ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 2-2002

 

СЯРГЕЙ ПЯСЕЦКІ. ЗАПІСКІ АФІЦЭРА ЧЫРВОНАЙ АРМІІ

Урыўкі

 

Эльза Андрушкевіч.
Вужыная каралева

Міхал Анемпадыстаў.
Час расьці камяням...

Марыя Барадзіна.
Два капрычо пра залатыя валасы

Зыгмунд Баўман.
Турысты й бадзягі

Зьбігнеў Гэрбэрт.
Пан Когіта і чыстая думка

Шымас Гіні. Услава паэзіі

Генадзь Драгун. Б...

Тацяна Крэмень. Каханак Вялікай Мядзьведзіцы

Эла Кулеш. Абудзіце Бога

Алеся Мікалайчык.
Iльля Сін. Нуль

Элеанора Народная. Ці ёсьць у Беларусі палітыка?

Ганна Пазюк. “Слоўнік Свабоды”: Разьвітаньне з Радзімай

Сяргей Пясецкі.
Аўтадэнунцыяцыя

Сяргей Пясецкі. Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Рычард Рорты.
Пост-філязофская культура

Ані Самон. Брызэнт

Тацяна Сьлінка. Белы пакой

Юры Чарнякевіч. Вершы

Цынцынат Ц. Klinamen

22 верасьня 1939 г. Вільнюс

Ноч была чорная, як сумленьне фашысты, як намеры польскага пана, як палітыка ангельскага міністра. Але няма на сьвеце такое сілы, якая б здолела затрымаць жаўнераў непераможнае Чырвонае Арміі, што з радасьцю й гонарам ідуць вызваляць з буржуазнага ярма сваіх братоў і сёстраў: сялянаў і рабочых усяго сьвету.

Непрыяцель нас зусім не чакаў. Я ішоў першы, зь пісталетам напагатове. За мною — байцы. На мяжы нікога не сустрэлі. Падышлі да польскае заставы. Узорна яе атачылі й заходзім усярэдзіну. Шлях нам пераняў нейкі азьвярэлы фашысцкі салдат. Я прыставіў яму пістлет да грудзёў, а байцы — штыхі:

— Рукі ўгору, прыслужнік!

Раззброілі яго й рушым далей. Амаль усе там спалі. Ніхто не чыніў супраціву. Забралі зброю са стаякоў і адключылі тэлефон. Пытаюся ў аднаго з салдатаў:

— Дзе ваш камандзір?

— А вось ён, — паказвае пальцам.

Гляжу: зусім худы пан. Можа нават з рабочых наверх выбраўся, сваіх братоў прадаючы. Такія — самыя горшыя. Пытаюся ў яго:

— Ты тут камандзір?

— Я, — адказвае. — А ў чым справа?

Злосьць мяне ўзяла, але не было часу, каб зь ім належна разабрацца. Таму я толькі сказаў:

— Скончылася тваё панаваньне й канец вашай панскай Польшчы! Хопіць, напіліся людское крыві! Зараз трэба будзе й сваю праліць!

Належала б па-справядлівасьці й яго, і ўсіх гэтых атуманеных капіталістычных прыслугачоў пастраляць, хаця куляў шкада на такіх буржуйскіх свалачэй. Але загад быў у нас ясны: “Палонных адсылаць у тыл”. Так што пакінулі варту й рушылі далей. Нашыя арлы з НКВД зь імі расправяцца. А нам часу шкада. Бо мусім выканаць важнае баявое заданьне.

І рушылі мы дарогаю наперад. Кірунак на Маладэчна. Ціха... Нідзе ані сьвятла, ані чалавека. Гэта мяне нават зьдзівіла. Столькі я чытаў пра падступнасьць польскіх паноў. А мы вось іх перахітрылі. Як сьнег ім на галаву зваліліся.

