ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

ЮРКО ІЗДРЫК. "ДЗЁННЫЯ" РЭФЛЕКСІІ Ў СУТОНЬНІ

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

Бэртран Расэл і роздумы ні аб чым

Часам наіўнасьць дае нядрэнныя вынікі. Часам трэба забыцца на тое, што існуюць агульнапрынятыя правілы гульні, і гэта, напрыклад, зрабіў Бэртран Расэл, насьмеліўшыся не ў дагістарычныя часы й не на пачатку новай эры, а ў ХХ стагодзьдзі з наіўнасьцю Кандыда пытацца: “Ці падзяляецца сьвет на дух і матэрыю, а калі так, дык чым ёсьць дух, і чым ёсьць матэрыя? (…) Ці мае сусьвет якуюсьці еднасьць або мэту? Ці разьвіваецца ён у кірунку нейкае мэты? Ці сапраўды існуюць законы прыроды, або мы верым у іх толькі з уласьцівае нам схільнасьці да парадку? (…) Ці існуюць узвышаны й зямны стылі жыцьця, або ўсе спосабы жыцьця ёсьць марнотай? Ці трэба дабру быць вечным, каб заслужыць высокую адзнаку, ці варта прагнуць дабра, нават калі сьвет неадваротна рухаецца да гібелі?”

Не прэтэндуючы на глябальнасьць Расэлавага падыходу, мы таксама часам наважваемся пытацца, хочацца думаць, пра рэчы істотныя. Адно з пытаньняў, якое хочацца задаць, назіраючы за ўсім, што робіцца навокал, — якім насамрэч ёсьць нашае жыцьцё? Ці мы жывем добра, ці дрэнна? Ці нам сьлед цешыцца, ці журыцца? Ці мусім шукаць выхад з сытуацыі, ці маем цешыцца тым, што маем? Сапраўды-бо:

З аднаго боку якаясьці беспрасьветная й бясконцая крыза ахапіла, здаецца, усе сфэры існаваньня, зь іншага ж — дзівосная “нясьцерпная лёгкасьць быцьця”, патлумачыць якую можна хіба нашай адарванасьцю ад “паверхні сьвету”, — неінтэграванасьцю ў сусьветныя праблемы й сусьветны рытм, а таму — свабодай.

З аднаго боку дзяржава, што забясьпечвае сваю эканамічную стабільнасьць нявыплатай заробленых грошай, то бок чыніць адзін з чатырох грахоў, за якія неба помсьціць, зь іншага — абсалютна індэфэрэнтныя й да ўсяго прызвычаеныя грамадзяне, што неяк даюць сабе рады й безь дзяржавы.

Скрайні заняпад культуры адгукаецца незразумелай артыстычнай актыўнасьцю, спансараванай ці то Сорасам, ці то нейкімі звар'яцелымі нуварышамі, ды адначасова невядома адкуль зьяўляюцца новыя часопісы, некамэрцыйныя выданьні, нават паэтычныя зборнікі. Уласна кажучы, усё, што хоць неяк робіцца, адбываецца на гэтай зямлі, дзе ўжо, здавалася б, павінен сьціхнуць любы рух — усё гэта трывае не дзякуючы нечаму, а насуперак. Насуперак усяму працягваецца жыцьцё. Можа й не жыцьцё нават, а якраз трываньне.

І ўсё ж не зьнікае адчуваньне якойсьці несапраўднасьці, недахопу чагосьці істотнага (навакольная рэчаіснасьць нагадвае гіганцкую рэпэтыцыю, дзе стомленыя акторы граюць абы-як зьберагаючы энэргію для прэм'еры). І гэтае “штосьці”, мне здаецца, палягае ў нашым няўменьні любіць сябе. У формуле “палюбі бліжняга як самога сябе”, мы выпускаем момант любові да сябе — пачатковая кропка, пасьля якой можна наважыцца любіць кагосьці. Мы намагаемся любіць інакшасьць, зьнешняе, не закахаўшыся як сьлед у сябе, не сымпатызуючы ўласнай сутнасьці. З дакладнасьцю да наадварот мы любім сябе, як бліжняга свайго, а бліжняга на дух не пераносім. Мы махнулі на сябе рукою й пачуцьце трансцэндэнтнай правіны ёсьць, здаецца, нашым адзіным калектыўным падсьвядомым. Але ж гэта так цяжка. Любіць сябе так, каб не змагчы перажыць найменшага прыніжэньня. Цаніць сябе настолькі, каб ніколі не апынацца ў няпэўнай сытуацыі. Падабацца сабе ў такой меры, каб не дапусьціць найменшай нядбаласьці ў працы. Шанаваць сябе так, каб пагаджацца толькі на найлепшае і не чыніць злога. Любіць сябе тут-і-цяпер, не ператвараючы жыцьця ў шэраг няспраўджаных рэфлексіяў. Усьвядоміць, што гэта ніякая не рэпэтыцыя, што даўно ўжо йдзе прэм'ера, што яна, уласна кажучы, йшла заўжды. І можна ў любы момант выйсьці з масоўкі на авансцэну, трэба толькі паверыць у свой талент і ў свой шанец. Палюбіць сябе.

Між тым, захапіўшыся прапаведваньнем сумнеўных ідэяў, лаўлю сябе на думцы, што я ня першы шукаю рэцэптаў ад паняверкі. Рэцэптаў, якія кожны мусіць выпрабаваць найперш на сабе. А пасьля хочацца сьледам за мудрым Расэлам (і ня менш мудрым Эклезіястам), запытацца, ці гэта не марнота, хіба? І ці сапраўды “дабра сьлед прагнуць нават тады, калі сьвет неадваротна рухаецца… (гл. Пачатак)”.

Вяршкі, Бляншо й мода

Мода, як вядома, пануе ня толькі на подыюмах. Яна ўсюды — у музыцы, у кіно, у літаратуры, палітыцы, спорце, нават у навуцы. Яна, урэшце, у нашых мазгах. Як яна трапляе туды, адкуль зьяўляецца, зразумець цяжка, але факт застаецца фактам: сёньня, напрыклад, спалучэньне зялёнага й чырвонага падаецца выключнай безгустоўнасьцю, заўтра — скрайняй рэвалюцыйнай бравадай, учора доўгія валасы былі сьведчаньнем асацыяльнасьці й бунтарства, цяпер — прыкметай мілага артыстычнага рэтраградзтва. Прыклады можна множыць без канца з розных сфэраў жыцьця, але ў дадзеным выпадку найболей інсьпіруе мода элітарная, ці, іншымі словамі, інтэлектуальны снабізм. Заўжды існуюць нейкія імёны й паняткі, што граюць ролю своеасаблівых камунікатыўных пароляў падчас соцыюмных гульняў. Згадаем застойныя часы, калі варта было намякнуць хоць бы на павярхоўнае азнаямленьне з Джойсам, Кафкам, Ніцшэ, Вінгенштайнам ці Далі, і цябе ўжо лёгка запісвалі ў інтэлектуалы. Была ў свой час мода на лацінаамэрыканскую літаратуру, на ўсходнюю філязофію, на Сярэднявечча й г.д. Сёньня ж спасылацца на Джойса ці Картасара можна з такім самым посьпехам, як на Талстоя ці, скажам, Заграбельнага (апошняе можа нават выявіцца больш трапным або, як цяпер кажуць, “круцейшым”). Сёньня, каб трапіць у шэрагі ўтаямнічаных і абраных, трэба ведаць зусім іншыя імёны. Хоць, як і любая іншая мода, мода інтэлектуальная па сутнасьці сваёй сьмеху вартая. Быў час, калі ўсе гаварылі пра Эка, хоць мала хто ведаў ягоныя клясычныя сэміялягічныя працы, маючы перад вачыма толькі літаратурныя бэстсэлеры. У сувязі з сэміялёгіяй, то бок з крыху запозьненым захапленьнем ёй, уваскросла зь небыцьця імя Раляна Барта, што праўда, большасьць не здагадвалася пра існаваньне прынамсі двух Бартаў, што выклікала кранальную блытаніну. Часам нават знаёмства з прадметам выяўлялася неабавязковым — нібы сама культавая постаць была ўвасабленьнем уласнай інтэлектуальнай спадчыны, а гучаньне ейнага імя — пэўным шматзначным лягатыпам, загадкавай праявай якойсьці мэтамовы. Самым яскравым прыкладам тут падаецца Гайдэгер: ягоны культ ці ні наймацней трымаецца апошнія паўстагодзьдзя. Часам папулярнасьць таго ці іншага аўтара амаль немагчыма патлумачыць рацыянальна, зыходзячы зь якасьці або актуальнасьці ягонага даробку. Чаму, напрыклад, такое шырокае вядомасьці зазналі Бруна Шульц, Кастанэда ці Бойз? Чаму — менавіта яны вырасьлі ў свой час выспачкамі сярод дэструктураванага інфармацыйнага мора? Чаму багата іншых ня менш выдатных постацяў застаюцца для нас невядомымі? Адкуль зьяўляюцца новыя паняткі, што абяцаюць праясьніць нарэшце ўсё?

Бывае гэта тлумачаць непрадказальнымі капрызамі часу, бывае — ірацыянальнай гульнёй выпадку, бывае — нейкай незразумелай знакавай утылітарнасьцю. Згадаем, як лёгка мастакі дадалі да свайго лексыкону словы “пэрформанс”, “інсталяцыя”, “акцыя”, і як зухвала выкарыстоўваюць іх дагэтуль зь любое нагоды, ня дужа крывячыся ад аскомы. Або якімі безумоўнымі лідэрамі глясарыйнага гіт-параду сталіся тэрміны “постмадэрнізм” і “дыскурс”, ролю прадусараў для якіх адыгрываюць у нас чамусьці Жак Дэрыда й Жан-Франсуа Лётар.

І хоць зразумела, што кожнаму чалавеку патрэбны толькі ягоная ўнікальная веда й толькі ягоны ўнікальны досьвед, і што ў бібліятэках, музэях ды кунсткамэрах нашага стомленага сьвету гэтыя рэчы несумненна прысутнічаюць, наўрад ці магчыма іх знайсьці нават з дапамогай усемагутнага інтэрнэту. Застаюцца толькі паролі, гульні, коды слэнг.

А тым часам, здаецца, з Захаду ўзыходзіць над намі новая зорка — Морыс Бляншо, францускі празаік і эсэіст. Аднагодак слаўнае кагорты сюррэалістаў, ён пайшоў сваім асаблівым шляхам, не дэфармуючы звыклыя вобразныя сыстэмы ў рамках усталяванай мовы, а выракаючыся самой мовы, або, хутчэй, выракаючыся дзейснасьці дзеля быцьця ў мове. Творы Бляншо сапраўды выклікаюць нязвыклае, невядомае дагэтуль адчуваньне. Калі цяперашняя літаратура нагадвае пастскрыптум пад усім корпусам традыцыйнага пісьменства, ён застаецца верным літаратуры як такой. Таму не зьдзіўлюся, калі ў хуткім часе сярод інтэлектуальнае багемы пачне прабягаць час ад часу гарачы шэпт “А вы ўжо чыталі Бляншо?”

Фіялет і ультрафіялет

Зазвычай паняткі “культура” й “мастацтва” лічацца вельмі блізкімі, амаль тоеснымі. Але гэта абсалютна хібны стэрэатып. Мастацтва — вельмі спэцыфічная сфэра чалавечае дзейнасьці. Яе немагчыма хоць неяк ахарактарызаваць, бо яна непадуладная клясыфікацыі, рэестраваньню, вывучэньню. Рэестраваць і вывучаць можна толькі прадукты гэтае дзейнасьці, так званыя “творы мастацтва”, якія з самім мастацтвам блытаць ня варта.

Мастацтва — адна зь нешматлікіх рэчаў, якая культуры не належыць, хоць творы мастацтва складаюць істотную частку яе корпусу. І тут няма ніякае супярэчнасьці

Парадокс толькі ў тым, што, чым большыя тэрыторыі заваёўвае культура, тым меней шанцаў застаецца мастацтву. Яно выціскаецца з сваіх звычайных арэалаў у рэзэрвацыю фармальных пошукаў і вымушаных экспэрымэнтаў. Але ніякія вынаходкі не зьяўляюцца выйсьцем — трапляючы ў сілавое поле культуры, яны толькі павялічваюць яе й без таго гіпэртрафаванае цела. Таму, уласна кажучы, 99 адсоткаў таго, што робіцца ў сёньняшнім “арт-працэсе”, з мастацтвам нічога супольнага ня мае.

Мастакам даецца магчымасьць рэалізаваць любую ідэю ў межах адведзенае прасторы. Канцэпцыі такіх выставаў зазвычай фармуюцца дастаткова агульна, каб стварыць сытуацыю максымальнае свабоды, і разам з тым быць дастатковым абгрунтаваньнем для атрыманьня чарговага гранту. Аднак сытуацыя максымальнае свабоды не прадугледжвае, напрыклад, што мастак сур'ёзна дэманструе свае творы. Жывапіс болей нікога не цікавіць. Пра яго нават згадваць непрыстойна — адразу адчуваеш на сабе зьняважлівыя погляды. Бо йдзецца пра т.зв. “сучаснае мастацтва”, хоць наўрад ці хтосьці ведае, што пазначаюць гэтыя словы. Хутчэй за ўсё — мастацтва, якое намагаецца заставацца мастацтвам, хоць усё болей прыпадабняецца да аўтаімітацыі. (Звычайна мастаку можна, напрыклад, проста павесіць на сьцяну карціну, але й гэта ўжо будзе расцэньвацца як пэўны пэрформанс, а сама карціна, разам з сьцяною й цьвіком, на якім мае вісець, будзе аднесеная да роду інсталяцыяў. Я далёкі ад таго, каб з імпэтам грынпісу бараніць традыцыйныя віды творчасьці — бо для сапраўднага творцы заўжды асабліва істотным зьяўляецца адчуваньне часавае дарэчнасьці, — але ўсё ж ня пэўны, ці згаданае разуменьне сучаснага сапраўды можа гарантаваць адпаведнасьць цяперашняму часу).

Таму гэткага кшталту выставы зазвычай ператвараюцца ў своеасаблівы атракцыён, лунапарк для багемнае публікі, месца для “тусоўкі”. Усё гэта пазбаўлена найменшага сэнсу — эстэтычнага, экзыстэнцыйнага, эмацыйнага, камунікатыўнага, нават мэркантыльнага, урэшце. Спрацоўвае нейкі дзівосны, па-кафкіянску непераможны мэханізм грамадзкае арганізаванасьці — штосьці адбываецца таму, што ня можа не адбывацца, масавая абэрацыя погляду набывае прыкметы галюцынацыяў, гіпнатычная сіла рытуалаў паралізуе сьвядомасьць.

Аднак, па найбольшым рахунку, сэнсу гэтым усё ж такі ёсьць. Мастацтву ўжо няма куды схавацца ад зьнішчальных абдымкаў культуры — нават маўчыньне, чыстае палатно, выпаленае палатно, адсутнасьць палатна трапілі ў ейныя рэестры. Таму, імітуючы менавіта сябе, яно хоць у такі спосаб знаходзіць шанец адбыцца і, магчыма, застаўшыся незаўважаным, неяк уратавацца. Бо ў найглыбейшай прыродзе мастацтва ляжыць неабходнасьць даслаць сыгнал. Аднак характэрны для сёньняшняга дня перабор інфармацыі перарастае ў шум, у якім аднолькава губляюцца й крык, і маўчаньне. Таму застаецца імітаваць крык, бязгучна разяўляючы рот, або крычаць у думках. Гэта дасканалы камуфляж, але ён ніколі ня будзе апошнім, бо наступным крокам выявіцца імітацыя імітацыі, а далей — імітацыя імітацыі імітацыяў, і ў гэтых бясконцых пагонях-уцёках бачыцца цень эсхаталягічнае мяжы, беззваротная страта ўласнае сутнасьці.

Але ўсё ж варта спадзявацца на неагляднасьць Прыўкраснага, якое можа падпільноўваць дзе заўгодна. Памятаць, што колер існуе й па-за межамі бачнага спэктру. І пра тое, што музыка не ўкладаецца ў рамкі слыхавога дыяпазону. І пра тое, што Дух Божы — як вецер, вее там, дзе хоча.

Пераклад з украінскай Андрэя СКУРКО.

 

 

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY