|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 1-2001
ДЭРЭК УОЛКАТ. МУЗА ГІСТОРЫІ |
|
ТУТ Тацяна Сьлінка. Ліля Ілюшына. Тацяна Чыжова. Тацяна Урублеўская. ПА-НАД Тацяна Копыцева. Дзяніс Брынкевіч. Тацяна Вабішэвіч. Марыя Барадзіна. УГЛЫБ Аля Сідаровіч. Натальля Вуглік. Эла Кулеш. Эдвард Камо Братуэйт. ТАМ Сайман Д'юрынг. Дэрэк Уолкат. ПРАЗ НЕХТА Ігар Бабкоў. Валянцін Акудовіч. АСОБНА ПРА Аля Сідаровіч. ПА-ЗА |
Гісторыя — гэта жахлівы сон, ад якога я спрабую прачнуцца. Джэймс Джойс Увесь Новы сьвет, нават і карыфеі літаратуры, якія абагаўляюць мінуўшчыну гэтак жа сама, як метысы пакланяюцца ідалам, прайшоў праз каляніялізм. Яны таксама ахвяры традыцыі, але нагадваюць нам, што мы шмат у чым вінныя вялікім нябожчыкам і што тыя, хто ламае традыцыю, спачатку яе ўшаноўваюць. Яны з усёй упартасьцю адбіваюць ахвоту да таго, каб пляжыць традыцыі. Іх адчуваньне мінулага — гэта адчуваньне нейкага пазачасавага імгненьня, у якім усё ж такі жывуць людзі. І таму Новы сьвет абавязаны ім больш, чым змагарам зь мінулым, паколькі змягчаючы фанабэрыю сваім ухваленьнем, яны ўплываюць на традыцыю больш жорстка, чым тыя, хто ўтрапёна яе адмаўляе. Яны ведаюць, што калі адкрыта змагацца з традыцыяй, яна будзе неўміручай і што рэвалюцыйная літаратура — гэта дзіцячае парываньне, між тым як у сталасьці праяўляюцца рысы ўсіх продкаў. Так, гэтыя пісьменьнікі дасьціпна называюць сябе класікамі і робяць выгляд, што ім усё роўна, якія адбываюцца зьмены. Але ў іхняй іроніі адчуваецца такі ж сапраўдны боль калянізаваных, як і ў разьюшаным радыкалізме. І калі яны ўдаюць на пыхлівых арыстакратаў, дык гэта таму, што яны глядзелі ў твар гісторыі — гэтай сапраўднай медузе Новага сьвету. Для гэтых пісьменьнікаў гісторыя — гэта ня час, у якім разгортваецца ўласны міт, не частковыя ўспаміны нацыі пра сваё мінулае, а літаратура, натхнёная ветранай музай памяці. І таму яны рэвалюцыянэры ў сваёй філязофіі, якая грунтуецца на пагардзе да гістарычнага часу, бо яны пастаянна даводзяць Новаму сьвету, што той супадае па часе са Старым. Яны разглядаюць чалавека як нешта першаснае, як стварэньне, у якім злучаюцца розныя праявы, а не як істоту, прыкаваную да свайго мінулага. Аднак спосаб выкладаньня гісторыі — ад матыва да падзеі — такі самы, як і спосаб чытаньня апавядальнай літаратуры. У часе кожная падзея вымагае пэўных высілкаў ад памяці і таму ня вольная ад прыдумак. І чым болей аддаленыя падзеі, тым болей гісторыя камянее, ператвараючыся ў міт. Такім чынам, сталеючы як нацыя, мы ўсё больш пераконваемся ў тым, што гісторыю пішуць, што гэта літаратура, пазбаўленая маралі, што ў яе летапісах нацыянальнае “я” застаецца цэласным і што ўсё залежыць ад таго, з чыіх успамінаў — героя ці ахвяры — пішацца гэтая літаратура. У Новым сьвеце служэнне музе гісторыі спарадзіла, з аднаго боку, літаратуру ўзаемных абвінавачваньняў і роспачы, літаратуру помсты, напісаную нашчадкамі рабоў, і літаратуру грызотаў сумленьня, напісаную нашчадкамі рабаўладальнікаў, з другога. Яна служыць гістарычнай праўдзе і тым самым прафануецца, ператвараючыся ў палеміку, ці сплывае з дымам, набываючы патас. Па-сапраўднаму жорсткая эстэтыка Новага сьвету ні тлумачыць гісторыю, ні даруе ёй. Яна адмаўляеца прызнаць за гісторыяй сілу, ці то творчую, ці то злачынную. Гэты сорам і багавейны жах перад гісторыяй апанаваў паэтаў Трэцяга сьвету. Яны лічаць мову кайданамі і, гнеўна патрабуючы самавызначэньня, шануюць толькі тугу па радзіме ды адарванасьць ад культурнай традыцыі. Вялікія паэты Новага сьвету ад Уітмэна да Нэруды ўсё ж не прызнаюць такога разуменьня гісторыі. Для іх чалавек Новага сьвету — Адам, які, адпаведна іх неўтаймоўнасьці, усё яшчэ здольны неверагодна зьдзіўляцца. Ён ужо сплаціў сваю даніну Грэцыі і Рыму і цяпер ідзе па сьвеце, вольным ад помнікаў і руін. Яму ўнушаюць няпрыязь да гэтых пачварна-зваблівых старажытных цывілізацый. Нават у Борхеса, у якога гэты дух быццам прыхаваны, непадуладны зьменам, ён вітае раптоўную, грубую радасьць быцьця, а іератычны стыль надае нейкую архаічнасьць жыцьцю аргентынскай раўніны. І сьмерць гауча — не паўтарэнне сьмерці Цэзара, а самáя сьмерць Цэзара. Факт міталягізуецца. Гэта не цынізм істоты, якой усё абрыдла, для якой няма нічога новага пад сонцам, гэта радасьць чалавека, для якога ўсё нараджаецца наноў… Для паэтаў Новага сьвету “клясычны стыль” — дзяржаўніцкая патрэба, але таксама і знак гістарычнага прыніжэньня. Яны не прымаюць гэты стыль, як мову рабаўладальніка. Такое самакатаваньне пачынаецца там, дзе паэт атаясамлівае гісторыю з мовай, зводзіць сваю памяць толькі да пакутаў ахвяры. Іх вартае захапленьня жаданьне ўшанаваць прыніжанага продка зьбядняе мову, бо ў іх гучыць адзін толькі боль, стогн пакуты, праклён і зарок помсты. Згукі мінулага робяцца для іх невыносным бярэмем, бо яны вымушаныя расквітацца з рабаўладальнікам ці героем на ягонай уласнай мове, а гэта азначае самападман. Для іх Калібан — разьюшаны вучань, чыя лютасьць неадрыўная ад прыгажосьці прамаўленьня, калі ягоныя прамовы не саступаюць у сваёй першабытнай моцы прамовам настаўніка. Ахвяра засвойвае мову ката, а гэта зноў-такі служэньне, а не перамога. Але каму ў Новым сьвеце ня вусьцішна ад мінулага, незалежна ад таго, быў ягоны продак катам ці ахвярай? Хто ў глыбіні душы нема не галасіў, молячы аб прабачэньні ці патрабуючы помсты? Пульс гісторыі Новага сьвету — як арытмія страху, несканчальны грукат колаў глупства і хцівасьці. Зь цягам часу раба апанавала амнэзыя. Яна і ёсць сапраўднай гісторыяй Новага сьвету. Вось наш набытак. Але шукаць адказу, чаму так здарылася, абвінавачваць ці апраўдваць — гэта таксама гістарычны прыём. А тлумачэньні заўсёды адныя і тыя ж: так здарылася таму і таму, а ў тыя часы людзі былі такімі й такімі. Гэтыя ўзаемаабвінавачваньні памяняліся месцамі: раскаяньне ўладальніка заступіла сабою помсьце раба. Вось тут каляніяльная літаратура і робіцца найбольш няшчыра-дабрадзейнай: яна абвінавачвае высокае мастацтва эпохі феадалізму і даруе ніжэйшаму мастацтву за пакуты. Паэтам-радыкалам здаецца, што паэзія ўслаўляе пакору і, па сутнасьці, фаталізм. Але вялікіх паэтаў гняце не бярэмя мінуўшчыны, а цяжар цяпершчыны. Тут столькі памерлых, і столькі гасьцінцаў крышылі чырвонае сонца і столькі галоваў служылі таранам, і столькі далоняў на заціснутых вуснах і столькі ўсяго, што хачу я забыць. Нэруда[1] Сэнс гісторыі палягае наўсцяж аголеных нерваў паэтаў: Мая безыменная зямля, не назвавная Амэрыкай, тычынка ў раўнадзенства, ланцэтна-пурпуровая. Твой водар узьняўся, як удых, па маіх каранях І з выдыхам выліўся ў келіх, што я асушыў, У бязважкае слова, што вось-вось народзіцца з вуснаў. Нэруда[2] [1] Пераклад V.K. [2] Пераклад Ганны Пазюк.
Менавіта гэтае багавеяньне, гэтае прыроджанае права даваць найменьні новаму сьвету і дазваляе нашым паэтам адмаўляць гісторыю. Усе яны адчуваюць гэты ўздым, незалежна ад таго, ці яны спадкаемцы Круза і Праспэра альбо Пятніцы і Калібана. Яны ахвяруюць этнічным паходжаньнем дзеля веры ў першачалавека. Такі пункт гледжаньня, як “дэмакратычная vista”, не метафара, а сацыяльная неабходнасьць. Палітычная філязофія, якая грунтуецца на ўзнёсласьці, павінна была б увераваць у другога Адама, у аднаўленьне суцэльнага парадку ва ўсім: ад рэлігіі і да самых простых хатніх завядзёнак. Не ўзнавіўся б і міф пра высакароднага дзікуна, бо ён ніколі не зыходзіў ад дзікуна, а быў заўсёднай настальгіяй Старога сьвету, ягонай тугой па цнатлівасьці. Вялікая паэзія Новага сьвету цьвяроза, без наіўнасьці глядзіць на рэчы і не стварае відочнасьці цноты. Смак яе пладоў — гэта хутчэй сумесь кіслага і салодкага: яблыкі яе другога Эдэма маюць гаркавы прысмак досьведу. Горкія яе ўспаміны. Гэты горкі смак і надае ёй энэргіі… У нас на архіпелагу памяць пра наш род мае салёны прысмак, змяшаны з горыччу ўспамінаў пра перасяленьне. Для гэтых ацалелых тубыльскіх плямёнаў, што шматкроць зменшыліся, але ўсё ж ня вымерлі, нішчымнае прыйсьце Старога сьвету, напэўна, азначала не канец, а пачатак нашай гісторыі. Калі ідзе на дно карабель Рабінзона Круза і каманды з “Буры”, ідзе на дно Стары сьвет. І што Новаму сьвету да таго, што Стары мае цьвёрды намер зноў узняць ветразі? Апантанасьці прагрэсам няма месца ў душы таго, каго нядаўна ўзялі ў рабства… Вось і ўвесь сакрэт горычы яблыка. Міраж прагрэсу — гэта вар'яцтва зацыкленага на будучыні рацыяналізму, для якога гісторыя — час, што ідзе наперад. Ён малюе абсурдныя карціны. У падручніках па гісторыі адкрывальнік ступае сваім ботам на некрануты пясок, кленчыць, і разам з ім кленчыць у багавейным жаху і дзікун, што схаваўся ў хмызах. Гэтыя вобразы, гэтая ерась, нібыта сьлед нагі Круза ці адбітак Калумбавага калена спаўняюць сьвет сьвятасцю, трывала ўваходзяць у памяць скалянізаваных земляў. І блякнуць гэтыя блюзьнерскія карцінкі па сутнасці з-за камічнасьці іерогліфаў прагрэсу. А калі ўсё больш абсурднай робіцца ідэя Старога і Новага, што мусіць стацца з нашым адчуваньнем часу і чым яшчэ можа стацца самая гісторыя, як не абсурдам? Гэта не экзістэнцыяналізм. Адам, першачалавек, ня можа быць экзістэнцыйным. І першае ягонае памкненьне — не патураць сабе, а са страхам Божым узьнесці хвалу, між тым як экзістэнцыяналізм — проста барочная вэрсыя міту пра высакароднага дзікуна. Але большасьці пісьменьнікаў архіпэлягу, тым, хто бачыць адно што караблекрушэньне, Новы сьвет адкрывае не радасць быцьця, а цынізм, роспач ад прадчуваньня непазбежнага паўтарэньня заганаў Старога сьвету. Іх дыягназ — глыбокая, як мора, настальгія па старэйшай культуры і засмучэнне ад маладой, а гэта можа зайсьці далёка, ажно да непрыманьня дзікай прыроды і тугі па руінах. Для такіх пісьменьнікаў пагібель цывілізацыі праяўляецца ў зруйнаванай архітэктуры, а не ў духоўным спусташэньні. Яе сьмерць укаранілася ў памяці ў вобразах вінаградных лозаў, што абвіваюць разбураныя калёны, мёртвых тэрасаў, Эўропы як музэя, дзе гадуюцца іншыя культуры. Гэтыя пісьменьнікі вераць у адказнасьць традыцыі, але шануюць жа яны не традыцыю, жывую, жыцьцёвую, сучасную, а гісторыю. Тое самае датычыцца і тых, хто выступае ў ролі новага рупару Афрыкі. Яны лічаць сваёй найвялікшай паразай страту старых багоў, але баяцца таго, што менавіта пакланеньне ім і стрымлівала прагрэс. І таму на месца рэлігіі заступае гуманізм у палітыцы. Для іх багі — частка гістарычнага працэсу, яны, як і племя, непазбежна праходзяць этапы ўздыму і заняпаду. Паколькі Старому сьвету Бог ўяўляўся антрапаморфным, у Новым сьвеце раб быў вымушаны перарабіць сябе паводле ягонага вобразу і падабенства, нягледзячы на фразы кшталту: “Бог ёсць сьвятло, і няма ў Ім цемры”. Перад гэтым перакрыжаваньнем веравызнаньняў адступілі паняволены паэт і святар. Але прыгнечанае племя навучылася абараняць сябе, асімілюючы рэлігію Старога сьвету. Тое, што здавалася паразай, сталася вызваленьнем. Тое, што здавалася стратай традыцыі, сталася яе аднаўленьнем. Тое, што лічылі сьмерцю веры, стала яе адраджэньнем. Я прымаю гэты архіпэляг Амэрык. Я зьвяртаюся да продка, што мяне прадаў, і да продка, што мяне купіў: у мяне няма бацькі, і я не хачу мець такога бацьку. Але я разумею вас, белы прывід і прывід чорны, калі вы абодва шэпчаце слова “гісторыя”, бо, калі я спрабую дараваць вам абодвум, я міжволі трапляю ў нерат вашай ідэі, што гісторыя ўсё апраўдвае, тлумачыць і выкупляе. Але ня мне вам дараваць. У вас размытыя рысы, няясныя, безасабовыя, і ў памяці маёй вы ня здатныя абудзіць хоць кроплю сыноўскай любові. У мяне няма ні ўлады, ні жаданьня дараваць. Калі вы гралі свае ролі, адведзеныя вам гістарычныя ролі прадаўца і пакупніка рабоў, вы былі людзьмі і дзейнічалі як людзі. І ты таксама, прабацька-раб, прывезены ў сьмярдзючым чэраве карабля разам з іншымі рабамі. І для цябе яны, прадавец і пакупнік, таксама былі людзьмі і дзейнічалі як людзі, з уласьцівай людзям жорсткасцю. Твой субрат і супляменнік не хваляваўся і ня здумляўся, што будзе з вашым народам, як і мой іншы продак-вырадак не вагаўся ні хвіліны, калі ўздымаў свой бізун. І ўсё ж вам, мае прадзеды, у глыбіні душы ўсё даравана. Я разам з найбольш сумленнымі прадстаўнікамі нацыі прыношу вам, як ні дзіўна, сваю падзяку. Гэта горкая, але і пачэсная падзяка за тое, што вы назаўжды праз боль і стогны злучылі два светы, як склейваюцца сваім горкім сокам дзьве паловы яблыка. Я дзякую вам за тое, што пасля выгнання са сваіх Эдэмаў вы змясцілі мяне сярод дзівосаў іншага: ён і стаўся маёй спадчынай і вашым дарункам. Пераклад з ангельскае мовы Ганны ПАЗЮК.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||