Эх, каб мая Дуня толькі ўбачыла: зь якім гонарам сьмела я крочыў на чале ўсяе Чырвонае Арміі як абаронца пралетарыяту й ягоны збаўца! Але яна, пэўна, спала й ня сьнілася ёй нават, што я, Мішка Зубаў, стаўся тае ночы героем Савецкага Саюзу. Ня ведала, што дзеля таго, каб яна магла спакойна, радасна й у дабрабыце жыць і працаваць, я ішоў у крывавую пашчу буржуазнага зьвера. Але я толькі ганаруся гэтым. Разумею, што прынёс у Польшчу маім прыгнечаным панамі братам і сёстрам сьвятло нязнанай імі свабоды й нашую вялікую, адзіную ў сьвеце, сапраўдную савецкую культуру. Вось у чым уся справа: у культуры! Няхай яны пераканаюцца, што без паноў і капіталістаў зробяцца вольнымі, шчасьлівымі людзьмі, будаўнікамі агульнае сацыялістычнае айчыны пралетарыяту. Няхай уздыхнуць свабодаю! Няхай пабачаць нашыя дасягненьні! Няхай зразумеюць, што толькі Расея, вялікая МАТКА прыгнечаных народаў, можа вызваліць чалавецтва ад голаду, няволі й эксплюатацыі! Так.

Толькі ў сямі кілямэтрах ад мяжы нас сустрэў зьвярыны супраціў крывавых капіталістаў. Пэўна, хтось з польскае заставы, скарыстаўшы цемру, здолеў зьбегчы й паведаміць буржуазіі, што ідзе непераможная армія пралетарыяту. Хтосьці нам штось крыкнуў на сабачае польскае мове. Я не зразумеў што, толькі адказаў гучна й грозна, аж рэха па лесе пайшло:

— Здавайся, фашыст, бо зьнішчым!

Перад намі толькі штось зашумела. А мы, як вучыць вайсковая тактыка, — па кустох, па ямах — прыкрыцьця шукаць. Падцягнулі потым кулямёты ды давай па іх чэргамі лупіць. Толькі лес стагнаў. Гадзіны дзьве мы так з кулямётаў білі. Ніхто не адказваў. Але заўсёды трэба быць асьцярожным. Вораг хітры, можа схаваўся дзе й чакае.

Тым часам разьвіднела. Глядзім: на дарозе перад намі стаіць воз сена, а перад ім забіты конь ляжыць. Больш нікога... Тады асьцярожна рушылі наперад, каб у засаду ня патрапіць. Але ўсё скончылася шчасьліва. Пэўна, вораг зразумеў, якую моц сустрэў, і ганебна ўцёк.

Вось так я, малодшы лейтэнант непераможнае Чырвонае Арміі, увайшоў на чале свайго ўзводу на тэрыторыю буржуазнае Польшчы. А адбылося гэта ўночы 17 верасьня 1939 году. Ура! Ура! Ура! (...)

1 студзеня 1940 г. Ліда

ВЯЛІКАМУ Сталіну — Ура! Ура! Ура!

Пачынаецца Новы Год. Задумаўся я быў над тым, чаго б мне хацелася для сябе ў новым годзе? Дык вось, найбольшае маё жаданьне — памерці дзеля славы нашае сьвятое Расеі ў прысутнасьці яе геніяльнага правадыра, Сталіна. Так я сабе гэта ўяўляю: я ляжу ў шпіталі, сьмяротна паранены ў барацьбе з ангельскімі крыважэрнымі прыслугачамі капіталістаў... Ведаю, што памру, але яшчэ й ведаю, што ўласнаручна забіў колькі дзесяткаў ангельскіх імпэрыялістаў і здабыў сьцяг іхнага найбольш азьвярэлага палку. Так. Ляжу вось і паміраю... Шкада мне з жыцьцём разьвітвацца, бо, вядома, у мяне ўжо гадзіньнікі ё, і валізка, і хромавыя боты. Але ведаю, што нават, як памру — калі нашая магутная Расея скарыць увесь сьвет і будзе ім кіраваць, ліквідуючы сыстэматычна рэакцыйныя элемэнты, — маё імя будзе залатымі літарамі высечанае на мармуровай дошцы як імя героя Савецкага Саюзу. Так.

Вось ляжу я й зусім ужо паміраю. Прапаноўваюць мне катлеты, яшчэ розныя там кілбасы, але я нічога... нават увагі на ўсё гэтае не зьвяртаю. У гэты момант адчыняюцца дзьверы, і ў палату ўваходзіць грунтоўна ўзброены аддзел НКВД. Становяцца ля ўсіх вокнаў і дзьвярэй, трымаюць напагатове зброю. Потым зьяўляюцца самі маршалы й генэралы, становяцца ў шыхт ад дзьвярэй да майго ложка. А я нічога: ляжу й паміраю... Потым... потым... паказваецца ЁН!... Мой правадыр!... Сонца Расеі й сьвету... Ён... таварыш Сталін... Я зрываюся з ложка, выпростваюся й крычу: “Вялікаму Сталіну Ура! Ура! Ура!” А ён набліжаецца да мяне й кажа:

— Кладзіся, Міхаіл Мікалаевіч. Ты дастаткова ўжо напрацаваўся на славу нашай сьвятой Расеі.

Паціскае мне далонь і сядае на ложак. Потым дастае з кішэні бутэльку “Специальной Московской”, налівае мне шклянку (сабе таксама) ды кажа:

— Вып'ем, таварыш, за згубу подлай Англіі ды за здароўе нашага вернага сябры Адольфа Гітлера.

Ну, выпілі, закусілі, а потым ЁН пытаецца:

— Як сябе адчуваеш?

— Паміраю, — кажу, — бацька любы.

— А, нічога, глупства, бо імя тваё будзе бесьсьмяротным. Можаш паміраць спакойна.

— Слухаюся, — адказваю, — любы мой правадыру.

І адчуваю, што паміраю, паміраю й памёр... у прысутнасьці Сталіна.

Так... прыемныя гэта мары, але пакуль трэба жыць і ўмацоўваць нашую вялікую савецкую культуру ў гэтае няшчаснай, заэксплюатаванае панамі Беларусі.

Учора спаткаў я лейтэнанта Дубіна. Ён мне кажа:

— Прыходзь да мяне ўвечары. Вып'ем. Сустрэнем Новы Год. Будзе капітан Ягораў і яшчэ колькі хлопцаў.

— Добра, — адказваю.

І пайшоў. Ну, зразумела, апрануўся, як належыць, і парфумы не пашкадаваў. Прыходжу, а там ужо ўсе сабраліся й капітан Ягораў таксама.

— З чаго пачнем? — запытаўся нас Дубін.

— Вядома, з чаго, — адказвае лейтэнант Сініцын. — З водкі пачнем, водкаю й завершым.

— А, можа, спачатку гарбаты хочаце?

— Гарбата ня водка: шмат ня вып'еш.

Ну й давай мы піць... Тут і гітара неяк знайшлася. Дубін, дык той на ёй нічога сабе граць можа: гучна. Так мы й хорам “Москву” зацягнулі. Зразумела, што ў кожнага голас ё ды сьпявае ён з усяе моцы, што аж вокны трэсьліся ды шклянкі зьвінелі. Хай буржуазія чуе й ведае, што гэта Чырвоная Армія бавіцца!

У куце піяніна стаяла. Але граць на гэтым фашыстоўскім інструмэнце мы ня ўмелі. Аднак, як яшчэ выпілі, дык Сініцын паспрабаваў. І нават вельмі добра ў яго атрымалася. Так што Дубін на гітары рэжа, мы з усяе моцы “Если завтра война” сьпяваем, а Сініцын абедзьвюма рукамі піяніну па зубох хлешча. І так ладна ў нас тое выходзіла, што мы аж да апоўначы прабавіліся.

Потым Дубін урачыста сказаў:

— Дарагія таварышы!.. Зараз надыдзе Новы Год. Пачнем яго сьпецыяльнаю закускаю да водкі. Вось ён — найлепшы ў сьвеце буржуйскі харч.

Пайшоў ён да шафы й дастаў вялікую папяровую торбу. Прынёс яе ды высыпаў усё на стол. Было там штосьці падобнае да вялікіх бабовых струкоў, ці да маленькіх гуркоў. — Што гэта? — пытаюся.

— Бананы, — адказаў Дубін. — Нашыя хлопцы тут у аднаго буржуя, што меў садавінавую краму, рэвізію рабілі й шмат гэтага тавару знайшлі. Так што й мне крыху далі.

— Падаць сюды бананы! — крычыць Ягораў. — Досыць буржуям імі абжырацца. Зараз нашая чарга!

Ну, нічога. Дубін бананы добра вымыў ды некалькі зь іх скрылікамі на талерку нарэзаў, потым, зразумела, як належыць, пасаліў і кожнаму водкі наліў.

— За здароўе пяхоты! — сказаў.

Выпілі мы ды бананамі загрызаем. Але, чорт яго ведае, штосьці нясмачна было. Я нават выплюнуць хацеў. А Сініцын у той момант кажа:

— Да гэтых бананў трэба воцату ды перцу.

Перац быў, а па воцат Дубін да гаспадыні пайшоў. Заправілі мы бананы воцатам і, зразумела, перцам. І зусім іншы смак атрымаўся. Але мне ўсё адно яны не падабаліся. Кіслыя агуркі ды, нават, цыбуля былі б смачнейшыя. Але нічога: пад водку — і бананы пойдуць. Толькі вось што было найгоршым — нешта капітану Ягораву зарана блага зрабілася. Сініцын яго да піяніна адвёў, вечка інструмэнта падняў ды сказаў:

— Давайце, таварыш, туды ўсярэдзіну, бо шкада падлогу забруджваць. А ў гэтым глупым інструмэнце месца хопіць. Усё там зьмесьціцца.

Бачу я, зь іншага боку піяніна Масьленьнікаў уладкаваўся й таксама налёты на Рыгу робіць. Але я добра трымаўся й далей водку пад бананы хлястаў. А потым пачуў, як Дубін вось што сказаў:

— Гэтыя бананы найлепей з алеем ды цукрам есьці. Шкада, што ў мяне іх няма.

Не пасьпеў ён гэтага сказаць, як капітан Ягораў ад піяніна адарваўся, да стала наблізіўся, узяў адзін банан (яшчэ не парэзаны) і Дубіну ў зубы ім як заедзе.

— Атруціў мяне, дрэнь! — крычыць. — Ніколі я ад водкі так хутка не пачынаў рыгаць. Бананы трэба квашанымі альбо марынаванымі есьці, а ты сырых нам даў!

І ў морду яго, і ў морду. Тут Дубін пачаў бараніцца. Схапілі адзін аднаго за валасы ды па падлозе качаюцца. Капітан Ягораў нашага гаспадара ўсяго ў бананы запэцкаў. Але гэта дробязі: ну, пасьмяяліся крыху й хопіць. Потым мы яшчэ выпілі, толькі вось бананаў нам нешта не хацелася. Адзін Дубін іх далей еў, каб не сапсаваліся.

— Шкада, што вам яны не падабаюцца, — кажа. — Бо гэта ж найлепшая буржуйская закуска. Толькі, пэўна, трэ' да іх хрэну ці муштарды дадаваць.

— Дык няхай гэтую закуску самі буржуі й жруць! — яму ў адказ капітан Ягораў. — А я за такія зьдзекі ды жарты ў морду біць буду.

Але больш ня біў. Пэўна, вельмі ён саслабеў, бо рыгаў доўга. А мы так забаўляліся, мабыць, да трэцяе ранку. Добра ня памятаю, бо страціў прытомнасьць і толькі на досьвітку ад холаду абудзіўся. А халодна й мусіла быць, таму што капітан Ягораў падчас забавы ўсе вокны крэслам павыбіваў і паўпечы разьнес.

Цемнавата яшчэ было. Хлопцы сьпяць — хто дзе... Я адразу праверыў: ці ё ў мяне гадзіньнікі? Але былі на месцы. У добрым таварыстве бавіўся. Пайшоў пасьля дадому.

Вось так вельмі весела ды прыемна мы сустрэлі Новы Год.

11 чэрвеня 1942 г. Фальварак Буркі

Пад канец траўня пані Юзэфа паехала да Вільні, а калі вярнулася праз тры дні, дык прывезла мне вялікі партрэт Пілсудзкага й фатаздымкі Сікорскага ды Рачкевіча, выразаныя зь якіхсьці перадваенных ілюстраваных часопісаў. Партрэт Пілсудзкага мне вельмі спадабаўся, але выявы астатніх правадыроў надрукаваныя былі на вельмі тонкай паперы й наагул былі благой якасьці. Аднак я ўпарадкаваў іх, як належыць — наклеіў на кардонкі й павесіў на сьцяну ў сваім пакоі. Але праз колькі дзён пані Юзэфа заўважыла іх і загадала зьняць. Мяне гэта вельмі зьдзівіла.

— Чаму? — спытаўся я. — Бо ж гэта правадыры польскага народу. Належыць, каб у кожнага, хто іх шануе, на сьцяне віселі іхныя партрэты.

— Не было ў нас такога звычаю, — адказала пані Юзэфа. — А партрэты гэтыя ў цяперашняй сытуацыі могуць прывесьці да няшчасьця. Зойдуць сюды паліцыя ці немцы, дык, калі заўважаць іх, могуць нас арыштаваць. Здымі й схавай!

Зьняў я партрэты й укрыў у стадоле. Але добра сабе ўсё гэта запомніў і вырашыў, што як тутака зноў будзе Польшча, дык абавязковаданясу на яе ў фашыстоўскі НКВД, што не дазволіла мне партрэты іхных фашыстоўскіх правадыроў на сьцяне мець. За такія рэчы мусіць чакаць яе немалая кара. А я за тое атрымаю павагу й падзяку ад шаноўнай установы, што змагаецца з ворагамі капіталістычнага народу.

Празь некалькі дзён я сказаў пані Юзэфе, што вельмі хочацца мне вывучыцца польскае мовы, бо калі тутака зноў будзе Польшча, дык я не зьбіраюся зноў варочацца ў Расею. Яна з ахвотаю згадзілася на гэта й адразу пачала мяне вучыць. Але вельмі ж мне іхная капіталістычная абэцэда не падабаецца. Пэўна, нейкі закаранелы рэакцыянста яе выдумаў. Літары сьмеху вартыя. Праўда, пані Юзэфа растлумачыла мне, што гэта лацінская абэцэда й што ёю карыстаюцца амаль ўсе эўрапейскія дзяржавы, Амэрыка й шмат якія краіны, бо яна вельмі зручная й простая.

Патроху пачаў я тыя літары пазнаваць, а там і чытаць ды пісаць. А размаўлялі мы цяпер толькі па-польску. Калі ж здаралася, што я чагосьці ня мог зразумець, пані Юзэфа мне па-расейску тое пераказвала.

Аднойчы запыталася яна ў мяне пра жыцьцё ў Савецкім Саюзе. Кажа:

— Скажы ты мне, Янка, праўду: як вы там наагул жывяцё? Я сама пра гэта шмат чаго ведаю, але й ты можаш мне яшчэ шмат чаго цікавага распавесьці. Добра разумею, што вы такія нешчасьлівыя й зь дзяцінства выхаваныя так, што ніколі ня кажаце праўды. Паўтараеце толькі, як папугаі, што вам савецкая ўлада ў галовы паўбівала. Але ты тутака пабачыў добрае жыцьцё й можаш параўнаць яго з вашым. Дык як, табе сапраўды было лепей у Расеі, і жыцьцё расейскага народу сапраўды лепшае, чым нашае?

Задумаўся я, што ёй адказаць? Скажу праўду — чорт ведае, што з гэтага ў будучыні выйдзе! Бо калі нашыя сюды вернуцца, дык яна можа на мяне за гэта ў НКВД данесьці. А калі буду далей хлусіць, дык падумае, што ў мяне такі фальшывы характар. Пэўна яна заўважыла, што я баюся размаўляць шчыра дык вось так да мяне зьвярнулася:

— Жывеш ты ў мяне доўга й ведаеш, якая я. Можаш сьмела мне казаць усё й быць пэўным, што з-за таго, што ты скажаш, у цябе ня будзе ніякіх непрыемнасьцяў. Я й безь цябе шмат ведаю пра жыцьцё ў цяперашняй Расеі. Ды ня толькі ў Расеі, але й ува ўсім сьвеце. Сама я заўсёды казала й кажу табе толькі праўду. А ты ці хлусіш, ці выкручваесься, каб толькі праўды не казаць. Я нават была думала, што ты такі сьлізкі й крывадушны, хаця ж я за табою, як матка за сынам гляджу й раблю ўсё, што магу, адно б табе добра было.

Зразумеў я, што мушу сказаць ёй праўду... Такую праўду, пра якую я нават думаць не хачу. Зрэшты, калі тут ізноў будзе Польшча, дык я ня вельмі й рызыкую. Паколькі ў Расею я вырашыў ніколі дабравольна не вяртацца, бо тутака я як парабак жыву лепей і маю больш пашаны, чым як быў у Расеі афіцэрам.

Агледзеўся я, каб пераканацца, ці слухае нас хто яшчэ, і кажу ёй:

— Жылі мы горай, чым вашыя сабакі. Нічога ў нас добрага не было, няма й ніколі ня будзе. Працуем без канца й бязь меры, але нават харчу не стае. І кожны баіцца кожнага. Мяне маці з бацькам дома баяліся, бо загадвалі нам у школах за роднымі сачыць і даносіць уладам. Не было ў нас ані добрай адзежы, ані абутку, ані харчу. Хадзілі мы ў лахманах, галадалі й верылі, што гэта — вялікае шчасьце. Бо думалі, што за мяжою жывуць яшчэ горай. Што ў вас людзі зямлю ды кару з дрэваў ядуць.

— А ці не маглі вы з замежнага радыё ці ад старых людзей даведацца пра тое, як яшчэ дзе людзі жывуць, альбо як у Расеі перад рэвалюцыяю жылі?

— За ўсё сваё жыцьцё такога радыя, каб на ім можна было замежныя станцыі слухаць, і вокам ня бачыў. А старыя людзі ці паўміралі, ці маўчаць мусяць. Толькі як я сюды патрапіў, дык пабачыў, як добра могуць людзі жыць. Спачатку нават думаў, што ўсё гэта толькі капіталістычная прапаганда, альбо што ўсе тут — адны буржуі. Толькі потым пераканаўся, што ў вас нават рабочы жыве так, што я раней і ўявіць сабе ня мог. Шмат чаго я дасюль зразумець не магу. Але адное ведаю добра — тое, што нас усё жыцьцё ашуквалі.

— Нешчасьлівы вы народ, — адказала пані Юзэфа, — але павер, што пасьля вайны гэта зьменіцца. Бо маладыя людзі даведаюцца пра іншае жыцьцё й не захочуць жыць далей у гэтакай страшнае няволі ды паняверцы.

— Нічога ў нас ня зьменіцца, і нічога ўвесь народ пра лепшае жыцьцё ведаць ня будзе. Бо тыя, хто ведае, калі ацалеюць, нікому ані слова пра гэта не раскажуць. А калі б нават уся Расея пра гэта ведала, дык усё роўна нічога б не зрабіла. Такі наш лёс. Толькі капіталісты, калі таго самі захочуць, змогуць жыцьцё ў Расеі зьмяніць. Але толькі тады, як скінуць наш урад ды зьліквідуюць НКВД. А самі мы й за тысячу год ня вызвалімся. Дасюль не разумею, як я мог усё гэта пані Юзэфе сказаць. Першы раз у жыцьці (нават сабе самому) праўду пра ўсё гэтае выклаў. Шкада ужо, што зрабіў гэта. У любым выпадку, калі што, дык ніколі не прызнаюся, што такое казаў. Хай і заб'юць, але не прызнаюся. Вельмі я зараз злы й на сябе самога, і на пані Юзэфу, што ў нас была такая размова. Ведаю, што яна пра яе нікому не данясе, бо тады й яе самую зьліквідуюць. Але так мне прыкра, што я капіталістаў расхвальваў, а свой родны савецкі ўрад крытыкаваў.

З таго дня мы часьцей пачалі пра ўсе гэтыя рэчы размаўляць. Я ўжо нічога не хаваў, бо быў ўпэўнены, што нашыя ўжо ніколі сюды ня прыйдуць. Калі немцы перамогуць, дык яны наш урад зьліквідуюць, НКВД выражуць і паразганяюць і ўвядуць свой парадак. А калі нас Англія з Амэрыкаю перамогуць, дык яны ўсё згорнуць і зноў тутака Польшча будзе. Аднак баяўся я гэтых думак, і пачало мне дрэнна спацца начамі. Усё сьніліся арышты, даносы, высылка ў лягер, турмы, расстрэл...

Аднак быў жа ж я шчасьлівы, як жыў раней у Расеі й пра ўсё гэта ня ведаў. Што з таго, што ў мяне цяпер, напрыклад, добры строй, чаравікі й гадзіньнік, калі тутака ў кожнага ёсьць гадзіньнік і кожны ў скураных чаравіках альбо ботах ходзіць. Ці тутэйшы добры харч... Як заўсёды яго маеш, дык ужо пра яго й ня думаеш. А было так, што я ў Расеі атрымаю часам фунт цукру як узнагароду, дык быў і горды, і вельмі задаволены, бо ведаў, што я надзвычайна адзначаны й маю вялікае шчасьце. Натуральна, былі й мільёны тых, хто галадаў ды ў лахманох хадзіў. А што мне з таго? Бо кожны мусіць пра сябе клапаціцца. А я ж належаў да вышэйшае клясы, быў афіцэрам і камсамольцам, так што мяне мусілі цаніць вышэй за звычайнага грамадзяніна. А зараз, я парабкам жыву лепш, чым даўней афіцэрам, але няма мне ніякага асаблівага ўшанаваньня, калі кожны цябе дурнем лічыць і ніхто табе не зайздросьціць. Там я мог з часам заняць высокую пасаду, а тут так і застануся парабкам да канца жыцьця. А нават калі й ажанюся й пашчасьціць мне ўласную гаспадарку закласьці, дык што з таго — такіх гаспадароў тут паўсюль поўна... Раней я думаў, што я вельмі шчасьлівы чалавек, бо жыву ў Расеі, а ня дзе-небудзь за мяжою. А цяпер ведаю, што была то мая дурнота. Але ня чую сябе ад гэтага лепей.

Да Малугаў зараз хаджу па суботах альбо нядзелях. Усе там добра да мяне ставяцца, а адна зь ягоных дачок, Антося, дык нават вельмі зычліва глядзіць на мяне ды ахвотна са мною размаўляе. Я ж ведаю, што нядобрым шляхам Малуга да свайго багацьця дайшоў, але што мне з таго? Зрэшты, калі ён і сапраўды працуе агентам амэрыканскіх капіталістаў, дык мне гэта зусім ня шкодзіць. Няхай тут будуць лепш амэрыканцы, чым немцы ці бальшавікі. Бо буду ўпэўнены ў сваім жыцьці.

Шмат разоў Малуга выцягваў мяне на размовы пра Савецкі Саюз. Але я заўсёды казаў яму, што мала пра гэта ведаю, быў звычайным рабочым ды маю сялянскае паходжаньне. У войску быў простым шарагоўцам, узятым з пабору. Але ён аднаго разу так мне сказаў:

— Круціш ты, хлопча, як пёс хвастом. Усё ты ведаеш, але казаць баісься, альбо ня хочаш. Так цябе палітрукі вымуштравалі.

А Андрэй калісьці са мною доўга ў полі размаўляў. Палі нашыя побач ляжаць, так што калі пані Юзэфа прынесла мне палуднаваць, дык ён прыйшоў да мяне пагутарыць. Апавядаў мне дзіўныя рэчы. Казаў, што перад вайною тут амаль усе маладыя хлопцы былі за Савецкі Саюз, і было шмат такіх, што належалі да камуністычнае партыі.

— Цяжка у такое паверыць, — адказаў я яму.

— Шчырую праўду табе кажу. — Андрэй на тое. — Я й сам быў супраць польскага ўраду. Чыталі мы розныя газэты ды брашуры. Часам прыяжджалі да нас камуністы з павету ці зь Вільні. І ці ня ўся моладзь была за Расею. Бо лічылі мы, што ў вас там сапраўды раскоша й вялікая вольнасьць. Што падаткі вельмі малыя, а жыцьцё вясёлае. Колькі сотняў нашых хлопцаў нават празь мяжу ў Расею пайшло. Але вярнуўся толькі адзін і сказаў, што ў вас там ня рай зусім, а пекла. Такія гісторыі нам распавядаў, ажно злосьць брала, бо не маглі ў тое паверыць. Думалі, што гэта паліцыя яго перакупіла, каб ён агітацыю супраць Саветаў праводзіў. Пасьля яго ва ўласнай хаце праз вакно застрэлілі. Дасюль ніхто ня ведае, хто гэта страляў... Але толькі калі вы самі сюды прыйшлі, дык адразу павылечваліся мы ад камунізму. Вы самі за 20 дзён правярнулі тое, чаго ані польская паліцыя, ані ксяндзы з амбону не змаглі зрабіць за 20 год. Дайшло нават да таго, што нам зараз лепей пад немцамі, адно б не пад вамі, хаця ж яны наш вялікі й даўні вораг ды й піяўка добрая. Але ж ня лезуць, як сьвіньні ў сялянскія хаты, партрэтаў Гітлера паўсюль не разьвешваюць і з ног ботаў не зьдзіраюць.

А пад канец вось што ён мне сказаў:

— Ці ведаеш, чым вы нас больш за ўсё ўзялі, пакуль мы вас ня ведалі?... Песьнямі... Усе вашыя песьні пра свабоду, пра каханьне, пра радаснае савецкае жыцьцё. Сьпявалі мы іх, і нашыя сэрцы да васцягнуліся. А цяпер, дык мы нават з чортам разам сьпявалі б, адно б вас д'яблы ўзялі!

Другі раз я тое ж самае пачуў. Бо калісьці ў Вільні мне гэта казаў контрык Колька. Тады я думаў, што ён зацьвярдзелы рэакцыяніста. Толькі цяпер я зразумеў, што нас толькі там любяць, дзе на ўласныя вочы ня бачаць. Кепскае гэта самаадчуваньне. Ніколі не прызнаюся, што быў камсамольцам і афіцэрам. Зрэшты, мне нават і не паверылі б. Бо й зараз яны мяне, як простага салдата, прымаюць за дурня.

Пераклад з польскай Тацяны КРЭМЕНЬ.

 

 

Сяргей Пясецкі. Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY