня ня толькі ў сьвет майстэрні, але больш шырока зразуметага жыцьцёвага асяродзьдзя. У гэтым сэнсе панятак “дызайн” шырэй за мастацтва. Рэч можа выявіць сваю Сутнасьць толькі на сваім Месцы. Дарэчна разьмясьціць рэч — значыць даць ёй існаваньне. Таму наш “захоўнік быцьця” ня вольны ў выбары месцаў, што адразу розьніць яго ад традыцыйна зразуметай творчасьці: “Не ўкарэнены ў сьвеце рэчаў, ён не ўпрыгожвае й не перабудоўвае, не стварае новага, а такім чынам надае рух рэчам, што яны апынаюцца на сваіх месцах.” (Г.Лола) Месца — не выпадковасьць. Разьмясьціць рэчы — стварыць той блізкі сьвет, у якім чалавек таксама апынаецца на сваім месцы, а бытаваньне стаецца тоесным быцьцю. Але ж і разьмясьціць — не зафіксаваць: сьвет “мігціць” рухам месцаў. “Чалавек ніколі не памыляецца. І праўда й мана аднолькава добра адлюстроўваюць падзеі ў сьвеце... У сьвеце татальнага (таталітарнага?) плюралізму хопіць месца й нядаўняму культу Бацькі ўсіх народаў, і цяперашняму культу Зялёнага Джорджа, і найстаражытным татэмічным культам.” (Ю.Б.) Для дызайнэра гэта аксіёма. Таму ён “трансцэндэнтальна абыякавы” пры вывядзеньні рэчы з патаемнага (ён ведае праўду пра тое, чаму шукаючы апірышча, чалавек ніколі яго не атрымлівае). А чалавек ведае, што апірышча на рэчы ілюзорна, але насуперак гэтаму веданьню будуе на пяску “як на камяні”. Нават калі (маральна-этычнага, псыхалягічнага аспэктаў чапаць ня будзем) нейкі рэжым зацягвае дызайнэра ў кола сваіх патрэбаў і ідэяў, ён ня ў стане кіраваць творчым працэсам. Можна густоўна аздобіць першамайскую, ці якую яшчэ, дэманстрацыю, згарманізаваць чырвонае зь зялёным празь белае, выканаць усё ідэальна з гледзішча законаў кампазыцыі, колеразнаўства, канструяваньня, адпаведна з найсучасьнейшымі й наймаднейшымі тэндэнцыямі ў графіцы ці формаўтварэньні. Але калі твор спрабуе прыжыцца ў рэальных умовах, адразу бачна — лажа (амаль прафэсійны дызайнэрскі тэрмін), рэч-не-на-месцы. І лёс Баўхаўза, зьнішчанага фашыстамі, ВХУТЭМАСу (усесаюзныя мастацка-тэхнічныя майстэрні), расфармаванага камуністамі, шлях станаўленьня й сталеньня айчыннай школы дызайну — вельмі паказальныя. “У эпоху рамеснай вытворчасьці рэч была адбіткам асобы свайго стваральніка, матэрыялізаваным жэстам (увесь гэты сьвет таксама разглядаўся як жэст найвышняга творцы). <...> Спажывецкую ідэалёгію можна зьвесьці да наступнага тэзысу: каб зьмяніць жыцьцё да лепшага — ня трэба нічога зьмяняць у грамадзтве, у сацыяльных адносінах, дастаткова вырабляць больш дасканалыя рэчы й мець магчымасьць іх набываць... Let's make things better!” (Ю.Б.) У імгненьне вока нашае жыцьцё запоўнілася поцьмай прадметаў на ўсе густы й дзеля самых разнастайных патрэбаў. “Настала эпоха канца рэчаў. Зараз яны патрэбны адно дзеля таго, каб захапляцца дызайнам.” (Ф.Старк) Ва ўсіх гэтых зьявах выяўляе сябе амбівалентнасьць дызайну. (Нават шызарэаліст разумее: адчапіцца ад рэчаіснасьці немагчыма.) У постмадэрновым сьвеце “дарэчы” пераўтвараецца ва “ўсё, што заўгодна”, клопат пра існаваньне падмяняецца клопатам пра выгляд. Постмадэрн імкнецца перацягнуць дызайн у наяўнае, пазбавіць далучанасьці да сакральнага й, тым самым, пазбавіць сутнасьці. Паўсюдна — мутацыі рэчы-тэксту. Але ж гэта й урадлівая глеба для буяньня генію дызайнэра. Ягонае царства. Рэч ужо ня “іншы я”, яна жыве сваім жыцьцём, і чалавек кантактуе зь ёй у трохі “ссунутай” прасторы. “Адсутнасьць блізкасьці вядзе да панаваньня недалёкага.” (М.Гайдэгер). Клясык беларускай дызайн-думкі — І.Герасіменка кажа: “Спажывецкая залежнасьць шматузроўневая, і рабства, насамрэч, пачынаецца не з набыцьця... прадукцыі... Аддаваць перавагу якаснай тэхніцы й інфармацыі перад няякаснымі — натуральна. Спажывецкае рабства пачынаецца з адчуваньня, што без усіх гэтых набыткаў ты — не чалавек (а гэта ўжо іншая форма залежнасьці: ці то інтэлектуальная, ці то псыхалягічная, яе нават цяжка вызначыць (наркатычная? — С.Д.)), таму супрацьстаяць ёй магчыма толькі мастацкімі (чытай: сутнасна дызайнэрскімі — С.Д.) сродкамі.” “Хто ў стане ісьці да крыніцы, таму ня варта ісьці да крынкі.” (Леанарда да Вінчы) “Наркатычныя рэчывы, што ўжываў першабытны чалавек (у Бібліі яны згадваюцца ў вобразе яблыка) былі непасрэднай прычынай зьяўленьня ў нашых продкаў абстрактнага мысьленьня.” (Ю.Б.) Рэч толькі тады намі спасьцігаецца, калі мы пераўтвараем яе ў абстрактны вобраз, у схему, калі пазбаўляем яе жыцьця: каб існаваць дзеля нас, яна павінна перастаць быць тым, чым яна ёсьць. Гэтым прынцыпам кіруецца дызайнэр у сваёй практычнай дзейнасьці. “Магчыма, менавіта гэтая навала тавараў абудзіць нарэшце здольнасьць вылучаць істотнае, “увайсьці ў чарговы этап эвалюцыі чалавечага роду.” (Ю.Б.) Сузіраючы ўпадабаныя твары, “мы занураемся ў вобразы, у якіх нечакана пазналі сябе альбо тых людзей, безь якіх не ўяўляем свайго жыцьця. Вядома, нашае дзяжурнае “я” захоўвае пэўную аўтаномію ад таго, што яно бачыць... інакш бы мы ніколі ня здолелі вярнуцца ні з чужога партрэту, ні з гэтага сьвету наагул.” (Ю.Б.) Дэвіз дызайнэра, сфармуляваны яшчэ вялікім геніем Адраджэньня, гучаў як “hostinato rigore” (настойлівая строгасьць), а зараз трансфармаваўся ў больш экспрэсіўнае “Аддаючыся шаленству — памятай сябе!” “Калі займаесься чымсьці ўсур'ёз, часта атрымліваецца толькі вынік, а больш нічога добрага.” (Ю.Б.) Так, забаўляць, эпатаваць, дарыць асалоду — справа астатніх. “Галоўнае прызначэньне сучаснага мастацтва — падрыхтаваць гледачоў (артысты ўжо гатовыя) да прыходу постгуманістычнае эры.” (Ю.Б.) Леанарда да Вінчы ведаў, што гэта такое — “удасканальваць рэчаіснасьць”, таму пакінуў як запавет сваім вучням (кожны дызайнэр — вучань “лятацеля, сякеры, пераможцы нораў шэрых”): “удасканальваць можна толькі інструмэнт, які імітуе элемэнты сусьветнага ладу, але ніяк ня самі гэтыя элемэнты. “Удасканаленьнем” іх можна толькі давесьці да згубы.” У эпоху постмадэрну дызайнэр — цынік. Ён сакралізуе прафаннае й прафануе сакральнае, для яго няма нічога забароненага, але ёсьць сьвятое — быцьцё. Гэта Мэдыюм нашага сьвету, што карэгуе працэс пераўтварэньня рэчаў у знакі й знакаў у рэчы. І зноў да саманараджэньня: калі Дызайнэр будзе прымаць “замову” ад чалавека з умоваю задаволіць усе ягоныя хэньці, то, магчыма, і ўлічыць нешта падчас працы, але вынік можа быць зусім нечаканым для замоўцы. Бо, павернуты тварам да “ёсьць” (між іншым, ня толькі павярнуцца тварам, але яшчэ бачыць і разумець месца, зь якім працуеш — праблема для шмат каго зь нібыта прафэсіяналаў), сваёй непраніцальнай, на першы погляд, патыліцай ён адчувае ўсю вусьцішную халоднасьць “няма”, выслухоўваючы нейкія патрабаваньні, у выніку застаецца непрабівальна глухім і робіць усё такім, якім яму адкрылася наяўнае ў сваёй сутнасьці. Як толькі ў нашым маргінале прачынаецца прага да ўлады (г.зн. жаданьне быць цэнтрапалеглай фігурай), ён робіць крок насустрач людзям, а значыць — крок ад сутнасьці прафэсіі. Інакш кажучы, калі дызайнэр адчуе і як сьлед прачуе, што чалавецтва блізкае да высновы: сапраўды варта сюды вяртацца пасьля сьмерці, то яго прафэсійнай справай будзе сфармуляваць “саманараджэньне” як спажывецкую каштоўнасьць і, адпаведна, стварыць вобраз, а потым і ўзор таго, як бы гэта магло найлепш ажыцьцявіцца, у якім выглядзе зьявіцца навастворанаму й колькі разоў. Магчыма, будзе некалькі варыянтаў, магчыма — адзін. Чалавек будзе выбіраць з таго, што здолее прапанаваць яму дызайнэр, а не наадварот. Фарматворчасьць дзеля фарматворчасьці, калярова-плястычныя, “расава-тэхналягічныя” ці якія яшчэ варыянты — справа стылістаў, а гэта ўжо зусім іншая прафэсія. Але ж магчыма таму, што я — выкапень, увасабленьне тае даволі рэдкае зьявы, калі чалавек, жывучы ў Менску, лічыць гэтае месца/ -та сваім, бо мой прапрадзед быў у свой час тут сябрам гарадзкой Думы (ягоная маці й жонка пахаваныя на Кальварыі), бо нарадзілася й пачала жыцьцё ў доме прадзеда, да таго ж зьяўляюся трэцім “мастакоўскім” каленам свайго роду, — сьвята веру ў бацькава: дызайн вядзе народы да росквіту. (А.Длатоўскі, першы прэзыдэнт Саюзу дызайнэраў Беларусі) Ну вось, здаецца, ніякай рэцэнзіі не атрымалася. Хаця што па сутнасьці ёсьць рэцэнзіяй — крытычны водгук ці вяртаньне сэнсу? Здаецца сам тэкст выкарыстала па прызначэньні, нягледзячы на тое, што фрагмэнты злучала менавіта “паводле сюжэту”, а ня “колеравай ці акустычнай гармоніі”, паводле “падобнага смаку словаў ці зрокавых вобразаў”, але не “трансфармуючы лягічна пэрспэктыўнае пісьмо ў плынь адвольных і пераканаўчых асацыяцыяў”. Адным словам, “чытала крыху “не ў нагу” з думкамі аўтара. Да таго ж самы файны спосаб нешта ўцяміць самому — паспрабаваць патлумачыць гэта іншаму (нібыта свайму другому “я”). А кніжку ня выкіну — пастаўлю на тое месца, што ёй пасуе — туды, дзе захоўваю ўсё на сёньня цікавае й патрэбнае. O, mon Dieux! Quelles yeux... Сьвятлана ДЛАТОЎСКАЯ.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||