ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

ЭДЫП СВАЁЙ КРАІНЫ

Пасьлямова перакладніцы

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

Томаш Бэрнхард (1931—1989). У дзяцінстве й юнацтве навучаўся музыцы (Венская акадэмія мастацтва, Зальцбургскі Мацартаўм). Пасьля працаваў рэпартэрам у зальцбургскай газэце “Demokratisches Volksblatt”. У канцы 50-х дэбютаваў як паэт, аднак шырокавядомым у літаратурным асяродку стаў з 1963 годзе (раман “Холад”). З таго часу жыў у маленькім аўстыйскім мястэчку, пішучы адну-дзьве кнігі штогод. У сваіх аповесьцях, апавяданьнях, п'есах у гратэскавай і трохі абсурдовай форме ён адлюстроўваў Аўстрыю так, як яе бачыў.

Прыкра й горка той краіне, што ад сыноў сваіх заместа падзякі атрымоўвае па шыі. Найвялікшым скандалам напрыканцы 1980-х стаўся той факт, што Томаш Бэрнхард, адзін з найбольш славутых пісьменьнікаў і драматургаў свайго часу, у тэстамэнце пазбавіў Аўстрыю ўсялякіх правоў на карыстаньне сваёй “культурнай спадчынай”, то бок забараніў выданьне ды пастаноўку ўсіх сваіх твораў на тэрыторыі Аўстрыйскае дзяржавы.

На працягу ХХ стагодзьдзя Аўстрыя неаднойчы губляла й гонар свой і незалежнасьць. Аднак ці маюць права сыны яе, сучасьнікі ўсіх гэтых падзеяў, ставіцца з пагардай да краіны, абвінавачваць ды ганьбіць яе? Але спадзявацца на тое, што калісьці Гісторыя ўсталюе справядлівасьць ня ўсім выпадае, і тады чалавек аддаецца, ня памятаючы сябе, пачуцьцю помсты, асабліва ж калі мае для таго такі прыдатны інструмант, як пяро ды папера: тая ж, як вядома, усё сьцерпіць.

Томаш Бэрнхард мог бы пахваліцца выдатнай адукацыяй, якую ён атрымаў у Другую сусьветную вайну ды пасьляваенны час, калі гэта было ўжо амаль немагчыма. З ласкі свайго дзеда, вясковага інтэлігента Ёгана Фроймбіхлера, хлопчык яшчэ з маленства быў скіраваны на шлях выкшталцонае гуманітарнае веды. Ён вучыўся замежным мовам, мастацтву, сьпевам, граў на скрыпцы, пэўны час адукоўваўся ў Зальцбургскай гімназіі-інтэрнаце, якая, нягледзячы на ўвесь свой прэстыж, паводле жорсткіх дысцыплінарных патрабаваньняў нагадвала звычайную казарму. Свайго бацьку пісьменьнік ніколі ня бачыў. Маці наведвалася зрэдчасу й больш цікавілася адзнакамі ды паводзінамі сына, чым ім самім, а калі што было ня так, неміласэрна ўшчувала хлопца перад ягонымі нешматлікімі сябрамі.

1947—1950 гг. — першыя спробы вершаскладаньня, першы празаічны досьвед, “Над магілаю нейкага паэта” — ужо падаюць нам выразна акрэсьленую постаць мастака-інтэлектуала, чалавека, які адмаўляецца ад канфармізму. Аднак перад тым, як зрабіць заяўлены прынцып асновай уласнага існаваньня, а сваім прафэсійным заняткам абраць літаратуру, Бэрнхард шукае сябе ў музыцы (ён пасьпяхова сканчае Акадэмію “Мацартаўм” у Вене) і на тэатральнай сцэне, распачаўшы ў плыні моднага тады (1956—1958 гг.) кірунку “чорнага сюрэалізму”, схіляючыся надалей да своеасаблівага тэатру абсурду.

Ягоны стыль непадобны да папярэдняй традыцыі славутых С.Бэкета ці Э.Янэскі. Абсурд не разьліты ў паветры, героі й іхныя дзеяньні цалкам зразумелыя для гледача, ня трэба выходзіць за рамкі нормаў ды кіравацца лёгікай шаленства, каб вычуць патас аўтара. Бэрнхард, наадварот, у манатонных будзённых сытуацыях, якія рэалістычна, а месцамі й гіпэррэалістычна адлюстроўваюць тое, што робіць сам глядач у сваім паўсядзённым жыцьці, адкрывае чорныя праваліны сэнсу, якога ніколі й не было там, дзе мы па завядзёнцы перажывалі-перажоўвалі сваё жыцьцё. Звычайная лёгіка, якой мы карыстаемся, стварае, на ягоную думку, павуціньне, празь якое мы прызвычаіліся глядзець на сьвет.

Сапраўдны майстра слова, Т.Бэрнхард набыў шырокую вядомасьць насуперак (альбо дзякуючы) сваёй скандальнай рэпутацыі. Пасьля вайны тэмы нацыскага мінулага ды антысэмітызму лічыліся нібыта занадта пошлымі для афіцыйнай літаратуры. Некалькі нотак асуджэньня, стрыманай зьбянтэжанасьці ў газэтным артыкуле хапала, каб выказаць сваю ляяльнасьць ідэалам дэмакратыі, карацей, пра мёртвых альбо добра альбо ніяк. І толькі Т.Бэрнхард са сваёю тэатральнай эпатажнасьцю ды пагардлівым стаўленьнем да патрабаваньняў афіцыйнае прапаганды дый наагул звыклага чалавечага канфармізму, здолеў вывесьці на сцэну гэты схаваны шкілет у шафе ды яшчэ прымусіў яго скакаць.

Бэрнхард карыстаецца звычайным музычным прыёмам кантрапункта, фармальнага паўтора адных і тых жа словаў, дзеяньняў (як, напрыклад, у п'есах “Пляц герояў”, “Моц звычкі”, “Сьвята для Борыса”, “На адпачынак” і інш.), каб падкрэсьліць, што сапраўдны абсурд — гэта тое кола завядзёнкі, паабапал якога стаіць сьмерць. Яна ўвесь час тут, побач з намі, яна зьяўляецца нечакана, але гэта такі госьць, якому ніхто не зьдзіўляецца. “Усё на гэтым сьвеце сьмешна, як толькі падумаеш пра сьмерць”, — прыкладна так мог бы выказацца адзін зь ягоных герояў, які ўвесь час пытаўся: “Гэта камэдыя? А мо гэта камэдыя?”

Адбітак такога ж сьветаўспрыманьня ляжыць і на героях апавяданьняў Бэрнхарда: ці будуць гэта аўтабіяграфічная трылёгія, ці караценькія замалёўкі пра аўстрыйскую правінцыю.

Кацярына ІГНАТОВІЧ.

 

 

Эдып сваёй краіны

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY