|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003
АЛЯКСАНДАР МАЛАМА. КАСЬБА |
|
ГУТАРКА Інтэлектуальнае поле ЭСЭ Марыя Мартысевіч. Бег, Генадзь Драгун. DIY. ПАЭЗІЯ Аксана Спрынчан. Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба ПРОЗА К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў Аляксандар Малама. Артур Грэй. Сьцяпан Панаеў. КІШЭННАЯ ЭЎРОПА Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя? Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы |
Лягерная тэма, вайсковая тэма. Пэўна, у часы Савецкага Саюзу сьпісалі тоны паперы, асьвятляючы гэтую праблематыку. І, хутчэй за ўсё, яшчэ столькі ж сьпісалі пасьля яго распаду. Я напісаў пра “кашэньне” ад войска. Неарыгінальна, канечне, але й не прэтэндую. І не зьбіраюся даводзіць бессэнсоўнасьць існаваньня беларускіх узброеных сілаў ды тлумачыць іх поўную бездапаможнасьць у рэальнай вайне. Скажу толькі, што дзьве траціны навабранцаў накіроўваюцца ня ў войска, а ў МУС. Вось жа: краіна зьбіраецца змагацца з уласным народам. Але тут не пра тое. А пра нежаданьне бязглузда марнаваць сваю маладосьць. Пасьля атрыманьня ваеннай карткі я часта паўтараў, што не хачу абалваньвацца. Што змагаюся за свабоду асобы. Што спрабую захаваць чысьціню мысьленьня. Прыводзіў прыгожыя цытаты з Бродзкага: “Нявечыць псыхіку ўтаймавальнай кашуляй паслухмянасьці”, “Менавіта войска канчаткова робіць зь цябе грамадзяніна; безь яго ў цябе яшчэ быў шанец, хай і мізэрны, застацца чалавечай істотай”. Казаў, што стандартызацыя мысьленьня была галоўнай задачай савецкага войска, і хоць савецкага войска ўжо няма, гэтыя традыцыі яшчэ жывуць. Падводзіў пад свой учынак годную ідэалягічную аснову. Насамрэч, нічога гэтага не было. Былі толькі страх ды шкадоба да сябе. 1 ...і паперлі мяне тады з унівэрсытэту. Калі знаёмыя пыталіся за што, адказваў: “За праўду”. Хоць ні ў якіх модных акцыях апазыцыі ня ўдзельнічаў і палітыкай не цікавіўся. Прычынай адлічэньня была звычайная непасьпяховасьць. І нават безь няшчаснага каханьня ці непасільнай працы дзеля пражытку. Проста прымітыўная лянота. Выгналі мяне ў канцы сакавіка. Вясна ўжо брала сваё. Жыцьцё здавалася цудоўным і незвычайным. Нягледзячы на пэўныя няўдачы, мяне поўніў падлеткавы аптымізм і ўпэўненасьць ва ўласных сілах. Пра будучыню я нават не задумваўся. Пакуль ня выцягнуў з паштовай скрыні позву ў ваенкамат. Белы прастакутнік грубай паперы пошлага памеру 9/13 паклаў пачатак новаму этапу ў маім жыцьці. Чакаючы ліфт, я сьпешна праглядаў позву — яшчэ не разумеў, што гэта такое. А калі ўвайшоў у кабіну — зразумеў. Наднырачнікі выкінулі ў кроў адрэналін. Ніз жывата зрабіўся халодным і цяжкім. Падступна здрыгануліся калені. Аркуш у маіх руках прыкметна задрыжэў. Я ўважліва перачытаў яго яшчэ раз... Такім быў першы напамін пра войска. Праз тыдзень я вышукаў у Даўлатава наступную фразу: “Гэта быў канец. Я не ўлічыў такой пэрспэктывы, як служба ў войску”. Даволі дакладна сказана. Кажу шчыра — па сабе ведаю. Потым позвы прыносілі яшчэ некалькі разоў, але яны ўжо не выклікалі такога жаху, як першая. Проста рабілася трывожна. Я ірваў іх на шматкі й выкідаў у сьмецьцеправод. Плыў па цячэньні абставінаў, узброіўшыся чаканьнем. Так працягвалася некалькі месяцаў. А ў канцы чэрвеня да мяне пачаў наведвацца участковы. Я не адчыняў яму дзьверы. Прастаяўшы на парозе хвілінаў пятнаццаць, ён сыходзіў. Але я ведаў, што доўга так не працягну. Трэба было рабіць выбар і дзейнічаць згодна гэтаму выбару. Дылема аказалася нескладанай. Прынамсі для мяне. У дваццаць гадоў лёгка выбіраць паміж летам — з сонцам, півам, гультайствам, дзяўчынамі ў міні — і казармай — са старшынёй і кірзавымі ботамі. У войска я вырашыў не хадзіць. Аднак ня мог прыдумаць, як схавацца ад ваенкамату. А між тым, ён ужо наганяў мяне й драпежна дыхаў у патыліцу. Даволі хутка я ператварыўся ў затузанага нэўрастэніка — баяўся выходзіць на вуліцу й не адказваў на тэлефанаваньні. Сонца й жаночыя ногі перасталі мяне хваляваць. Я жыў з заўсёдным пачуцьцём страху. Мне вельмі не хацелася аддаваць гэтай краіне паўтары гады свайго жыцьця. Вырашыць праблему самастойна не атрымлівалася. З адвечным пытаньнем “Што рабіць?” давялося зьвярнуцца да старэйшых і больш спрактыкаваных сябрукоў. Пачуўшы такое пытаньне, сябрукі, зразумела, зарагаталі й адказалі: “Сухары сушы”. Але потым супакоіліся ды прыняліся распрацоўваць стратэгію ўхіленьня ад вайсковай службы. Стратэгію яны самавіта называлі “адкос”. Пасьля непрацяглых дэбатаў мне патлумачылі, “што рабіць”. Трэба абраць якое-небудзь сваё, рэальна прысутнае захворваньне ды празь яго любымі сродкамі атрымаць адтэрміноўку. “Любыя сродкі” прапаноўваліся стандартныя: кроў з праколатага пальца ў мачы ці ўдарная доза кавы перад кардыяграмай. На словах усё выглядала вельмі проста. На справе ж аказалася складаней. Улічваючы цяперашні фізычны стан навабранцаў, плянка ўзроўню прыдатнасьці штогод падала. Складвалася ўражаньне, што хутка ў войска пачнуць браць нават аднаногіх. Я ж, чатыры гады празаймаўшыся лёгкай атлетыкай, па мерках ваенкамату быў цалкам здаровы. Натуральна, закасіць падобным чынам я ня мог. А грошай на хабар яшчэ не зарабіў. Старэйшыя сябрукі прызадумаліся. Думалі яны літры з тры піва. Нарэшце вырашылі, што застаецца толькі адзін варыянт. — Калі хочаш, — сказалі яны, — ты можаш закасіць на галаву. Калі хочаш, канечне... А нічога больш і не заставалася. Узяўшы ў знаёмага студэнта-мэдыка падручнік па псыхіятрыі, я пачаў тэарытычную падрыхтоўку. Паралельна з псыхіятрыяй, вывучаў бюракратычную сыстэму, зь якою меў змагацца. Перадусім, трэба было запэўніць ваенкаматаўскага псыхіятра выправіць на абсьледаваньне хлопца, у якога да набору ніякіх праблемаў з псыхікай не было, а з пачаткам набору ўзьніклі. Я думаў, гэта выкліча падазрэньні, і пераканаць лекараў у сваёй шчырасьці будзе складана. Насамрэч выявілася, што гэта элемэнтарна. Дастаткова зрабіць некалькі шнараў на нутраным баку левага перадплечча й паказаць іх на камісіі. Справа ў тым, што псыхіятар нясе адказнасьць за тых, каго ён абсьледаваў. Калі вайсковец павесіцца ці пусьціць кулю ў рот, стоячы на варце, бацькі загінулага маюць права падаваць на лекара ў суд. Таму ваенкаматаўскія лекары выпраўляюць усіх падазроных у псыхдыспансэр па вул. Бехцерава. Я надрэзаў лязом скуру й на працягу тыдня аддзіраў запеклую кроў. Атрымаліся ніштаватыя пісагі. Калі зь іх сышла ружовая сьвежасьць, я зьявіўся ў ваенкамаце. Псыхіятр пагледзеў маю руку й даў адтэрміноўку на паўгады. На разьвітаньне ён сказаў: “Хлопча, падумай пра сваё жыцьцё”. Я яго паслухаўся й паўгады, не перастаючы, думаў. А ў лістападзе зноў прыйшоў на камісію. І зноў жа паўтарыў чульлівую гісторыю пра тое, як з прычыны дэпрэсіі я ў стане алкагольнага ап'яненьня рэзаў жылы аскепкам бутэлькі, але “сьвядомыя” сябры па бутэльцы забралі ў мяне “ружу” й зьвязалі дзягамі. Псыхіятар недаверліва пахітаў галавой. Каб надаць сваім словам большай пераканаўчасьці, я паказаў яму глыбокі шнар крыху вышэй лакця, які атрымаў яшчэ ў школе. Сказаў, што калі мяне зьвязвалі, я адчайна супраціўляўся, і мне выпадкова прапаролі руку ў іншым месцы. Псыхіятар задумліва вымавіў “шкада”. Я прызнаўся, што мне таксама вельмі непрыемная гэтая гісторыя. Псыхіятар удакладніў: “Шкада, што перашкодзілі” — і выпісаў накіраваньне ў дыспансэр. Там мяне чакаў тэст з 800 пытаньняў. У залежнасьці ад вынікаў мяне выпраўлялі альбо ў войска, альбо на яшчэ адно абсьледаваньне. Тэсту я баяўся. Пытаньні ў ім былі складзеныя так, што адно пераправярала адказ на іншае. Напрыклад: “Часам я хачу памерці”, а праз трыццаць пунктаў — “Жыцьцё мне падаецца бессэнсоўным”. Прыём, вядома, прымітыўны, але калі ён паўтараецца 800 разоў, то можна й засыпацца. А яшчэ пасьля гісторыі з унівэрсытэтам я дужа сумняваўся ў сваіх аналітычных здольнасьцях. Таму падышоў да праходжаньня тэсту творча. Паводле абранай мной легенды, я мусіў быць аўтычным юнаком у найглыбейшай дэпрэсіі. Знаёмы лекар абмовіўся, што з дапамогай прэпаратаў зь віна-гарэлкавага аддзела такога стану раніцой можа дасягнуць кожны. Я набыў гарэлку, піва й за дзень да тэсту зайшоў у госьці да гэтага хатняй гадоўлі фармаколяга. Адчыніўшы дзьверы й пабачыўшы мяне ды пакеты з тарай, ён прыкметна пажвавеў. Зьмёў са стала кнігі, расставіў кілішкі, прыцягнуў слоік салёных гуркоў ды — са словамі “зоймемся аўтатрэнінгам і плюньма на здароўе” — адкаркаваў гарэлку. Мы чокнуліся й выпілі за сымуляцыю. Сябрук адчыніў відэльцам піва й клапатліва працягнуў мне — для паляпшэньня эфэкту. — Дай келіх, — папрасіў я. — Пі так, інтэлігент, мне ўздымацца лянотна. Піва бальзамам пралілося на дрыготкую, загнаную ў бэтонны кут безвыходнасьці душу. Я крыху ажыў. Нават выпрастаў плечы й прыўзьняў галаву. — Паслухай, — кажу. — Зраніцы мне будзе дрэнна. Як я прайду тэст, калі я нават два на два ня здолею памножыць? Мне ж думаць будзе балюча. — А й ня трэба, — адказвае сябрук і зноў налівае чаркі. — Думаць — гэта лішняе. Адказвай праўду. І ўсё атрымаецца. Ну, паехалі. Мы выпілі. Я зноў зрабіў праслойку зь піва. Пачуцьцё трывогі прытупілася, але не праходзіла. Сябрук разьліў па трэцяй. — Ды не хвалюйся ты так, — кажа. А потым, зьвяртаючыся да нябёсаў, пытае ў столі: — Хто з нас на гэтым сьвеце можа пахваліцца, што ён нармалёвы? Ды ніхто! Тэма падалася цікавай. Мы захапіліся й скончылі аўтатрэнінг пад раніцу. Пасьля чатырох гадзінаў сну я паехаў у дыспансэр. Па дарозе мяне займала толькі адно пытаньне: падлячыцца ці ня варта. Вырашыў, што гэта лішняе. Тэст я прайшоў... а можа не прайшоў... ня ведаю як правільна. Карацей, пасьля яго ў войска мяне пускаць пабаяліся. Выправілі для канчатковага абсьледаваньня ў абласны псыхіятрычны дыспансэр у Навінках. У адмысловае аддзяленьне для навабранцаў. Ёсьць там, як выявілася, такое. Празь некалькі дзён я зайшоў у ваенкамат па дакумэнты. Сакратарка працэдзіла густа намаляванымі вуснамі: “Будзеш працягваць і надалей так касіць, твой набор дэмабілізуюць раней, чым цябе выпусьцяць”. У яе быў выгляд векавухі. Губляць мне не было чаго. Я нахіліўся й прашаптаў ёй у вуха: “Дзякуй, любая, за аптымістычны наказ, але мы гэта яшчэ паглядзім.” Яна выгнулася дугой на сваім стуле й правішчэла: “Пайшоў прэч, ідыёт”. Я сьпешна выйшаў з будынка. Падаў лістападаўскі мокры сьнег. Пад нагамі, між сумётамі, блішчэлі лужыны. Я спыніўся на ганку, каб прарэфлексаваць сытуацыю. Прыняць тое, што мне давядзецца пабываць у вар'ятні, хай нават і не з сапраўднымі псыхамі, а з такімі ж “касцамі”, было цяжка. Я вырашыў зазірнуць у бар. Зазірнуў. Замовіў піва. Піва сытуацыю не праясьніла. У мяне ў кішэні яшчэ заставаліся грошы, а будучыні, наперадзе, ужо не было. Я перайшоў у танную чарачную. Там піў гарэлку з астрыжанымі тыпамі паўкрымінальнага выгляду. Пэрыядычна яны торгалі мяне за пасмы й пыталіся: “А гэта табе навошта”. Астатнія два дні я аднаўляў свае сілы гурковым расолам ды паглыбляў веды ў шызафрэніі. Сябрук-мэдык, які тэставаў маю легенду й агульнае веданьне прадмету, сказаў: “Гатовы. Можаш сьмела здаваць залік па псыхіятрыі ў аб'ёме трэцяга курсу мэдінстытуту”. 2. Лякарня Абласны псыхіятрычны дыспансэр месьціцца недалёк ад Менску, у пасёлку Навінкі. Туды ходзіць 18 аўтобус. Уся тэрыторыя больніцы абкружаная высокім цагельным мурам. Я прыехаў туды зраніцы. На адным з пралётаў бялеў зроблены пульвэрызытарам надпіс: “Мы змагаемся з уласным ценем”. Цікава, з кім жа змагаюся я? Няўжо гэта мой цень сядзеў за сталом ў ваенкамаце. Дзіўны такі цень. Падцягнуты, сабраны, у камуфляжы, з пагонамі падпалкоўніка. І ўсё казаў пра мой сьвяты абавязак бараніць радзіму. Вось ужо мне, знайшоўся — запалёнае, невядома адкуль узніклае сумленьне. Не, хлопцы, ня мой гэта быў цень. Ня можа быць у мяне такога ценю. Так што я, у адрозьненьне ад вас, мае будучыя сябры-вар'яты, змагаюся не з уласным ценем, а зь вельмі нават рэальным супраціўнікам. З постсавецкімі ўзброенымі сіламі. І перамагчы ў гэтай вайне немагчыма. Можна толькі паменшыць кантрыбуцыю. Што я ўласна й спрабую зрабіць. Я ўвайшоў на тэрыторыю больніцы. Агледзеўся. Зразумеў, што ў хаосе раскіданых будынкаў ня здолею знайсьці патрэбны мне корпус. Блізу прабягала дзяўчына ў белым халаце. Памылкова спадзяючыся на сваю прывабнасьць, я начапіў шаблённую, плэйбойска-плябейскую ўсьмешку й запытаўся ў яе дарогу. Спачатку дзяўчына проста перасмыкнулася й насьцярожана агледзелася, потым рэзка паскорыла крок і зьнікла ў пад'ездзе. Пасьпеўшы, праўда, на хаду сказаць, што там, за рогам, ёсьць схема пабудоваў. Неўзабаве корпус, які мяне цікавіў, апынуўся проста перада мной. Я ўзьняўся на трэці паверх і падышоў да дзьвярэй аддзяленьня. На дзьвярах не было ручкі, а на вушаку вісеў званок. Адчыняць гэтыя дзьверы маглі толькі работнікі дыспансэра — усё ж вар'ятня. Вядома, я разумеў, куды прыйшоў, і быў гатовы да паўтурэмнага ўтрыманьня, але пабачанае падзейнічала гнятліва. Пакуль я ў нерашучасьці таптаўся на пляцоўцы, памяць паслужліва выдала нечую фразу: “Не ўваходзьце туды, Уормалд, Вас хочуць атруціць”. Я націснуў кнопку званка. Дзьверы адчыніла аб'ёмістая санітарка ў гадах. На ёй была футравая камізэлька наўзьверх бруднага халата. Стоячы на парозе й загароджваючы бюстам увесь праём, яна запыталася: — Ну. Чаго трэба? Я разгубіўся. Да такога пытаньня я быў не гатовы. Проста не ўлічыў яго ў сваім сцэнары адкосу. — Ды вось, — кажу. — Легчы да вас хачу. — Гэта ж трэба. Да мяне. — зьдзівілася цётухна. — Навабранец, ці што? — Накшталт таго, — кажу. — Тады смалі ў прыёмны пакой і запісвайся. Адтуль цябе й прывядуць. У прыёмным пакоі гарэла прыглушанае сьвятло. Дзе-нідзе нават вісела колькі акварэляў. Чалавек у белым халаце забраў у мяне дакумэнты й сказаў: “Чакай”. Я прачакаў пяць гадзінаў. Праз прыёмны пакой праходзяць усе пацыенты больніцы, а ня толькі касцы ад войска. Я бачыў, як прывезьлі шалёнага, зьвязанага папругамі. Бачыў, як незьвязаны, то бок ціхі, вар'ят пераконваў доктара ў прысутнасьці маленькіх чалавечкаў у вазоніцы. Бачыў, як санітары лупцавалі тых, хто не выконвае іх патрабаваньняў. Напрыканцы чаканьня, у мяне ўжо было дакладнае ўяўленьне пра тое месца, куды я трапіў. Пэўна, гэта было неабходна. Нездарма найстрашнейшай пагрозай за дрэнныя паводзіны была фраза: “Калі не супакоіцеся, адправім ў агульнае аддзяленьне”. Дзейнічала нават на крыміналаў, якія абжэрліся антыдэпрэсантамі. У прыёмным пакоі ўражвала прымітыўная да геніяльнасьці сыстэма нэўтралізацыі пацыентаў. Па ўсім пэрымэтры за мэтар ад сьценаў стаялі доўгія лавы з высокімі сьпінкамі. Калі хуткая прывозіла шалёнага, рукі ў яго ўжо былі зьвязаныя за сьпінай. Шалёнага садзілі на лаву такім чынам, каб рукі апынуліся закінутымі за сьпінку лавы. Фізыялёгія чалавека такая, што магутнасьці яго цягліцаў не стае, каб узьняць цела, калі ён сядзіць з вэртыкальным корпусам. Трэба нахіліцца й перанесьці цэнтар цяжару да ступняў. Гэта тут і выкарыстоўвалі. Зьвязаныя рукі й сьпінка лавы не давалі чалавеку нахіліцца. Калі ж ён завальваўся на бок, каб перакінуць рукі, да яго падыходзіў санітар і біў. Пры неабходнасьці паўтараў. Паўтараў да таго часу, пакуль спробы ўзьняцца не спыняліся. Пазьней адзін знаёмы распавядаў (ён працаваў на хуткай), што шалёных моцна зьбіваюць санітары яшчэ па дарозе ў Навінкі. Як правіла, санітары з псыхбрыгады вызначаюцца просталінейнасьцю мысьленьня й хуткасьцью дзеяньняў. Яны могуць дагрукацца, у простым сэнсе, да жывёльнай сутнасьці чалавека. І фізычным узьдзеяньнем актывізуюць інстынкт самазахаваньня. Што б там ні казалі пра стан афэкту, але здольнасьць успрымаць боль адключаецца ў арганізме апошняй. А шляхам доўгіх паўтарэньняў нават сабака можа вылічыць учынкі, якія спрычыняюцца да зьбіцьця. У выніку, пацыент трапляе ў больніцу ўжо дастаткова супакоеным. А калі біцьцё не дапамагае, то тады ўжо карыстаюцца аміназынам. Але толькі ў скрайнім выпадку. У краіне галеча — лекі ашчаджаюць. Пад вечар наплыў хворых спыніўся. Прыёмны пакой паступова пусьцеў. Акрамя мяне заставаліся яшчэ пяцёра хлопцаў 18—20 гадоў. Увайшоў доктар з асабістымі справамі й зачытаў нашыя прозьвішчы. Пачуўшы сваё, трэба было адказаць: “Я”. Пасьля такой праверкі нас адвялі ў іншы пакой, дзе забралі верхняе адзеньне. Сястра-гаспадыня, што прымала курткі, манатонна кожнаму паўтарала: “Выграбайце барахло з кішэняў. Я ні за што не адказваю.” Мы паслухмяна выграбалі з кішэняў барахло й распіхвалі яго па сумках. Нашыя курткі вешалі на плечкі, накрывалі чахламі й зносілі на склад. Пасьля гэтага нас замкнулі, а празь нейкі час прыйшоў санітар і адвёў усіх у аддзяленьне. Калі мы прыйшлі, ужо знаёмая мне жанчына ў футравай камізэльцы вынесла халодныя місы з развараным панцакам. Мы пакорпаліся ў іх алюмініевымі лыжкамі й разышліся па палатах. Ува ўсіх палатах адсутнічалі дзьверы. Скрозь адчыненыя праёмы было бачна, як бадзяюцца па калідоры, зьнемагаючы ад гультайства, няўдалыя навабранцы. Я зьняў чаравікі й лег на ложак. Завязаўся млявы дыялёг. У палаце ляжалі пяцёра такіх жа касцоў, як і я, і адзін наркаман. Ён “наглытаўся нейкіх няправільных колаў”, страціў прытомнасьць, і яго забрала “хуткая”. Наркалягічнае аддзяленьне аказалася перапоўненым, таму яго выправілі да нас, напісаўшы ў асабістай справе “спроба суіцыду”. Гаворка яго была замаруджанай і манатоннай. Мне падабалася, калі ён у такой манэры апавядаў свае наркаманаўскія гісторыйкі, шчодра прыпраўляючы іх слэнгам. Але, на жаль, апавядаў ён рэдка. Хлопцы адразу пачыналі кпіць зь яго. Вымаўлялі словы ў нос і знарок расьцягвалі апошнія склады: “Чуеш, чува-а-ак, файная ду-у-ур, та-а-к”. Пасьля гэтага ён змаўкаў і адварочваўся да сьцяны. Большасьць гісторыяў ён да канца не даказваў. Крыўдзіўся. Тыя, што мне падаваліся цікавымі, я прасіў скончыць. Практычна ўсё, што ён апавядаў, ён падаваў ад першай асобы, але складвалася ўражаньне, што ён выдумляе ці пераказвае пачутае. Прыкладам, байку пра LSD. Ягоны сябрук паскандаліў з бацькамі й сышоў з дому, перад тым кінуўшы ў рондаль з супам тры маркі. А ён, завітаўшы да сябрука праз колькі гадзінаў, знайшоў адчыненыя ўваходныя дзьверы й усю сям'ю за абедным сталом: кожны старанна ўганяе цьвікі ў кухонную мэблю. Хлусьня, канечне. Дзе знайсьці наркамана, які добраахвотна выкіне тры маркі LSD. Чысты фальклёр. Традыцыя. Перадаецца з вуснаў у вусны. Але гісторыя прыгожая. На наступны дзень у мяне пачаліся абсьледаваньні. Я быў гатовы да іх і чакаў зь нецярплівасьцю ды пэўнай зацікаўленасьцю. Яны мяне расчаравалі. Прымітыўныя, шаблённыя тэсты. Рэдкія гутаркі з разьленаванымі дактарамі. Карацей, чаканай барацьбы інтэлектаў не назіралася. Працэдуры праходзілі з васьмі да адзінаццаці раніцы, потым быў вольны час — шэрыя, пустыя, зусім аднолькавыя дні. Каб не мардавацца ў палаце, я браўся за любую грамадзкую працу на вуліцы. Балазе, канкурэнты адсутнічалі. Астатнія хлапцы імкнуліся ад такой працы ўхіліцца, лічылі гэта справай гонару й прыкметаю хваткасьці. А мне падабалася. Пасьля таго, як на працягу гадзіны чысьціў дарожкі ад сьнегу, можна есьці нават больнічную, зусім не салёную кашу (у Навінках ўся ежа бяз солі — соль узрушае). На выходныя менчукоў і тых, хто жыве паблізу, адпускаюць дахаты. Робяць гэта для таго, каб зэканоміць на харчаваньні. У пятніцу мне выпала дзяжурыць па палаце. Увечары засталося толькі памыць падлогу, і можна было сыходзіць. Сястра-гаспадыня яшчэ з раніцы прынесла курткі. Усе, каму дазволілі, ужо сышлі. З-за дзяжурства я застаўся апошнім. Калі я махаў швабрай, у палату ўвайшоў хлопец з суседняй палаты й сеў на мой ложак. Ён жыў у глухой вёсцы, далёка ад Менска, таму выходныя праводзіў у больніцы. — Мянчук? — запытаўся ён. — Так. — Дахаты зараз паедзеш? — Ну. — Мый чысьцей, сука. Я зьбянтэжыўся. Нешта яму сказаў. Ён узьняўся й пайшоў на мяне. Вялізны вясковы бык. Што такое выраджэньне нацыі, ён ня ведаў, ведаць не хацеў і ня трэба яму гэта было. Наўрад ці ён па-сапраўднаму зьбіраўся мяне біць. Проста спрабаваў запалохаць, сарвасьць злосьць. Я ж жыў у сталіцы й праз пятнаццаць хвілінаў ехаў дахаты. Там мяне чакалі: хатняя ежа, пяшчота адносна вернай сяброўкі й паўнавартасны сон. Ён жа заставаўся тут. Я яго разумеў, значыць, ужо амаль дараваў. Але я баяўся. Ён быў высокі й дзябёлы — мацней за мяне. У абмежаванай прасторы палаты ў яго была калясальная перавага. І страх, усё ж, забіў велікадушнасьць. Калі ён падышоў дастаткова блізка, я падсек яго нагу швабрай, а калі ён упаў, накінуў на яго коўдру й сеў зьверху, упёршы локаць у яго горла. У палату хутка прыбеглі хлопцы. Яны сталі шчыльным колам вакол. Адзін паспрабаваў нас разьняць, але яго выштурхнулі за пэрымэтар ачапленьня. З усіх бакоў, ціха, каб не пачулі ў калідоры, давалі парады. Хлапец мацюкаўся ў коўдру й спрабаваў мяне скінуць. Я ж, скончаны інтэлігент, як дурань ветліва прасіў яго супакоіцца. Потым прыйшла санітарка. За гэты выбрык я праляжаў на два тыдні даўжэй — дадалі за дрэнныя паводзіны. Але дахаты на выходныя ўсё ж адпусьцілі. Пасьля вяртаньня нам дазволілі не здаваць на склад курткі. Яны захоўваліся ў распранальні аддзяленьня. Сваю куртку можна было ўзяць у любы момант. З гэтага дня я пачаў пастаянна выяжджаць у горад. Незаўважна сыходзіў адразу пасьля працэдураў, а вяртаўся каля шасьці. Пры такім рэжыме больнічны лад ужо ня быў мне ў цяжар. Мае суседзі па палаце хутка выпісаліся. Паступілі новенькія. Трое зь пяцёх мелі судзімасьць. А чацьверты некага зьбіў у ваенкамаце, і яго выправілі на абсьледаваньне. Гэтыя чацьвёра называлі палату “хатай”, а ежу “баландай”. Пяты быў ціхі юнак Вася, які кінуў тэхналягічны ўнівэрсытэт. Ён пакутаваў на эпілепсію. Зь ім мы мяняліся кнігамі, а ўвечары гулялі ў тысячу. Лідар сярод новенькіх зьявіўся на другі дзень. Сам для сябе я называў яго Бугор. Вылучыўся ён, калі вызваліў усю палату ад прыборкі тэрыторыі. Бугор умудрыўся нейкім чынам дамовіцца з санітаркай, каб замест нас паслалі нашых суседзяў. Потым заступіўся за нашага эпілептыка, калі яго пачалі задзёўбваць гопнікі з суседняй палаты. Хоць сам часта яго даймаў і не пярэчыў, калі гэта рабіў нехта з нашых. Так, з прыходам судзімых, палата зрабілася калектывам, а ня купкай запужаных аднаасобнікаў. А пасьля гісторыі з аўтабазай, яго лідарства прызналі й іншыя. Неяк да санітара прыйшоў ягоны знаёмец і папрасіў людзей для пагрузкі мэталалому. Санітар выправіў нашую палату. Нам выдалі чорныя ватоўкі з нашытымі на грудзёх нумарамі. Апранаючыся, мы чулі, як санітар дамаўляецца пра аплату з сваім знаёмцам. Мужык ужо зраніцы быў п'яны. Ён беспрычынна роў і пэрыядычна пахлопваў санітара па плячы. — Зь цябе магарыч, Сямёныч, — нагадваў санітар. — Дамовіліся? — Ты ж ведаеш, — адказваў мужык, — за мной не прападзе. Ён вывеў нас за тэрыторыю больніцы. Мы прайшлі блізу будаванай царквы й трапілі на аўтабазу. Ля павеці ляжалі ржавыя рэшткі легкавікоў. Мужык падвёў нас да кучы жалеза й тыцнуў у яе пальцам: — Цягаць вось гэта, — потым ён паказаў рукой на грузавік, што стаяў мэтраў за дваццаць. — Вунь туды. — У кузаў ці што? — запытаўся Бугор. — У кузаў. І зрабі чмыс прасьцейшы, вар'ят, а то не падабаесься ты мне нешта, — мужык агледзеў нас мутнымі вачыма. — Ну, усё, шызікі, працуйце ў тэмпе, а то замерзьнеце. Праз паўгадзіны прыйду, каб усё было чыста. Дробнай крупой падаў сьнег. Рукавіцаў ні ў кога не было. Нехта ўзяўся за мэтал і імгненна адняў руку, з захапленьнем пракамэнтаваўшы: — Вось сука! Кусаецца. Вася нацягнуў на далонь рукаў, узяў дзьверкі ад жыгулёў і пацягнуў іх да грузавіка. Дзьверкі драпалі зямлю, за імі цягнуўся чорны сьлед. — Гэй, стаханавец, — спыніў яго Бугор. — Не дурэй. Ходзь сюды. Вася кінуў дзьверкі й вярнуўся. Мы стаялі вакол кучы мэталалому, засунуўшы рукі ў кішэні, падняўшы каўнеры казённых целагрэек. З каморкі выглянуў наш працадаўца. — Вы што, ахерэлі?! — зароў ён. — Хулі не працуеце?! І рушыў да нас п'янай, няцьвёрдай хадою. З-за дзьвярэй выглянула яшчэ некалькі твараў. Нехта закрычаў яму ў сьлед: — Давай-давай, Сямёныч, разьбярыся! Бугор адбіў чаравіком ад зямлі прымерзлы глушыльнік. — Напружвае мяне ўсё гэта, — сказаў ён у прастору. Мужык падышоў, узяў Васю за каўнер целагрэйкі. — Я не зразумеў, хулі не працуеце? Вось ты, чаму не працуеш? — ён моцна ўстрэс каўнер, ад чаго Вася клацнуў зубамі. — Што гэта я буду за цябе цягаць? — Твая справа, — выразна сказаў Бугор. — Захочаш — будзеш. А не захочаш — пакінеш тут. Мужык азірнуўся. Бугор прыўзьняў нагой канец глушыльніка й паклаў яго на бэтонны блёк. — Значыцца, вось што, — сказаў ён, не дастаючы рук з кішэняў. — Мы пойдзем, а ты тут са сваім жалезам разьбярэсься сам. І адпусьці хлопца. Мы табе вушы адгрызем і па кішэнях распхаем. Табе гэта трэба? Мужык расьціснуў рукі. — Так, і яшчэ, — нібы прыгадаўшы, сказаў Бугор. — Зрабі чмыс прасьцейшы, не падабаесься ты мне нешта. Мы сышлі, ссутуленыя ад ветру. Па дарозе хлопцы скінуліся й збочылі ў краму. Яны набылі па пляшцы самай таннай, пладова-ягаднай атруты й нарвалі рабіны, каб перабіць пах. Мы з Васем пачакалі, пакуль яны выпілі, і ўсе разам вярнуліся ў аддзяленьне. Наступным вечарам Бугор падышоў да мяне. Ён паведаміў, што мяне сёньня шукаў доктар. Але ён сказаў яму, што мяне прыйшлі наведаць і я выйшаў на вуліцу. (Калі да пацыента прыходзілі наведвальнікі, то яму дазвалялі выходзіць з гасьцямі). — А ты што, кожны дзень гэтак зьёб...ся? — запытаўся ён. — Стараюся, — прызнаўся я. — Па справах ці да дзевак? — Па справах, — кажу. — Да дзевак. Я зразумеў, да чаго ён вядзе, і займацца гэтым мне не хацелася. — Разумны ці што? — Бугор прыўзьняў брыво. — Дастаткова разумны. — Тады слухай, разумнік. Ты сыходзіш, а мы застаемся. Прыкрываем цябе, хлусім санітарам і нэрвуемся, а нэрвы лекаваць трэба. Цяміш? — Ты хочаш, каб я пранес гарэлку? — А ты й напраўду разумны. — Давай зраніцы грошы, увечары прынясу гарэлку. — Зраніцы грошы — увечары крэслы? — Дакладна. Ня думаў, што ты чытаў. — А я й не чытаў, — прызнаўся Бугор. — Я фільм глядзеў. Гэтак, за выгароджваньне перад санітарамі, мяне падрадзілі цягаць у палату сьпіртное. Зраніцы мне давалі грошы, а ўвечары я ў бутэльцы з-пад мінэральнай вады прыносіў літар гарэлкі. Першы раз яны пілі ў палаце, з аднога кубачка, запіваючы хлярыраванай вадой з-пад крана. Паставіўшы ў дзьвярах атасьніка, Бугор наліў мне першаму, як рызыкаваўшаму. Я адмовіўся. Хлапцы насьцярожыліся. Бугор сказаў: — Ты шо, можа пакрыўдзіўся ды падсыпаў сюды чаго? Дык ты не крыўдуй, усё ж па-чэснаму. Я ўзяў кубак, адсёрбнуў палову, прыхапіў томік Ванэгута й выйшаў з палаты ў фае. Фае выконвала яшчэ й ролю сталоўкі. Тут стаялі плястыкавыя квадратныя сталы. Па вечарох за імі зьбіраліся карцёжнікі й аматары шахматаў. Я сеў за вольны стол і раскрыў кнігу. Побач уключылі прыймач. Перадавалі канцэрт па заяўках. Нечакана нехта закрычаў: “Увага, мужыкі, слухайце”. У навіслай цішыні дыктарка томным голасам прамовіла: — Гэтая песьня гучыць для хлопцаў зь 19 аддзяленьня абласнога псыхіятрычнага дыспансэра. Пацаны, касіце лепей. І паставіла Hotel California. (Hotel California — слэнгавая назва ці то турмы, ці то псыхушкі каля Лёс-Анджэлясу). Пасьля першых нотаў спадарства ажывілася. Учора ў аддзяленьні быў дзень выпіскі. Відавочна, песьню заказаў адзін з тых, хто яшчэ днём раней быў з намі. Радок pretty pretty boys прараўлі ўсе, каму хапіла ведаў ангельскай. На палове песні выйшаў Вася з калодай карт. Мы расьпісалі тысячу, а потым рэзаліся ў “ачко” на запальнічкі. Вася ужо выйграў амаль карабок, калі далі каманду адбой. Мы вярнуліся ў палату. Несла перагарам і нямытымі целамі. Фортку адчынілі не па эстэтычных меркаваньнях, а каб санітарка “ня ўнюхала”. Пасьля гэтага пілі толькі ў прыбіральні й старанна заядалі зубной пастай. П'янстваваць у аддзяленьні забаронена. За гэта, сьмешна казаць, выганяюць з больніцы. Але калі навабранец яшчэ не прайшоў усе належныя абсьледаваньні, то ў войска яго не пускаюць. А з наступным наборам, праз паўгады, зноў накіроўваюць у Навінкі. Я пазнаёміўся з хлопцам, якога два разы выганялі за п'янства. Зусім законна ён прапусьціў два наборы. Яго спосаб адкосу быў цікавы, але пры ім не давалі ваеннай карткі. А мне быў конча патрэбны ваеньнік. Дарэчы, як я потым высьветліў, адтэрміноўку без ваеннай карткі можна даваць толькі тры разы. Потым трэба альбо прызнаваць непрыдатным і выпісваць ваенную картку, альбо выпраўляць у войска. Той, каго пастаянна выганялі з больніцы за п'янства, атрымоўваў дыягназ “хранічны алкагалізм”. Не такі ўжо й дрэнны варыянт, у параўнаньні зь іншымі. І, галоўнае, значна прасьцейшы. А так, клясычнае кашэньне нагадвае партыю за шахматнай дошкай, падчас якой да апошняга ходу не зразумела, у што гуляеш. У шашкі ці ўсё ж у паддаўкі. Калі перакосіш — атрымаеш благі дыягназ і праблемы на ўсё жыцьцё. Калі не дакосіш — пойдзеш у войска. Прычым трапіш у самую мярзотную частку, бо ляжаў у вар'ятні. Вось і даводзіцца да апошняга прытрымлівацца нічыйнага варыянту. Пасьля выпіскі я паехаў не да сябе на кватэру, а дахаты, да бацькоў. Маці абняла мяне на парозе й заплакала. Сьнег з маёй курткі падаў на яе валасы. Памятаю, я тады хваляваўся, што ёй, пэўна, халодна. У вітальні зьявіўся бацька з газэтай. Я адхіліў маці. — Што з войскам? — запытаўся ён. — Не бяруць. — Ну-ну. І толькі малодшая сястра, навучэнка сярэдніх клясаў, не згубіла сямейнага пачуцьця гумару. Вярнуўшыся са школы, яна пабачыла мяне, найграна ўсплёскнула рукамі й працытавала: — Як?! Вас ужо выпусьцілі з вар'ятні? І ўсё. Гэты этап быў пройдзены. У войска я не пайшоў — атрымаў адтэрміноўку на пяць гадоў. На працягу гэтых пяці гадоў я буду вымушаны абыходзіцца без правоў кіроўцы. Такую цану я мушу плаціць. P.S. Ваенную картку мне выпісалі пад нумарам 999. Стоячы перад сталом сакратаркі й гледзячы на гэтую лічбу дагары нагамі, я яшчэ падумаў, што ў кагосьці там, наверсе, цудоўны гумар.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||