ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

ЛЕШАК КАЛАКОЎСКІ. ЧАТЫРЫ БАЙКІ ПРА ІДЭНТЫЧНАСЬЦЬ

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі.
Чатыры байкі
пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

Лешак КАЛАКОЎСКІ (нар. 1927). Польскі філёзаф, “інтэлектуальны кароль Эўропы”. Пасьля змушанага ад'езду з Радзімы (1968) стала жыве й працуе ў замежжы. Як празаік дэбютаваў у 1957. Аўтар драматычных твораў, алегарычнай прозы, эсэ. Апошні пераклад па-беларуску: Лешак Калакоўскі. Вайна з рэчамі // “Студэнцкая думка”, №1—2003.

 

Вайна лемураў

Ужо сорак з лішкам гадоў мінула, як доўжыцца вайна ў лемураў. А пачалася яна так.

Ведайце, што ў Лемурыі жылі лемуры маленькія й лемуры вялікія. І быў аднаго разу сход лемураў, на якім адзін маленькі лемур сказаў: “Радзіма лемураў, Лемурыя, гэта вялікая і надзвычай цудоўная краіна. А чаму? А таму што жывуць у ёй лемуры. А Лемурыя таму і называецца Лемурыяй, што жывуць у ёй лемуры”.

Тут узьняўся вялікі Лемур, вельмі абураны, і сказаў: “Гэта няпраўда, што Лемурыя так таму называецца, што жывуць у ёй лемуры! Як раз наадварот, лемуры гэтак называюцца, бо жывуць у Лемурыі. А хто кажа інакш, той здраднік Лемурыі!”

Пачалася тады жудасная спрэчка й бойка паміж маленькімі й вялікімі лемурамі. Маленькія лемуры падтрымалі маленькага й сьцьвярджалі, што Лемурыя называецца Лемурыяй, таму што заселеная лемурамі, у той час, як усе вялікія сьцьвярджалі, што лемуры называюцца лемурамі, таму што насяляюць Лемурыю.

Неўзабаве спрэчка ператварылася ў бязьлітасную бойку, што ахапіла ўсю краіну.

Вялікія лемуры казалі: “Гаворачы, што Лемурыя так называецца таму, што ў ёй жывуць лемуры, вы тым самым сьцьвярджаеце, што Лемурыя зусім выпадкова сталася радзімай лемураў. Проста так здарылася, што лемуры калісьці прыйшлі сюды, а паколькі яны называліся лемурамі, то й зямлю гэтую назвалі Лемурыяй. Такім чынам, Лемурыя не спракаветная радзіма лемураў, проста лемуры далі ёй такую назву, калі тут зьявіліся. З гэтага вынікае, што кожны, хто тут зьяўляецца, можа сказаць, што ён тут такім жа самым правам, як і лемуры, і можа даць нашай зямлі любую іншую назву. Зьявіцца тут, напрыклад, гіпапатам і скажа, што, паколькі ён знаходзіцца тут, зямля гэтая называецца Гіпапатаміяй. Альба зьявіцца кракадзіл і скажа, што гэтая зямля называецца Кракадзілія, паколькі ён тут жыве. Такім чынам, здарыцца так, што Лемурыя будзе зямлёй зусім ня лемураў, а кожнага, хто тут зьявіцца і дасьць ёй сваё імя. Гэтак тыя, што пярэчаць таму, што лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі, адбіраюць гэтую зямлю ў лемураў і дазваляюць усім, хто сюды прыходзіць, называць яе згодна з тым, як яны самі называюцца. Таму яны здраднікі і Лемурыі, і лемураў!”

Але маленькія лемуры казалі інакш. І казалі вось што: “Кажучы, што лемуры так называюцца, таму што яны жывуць у Лемурыі, вы гэтым па-просту ўказваеце, што лемуры ўзялі сабе назву ад зямлі, на якой пасяліліся. Калі б яны прыйшлі ў Павіянію, то й называліся б павіянамі, а калі б прыйшлі ў Элефантыю, то й называліся б элефантамі, то бок сланамі. Тым самым сьцьвярджаецца, што лемуры не насамрэч лемуры, а толькі выпадкам, які палягае ў тым, што яны прыехалі ў Лемурыю і сталі ў ёй жыць. Таму вялікія лемуры здрайцы і Лемурыі, і лемураў”.

Так і пачалася вайна паміж маленькімі й вялікімі лемурамі. Вялікія лемуры зьбіралі гарошак і стралялі ім з прашчаў па маленькіх, а маленькія лемуры, пабітыя гарошкам, не маглі ўзьняцца й ляжалі тыдзень ці два, ня здольныя да працягу бойкі. Але ж маленькія мелі свае сродкі. Яны капалі адмысловыя ямінкі, у якія падалі вялікія лемуры, а ўваліўшыся ў ямінку, вялікі лемур сядзеў там і скуголіў тыдзень ці два, і ня мог ён адтуль вылезьці. Затым маленькія лемуры выцягвалі яго зь ямінкі й прывязвывалі да дрэва, каб ён ня мог біць гарошкам маленькіх лемураў. І было вельмі шмат гарошынак і вельмі шмат ямінак, і вайна доўжылася без канца гадоў дзесяць, потым дваццаць, а потым і трыццаць.

Маленькія лемуры паўтаралі, што лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі, і з таго вынікае, што яны ня могуць жыць дзе-небудзь у іншым месцы, што, у сваю чаргу, значыць, што Лемурыя натуральным чынам ёсьць радзімай лемураў і ніхто ня сьмее сабе яе прыўлашчыць. Вялікія ж лемуры паўтаралі, што Лемурыя так называецца, бо жывуць у ёй лемуры, а з гэтага вынікае, — што ніхто ня можа жыць у Лемурыі, апроч лемураў, а значыць, радзімай лемураў натуральным чынам ёсьць Лемурыя і ніхто ня сьмее сабе яе прыўлашчыць. Паколькі вялікія лемуры сьцьвярджалі, што гэта яны бароняць Лемурыю, тады як маленькія Лемуры хочуць Лемурыю зьнішчыць, а маленькія Лемуры сьцьвярджалі, што ўсё якраз наадварот, то не было як іх памірыць. І ўсё болей маленькіх Лемураў падалі, пабітыя гарошкам, і ўсё болей вялікіх Лемураў траплялі ў ямінкі, выкапаныя маленькімі Лемурамі, і ніякага выйсьця не было відаць.

Але быў адзін лемур, які — так ужо зь ім выпадкова сталася — быў ні маленькі, ні вялікі, а сярэдні, і які вось ужо сто гадоў жыў не ў Лемурыі, а ў іншай краіне, назвы якой ён аднак ніколі сам не ўзгадваў. Гэты лемур прыехаў нарэшце, праз сто гадоў, у Лемурыю й сустрэў на беразе мора маленькага лемура, які нес рыдлёвачку.

— Навошта табе гэтая рыдлёвачка? — запытаўся вярталец.

— Яна мне патрэбная, — адказаў маленькі лемур, — каб капаць ямінкі.

— А навошта ты капаеш ямінкі?

— Для таго, каб у іх траплялі вялікія лемуры.

— А навошта вялікім лемурам трапляць у ямінкі?

— Як гэта навошта? Паміж маленькімі й вялікімі лемурамі вайна, і мы, маленькія лемуры, капаем ямінкі, каб лавіць вялікіх.

— Вайна? запытаўся вярталец. — Вайна? Я зусім нават і ня ведаў, што ў Лемурыі вайна. А што гэта за вайна?

— Як жа ж, ці ты сапраўды ня чуў што вялікія Лемуры прыдумалі? Ці ведаеш ты, што вялікія Лемуры — гэта нават ня месьціцца ў лемуравай галаве — сьцьвярджаюць, што Лемурыя так называецца, таму што ў ёй жывуць лемуры, а не, што лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі? Ці можаш ты сабе ўявіць такую падступнасьць?

Другі маленькі лемур, стаўшы побач з тым, што гэта казаў, шапнуў яму на вуха: “Слухай, маленькі лемур, ты зьехаў з глузду. Гэта ж вялікія лемуры кажуць, што лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі, а мы, маленькія лемуры, кажам, што Лемурыя так называецца, бо ў ёй жывуць лемуры. Ты павінен выправіцца”.

Першы маленькі лемур сапраўды без ваганьняў выправіўся й працягнуў тлумачыць лемуру-вяртальцу: “Гэта значыць, мы хацелі, канечне ж, сказаць, што вялікія лемуры бессаромна сьцьвярджаюць, што лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі, у той час, як кожны сумленны лемур ведае, што ўсё наадварот, што Лемурыя так называецца, бо ў ёй жывуць лемуры”.

— Гэта ўсё так, — сказаў вярталец, які ня ведаў сутнасьці справы, — але ці можна давесьці, што было першым — назва лемуры ці назва Лемурыя?

— Але ж гэта відавочна, — распалаўся маленькі лемур. — Кожны сьвядомы лемур скажа табе, што лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі, тым самым мы хочам сказаць, што Лемурыя так называецца, бо ў ёй жывуць лемуры.

— Мне гэта трэба абдумаць, — сказаў засмучаны лемур-вярталец.

— Як гэта абдумаць? — крыкнуў маленькі лемур. — Гэта ўжа даўно абдумана, і няма тут пра што размаўляць! Усе ведаюць, у чым ёсьць праўда.

— Але вялікія лемуры... — пачаў вярталец.

— Вялікія лемуры ўвогуле ня лемуры, — крыкнуў маленькі лемур. — Кожны сапраўдны лемур дакладна гэта ведае.

Лемур-вярталец зажурыўся й пайшоў разважаць над сутнасьцю справы, а разважаючы над ёй, сустрэў вялікага лемура, які яму патлумачыў, пра што йшла гаворка. Прышлы Лемур аднак заўважыў, што тлумачэньні вялікага Лемура былі дакладна такія ж, як у маленькага, з той толькі розьніцай, што там, дзе маленькі лемур казаў “Лемурыя так называецца, бо ў ёй жывуць лемуры”, вялікі казаў “Лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі”.

Лемур-вярталец, ці то сярэдні лемур, апынуўся такім чынам у цяжкім становішчы й ня ведаў, што й падумаць. Вырашыў ён склікаць усіх лемураў на сход, каб пакласьці канец вайне. І сапраўды, лемуры, вялікія й маленькія, сабраліся: маленькія прыйшлі з рыдлёвачкамі для капаньня ямінак на вялікіх, а вялікія — з прашчамі, зь якіх стралялі гарошкам па маленькіх. Сярэдні лемур прыйшоў без рыдлёвачкі й прашчы й сказаў: “Я чуў, што ідзе вайна паміж вялікімі й маленькімі лемурамі за тое, ці называецца Лемурыя Лемурыяй, таму што ў ёй жывуць лемуры, ці то наадварот, лемуры называюцца так, бо жывуць у Лемурыі. Я ня ведаю пэўна, як яно ёсьць насамрэч, і я не нагэтулькі разумны, каб разьвязаць справу самому, таму прапаную, каб найбольшы лемур сказаў, што ён пра тое думае.

Найбольшы лемур узняўся, каб нешта сказаць, але тут маленькія лемуры ўсчалі шум і гвалт, што найбольшы лемур — гэта, натуральна, вялікі лемур, а ўсе вялікія лемуры напраўду ня лемуры, яны кажуць хлусьню пра лемураў і Лемурыю. Сярэдні лемур хацеў зьвярнуцца па параду да найменьшага лемура, але тут ужо вялікія лемуры ўзьнялі крык і сказалі, што маленькія лемуры не сапраўдныя лемуры й слухаць іх нельга, таму што яны распаўсюджваюць жудасную хлусьню пра Лемурыю й лемураў. Такім чынам, нічога не выйшла з таго сходу, і ўжо як трэба было разыходзіцца, вялікія лемуры пачалі страляць з прашчаў гарошкам па маленькіх, а маленькія капаць ямінкі, каб лавіць вялікіх.

Сярэдні лемур разважаў, што б зрабіць, каб скончылася вайна. Нарэшце прыйшла яму ў галаву новая задума. Ён узгадаў, што існуе праца, шмат соцен гадоў таму напісаная адным мудрым Лемурам, у якой апісваецца ўся гісторыя паходжаньня Лемураў. Склікаў ён тады новы сход і прапанаваў разьвязаць усю справу, зьвярнуўшыся да той працы.

Тая прапанова, на дзіва, знайшла агульнае прызнаньне як сярод маленькіх, так і сярод вялікіх Лемураў, і было вырашана ўзяцца за чытаньне працы, у якую сотні гадоў ніхто не заглядаў.

Але гэта выявілася нялёгкім. Таму што праца была вельмі грунтоўнай і налічвала дваццаць пяць тысячаў тамоў, і было невядома, у якім томе знойдзецца адказ на пытаньне, якое выклікала вайну. У томе № 7389 адзін маленькі лемур вычытаў, што назва Лемурыя паходзіць ад лемураў, але адзін вялікі лемур адшукаў у томе № 22816, што назва лемуры паходзіць ад Лемурыі. І зноў не было згоды, таму што велікія лемуры сьцьвярджалі, што толькі том № 22816 істотны, а том № 7389 ня мае значэньня, маленькія ж лемуры казалі адваротнае.

Тым часам аніводзін лемур, ні вялікі, ні маленькі, быў ня ў стане прачытаць усе 25.000 тамоў і вызначыць, як вучоны лемур, шмат гадоў таму, урэшце вырашыў справу.

Сярэдні лемур не спыняў аднак сваіх высілкаў. Ён склікаў новы сход і сказаў такую прамову: “Шаноўныя лемуры! Можа вы прыгадаеце, што апошняя вайна сярод лемураў мела месца сто тысячаў гадоў таму і што змагаліся тады адзін супраць аднаго лемуры, якія сьпяць уначы, і лемуры, якія сьпяць удзень, а не маленькія лемуры зь вялікімі, таму што, як сярод вялікіх, так і сярод маленькіх лемураў ёсьць тыя, што сьпяць удзень, і тыя, што сьпяць уначы. А ў той вайне гаворка ішла пра неба, на якое ідуць лемуры пасьля сьмерці, ці называецца яно гэтак жа, як і іх зямля Лемурыя, ці ж Лемуурыя — праз два “у”. Вайна тая прынесла жудасныя няшчасьці, а скончылася толькі таму, што Госпад даслаў анёла, які патлумачыў лемурам, што Лемурыя розьніцца ад Лемуурыі толькі адной літарай і нічым іншым і што тыя лемуры, якім падабаецца пасьля сьмерці жыць у Лемурыі, там і будуць жыць, а іншыя будуць жыць у Лемуурыі, калі так захочуць. Чаму б тады, — працягваў сярэдні Лемур, — не зрабіць падобным чынам і не папрасіць анёла разьвязаць нашую справу?”

Лемуры, як вялікія, так і маленькія, былі гатовыя прыняць гэтую ідэю, бо і тыя, і другія былі ўпэўненыя, што анёл падтрымае іх меркаваньне, аднак, на жаль, ніхто ня ведаў дакладна, як выклікаць анёла. Такім чынам, справа зноў скончылася нічым.

У роспачы сярэдні лемур — а трэба сказаць, што быў ён адзіны сярэдні лемур, а ўсе іншыя лемуры былі альбо маленькія, альбо вялікія — сказаў тады: “Але мы ўсё ж можам прыйсьці да згоды! Мы можам прызнаць, што Лемурыя так называецца таму, што ў ёй жывуць лемуры, а лемуры так называюцца таму, што жывуць у Лемурыі!.

Тое выказваньне знайшло спачатку агульнае прызнаньне. “Брава, брава! закрычалі маленькія лемуры. Слушна сказаў сярэдні лемур, што Лемурыя таму так называецца, што ў ёй жывуць лемуры”.

— Брава, брава! — закрычалі вялікія Лемуры. — Слушна сказаў сярэдні лемур, што лемуры так называюцца таму, што жывуць у Лемурыі.

— Але ж я не сказаў, ані што першае праўда, ані што другое, — імкнуўся патлумачыць сярэдні лемур. — Толькі сказаў, што й тое, і другое.

Тады маленькія й вялікія лемуры агулам пачалі крычаць, што сярэдні лемур — ашуканец і дурань, і гэтак яны на яго ўзлаваліся, што забыліся пра ўсё іншае. Усе кінуліся на сярэдняга лемура з крыкамі, што трэба яго пасадзіць у турму ці пацэліць у яго з прашчы гарошкам, ці кінуць у ямінку. І так ім спадабалася тое крычаньне, што ўсе яны памірыліся й найперш пацэлілі ў яго з прашчы гарошкам, затым кінулі ў ямінку, а потым пасадзілі ў турму.

Такім чынам скончылася вайна паміж маленькімі й вялікімі лемурамі, і ўсе былі задаволеныя, акрамя сярэдняга лемура, які сядзеў у вязьніцы й разважаў далей. Больш за тое, усе лемуры пагадзіліся нарэшце прызнаць, што Лемурыя так называецца таму, што жывуць ў ёй лемуры, а лемуры так называюцца таму, што жывуць у Лемурыі.

Усё, як падавалася, скончылася ўдала, але праз пэўны час адзін вялікі лемур сказаў: “Сярэдні лемур спачатку сказаў, што лемуры так называюцца, бо жывуць у Лемурыі, і толькі потым, што Лемурыя так называецца, бо ў ёй жывуць лемуры. А значыць, найважнейшым ёсьць тое, што назва лемуры паходзіць ад Лемурыі, а не наадварот.”

Але маленькі лемур, калі тое пачуў, вельмі абурыўся: “Няпраўда, — сказаў ён. — Сярэдні Лемур патлумачыў найперш, што назва Лемурыя паходзіць ад лемураў і толькі потым, што лемуры ўзялі сабе назву ад Лемурыі”.

Пачалася тады спрэчка пра тое, якую думку сярэдні лемур выказаў раней, а якую пазьней. Гэтым разам аднак ужо спрачаліся не маленькія лемуры зь вялікімі, а чорныя зь белымі, і як сярод чорных, так і сярод белых былі лемуры вялікія й маленькія. Яны вырашылі запытацца ў сярэдняга лемура, як то было напраўду, але сярэдні лемур ужо памёр і перанесься ў Лемурыю альбо ў Лемуурыю, і ня мог ужо гэтага праясьніць. Пачалася затым сярод лемураў новая вайна, якая цягнецца й цяпер. Анёл жа, адказу якога ўсе чакалі, і да гэтага часу не зьявіўся. Падобна аднак, што павінен зьявіцца неўзабаве.

 

Копцкая байка пра зьмяю-лёгіка

Ідучы праз пустыню, Сьвяты апостал Тамаш сустрэў зьмяю й вельмі зьдзівіўся.

— Хіба зьмяя можа жыць у пустыні?

— Можа, — адказала зьмяя, — калі ўжо жыве; як вядома, тое, што ёсьць, можа быць.

— А хіба можа зьмяя жыць без вады? — запытаўся сьвяты.

— Можа, калі ўжо жыве, — сказала зьмяя й зьедліва дадала: “Мой адказ на першае пытаньне відавочна зьмяшчаў у сабе адказ на пытаньне другое, а значыць, пытаньне другое задаваў ты, шаноўны, зусім дарэмна, а значыць, было яно залішне, а значыць, etc”.

— Што ты хочаш сказаць сваім “etc”? — запытаўся сьвяты.

— Хачу сказаць, што ты ня вельмі разумны, — патлумачыла зьмяя.

— Для чаго ж тады ўжыла словы “etc” замест словаў ня “вельмі разумны”?

— Бо не хацела цябе пакрыўдзіць, кажучы ”ня вельмі разумны”, а не хацела, бо я істота з вытанчанымі манэрамі.

— Але ўсё ж сказала, — заўпарціўся сьвяты.

— Бо ты сам гэтага дамагаўся, — запярэчыла зьмяя.

— Значыцца, ты ўжо ня можаш быць істотай з вытанчанымі манэрамі.

— Наадварот, магу, бо сказала, што ты ня вельмі разумны, толькі таму, што ты гэтага хацеў.

— Але ж я зусім не хацеў, каб ты мне гэта сказала, а хацеў толькі, каб ты мне патлумачыла сэнс словаў “etc”.

— Але менавіта такім быў сэнс тых словаў.

— Але я ж таго наперад ня ведаў, а значыць, ня мог хацець, каб ты мне сказала, што я ня вельмі разумны. А калі істота з вытанчанымі манэрамі, як ты сама сьцьвярджаеш, ня можа казаць такіх словаў, то яна ня кажа іх ні пры якіх абставінах.

— Гэта значыць хлусіць у выпадку неабходнасьці? — запыталася зьмяя.

— Менавіта так, — адказаў сьвяты. — А значыць, ты ня можаш быць істотай з вытанчанымі манэрамі.

— Можа й не, — паразважаўшы, сказала зьмяя, — але я маю рацыю.

— Ня маеш ты рацыі, бо спачатку сказала, што ты істота з вытанчанымі манэрамі, а зараз сама ад гэтага адмаўляесься.

— Але я маю рацыю ўва ўсіх іншых справах, — запэўніла зьмяя (працытаваўшы пры гэтым адзін верш зь Сьвятога Дабравесьця, невядома аднак які).

— Калі ты ня маеш рацыі ў адной справе, то й ува ўсіх іншых няма табе даверу, — запярэчыў сьвяты, — асабліва ў пытаньні, вельмі я мудры, ці не.

Тады зьмяя ўкусіла сьвятога й сказала: “Зьмяя даводзіць сваю рацыю кусаньнем. А хто памрэ ад зьмяінага ўкусу, той ня мае рацыі, бо нежывы, паводле вызначэньня, рацыі ня мае!”

Сьвяты, аднак, не памёр і, кульгаючы, дайшоў да Індыі. Там ён пераканаў шмат людзей, што ён меў рацыю, але ў іншых справах, чым тыя, пра якія ён спрачаўся са зьмяёй.

 

Пэрсыдзкая байка аб прадаўніку асла

гандляваць, таму і асёл стаўся яму непатрэбным. Спачатку ён перастаў яго карміць — бо навошто ж карміць непатрэбную жывёліну? — але потым вырашыў яго прадаць. Асёл быў змарнелы, хворы, няшчасны й ледзь на нагах трымаўся. Гандляр, аднак, прывёў яго на базар і пачаў голасна крычаць: “Прадаецца асёл, прадаецца асёл!” Крычаў ён доўга, пакуль, нарэшце, адзін чыноўнік, імя якога было Фіру, не набыў у яго асла за такія маленькія грошы, што іх ледзь хапіла б на місачку рысу. Аднак у той момант, калі чыноўнік расплочваўся, асёл прыйшоў да высновы, што жыцьцё яму абрыдла, і здох. У тую ж хвіліну гандляр вырваў свае грошы з рук чыноўніка й хутка зышоў, даючы тым зразумець, што справа вырашаная. Чыноўнік, аднак жа, ня здаўся, ён з крыкам пагнаўся за гандляром і запатрабаваў вярнуць яму грошы, а калі той адмовіўся, накіраваўся да судзьдзі, каб усё ж вярнуць належнае.

— Ты прадаў здохлага асла, — сурова сказаў судзьдзя гандляру, — а здохлы асёл — гэта не асёл. Значыць, калі ты крычаў “прадаецца асёл”, ты зьдзяйсьняў падман!

— А чаму гэта здохлы асёл не асёл? — запытаўся гандляр.

— Не асёл і ўсё, — адказаў судзьдзя. — кожны гэта засьведчыць.

— Выбачайце, шаноўны судзьдзя, але тое, што Вы кажаце, ня мае сэнсу, дзёрзка, але усё ж спакойна, мовіў гандляр. — Кажучы “здохлы асёл”, Вы тым самым мяркуеце, што прыметнік “здохлы” пэўным чынам характарызуе назоўнік “асёл”, а значыць, здохлы асёл гэта пэўны від асла, як і “малады асёл”, “мудры асёл”, “здаровы асёл”.

— Сам ты пэўны від асла! — закрычаў судзьдзя і загадаў выхвастаць нахабніка. Пакуль гандляра лупцавалі, ён, вядома, зьмяніў свае погляды і пагадзіўся, што здохлы асёл ня ёсьць пэўным відам асла. Але ён па-ранейшаму даводзіў, што грошы ўсё ж належаць яму, бо ён прадаў труп асла, і справа зноў апынулася ў судзьдзі.

— А што такое труп асла? запытаўся судзьдзя ў гандляра, зьнясіленага шлёганьнем.

— Гэта рэч, якая была аслом.

— Але ўжо не асёл?

— Менавіта так.

— Ты зараз кажаш неймавернае глупства, — мовіў судзьдзя. Калі пэўная рэч — гэта не асёл, значыць, яна ніколі тым аслом не была, бо кажучы, што гэтая рэч была аслом, ты мяркуеш і надалей, што гэта тая самая рэч, а значыць, што тая самая рэч можа быць чымсьці й у той жа самы час ня быць, застаючыся той самай рэччу. Гэтак ты ўпадаеш у супярэчнасьць, і таму будзеш другі раз адхвастаны.

Другога пераваньня гандляр ужо ня вытрымаў і памёр, пасьля чаго зьвярнуўся ён у суд пасьмяротны, што ачольваў арханёл, імя якога было Кезэф. Азнаёміўшыся са справай, арханёл прыйшоў да высновы, што яна патрабуе большай кампэтэнцыі й улады, і адаслаў яе да арханёла рангам вышэй, той жа накіраваў яе яшчэ вышэй, і ў рэшце рэшт яе мусіў узяць у свае рукі сам вялікі сэрафім. Было відавочна, што гэтая справа вымагае далікатнага філязофскага падыходу, а сэрафім, у адрозьненьне ад арханёлаў, разьмяжоўваў такія катэгорыі, пра якія яшчэ ня ведалі на пэрсыдзкім рынку.

— Усё залежыць ад таго, — тлумачыў ён гандляру, — будзем мы разглядаць спрэчку паводле законаў картэзіянскіх ці паводле законаў арыстотэлеўскіх. У картэзіянскай інтэрпрэтацыі труп асла — гэта і насамрэч былы асёл, хоць і папсаваны шмат у якіх адносінах, а здохлы асёл — гэта пэўны від асла (што і сьцьвярджаў гандляр), хоць ён ужо й не прыдатны для той справы, для якой звычайна выкарыстоўваюцца аслы. Гэтак сапсутая збруя каня застаецца і надалей збруяй, толькі што няспраўнай ды бескарыснай. Аднак гэтае апошняе адрозьненьне — спраўны ці няспраўны — тэхнічнае, а не мэтафізычнае. Цела асла — гэта мэханізм, які можа сапсавацца й перастаць дзейнічаць, тым ня менш, бесьперапыннасьць яго фізычнага быцьця не спазнае разрыву. Інакш на гэты конт у (слушнай, як даведзена) гілемарфічнай тэорыі: рэшткі асла ня ёсьць былым аслом, бо цела асла застаецца целам асла столькі часу, колькі яго ажыўляе дастасаваная да яго адмысловая анімальная душа. А значыць, судзьдзя на другім этапе судовага разбору меў рацыю й лупцаваньне нумар два відавочна мела падставу. Зь іншага боку, зыходзячы з тых тэзааў, судзьдзя не павінен быў на першым этапе судовага разбору ўжываць выразу “здохлы асёл”, бо тым самым сьцьвярджаў — як трапна заўважыў гандляр — што тыя парэшткі гэта пэўны від асла, а гэта была памылка. А значыць, судзьдзя на першым этапе судовага разбору памыліўся ў тым, што ня змог належным чынам свайго выраку абгрунтаваць (хоць сам вырак быў слушным і быў бы правамоцным, калі б судзьдзя здолеў яго належным чынам абгрунтаваць); тым самым судзьдзя сваёй памылкай першае лупцаваньне сам і скасаваў. Але першае лупцаваньне спрычынілася да другога, а, увёўшы напачатку памылковы панятак, судзьдзя ня можа чакаць належнага разьвіцьця падзеяў. Таму, хоць гандляр і заслугоўвае пакараньня за прыхільнасьць да памылковай картэзіянскай канцэпцыі (аб чым можна зрабіць выснову, зыходзячы зь яго аргумэнтаў), але ж судзьдзя таксама не безь віны, бо не пабачыў выразнае розьніцы паміж гэтымі канцэпцыямі, хоць намер яго і быў слушным. Таму, у цэлым, за сваю недасьведчанасьць судзьдзя будзе адлупцаваны арханёламі, як толькі пакіне грэшны сьвет.

Гандляр паабяцаў, што скарыстаецца са знаходжаньня ў раі, каб удасканаліць сваю адукацыю і зразумець той вырак, зь якога ён пакуль засвоіў толькі тое, што лупцаваньне чакае і судзьдзю. Апошняя навіна ўзрадавала яго, чым ён неабачліва выдаў сябе перад сэрафімам, які зрабіў яму суровую заўвагу, што ня трэба цешыцца з чужых няўдачаў, нават калі яны й па віне ахвяры адбыліся, і гандляр зноў заслужыў бізуноў, якія яму толькі таму даруюць, што зямныя бізуны былі яму незаконна прызначаныя. Што да чыноўніка, то справа яго засталася адкладзеная sine die.

 

Сырыйская байка пра вераб'я й ласіцу

Верабей цягаўся з ласіцай: хто хутчэй прабяжыць ад ручая да дрэва, той атрымае ад суперніка тры арэхі. Скакаў верабей, і скакала ласіца. Верабей прыбег першым. А ласіца ў крык:

— Несумленнае гэта было спаборніцтва, ты мяне падмануў!

— Як жа я мог цябе падмануць, — запярэчыў верабей, — я ж скакаў на вачах ува ўсіх! (а былі там таксама кажан і заяц).

— Не, ты мяне падмануў, — заўпарцілася ласіца, — бо ты маленькі й ніхто не паверыў бы, што такі маленькі можа гэтак хутка скакаць!

— Хадзем тады да судзьдзі, — сказаў верабей.

Яны й пайшлі. Судзьдзём быў стары вярблюд. Выслухаўшы абодва бакі, ён рассудзіў: “Падману тут не было, бо падман палягае ў тым, што кажуць няпраўду, а верабей нічога непраўдзівага не сказаў. А значыць, верабей мае рацыю і ён павінен атрымаць 3 арэхі”.

Ласіца засталася аднак незадаволенай і запярэчыла, што трэба знайсьці іншага судзьдзю. Верабей, перакананы, што праўда за ім, пагадзіўся, хоць і голасна кпіў з дурноты ласічынай.

Другім судзьдзём была сава. Выслухаўшы абодва бакі, яна сказала: “Вярблюд зыходзіў з слушных умоваў, але высновы ён зрабіў няправільныя. Бо й сапраўды, падман адбываецца тады, калі што-небудзь непраўдзівае кажуць, але кажуць ня толькі словамі, але й іншымі знакамі. Вось жа — верабей маленькі, а ласіца вялікая. Тым самым верабей дае знаць, што ён ня можа скакаць гэтак хутка, як ласіца, а значыць, ласіца была падманутая выглядам вераб'я, значыць, выгляд вераб'я ашукаў ласіцу, а значыць, сам верабей ашукаў ласіцу і яна мае рацыю, а значыць, ласіца перамагла і верабей ёй вінен тры арэхі. Тры арэхі.” Гэтак рассудзіла сава.

Гэтым разам верабей застаўся незадаволеным, і ён усчаў спрачацца.

— Ня дам арэхаў, — сказаў ён, — бо я прыбег першым!

— Але ты падмануў ласіцу, — крыкнула сава.

— Я нічога не казаў, — запярэчыў ёй верабей.

— Ты падмануў сваім выглядам, — паўтарыла сава.

— Я такім нарадзіўся, — сказаў верабей, — і я не адказваю за свой выгляд.

— Адказваеш ты ці не, гэта ня мае значэння, — крыкнула сава, ужо вельмі разьюшаная нахабствам вераб'я, — досыць ужо, што маеш такі выгляд, як ёсьць, а выгляд гэты падмануў ласіцу.

— Можа мой выгляд і падмануў ласіцу, але сам я не падманваў ласіцы, — крычаў верабей, чырвоны ад злосьці, — бо я ня свой выгляд.

— А хто твой выгляд? — запыталася зьдзекліва сава, ужо спакойная, бо бачыла, што верабей блытаецца ў адказах.

— А ніхто, — адказаў верабей, але ўжо няўпэўнена.

— Калі ніхто, значыць ніхто не падмануў ласіцу, а значыць, яна не была падманутай. Але ж ты сам пагадзіўся з тым, што яна была падманутая!

Верабей ня ведаў ужо, што й казаць. Ён быў змушаны даць ласіцы тры арэхі, а ў дадатак да таго яго асудзілі за падман на 25 гадоў зьняволеньня.

Выносячы вырак, сава сказала: “Не выглядай слабейшым, чым ты ёсьць насамрэч, хіба што калі побач няма судзьдзі”.

Пераклад з польскай Натальлі КУЦ.

 

 

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY