ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 1-2001

 

А.БАРЭЙС. МАТЫЛЁК

урывак з раману "Шляхі да вечнасьці"

 

ЗЬМЕСТ

ТУТ

Тацяна Сьлінка.
Утульнасьць нігілізму

Ліля Ілюшына.
Знайсьці Акудовіча

Тацяна Чыжова.
Неспастольная жарсьць...

Тацяна Урублеўская.
Інтэрнэт: спрадвечны пошук чалавека

ПА-НАД

Тацяна Копыцева.
“Усе хмары спыняюцца тут”

Дзяніс Брынкевіч.
“...І я пастаўлю помнік таму дрэву”

Тацяна Вабішэвіч.
“На мяжы сябе і сну...”

Марыя Барадзіна.
Вышэй за паўночны вецер...

УГЛЫБ

Аля Сідаровіч.
Літаратуразнаўчае пісьменства

Натальля Вуглік.
У пошуках страчанага слова

Эла Кулеш.
Пункціры вэрбальна-чалавечага сусьвету

Эдвард Камо Братуэйт.
Нацыянальная мова

ТАМ

Сайман Д'юрынг.
Сучасныя постмадэрнізм і посткаляніялізм

Дэрэк Уолкат. Муза гісторыі

ПРАЗ

А.Барэйс. Матылёк

НЕХТА

Ігар Бабкоў.
Валянцін Акудовіч: артыкул для слоўніка

Валянцін Акудовіч.
“Кожны мой тэкст — фрагмэнт шляху да Няма”

АСОБНА

Жан Бадрыяр. Пра нігілізм

ПРА

Аля Сідаровіч.
Дыягназ для мэдыцыны...

Рэцэнзыі

ПА-ЗА

Зьлёт самотных птахаў

1

…І вось ужо ня першы раз прабіраюся я праз цёмны гушчар у цёмную купальскую ноч у пошуках — чаго б вы думалі? — ну, канешне, папараць-кветкі.

Так, так, я — чалавек вучоны і добра ўсьведамляю: папараць не цьвіце.

“Тады зь якой такой нагоды мне ня сьпіцца па начох?” — спытаеце вы.

Я б таксама спытала, каб ня ведала ўсіх тых падзей, што адбыліся ў маім жыцьці. Хаця нават цяпер я часта намагаюся кінуць гэтую вар'яцкую забаву і нарэшце выспацца, але штосьці глыбока ўнутры, недзе, дзе па маіх меркаваньнях знаходзіцца душа, не пакідае мяне ў спакоі, а прымушае, забыўшыся на жах, блукаць па лесе ўсю ноч да відна. Увогуле, я баюся толькі аднаго — баюся, што можа быць позна.

Я зноў прыціскаю да сэрца туркусавага матылька, апраўленага ў срэбра — адзіную рэч, якая зьвязвае мяне зь Верай у Жыцьцё, таму што гэтую рэч падарыў мне Ён…

2

— Ну, расказвай, як цікава, — хутчэй дзеля адчэпкі пагадзілася я, хаваючы галаву пад падушку.

Чароўныя сны прыходзілі так рэдка! І — на табе! Разбудзілі!

Захапляльная начная відзежа ўсё яшчэ клікала за сабой. Яна ўсё яшчэ трымала мяне жыўцом на сваім кручку. І я ўпарта чаплялася за яе.

Мая матуля таксама любіла сны, дакладней — іх расказваць. Якое шчасьце, што ейныя “прарочыя” відзежы зьяўляліся ня часта! Але ўжо калі што сасьніць!.. Ня знойдзецца й казяўкі, якая б ня ведала ўсіх падрабязнасьцяў! Ну, дык і вы паслухайце…

— …І я ўзьняла пагляд, а там — чалавечая істота! Ды гэткая ўжо сьветлая, гэткая ўжо прыгожая, гэткая бліскучая — аж глядзець цяжка! Праўда, вачэй не відаць — быццам вэлюм на галаве ці што? І раптам яна працягнула руку, каб ужо адкрыць твар. І тут — такі жах, такі цяжар наваліўся! Быццам увесь сьвет і нават паветра зараз разарве на шматкі! Думала — усё! Ка-анцы! Але нечакана адпусьціла… І тут жа ў небе разгарнулася бойка. Волаты-асілкі: і жанчыны, і мужчыны — адзежы сьветлыя, латы залатыя — мячамі грымелі быццам тысячы перуноў! А крывавыя кроплі падалі на зямлю буйнымі гранатамі — во гэткімі! А людзі!.. Як убачылі! Як кінуліся зьбіраць! І гэткая ўжо радасьць ім была!.. У мяне ж дык толькі валасы дыба ад жаху!.. Кожны забіты падаў сьлязою ў келіхі, якія трымалі багінькі кшталту той, першай (ці таго?). А келіхі ж — залатыя, вялізныя, грувасткія!..

…А да мяне зноўку прыходзіў Ён. І даводзіў, што ён сапраўдны. У каторы раз. Вы чулі калі-небудзь такое нахабства ва ўласным сьне?!

Ён. Яркая, дасьціпная і… блазнаватая асоба, якая некалькі сноў таму (інакш і ня скажаш) назвалася Яраславам. І з таго часу я жыла нібыта двайным жыцьцём, нібыта дзьвюма рэальнасьцямі: сном і яваю. Толькі пра гэта нікому не казала. — Саромелася!

Ён. Блазнаваты, але ж… Высокі, стройны, тварам — нібыта індыйскі волат Рама: вялізныя галубіныя вочы колеру хваёвай засені, густыя, доўгія, каштанавыя хвалі валасоў…

І тут я весела чмыхнула: але й прычоску я яму сёньня насьніла! Гэдта — вісюлькай, тутака — валікам, там — касою. Суцэльны постмадэрн! Як ён абураўся, бедачына, на маю фантазію! Але дзе ж яшчэ гаспадарыць, як не ў сваім сьне?!

Ён… І ўсё-ткі ў ім было Штосьці, што палохала й трывожыла мяне. Як сьмерць?.. Як разбурэньне?.. Ня ведаю. Гэтае Штосьці заставалася зь ім там, у сьне, а не абуджалася разам са мною. Хаця павінна было — я адчувала. Цень, толькі цень гэтага Штосьці сёньня зачапіўся за маю сьвядомасьць.

“Магчыма, я — чалавек, якому мроіцца, што ён — матылёк. Магчыма, я — матылёк, якому мроіцца, што ён чалавек”,— на зьлёце сну прамовіў Яраслаў.

Магчыма, я — матылёк… Магчыма, я — чалавек… Магчыма… за гэтым ёсьць Штосьці.

Ён неадступна клікаў мяне русалкаю й кожны раз заводзіў размову пра нейкую Гульню: “Хутка Вялікая Гульня. Усе лелі мусяць быць там! І ты. Пасьпяшаймася!”

—…Нарэшце, бойка скончылася й келіхі перакуліліся на зямлю. І там дзе была дарога, сталася рака. Хто пасьпеў — уратаваўся… І пераможцы спусьціліся зь неба й пайшлі па гэнай вадзе быццам па цьвёрдым, а людзі іх віталі. Раптам адзін падышоў і сказаў на цябе: “Ты — з нашых!”

— Што-што-што?! — раптоўна зацікавілася я аповедам, вытыркнуўшы галаву з-пад падушкі.

…Мая матуля магла пераказваць свае сны да бясконцасьці!

3

Я яшчэ мацней пацягнула расчоску — валасы аніяк не жадалі разблытвацца! Даўгімі сьветла-бурштынавымі каўтунамі яны віселі абапал твару. Раней сказалі б, што гэта дамавік пастараўся. А цяпер… Цяпер расчэсвайся ды маўчы!..

І чаму гэта здаралася кожны раз, як мне сьніўся Яраслаў?! Можа, ён і быў дамавіком?.. Калі ж дамавік, значыцца яшчэ і вуж. І я адразу ўявіла сабе карцінку: красун-Яра, якога ліхі чараўнік ператварыў у ніжэйшую істоту, шукае выратаваньня ў маёй асобе…

Я зірнула за вакно: надвор'е мелася быць цёплым і прыемным. Сонца яшчэ не кранула сваімі промнямі зямлі. А вецер, якога я па-сяброўску клікала Вайю, гарэзьліва шаматаў маладое лісьце.

— Вайю, Вайю! Я — матылёк? — машынальна прасьпявала я, аглядаючы сябе ў люстэрка, — я часта размаўляла зь ветрам. Гэта было маё ўлюбёнае дзівацтва.

І тут, зусім нечакана, бразнула фортка, якая была зачыненай — і перад самым маім носам затрапятаў маленькі, стракаты МАТЫЛЁК!

— Пачалося! — аж прысела я й хутка сплюнула цераз левае плячо.

Матылёк папырхаў хвіліну-другую, настрашыў мяне як сьлед, нарэшце ўзьняўся пад самую столь і апусьціўся на кветку ікебаны — прыікебаніўся, так бы мовіць.

Адзначыўшы яго позіркам а-ля Шэрлак Холмс, я набрала тэлефон сваёй сяброўкі. Псыхааналітыка.

Вось так. Заўсёды марыла пра незвычайны лёс, атрымлівала ж толькі незвычайныя непрыемнасьці…

4

На маім шляху заставалася апошняя крама, і я… Ведаеце, бываюць моманты, калі ты штосьці дзесьці робіш, і нечакана зьяўляецца пачуцьцё, што гэта ўжо было. Быццам будучыня пасьлізнулася, упала і апынулася за тваёй сьпіной.

Менавіта гэта я адчула цяпер.

І як параіла сяброўка-псыхааналітык, зрабіла павольны, глыбокі ўдых.

А вось выдыхнула не адразу.

Бо сустрэлася позіркам з чалавекам.

З чалавекам, якога не існавала ў прыродзе.

З чалавекам па імені Яраслаў.

Я пазнала яго ў лічаныя секунды: прамяністы пагляд, лёгкая ўсьмешка.

Хаця ў астатнім ён не выбіваўся з натоўпу (джынсавая вопратка, высокія шнураваныя чаравікі), але няўжо тут магчыма памыліцца?!

Я запаволіла хаду. Уцякаць было позна. І ад яго. І ад сябе.

Параўнаўшыся са мной, мой “сон” разьвярнуўся й пайшоў побач.

Я працягвала ісьці, як ішла. Мае ж думкі блыталіся й спатыкаліся адна аб адну.

Я зразумела: зараз звар'яцею.

“Вайю!”— усклікнула я пра сябе, так, як нармальныя людзі ўсклікваюць: “Мама!”

І адразу ж пачула над самым вухам прыемны голас:

— Што?

Я кінулася ўбок, але “Вайю” спрытна схапіў мяне за локаць.

— Нам трэба пасьпець да Гульні,— нагадаў ён.

— Гульні? — зьбянтэжана адгукнулася я.

— Я ж расказваў! Ня памятаеш?! Прадслава, няўжо ізноў?!

— А што?..

Ён у роспачы ўзьняў вочы:

— Сьвяты Палеле, за што?! За што ты мяне караеш?!.

І я адчула сябе такой вінаватай-вінаватай!

Але, калі давяраць снам, роспач і злосьць — гэта не пра Яра. І, сапраўды, праз імгненьне на ягоным твары ізноў заясьнела лагодная ўсьмешка:

— Калі ты акрыяеш, калі да цябе вернецца памяць, памяць несьмяротных леляў, усё разумецьмеш. Але трэба пасьпець да Вялікай Гульні… Ты ж ведаеш, хто такія лелі?..

— М-м… Анёлкі, богі… Здаецца.

— “Здаецца” ёй… І правільна здаецца! Вось бачыш — нешта засталося. Таму, Прадслава, — не марудзьма, а ў дарогу!

— У дарогу? — насьцеражылася я. Размовы пра анёлаў у гэткім ключы выклікалі ня самыя сьветлыя асацыяцыі. І прадчуваньне мяне не падманула.

— Спачатку ў Адхлань, потым у Чысцу, потым, калі пашанцуе…

— Не хачу! — усклікнула я й спрытна ўхапілася за бліжэйшы слуп.

Яра спыніўся й некалькі ймгненьняў глядзеў на мяне, як доктар на безнадзейнага пацыента.

— І чаму ты кожны раз чапляесься за гэты слуп? — нарэшце соладка запытаўся ён. — Менавіта за гэты?

— Не хачу ў Адхлань! — узмалілася я.

— Ня хочаш у Адхлань?.. Добра, пойдзем у Меднае Царства. Мне — бяз розьніцы!

— У Меднае? Пехам? — зьдзівілася я. — Па Менску?

— Чаму пехам? Можна на конях, — хітра скасавурыўся Яра й ціхенька сьвіснуў — з-за вугла бліжэйшага гастранома выбегла пара цудоўных вараных коней.

— Дый Менску ніякага няма, — амаль закідваючы мяне, агаломшаную, у сядло, заўважыў ён.

Я адарвала зьдзіўлены погляд ад залачонай збруі і недаверліва азірнулася…

— Стоп! — сказала я сабе, каню, Яру і звар'яцеламу Сусьвету — горад адсутнічаў начыста: лес, лес, лес — колькі хапала вачэй.

— Нельга затрымлівацца! — запярэчыў Яраслаў. — Можа стацца, што ўжо позна. Гульня блізка: Вэрхал ужо прапаліў шлях да Ладу, да самага Залатога Выраю! Ты ж заўважыла, якія сьпякотныя леты? Якія ахвярныя часы?.. Гэта Жыжаль куе мячы для Гульні, русалкі й ваўкалакі бяруцца шлюбамі з людзьмі, дый берагіні-зямляначкі зьбіраюць кроў… Пасьпяшаймася! Даверся мне — потым усё разумецьмеш!

І ён пусьціў свайго каня наўскач.

А я, ня маючы лепшага выбару, моўчкі паехала сьледам.

Спачатку мы мінулі невялікі гаёк, потым ральлю. Потым нейкі мост. Яра сказаў, што калінавы. Я засумнявалася — мост як мост: каменьне, дошкі, дзіркі. Але акурат за ім з нашай вопраткай пачало адбывацца штосьці неверагоднае! Яна мяняла колер, пакрой, стыль, даўжыню. Кожнае імгненьне штосьці зьяўлялася альбо зьнікала.

Нарэшце Яраў каўбойскі прыкід зьмяніўся княжацкім уборам зь ярка-рудога аксаміту, багата аздобленага каштоўнасьцямі. Атрутна-зялёны плашч-карзан трымаўся на спражцы ў выглядзе дзьвюх зьмеяў.

“Гэта вужы. Знак нашага роду”, — прагучала ў маёй галаве. Я сьцепанулася ад нечаканасьці, але здолела ўзяць сябе ў рукі: немаведама якія яшчэ дзівосы адкрые мне падарожжа. Ці не здаравей будзе пагадзіцца з усімі гэтымі вар'яцтвамі?

Я зь цікаўнасьцю агледзела сябе. Мудрагелістая тэракотавая сукня, расшытая гранатам, гэткі ж плашч, як і ў Яраслава, шыкоўныя чаравікі, а на галаве — абруч зь вялікімі колтамі.

— Аніякага густу! — зрабіла выснову я, і з маіх вуснаў нечакана зьляцела пара матылькоў. — А-а-а!

— Ціха! Ціха! — засьмяяўся Яраслаў, спрытна злавіўшы мяне за каўнер і вярнуўшы ў сядло. — Гэта проста душа выходзіць!

Як доказ, ад кожнага слова ля ягоных вуснаў расьцвітаў матылёк. Я міжволі затрымала дыханьне. І гэта разьвесяліла яго яшчэ больш:

— Спадзяесься зьберагчы?

Я пакрыўджана насупілася.

— Мы ў Адхлані, — паведаміў Яра. — О! Прабач — у Медным Царстве… Тутака суцэльны імпрэсыянізм: толькі чыстыя колеры й аніякіх тонавых пераходаў. Ясна?

Я азірнулася й пасунулася бліжэй да Яраслава: беражонага бог беражэ! У сэнсе — лель.

Насычанасьць колераў проста ела вочы: чыста васільковае неба, чыста жоўтая дарога. Паабапал — смарагдавай стружкай трава. Бліскучыя каменныя ўзвышшы — як кавалкі меднай руды, беражліва пакладзеныя на зямлю.

Барвы сапраўды былі быццам неразьведзеныя — такія густыя, такія насычаныя, што, здавалася, нават паветра можна было памацаць рукой. Але дыхалася лёгка. Часам — матылькамі.

Хутка карцінка зьмянілася: мы вылецелі на шырокі прастор.

Зямля разгарнула свае магутныя крылы — матылі суцэльнымі стракатымі патокамі разьліваліся ў розныя бакі. Здавалася, мы ехалі па небе.

— Душы прылятаюць сюды за снамі, — прамовіў Яра.

Бачныя словы. Бачныя душы. Магчыма, я — матылёк, якому мроіцца, што ён — чалавек. Ці наадварот?.. Мне пачынала падабацца.

— Памяць леляў… — узгадала я. — Гэта штосьці асаблівае? Як сталася, што я яе ня маю?

— Ты маеш. Яна прыходзіць падчас сну. Але ты прачынаесься, а яна застаецца там. Памяць леляў прыходзіць і ў час сьмерці. Але ты нараджаесься, а яна траціцца. Яна ёсьць. Але ў яе свой сон.

— Сон у сьне…

— Так… Памяць — адзінае, што адрозьнівае сьмяротнага чалавека ад несьмяротнага леля. Чалавечая памяць нітуе асобу. Наша ж — цэлы Сусьвет. Чалавечая памяць вызначаецца словамі. Наша ж — яшчэ і тым, што за імі стаіць. У каго ёсьць памяць, у таго няма сьмерці.

Памяць дае жыцьцё, дае несьмяротнасьць, дае вечную маладосьць. Ты — леля. Але злодзеі загналі цябе ў ніжэйшыя сфэры Вархольля — па-за межы трох Царстваў.

—І цяпер ты мяне вяртаеш, — прамовіла я.

— Не ўпершыню, — адгукнуўся Яраслаў і працягнуў: — У Полацаку нас чакае вайда [чараўнік]. Зразумела?

— У Полацаку? — зьдзівілася я.

— Так. У Полацаку… Полацак. Полюс. Вось нашага Сусьвету.

— Бач ты — Сусьвету! А як наконт глёбусу Беларусі? — пажартавала я.

Неяк неўпрыкмет пачаўся лёгкі дождж, і Яраслаў падставіў далонь.

— Бачыш гэтую кроплю?.. Ведаеш, чаму яна існуе?.. Таму, што імкнецца прыняць форму шара — самую дасканалую. Яна мае ўсё, што мае вада цэлага акіяну. Вада — веда — вайда…

***

Доўга ці коратка ехалі мы праз зялёнае поле, але неўзабаве нам адкрылася самае сапраўднае бабіна лета: утульная цеплыня, золата лістоты, рубіны райскіх яблыкаў… Усё — быццам пано з барвістага аксаміту.

А на гарызонце паўсталі абрысы Меднага Полацаку.

“Хутчэй бы ўбачыць! — загарэлася я. — Які ён? Напэўна прыгожы…”

— Вось табе першы ўрок: сьвет такі, якім ты бачыш яго на гэты момант, — адгукнуўся Яраслаў.

— Ты хочаш сказаць, што, напрыклад, вось гэта сонца круціцца вакол нас, а ня мы вакол яго? Калі глядзець на ўсё са сваёй званіцы, дык можна вельмі хутка нажыць сабе ворагаў! Толькі абмежаваны розумам…

— Сьвет такі, якім ты бачыш яго на гэты момант, — упарта паўтарыў Яраслаў. — Не існуе ніякай ісьціны, а значыцца й няма ворагаў, якія маглі б ёй авалодаць хутчэй і лепш за цябе. Няма ніякай званіцы — ёсьць толькі ты цяперашняя. Вось ты некалькі хвілін узіралася ў гарызонт і гадала — што там? А ты бачыла, як у гэты час на твой чаравік прысеў залаты матылёк?.. Не?.. А ты ўчула песьню Любіча, якую данёс вецер?.. Таксама не?.. Ну, а ў Полацаку хоць пабыла?.. І ты будзеш казаць мне пра абмежаванасьць?

— Ты мяне расчараваў!.. Атрымліваецца, усе шукаюць таго, чаго ніколі ня знойдуць: у сабе, у рэчах, на зямлі, пад зямлёй, у жыцьці, у сьмерці, у старэйшых, у малодшых… І кожная “ісьціна” прымушае іх круціцца вакол сябе любімай і…

— …і гэтым разрывае іх на часткі!.. Жадаеш паглядзець?

Не пасьпела я й слова сказаць, як Яраслаў вырваўся наперад.

Нечакана ўсе тыя насычаныя барвы, барвы Адхлані, ацяжэлі, сьцяліся вакол мяне, накрылі з галавою быццам дрыгва, урэпіліся ў кожную частачку маёй істоты й..!

Яра прыступіўся, схапіў мяне за каўнер і трымаў, покуль я махала рукамі, адплёўвалася і лаялася пачварнымі гусеніцамі.

— Гэта чалавечая Адхлань, — міласьціва патлумачыў ён. — Думаю, чалавечую Чысцу табе паказваць не абавязкова.

І я тут жа зь ім пагадзілася.

5

— Што гэта за месца?

— Пераход у Срэбнае Царства. Штосьці кшталту гіпэрпрасторы.

— Сур'ёзна?

Я ніколі ня думала, што гіпэрпрастора ўяўляе сабою суцэльную цемру, дзе ты сам сьвецісься, быццам лямпачка. А галоўнае, ня думала, што па ёй можна хадзіць нагамі.

— Неабходна раскласьці агонь, — прамовіў Яраслаў, дастаў зь кішэні драўляныя палачкі і… пачаў іх церці адна аб адну.

— А запалкамі нельга? — зьдзіўлена запыталася я.

Яраслаў адмоўна заматаў галавою, не адрываючыся ад справы.

— А магіяй?

— Ты замнога фантастыкі чытаеш! — крытычна адзначыў ён і больш лагодна дадаў: — Нельга … Дарэчы, гэта твая справа.

— Што? Магія?

Яраслаў працягнуў мне кавалачкі дрэва:

— Раскладаньне агню!

…Палюбаваўшыся, як у мяне не атрымліваецца, ён з выглядам прафесіянала ўзяў справу ў свае рукі.

Полымя, люстэркі… Карацей кажучы, хутка перад намі разгарнуўся зусім іншы сьвет.

І ў гэтым сьвеце не было ветру. Але затое ў ім быў туман. Пялёсткі туманоў складаліся ў чароўныя ружы, якія сягалі да самых нябёс, у самую бясконцасьць. Промні сонца разнастайнымі пяшчотнымі колерамі гулялі ў сэрцавінах кветак.

— Ой! — ад паўнаты пачуцьцяў усклікнула я, і з маіх вуснаў звалілася белая ружа.

Толькі мы зрабілі першы крок, як штосьці пайшло ня гэтак. Штосьці — сказана вельмі мякка — грымучыя патокі вады непрагляднаю сьцяной абрынуліся зь неба й выштурхнулі нас назад у Адхлань.

— Аблом! — толькі й прамовіў Яраслаў, паплюхаўшы вадою ў чаравіку.

Цікава, яго ўвогуле можна вывесьці з раўнавагі? Сур'ёзна раззлаваць? Засмуціць? Я недзе чытала, што, напрыклад, эльфы могуць памерці альбо ад тугі, альбо ад страты галавы.

— Далёка ня кожны лель памірае, — заўважыў Яраслаў.

— Як далёка ня кожны чалавек жыве! — адгукнулася я.

І мы, падобныя да гвалтоўна памытых папугаяў, накіраваліся назад у Медны Полацак.

***

Дзьверы адчыніліся самі сабой. Я міжволі адскочыла назад.

— Ціха, ціха, — не стрымаўшы ўсмешкі, прамовіў ён. — Забыўся табе сказаць: усялякі дом несьмяротных — жывы. Тут няма прыслугі. Дом сам вядзе свае справы, прымае гасцей. Так што не хвалюйся.

— Ыгы, — адказала я й мацней учапілася за руку Яраслава.

— Перш за ўсё трэба пераапрануцца. Я пакажу табе твае пакоі.

Мы падняліся па шырокай лесьвіцы, засланай чырвоным дываном, на трэці паверх. У пакоях стаяла велічная цішыня, якую, здавалася, ахоўвалі толькі прывіды. Самі сабою гасьцінна запальваліся сьвечы, расчыняліся дзьверы, рассоўваліся занавесы.

— Гэта твой дом? Чаму тут так ціха? — спытала я, спрабуючы не пакінуць брудных сьлядоў на багата расквечаным дыване.

— Магчыма, цяпер у замку нікога няма. Лелі не затрымліваюцца тут надоўга… Ледзь не забыўся пра самае галоўнае: ні ў якім разе не засынай, інакш усё прапала.

— Як гэта?!

Яраслаў выпрабавальна паглядзеў на мяне, а потым прамовіў усё тыя ж словы:

— Магчыма, я — чалавек, якому сьніцца, што ён матылёк… Магчыма, я — матылёк, якому сьніцца, што ён чалавек.

— Але… Пачакай… Гэта не можа быць сон! Скажы, што гэта не сон! Яраслаў! Усё ж такое рэальнае… Ці …не?

Яраслаў прыгарнуў мяне да грудзей:

— Няважна… Ты застанешся тут. Мы што-небудзь абавязкова прыдумаем!

Я адчувала, як спакойна б'ецца ягонае сэрца…

Гэта ня можа быць сон…

Гэта ня можа быць сон!

Гэта ня можа быць…

***

Замак прапанаваў нам шыкоўную вячэру, якая складалася пераважна зь лёгкіх, вегетарыянскіх страваў. Але Яраслаў падпсаваў мне апетыт, прымусіўшы выпіць нейкае падазронае варыва балотнага колеру й такога ж прысмаку. Ён сказаў — ад санлівасьці, і я не стала распытваць, з чаго яно складаецца.

Неўзабаве на прыканцы нашай гастранамічнай ідыліі зьявіўся яшчэ адзін госьць…

— Добры вечар, Прадслава. Добры вечар, Яра. Смачнага вам, — кінуў ён, быццам толькі ўчора разьвітаўся, і таксама сеў за стол.

— Добры вечар, Парыс, — адказаў Яраслаў.

Парыс… Парыс… А гэта ня той Парыс, што… Яраслаў згодна кіўнуў галавой.

…Міты не хлусілі, гаворачы пра Парыса, як аднаго з самых прыгожых мужчын. Ён быў высокім і зграбным. Клясычны твар, упрыгожаны, бы каштоўнымі камянямі, сьветлымі, яснымі вачыма, абрамлялі рудыя, (колеру морквы) хвалістыя валасы. Дарагое адзеньне ў чорна-белых танах быццам было створана лепшымі французскімі куцюр'е.

— Ну, як? Замовіў корд? — пацікавіўся Яраслаў.

— Але! — адгукнуўся той і прадэманстраваў цудоўную зброю, якая хутчэй нагадвала язык белага полымя чымсьці металічны корд. — А ты як?

— Пакуль ніяк. Мы не патрапілі ў Чысцу. Занадта блізка Гульня! Ня ведаю, што рабіць…

— А што ты спрабаваў? Мэтад Гільгамеша спрабаваў?

Яраслаў скіраваў на мяне асуджальны позірк:

— Спрабаваў — заснула на чацьвертыя суткі.

— А мэтад…?

Я не расчула назву.

— І агнём паліў, і мячом біў, і чаго толькі не рабіў!

Я міжволі папярхнулася, і Яра спагадліва пастукаў мяне па сьпіне.

— Любоў неаднойчы ўкладацьме і ў твае рукі меч, — заўважыў ён.

— Любоў? Якая любоў?

Парыс няўцямна зірнуў спачатку на мяне, потым на Яра, потым ізноў на мяне, і раптам ягоны твар асьвятліла здагадка:

— Ты ёй не сказаў?!

— Што я не сказаў?

— Што ён не сказаў?

— Што вы — шалі, сужоны!

— Што — зусім?! — і я папярхнулася ў другі раз.

— Што ты маеш на ўвазе? — пацікавіўся Яра.

Парыс жа ледзь ня склаўся ад сьмеху:

— Ну, ты, Яра, як заўсёды!.. Слухай, а ты, увогуле, пытаўся, ці жадае яна вяртаць памяць лелі?! Прадслава, ты жадаеш вярнуць памяць?

— Ты жадаеш вярнуць памяць? — падхапіў Яраслаў, не зважаючы на кпіны Парыса. — Прыслухайся да сябе!

Я прыслухалася: крыху неспакойна тахкала сэрца, прыемна вуркатаў страўнік…

Яраслаў адсунуў ад мяне талерку.

— Я падумаю, — прамовіла я й узяла мядзяны яблык. — У мяне галава кругам ад усяго. Я ні ў чым больш няўпэўненая…

— Хутка Гульня! — нагадаў Яра й расшчапіў мае пальцы, якія надзейна трымалі казачны ласунак.

—Так! — падхапіў Парыс. — Толькі ўяві сабе: сусьветная дзея — гульня паміж Вэрхалам і Ладам! Ты павінна прыняць удзел! Убачыць, як Купала адкрывае вочы, пачуць абноўленую песьню леляў, дакрануцца да адзінасутных каштоўнасьцяў, убачыць, як багінькі напаўняюць Рубон напоем нямрыты [жывая і мёртвая вада]!.. Убачыць і памерці — нават так!..

І яны наперабой сталі красамоўна расьпісваць Гульню. А я адчула сябе маленькім дзіцёткам, якога бацькі ўгаворваюць зьесьці кашу.

— А праз словы… — нарэшце перабіла я іх.

— Што — праз словы?

— …памяць аднаўляецца? Асабліва праз тыя, якія быццам прыходзяць самі?

— Магчыма…

— Я клікала вецер “Вайю”… Вайямі называюцца лісты папараці…

— Папараць-кветка?.. Слушна! — усклікнуў Яраслаў. — …Дазваляе разумець мову ўсяго існага… Гэта шлях. Так, гэта шлях… Дык, ты… згодная?

— Я жадаю быць кропляй, — адгукнулася я. — І матыльком.

6

Ён услых будаваў напалову матэматычныя, напалову магічныя развагі, штосьці крэмзаў на падлозе, ствараў якіясьці вобразы ў паветры, голымі пальцамі перабіраючы языкі агменю. Я слаба разьбіралася ва ўсім гэтым, таму прылегла каля агню й проста любавалася, як ён натхнёна рашае маю праблему; як хмурыцца і змаўкае на хвілю; як потым праясьняецца ягоны твар; і ён апантана пачынае нешта тлумачыць ці то сабе, ці то мне; як прыемна блішчаць малахітавымі ясачкамі яго вялікія цьмяныя вочы, і доўгія пушыстыя вейкі адкідваюць глыбокія аксамітныя цені; як спакойна, ва ўнісон з маім сэрцам гойдаюцца языкі полымя; як…

Прачніся.

Прачніся!

Прачніся!!!

Я расплюшчыла вочы — праз фіранкі майго маленькага пакоя лілося ранішняе сьвятло.

Я зноўку самжыла павекі й расплюшчыла іх наноў — нічога не зьмянілася.

Я з надзеяй паўтарыла сваю спробу.

— Чаго лыпаеш вачыма? Зараз на іспыт спозьнішся! — прабурчэла Воля, мая сястра.

Іспыт?

Які іспыт?

Ах, іспыт!

Зусім задурылі галаву гэтыя сны! Ці … ня сны? Я паспрабавала прыгадаць, што рабіла ўчора, і без усялякіх цяжкасьцей успомніла: раніцай рыхтавалася да іспыту, а вечарам праводзіла сябра ў Нямеччыну. Нічога не даказвала, што гэта было рэальнасьцю, але таксама нічога не даказвала й адваротнае.

Калі я ўжо амаль паверыла, што ўсе мае прыгоды ў Медным Царстве былі толькі выбрыкам хворай фантазыі, задзваніў тэлефон.

— Цябе, — працягнула мне трубку Воля. — Вельмі дрэнна чуваць.

— Яраслаў?! — радасна усклікнула я.

— Я … адпр … Парысам … шукай … тку! — шум і трэскат перарываў ягоныя словы.

— Што?!

— Па …тку!

— Што?!

…У трубцы пачуліся кароткія гудкі. Я, зьбянтэжаная й моцна ўзрушаная, павольна села на ложак.

— Я сапраўды размаўляла па тэлефоне некалькі імгненняў таму? — спытала я ў сястры.

На што тая толькі пакруціла пальцам ля скроні.

…Шукай па… тку! Ведала я, што мелася на ўвазе! Але палёгкі гэта не прыносіла. Шукаць папараць-кветку зь лелем — адно, а самой — зусім іншае!

Але я разумела, што ўсё, у рэшце рэшт, залежыць ад мяне — Яраслаў мог толькі дапамагаць!

Маё жыцьцё — мая воля. Я ведала: яно — штосьці большае, чым проста думка, проста пачуцьцё, проста дзея. Яно — кропля…

Вось так, малюючы глёбусы свайго быцьця, я пачала чакаць Купальля.

Яшчэ я чакала зьвестак ад Яраслава. На кожным павароце лёсу, у кожным подыху ветру, у кожнай намітцы сноў…

І сон прыйшоў. Жахлівы сон. Я трымаю ў руках меч, падобны на язык белага полымя. Я ня ўмею біцца, але меч, быццам зачараваны, рухаецца сам, і я давяраюся яго ўладзе. Мяне абступаюць невыразныя, цёмныя постаці, і мой меч-прамень хутчэй ветру сячэ варожую цемру, і гранатавыя пырскі крыві разьлятаюцца і падаюць на зямлю, і зямля чарнее ад іх.

Раптам я разумею, што гэта не я, а Яраслаў б'ецца на мячы. Я з жахам заўважаю, як ён, паранены, слабее з кожнай хвіляй. Я працягваю руку, каб выратаваць яго ад згубы, і ён штосьці ўкладае мне ў далонь:

— Гэта застылыя сьлёзы Неба. Захавай іх, міла!

І я падаю, падаю, падаю…

І прачынаюся… У сутаргава сьціснутай далоні ляжыць блакітны акрываўлены матылёк…

І я падаю, падаю, падаю…

7

З таго часу я больш ня бачыла ясных відзежаў. З таго часу мінула сем год.

Шукаць папараць-кветку я пайшла толькі на трэцяе Купальле, праляжаўшы ў шпіталі больш за два гады. Мне сказалі, што я выкінулася з вакна, але я нічога такога ня памятаю. Дый яно й не істотна.

За гэтыя часы я шмат перадумала й шмат перажыла.

Калісьці даўно я марыла пра незвычайную долю, пра ўладу над шчасьцем. Я песьціла сьмяротныя чалавечыя амбіцыі. Я шукала тое, чаго ніколі не знайсьці.

Я глядзела чужымі вачыма і заплюшчвала свае. Я слухала чужымі вушамі і затыкала свае. Я дыхала чужымі лёгкімі і засільвала свае. Я жыла чужым жыцьцём і памірала.

Я хутка стамілася. Стамілася жыць чужымі каштоўнасьцямі, чужымі пачуцьцямі, чужымі паглядамі, чужымі словамі. Стамілася гадаць пра лёсы людзей, народаў, сусьветаў. Стамілася нават марыць пра сустрэчу са сваім казачным прынцам Яраславам.

І раптоўна адчула адвечную, гаючую волю да сапраўднага жыцьця. Жыцьця — незацярушанага жахамі, сумневамі й штучнымі ісьцінамі.

І я працягваю шукаць папараць-кветку.

Я ведаю: у гэтую ноч усё атрымаецца.

Бо я нічога больш не хачу.

Можа, толькі адчуць сябе матыльком і лёгкім, трапяткім крылом падхапіць пяшчотную хвалю ветру.

 

 

А.Барэйс. Матылёк

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY