ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 1-2001

 

ЭДВАРД КАМО БРАТУЭЙТ. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ МОВА

 

ЗЬМЕСТ

ТУТ

Тацяна Сьлінка.
Утульнасьць нігілізму

Ліля Ілюшына.
Знайсьці Акудовіча

Тацяна Чыжова.
Неспастольная жарсьць...

Тацяна Урублеўская.
Інтэрнэт: спрадвечны пошук чалавека

ПА-НАД

Тацяна Копыцева.
“Усе хмары спыняюцца тут”

Дзяніс Брынкевіч.
“...І я пастаўлю помнік таму дрэву”

Тацяна Вабішэвіч.
“На мяжы сябе і сну...”

Марыя Барадзіна.
Вышэй за паўночны вецер...

УГЛЫБ

Аля Сідаровіч.
Літаратуразнаўчае пісьменства

Натальля Вуглік.
У пошуках страчанага слова

Эла Кулеш.
Пункціры вэрбальна-чалавечага сусьвету

Эдвард Камо Братуэйт.
Нацыянальная мова

ТАМ

Сайман Д'юрынг.
Сучасныя постмадэрнізм і посткаляніялізм

Дэрэк Уолкат. Муза гісторыі

ПРАЗ

А.Барэйс. Матылёк

НЕХТА

Ігар Бабкоў.
Валянцін Акудовіч: артыкул для слоўніка

Валянцін Акудовіч.
“Кожны мой тэкст — фрагмэнт шляху да Няма”

АСОБНА

Жан Бадрыяр. Пра нігілізм

ПРА

Аля Сідаровіч.
Дыягназ для мэдыцыны...

Рэцэнзыі

ПА-ЗА

Зьлёт самотных птахаў

Карыбскія выспы дваццацімільнай дугою выгінаюцца ў Атлянтычным акіяне ад Флярыды да ўзьбярэжжа Паўднёвай Амэрыкі. Іх карэннымі насельнікамі былі індэйцы: таіна, сібоні, карыбы, араўакі. У 1492 годзе Калюмб адкрыў (прынамсі, так гавораць) выспы Карыбскага басэйну, і разам з гэтым адкрыцьцём адбылося ўварваньне эўрапейскіх народаў зь іх культурай, і культурная традыцыя амерыканскіх індэйцаў была перарваная. Тагачасная Эўропа выяўляла сябе праз гішпанскую, французкую, ангельскую і галяндзкую — мовы мэтраполіяў, так што людзі мусілі пачаць размаўляць (і думаць) на чатырох мовах, а не на адзінай роднай мове. Калі за трыццаць гадоў пасьля таго, як Калюмб адкрыў Карыбскія выспы, іх карэннае насельніцтва было вынішчанае (штогод гінула па мільёне чалавек), перад эўрапейцамі паўстала неабходнасьць завезьці на гэтыя землі новую працоўную сілу. І самай прынаднай для гэтай справы сталася працоўная сіла, занесеная пасатамі рабагандлю, занесеная шквальным вятрыскам з Афрыкі.

І вось на Карыбскія выспы сталі завозіць ашанты, конга, яруба — усё неахопнае заходняе ўзьбярэжжа Афрыкі. Такім чынам на гэтых землях зьявілася новае моўнае ўтварэньне. Яно складалася са шмат якіх моў, але ў аснове яны мелі агульную сэмантычную й стылістычную форму. І ім нічога больш не заставалася, як толькі “сыйсці на дно”, бо народы-заваёўнікі — гішпанцы, ангельцы, французы, галяндцы — патрабавалі, каб мовамі афіцыйных зносінаў і побытавага ўжытку, мовамі падпарадкаваньня, мовамі мысленьня былі адпаведна гішпанская, ангельская, французкая й галяндзкая. Яны не хацелі чуць ашанты, ці якую іншую кангалескую мову. Такім чынам гэтыя завезеныя мовы выціскаліся на дно. Яны сталіся мовамі ніжэйшага гатунку, гэтаксама, як і іх носьбіты — рабы, якіх па сутнасьці нават за людзей не ўважалі. Але гэты заняпад справакаваў адну цікавую міжкультурную зьяву.

Так, на Карыбскіх выспах па-ранейшаму размаўлялі на ангельскай мове, як і ў Элізавецінскія часы, у эпоху рамантызму й пры каралеве Вікторыі. Аднак на гэтую ангельскую ўсё ж уплывала загнаная на дно, “ніжэйшая” мова, прынесеная нявольнікамі. У сваю чаргу гэтая маргінальная мова таксама ўвесь час зьмяняла свае абрысы. Ад чыста афрыканскіх формаў яна рухалася да стану, калі, застаючыся афрыканскай, яна прыстасоўвалася да новага асяродзьдзя, да культурнага імпэратыву эўрапейскіх моў. Яна таксама ўплывала на тое, як ангельцы, французы, гішпанцы й галяндцы гаварылі на сваіх родных мовах. Такім чынам, адбываўся складаны працэс, які цяпер пачынае ўздымацца на паверхню ў нашай літаратуры.

Як і ў Паўднёвай Афрыцы (ды ў любых іншых краінах, дзе дзейнічаў культурны імпэрыялізм), сыстэма адукацыі на Карыбскіх выспах не прызнавала гэтых разнастайных моў. Чым займалася нашая адукацыйная сыстэма, дык гэта ўшанаваньнем ды ўкараненьнем мовы канкістадораў, мовы плантатараў, чынавенства ды англіканскіх прапаведнікаў. Згодна з патрабаваньнямі гэтай адукацыйнай сыстэмы, на ангельскамоўных Карыбскіх выспах ня толькі мусіць ужывацца ангельская мова, але й уся адукацыя павінна абмалёўваць ангельскую культурную спадчыну. І таму на першым месцы ў адукацыйнай сыстэме краінаў Карыбскага басэйну стаялі Шэкспір, Джордж Эліёт, Джэйн Остын — брытанская літаратура, яе формы й узоры, якія на практыцы вельмі мала датычыліся мясцовага асяродзьдзя й неэўрапейскай рэчаіснасьці. Сытуацыя была вельмі дзіўная. Людзей прымушалі вывучаць тое, што ня мела да іх ніякага дачыненьня. Як ні парадаксальна, але на Карыбскіх выспах (як і ў шматлікіх іншых раёнах “культурных бедстваў”) тыя, хто набыў адукацыю па гэтай сыстэме, нават цяпер болей ведаюць пра ангельскіх каралёў і каралеваў, чым пра сваіх нацыянальных герояў, сваіх уласных барацьбітоў супраць нявольніцтва, пра людзей, якія рабілі свой унёсак у пабудову ці разбурэньне нашага грамадзтва.

Мы болей цікавімся іх літаратурнымі ўзорамі (напрыклад, мы больш ведаем пра Шэрвурдзкі лес і Робіна Гуда, чым пра нашую ўласную Нэні з Марунаў[1] — імя, якое некаторыя ўведалі толькі некалькі год таму). І калі разглядаць нашае пісьмо, нашыя мадэлі ўспрыманьня, мы больш чуйныя, напрыклад, да сьнегападу (і ўзоры яго апісаньня ўсе напагатоў), чым да моцы ўрагану, што абрынаецца на нас з году ў год. Іншымі словамі, мы не набылі такога стылю, гармоніі склада, каб апісаць ураган — неад'емную частку нашага ўласнага досьведу, між тым як мы можам апісаць прыўнесены, чужародны нам досьвед сьнегападу. Вось у якой сытуацыі мы знаходзімся.

The day the first snow fell I floated to my birth of feathers falling

by my windows; touched earth and melted, touched again and left

a little touch of light and everywhere we touched till earth was white

(Brathwaite 1975: 7)[2]


[1] Маруны (літар. — цёмна-чырвоныя) былі беглымі рабамі, якія заснавалі аўтаномныя аб'яднаньні на ўсёй працягласьці амэрыканскіх плянтацый. Нэні з Марунаў, каралеву-маці племені ашанты, ўшаноўваюць як найвялікшую змагарку за свабоду Ямайкі. Гл. Brathwaite, Wars of Respect (Kingston 1977).

[2] У дзень, калі пайшоў першы сьнег, я паволі апушчаўся на пуховую пасцель у сябе за акном; мы дакраналіся да зямлі і таялі, зноў дакраналіся — і ад гэтага дотыку заставалася маленечкая плямка святла; і так паўсюль, покуль зямля не ўбралася ў бель. Братуайт, (пераклад V.K.)

 

Вось чаму дзеці на Карыбскіх выспах у сваіх “крэольскіх” творапісах замест таго, каб напісаць: “Сьнег падаў на спартыўныя пляцоўкі Шропшыра”,— а яшчэ некалькі гадоў таму яны літаральна так падпісвалі свае малюнкі беласьнежных палёў ды людзей з пшанічнага колеру валасамі, што насялялі гэтыя мясьціны, — пісалі (і пішуць?): “Сьнег падаў на плантацыі трысьнягу”,— імкнучыся сумясьціць абедзьве культуры.

І калі мы разважаем пра мову, якая заяўляе пра сябе, выходзіць на паверхню на Карыбскіх выспах, дык тут яшчэ больш істотная самая рытміка й сілабіка — яе сапраўднае, так бы мовіць, “праграмнае забяспячэньне”. Што дала нам ангельская мова за ўзор перадусім у паэзіі й у меншай ступені ў прозе, дык гэта пентамэтр…

Насамрэч нацыянальнай мове Карыбскага басэйну пентамэтр глыбока чужародны. На яе вельмі моцна ўплывае афрыканскі ўзор, афрыканская складовая нашай новасьветнай (ці карыбскай) спадчыны. Так, паводле некаторых яе лексычных асаблівасьцяў, гэта ангельская мова. Але паводле саміх яе абрысаў, рытму й тэмбру, выбуховасьці гукаў гэта ўжо не ангельская, нават калі словы гучаць збольшага як ангельскія. І тут мы зноў вяртаемся да пытаньня: “Ці можа ангельская мова быць мовай рэвалюцыі?”— і выдатным адказам гучыць: “Ангельская мова ня ёсць дзейснай асобай. Рэвалюцыі зьдзяйсьняюць людзі, а не мова”.

І ўсё ж, я думаю, што тут, на Карыбскіх выспах, ангельская сапраўды адыгрывае пэўную ролю. Але гэта не нарматыўная, прывезеная акадэмічная ангельская, а мова, “загнаная” на дно, сюррэалістычная ў сваім існаваньні й сьветаадчуваньні, якая заўсёды была тут і зараз выходзіць на паверхню і ўплывае на ўспрыманьне сучасных насельнікаў Карыбскіх выспаў. Менавіта яе я называю нацыянальнай мовай. Я супрацьпастаўляю гэты тэрмін дыялекту. Слова “дыялект” зашмальцаванае ад доўгага ўжываньня, яно нясе ў сабе вельмі абразьлівае адценьне. Пад дыялектам разумеюць “дрэнную ангельскую мову”. Дыялект — гэта ангельская мова ніжэйшага гатунку. Дыялект — гэта мова, якую выкарыстоўваюць, калі хочуць пакпіць з каго-небудзь. На дыялекце размаўляе карыкатура. Дыялект мае доўгую гісторыю, з часоў плантацый, дзе праз азначэньні, нададзеныя дыялектам, з чалавечай годнасьці робяць карыкатуру. Нацыянальная ж мова — гэта ўскрайкавая прастора дыялекта, нашмат шчыльней злучаная з афрыканскай складовай карыбскай гісторыі. Можа, гэта й ангельская мова, але гэта ангельская часта падобная да завываньня ці кулямётнай чаргі, ветру ці хвалі. І таксама да блюза. Іншы раз гэта адначасова й ангельская й афрыканская мова. Я прывяду прыклады, але спачатку я павінен сказаць, што прычына маёй шматслоўнасьці ў тым, што на гэтую тэму напісана вельмі мала. Я даю панятак нацыянальнай мовы, але я магу спаслацца толькі на вельмі нешматлікую бібліяграфію, на зусім малую колькасьць крыніцаў. Я не магу адаслаць Вас да таго, што называюць “істэблішмэнт”.

Зараз я б хацеў апісаць некаторыя характэрныя рысы нашай нацыянальнай мовы. Перш за ўсё, яна паходзіць, як я казаў, з вуснай традыцыі. Паэзія ды сама культура існуюць ня ў слоўнікавай форме, а ў традыцыі вуснага слова. Яна базуецца ў роўнай ступені як на сьпеве, так і на гуку. Шум, які ствараюць гукі, ёсць часткай значэньня. І калі не зьвяртаць увагі на шум ці, я б сказаў, на тое, што можна прыняць за шум, тады страціцца частка сэнсу. У пісьмовай форме траціцца гучаньне і шум, таму траціцца і частка значэньня…

Для таго, каб зламаць пяцістоп, мы знайшлі старажытную форму, якая заўсёды была ў мове, — каліпса. Мне здаецца, пра гэтую форму ведае амаль кожны. Яна выкарыстоўвае не пяцістопны ямб, а дактыль. І таму памер абумоўлівае пэўны рух языка, пэўнае гучаньне. І цяпер мы натуральным чынам рухаемся да гэтага ўзору. Параўнаем:

(пяцістопны ямб) To be or not to be, that is the question[3]

(кайсо) The stone had skidded arc'd and bloomed into islands Cuba San Domingo

Jamaica Puerto Rico (Brathwaite 1967:48)[4]


[3] Першы радок з маналога Гамлета.

[4] Толькі камень сьлізгануў па моры дугою — вырасьлі з мора,

бы кветкі, Куба й Гаіці. (пераклад Ганны Пазюк)

 

Але розніца ня толькі ў мадэлі сілабатонікі — вялікая розніца і ў інтанацыйнай мадэлі. У Шэкспіра голас ідзе адзінай простай рыскай наперад да канца фразы. У кайсо пасля хуткага сьлізгаючага руху ў першым радку мы маем выразную зьмену. Голас рэзка падае й паглыбляецца, каб паказаць паузацыю. Але ёсць і яшчэ больш рытуальныя формы, як куміна, шанго — рэлігійныя формы, якія ў мяне не будзе часу тут апісаць, але якія пачынаюць раскрываць складанасьць разнастайных магчымасьцяў нацыянальнай мовы.

Іншая рыса нацыянальнай мовы ў тым, што яна складае частку таго, што можна назваць суцэльнай экспрэсыяй… Чытанне — гэта ізаляваная, індывідуальная экспрэсыя. Вусная традыцыя патрабуе яшчэ і публікі, каб завяршыць супольнасьць: публіка адказвае на шум і гукі, якія спараджае прамоўца, й вяртае іх яму. Такім чынам, мы ствараем сукупнасьць, у якой сапраўды існуе значэньне. І гэтая ўсеагульная экспрэсыя ўзнікае таму, што людзі знаходзяцца на вольным паветры, бо жывуць у нэндзы (не пад дахам дома), бо яны абапіраюцца на досьвед мінуўшчыны, дзе даводзілася разьлічваць на сваю жыцьцёвую моцу, а не на рэчы — кнігі, музэі ды машыны. Ім даводзілася разьлічваць на неад'емнае, на сілу ў сабе, а не на тэхніку па-за сабой…

Іншы ўзор, які мы маем і які заўсёды мелі, — гэта каліпса, як я ўжо казаў, і зараз мы паслухаем, як Майты Спэраў[5] сьпявае кайсо, што “знайшлі” напачатку 60-х. Гэта пазначыла першую вялікую зьмену ў нашай сьвядомасьці… У песні “Dan is the Man in the Van”[6] ён кажа, што адукацыя, якую мы атрымалі ад Англіі, зрабіла з нас ідыётаў, таму што ўсё тое, пра што мы чыталі, — Робін Гуд, кароль Альфрэд і кексы, кароль Артур і рыцары круглага стала — пустыя словы й нічога больш. І ён выразіў гэта ў форме каліпса. Услухайцеся ў рыфму верша. Ён рыфмуе словы на “l” і “n”, стварае кантрапункт голаса й аркестра, асобы й супольнасьці ў рамках “покліча” й “адказу”, якія сталі тыповымі для нашай нацыі й рэвалюцыі.


[5] Імя азначае “Магутны Верабей”.

[6] “Дэн — чалавек з фурманкі” — назва аднаго са шматлікіх дзіцячых вершыкаў, якія даводзіцца завучваць на памяць, бадай, усім, хто вывучае англійскую ў школе.

Саліст: According, to the education you get when you small

You(ll) grow up wi(th) true ambition an respect for one an all

But in my days in school they teach me like a fool

THE THINGS THEY TEACH ME A

SHOULDA BEEN A BLOCK-HEADED MULE

Хор: Pussy has finish his work long ago

An now he restin an ting

Solomon Arundy was born on a MunDEE

DE ASS IN DE LION SKIN.

(Sparrow 1963: 86)[7]


[7] саліст: З маленства ад школьнай навукі вы плён атрымалі

Паставілі мэты ды людзьмі паважнымі сталі

Але ў мае школьныя дні нас вучылі зацята

Навуцы такой, што зрабіла з нас дурняў-вар'ятаў

хор: Сваю працу даўно скончыў коцік-каток

Ды званочкам зьвініць — вось гульня для яго

Саламон Грандзі ў нядзелю памёр

Апрануты ў ільвіную скуру асёл. (пераклад Пазюк Ганны)

 

Я б мог Вам прынесьці кнігу “The Royal Reader”, на якую спасылаецца Спэрраў, ці “Nelson's West Indean Reader” Дж.О.Катэрыджа. Мы мусілі вучыць іх у школе на памяць. У іх былі фразы тыпу: “карова пераскочыла празь месяц”, “дзін-дон званочак, кіска ў калодзежы”, “Твісьці ды Твірлі былі дзьве кабылы” і г.д. Я маю на ўвазе, што з гэтага пачыналася нашае знаёмства з літаратурай. “Літаратура” пачыналася й ад пачатку прагаломшывала акурат такімі ўзорамі. Вось і ўсё, што мы мелі. І зараз я вяду размову пра тое, як гэта пераадолець…

Сёньня адбываецца ўпэўнены рух да нацыянальнай мовы. Немагчыма сабе ўявіць, каб на кожнага сучаснага карыбскага паэта не ўплывала культура, якую загналі на дно, але якая ўздымаецца на паверхню. Нарэшце, нашыя сучасныя паэты прызнаюць, што вельмі істотна выкарыстоўваць сродкі, якія заўсёды існавалі ў мове, але ў якіх ім адмаўлялі — і якія яны самі часам адмаўлялі.

Пераклад з ангельскай мовы Ганны ПАЗЮК.

 

 

Эдвард Камо Братуэйт.
Нацыянальная мова

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY