ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 1-2001

 

ЗЬЛЁТ САМОТНЫХ ПТАХАЎ

 

ЗЬМЕСТ

ТУТ

Тацяна Сьлінка.
Утульнасьць нігілізму

Ліля Ілюшына.
Знайсьці Акудовіча

Тацяна Чыжова.
Неспастольная жарсьць...

Тацяна Урублеўская.
Інтэрнэт: спрадвечны пошук чалавека

ПА-НАД

Тацяна Копыцева.
“Усе хмары спыняюцца тут”

Дзяніс Брынкевіч.
“...І я пастаўлю помнік таму дрэву”

Тацяна Вабішэвіч.
“На мяжы сябе і сну...”

Марыя Барадзіна.
Вышэй за паўночны вецер...

УГЛЫБ

Аля Сідаровіч.
Літаратуразнаўчае пісьменства

Натальля Вуглік.
У пошуках страчанага слова

Эла Кулеш.
Пункціры вэрбальна-чалавечага сусьвету

Эдвард Камо Братуэйт.
Нацыянальная мова

ТАМ

Сайман Д'юрынг.
Сучасныя постмадэрнізм і посткаляніялізм

Дэрэк Уолкат. Муза гісторыі

ПРАЗ

А.Барэйс. Матылёк

НЕХТА

Ігар Бабкоў.
Валянцін Акудовіч: артыкул для слоўніка

Валянцін Акудовіч.
“Кожны мой тэкст — фрагмэнт шляху да Няма”

АСОБНА

Жан Бадрыяр. Пра нігілізм

ПРА

Аля Сідаровіч.
Дыягназ для мэдыцыны...

Рэцэнзыі

ПА-ЗА

Зьлёт самотных птахаў

прысьвячэньне: таму, хто нiколi гэтага не прачытае

эпi-граф:

О ВЕТАХА ГАЮЧАЕ ЛЯЗО

Ў СЬВЯТОЙ ЦIШЫ АДРЫНУТАГА СЭРЦА

СЬВЯТОЧНА, ВЕТЛА ЗАТАНУЎ ПАРЫЖ

ПРАЗРЫСТЫ I ПА-ВОСЕНЬСКУ ХАЛОДНЫ

Кубак самоты ў гатэлi на абрус паркалёвы

Пралiўся, вочы твае — глыбейшыя за нiшто

Абрынулiся рукi ў шал, за вокнамi

Сьмерць сьпяваюць натоўпы

Пацьвелiм хiжае сьвятло, а потым

Зоймемся каханьнем, вочы твае

Цямнейшыя за ноч, нiбы сьвечкi

Сьвецяцца грудзi...

самотная птушка

падзёўбала крыху з далоняў

забароненай цiшынi

Усё адбылося вельмi проста: у маленькай псiхiятрычнай лякарнi быў дзень расчыненых ... не дзьвярэй, а вокнаў. Не, адтуль нiхто не вылятаў, каб запоўнiць прабелы (3—6—...9) i патрапiць у неба на зямлi. Туды проста прыляталi ўсе, хто пажадае (патрапiць?). Так у няiснай хуткаплыннасьцi зьбiлася (у гурбу? з панталыку?) Супольнасьць Жаданьняў. У вузкiм коле абмежаваных чалавекаптахаў былi заўважаныя: Лао-цзы, Ралан Барт, Картасар з Алiвейрам, Giacomo Puccini з усёй La Bohéme, Чжуан-цзы, Алесь Разанаў з Франьцiшкам Н., Гераклiт Цёмны з Валяньцiнам Сьветлым, Лорка, Уладзiмiр Сямёнавiч Высокi ды Уладзiмiр Сямёнавiч Кароткi з Вылiвахам і птахам з загадкавым iмем “Арлой”, а таксама Герман Гессэ зь Сiдтхартхам.

Хто проста пiў (матэ, шарданэ, гарэлку, джын з тонiкам), хто проста слухаў (“Незавершаную сiмфонiю” Шуберта, 'Porgy and Bess' Гершвiна, 'La voix humaine' Пуленка ды Луi Армстранга), а хто пад уплывам поўнi ўзьбiўся на калёквiюм. Пратакол калёквiюму, з высновай ды пастановай, з эпi-графам ды эпi-логам, прыкладаецца.

Алiвейра: I ўсё-ж чаму мы ня сплылi на iм, на караблiку цёмна-вiннага колеру, чаму мы ня сплылi на iм, калi было яшчэ ня позна? Мы глядзелi, абапершыся на парэнчы моста des Arts (Des-ire?), як унiзе праплываў ахайненькi караблiк цёмна-вiннага колеру. Чаму мы ня сплылi на iм, калi было яшчэ ня позна?

Вылiваха: Ня позна? Ды для цябе было позна яшчэ раней,чым усё пасьпела пачацца! Раней, чым вы спаткалiся на вулiцы Chercher Midi... Ты ведаў, што гэта i было сапраўднае. Але легкаважна-лянотна адрынуў яго, як быццам ня ведаў, што скора, вельмi скора прыходзiць вялiкае Позна...

Лао-цзы: На вулiцы Chercher Midi? У сярэдзiннай пульсацыi адбываецца зьдзяйсьненьне Шляху. Празь сярэдзiннасьць ажыцьцяўляюць гармонiю...

Заўжды, даведаўшыся пра дасканаленьне, пачынаюць ажыцьцяўляць дасканаленьне. I вось — ужо не-дасканаленьне.

Пацыент маленькай псiхiятрычнай лякарнi К.: Ах, Арасiя, Арасiя, што яшчэ ты мог шукаць у крывых парыскiх завулках, як не сярэдзiну, вось, цэнтар, дрэва Iгдрасiль? Божа мой, колькi словаў ды паняткаў, каб абазначыць усё той-жа разлад! Неба(-)рака Арасiя, пошукi твае й адмежавалi цябе ад таго, што ты шукаў. Бо каму з тых, хто ў рацэ, прыйдзе ў галаву шукаць раку? Часам ты пачынаеш сябе пераконваць, што бязглуздасьць — гэта трохкутнiк, а восем, памнажанае на восем, дасьць у вынiку толькi вар'яцтва цi сабаку.

Lucia-Мага: Прыйдзе ў галаву? Так, галава — ня самае моцнае маё месца. Тук-тук, у вас у галаве — птушка…

Вылiваха: Яна пацэлiць у самы яблычак, бо ня ведае нiякай сiстэмы.

Вось салоўка, якi трэцяе лета спакойна жыве пад маiм вакном. А вось заяц, якi дажыў да старасьцi адразу за гумнамi, таму што так ня бывае. Чалавек толькi тады чалавек, калi ён дзёрзка iрве панылае наканаваньне i плюе на спрадвечны закон.

Федэрыка Гарсiя Лорка: ¡Ruiseñor mío[1]!

¡Ruiseñor!

¿Aùn cantas?


[1] Салоўка, мой,

Салоўка,

Ты яшчэ пяеш? (гішп.).

 

Алiвейра: Шчасьлiвая, Мага магла верыць у тое, чаго ня бачыла на ўласныя вочы, яна была непарыўным цэлым зь няспыннай плыняй жыцьця. Шчасьлiвая, яна была ў гэтым пакоi, мела поўнае права на ўсё, да чаго магла дакрануцца i што жыло побач зь ёю: рыба ў рацэ, лiсток на дрэве, хмарка ў небе, вобраз у вершы.

Ралан Барт: Сапраўды, толькi вобраз... А я шукаў толькi сапраўдны вобраз...

Пацыент маленькай псiхiятрычнай лякарнi К.: Бедалагi, шукаючы, трацiлi надзею знайсьцi.

Iмкнучыся ўтрымаць — нішчылі. Ой, а можа, гэта ня я сказаў?

Лао-цзы: Але-ж. Утрымлiваюць i спаўняюць яго. А лепей-бы спынiць гэта.

Чжуан-цзы: Калi сандалii па памеры, забываюць пра нагу.

Алiвейра: Я гаварыў Luci'i: навошта начапляць акуляры, калi табе няма ў iх патрэбы? А калi Эт'ен казаў, што ёй немагчыма патлумачыць, бо гэта ўсё — на ўзроўнi нумар сем, а яна яшчэ на ўзроўнi нумар два, яе iмгненна ахоплiваў сум. А потым, падняўшы з броўкi тратуара апалы лiст, размаўляла зь iм, лашчыла яго далоньню, пераварочвала яго з боку на бок, разгладжвала i, нарэшце зьняўшы зь яго тканку, раскрывала пражылкi, i яго зялёны павуцiнiсты цень падаў ёй на скуру...

Пацыент маленькай псiхiятрычнай лякарнi К.: Пра што яна шапталася з апалым лiстом? I цi пасумовiлася Мага зь вясёлкавымi рыбкамi ўв акварыюме? Пэўна, рыбкi, як i ты, Арасiя, адчувалi адмежаванасьць[2] ад плынi Вялiкае Ракi. Яны натыкалiся на празрыстую непераадольную сьцяну — і не маглi ўвайсьцi ў раку, стацца ракою. А памiж Магай i плыньню нiколi ня было мяжы: яна сама была плынь. Ах, Арасiя, Арасiя, ня сплыць табе на караблiку цёмна-вiннага колеру: ты сеў у iншы човен, човен вербальных дэфiнiцыяў, i спрабуеш веславаць дакладнымi тлумачэньнямi... Ты жадаеш увайсьцi ў ваду — і застацца ў чаўне. Сярод люстэркаў рэфлексii табе звыкла, абыякава, бясьпечна. I так сьцюдзёна, самотна, так цяжка дыхаць, што ты прагнеш разьбiць шкло, зьнiшчыць мяжу мiж сабою ды Iншым (жыцьцём?)... Але... Чаму ты ня здольны пераадолець адмежаванасьць?


[2] Усе трызьненьнi пра адмежаванасьць, межы i памежжы могуць чытацца памiж радкоў Border Studies, яны-ж памежжазнаўства.

 

Алесь Разанаў: Ты яшчэ ня здольны не балець.

Ты яшчэ ня здольны не пакутаваць.

Ты яшчэ ня здольны не-памерцi.

Алiвейра: Я — не. А Мага? Бо калi яна патоне ў Сене, цi ў Сьвiслачы, цi яшчэ ў якой рацэ, дзе мне знайсьцi сябе? Цi сустрэну я Магу? Колькi разоў, варта мне было выйсьцi з дому i па вулiцы Сен дайсьцi да аркi, што выходзiць на набярэжную Конт, як у попельна-алiўкавым паветры, што плыло над ракою, праступалi яе абрысы, яе таненькая фiгурка вымалёўвалася на мосьце des Arts (Des-ire?). I так натуральна было выйсьцi на вулiцу, падняцца па прыступках моста, увайсьцi ў яго вузкi, выгнуты над вадой пралёт i падысьцi да Магi, а яна ўсьмiхнецца, нiколечкi ня зьдзiвiцца, бо, як i я, упэўненая, што нечаканая сустрэча — самае чаканае ў жыцьцi.

Цяпер Мага не трапляецца мне на шляху...

Лао-цзы: На Шляху пастаяннасьцi й адмаўленьне Шляху можа быць Шляхам.

Рух да дасканаласьцi падобны да вады.

Вада ў сваёй дасканаласьцi нясе карысьць мноству сутнасьцяў i пры гэтым нi з кiм ня супернiчае.

Франьцiшак Н.:

Хтосьцi выходзiць з тао-ракi патаемнай

Зь цёмнай, глыбокай ракi

Сьвяты, дасканалы, нябачны

...iмя сваё назавi...

Lucia-Mimì:

Si. Mi chiamano Mimì,[3]

ma il nome è Lucia.

La storia mia è breve:

a tela o a seta

ricamo in casa e fuori.

Son tranquilla e lieta

ed è mio svago far gigli e rose...

Mi chiamano Mimì

il perché non so...

Vivo sola, soletta, là in una

bianca cameretta;

guardo sui tetti e in cielo,

ma quando vien lo sgelo,

il primo sole è mio;

il primo bacio dell'aprile è mio!

Il primo sole è mio!

Germoglia in una vaso una

rosa; foglia a foglia la spio!

Così gentil il profumo d'un fior.

Ma i fior ch'io faccio, ahimè!..

I fior ch'io faccio, ahimè!

Non hanno odore!..


[3] Арыя Мімі-Luci'i  з La Bohéme пачынаецца словамі:

Так. Мяне завуць Мімі.

Але імя маё — Лючыя. (Дарэча, гэтая Lucia памерла ад сухотаў…).

 

Пацыент маленькай псiхiятрычнай лякарнi К.: (пачынае трызьнiць) Два зьвяры у сiнiм лесе ходзяць рознымi шляхамi. Але…

Яны назаўжды самотнiкi. Але…

Ім нiколi ня сысьцiся. Але…

Мiж імi — бездань. Але…

Iня трэба словаў, словы толькi замiнаюць разуменьню.

Герман Гессэ: У голасе ракi ўсё зьлiвалася цяпер ўв адное — скаргi тужлiвых i сьмех мудрых, разьюшаныя крыкi i перадсьмяротныя стогны — усё складала адзiнства, усё зьлівалася разам, усё ядналася ў тысячакротным спалучэньнi. I ўсё разам — усе галасы, усе памкненьнi й парываньнi, уся пакута й асалода, усё добрае й лiхое — усё разам стварала сусьвет. Усё разам было плыняй падзеяў, музыкай жыцьця. А калi ты ўважлiва ўслухоўваўся ў раку, у яе тысячагалосы сьпеў, не засяроджваючыся нi на скаргах, нi на сьмеху, ня сыходзiў сваiм Я ў нейкi адзiн голас, а слухаў iх усе адначасова, слухаў мноства i чуў адзiнства, тады гэты вялiкi сьпеў на тысячы галасоў складаўся з аднаго-адзiнага слова. Слова было — Аум. Дасканаласьць.

Выснова: А хто сказаў, што каланiзаваны — маўчыць? Каланiзатар проста не разумее глiглiка. I ня чуе.

Пастанова: Хто гаворыць, ня ведае. Хто верыць, не гаворыць.

эпi-лог:

Не, гэта ня сьмерць

Вочы твае за шклом

У залатой смузе

Я ў iх тану, тану

Вусны нiбыта сьнег

Гэты празрысты сьвет

На залатое дно

На залаты пясок

Лотацi жоўты сон

Сьветлы тапельцаў рай

Веяў, вуснаў Эдэм

На залатое дно

У залатой смузе

Праз залатое шкло

Гэты няiсны сьвет

Я ў iм тану, тану

Пратакол зьлёту самотных птахаў накрэмзала левай лапай V.K.

 

 

Зьлёт самотных птахаў
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY