ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

ТАРАС ПРАХАСЬКА. ДВА БЕЗАДКАЗНЫЯ РЭПАРТАЖЫ

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

1

Некалі, вывучаючы гісторыю філязофіі цягам некалькіх сэмэстраў і чытаючы хрэстаматыі абавязковых арыгінальных тэкстаў, я страшэнна пазайздросьціў найдаўнейшым грэцкім філёзафам. Яны былі шчасьлівыя. Яны былі першымі мысьлярамі, якія першы раз запісвалі тыя філязофскія ісьціны, што здаюцца зараз відавочнымі, але на якіх трымаецца ўвесь будынак чалавечае культуры й цывілізацыі. “Сьвет складаецца з дробных частак”, “нельга двойчы ўвайсьці ў адную раку” й розныя іншыя. Гэта — найвышэйшы ўзровень радасьці спазнаньня, недаступны тым, хто мысьліў пасьля іх, першых. Як радасьць дзіцяці, якое раптам усьведамляе, што сказаўшы “мама”, яно назаўжды зьвязвае сябе з найважнейшаю істотай, і зьвязвае так, што тая будзе зь ім нават тады, калі яе ня будзе.

Прымітыўнае называньне найпрасьцейшае ісьціны можа стацца большаю падзеяй спазнаньня, чым выштукаваныя фармуляваньні й шматлікія працаёмкія досьледы.

Была зіма ў Славаччыне. Сьнегу было зашмат. І нішто не магло даць сабе рады зь ім. Хіба толькі дрэвы, што патаналі ў ім усё болей і карысталіся з таго, як сьнег сваім нечаканым цяжарам ачышчае высахлую й адмерлую частку кары. Сярэднявечны, амаль цацачны каляровы гарадочак Бардзіёў страціў усе колеры й адзнакі, ягонае даўняе паходжаньне здавалася неістотным і непраўдападобным у такіх сумётах. Але штовечар у самым усходнім у Эўропе гатычным саборы адбывалася Сьвятая Імша. Штовечар працэсія з харугвамі выходзіла з царквы, абыходзіла рынкавы пляц, людзі ледзь паўзьлі па глыбокім сьнезе, час ад часу харугвы ўздрыгвалі — мала хто зь іх не падаў, пасьлізнуўшыся на нябачным лёдзе. Нарэшце, працэсія вярталася ў храм, бо яшчэ мела адбыцца казаньне.

Славацкая мова вельмі архаічная, вельмі даўняя. У ёй шмат чаго захавалася ад праславянскай. І гэта кранае, як кранае няправільнае маўленьне дзяцей. Асабліва тады, калі вядзецца пра такія фундамэнтальныя рэчы, як у старагрэцкіх філёзафаў.

Славацкі казаньнік апавядаў нешта пра сутнасьць граху. І я раптам перажыў тую радасьць першага спазнаньня, што пакінула мяне яшчэ ў дзяцінстве.

Чым ёсьць грэх? — казаў сьвятар. — А грэх — гэта калі Бог кажа ано, (“так” па-славацку, але гэта чамусьці не патрабуе перакладу), а мы кажам не. Бог кажа не, а мы кажам ано.

Гэта было як прасьвятленьне. Нібы тое падсумаваньне перажытага, калі перастаеш усяго баяцца, бо разумееш, што спазнаў усё, і жыцьцё прайшло недарэмна.

Я не стрымаўся й пайшоў да бліжэйшага бара. Замовіў ром. Бог казаў не, а я казаў ано. Выпіў. Папрасіў яшчэ. І здалося, што бог кажа ано. І я — ано.

2

Зусім нядаўна я ехаў адной з найпрыгажэйшых дарогаў ў Эўропе. Яна пачынаецца за Стрыем і вядзе праз горы аж да Закарпацьця. Да Свалявы й далей — да Мукачава, Ужгарада, Вугорскае раўніны. Праходзіць праз Бэскіды, Горганы, праз Боржаву, даліну Красную, празь Сьвідавец. Зьмяняецца горны ляндшафт нібыта на нейкім рэльефным навучальным дапаможніку. Зьмяняецца вышыня й даступнасьць панарамы. Зьмяняюцца тыпы лясоў і кліматычныя асаблівасьці. Зьмяняюцца спосабы пабудовы жытла й гаворка людзей, якія там жывуць. Зьмяняецца нават манэра секчы дровы й схемы іх складаньня каля хаты. Зьмяняюцца рэкі — Стрый, Апір, Рыка, Латорыца. Такая ўшчыльненасьць розных сьветаў магчымая толькі пасярод скопішча розных гораў, дзе перад кожнаю перашкодаю — адна краіна, адна зямля, а за ёю — зусім іншая.

На адным адрэзку — цэлых семдзесят кілямэтраў — уздоўж дарогі няма наогул ніводнага паселішча. Толькі горы з двух бакоў задаюць дарозе накірунак пятляньня, ды дзе-нідзе — празрыстая рака й густыя букавыя лясы за ракою. Цяпер гэта ўсё схавана пад сьнегам і выглядае ня як бясконцы зялёны рай, а як белая пустэча, заштрыхаваная чорнымі ствалінамі дрэваў.

І на гэтым вось тле зьяўляюцца каляровыя кветкі, што спачатку здаюцца наркатычным мроівам. Нібыта глядзіш відэасправаздачу астранаўтаў зь нейкіх іншых плянэтаў. На кожнай галінцы непраглядных улетку вербаў і кустоўя, алешынаў і ляшчынаў уздоўж вады трапеча на вятры ружовая, сіняя, жоўтая ці белая загадкавая пляма. Іх тысячы. Як тульпанаў на галяндзкіх палёх. Толькі ніякія гэта ня кветкі. Гэта сынтэтычныя торбачкі, у якія стала так зручна й танна складаць штосьці набытае ў харчовай краме. Торбачкі адразу ж выкідаюць, і яны зьбіраюцца на вялікіх сьметніках. Па нейкай бязглуздай звычцы ўсе сьметнікі ў нас — недалёка ад ракі. Вясновая й восеньская паводка праходзіць праз тыя сьметнікамі й разносіць бязважкія торбачкі за дзясяткі кілямэтраў і разьвешвае іх на сетцы затопленых хмызоў. Калі вада спадае й хмызы апынаюцца на сваім звычайным месцы, яны ўжо аблытаныя гэтай штучнай плёнкай. Пасьля паводкі людзі бяруцца за аднаўленьне зьнішчанага. Але торбачкі на дрэвах нават ня ўносяцца ў рэестры яе наступстваў. Яны так і матляюцца ў хмызах ўздоўж рэчак каля найпрыгажэйшае дарогі ў Эўропе, нагадваючы пра тое, што нават найвышэйшая вада ня можа даць сабе рады з нашымі сьлядамі.

 

З КНІГІ FM “ГАЛІЧЧЫНА”

Калі стала жывеш у гарах, дровы робяцца нейкай вельмі важнай часткай жыцьця, як хлеб, малако, ложак, кашуля, ватоўка. Дровы стаюцца тваім працягам — як быццам бы часткаю цела. Ты бачыш у гэтых брусках скандэнсаваную цеплыню, безь якой тваё цела перастане быць тваім. Ад іх, да таго ж, залежыць тваё існаваньне. А стосы паленаў можна ўспрымаць як дзіўную анатамічную структуру, што належыць твайму арганізму. Таму табе ніколі ня прыйдзе ў галаву лічыць іх чымсьці дзіўным і магічным, ты дбаеш адно пра тое, каб іх было шмат. Паскладаныя ўздоўж сьценаў акуратныя палены ператвараюць хаты ў сапраўдныя крэпасьці. У такой нары можна спакойна перажыць любую навалу. А яны дакладна будуць. Мароз будзе ціснуць на сьцены так, што ўсярэдзіне будуць трашчаць драўляныя канструкцыі, сьнягі абавязкова хаця б некалькі разоў замятуць дзьверы так, што давядзецца лезьці праз вакно, пралазіць, паўзьці заваламі да дзьвярэй і разграбаць сьнег. Вецер ператворыць шыбы ў вібруючыя мэмбраны, а комін і страху — у тэрыторыю, населеную рознымі невядомымі стварэньнямі. І вось тады выбар стаіць адназначна — або не распальваць і самому стаць часткаю ветру, марозу й сьнегу, або ж распальваць, ператвараючы дровы ў цяпло свайго цела. Гэта тады, калі доўга жывеш у гарах. Хада зімы, яе каляндар, зарубкі дзён — усё гэта прасочваецца ў паступовым зьмяньшэньні кучы дроваў. Калі ж прыяжджаеш у горы час ад часу, то дровы ўспрымаеш не як ежу, а як нейкія дэлікатэсы, вышуканыя стравы й п'янкія напоі. Мае дровы сапраўды больш нагадваюць вытрыманы каньяк. Бо, акрамя мінулагодніх яловых паленаў, маю спрат з букавымі паленамі, што ляжаць ужо больш як дваццаць гадоў. Яны цалкам белыя, амаль празрыстыя й звонкія. А цяпло даюць інтэнсіўнае й разам з тым лагоднае, а перадусім — трывалае. Яны навучыліся не сквапіцца. Нават здаецца: ад таго, што патрымаеш такое палена ў руках, робіцца трохі цяплей. У Аўстрыі з такіх вытрыманых букаў робяць страшэнна важныя дэталі для скрыпак. З аднаго майго палена іх выйшла б гэтак дваццаць. Разумею, колькі скрыпак я спаліў за гэтыя гады, разумею, колькі мог бы зарабіць, калі б адвёз у Вену толькі адну валізку, напакаваную тымі дровамі. Але я таксама ведаю, што буду іх і далей патроху паліць, частуючы імі сяброў і дзяцей, як частуюць гутаркай і віном. А попел высыплю ў ляху, дзе праз усю зіму чакае свайго часу часнык. Хай ён таксама пагрэецца.

Мы чамусьці ня лічым сваю мясцовасьць зямлёю пладоў. Калі плады — то гэта Закарпацьце, Малдова, можа яшчэ Косаўшчына. А у нас — хіба толькі бульба, фасоля, нейкія кабачкі й цыбуля. Тым часам Прыкарпацьце, перадгор'е — гэта ябланевы рай. Нідзе няма такіх зімовых яблыкаў, хіба толькі недзе на поўначы Францыі, але іх там усё адно цяжка знайсьці ўзімку, бо ўвесь ураджай ідзе на кальвадос. А ў нас найкаштоўнейшыя ранеты ды ёны могуць даляжаць — калі зь імі любоўна абысьціся — аж да лета, ня страціўшы паху ды смаку, хоць заўсёды аддаюць свой водар памяшканьням, у якіх захоўваюцца. Узімку празь сьнежныя завалы жыхары горных садоў прабіраюцца да станцый, каб цягніком прывезьці на франкоўскі кірмаш трохі яблыкаў. Калі б нейкі такі мяшок парваўся па дарозе, то чырвона-жоўты яблычны більярд сагрэў бы ўвабраным у сябе сонцам цэлы змрочны вагон “Чырвонае руты” альбо апёк бы астылымі бакамі безнадзейную сьцюдзёнасьць сьнягоў.

Часам так і здараецца. Тады яблыкі трэба зьбіраць. Але аднаго разу было так, што ніхто нават не крануў ніводнае ёны, што былі рассыпаны ўздоўж чыгункі. Яны так і ляжалі, потым прапяклі ўсю таўшчыню сьнегу, а з часам увайшлі ў зямлю, можа, — нават не расклаўшыся, гэтага ніхто ня можа сказаць, бо калі сьнег сышоў, не было ўжо ані сьледу. А не зьбіралі яблыкаў таму, што яны паразьляталіся зь мяшка пана Бойкі. Бо гэта Пан Бойка нёс мяшок чырвоных ёнаў да станцыі. Было яшчэ цёмна й вельмі марозна. Вушанка была моцна завязаная, галава сагнулася пад цяжарам, узваленым на шыю. Таму ён не пачуў, што ззаду ідзе цягнік, і яблыкі рассыпаліся ўздоўж рэек.

Іх не зьбіралі тады ня толькі таму, што ўзімку няма кветак, якія б можна было пакласьці на тым месцы, але й таму, што яны нагадвалі, як цяжка ўцячы ад лёсу. Бо перад тым пан Бойка ўжо колькі разоў трапляў пад цягнік, застраўшы на пераезьдзе з возам. Такога больш не бывала ні з кім і ніколі. Зь ім ніколі не здаралася нічагусенькі, хоць вазы разьляталіся на трэскі. Для яго цягнікі, напэўна, назаўжды сталі нечым накшталт маланак. Ня ведаю чаму, але гэтая гісторыя здаецца мне страшэнна аптымістычнаю. Хоць і нагадвае, што ніколі ня ведаеш, хто будзе даядаць сабраны табою ўраджай.

Работа са словамі, асабліва са словамі прамоўленымі, укладаецца ў такую мерку, дзе з аднаго боку — роспач, а з другога — надзея, якую ня зьнішчыць. Роспач, бо ты разумееш, як мала важыць слова й маўленьне, ты ўсьведамляеш, што ні да чаго добрага наогул твая балбатня не прывядзе. Бо кожны можа зьдзейсьніць усё, што ёсьць найгоршае ў чалавеку, і тады яго ня спыніць ніякае слова. Але ёсьць надзея. Вера ў тое, што ўсе словы знаходзяць адрасата, ніводная прамова не марнее, кожная дэталь укладаецца ў тую канструкцыю, дзе яе найбольш не стае. Таму ты й працуеш са словамі. Ты апынаесься ў ролі майстра, што робіць прадметы раскошы, альбо прадаўца надта хімэрнае й дарагое антыкварнае крамы. Твой тавар патрэбны адно нямногім, а тыя, каму ён патрэбны, не заўсёды ведаюць пра існаваньне тваёй крамкі. Вось і даводзіцца чакаць. Але не дачакацца немагчыма. І калі бачыш захапленьне, сьлёзы й усьмешку таго, хто цябе знайшоў, то ўжо ня можаш займацца нічым іншым. Я перакананы, што няма ніводнаго чалавека — найгоршага й найдурнейшага, які б не дажыў да таго моманту, калі яму трапіцца слова ці выраз, адрасаваныя менавіта яму. Тады ён, хай і не на доўга, ператвараецца ў найлепшага й наймудрэйшага чалавека на зямлі. Дзеля такіх мэтамарфозаў варта жыць сярод людзей і любіць іх больш за самога сябе. І варта пладзіць словы, сказы й вобразы, рассылаючы іх наўздагад ва ўсе бакі, раздаючы іх тым, хто, невядома для самога сябе, пакутуе менавіта ад недахопу патрэбнаго слова… Учынку… Жэсту… Пацалунку… Удару… Абдоймаў… Пагляду… Падарунку… Мэлёдыі… Плоду… Дарогі… Указальніка ці ўзору.

Магчымасьць выбару, якая лічыцца найвышэшаю праявай чалавечае свабоды, насамрэч — найбольшая няволя кожнага чалавека. Гэта наканаваньне. Ты вымушаны выбіраць, прынамсі не выбіраць ня можаш. Бо нават не выбіраючы, ты ўжо зрабіў выбар не выбіраць. Выбар — гэта абавязковы іспыт, які вытрымліваюць далёка ня ўсе. І выбар — асаблівая адказнасьць перад блізкімі й цэлым чалавецтвам. Фактычна, сам ход твайго выбару, гэта, звычайна, тое найкаштоўнейшае, што ты напраўду можаш зрабіць для ўсяго чалавецтва. Бо кожны твой выбар, асабліва іх сукупнасьць і пасьлядоўнасьць, сьведчыць людзям пра магчымасьць такога шляху. Робячы ўласны выбар, гэтым самым ты паказваеш магчымую дарогу яшчэ камусьці. Гэтыя рэчы відавочныя й простыя. Але ў праблеме выбару ёсьць адзін аспэкт, пра які амаль ніхто не задумваецца сур'ёзна. Гэта — пытаньне нявыбранага. Тое, ад чаго мы адмаўляемся, уплывае на нас значна больш, чым тое, што выбрана. Бо выбранае адразу стаецца рэальнасьцю і, значыць, атрымлівае часавае вымярэньне. А тое, што мае час, абавязкова мае й заканчэньне. То бок, выбраныя намі рэчы застаюцца нашымі толькі падчас іх актуальнасьці, потым мінаюць, альбо эвалюцыянуюць у нешта такое, што вельмі мала нагадвае тую першаснасьць, што вы ўласна выбіралі. За тое, шэраг нявыбранага, вялізарны пералік адхіленых магчымасьцяў, людзей, стасункаў, словаў, месцаў і ўчынкаў, пачуцьцяў і перажываньняў, мэлёдыяў, водараў і смакаў, дотыкаў і дакрананьняў накопліваецца ў тваім іррэальлі. Усё гэта нерэалізаванае, і таму бясконцае. Гэта могілкі, якія заўжды з табою. Уласна, ад гэтага багажу й прыходзяць старасьць і стома, хоць менавіта зь яго распакоўваюцца мастацтва, літаратура, адтуль грае найлепшая музыка й там мільгаюць найпрыгажэйшыя ў сьвеце твары. Што праўда, у слабых там пачынаюць курчыцца й шкрабацца маніі, жахі й брыдоты. У гэтым багажы заўсёды ёсьць нейкі стары плашч, дзе ў кішэні ляжыць забыты квіток. Гэта ільготны квіток у шызафрэнію, якая стаецца найчасьцейшым доказам існаваньня выбранага й нявыбранага. А у моцных нявыбранае разьвівае тое, што робіць сысуна чалавекам, — нейкую невыразную настальгію, смутак, які не руйнуе, а ўзрушвае. Нейкую адсутнасьць жахаў і нейкую невыносную лёгкасьць быцьця.

Пераклад з украінскай Тацяны ЎРУБЛЕЎСКАЙ.

 

 

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY