ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

СЬЦЯПАН ПАНАЕЎ. СПРОБА ПАРТРЭТУ

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

Марыі

Вось і ўсё: вось і скончылася песьня, не праспяваная табою, чытач.

Думкі доўга шукалі больш зграбнай рукі, каб стацца ім словам.

Стаўшы словам, гук заўсёды губляе сябе й праўду губляе ідэя.

Хвалі словаў разбіваюцца аб непазбежнасьць (аб рытм і памер),

Не даючы мне ў зман вас завесьці й адлучыць вас ад мэты.

Архетыпы ўсіх словаў і паняткаў ужо існуюць на нябёсах, аднак,

Прывідныя там і цьмяныя яны, на паперы — наадварот:

Ясныя й зразумелыя, толькі, на жаль, бяз сэнсу, а праўда, што праўда,—

Не існуе ніяк, ёсьць толькі Тэкст, дык наперад чытач!

Кудлаты Джон

Яны вельмі прыгожыя

Одзін пра вогнішчы Вальгалы.

Няшмат для шматлікіх (Яшчэ меней для астатніх)

It was simply cool, excellent.

Перадусім — экстрэмальна: ніколі раней я не займаўся каханьнем у мужчынскай прыбіральні на ўласным выпускным вечары.

Затым — дзяўчына была з клубамі Джэніфэр Лёпэс. Сэкс атрымаўся цудоўным. Чэляс стаяў, як помнік Перамогі. Пры жаданьні я мог бы затрахаць усю Паўночную й Паўднёвую Амэрыкі з НАТА ў дадатак.

Яе вялізных памераў сукенка неверагодна шаргацела. Грукала ракавіна. Было нязручна. Прэзэрватыў я надзяваў сьпехам і ён парваўся. Час ад часу які-кольвек дэбіл адчыняў дзьверы й слупянеў на парозе.

Мы прагна цалаваліся, саплі й усё болей чырванелі. Я ўвайшоў у яе цалкам, аднак не атрымлівалася агаліць бюст. Сукенка была глыбока дэкальтаваная, але станік вельмі шчыльна ахопліваў грудзі. Ад бялізны я вар'яцеў, яна была пад колер сукенкі — ружовая, з карункамі.

Зьняверыўшыся дапяць смачка, вуснамі падняўся па шыі да вуха.

У люстэрку за яе сьпіной адбіваліся вялізныя зрэнкі. Перад мной была бяздонная студня — галерэя з вачэй і люстэркаў. Неўзабаве там, у глыбіні, палыхнуў ледзь заўважны сполах. Набліжаўся аргазм. Я заплюшчыў вочы. Расплюшчыў — і яркае сьвятло, якое выяўляе рэчы знутры, дакладней, якое змушае іх ілюмінаваць, сьцебанула па вачах. Мае вочы зноў патухлі й я страціў прытомнасьць.

Калі ачуняў, то заўважыў, што мы ўжо памяняліся месцамі. Яна правяла языком вакол галоўкі й зьлёгку два разы пацалавала.

Дзьверы расчыніліся. На парозе стаяў мой былы — і дзякаваць Богу, — аднаклясьнік. Ён належыў да таго тыпу людзей, якія ня здольныя адрозьніць дзірку ў дупе ад вялікага паста, але часам хлопец высільваўся й тады заўважаў гэтую розьніцу. Дзякуючы апошняму ён атрымаў залаты мэдаль за адзінаццаць клясаў.

Дэбіл вылупіў вочы й чамусьці стаў дэманстратыўна мачыцца прама з парога.

Я зноў расьцёкся ў асалодзе.

Як гэта робіцца

Цяпер я дома. У мяне стос апазыцыйных улётак і друкарка фірмы “ Mersedes ”, вырабленая ў Нямеччыне ў 1940 годзе. Якая-небудзь пародзістая арыйская сьцерва друкавала на ёй загады: “Іваноўскага, Пятровіча, Кацылярэнбогена — гераізаваць праз утапленьне ў палонцы”. Я стукаю па клявішах і спрабую адшліфаваць словы — ужо амаль звар'яцелы ювэлір.

Тое сьвятло сталася сапраўдным Заірам, які змушаў яго шукаць.

Калі я купляў стужку для друкаркі, то апынуўся ў чарзе канцылярыйнага тыпу. Маці з прыдуркам сямі-васьмі год набывала сшыткі ды іншую драбязу, сярод якой — клей ПВА.

— А клей моцна трымае? — чамусьці запытаўся хлопец.

— Так, сынок, вельмі моцна. У Паўднёва-афрыканскай рэспубліцы я бачыла, як мядзьведзь грызьлі цягнуў па тундры мёртвага японскага турыста за падэшву красоўкі. Дык вось, яна была прыклееная гэтым самым клеем.

На мне жоўтая шапачка для плаваньня. Я заўсёды яе надзяваю, калі пішу. На ёй з двух бакоў вышытыя крыжыкам зь фіялетавых нітак дзьве абыякава-летуценныя літары “М”.

Залаты

Мы пакінулі прыбіральню. У калідоры ўжо добра было чуваць музыку — на танцпляцоўцы другога паверха спраўна працавала апаратура. Узьняліся па лесьвіцы. Настаўніцы-філёлагі заляцаліся да ахоўнікаў парадку — блакітнаплямых пракрустаў. І не бяз посьпеху, бо неўзабаве яны разам некуды зьніклі. Ля сьценаў стаяла некалькі гатавальняў.

У натоўпе я яе згубіў на момант. Нізрынуты бацька Пяруна за тую ноч ні разу не зьявіўся на нашыя вочы. Адам торгнуў мяне за плячо й паклікаў курыць траву. Але ў мяне й без травы быў заганжубасны настрой.

Яна знайшла мяне сама. У яе ў руках быў невялічкі пакунак — перапаясаны сымпатычнай стужкай і агорнуты кавалкам кільту шатляндзкага кляну, які навярнуўся ў іслам.

— На твой дзень народзінаў. Адам дапамог выбраць. Толькі пакуль не адкрывай. Я цябе вельмі люблю.

— Добра. Я, між іншым, таксама...

Мы таньчылі да шасьці ранку. Я бессэнсоўна глядзеў у яе вочы, разумеючы, што нічога там ня ўбачу. Моцна карцела даведацца пра зьмесціва пакунка, а яшчэ было сорамна, што нічога не падрыхтаваў для яе.

Раз-пораз мы мацавалі сябе віном і канапкамі. Доўга й пяшчотна цалаваліся.

— У сераду, а шостай. Нікога не будзе. Чакаю, — яна пакусвала вострымі зубкамі маё вуха.

Nomin

Імёны людзей, клічкі жывёлаў і геаграфічныя назвы пішуцца (...) зь вялікай літары, што падкрэслівае іх выключнае значэньне ў жыцьці, сьмерці й ачышчэньні ад шматгадовага напластаваньня сажы ў раённай вугальнай кацельні з наступным пераводам гэтай ініцыятывы на здабываньне солі ў Астраханскім краі, падзеленай на душу насельніцтва й атрыманьнем каэфіцыэнта 0,7. Адсюль усе імёны тут сапраўдныя. Ніводнае не прыдумаў, усе іх я недзе (быццам) сустракаў.

Але калі гаворка ідзе пра нешта надта блізкае, ты ніколі не згадваеш імёнаў. Не ўжывай Імя марна. Твой унутраны маналёг не памятае вартых імёнаў.

У тым, што яны тут прысутнічаюць — саступка табе, мой чытач.

Трохі сюжэту

У панядзелак с перстами пурпурными Эос я аднес дакуманты на філялягічны факультэт БДУ.

Перадусім

Тым годам Палоньніцай Быка кіраваў жорсткі пяты пракуратар Эўропы, вершніца Карла Панційская. На апошняе мне было напляваць, паколькі я наперад ведаў, чым скончыцца гэты тэкст.

Ён увайшоў у мяне, калі я парай рыфлёных падэшваў шараваў ходнікі Менска. Спусьціўся ад Валадаркі Інтэрнацыянальнай да пляца Волі й пачэпаў па Машэрава, зусім не зважаючы, куды кірую.

Гэта здарылася два гады таму. Золкі, які толькі можа быць у раньнюю весну, дзень хіліўся да ночы. Ад холаду яйцы туга сьцяліся, але гэта не парушала сакральнасьці моманту. Горад паступова разгортваўся з плашчыні ў прастору. Думкі рухаліся ў адваротным накірунку. Раптам адчуў, што знаходжуся побач з цэнтрам магічнага віру. Вось ён.

Ягоная варонка ахоплівала ўсё спрэс, але сам цэнтар нічым не вызначаўся. Уся матэрыя навокал была ў бессэнсоўным пэрманэнтным руху.

Я бачыў скраень варонкі, дзе матляла рэчы й людзей, але ніяк ня мог уцяміць, куды падзеўся цэнтар? Шыраючы па вуліцах, шукаў яго. Няміга, Траецкае, Опэрны, Генштаб, Парк Горкага. Вось цэнтар зьлева, цяпер справа, ззаду, сьпераду — то тут, то там! Высьлізвае ці яго папросту няма? Пошукі былі марнымі.

Стоячы на мосьце, кранаўся пафарбаванай ў жалобны колер чыгуннай агароджы: кроплі вады прыемна халадзілі далонь. Ужо які тыдзень зіхацеў чыгуновы шрыфт парапэтаў.

Цэнтру віру не знайсьці, хаця ўсё імкнецца ў ягоную бездань. Ён зацягвае ў сябе ўсё й ня мае вытока.

Сьмерці не зьнікаюць, яны блукаюць вакол нас. Мы й мерцьвякі — Паола й Франчэска. Халодныя. Застыглыя. Узьнесеныя. Медзяныя. Пыхлівыя жэсты. Вылупленыя вочы.

Не памаліўшыся, кранаем літары, перастаўляем іх, выкрэсьліваем, як быццам гэта нашая ўласнасьць. Быццам маем на гэта дазвол.

Паўз праплыў кавалак тэксту.

І куды б я не зазірнуў, уверх ці ўніз, направа ці налева — наперадзе, ззаду, ува мне й па-за мной не было нічога, акрамя бязьмежнай самоты.

Лебядзіная песьня

Стаялі неяк мы на шухеры зь Мішаткам. Тут зьнекуль фраер выбягае й вымае ён сваю маслатку. — Ша, фраер, прыбяры хутчэй свой шпалер! — яму Мішатка кажа далікатна, і так ён фраеру паміж рагоў праставіў, што ў таго, дзе нос раней быў, там стала гладка.

Месца сустрэчы

Менск — вёска маленькая, да таго ж круглая, але пра сустрэчу заўсёды дамаўляюцца, як быццам і без гэтага не напаткаеш патрэбнага табе чалавека. З Адамам дамовіліся перастрэцца на мосьце празь Сьвіслач на вуліцы Багдановіча. Я прыйшоў на пятнаццаць хвілінаў раней. Адам насунуўся з песьняй, я падхапіў матыў. Мушу заўважыць, што ні слуху ні голасу ў майго сябра не было, няма і, мяркуючы па ўсяму, ніколі ня будзе, але сьпяваць ён любіць.

Прастора для інтэрпрэтацыяў

Сёньня вакол ступакоў маіх былі чаравікі на босую нагу, і Карэн Агахан сказаў мне: “Айцец твой стварыў цябе зь пяску й гарачай зямлі. Пясок высьлізнуў, каб сыпануць яго ў вочы, а зямля астыла, і ня пусьціш ты сьмерць па гарачым сьледзе. Але я дам табе ўтрая”. І я памёр тройчы, але застаўся жывы, падмануўшы таго, хто быў маладзейшым за мяне, але ў чацьвёрты раз не змахлярыць мне супраць самога сябе, як гэта я зрабіў з кулямі, парэшткамі дома й комінам, які сьціснуў мне рэбры. Ніхто ня можа сказаць за мяне “Так” ці “Не”, а сам я нямко ад народзінаў і вусны мае да самай сьмерці ня вымавяць ніводнага сэнсоўнага гука. І каля я заб'ю сябе, то гэтым адначасна скажу й “Так” і “Не” — усё залежыць ад таго, хто будзе слухаць. Як гэта было цягам усяго майго жыцьця, так яно будзе й пасьля сьмерці. Магчыма, мне трэба выразаць на жываце сваім адну з часьцінак мовы, якую тлумачыць можна па рознаму й нават зусім супрацілегла. Калі настане пара, я дашлю табе зайца альбо зьмяю заместа стравы. А як пашанцуе — галубку з скурай у дзюбе. Я іду зрабіць дарогі простымі, а ты мусіш зладзіць дамову й перамагчы ранішнюю зорку, якая прыйдзе да цябе. У адпаведны час пакладзі пад язык залаты й адшукай уваход па нясьцерпнаму смуроду, якім поўніцца ўся зямля. Мне ўжо няма чаго тут рабіць: я разарваў заслону. У мяне быў занадта доўгі нос. Укрыжаваныя на звабным і чатырохканцавым загубілі й сам сэнс. Падобныя да мяне возьмуць твае кубкі й вып”юць за цябе. Так, ужо позна. Памятай пра люстэрка й пра сьвятло ў ім. Яна не прыходзіла да мяне. Яна не дасылала мне вестак. Яна заўсёды была са мною. Калі я чытаў іншыя вершы, яна сьціскала мне горла, вызваляючыся паўзамі й хрыпам. Часам да мяне даходзяць чуткі пра глупае й нават аблуднае бачаньне “Паэмы без героя”. Я не маю намеру тлумачыць, а тым болей мяняць нешта ў Ахматавай. Калі я закрычу перад сьмерцю й стану маліць аб літасьці, гэта будзе азначаць толькі тое, што я не вытрымаў даяпазону сваёй асобы.

Матыў ростані

Адам падыйшоў да мяне. Павіталіся. Дасьпявалі песьню. Атрымалі асалоду ад эпікі роўнай Гамэру.

— Яна папрасіла перадаць. Сёньня, у касьцёле, — ён кіўнуў у бок эклектычнай забудовы.

— Што яна там будзе рабіць?

Замест адказа ён у непаразуменьні сьцепануў плячыма. Настаў час піва.

— Кажуць, у творчым сумоўі столькі ж крэатыўнасьці, колькі ў конскім чэлясе.

— Як набярэш і зьясі сямілітровае вядро ягадаў, што растуць у двары галоўнага корпуса каля помніка студэнтам, загінуўшым халера яго ведае калі, то зробісься дэканам, а як набярэш і зьясі дзесяцілітровае — рэктарам. А як пабачыш стрэльбу ў цэнтры манумэнта, а не яе адсутнасьць, то ты ўжо й так рэктар.

— Калі ў поўнач Дня Ўсіх Сьвятых на журфакаўскім ліфце падняцца на шосты паверх, то сустрэнеш дэкана й ён падорыць табе партрэт Ван Гога ці Гагена: у залежнасьці ад таго, хто на каго вучыўся. Лепей сам стварай пра сябе лягенды — багі пачыналі з гэтага.

Мы ішлі ўверх па Сьвіслачы, левым яе берагам. Пэрспэктыву псаваў не звычайны купал, а вычварна плоская рыса побач. Там дзе бэтонны бераг скончыўся, ля самай зямлі на хвалях гойдаўся човен. На вёслах сядзеў стары. Мы разьвіталіся. Мішутка ўскарастаўся на хісткі паплавок.

Non nobis Domini

Роўна безь пяці шостай, змогшы жалезныя дзьверы, я увайшоў пад скляпеньні.

... вугальных вокан бяз знаку каляровых вітражоў, пабеленыя сьцены. Усе — нас...

Па дарозе пашкодзіў лытку, нага балела.

Пярун грымнуў якраз у той момант, калі ў галаве пранеслася: “сем”. Дождж ня меў літасьці, залева стаяла сьцяною. У нас быў адзін на дваіх парасон.

— Што ты тут рабіла?

— I have of history. But it doesn' t matter. You are my personal Jesus Christ.

Адзін немец уцямна пераказаў слушную думку, што ніякі аповед не будзе карыстацца такой папулярнасьцю, як гісторыя пра двух прыгожых людзей, якія апускаюцца ў каханьне.

Мы пакуль амаль нічога ня ведаем адзін пра аднаго. Зразумелі ўсяго столькі, колькі неабходна ў невыносна лёгкім стане.

Каханьне. Русалкі казалі пра каханьне: ...гэта так цудоўна...

Уцякаючы ад дажджу, зьнямелага й халоднага, як вусны нябожчыка, яна вяла мяне доўгім шляхам. Трохі не дайшоўшы да Саркафагу, спынілася й абняла мяне за шыю. Яе адзеньне было наскрозь мокрым. Мы чамусьці не пацалаваліся.

Каханьне было сапраўдным, такім, якім толькі й можа быць. Калі галюся, абавязкова згадваю Аккама: я проста зрабіўся ёю адразу й назаўсёды.

О, сястра мая нявеста! Ты чароўная, каханая мая, ты прыўкрасная! Лілея далінаў! Пакажы мне твар твой і дай мне пачуць твой голас, бо голас твой салодкі, а твар вабны. Шыя твая, як калона з слановага біўня. Вочы твае галубовыя пад валасамі тваімі.

Мы спусьціліся па вуліцы да скрыжаваньня. Перасяклі дарогу, выйшлі на мост. Вада, як заўсёды, была мутная. Спыніліся. Можа на некалькі хвілінаў, а можа на дзьве сэкунды. Прамінулі сквэр і апынуліся пад аркай. Было неверагодна холадна. Яна спрабавала сагрэць дыханьнем то свае, то мае далоні.

Зьнікла ў пад'езьдзе. На развітаньне махнула рукой. Ілі, ілі! Лама савахвані? Зь яго будзе вырывацца толькі ўдзячнасьць. Пасьлязаўтра. Ты чароўная, каханая мая, ты прыўкрасная!

Трамвайны прыпынак астудзіў мае пачуцьці. Вагон высьлізнуў з-пад самага носа. Самотна прагрукатаў коламі. Сяк-так у мяне атрымалася схавацца пад брылём увахода ў краму, а можа сядзібы нацыяналістаў, ня памятаю дакладна. Non nobis Domini, non nobis, sed Nomini Tua da Gloriam

Ты цудоўная. Як пунсовая стужка вусны твае...

Допрэалізм

Серада. Прамінула яшчэ тры тысячы шэсьцьсот сэкундаў.

Яна адкрыла мне дзьверы. Прыціснула да сьцяны. Нейкі час мы лашчылі адзін аднаго.

— Пачакай мяне, я хутка. Праходзь у пакой.

Гэта быў мой першы візыт да яе. На шпалерах калярадзкія жукі грызьлі зялёны бульбянік, гатовы ўжо пажоўкнуць. У кожным куце туліўся акуратны стос кнігаў. Па столі ў левастароньнім руху крочыла калёна мурашоў. На адной зь сьценаў вісела вялізная панэль з коркавага дрэва. Да яе былі прымацаваныя аркушы паперы фармата А4 зь нейкімі тэкстамі. Я пачаў чытаць скрайні.

1. Царэвіч Аляксей дапытвае Пятра Першага ў Пецяргофе.

2. Мікалай Рэрых ускладае куфэрак зь сьвятой зямлёй Шамбалы на магілу Махатмы-Леніна.

3. Аляксандар Сяргеевіч Пушкін дэманструе Эдгару Аляну По вабноты Ленінграду.

4. Сім Сімыч Карнавалаў уручае рукапіс свайго раману “Гулаг-Архіпэлаг” Генрыху Бёлю на дачы Растраповіча.

5. Эдвард Радзінскі перадае сваю пьесу “Пялевін як сусьветны дух” у партфэль тэатру МХАТ імя Яфрэмава.

6. Уладзімер Ільіч Ленін дыктуе ліст шчасьця Надзеі Канстацінаўне Крупскай для матросаў Крандштату.

7. Амэрыканскія таварышчы Джон Рыд і Амброўз Бірс прысутнічаюць пры адкрыцьці Першага Ўсерасейскага зьезду саветаў.

8. Прадстаўнікі расейскай грамадзкасьці віншуюць Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна з васьмідзесяцігодзьдзем.

9. Сасо Джугашвілі чацьвёртыя суткі пазуе Пабла Пікаса для параднага партрэту.

10. Туша каровы па клічцы “Геранька” працягвае барацьбу ў трэцім разьдзелачным цэху мясакамбінату.

Я трохі падвесяліўся, чытаючы гэты абавязковы атрыбут постмадэрновага тэксту, але, не агораўшы да рэшты, пераскочыў на іншы аркуш.

У 1944-м годзе Ганна Андрэеўна Ахматава прылятае ў веснавую Маскву, ужо поўную радасных надзеяў і чаканьня блізкай перамогі. Жахлівы прывід, які выдаваў сябе за родны горад, так уразіў яе, што яна апісала гэтую сустрэчу ў прозе. Тады ж паўсталі нарысы “Тры бэзы” й “У гасьцях у сьмерці” — апошні пра чытаньне вершаў на фронце ў Тэрыоках. Проза заўсёды здавалася ёй тайнай і спакусай. Яна ад пачатку ўсё ведала пра вершы — яна ніколі нічога ня ведала пра прозу. Першую яе спробу ўсе вельмі хвалілі, але яна, натуральна, ня верыла. Паклікала Зошчанку. Ён загадаў сёе-тое прыбраць і сказаў, што з астатнім згодны. Яна была радая. Але пасля арышту Лява Гумілёва спаліла той тэкст разам з усім архівам. У 1954-м Ганна Андрэеўна зноў бярэцца за прозу. Стварае шэраг навэлаў, дзе апісвае свае любоўныя сувязі з Марынай Цьвятаевай і Кузьміной-Караваевай. “Яна цалуе мяне ўсю. Шэпча мне на вушка. Жаночыя вусны больш пяшчотныя за мужчынскія. Ад іх абодвух пахне чысьцінёю й вясною. Мне так цудоўна!” — Зошчанка ня можа болей гэткае чытаць. Яго ванітуе. Ён падымаецца ад стала. Адкрывае куфар. Вымае адтуль тазік і доўга блюе, трымаючыся за бяліла ложка. Але ў рэдакцыі будуць задаволеныя.

Міхаіл Міхайлавіч Зошчанка рэдагуе рукапіс якойсьці Гарэнка для часопісу “Пцюч”.

Бывай Марыя, бывай Алеся

— Чытаеш, адпаведна не існуеш, зваблены тэкстам, — яна пацалавала мяне ў шыю, разьвярнула да сябе й пакуль я лізаў яе плечы, ключыцы й акрайчык грудзей, шаптала, — замест сэрца б'ецца рытм тэксту, літары становяцца клеткамі мозгу, сюжэт цяпер пазванок, пэйзаж — скура. Ужо немагчыма знайсьці сваіх межаў. Тэкст поўніць ня толькі цябе, але й усю памысьленую табою прастору.

Потым мы з уласнай волі пазбавілі сябе магчымасьці размаўляць, а калі з нашых вуснаў і сасьлізгвалі абрыўкі словаў, то яны выяўлялі толькі апошнюю меру задавальненьня й насалоды.

Каля дзевятай, гэта значыць празь дзьве гадзіны, мы яшчэ ляжалі ў ложку. Палілі марыхуану. Дыму было, як ад двух цягнікоў імя Ганны Карэнінай — зацятай непрыяцелькі гужавога транспарту. Неашчадна марнавалі канабіат. Дым клубамі падымаўся да столі й зьнікаў у расчыненым вакне. Я пускаў колцы. Адно скрозь другое. Яшчэ й яшчэ.

— Я кахаю цябе...

— Здаецца ў мяне тая ж фігня!

Мы зарагаталі, згадаўшы анэкдот.

Пакой расплываўся. Рэчы таньчылі вар'яцкую мамбу. Дзьверы ператвараліся ў вакно й наадварот. Час зьнік. Паміж крокамі сэкунднай стрылкі праміналі стагодзьдзі.

— Теперь так много негров в Ленинграде,

Что мы построили им набережную Мойки...

— На севере Дикий сидит одиноко… — мы гулялі ў клясыкаў.

Маякоўскі як артэфакт прысутнічаў у пакоі, больш за тое, я ведаў, што ён чакае нас на лесьвічнай пляцоўцы. Легкавікі ў парк і ўсе гангстэры сьпяць.

— Boy friend маёй цёткі — Дзікі, — мінула вечнасьць, перш чым яна патлумачыла свой верш.

Ён пашкамутае цябе на шматкі й мяжа згубіць кантроль. Лёкус Солюс. Лапіц.. Сьляпак ўсё.. і яна.. тут...

— Адам. Ён пайшоў?

— Так: стрымаў слова, — мне было непрыемна пра гэта казаць з пэрспэктывы наступных падзеяў.

— Ён мне так нічога й не распавёў..

— Праўда? А пра тое, што дрэва памёрла на богу — і нарадзіўся постмадэрн?

— Не вярзі лухты. Між іншым, у нас засталося прыкладна паўтары гадзіны.

Бяссоньне. Гамэр і Віктар Жыбуль

На палову адзінаццатай мне давялося сыйсьці, каб пасьпець разьмінуцца з духамі продкаў.

Трамвай быў паўнюткі як вока. У галаве адначасна табарылася пяць незалежных думак. Кожная зь іх разгортвалася аўтаномна, зусім не замінаючы астатнім..

Каля мяне стаяў мент. Потым на ягоным месцы апынуўся вайсковец. Затым зноў мент. Мяне гэта злёгку развесяліла. Я пачаў іх разглядваць

Мент быў падпалкоўнікам, вусатым, ніжэйшым за мяне. Вайсковец — старанна паголены капітан. Росту мы зь ім былі прыкладна аднолькавага.

Мент, пачынаючы з правай нагі, пакрысе ператвараўся ў вайскоўца. Паволі, але несупынна ягоная форма мяняла колер зь сіняга на зялёны. Зьяўляліся новыя нашыўкі й пагоны, зьнікалі вусы.

Дома я доўга чытаў Віцю Жыбуля. Ён, зразумела не Гамэр і нават не Мандэльштам. Невялікі часопісны артыкул ніяк не ўкладаўся ў маю галаву. Літары чамусьці ўдумалі, што яны рымскія легіянэры й адмыслова маршыравалі па старонцы. Часам яны мяняліся месцамі — кагосьці падвышалі ў чыне, кагосьці каралі. /беларуская // ебларуская // ебларсукая/.

Масавы вылет чорных мухаў.

145 словаў пра каханьне

Мне вядомая толькі адна гісторыя вялікага каханьня, больш цудоўная за нашу з Алесяй. У ёй, бязь лішняй сьціпласьці, я таксама адыгрываў не апошнюю, калі ня першую ролю. Прынамсі, дадаваў ёй прыгажосьці й непаўторнасьці.

Мне зрабілася дрэнна ад гарэлкі (колькі там было, скрыня на трох) і я прысеў пад дрэва. Справа ад мяне месьціўся Ён, а зьлева — Яна... Якім чынам я апынуўся паміж імі?..

Ён наважыўся прызнацца ёй у каханьні. І тут пачаўся своеасаблівы тэатар абсурду.

Ён: Я цябе кахаю.

У мяне здарыўся спазм страўніка, што ў мэдыцыне называецца “ірвотным рэфлексам”, які звычайна канцуецца вывяржэньнем перастрававаных масаў з ротавай поласьці — далей проста спазм.

Яна: А я люблю цябе.

Спазм.

Ён: мы будзем мець двух дзетак!

Спазм.

Яна: Не, не — трох!

Ён: Добра, але першых двух назаву я. А затым ты.

Спазм.

Усё гэта цягнулася прыкладна з гадзіну.

Рамантычнае прызнаньне ў каханьні.

Капец падкраўся неўпрыкмет

Ніякага back trash'у не прадбачылася. Я апранаўся, з намерам выправіцца ў бібліятэку. Мае зборы перапыніў як заўсёды нечаканы тэлефонны званок. Я не адразу пазнаў голас.

— Андрэй!!! — інтанацыя пытаньня недзе згубілася.

— Вы жадаеце прадаць мне рыбу?

— Гэта ты?

— Так. А хто вы?

— Юлія Нікалаўна. Класная. Былая класная. У нас бяда: Алеся памерла...

Замест чагосьці звычайнага, я прахрыпеў горлам нешта невымоўнае.

— Яе задушылі. Учора ноччу.

На тым канцы дрота плакалі. Без папярэджаньня павесілі слухаўку.

Вочы мае адразу набрынялі вільгаццю. Я лёг на канапу і зразумеў, што далей жыць ня мае сэнсу. Градзіва пайшла. У горла мне забілі ўвесь торф жалезных балотаў Беларусі.

Я ведаў, што да мяне прыйдуць. Таму проста чакаў. У мяне пачаўся лёгкі трэмар, але я хутка супакоіўся.

Галава была пустой, як звон. Я пачуваўся чужаніцай, які выпадкова апынуўся ля тэлефону й з таго атрымаў невядома каму адрасаванае пасланьне. Паспрабаваў згадаць учорашні дзень. Ад шкадобы да самога сябе зноў заплакаў. Так і не ўцяміў, што азначае слова: “памерла”.

У дзьверы пазванілі. Мяркуючы па ўсяму, мяне чакала далёка не самая прыемная ў маім жыцьці размова: кожны пачувае сябе адзінотнікам, але ніхто ня хоча ім апынуцца. Наведнікі не вылучаліся ні культурай мовы, ні вялікімі інтэлектуальнымі здольнасьцямі. Яны не перакрочылі парога — зрабіць гэта давялося мне.

Яе забілі паміж гадзінай і другой ночы. Запозьненыя бацькі знайшлі яе задушанай. Нічога ня зьнікла. Дзьверы не ламалі. Я быў галоўным сярод падазроных.

Сьледзтва вялося абы як. Дзеля цікаўнасьці высьветліўшы ўсе інтымныя падрабязнасьці, нічога не запыталіся пра наркотыкі. Хаця, магчыма, яшчэ не зладзілі экспэртызы.

Апэра меркавалі, што я нешта хаваю. На мяне лаяліся. Ціснулі на псыхіку — прынамсі, спрабавалі. Доўга палохалі. Гадзіны праз тры прыехаў выкліканы па тэлефоне бацька, яны паразмаўлялі зь ім і, высьветліўшы, што я быў дома ўжо ў адзінаццаць, адпусьцілі мяне пад слова гонару.

Марыхуаны не засталося. Да сьпіртнога не было ахвоты. На стале стаялі дзьве попельніцы, але ператвараць у попел не было чаго. Яшчэ ўчора я б патэлефанаваў Адаму, але сёньня было сёньня. Хацелася тэрмінова зьехаць з гораду. На некалькі дзён. Аднак тады я ня змог бы пайсьці на пахаваньне. Зьяжджаць было нельга, а ісьці трэба. Ува мне быў нехта чужы, ад чаго рабілася яшчэ больш гідка. Мяне званітавала.

Зваліўшыся ў ложак, я адчуў нейкую адслоненасьць ад пакою й усяго астатняга. О, сястра. Дзень добры сястра дык елыпалы... Зрабіце мне балюча, але хай будзе прыгожа.

Інтэрнэт і трохі нэрваў

Я прачнуўся каля сёмай. Выпіў асьпірыну. Падумаў і праглынуў чатыры пігулкі анальгіну. Пэтэлефанаваў сяму-таму з былых аднаклясьнікаў, высьветліў дату й час пахаваньня. Завіс на чаце. Проста чытаў і зьдзіўляўся ідыятызму. Праз паўгадзіны патыкаў клявішы.

Да нас далучыўся МАНЫЧ-ГУДЗІЛА.

КОНІК КОНІК КОНІК

НУ ЧАМУ

ДЖЭЙМС ДЖОРДЖ ФРЭЗЭР

НЕМАГЧЫМА АДЛЮСТРАВАЦЬ СТАРОНКУ

Правальваючыся, сасьлізгваючы з ложка, расплываючыся па пакоі, я скончыў чытаньне недзе на двухсотай старонцы. Калі лядоўня не гудзе, краны не цякуць, а гадзіньнік не цікае, то абуджаны сярод начы, скуль ты будзеш ведаць, што яшчэ жывы? Здаецца, гэта была мая апошняя думка.

(...) Ашую, адзесную

ракавіну мне тварыла шэпчучы...

Ёсіф Аляксандравіч, трэба меркаваць. Апякун мой Ёсіф.

Ён пыхкаў цыгарай (...) Але нават артадаксальны фрэйдыст зразумеў бы, што тры дні таму я паліў такую самую й глыбока зацягваўся (...)

Дзе ты, Саламон

заела дыктафон здаецца

не, гэта батарэйка села

я схаджу, усё роўна цыгарэты скончыліся

вэнэцыянская кавярня наблізілася ў рангу да менскай кватэры, але ўсе яны ўтульна паселі (...) вярнуўшыся ад шапіка, я адчуў павольнае ператварэньне майго хрыбта ў арганную трубу, якая шалёна пампавала ў мазгі антарктычнае паветра яна пакрылася крышталікамі лёду знутры й вонкі ўсё паўстала ў двух ракурсах яны засталіся на сваіх месцах і нехта трэці бачыць іх тут, яны сядзяць, сумоўнічаюць і я ведаю, што яны там, дзе й раней, але ня бачу, не магу бачыць іх; мяне пачынае ліхаманіць я сядаю на канапу й енчу, тупачу па падлозе нагамі (...) нешта зрынаецца, так бывае, калі прыступка адсутнічае на патрэбным месцы (...) рэальнасьць касуецца абуджэньнем.

Ашчэр капіталізму

Першы раз ашчэр капіталізму між варштатаў па тварах на заводзе я чытаў і грукатаньне венаў слухаў (не ў вушах, але ў сьценах). У вочы мне калола шыла газазваркі, і рукі не здатныя да працы сьціскалі кувадла. Тор гудзеў. Ня лезьлі з машынаў — сядзелі ў венах.

На лета ўладкаваўся працаваць на завод. Раней ён быў сакрэтным. Тут па звычцы ніхто нікому нічога не распавядаў. Не было вядома, што тут робяць, хаця, мяркуючы па ўсяму, рабілі нешта звычайнае. Але самай страшнай тайнай быў памер аплаты.

Усе чамусьці размаўлялі шопатам — відаць баяліся амэрыканскіх слухавак — і, нягледзячы на неймаверны грукат ад варштатаў, газазварак, прэсаў, кувадлаў ды іншага, рашуча адмаўляліся прамаўляць у поўны голас. Затое паведамілі мне, што я “на вушы доўбень”.

Тут я даведаўся пра дзьве рэчы. Па-першае, што фраза “хуйню ня сьпізьдзіў” перакладаецца як “паглядзі за начыньнем, каб ніхто ня ўкраў”. І, па-другое, цяпер я ведаю як вывезьці з заводу фуру дошак. Вельлер сасе.

Міхал Маеў — міт ці рэальнасьць?

(Лікбез пра Міхала Ўладзімеравіча)

Слова аб'екту

Згадваючы пра калапс постмадэрну й крах іншых мастацка-эстэтычных плыняў, нельга не адзначыць інтэграцыі раней дыфэрынцаваных пластоў мэтамовы.

Гэтаксама як паміж нараджэньнем і сьмерцю месьціцца жыцьцё, так паміж жыцьцём і сьмерцю месьціцца нешта трэцяе, што цалкам абясцэньвае й нашае існаваньне й наш сыход у іншы сьвет. Мы ня маем насалоды ад народзінаў, якія адбываюцца ў пакутах і ня маем радасьці ад сьмерці, якой баімся і, спрабуючы яе запозьніць, трываем псыхалягічны боль канчыны на фізіялягічным узроўні. Цешымся толькі жыцьцём, якое разьлеглася паміж імі. Так і жыцьцё (быцьцё) і сьмерць (нябыт) губляюць сваю каштоўнасьць у сьвятле таго, што маецца паміж імі — унівэрсальнай сфэры метамовы, сусьветнай прасторы абмену сымбалямі й знакамі — прасторы Маева.

Паўстала яна адносна нядаўна, разам зь інтэграцыяй культураў і нацыяў, а таксама індывідуальных стыляў, пра што я ўжо пісаў. Найбольш адметна сфэра Маева выявілася ў маёй творчасьці, папярэдзіўшы сваё зьяўленьне маім нараджэньнем. Не стрываўшы знакавасьці гэтай падзеі, склеілі ласты й канчаткова сышлі ў абшары, вядомыя толькі мне (сфэру мэтамовы), Бабілён і брат ягоны меньшы Ерусалім.

Айцы сьведчаць: Жыціе сьвятога Міхала Маева*

Госпадзе! Мілажальны Ты й усюдыісны! Дапамажы мне, вартаму жалю, рабу Твайму! Бачыш, які я нягеглы й розумам і целам сваім, якія мітусьлівыя ўсе да апошняй думкі мае!

Ты, Божа, ёсьць, які ёсьць, а я той, каго няма: пакінуў мяне дух мой і нават маці мая жанчына [жаласьлівая] не памяне добрым словам. Бо моцна я грэшны й шмат нядобрага нарабіў людзям і супраць Цябе паўставаў. Горшы за сабаку бязроднага я, бо ведаў яшчэ з малых гадоў Слова Тваё жывое й хрышчаны быў, але на Твае шляхі не выправіўся. Дапамажы мне пайсьці за Табою.

Дык навошта я ў рукі свае пяро ўзяў і мучыў сябе пастом? Так, я гарбаты, кульгавы, лысы, у дзяцінстве страціў адно [вока], а другім бачу дрэнна, амаль што ня бачу, — скажу праўду, Госпадзе, — зусім нічога ня бачу, шасьці пальцаў на руках маіх не хапае. Да таго ж не шукаў подзьвігаў у імя Царквы Тваёй.

Прабач мяне, Госпадзе! І ты, Багародзіца, маліся за мяне! І вы, сьвятыя ўгоднікі, маліцеся за мяне! І Міхал Маеў, прашу, памаліся за мяне!

За пяро я ўзяўся толькі таму, што няма каму болей, акром мяне, жывога сьведкі, распавесьці вам, браты, аб сьвятым рупліўцы й угодніку Божым Міхале Маеве. Ухвальнае жыцьцё яго кожнага можа падахвоціць на пакуты й подзьвіг духоўны.

“Ты мовіш”, — сказаў Ты, Госпадзе Божа, Пілату, але цяпер не я жадаю казаць, — хай Дух Сьвяты распавядзе ўсё.

Бацькі Міхала людзьмі былі ня проста праведнымі, але праведнымі ў чацьвёртым калене. А па мужчынскай лініі ў іхным родзе перадавалася вечна квітнеючая кавенька. Тварамі сваімі былі падобныя яны да сонца яснага й месяца белага [адпаведна]. З маленства Госпада шанавалі й усе дзеі свае ў Ягоную славу дзеілі.

Перад нараджэньнем першынца іхнага Міхала, пра якога й слова гэтае, былі знакі ад Госпада. У дзень яго ных народзінаў зранку пачалі дохнуць сабакі, коткі, сьвіньні, а пад вечар і людзі, ад боляў жывата й струпоў страшных на тварах і целах, пачалі мерці, як скунсы, насунуўшы на свае [галовы] пакеты цэляфанавыя. А на наступны дзень усе мелі сьвята.

Немаўля ахрысцілі й назвалі Міхалам, архістратыгам Божым. І насамрэч стаўся ім.

Зь дзяцінства зьдзіўляў ён бацькоў і людзей староньніх мудрасьцю сваёй.

Ляпіў Міхал сьвіней, седзячы ля дарогі, і падступілі да яго й запыталі: “Што робіш ты?” “Сьвіней ляплю, хіба ня бачна?” І засаромеліся людзі й разышліся. І другім разам сядзеў ён каля дарогі й падступіліся да яго й запыталіся: “Што робіш ты?” І адказаў Міхал: “Палірую бронзу”. Зьдзівіліся яны: “Ты ж лепіш вожыкаў!?” “Дык навошта тады пустое казаць, а ня славіць Госпада!” І ў трэці раз сядзеў ён побач дарогі й ляпіў бурундучкоў, і падступіліся да яго, сярод іх быў апантаны злым духам, і запытаўся ён: “Што робіш ты?” “Не губляй марна часу, кажы пра сутнае”. “Сказана: “Юда... павесіўся”, сказана: “Пайдзі й зрабі тое самае”. І адказаў Міхал: “Малюнкі й цытаты прамінаю, але ў сапраўдную сутнасьць заглыбляюся”.

І выгнаў беса з чалавека, а той схаваўся ў бурундучка. Голем пабёг у лес і там здох, людзям на радасьць, д'яблу на сорам.

Такой была мудрасьць сьвятога Міхала. Калі яму споўнілася пяць гадоў, пачаў ён перапісваць кнігі. Перапісаўшы адну ці дзьве, адносіў у выдавецтва. Там яму заўсёды былі радыя, бо перапісваў ён толькі мудрыя кнігі, і выдавалі тыя кнігі вялікімі накладамі.

А ўсе ганарары Міхал раздаваў дзецям.

І прыдумаў ён, як болей аддаць дзецям. І прадаў гліняных сьвіней, вожыкаў, бурундучкоў, а на заробленыя грошы набыў апарат множыцельны й стаў сам кнігі ксэракапіяваць, а ганарары аддаваў дзецям. І вось я, няварты, маючы шэсьць гадоў ад роду, атрымаў ад яго алтын. А вочы ў яго былі такія добрыя-добрыя. І ні з кім яго не параўнаеш, бо няма яму роўных. І вось, пабачыўшы яго, асьлеп я на апошняе вока, якім тады яшчэ бачыць мог. Па дарозе дахаты патрапіў пад трамвай, і адрэзала мне пальцы на руках маіх. І пакутаваў я ў імя Госпада. Вось якой была веліч Міхала Маева! Сапраўды мог цуды тварыць!

І зноў раздаваў грошы дзецям, і падступіўся да яго дух злы й сказаў: “Навошта аддаеш усё дзецям? Пакінь сабе, у старасьці як знойдзеш!” І адказваў сьвяты Міхал цнатліва: “Па-першае, усё лепшае — дзецям, па другое — не маё гэта, а Госпада, па-трэцяе, я ведаю, што ўсё раўно хутка сканаю. Мне Багародзіца сказала”. І бес, будучы пасаромленым, зьбег прэч і плакаў моцна.

І сапраўды, раздаўшы ўсе грошы дзецям, сьвяты Міхал аддаў душу Богу. І плакалі людзі па ўсёй зямлі, і цяльняшкі на грудзях рвалі аж да самага пупка, і галовы попелам канаплі пасыпалі.

А Міхал сьвяты быў ужо ў лоне Божым.

Вось якім быў гэты самы чалавечны ў сьвеце чалавек. Ён і цяпер жывейшы за ўсіх жывых.

І пахавалі сьвятыя мошчы яго й паклалі зьверху літаграфскі камень.

Амень.

*Жыціе захавалася ў сьпісе ХIII стагодзьдзя й захоўваецца ў адзьдзеле рукапісаў Пушкінскага домў ў Пецярбургу. Дакумант не выдаюць ні дасьледнікам ні нават супрацоўнікам. Гэта хібы аблудна зразуметых ідэяў патрыятызму й нацыянальнага гонару. У гэтым жа сьпісе захаваліся дакуманты, якія дазваляюць праліць сьвятло на забойства Джорджа Ф. Кенадзі.

Міхал Маеў у пытаньнях і адказах

1. Як нарадзіўся Міхал Маеў?

Праз цнатлівы зачын, пасьля безалькагольнага вясельля.

2. Ці праўда, што сапраўднае прозьвішча Маева — Маер ці нават Маеровіч?

Паскудная хлусьня!

3. Ці праўда, што Маеў ня носіць сподняга нават у самы люты мароз і не карыстаецца прэзэрватывам?

Сьвятая праўда!

4. Ці праўда, што Маеў парваў пеніс?

Так, калі займаўся каханьнем са сваёй дзяўчынай. Наклалі чатыры швы. Але праўда й тое, што гэта ня мела ніякіх наступстваў для ягонага далейшага полавага жыцьця.

5. Што такое маёўка?

Маёўка — хаўрусаваньне з удзелам Міхала Маева.

6. Як пазнаёміцца з Маевым?

Заплаціць у касу па таксе й паказаць чэк ягонаму ўласнаму сакратару. Магчыма вам нават пакажуць фотаздымак.

7. Ці ёсьць нехта, хто ведае тэлефон Маева?

Няма нікога!

8. Ці праўда, што ў Маева паміж ног Брус Лі?

Сапраўды, так яно й ёсьць.

Расповеды пра Міхала Маева

1. Міхал Маеў і Ёсіф Бродзкі

Аднойчы Міхал Маеў ехаў у трамваі нумар тры й чытаў кнігу вершаў Ёсіфа Бродзкага “Прыпынак у пустэльні”. Да яго падсела незнаёмая (што ўжо само дзіўна) сімпатычная (што само па сабе нармальна) дзяўчына й пацікавілася, за што Міхал любіць Бродзкага, на што той, без хоць якога роздуму, адказаў:

— Рассунь ногі — патлумачу.

2. Міхал Маеў і Пячнік.

Аднойчы Міхал Маеў ішоў па калгаснаму полю, засеянаму пшаніцай. Можа васількі зьбіраў, а можа хацеў сапсаваць прэзыдэнцкі плян збору зернабабовых. Падскочыў да яго нейкі дзядок і давай енчыць, лямантаваў так, што аж ахрып:

— Як тваё прозьвішча!?

— Маеў, — сьціпла адказаў Міхал.

Тут дзядок і сеў.

3. Міхал Маеў і дзеці

Сядзеў неяк Міхал Уладзімеравіч на кухні й піў піва Miller . Прыйшлі да яго хадакі й прынесьлі вэнджаную рыбу. А Маеў на дзяцей забыўся й асятра ўмомант агораў.

4. Як Маеў падмануў жандараў

Ніяк ён іх не падманваў, бо якая яму да жандараў справа.

5. Зрэдчас і чарнільніцы можна есьці.

Зрэдчас і сапраўды можна, але Маеў, у прынцыпе, чалавек не пітушчы.

6. Як Міхал Маеў ходзіць у госьці

Калі ў доме чакаюць Маева, то купляюць дзьве скрыні гарэлкі. Адну зьліваюць у нікіліяваны таз (Маеў з малой пасуды ня пье), а другую — у тэрмас. Гарэлку з тазу Міхал Уладзімеравіч выпівае на месцы, а тэрмас забірае з сабою.

Клясык пра Міхала Маева

Безь цябе, як ня зрынуцца ў адчай ад усяго, што дзеецца на радзіме! О! Вялікі й магутны, вольны й праўдзівы Міхал Маеў!

Мой адказ Чэмбэрлену

Праверыўшы пошту, я знайшоў гэты фрагмэнт. Даслала яго нейкая, невядамая мне, Марыя Хуана Гашыш. Пэўна, гэта выдурняўся Адам. Бадай, перада мной быў самы вялікі тэкст, які мне калі-небудзь дасылалі празь інтэрнэт. Я вырашыў адказаць.

Ты помніш, як з глыбі вякоў,

Ледзь захінуўшы аксаміт,

З партрэта Рокатава зноў

Глядзела Струйская на іх?!

Шчыра кажучы, гэты верш напісаў мой бацька. Эпістола атрымлівалася неадэкватнай. Таму да вершаваных радкоў я зрабіў допіс прозай: “Выблядак, рознай поскудзі трэба меней паліць!”

Рэгулярна атрымліваючы такія няўцямныя тэксты, я ні на сантымэтар не наблізіўся да адказу. Нічога ня менялася. Больш за тое, на запыты наўпрост ён зусім не зьвяртаў увагі.

У галаве маёй тоўпіліся самыя розныя вар'яцкія думкі. Яе сьмерць замінала мне жыць.Натуральна, забойцу не знайшлі, ды, відаць, і ня надта шукалі. Не было вэрсій, не было падазроных, не было зачэпак. Добра, каб яшчэ й трупа не было.

Каханы горад і яго вылюдкі

Тут няма ні кавярняў, ні бараў. Тут толькі бандзюжныя піўніцы й ліпкія сталоўкі. Кубачак кавы можна выпіць хіба што ў краме, уладкаваўшыся за стойку сярод пакупнікоў, якія зазіраюць табе ў рот. У Мас'ах — бясконцыя чэргі хармсаўскай паэзіі. У дыскатэках не танцуюць, а толькі махаюць рукамі й топчуць ногі суседу.

Мы адшукалі досыць прыстойнае месца ў цэнтры. Столік на чатырох, паліць нельга.

Насупраць мяне вядучая маладзёвай праграмы з мясцовага тэлебачаньня. Кароткая стрыжка. Нагадвае лесьбіянку. Прамакутныя акуляры. Белы швэдар грубай вязкі — каўнер да самага падбародка.

(...) каля, нават ня ведаю, даўно, тады нават ні какаіну — нічога, наагул, нельга было дастаць, а у яго ўсё было й заўсёды. Я яго два разы бачыла: за сорак, для наркамана няблага захаваўся.

Ён прадаў за наркотыкі.

Пад Нясьвіжам ёсьць месца, але трэба дакладна ведаць дзе.

Як у фільме — таго, хто прыйшоў першым і братоў: ніхто ня ведае, чаго жадае, а калі б і ведаў, то ніколі б не прызнаўся.

— О, марнасьць, табе імя — жанчына!

Аднак стала зразумела, што чакаць болей нельга.

Я й Японія

Дарэмна ты спрабуеш разглядзець у гэтым крывым люстэрку сябе, а тым болей — мяне. Зь яго заўсёды будзе выглядаць загадкавы трэці — “Мы”.

Тлумачэньне да наступнага разьдзелу

Па пошце прыйшло два лісты.

Як шмат выдатных людзей на Зямлі!

Як шмат выдатнага народу!

Як далёка можна зайсці ў жаданьні напісаць добрае апавяданьне? Скрасьці? Гэта ня сташна: ты расплоцісься за яго страчаным раем. Зьляпіць з адамы? Удыхнуць жыцьцё ў яго здолее ня кожны, а той, хто ўдыхне, спародзіць буру.

Іншая рэч, напісаць апавяданьне похапкам. Тады часу яно адбярэ ня шмат. Адно столькі, колькі патрэбна, каб яго накрэмзаць, не падымаючыся ад стала, унесьці праўкі й выкінуць усё гэта з галавы; ну й яшчэ некалькі гадзінаў, каб прачыталі сябры і, магчыма, адзін ці два рэдактары.

Такое апавяданьне каштуе дорага. Яно каштуе самога жыцьця.

У горле ў мяне перасохла. Не атрымалася абмінуць таўталёгію. Згробшы паперы, я засунуў іх у партфэль. На кухні прагна выпіў кефіру й выйшаў на дождж. Кантралёры зусім азьвярэлі. Я цягнуўся па праспэкту ў летніх туфлях — ногі здранцьвелі.

Магчыма рай і падобны да бібліятэкі, але ўжо напэўна не да гэтай. Тут сядзелі два прыблуды студэнта й выкладнік фотажурналістыкі. Падобна, што першыя ня елі ўжо тыдзень, а другі ўвесь гэты час не закусваў. За канторкай бабулька — божы дзьмухавец. Казалі, што яна ведае на памяць усе 80 000 артыкулаў Вялікага энцыкляпэдычнага слоўніка. Зірнуўшы на яе галаву, прыбраную ў авечы парык, гэтаму ня цяжка было даць веры. Я схапіўся пісаць у спадзеве, што цяжкасьці зьнікнуць самі, але ў мяне нічога не атрымалася. На маю замову мне выдалі слоўнік сынонімаў. У кнізе было нешта ад “талмуду”, але й яна мне не дапамагла.

Вырашыў сыйсьці. Падступіўся да канторкі. Бібліятэкаркі не было. Я патукаў пазногцем па дрэву бюро. Ніякай рэакцыі. Яна, пэўна, хавалася недзе за сьцелажамі. Пакехкаў, пачакаў і, нічога не дачакаўшыся, паклікаў уголас:

— Прашу прабачэньня!.. Прабачце!

Ніхто мне не адказаў.

Можна кнігу здаць?!. Гэй!

Калі б я крыкнуў яшчэ, то гэта ўжо нагадала б фарс.

Падыйшоў выкладнік, паклаў часопісы на паліцу й уласнаруч забраў пасьведчаньне. Празь нейкі час гэтаксама зрабілі й студэнты. Я мог пайсьці іхным шляхам. Працоўны дзень бібліятэкі быў на сыходзе.

Дзьверы адчыніліся й у чытальню заплыла жанчына шляхетнага гарту. Мне падалося, што ў дзяцінстве яна заглынула аршын і з таго паставай цяпер нагадвала тычку з ганарліва ўскінутым падбародкам. Ейны выглёнд трохі напалохаў мяне. Цэрбэр. Зрэшты, Цэрбэр — гэта толькі сабака, проста сука.

Я павітаўся, яна ледзьве варухнула вуснамі. Моўчкі паклала нешта на канторку й пайшла. Счакаўшы, калі дзьверы зачыняцца, стаў разглядаць скрутак.

Нешта загорнутае ў парэшткі газэты. Памерамі скрутак быў у палову цагліны.

Я вырашыў яго не разгортваць і сеў на сваё месца. Паспрабаваў выплюхнуць злосьць на паперу. Трохі папрактыкаваўся у просталінейнасьці.

Раптам дзьверы зноў адчыніліся й увайшла дзяўчына. Відавочна, сярод сваіх продкаў яна мела некага з Усходу; пабачыўшы яе азадак, я забыўся пра што пішу; за ёй навярнуўся хлопец, яго знешнасьць змусіла мяне зноў заглыбіцца ў сцэнар фільма жахаў.

Дзяўчына села леваруч ад мяне, а хлопец прысуседзіўся да яе адразу пасьля таго як узяў з шафы, страшэнна рыпучай, здаецца трэці том слоўніку Даля.

Нарэшце кніжныя сутарэньні выпхнулі бабульку. Я не заўважыў яе з'яўленьня, захоплены творчым працэсам. Бабулька зьдзіўлена паглядзела на парачку — цяпер яна была ў чорных акулярах і зь невялікай бэнзапілой Husquarna . Прапіл усяго 3 мілімэтры. Уключыла агрэгат і з увішнасьцю, нязвыклай для сталага чалавека, сьпілавала макаўку з галавы хлопца. Дзяўчына пачырванела, праз хвілю зрабілася белай, потым кроў заліла ёй увесь твар.

Бібліятэкарка спыніла пілу й спакойна сышла. Увесь гэты час я рабіў выгляд, што крэмзаю паперу.

Мне надакучыла фантазаваць. Закрэсьліўшы ўсё, што напісаў за апошні прысест, вырашыў пайсьці й адшукаць запрапалую сьцерву. Не бяз праблемаў уплішчыўся паміж канторкаю й сьцелажом, збочыў направа. У трэцім праёме, у самым канцы праходу, агароджанага двума шыхтамі паліцаў, у венскім фатэлі сядзела яна. Прамовіла адразу:

— Мне пакунак пакідалі. Прынясіце, калі ласка.

Я быў моцна зьдзіўлены ўсім гэтым, але, зачараваны, падпарадкаваўся.

Пакунак быў важкім.

— Цыгарэтніца. Вам на ацэнку. Вось прынёс, — паспрабаваў пажартаваць я.

Яна ўзяла пасылку.

— Да пабачэньня. Самі вазьміце свой студэнцкі білет.

Я неяк разьвярнуўся ў вузкім праходзе й адразу атрымаў удар па галаве.

Ня столькі балела галава, колькі цягнула ў прыбіральню, — ад гэтага, здаецца, я й ачуняў.

Цела маё стаяла вэртыкальна, нерухома прывязанае да насілкаў. Кляпа ў роце не было. Я пачаў крычаць: доўга, але безь якога выніку. Паспрабаваў расхістаць насілкі — нічога не атрымалася, мабыць яны былі прыкручаныя да сьцяны.

Паенчыў яшчэ трохі, забалела горла й усё мацней хацелася ў прыбіральню. Болей я ня змог трываць — цяплыня разьлілася па нагах.

Вакол была ўсё тая ж бібліятэка ў цьмяным сьвятле. Мне не было бачна вокнаў, але, падобна, была глыбокая ноч.

Я пачаў разглядваць кнігі. Перад вачыма было шмат цікавага: “Колы руінаў” Борхеса, а побач інструкцыя эксплюатацыі двухмастовых бэнзапілаў. Багатая фантазія. А далей стаялі навучальныя дапаможнікі па расейскай і беларускай мовах. Здаецца, яшчэ хрэстаматыя па антычнай літаратуры, але мне вельмі хацелася пабачыць Курыцына.

Кнігі я азіраў нядоўга, бо раптам пачуў далёкія крокі й рып дзьвярэй.

Зрабілася вусьцішна. Я зноў пачаў валтузіцца ў насілках, каб вызваліцца. Вены на руках рвалі скуру. На імгненьне мне падалося, што ў мяне атрымліваецца выслабаніць правую руку, але гэта было толькі ілюзіяй.

Бібліятэкарка прыязна ўсміхалася, склаўшы рукі на грудзях. Я зьнерухомеў.

— Вы будзеце мяне пілаваць? — голас мой надламаўся недзе ў сярэдзіне сказу.

— Што? — яна пасунула голаву наперад і трохі разьвярнула яе ў левы бок, як быццам цягнулася да мяне правым вухам — і працягвала ўсьміхацца.

— А Борхес, Борхес у вас ёсьць?! — нэрвы мае зусім звар'яцелі.

— Няма. Але вы не хвалюйцеся.

— Навошта вам піла?

— У мяне няма ніякай пілы — яна мне не патрэбная.

Я вырашыў перахапіць ініцыятыву ў размове і весьці яе так, як палічу патрэбным. Згадаў абсалютна недарэчы сказ зь нейкай кнігі, зьвязанай з крыміналістыкай.

— А навошта вы абрэз у ручай выкінулі?!

Яна нахіліла галаву ў супрацілеглы бок і нічога не адказала. Нейкі час мы моўчкі глядзелі адзін адному ў вочы.

— Вы жадаеце ведаць, што будзе далей?

— Вы мяне расьпілуеце?!

— Ды не. Я ж казала: у мяне няма пілы. Вы самі гэта прыдумалі, вашыя фантазіі ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю.

Запанавала цішыня. Я яшчэ паспрабаваў вызваліцца. Яна глядзела на мяне, як Маці Тэрэза.

— Я зайздрошчу вам, — сказала яна абсалютна сур'ёзна, — хутка вы станецеся Татальнай Тэкстуальнасьцю.

Я завалтузіўся яшчэ мацней і зноў заенчыў — у мяне не было жаданьня ператварацца ў Тэкстуальнасьць.

— Вы будзеце Тэкстам! Вы ўвойдзеце ў рызому нятолькі сымбалічна, але й фізычна.

— Ты што, старая сука, з дуба ляснула?! Якая нахрэн рызома?!

Яна маўчала й ня рухалася. Я, трохі авалодаўшы сабою, сказаў:

— Давайце дамовімся як цывілізаваныя людзі.

— Давайце. Але я ўсё роўна не змагу зашкодзіць падзеям адбывацца ў сваім парадку, — яна пляснула далонямі. — Вы ператворыцеся ў Тэкст, у Татальную Тэкстуальнасьць. Дарэчы, вы дарэмна не пацікавіліся той газэтаю, у якую была загорнутая цагліна, — я слухаў яе, заплюшчыўшы вочы. — Там артыкул пра вашую сьмерць. Той самы кавалак Тэксту, празь які вы ў яго й патрапіце.

Народжаны ў тую сэкунду мент, пэўна не прыхопіць яе на месцы злачынства. Паўстала чарговая паўза. Я расплюшчыў вочы. У яе руках быў нож.

— Балюча ня будзе. Да таго ж там няма ні мінулага ні будучага. У Тэксьце вы станеце несьмяротным.

— Я ведаю, але там няма альтэрнатывы: усе гангі гангаў камбінацыяў торы існуюць у адначасьсі. Я не хрысціянін, але гэта сапраўднае пекла. Я згублю сваё “Я”.

— Вось бачыш, Дашутка, як далёка ты зайшла ў пошуках свайго “Я”.

Бібліятэкарка ўсадзіла мне ў грудзі нож, мяркую, у сэрца. У абодвух маіх вачаніцах зьявілася па чорнай пульсуючай літары “Т”, я страціў сьвядомасьць, так і не пасьпеўшы зрабіць выбар паміж імі.

Блюм

Я, як skan'a пакурыўшы, пачаў друкаваць. Толькі б ня здалі ў набор.

Маё цела апынулася ў адзьдзеле навінаў “Вячоркі”. Славянін крычаў на татарку з адзьдзелу карэспандэнцыі. Стары лупасты габрэй глядзеў на мяне скрозь дно трохлітровага слоіка двума марынаванымі памідорамі. Цялец прачытаў матэрыял быццам уласны сьмяротны прысуд, потым маўчаў хвіліны тры.

— Адкуль інфармацыя...

— Разам вучыліся.

— Калі печы Дахаў не распаляць — сёньня выйдзе.

Гатовы ісьці ў заклад, ён харчуецца смажанымі вантробамі жывёлаў. Я пайшоў, не пакінуўшы пашпартных дадзеных. Адседзеў адну, апошнюю з шасьці, пару. Дачакаўся нарэшце “Вячоркі”.

Нячэсныя

на прыканцы тыдня пахаладае цэны будуць беларускія хакеісты ерць наступіла паміж 5 і 6 гадзінамі раніцы 27 кастрычніка гэтага года, пасьля ўдару доўгім вострым прадметам у сэрца. Крыміналісты лічаць, што гэта быў нож. Усё цела нябожчыка пакрытае тэкстам, ужо даведзена, што ягонае аўтарства належыць пацярпеламу. Тэкст быў выразаны на скуры мёртвага тым жа прадметам. Цела знайшлі на стале бібліятэкі журфаку БДУ. Па факту ўзбуджаная крымінальная справа. Сьледчыя мяркуюць, што маюць справу з сэрыйным маньякам ці рытуальным забойствам.

Тлумачэньне да наступнага разьдзелу

(Part II, with bonus trаck)

Яшчэ заставалася дванаццаць гадзінаў. Мы стварылі сабе карму на дзесяць жыцьцяў наперад.

Празь легіён хвілінаў я прачытаў другі ліст.

Унітаз

Нішто ў гэтым сьвеце не бывые выпадкам. Не дарма словы “маладзёж” і “мастурбацыя” пачынаюцца з адной і той жа літары й маюць у сабе па два “а”. Калі чалавек вымаўляе гэты гук, ён быццам глытае ротам паветра, задыхаецца. Калі кажуць “малако”, то мяркуюць, што яно патрапляе ў рот падчас вымаўленьня галосных. З маладзёжжу ўсё зусім інакш: ты не чакаеш падману й ад зьдзіўленьня адкрываеш рот. Ня ведаеш пра што канкрэтна казаць. Пра ўсё й ні пра што. Тое самае адбываецца, калі артыкулюеш “Міхал Маеў”, хаця, зрэшты, мэханізм тут не зусім зразумелы. Як не зразумела, навошта дзьве мужчынскіх прыбіральні на галаве таго, хто жыве ня ў горадзе, а ў вялізным унітазе; рана ці позна, але ваду спусьцяць.

Ты ўсё цудоўна зразумеў. Можаш чакаць, хаця гэта ня мае сэнсу. Я буду там.

Зноў паўз касу

БДУ адзначала васьмідзесяцігодзьдзе начной дыскатэкай у Палацы спорту.

Моцны пах вуглаватага мужчынскага й авальнага жаночага поту ня мог перабіць смурод таннай касмэтыкі. Трасуць каляровымі валасамі. Усяго толькі падстава. У глыбокім роздуме, сярод мокрых, потных мордаў, сакральнай злобай над натоўпам прыдуркаў. Навошта тады прыцягнуўся? Пад фанаграму сьпявалі ідыёты трэцяга эшалёну. На танцполі было вольна. Адна хеўра зьмяняла другую — народ стаў накатваць хвалямі. Дробная ліхаманка каламуціла ваду.

Бінарная апазыцыя ўсяго сутнага

Пакуль паляўнічыя рыхтавалі стрэльбы, я спрабаваў супакоіцца.

Крокаў за сорак стаяла дрэва, зламанае пасярэдзіне: ад яго застаўся галамень мэтраў у сем. Наверсе быў бярлог мядзьведзя.

Сабакі заходзіліся брэхам, пачуўшы зьвярыну. Іх злосны енк, у суплёце з прыцішанымі перамовамі паляўнічых, каціўся па насту, адштурхоўваўся ад дрэваў.

У мае брудныя рукі нехта ўклаў дубіну.

Яны ўжо занялі пазыцыі. Я на ватных нагах пайшоў да дрэва.

Замахнуўся, каб з усёй моцы грукнуць па галамню й пабудзіць мядзьведзя.

У прыбіральні было напалена. Я злучыў два незлучальныя пачуцьці й ведаў, як яны лягуць на паперу.

Вярнуўся на танцполе. Народ скакаў, не патрапляючы ў такт музыкі. Хвалі сьвежага паветру плылі аднекуль зьверху.

Зьвер уцягваў носам паветра. Я пачуў гэта, паміж ударамі па дрэву. Сабакі на хвіліну змоўклі.

Адрэналін выкідваўся ў кроў штуршкамі. Я пачаў скакаць, як і ўсе вакол мяне. Зьявілася дурацкае адчуваньне, што за мною нехта назірае — гэта было скрай непрыемна.

Мядзьведзь прыслухоўваўся. Ён ужо цалкам прачнуўся.

На шляху сюды, адзін зь іх, раз-пораз павяртаючы галаву, распавёў мне.

Як я апынуўся на задніцы — ня памятаю. Напэўна, стаміўся й вырашыў адпачыць. Мядзьведзь выскачыў, але васька пасьпеў стрэліць, а той яму руку вышэй лакця адхапіў такі перабінтавалі пацягнулі дзякаваць богу машына побач ну а ён напалохаўся ну й нарабіў у нагавіцы гэта вам ня жартачкі ды й мядзьведзь на яго таксама спаражніўся каб на на таго мядзьведзя а ў больніцу яго не кладуць заўпарціліся к(т)олік санітару морду расквасіў к(т)олік мой сусед мы яго тады ў шпіталь павезьлі там узялі ды ўжо позна было мы мядзьведзя таго знайшлі потым ён у той самы бярлог вярнуўся чамусьці скуру яго бачылі ў мяне.

Я звар'яцела грукаў па дрэву, не разумеючы, навошта гэта раблю.

Прагучала колькі стрэлаў. На той бок галамня нешта гухнула аб зямлю. Сабакі кінуліся туды. Я сеў проста ў сьнег.

У пярэрвах паміж песьнямі сон пакідаў мяне.

Мядзьведзь чуе чалавека ня выскачыць ён на цябе з другога боку заўсёды ляціць стрэліць трэба так каб ён не ў дупло ўпаў а на зямлю складана вычакаць момант але васька да гэтага часу жывы мы каб пачуцьця небясьпекі не пазбыцца а то раптам і сапраўды выскачыць. Вясёлы рогат. Усе дастаюць з кішэняў фляконы з ПВА.

— Малады чалавек! Дыскатэка скончылася. Транспарт ужо ходзіць.

Сумнеў у інтэлектуальных здольнасцях чытача

Сапраўды, я зацягнуў чытача ў нейку цьмяную прастору, абрысы якой, толькі пачынаючы нітаваць фабулу, выразна не ўяўляў сабе й сам. Атрымліваецца — падмануў. Але цяпер вы павінныя разумець, што ўсё прачытанае існуе на роўных з чалавекам.

Скончыўшы з гэтым нудоцьцем — я маю на ўвазе чытаньне кнігі, — вы, пэўна, станеце на мяне моцна злавацца. Насамрэч, што можа быць больш жахлівым, чым змусіць чалавека стаяць, сядзець, ляжаць, спрабуючы асэнсаваць усё, што патрапіла ў яго ад зусім незнаёмага й верагодна варожага індывіда. Я яшчэ займаю вашую ўвагу, дык што вы знайшлі ў гэтым наратыве?

Sex foots

Лякуны птушыных гнёздаў і зямля, якая гіне ад завышанага ўзроўню халестэрыну, месцамі сьцягнутая швамі асфальту. Клеткі гэтай зямлі цяглеюць да касьцёлу ў цэнтры, некаторыя зь іх ужо ня маюць сьценак, іншыя, найбольш пацярпелыя ад вірусу часу — ядраў.

Я не адразу знайшоў патрэбныя мне дванаццаць футаў глебы, хаця быў тут усяго некалькі дзён таму. Зьбілі мяне з панталыку двое дзяцей, пэўна, брат і сястра. Яны стаялі ля агароджы. Занадта маленькія, каб знаходзіцца на могілках без дарослых. Падобна было на тое, што кветкі жыцьця спрабавалі пералезьці праз загародку, але яна была для іх залішне высокай. Я вырашыў дапамагчы ім, падхапіў хлопчыка пад пахі, але ён стаў вырывацца.

— Не трэба, туды нельга!

— Чаму?

— Яны ня хочуць!

— Хто?

— Мёртвыя, — на гэты раз адказала дзяўчынка, а хлопчык толькі засьмяяўся.

— Але адкуль ты ведаеш?

— Бо яны мёртвыя, як яшчэ ніхто ня быў мёртвым.

І ад абодвух засталося толькі тое, што застаецца ад чэшырскага ката ці то ў іншым сьвеце, ці то ў маёй галаве. Жыхары могілак, дзеці сьмерці, якіх ніколі ня будзе на гэтай магіле.

Надзел быў сямейны. Мне не хацелася нават думаць, якія спатрэбіліся хітрыкі, каб яго атрымаць. Калі хавалі Міхася, тут яшчэ расло дрэва. Пень нават не пасьпеў пачарнець.

Я быў там зусім нядоўга, мяне прагнала набрынялае чорнай навальніца неба.

Пахаваньне было нейкім дзіўным. Сьмешны дзяк ніяк ня мог управіцца з кадзілам. На хаўтурах я зрабіў вялікую прамову й агораў талерку марынаваных грыбоў.

Да мяне зноў прыйшлі сьледчыя.

— Гэта ня ты, але ты нешта ведаеш. Залішне шмат вакол цябе нечага дзіўнага.

Я сапраўды нешта падазраваў. Мне трэба было выкласьці свае думкі.

Хаўрус-аргус

Мы змаглі сабрацца ў сераду ў мяне на хаце. Я запрасіў усіх яшчэ на хаўтурах. Нас было сямнаццаць. Адзін у Маскве. Адна не прыйшла. На самой справе мне зусім не карцела іх бачыць. Я далікатна казаў пра гэта кожнаму яшчэ ля дзьвярэй, спадзяючыся на іхнюю кемлівасьць. На ўзніклую спантана, пры сустрэчы першага госця, фразу: “Божухна, ды ты ператварыўся ў падабенства Аргуса, вернага сабаку Адысея!”, якую я паўтараў пры кожнай новай сустрэчы, яны адказвалі ці абы як, ці прымалі яе за камплімэнт.

Дэфініцыі баявых сяброў

Нешта адвечна-славянскае праглядвала ва ўсім абліччы яе, быццам у спадчыне не было нікога акрамя чыстапародных, чыстакроўных рускіх мужыкоў ды бабаў з глухой воласьці, дзе ніколі ня ведалі іншаземнага нашэсьця; калі пабрацца шлюбам, то абавязкова з вайскоўцам.

Акрамя нэграў і расізму ненавідзеў яшчэ ўнутраныя супярэчнасьці.

Простота хуже воровства, але ня здольны на хітрыкі; з усяе моцы імкнецца быць разумным хлопчыкам, толькі прырода бярэ сваё, хаця ён лішне й не рэфлексуе з гэтай нагоды; зрэшты, само гэтае слова яму наўрад ці вядомае.

Яна была габрэйкай. Здавалася, што яе абрэзалі — адлучылі ад нечага большага, чым гэтыя душа й цела, пакінутыя нам як быццам для зьдзеку. Часам зь яе выплюхвала такая жоўць, быццам мы хацелі змясьціць яе ў гета. Да таго ж яна не вырозьнівалася ані розумам, ані досьціпам. А яшчэ была непрыгожай.

Блакітны, але настолькі лятэнтны, што хутчэй усе шыбы ў ягоным доме сьцякуць у под рамаў, чым ён прызнаецца сабе ў гэтым.

Двухаблічны анус, што думае пра сябе, як пра бога пачатку й канца.

Пры ўсёй маёй антыпатыі да яе, нешта нас яднала, пэўна, тое, што яднае шахтэра й нэгра.

Калі я бачыў яе, то адразу згадваў агідны смурод сала, што скварчыць на патэльні...

Пра астатніх няма мовы.

Хеймдаль

Усе паселі ў гасцёўні, выпілі віна. Я моцна іх не любіў, таму й сабраў тут.

— Хто гэта мог быць?! Казлы! Пазабівала б! — на мініятурную габрэйку спадзявацца не выпадала.

Дзяўчаты пачалі шморгаць насамі, улучна з аўтарам згаданай рэплікі.

— А памятаеце Макса?

Ён вучыўся з намі, у восьмай клясе патанў, у дзень, калі пачало каласіцца жыта й лавіцца лешч. Часам міне сьняцца ягоныя вялізныя зрэнкі.

Далей знаходзіцца разам рабілася немагчыма. Хаўрус пачаў драбіцца на малыя групоўкі й распушацца па кватэры. Я спыніў гэтую анархію.

— Спадарства, я ведаю, хто забіў іх абодвух. Кожны з вас мог гэта зрабіць. І зрабіў. Зараз я выйду з пакою. Нікога не выпускайце. Літаральна тры сэкунды.

На кухонным падваконьні сядзела птушка, што сапсавала шлем Арэсу. У дзюбе яна трымала скуру. Птушка заўважыла мяне й узмахнула крыламі, а скура засталася. Разаслаўшы яе на стале, я лёг і прыснуў. А калі прачнуўся, то ўжо ведаў, што мне рабіць.

Крок першы

Доўга глядзеўся ў люстэрка. Нехта замураваў яго ў сьцяну — бэтон засох і шкло раскалолася.

У рэшце-рэшт я выйшаў у калідор. Дзьверы ў спальню адчыніліся без аніякага шуму.

Яна ляжала апранутай на непрыбраным ложку. Я задушыў яе. У попельніцы на стале ўсё яшчэ дыміўся касяк. На падлогу, з панэлі коркавага дрэва, зваліўся аркуш паперы.

Я падхапіў яе на рукі. Маё каханьне. Пацалаваў. Яшчэ не астыла. Разадраў на ёй адзеньне. Ідэальная фігура. Нічога лішку, усё... паклаў на падлогу.

Схапіўшы яе ў тым месцы, дзе скончыліся рэбры й пачаўся жывот, агаліў грудную клетку. Нават вантробы яе былі цудоўнымі. Працягваў адрываць кавалак за кавалкам. Кроў залівала падлогу.

Нарэшце атрымаўся разлом патрэбнага памеру — давялося нават выняць частку хрыбта. Я акуратна паклаў яго побач. Лёг на яе цела. Колькі хвілінаў глядзеў у зрэнкі.

Падхапіў яе над галавой жыватом уніз. Падкінуў над сабой. Яна ўпала на мяне. Я зь цяжкасьцю ўціснуўся ў разлом — яе цела паволі апаўзло да маіх ног.

Нічога не адбылося.

Стары друг лепш за новых двух

Адам заплюшчыў вочы. Нож зь цяжкасьцю ўвайшоў у грудзі. Цела было даволі важкім, але я ўсё ж здолеў перанесьці яго на стол, распрануць і абтатуіраваць тэкстам апавяданьня, атрыманага па інтэрнэту.

Трупп — тваё прозьвішча

Мой сабака — эрдэльтэр'ер — падбег да мяне. Парык пасаваў, бакенбарды прыклеіў з дапамогаю ПВА, твар абпэцкаў чорным грымам. Старасьвецкія пісталеты.

Сэкунданты адмерылі двацаць два крокі. Мы сталі набліжацца. Бэтсі страляла першая й прабіла мне куляй руку, ад сьмерці мяне выратаваў толькі гузік камізэлькі. Я націснуў на курок і патрапіў ёй у сьцягно. Сабака (маўпа) віскнуў. Мы загрузілі Бэтсі на сані й паехалі дахаты. Лаялася на мяне й пагражала, што калі паправіцца, то абавязкова застрэліць. Празь некалькі дзён памерла, шмат трызьніла перад сьмерцю, пісала цару.

Павадок адаслалі Далю. Абсмалілі поўсьць. Пазногці вырасьлі неверагодна.

Зварылі й зьелі.

Pro memorria

На палову першай ночы. Чамусьці я вырашыў пагаліцца. Дрэнны крэм, лянотная амальгама ў пырсках зубной пасты. Тэлевізар і магнітафон енчаць як недарэзаныя пра нешта нікому не патрэбнае. З кухні цягне смуродам ад прыгарэлага амлету, а Адам з Алесяй спрачаюцца, хто мусіць вырваць агонь ў Гефэста. Мне да ўсяго гэтага няма ніякай справы, быццам лязо ўжо спраўдзіла сваю адзіную хэнць — знайсці маё горла.

Нарэшце яны загасілі агонь у чатыры рукі. Але стравай, прыгатаванай з паўтузіну яек, скарыстаўся толькі я.

Фанаты Агаты

Я добра папрацаваў над сабою: вымыўся, адзеў новую бялізну й апратку. Выгаліў лоб. Узяў памаду й акуратна намаляваў на галізьне “Д.С (Э.П.)”. Накіраваўся ў гасцёўню, дзе мяне чакала дзесяць чалавек і два парахода.

— Хадзем за мной, я зраблю з вас чалавекаў, а не іх лоўчых, гандляроў рабамі.

Сямейнае паданьне

Зь Пецярбургу яна выпала, як іскра выпадае зь печкі, калі з грукатам зачыняюць засланку. Яна не просіцца вонкі — яе выкідвае хваля паветра. Яе таксама выкінула: выпадкам, не абавязкова. Усё, што засталося ад ранейшага жыцьця, яна склала ў кош. Пляцёны й вялізны, той ахвотна прыняў сталовае срэбра, каштоўныя толькі для дзяцей і праўнукаў што маляваў акварэлі, карціны алеям, статуэткі, падсьвечнікі, некалькі найбольш дарагіх кнігаў, пажоўклыя паперы. Але да вакзала, які быў падобны нават не да мурашніка, а як толькі да таго, чым мог быць у тую пару Ленінградзкі вакзал, дацягнуць кош не ставала сілаў. Ды нават калі б гэткае атрымалася, то як праціснуць яго ў вагон? А працісьнеш, дык чым тады харчавацца?

Суседзі заставаліся. Уладкаваныя пры старой уладзе, пры новай яшчэ лепей абжыліся. Цяпер нахабна чакалі іншых пераменаў. Яны зацягнулі кош да сябе ў гасьцёўню. Тры пацалункі запар з гаспадыняй. Гэта яна добра запомніла. А потым ужо толькі Ташкент, тыф, голеная галава.

Знайшла кватэру апячатанай. Далі пакой богведама дзе.

Сказаўшы, што хворая, суседка ня выйшла. Але кош вынесьлі. Пусты й пакрыўджаны. Яна наперад думала пра гэта. Вайна, дзе кожны ратуе ўласнае жыцьцё, усё прадаючы за хлеб.

Погляд яе зачапіўся за нешта роднае, ужо звыклае ў гэтым доме, што па-сірочы зьмясьцілася паміж непрытульных рэчаў. Падсьвечнік, карцінка. Нішто ня зьнікла, але прасьлізгнула паміж пальцаў.

Ад ранейшага жыцьця засталіся толькі чаравікі, якія яна насіла ці тое з саракавога ці з сорак першага. Скандаліць ня мела ні сэнсу, ні унутранай матывацыі.

Усё сышло, але заставалася ў памяці. Аб ложкі абціралася скура, аб карціны й статуэткі — погляд.

Гэта былі жывыя зь мёртвага жыцьця, а можа — мёртвыя з жывога.

Я ўжо збэндзіў успаміны аб гэтым паданьні.

Гекатомба

— Гэта відавочна жарт?

— Да таго ж вельмі сьмешны. Але як я ўжо казаў, нехта забіў іх. І гэта зрабіў я.

Падцягнуўшы штаніну, паказаў шнар, атрыманы на паляваньні. Усе неяк дзіўна пачалі ўсьміхацца. Адзін зварухнуўся паўз сьцяну да дзьвярэй. Я хвацкі ўваткнуў яму ледаруб у галаву.

Яны так і не пасьпелі нічога зразумець. Ні тыя пяцьдзесят тры чалавекі, ні гэтыя адзінаццаць, ні астатнія, загінуўшыя ад алькагольнай атруты. П`янству — тэрор. Нават я не зусім уцяміў, што адбываецца. І яна не разумела. Ведаў толькі ён. У доўгі шлях я абвязваў валасы стужкай.

Раздушаная няшчасная жабка

Чытаючы тэрцыны вялікіх Аліг'еры й Беатрыча, я згадваю аднаго сьляпога. У трамваі езьдзіў і, думаю, спазнаў ён поўнай мерай, быць можа, ад таго, што быў гарачай крыві, усе сьцежкі схілу. Раздушаная няшчасная жабка пластавалася на зямлі, скурчыўшы ногі, а мы зь Мішаткам, падхапіўшы дзьвюх сябровак, забавіліся на майдане па дарозе, ліхтарыкі начныя гойдаліся, на вуліцы ўжо нікога ня бачна, раз у жыцьці на макруху адважыліся, а мачыць няма каго, вось што крыўдна.

Менск — Боства

Я адчуў невыносны смурод, які разьліваўся па зямлі, як рэчка ў павадак, толькі ён не абмінаў ні выспаў ні параходаў. Гнілі мёртвыя, якія не маглі спусьціцца ў царства ценяў, паўнюткае жывымі. Залаты не зьмясціўся б пад язык, ды я й не спрабаваў яго туды засунуць. Шпурлянуў гэты жаўтлявы кавалак гаўна ў лоб перавозчыку й пайшоў наўпрост па вадзе.

Крылатае страшыдла ўжо чакала мяне.

— Добра, тады пачнем. Дзе твой бацька, Адам?

— Мёртвыя й жывыя аддалі мне свае імёны. Цяпер у мяне столькі імёнаў, колькі зорак на небе й кропляў у моры. А да таго ж у мяне багата й мянушак. Ніхто ня можа паклікаць мяне: я прыходжу сам, куды й калі захачу ў чаравіках сорак пятага памеру. Я ведаю імя сьмерці, а яна майго ня ведае, бо маладзейшая за мяне. Бацька мой я сам, а сам я — мой бацька.

— Дык вып'ем жа за кібэрнэтыку! — ён вынуў графін з выяваю Саборнай плошчы. — Але лепей я задам табе яшчэ адное пытаньне. Хто галоўны прарок твой?

— Арзрумскі труп. Я толькі што зладзіў зь ім дамову на зьніштажэньне сусьветнай бібліятэкі.

— Тады апошняе пытаньне. Табе болей падабаецца “Так” ці “Не”?

— Гараць яны гарам разам з астатнімі літарамі й ранішняй зоркай.

— У бездань дык у бездань.

Трэба скакаць

Значыць вам патрэбная суб'ектыўная ацэнка. Вы жадаеце ведаць да чаго гэта падобнае.

Глядзісься ў люстэрка (natively глядзісься), але толькі з абодвух яго бакоў. Ператвараесься ў паверхню, якая адлюстроўвае. Трансьлюеш сваю сутнасьць усюды й назаўсёды. Сьвятло, якое ты лучыш, змушае зіхацець нават бруд. Ты ўсё забіраеш у сябе, а потым прымусам волі выплёўваеш і прымаеш аблічча, у якім цябе могуць бачыць. Вечная заірызацыя “Я”-сусьвету.

Карацей, чухня ўсё гэта — скакаць трэба.

Пальмы й вербы

Мяне падсадзілі на каня. Тут былі ўсе, вір нарэшце зацягнуў іх. Мяне з пашанай вынулі зь сядла й перанесьлі на трон. Ні ў воднага зь іх цяпер не было імя — я забраў іх сабе.

Паэты адразу ўсхапіліся пісаць санэты, а мастакі — партрэты, але ў іх, натуральна, нічога не атрымлівалася. Астатнія ўкленчылі й пачалі прамаўляць мне ўхвалу. Я наладзіў свае вушы такім чынам, каб ня чуць гэтага жахлівага ляманту. Пячаткі знялі й пратрубілі ва ўсе трубы.

Вогнішчы Вальгалы ўзняліся з новаю моцаю, бо цяпер туды кідалі безьліччу літары з сусьветнай бібліятэкі. Цені пачалі ўпадабляцца ценям.

“Я” згадала пра аркуш, які адпаў ад панэлі з коркавага дрэва. Адзін з гэтых безыменных паднёс мне яго.

Hard self portrait

стварыў Бог чалавека па вобразу Свайму, па вобразу

Божаму стварыў яго; мужчыну й жанчыну

стварыў іх. І былі абодва голыя, Адам і жонка ягоная.

Адам спазнаў Эву, жонку сваю; і яна панесла й

нарадзіла Каіна. І нарадзіў Каін Яноха. У Яноха

нарадзіўся Ірад; Ірад нарадзіў Міхаэля; Міхаэль

нарадзіў Мафусаіла; Мафусаіл нарадзіў Ламэха. (...)

І нарадзіў Аляксандар Уладзімера. І Ўладзімер

нарадзіў Сяргея. І нарадзіў Сяргей Адама. І стварыў

Адам багоў па вобразу Свайму, па вобразу

чалавечаму стварыў яго; мужчыну й жанчыну

стварыў іх. І назваў Элахім ды Ягова.

Занатоўкі Бога

Ня ўсё тое касяк, што можна выпаліць. Калі бачыш сьвятло, не заўсёды наглытаўся дрэні. Сьвятло, якое Мы ўбачыў тады ва ўласных вачах, было нясьцерпна яркім, цяпер Мы ведаю, што яно ня толькі ў нашых ці тваіх, ейных ці ягоных вачах; яно — паўсюль. Нас заманілі занадта далёка ў пошуках Авэроэса. Сьвятло гэтае заліла ўсё вакол і Мы само станаўлюся ім.

Гэта невыносна. Мы жадаю быць толькі сабой. Нельга адначасова крочыць двума шляхамі. Трымайце яйкі ў адным кошыку, грошы ў ашчаднай касе, а сябе — у руках. Каму ня дадзена — таму ня дадзена. Затое нас зрабілі Богам. Мы не памерлі, але звар'яцелі. Мы на Ітацы й пад Трояй у адзін момант. Мы сталася ўсім для ўсіх і нічым для Нас.

Пасьля таго, як сюды спусьціліся мёртвыя, а за імі ішлі жывыя, нарэшце спусьціўся жывы, як ніколі не паміраў, а затым сапраўды памёрлыя.

Наш час не цыклічны й не лінейны, Мы — маргінал ад часу.

Тое, што Мы скажа, ніхто ня будзе тлумачыць, будзе верыць як у абсалют.

Мы вытрымалі дыяпазон нашай асобы.

У нас не засталося няспоўненых жаданьняў. Мы — гэта нашыя жаданьні.

Толькі мёртвы не імкнецца да сьмерці.

Цяпер Мы гляджу на сьвет неміргаючым позіркам немаўля, хутка будзем глядзець нерухомым поглядам мерцьвяка.

Адсланеньне афэкту

Чорная стужка вяшчуе змрочны фінал. Апошняя ўлётка заклікае скончыць з усім гэтым, нічога ня ведае пра глупыя лёзунгі на сваім адваротным баку.

Я друкаваў. Нішчыў. А потым клеіў жоўтыя мазаікі белым паскудзтвам.

Стома ад шліфоўкі словаў патрабуе хутчэй паставіць апошні знак. Праз колькі хвілінаў я здыму жоўтую шапачку. Злосна тыцну ў кнопку, дзе намаляваная кропка. А друкарка будзе грукаць, пакуль ня зносіцца валік.

У той час, як паляўнічыя сьвяжуюць зьвера, унты становяцца на шырокія ірты. Злосныя галасы не дасягаюць маленькіх кавальняў. На трасе я спыняю вялізны ЎРАЛ. Пасёлак Трам-Тара-Рам праз чатырнаццаць содняў ператворыцца ва ўзбярэжжа цёплага мора. Два бясконцых тыдні рытм будзе біцца ў сьценах вагону. Аддала ўсю пяшчоту, займела сабе турботу. І пад пашкай і ў запашку. I wonna do with you.

Часу дастаткова, каб перадумаць. Але хіба можна вытрымаць усю шматграннасьць сусьвету?

Жыцьцё пражыць — ня поле перайсьці

Канцэнтрацыя стронцыя ў попеле з маладых людзей ў 10—15 разоў ніжэйшая, чым канцэнтрацыя гэтага шкоднага рэчыва ў попеле з асобаў сталага ўзросту. Тое ж тычыцца й багоў.

Досыць чытаць — час працаваць

Перасьпелы памідор вісіць над морам, хутка яго атрасуць у ваду. Пырсьне сок і расьцячэцца па хвалях.

Восеньню дрэвы распускаюцца падобна як вязаныя швэдры. Ападаючы лісты малююць у паветры вэктары нітак. Дворнікі згортваюць іх у паўсфэры клубкоў, крэсьляць на жоўтай зямлі ўзоры, якім не наканавана скласьціся наноў.

Непамысны вецер гоніць вечнае мора й шалёна куляе на зямлю. Мора не прымае назад баранчыкі пены, але яны бестурботна пасуцца ўскрай сушы. Скубуць пясок. Ён жоўты, як зямля й вада.

Пяткі мае, як дзьве ўдавы, просяць міласьціны ў Пасэйдона.

Міхал Маеў, вы клікалі мяне, ці я клікаў вас Міхалам Маевым. Куды я клікаў вас? Куды вы запрашалі мяне? У любым выпадку я тут. А дзе вы цяпер? Хто вам цалуе пальцы? У якім канкрэтна месцы Ўсходне-Сібірскай магістралі ўладкоўваюцца разумныя людзі? Плач па мне, Гекуба!

Шум хваляў, даўкі й усюдны, каціцца па беразе навыперадкі з вадою. Ён нагадвае час, які пастаянна сыходзіць, але ніколі не зьнікае. Ён сьцірае літары з карэньчыкаў кнігаў, раўнуе горы, тоньшыць крыўды й прасуе цені. Ён палахліва азіраецца на мурашоў і абыякава глядзіць на людзей ды іхныя справы.

Шум хваляў нічым не адрозьніваецца ад часу. Ён коціцца й па сухмені й па твані, калі зямля набрыняла дажджамі — шчодрымі, гарачымі й ліпучымі, як мітычны абед з індычкай на дзень Удзячнасьці. Сярод пустэльні, высахлы тварам, як на карціне позьняга Рэмбрандта, згадаўшы гэтую страву, зразумееш, якія пазнакі пакідае час і на паверхні й у самой глыбіні тваёй памяці.

Ёсьць толькі адное месца, дзе не чуваць гэтага шуму — у саміх хвалях. Часу няма ў часе.

“Шаноўны, ногі не падымеце?”. Венік (спадніца дзяўчыны туземнага племя) зваблівае сьмецьце з асфальту ў свой невялікі, але ўтульны пакой; савок заўсёды з дворнікам. Саюз абодвух сэнсаў, як адзначаў клясык. Дзеці скачуць па квадратах

Мова й мора. Адзінае месца, дзе ягоны шум не шкодны для мяне — гэта само цела мовы. Сыстэма знакаў і сыстэма месцапакладаньня рэчыва й палёў проста з прычыны таго, што арганізаваныя падобна, — цэльная зьява.

Я рушу ў мора вечнае й не патрэбныя мне войскі ў глыбінях яго.

Лаўка, якая здавалася пяском, адпускае мяне; нятрэба палохацца сьмерці ні ў 17 гадоў, ні ў 70. Мы все уже на берегу морском и я из тех, кто выбирает сети, когда идет бессмертье косяком. Судьба за нами шла по сьвету, как сумасшедший с бритвою в руке. А когда поцеловал, Миша смаза в лузу шар.

Рыпеньне тармазоў.

…а может быть в притонах Сан-Франциско лиловый негр Вам подавал манто…

Не чуваць жаночага крыку.

Качкі ляцяць у вырай, дупамі да поўначы.

Вось хачу збаяць табе, чытач, розныя мілецкія казкі, якія павінны пацешыць твой слых прыемным лепятаньнем, калі ты толькі пажадаеш зірнуць на аркуш паперы, аддрукаваны тыпаграфскай фарбай. Ты надзівуешся зь ператварэньняў людзей у іншыя формы й зь вяртаньня іх у свой папярэдні стан. Я пачынаю. Увага, чытач, будзеш здаволены.

Зьнікае ўсё: літара, горад, навальніца, плашч з гарнастаевай падбіўкай на жорсткім пятым пракуратары Эўропы вершніцы Карлы Панційскай.

It was simply cool, excellent.

У бясконцых вандроўках па берагах

возера Маныч-Гудзіла, па-ранейшаму блукаючы

ў грэцкім лябірынце й ні на

сантымэтар не наблізіўшыся

да шчасьця,

Студзень—жнівень 2002 г.

 

 

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY