|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
МАКСІМ ЖБАНКОЎ. КУЛЬТУРНІЦКАЯ АНАЛІТЫКА Ў СМІ |
|
Лекцыя 4 |
Лекцыя 4 Плян: 1. Нетрадыцыйныя формы культур-аналітыкі: — гонза-журналістыка: што, дзе, калі, як? — блогі: новая журналістыка? 1. Нетрадыцыйныя формы культур-аналітыкі
У апошнім блёку мы разгледзім вельмі распаўсюджаныя, але "нефарматныя", з традыцыйнага гледзішча, формы аўтарскага пісаньня. Галоўная і найбольш істотная прыкмета маргінальных форм культур-аналітыкі — гэта прынцыповая зьмена оптыкі: цэнтральным аб'ектам выказваньня робіцца (яго) суб'ект. То бок асоба аўтара ва ўсім спэктры яе эмоцый. І наадварот: тое, што ў звычайнай журналістыцы лічыцца асноўным прадметам апісаньня і вызначэньня (тая самая "інфармацыйная нагода") тут — толькі сыравіна, зыходны матэрыял, фактурны рэсурс для эмацыйнага аўтапартрэту на фоне падзеі. Такі тэкст аднолькава далёкі як ад сухой навіны, так і ад лірычнай "спавядальнай" бэлетрыстыкі. Формула "фактура плюс асабовы погляд" захоўваецца — зьмяняюцца акцэнты: галоўнай падзеяй тэксту аказваецца сам аўтар, які прапускае празь сябе акалічнасьці нашага агульнага культурнага досьведу. Папраўдзе, менавіта суб'ектыўнае пісаньне ў рэжыме наўпроставага рэпартажу з уласнай зьмененай сьвядомасьці й сталася ў пачатку 1960-х гадоў асновай такой зьявы, як "новая журналістыка". Том Вулф, Норман Мэйлер, Кен Кізіі, вядома ж, гонза — мэйстэр Хантэр Томпсан, якія пачыналі ў тыя гады, а цяпер прызнаныя за “акул пяра”, літаральна падарвалі амэрыканскую мэдыя-прастору сваімі рэзкімі саркастычнымі і шчырымі тэкстамі. У апазыцыю "цьвярозай і разважлівай" манеры традыцыйных СМІ — за якой часта стаялі шаблоннасьць мысьленьня і камэрцыйная зацікаўленасьць — "новыя журналісты" абралі для сябе фармат інфармацыйных камікадзэ, вярнуўшы ў мэдыя-працу рок-н-рольны драйв і вольны імправізацыйны стыль. Галоўнай матывацыяй іх працы былі не карпаратыўныя інтарэсы працадаўцы, але асабістая рызыка, незалежнасьць меркаваньняў і неверагодны кайф ад назіраньня падзей адзіна магчымым спосабам: апускаючыся ў іх з галавой. Журналістыка стала "поп", ад яе (як пісаньня, так і чытаньня) стала мажліва атрымліваць задаваленьне. Гонза-журналістыка ўдасканаліла гэты стыль. Тэарэтык і практык яе — і, з шматлікіх меркаваньняў, адзіны сапраўдны "гонза" — журналіст і пісьменьнік Хантэр Томпсан вырашыў асабістым прыкладам вучыць унутранай волі "карпаратыўных пацукоў" ад журналістыкі. Сам тэрмін "гонза" выглядае даволі выпадковым. "Гэта нешта небывалае. Поўнае гонза!" — кажуць, менавіта так адрэагаваў сябар Томпсана Біл Кардоза, калі той у 1970 г. даслаў яму замест замоўленага рэпартажу зь іпадрому пачак лістоў, выдраных з нататніка і запоўненых фрагмэнтарнымі запісамі пад назвай "Дэрбі ў Кентукі ў заняпадзе і загане". Хтосьці піша, што менавіта так падчас ірляндзкіх п'янак клікалі апошняга, хто застаўся на нагах. Іншыя спасылаюцца на назву старога поп-гіта або гішпанскае gonzagas (дурыць). У любым выпадку гонза-стыль стаў цяпер прызнаным культурным фактам. Працоўнае азначэньне гонза ў розных крыніцах гучыць па-рознаму: журналістыка па-за законам, альтэрнатыўная журналістыка, экстрэмальная журналістыка, анархісцкая журналістыка, журналісцкі імпрэсіянізм і нават літаратурны кубізм. З усёй іх стракатасьцю гэтыя вызначэньні — хутчэй, дэкаратыўныя, чым зьмястоўныя. Дадамо да іх пару цытат ад галоўнага містэра Гонза. Сэнс гонза — перадаць атмасфэру "асабістай журналісцкай прыгоды" (Томпсан). Гэта палкі раман з рэальнасьцю ў процівагу мляваму абслугоўваньню інтарэсаў замоўцы. Тым, хто практыкуе гонза, патрэбны "талент дасьведчанага журналіста, вострае вока прафэсійнага фатографа і сталёвыя яйкі актора. Бо той, хто піша, мае быць непасрэдным удзельнікам таго, пра што ён піша. Магчыма, самая блізкая аналёгія — кінарэжысэр, які сам піша сцэнар, сам вядзе здымкі і пэрыядычна сам далучаецца да дзеяньня — калі не ў галоўнай, то хоць бы ў другараднай ролі" (Томпсан). Гонза прынцыпова адмаўляецца ад прэтэнзій на аб'ектыўнасьць, сыстэмнасьць і лягічнасьць. Гонза-стыль у журналістыцы — аналяг літаратурнай тэхнікі "плыні сьвядомасьці", якую практыкаваў Фолкнэр, і "аўтаматычнага пісаньня" французкіх сюррэалістаў. Гэта пісаньне бяз правіл, але з вызначанымі прынцыпамі. Да якіх зазвычай адносяць: — схільнасьць да імправізаванага выказваньня, што не прадугледжвае наступнай стылістычнай апрацоўкі і рэдактарскай праўкі. Як прасьпявалася — так прасьпявалася. — сьвядомае "расфакусаваньне" думкі: у межах аднаго тэксту тэма можа зьмяняцца некалькі разоў, падпарадкоўваючыся плыні аўтарскіх асацыяцый, — гіранічнае цытаваньне клясычных і поп-культурных тэкстаў у якасьці эпіграфаў для гонза-тэкстаў, — акцэнт на прыватны фактар. Ключ да посьпеху — пражываць тое, што ты пішаш. — адсылкі да папулярных асоб: палітыкаў, актораў, музыкаў, мэдыя-пэрсон, — сарказм і/або гумар на мяжы дапушчальнага, — абвостраная цікаўнасьць да "сьлізкіх" тэм (сэкс, наркотыкі, спорт, палітыка), — адмысловая ўвага да характэрных дэталяў, — захопленасьць гульнёй слоў і абсудысцкай словатворчасьцю. Карыстаючыся звыклай тэрміналёгіяй, гонза — гэта рэпартажы і эсэі ўважлівага, кампэтэнтнага і дасьціпнага аўтара, напісаныя мэтадам уключанага назіраньня/глыбіннага апусканьня ў сытуацыю, у максымальна раскутай і вельмі суб'ектыўнай манеры. Няма нічога больш бязглуздага і наіўнага за цьверджаньні, што гонза — стыль безгаловых дылетантаў і амбітных недапекаў. Быць гонза зусім ня так проста, як можа падацца: лёгкасьць пісаньня і структура тэксту, што рассыпаецца на вачах чытача, — не банальная стэнаграма запою або трыпу, а вынік усьвядомленых высілкаў цалкам падкантрольнага сабе (нават у стане зьмененай сьвядомасьці) аўтара. Насамрэч гонза — найвышшы прафэсійны ўзровень новай журналістыкі, яе тактычная зброя. Фактычна гэта новы рэалізм, спроба злавіць жывое дыханьне жыцьця па-над ідэалягічнымі і прафэсійнымі бар'ерамі. Гонза-аўтар ня хлусіць. Ён шчыры — але так, як бывае шчырым таленавіты бэлетрыст: гонза не апрацоўвае рэальнасьці з пэўных пазыцый (як "нармалёвы" журналіст), а дазваляе ёй казаць празь сябе, рэзануючы ў такт вібрацыям культуры. У сыстэме культур-аналітыкі гонза (як і любы іншы фармат аўтарскай працы) ня можа прэтэндаваць — ды й не прэтэндуе — на манаполію. Зь некалькіх прычын. 1. Гонза — натуральная форма выказваньня радыкальнага крыла маладых аўтараў, што не жадаюць/ня ўмеюць упісацца ў сыстэму. Крытычна-мысьлярскае культурнае падпольле — натуральная гонза-сфэра. 2. У глябальным пляне гонза — нармалёвая мова крызыснай мэдыя-сытуацыі, калі новы стыль мэдыя часьцінамі прарастае скрозь мёртвую мову эпохі, якая адыходзіць. 3. Нарэшце, гэта эфэктыўны фармат апэратыўнага пісаньня "зь месца падзей", калі ёсьць патрэба не сухой аналітыкі, а пэўнай стэнаграмы пачуцьцяў, што чапляе чытача эмацыйна. Менавіта ў гэтай якасьці гонза-стыль актыўна выкарыстоўваецца сёньня бальшынёй прасунутых мэдыя (у тым ліку й сеткавых). Такім чынам, мы пазнаем тры абліччы гонза: радыкал-крытыцызм, мова крызысу, суб'ектыўны дакумэнталізм. У сваіх першых двух кшталтах гонза — нечаканы погляд на рэальнасьць і школа аўтарскага пісаньня. У апошнім — тэхнічны прыём высокапрафэсійнага журналіста, здольнага выходзіць за межы будзённых фарматаў традыцыйнай мэдыя-працы. Гонза — спосаб зрабіць наш мэдыя-прадукт больш яркім і разнастайным. Прыгадаем яшчэ раз: плюс гонза — у шчырасьці, нязьмірнасьці са штампамі і джазавым/ драйвавым падыходзе да пісаньня. Мінус — у прынцыповай "дэцэнтроўцы" і слабой схільнасьці да складнай разгорткі сюжэту. Калі мэдыя стоадсоткава "гонза" — яно аднастайнае, агрэсіўнае і папросту нецікавае. Як працяглы "гон" выпадковага спадарожніка або раптоўныя пахмельныя шчырасьці ледзь знаёмага чалавека. Але гонза-кавалкі ў агульным інфармацыйным масіве руйнуюць інэрцыю ўспрыманьня і асьвяжаюць культурны пэйзаж. Нармалёвы адаптаваны сыстэмай гонза-аўтар — гэта ўладальнік аўтарскай калёнкі і/або рэпартэр- нонканфарміст, стваральнік экстрэмальных атракцыёнаў у наяўным камфортным мэдыя-абшары. Гонза як імправізацыйная журналістыка, што ўвесь час вылузваецца з традыцыйных фарматаў і канвэнцыйных форм пісаньня — сыстэмы сеткавых кантактаў пасродкам блогаў, т.б. асабістых інфармацыйных рэсурсаў. У кантэксьце нашай тэмы блогі можна разглядаць як прасунуты варыянт "сам(сабе) выдату" — сродак публічнай апэратыўнай рэакцыі на бягучыя падзеі, прадукты і працэсы культурнага рынку. Блогі нярэдка вызначаюць як "грамадзянскую журналістыку" — інфармацыйную працу, якую добраахвотна і бескарысна выконваюць усе ахвочыя (незалежна ад здольнасьцяў, адукацыі і спэцыфікі заняткаў). Дачынна ж працы культур-аналітыка блогі могуць выконваць некалькі функцый: 1. Альтэрнатыўная/"ценявая" аналітыка. У гэтым разе сеткавы аналітык выкладае свае разборы, нататкі і эсэ ў блогу, ствараючы ўласны рэсурс, не залежны ад чужой волі. Для прафэсіянала блог — дадатковы інфармацыйны канал, "маё асабістае мэдыя" (адрозна ад звычайнай заказной працы на "фарматныя" СМІ). А для "дылетанта" — рэальны спосаб агучыць сваё меркаваньне. І кароткі курс маладога мэдыя-байца. 2. Сродак пашырэньня мэдыя-фармату. Шматлікія сеткавыя СМІ (або сеткавыя вэрсіі друкаваных выданьняў — ад "Камсамольскай праўды" да рускай вэрсіі Rolling Stone — адводзяць адмысловае месца для блогаў сваіх папулярных аўтараў (штатных і пазаштатных). Тут блогі працуюць як своеасаблівы дадатак да асноўнага выпуску, дадатковы інфармацыйны атракцыён і, нарэшце, як спосаб атрымаць наўпроставы "доступ да (віртуальнага) цела" пэўнага блогера. Блогі ў СМІ — абяцаньне нефармальнага кантакту з аўтарам. 3. Інфармацыйны асяродак. Блогасфэра здольна падаць інфармацыю наўпрост зь месца падзей — канцэрту, масавай акцыі, спэктаклю або фэсту, а таксама агучыць vox populi ("меркаваньне народу") з нагоды новага дыску або фільму. Блогі працуюць як рэсурс фактаў і пунктаў погляду, што дапамагае прафэсіяналу стварыць больш зьмястоўны і менш тэндэнцыйны тэкст на пэўную тэму. 4. Шматсэрыйная PR-акцыя ўласнага вырабу. Папулярны блог — гэта яшчэ й добры сродак рэклямнага пасоўваньня і раскруткі пэўнага аўтара. Зрабіўшы сабе імя ў інтэрнэце, аўтар можа лёгка прыцягнуць увагу сваіх прыхільнікаў да больш "фарматных" прадуктаў ад таго ж “брэнду” — напрыклад, да кніжкі абраных артыкулаў, раману або да аўтарскай калёнкі ў друкаваным выданьні. 5. Сродак зваротнай сувязі. Блог — гэта не трыбуна аўтара-манапаліста, але адкрытая палемічная пляцоўка, дзе можна даведацца пра сябе шмат новага і нечаканага. Такім чынам, блог забясьпечвае любому аўтару а) права самастойна вылучаць тэму і форму выказваньня, б) практычна імгненную публікацыю, в) магчымасьць атрымаць апэратыўную крытыку ад шырокага кола чытачоў, г) шанец удакладніць і дадаткова аргумэнтаваць сваю пазыцыю шляхам новых пастоў, д) выкарыстаць у якасьці аргумэнтаў спасылкі на іншыя рэсурсы. Галоўная вартасьць (і адначасова галоўны недахоп) блогаў — поўная адсутнасьць якіх-кольвек абмежавальных/ фармавальных фактараў (удакладненьняў і пераправерак інфармацыі, рэдакцыйных заданьняў, стылістычнага і тэматычнага "фармату", рэдактуры і праўкі). Гэта азначае, што "ўзровень шуму" ў блогасфэры вельмі высокі: звычайныя фільтры, якія забясьпечваюць пэўную якасьць прадукту, тут не працуюць. Аўтар, пасьпяхова ўнікнуўшы долі "карпаратыўнага мэдыя-зомбі", трапляе ў сытуацыю самотнага самурая ў полі культурных знакаў і мае абавязальніцтвы толькі перад сабой. Сеткавыя рамантыкі бачаць у блогасфэры альтэрнатыўныя мэдыя або мэдыя будучыні, вольныя ад ідэалягічнага прэсынгу. Аднак больш падстаў бачыць у ёй "каля-мэдыйнае" або "перад-мэдыйнае" сэнсавае поле. Гэта перадусім інтуітыўная журналістыка, "весткі з палёў", якія не прадугледжваюць сьвядомай працы ў адбудоўваньні канцэпту і аўтарскай манеры пісаньня. Блог не прадумваецца, а "здараецца". Блогерская актыўнасьць можа падштурхнуць кагосьці да прафэсійнага трэнінгу, але ня здольная яго замяніць. Зона блогаў не стварае стабільных прадуктаў, а прадукуе рух сэнсаў. Гэта тэксты наўздагон, рэплікі з нагоды — бліц-разборы і спасылкі, даведкі і камэнтары, чарнавікі канцэптаў і палявы дзёньнік культур-партызана ў адным фляконе. З пункту гледжаньня культур-аналітыкі, эфэкт блога можна пазначыць як сталае стварэньне і падтрыманьне вакол традыцыйных/легітымных мэдыя-тэкстаў жывога праблемнага асяродзьдзя, якое спараджае новыя вобразы і сэнсы. Фактычна гэта азначае, што любое аўтарскае выказваньне, здольнае прыцягнуць пэўнае кола чытачоў-суразмоўцаў, ператвараецца ў віртуальны "раман з працягам". Які доўжыцца роўна столькі, колькі жыве цікавасьць да азначанай тэмы. І можа скончыцца цалкам нечаканым для аўтара зыходнага тэксту чынам. З "зачыненага" (завершанага) аўтарскага паведамленьня, створанага па вызначаных правілах, тэкст робіцца адкрытым для калектыўнага мысьленьня і дабудовы ўсімі зацікаўленцамі. Аналітык губляе свой адмысловы статус. Але гэта значыць толькі тое, што мы пераходзім на новы ўзровень. Дзе таксама будуць запатрабаваны нашы "ключы да рэальнасьці". Хаця б як нагода для чарговай сеткавай дыскусіі.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||