|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 1-2001
ЭЛА КУЛЕШ. ПУНКЦІРЫ ВЭРБАЛЬНА-ЧАЛАВЕЧАГА СУСЬВЕТУ |
|
ТУТ Тацяна Сьлінка. Ліля Ілюшына. Тацяна Чыжова. Тацяна Урублеўская. ПА-НАД Тацяна Копыцева. Дзяніс Брынкевіч. Тацяна Вабішэвіч. Марыя Барадзіна. УГЛЫБ Аля Сідаровіч. Натальля Вуглік. Эла Кулеш. Эдвард Камо Братуэйт. ТАМ Сайман Д'юрынг. ПРАЗ НЕХТА Ігар Бабкоў. Валянцін Акудовіч. АСОБНА ПРА Аля Сідаровіч. ПА-ЗА |
Думка ідзе ўслед за жыццём, жыццё— услед за думкай, але гэта не рух па крузе, гэта рух усім кругам — у новую якасць, у новае вымярэнне. Слова бесперастанна становіцца “целам”, і гэтаксама— бесперастанна і ўзаемна — “цела” становіцца “словам”. А.Разанаў З тэорыі стварэньня Чалавек і Слова, быццам браты-блізьняты, народжаныя ад адной сутнасьці, але ў розных вымярэньнях, ідуць поруч з самага пачатку. Згодна псыхалёгіі, Homo Sapiens узьнік тады, калі ўзьнікла вярбальнае мысьленьне. Слова-думка стварыла чалавека Чалавекам у яго сучасным разуменьні. Потым і павялося з нейкага нявызначанага моманту: Чалавек выказвае сваю сутнасьць праз слова, Слова ж выказваецца праз чалавека. Гэтак з кропкі нарадзіўся бінарны вярбальна-чалавечы Сусьвет. “Спачатку было Слова…” — сьцьвярджае Біблія. Але што такое Слова? І што падштурхнула яго выказацца, стацца целам?.. Што нас прымушае гаварыць? — Вядома ж, пачуцьцё, інтэнцыя. Таму Слова — гэта ня проста вынік інтэлектуальнай працы, а яшчэ і працы душы. Зрэшты, як і Чалавек. Інакш — мы (словы і людзі) нешта кажам, недзе існуем, але не жывем і не прамаўляем. “Спачатку было Слова, і Слова было Богам, і Слова было ў Бога”. Першасная інтэнцыя любога Бога любой рэлігіі — гэта стварэньне чагосьці. Таму і Чалавек, і Слова нясуць у сабе/могуць вызначацца праз гэтую здольнасьць. Ісьціна стварэньня заўсёды хаваецца на мяжы супрацьлегласьцяў: створанае — нястворанае. Даведацца, чым ёсьць сьвятло, можна толькі запаліўшы яго ў цемры. Зразумець дабро можна толькі параўнаўшы яго зь ліхам. Гэтак узьніклі і Чалавек, і Слова. Назовы людзей і людскіх плямёнаў, як вядома, заўсёды зьяўляліся паміж імі і толькі потым пераходзілі ў саманазоў. Мы клічам Чалавека, калі яго няма. Мы адчуваем/чуем Слова, калі… Напоўніцу выказанае Слова можа параўнацца толькі з Маўчаньнем. Маўчаньне пра Слова Аднойчы Богу сталася сумна, і пасьля неакрэсьленага бязмоўя ён задумліва ўздыхнуў. У подыху Бога нарадзіўся сьвет. Слова праз творчы выдых сталася “целам”. Вайю, Одын, Барэй… Богі ветру. Імёны ветру. Ад іх/праз іх “уцелясьняліся” цэлыя народы. Слова вызначаецца праз Маўчаньне. Яно адштурхаецца ад Маўчаньня, быццам страла ад лука. Разасобленыя, і страла і лук губляюць свой сэнс, выпадаюць з рэчаіснасьці, перастаюць быць Асобамі. Яны існуюць толькі ва ўзаемадзеяньні аднаго з другім. Гэтак немагчыма спазнаць Слова, ня ведаючы, чым ёсць Маўчаньне. Маўчаньне ж — гэта адсутнасьць слова, “гэта тое ж слова, але са знакам мінус, яго страта, яго сьлед…” [А.Разанаў “Зномы”] Таму цалкам зразумелай робіцца няўдача сярэднявечных вучоных у спробе пачуць мову багоў ад дзяцей, узгадаваных у поўным бязмоўі, па-за бінарнай сыстэмай Слова — Маўчаньне. Каб сказаць, трэба пачуць. А пачуць немагчыма ня слухаючы. Фатальнае братэрства Псыхалягічную сутнасьць сувязі Чалавека й Слова адлюстроўвае архэтыпны грэцкі міт пра братоў-блізьнятаў Кастара і Полукса. Дыялягічнасьць, сацыяльнасьць зьяўляецца адметнай рысай чалавечай асобы. У кожным як бы існуюць дзьве істоты — пазачасавае (а значыцца несьмяротнае), нявыказанае — Полукс і часовае, прамоўленае — Кастар. —Хто гэта? —Я. —Хто “я”? —Я, чалавек. —А хто кажа “я, чалавек”? —Мой язык. —Чый “мой”? Гэты зьдзек можна працягваць да бясконцасьці. Тым самым ён выдатна ілюструе зьвяз сьмяротнага Кастара й несьмяротнага Полукса ў чалавечай асобе. Чалавек — гэта несупынны дыялог паміж Словам і Маўчаньнем. Слова вынікае са зьвязу Маўчаньня й Чалавека. І Слова, і Чалавек могуць быць Асобамі творчасьці. Агучанае Слова зьяўляецца невялічкім фрагмэнтам непрамоўленага, але патэнцыйна магчымага. Адно слова цягне за сабой мноства асацыяцый і сувязяў як зь іншымі словамі, гэтак і зь іншай рэчаіснасьцю. Кожнае слова першасна было асабовым, Асобай. Пазьней жа многія зь іх ва ўзаемадзеяньні зрабіліся паняткамі, што тлумачаць Слова. Гэтак і людзі знаходзяцца ў разнастайных стасунках між сабой, хоць усе — з чалавечай прыроды. Калісьці ўсе Словы/словы былі людзьмі і рэчамі. А значыць мова — гэта ўцелясьнёныя ў гук і новую форму нашыя продкі, дзяды, наш Дом Быцця, наша Прастора, наш Час. Набываючы новую форму, яны існуюць цяпер, у новай рэальнасьці, а значыць зьяўляюцца намі. Адсюль можна ўявіць сабе, наколькі несьмяротнае Слова ў параўнаньні з фізычным жыцьцём Чалавека. Гэтак Полукс сыходзіць у Аід сьледам за братам. А Кастар, у сваю чаргу разьдзяліўшы несьмяротнасьць Полукса, вяртаецца на Алімп. Сваё — Чужое Ужо сёньня кожны разумее, што растлумачыць фэномен існаваньня чалавека з дапамогай скальпеля немагчыма. Гэтаксама немагчыма спазнаць Слова праз, скажам, фанэтычны разбор. Слова — гэта і гук, і літара, і кантэкст, і пачуцьцё. У Слова, як і ў Чалавека, таксама ёсць свая падсьвядомасьць. Словы злучаюцца ў мову, як людзі ў народ. Але ёсьць як людзі, так і словы, што стаяць асобна ад усялякіх супольнасьцяў, адзінокія й нікому незразумелыя сірацінкі. Ёсць як народы, так і мовы, якія трапляюць альбо ў рабства, альбо за калючы дрот рэзэрвацыі, альбо пад атамныя бомбы прагавітага суседа. Кожны Чалавек/Народ мае свой адметны псыхатып: тэмпэрамэнт, характар, зьнешнасьць. Гэтак і Слова/Мова маюць свой псыхатып: інтанацыю, артыкуляцыю, мэлодыку, знакі. А значыць трэба згадаць пра інтэлектуальную, псыхалягічную й фізычную сумяшчальнасьць. Паставіўшы Слова ў ролю Асобы, можна казаць не толькі пра адпаведную сумяшчальнасць паміж Словамі й Мовамі, але й пра сумяшчальнасьць Слова й Чалавека, Мовы й Народа. Строга кажучы, у кожнага чалавека існуе свая асабістая мова. Сумяшчальнасьць асабістых моваў, падабенства ў слоўным выказваньні Непазнанага аб'ядноўвае людзей у народы. Цалкам магчыма весьці дыялог з кімсьці вельмі чужым. Дый Мовы не могуць паўнавартасна замяняць адна другую: яны заўсёды самадапаўняюцца і саматлумачацца адна праз адну. Але чужая мова руйнуе чалавека, бо чалавек пазбаўляецца натуральнага працэсу: калі Маўчанне стварае Слова, Слова стварае Чалавека, Чалавек у Маўчаньні ізноў стварае Слова. Чужая мова заціскае рот і адбірае творчы выдых. Чалавек камянее, робіцца незваротна мінулым — быццам трапляе ў кола Сансары. Можа, адсюль гэтае адчуваньне Нішто (Нідзе, Ніколі, Ніяк, Нікога, Няма)? Можа, пошукі сэнсу жыцьця з таго, што чалавек перастае быць Творцам? Зрэшты, можа, таму ён старыцца й памірае? Але ж на самой справе ня ўсё можа быць намалявана такімі чорнымі фарбамі. Чужыя Словы падобныя да натоўпу незнаёмых людзей. Толькі ў незнаёмым натоўпе адчуваеш сапраўдную адзіноту. Толькі чужыя словы, як ніхто іншы, прымушаюць Маўчаць. Але ж Маўчаньне імкнецца сказаць Слова. Адсюль — сацыяльныя крызісы. Адсюль — зьяўленне непаўторных Творцаў у часы перамен. Словатворчасьць Створанае слова мусіць само па сабе несці творчы патэнцыял, а значыць утрымліваць зьвяз “Слова — Маўчаньне”. Толькі ў гэтым выпадку яно мае магчымасьць быць Асобай творчасьці. Створанае Слова — гэта ня створанае “цела”, а цела, якое ўтрымлівае дух, дух творчасьці. Цела Слова — прамоўленае і напісанае. Гукі і літары — гэта як зьнешнасць і паводзіны чалавека. Існуе мноства людзей, падобных адзін да аднаго зьнешне, але іх непраяўленае розьніцца. Адно і тое ж слова, напрыклад “мама”, якое ўжо створана ў кантэксьце чалавецтва, можа/ня можа быць створана ў межах існаваньня асобнага чалавека. “Усё жывое расьце знутры… Кірунак слова, як і зярняці,— знутры”. Пакуль яно не прыйшло знутры, яно ня створана і вымушана быць усяго толькі сродкам, усяго толькі сукупнасьцю гукаў і літар, нагадваючы сабой мёртванароджанае дзіця — матэрыяльную абалонку без душы. Калі ўносіць гэтую думку ў сацыяльна-палітычны кантэкст, можна сказаць, што мова-захопнік прапісвае прыгнечаны народ у трупярні. Хаця зь іншага боку народ-захопнік аддае сваю мову ў фізычнае рабства, дзе яна — толькі сродак камунікацыі.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||