ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 1-2001

 

ТАЦЯНА КОПЫЦЕВА. "УСЕ ХМАРЫ СПЫНЯЮЦЦА ТУТ"

 

ЗЬМЕСТ

ТУТ

Тацяна Сьлінка.
Утульнасьць нігілізму

Ліля Ілюшына.
Знайсьці Акудовіча

Тацяна Чыжова.
Неспастольная жарсьць...

Тацяна Урублеўская.
Інтэрнэт: спрадвечны пошук чалавека

ПА-НАД

Тацяна Копыцева.
“Усе хмары
спыняюцца тут”

Дзяніс Брынкевіч.
“...І я пастаўлю помнік таму дрэву”

Тацяна Вабішэвіч.
“На мяжы сябе і сну...”

Марыя Барадзіна.
Вышэй за паўночны вецер...

УГЛЫБ

Аля Сідаровіч.
Літаратуразнаўчае пісьменства

Натальля Вуглік.
У пошуках страчанага слова

Эла Кулеш.
Пункціры вэрбальна-чалавечага сусьвету

Эдвард Камо Братуэйт.
Нацыянальная мова

ТАМ

Сайман Д'юрынг.
Сучасныя постмадэрнізм і посткаляніялізм

Дэрэк Уолкат. Муза гісторыі

ПРАЗ

А.Барэйс. Матылёк

НЕХТА

Ігар Бабкоў.
Валянцін Акудовіч: артыкул для слоўніка

Валянцін Акудовіч.
“Кожны мой тэкст — фрагмэнт шляху да Няма”

АСОБНА

Жан Бадрыяр. Пра нігілізм

ПРА

Аля Сідаровіч.
Дыягназ для мэдыцыны...

Рэцэнзыі

ПА-ЗА

Зьлёт самотных птахаў

У ЦЕМРЫ

1

адзінота

старыя муры

сутарэньні

прыступкі

парослыя мохам

магчымасьць

заўсёды

упасьці

разьбіцца

памерці

незаўважна

для сябе

і для іншых

твой голас

(адзіны!)

як спадзеў

прамаўленьня

ў адказ

больш нічога

халодныя зоркі

чакаюць

толькі словаў

няістотны

іх сэнс

і гучаньне

і мова

пытаньні

ня маюць адказу

прыступкі

слабое апірышча

для маіх думак

спадзеў

быць пачутай

ці больш

зразуметай

у гэтых скляпеньнях

ёсьць пустым

скалананьнем паветра

цёмна

пуста

і ціха

баюся

дзьвярэй тут няма

не было

і ня будзе

прыступкі

і зоркі

і я

падаецца

прачнулася тут

і пакутліва мушу

блукаць

сярод ценяў

зусім непамысна

што рэхам ёсьць голас

які падаецца тваім

2

шлях ёсьць стралою

і цэляй працятаю

гэтай стралою

я абмінаю

халодныя сьцены

старыя муры

мае думкі

зьлятаюць да сонца

відочнасьці

да немагчымага

словы

трымаюць у пастцы

якая завецца жыцьцём

і сыстэмай

і ладам

вартуюць

як сьцены

прымроіць

палёт у бясконцасьць

і вочы насупраць

магчыма

нішто

падаецца утульным

няважкія крокі

ў замкнёным пакоі

самоты і цемры

ня будуць пачуты

нікім

а пытаньне

наступнага кроку

ёсьць вечным

і марным

дзе дзьверы і вокны

адно сымуляцыя

выйсьця

прымроіць

твой голас

і вочы насупраць

магчыма

і гэта адзінае

што застаецца: відочнасьць

 

АДСУТНАСЬЦЬ

казаць у маўкліню

усё што заўгодна

ніхто не пачуе

ты будзеш далёка

далоні і вусны

і дотык як пастка

імгла туманы

невядомасьць

самота

адчайна адчайна

пранізьлівы вецер

а ты не заўважыш

сьвятло — гэта штучнасьць

утульнасьць — таксама

паднесьці запалку

папера і попел

так лёгка

зьлятаю у вырай

бясконца

блуканьні бяз мэты

блуканьні бяз шляху

(зрываецца голас)

упасьці разьбіцца

асфальт як наступнасьць

адбіткі у лужынах —

ціхі працяг

у нячуйнай прасторы

ты будзеш далёка

і восень і сьцюжа

зусім безразважна

глядзець у люстэрка

і ведаць: ніколі

падобныя сьцежкі

сугучныя думкі

і дым цыгарэтаў

зусім безнадзейна:

шукацьму прыступку

якое ня будзе

вазьмі мае крылы

я стануся ценем

самотнаю зьнічкай

(навокал — пустэльня)

няважкімі крокамі

хісткаю кладкай

стамлёнай паперай

маўкліваю птушкай

ты будзеш далёка

я буду няіснай

я буду як вецьце

якое ня чуе

як падае лісьце

і золак кранае

і шкло

і халодныя

ціхія душы

разьбітыя мроі

чырвоная фарба

а сьвет патанае ў нішто

(у шматкроп'і губляюцца словы і я).

***

цягнік адыходзіць апоўначы

дзесяць хвілінаў, яшчэ ня позна

вярнуцца дадому да звыклых шпалераў

да дэкарацыяў/штучнае ўтульнасьці

дождж у адкрытую фортку

неабходныя рэчы некалькі думак

зь якіх пачынаўся твой гэст безразважнасьці

у пляцаку, больш нічога

гэта будзе апоўначы

яшчэ ня позна:

на пляцы гараць ліхтары

яны штучныя так але сьветла

ня згубісься ў лябірынце (душы)

дождж расчыняе нішто

поруч з табою сядзяць папяровыя людзі

яны едуць да мора да сонца

ты едзеш у ноч

у бясконцасьць

маўклівай прасторы

звыкайся:

дождж на празрыстае шкло

***

я прачынаюся пад музыку цягнікоў

у гэтым пакоі спынены час

зьнікомыя мроі

не агучаныя (табой)

абвісаюць смугою

на гольлі каштана

за маім вакном

тэрмометар

заўсёды паказвае “нуль”

я жыву на вяршыні

руіны старога млына ля ракі

адно толькі сьцены

выцьвілы колер

праёмы вакон ужо ня спыняюць

вецер

рака паволі плыве далей

да шматпавярховых будынкаў

гэты халодны прытулак

завецца Радзімай

усе хмары спыняюцца тут

гарбата пахне лавандай

гаркавы прысмак

штодзённы шпацыр па алеях

старога парку

мэлёдыя крокаў

твой позірк далёкі як неба

заўсёды са мною

(як і немагчымасьць пяшчоты

агучанай словам і гэстам)

мэлёдыя шляху

я жыву на вяршыні

усе хмары спыняюцца тут

 

АДКАЗ

пустэча сплывае

у кубак з-пад кавы

пусты

на пэроне самотна, мой дружа

у пакоі

зь зялёнай фіранкай

гадзіньнік

выстуквае рытм

словаў

голас

ўзьнікае раптоўна

быццам рэха твайго

у кішэні квіток як надзея

пастка сталася мною

прамовіць маўчаньне —

файны спосаб

ня выйсьці ніколі

зь лябірынту

ў чаканьні (нічога) стаю на пэроне

белы сьнег

будзе падаць

і ў вокнах агні

безнадзейна

згасаюць

о мой дружа, цягнік не прыйшоў

і ня прыйдзе ніколі

ў гэтым сьвеце

халодна

й даўно

анічога няма

апрача

сумных дрэваў

пад небам начным

у кішэні фальшвы квіток

у няіснае заўтра

ды адбіткаў

у лужынах

там

у маленькім двары

ля жаданых дзьвярэй

за якімі — пустэча

і грукат чужых цягнікоў

о мой дружа!

 

ВОСЕНЬ

птушкі

зьбіраюцца ў чароды

усе дзьверы адчыненыя

сьцюжы і ветру

абгостраная чуйнасьць

адкрытасьць болю

у цемру захінуты сусьвет

балянсаваньне

на нябачнай мяжы

няўхільнае восені

ціхая вусьціш

дождж і няўтульнасьць

(што амаль адно)

мае спадарожнікі

стамлёныя вочы чакаюць сонца

твае словы пахнуць

немагчымасьцю цеплыні

толькі кубак гарбаты

хавае яе аскепкі

так самотна: птушкі

зьбіраюцца у чароды

усе дзьверы адчыненыя

гэта — восень

у цемру захінуты сусьвет

стамлёныя вочы чакаюць сонца

але дзе тая раніца?

 

СЬНЕГ

Teraz trzeba w śnіeg uwіerzyć

Bolesław Leśmіan

падысьці

і пакласьці далоні

на скроні

парушыўшы межы

змружыць вочы

і слухаць

як падае сьнег

там за шклом

маіх сноў

у пустэчы

безразважна

закрэсьліўшы словы

разнасьцежыўшы вокны

запальнічкай

падпальваць паперу —

вецер попел

птушак чорныя крылы

кранаюць паветра

буду трызьніць табой

неспатольная

прага пяшчоты:

ўтрапёна

ісьці на сьвятло

і ля самых дзьвярэй

абрываецца сон

зараз трэба

паверыць у сьнег

падысьці

і пакласьці далоні

на скроні

безразважна

парушыўшы межы.

 

 

Тацяна Копыцева.
“Усе хмары спыняюцца тут”

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY