ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

МАКСІМ ЖБАНКОЎ. КУЛЬТУРНІЦКАЯ АНАЛІТЫКА Ў СМІ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Плян:

1. Чым ёсьць культур-аналітыка і яе складнікі?

2. Аналітыка і кшталты мастацтва. Характэрныя прыёмы, асноўныя памылкі

3. Спэцыфіка аналізу: тэатар, кіно, музыка, літаратура

 

Сама фармулёўка тэмы вымагае сьведамленьня перадусім двух базавых момантаў. Па-першае, што мы будзем разумець пад культурніцкай аналітыкай. І, па-другое, якое месца яна займае ў актуальнай сыстэме СМІ.

Па аналёгіі з "Поп-мэханікай" Сяргея Курохіна аналітыку культурных падзей і твораў можна ўмоўна вызначыць як "поп-філязофію” культуры. Дзе дадатак "поп-" азначае не павярхоўнасьць і неабавязковасьць, а, хутчэй, "гітовасьць": празрыстасьць канструкцыі, выразнасьць мовы, уцямнасьць сэнсу і агульную здольнасьць "чапляць" чытача або слухача. Між тым, тэрмін "філязофія" варта разумець тут не ў шкалярска-акадэмічным сэнсе (як масіў не/выразнай мудрасьці даўно сканалых настаўнікаў), а як спосаб мысьленьня “тут і сёння”, т.б. — здольнасьць чытаць рэальнасьць і прапаноўваць мэдыя-спажыўцу пэўныя мадэлі яе вытлумачэньня.

Гэткім чынам, культурніцкая аналітыка — гэта нестандартны інтэлектуальны прадукт і нетыповая журналісцкая праца. Адрозна ад стандартнага акадэмічнага фармату, ёй уласьцівы мінімальная колькасьць адмысловай тэрміналёгіі, высокая эмацыйнасьць і прынцыповая суб'ектыўнасьць пісаньня, схільнасьць да актыўнага выкарыстаньня мэтафар. Што, зрэшты, не адмяняе патрэбы лягічнай выбудовы, аргумэнтаваньня ды інфармацыйнай насычанасьці тэксту. Да таго ж, параўнальна з тыповай журналісцкай працай культурніцкая аналітыка вылучаецца меншай прыхільнасьцю да інфармацыйных нагод, большай свабодай выбару — што да фармату выказваньня, далучэньнем шырокага "дадатковага" культурнага матэрыялу, сьвядомай гульнёй з мовай. Іншымі словамі, культур-аналітыка — гэта даклад бяз гальштука, інтэлект на волі, вольнае выказваньне прафэсіянала на абраную тэму. Аднак гэта абсалютна ня ёсьць аўтаматычным пераходам у стыхійны рэжым блёгу. З тае прычыны, што тут “працуюць” нарматывы, якія дазваляюць падтрымліваць пэўны стандарт якасьці.

Галоўныя "акадэмічныя" патрабаваньні, якія дазваляюць адрозьніць рэальную аналітыку ад дылетанцкай газэтнай/часопіснай балбатні, выглядаюць досыць проста:

а) высокі культурны background (т.б. агульны культурны ўзровень), што вымагае грунтоўнага знаёмства з культурніцкімі тэкстамі рознай ступені складанасьці — ад "папсовых" да экспэрымэнтальных. Памылка №1: аналітыку, нібыта, можна пісаць, не выходзячы па-за межы банальнага сьпісу бэстсэлераў сэзону і бягучага FM-фармату. Памылка №2: аналітыку, нібыта, можна пісаць, базуючыся выключна на Борхесе, Бэгбэдэры і Ўэльбэку. Ідэальны варыянт: разьвіты асабісты густ + добрае веданьне актуальнага поп-ляндшафту.

Зазвычай аналітык займаецца вытлумачэньнем падзей і зьяў шляхам улучэньня іх у наяўны культурны кантэкст. Ён выбудоўвае ланцужок супастаўленьняў і асацыяцый. Калі кантэкст незнаёмы або незразумелы — "прапіскі" аб'екту апісаньня не атрымаецца, і аўтар адно прадэманструе свае эмоцыі з пэўнай нагоды. Таму аналітык мусіць пастаянна сканаваць культурны асяродак — нават калі ў дадзены момант не рыхтуе чарговага матэрыялу.

Важна таксама заўважыць: асабісты густ тут — ня лепшы дарадца. Бо найчасьцей аналітык у СМІ працуе ня з тым, што яму даспадобы, а з тым, што трапляе ў поле грамадзкай увагі. І чытае-глядзіць-слухае менавіта гэта, раз яно папросту паўстае ягонай працай. Аднак такая непазьбежная зададзенасьць працы ня мусіць пазбаўляць адмыслоўцу прафэсійнага кайфу: разабраць культурны фэномэн на часткі і напісаць пра яго эфэктны тэкст.

б) асабовы падыход да рэчаў

Пазнавальны почырк прэзэнтуе індывідуальнасьць аўтара на двух узроўнях: мысьленьня і мовы. У адваротным выпадку замест аналітыкі мы атрымаем бляклую кампіляцыю чужых ідэй, выкананую ў банальным канцылярска-гутарковым стылі безнадзейнага троечніка. Культурніцкая аналітыка цікавая чытачу найперш нетрывіяльнымі рухамі думкі, запакаванымі ў выразны набор слоў. Таму ўсялякі аналітычны тэкст прыкметны і значны, калі ў ім акрэсьлена асабістая пазыцыя аўтара і заўважны арыгінальны лексыкон.

Спакойнае стаўленьне да аўтарытэтаў. Ваш пункт погляду на праблему/зьяву адрозьніваецца ад агучанага вашым любімым калюмністам? Гэта нармалёва! І гэта зусім не азначае, што вы нічога не зразумелі (хоць і так можа здарыцца). Найлепшы варыянт: намагчыся і максымальна пераканаўча ды абгрунтавана прэзэнтаваць уласны погляд на рэчы. Плюралізм меркаваньняў — наўпростае наступства суб'ектыўнасьці. І гэта значна цікавей за павальнае аднадумства.

в) наяўнасьць ключавога канцэпту, які мусіць патлумачыць чытачу: што, уласна, здарылася і чаму гэта важна. Якраз гэтым розьніцца культурная аналітыка ад традыцыйных журналісцкіх нарысаў, рэпартажаў ды інтэрвію, якія пэўным чынам прэзэнтуюць рэальнасьць, але не тлумачаць яе. Недаўменнае пытаньне "А чаму я мушу гэта чытаць?" у выпадку з аналітыкай мае дакладны адказ: "Каб зразумець, што адбываецца!" Аналітычны тэкст — штуршок да разважаньняў. Аналітык дае публіцы "ключы ад рэальнасьці" — не бясспрэчныя, але й не выпадковыя. І правакуе аўдыторыю да супастаўленьняў/згоды/нязгоды.

Ідэя бяз уцямнага вытлумачэньня — шыфроўка з Цэнтру са згубленым кодам. Стыль без ключавой ідэі — вышыванка на старой і гнілой тканіне. І першае, і другое ўскладняе камунікацыю і вядзе ўрэшце да страты аўдыторыі.

Такім чынам, культур-аналітыка ў СМІ ёсьць тэрыторыяй прафэсійнага разбору зьяў, пэрсанажаў і трэндаў — збудовай аўтарскіх схем інтэрпрэтацыі культурных тэндэнцый.

Прапіска ў мэдыя-полі ўскладняе задачу. У зьвязку з тым, што вынікі аналітычнай працы мусяць прэзэнтавацца ў форме, сумяшчальнай з інфармацыйным і ідэалягічным кантэкстам. Кантэкст вызначаецца пэўным СМІ (працадаўцам) альбо кшталтам мэдыя-сродку (напрыклад, глянцавы штотыднёвік, сеткавы інфармацыйны партал). Аналітык змушаны прыстасоўвацца да наяўнага інфармацыйнага фармату, шукаючы кампрамісу між зьмястоўнасьцю і таварным выглядам.

Айчынная культурная аналітыка — зьява маргінальная. Бо сьв е дамую патрэбу аналітычных матэрыялаў дэманструе мінімальная колькасьць беларускіх СМІ, аддаючы перавагу пазытыўным інтэрвію з "зоркамі" і невялічкім рэцэнзіям на новыя фільмы і дыскі. Гэта зьвязана з агульнай неразьвітасьцю мэдыя-рынку (які стабільна аддае перавагу скандальна-рэклямным культурным тэкстам), адсутнасьцю рэальнай рынкавай канкурэнцыі (што забівае стымулы да якаснага росту) і прарасейскай інфармацыйнай арыентацыяй мэтавага спажыўца — сярэдняй клясы, які чытае (а ў ролі выдаўца — капіюе) расейскі прадукт.

Беларуская культур-аналітыка — праца на будучынь. Таму што наша культурная анамалія выдае на ўнікальную і дагэтуль аналітычна не асэнсавана. Варта вучыцца яе чытаць. І рабіць з гэтага тэксты, спалучаючы аналітычны кантэнт, дэмакратычны мэдыя-лексыкон і айчынны культурны ляндшафт.

2. Аналітыка і кшталты мастацтва. Характэрныя прыёмы, асноўныя памылкі.

У культурнай прасторы — як і ў нашым культурным досьведзе — няма і ня можа быць жорсткіх і адназначных разьмежаваньняў. Культуру рухае наперад дыялёг стыляў, канфлікт традыцый, узаемнае узбагачэньне кшталтаў і форм культур-творчасьці. Адпаведна, культур-аналітыка, папраўдзе, ня патрабуе жорсткай спэцыялізацыі. Гэта абумоўлена як суб'ектыўнымі (шырыня асабістых прыхільнасьцяў аўтара), так і аб'ектыўнымі чыньнікамі. Бальшыня выданьняў ды інфармацыйных парталаў ня мае магчымасьці (ці ня бачыць сэнсу) утрымліваць паўнавартасны аддзел культуры, дзе знайшлося б месца штатнаму кінааналітыку, музычнаму аглядальніку, тэатральнаму ды літаратурнаму крытыкам. Як правіла, мае месца кампрамісны варыянт: штатны супрацоўнік, які піша "пра ўсё", + артыкулы, замаўляныя пазаштатным аўтарам пра адметныя падзеі (варыянт — рэгулярная аўтарская калёнка запрошанай "зоркі").

Зразумела, што аднолькава добра пісаць пра кіно, музыку, тэатар ды інш. здольны толькі шырока адукаваны чалавек і бліскучы стыліст. Такіх аўтараў, зь відочных прычын, няшмат. Таму найчасьцей у асобе "унівэрсальнага культур-аналітыка" мы маем пасьпешлівага кампілятара або павярхоўнага назіральніка, які галоўным інфармацыйным рэсурсам лічыць рэклямныя рэлізы ды прэс-канфэрэнцыі. І ахвотна напіша пра ўсё. Напіша аднолькава дрэнна. Прыкмецім: бальшыня беларускіх друкаваных выданьняў рэалізуе менавіта такі дылетанцкі падыход.

Аднак жа што значыць у рэчышчы нашай тэмы пісаць дрэнна? І як пісаць добра? Паспрабуем патлумачыць гэта "з адваротнага" — пазначыўшы найбольш характэрныя памылкі мэдыйнай культур-аналітыкі. І адцемім, што ўсе яны зьвязаны з парушэньнем балянсу інфарматыўнага і суб'ектыўнага складнікаў.

1. Выбух суб'ектыўнасьці : разбор тэксту падмяняецца самарэклямай аўтара. У гэтым выпадку прадмет аналізу (фільм, дыск, спэктакаль і да т.п.) робіцца адно нагодай для дэманстрацыі шырыні душы і жвавасьці пяра. З тэксту такога кшталту цяжка штосьці пазнаць пра якасьці пэўнага культурнага аб'екту. Затое аж залішне інфармацыі пра складаныя ўзаеміны аўтара з суседзямі па залі, гопнікамі і багемай, амэрыканскай кінаакадэміяй, а таксама сучаснай культурай увогуле. Мы маем справу з агульным " расфакусаваньнем " аўтарскага пісаньня і відочнай падменай жанру: аналітыка ператвараецца ў зласьлівы фэльетон або захопленае баўбатаньне, не абцяжараныя аргумэнтамі і фактамі.

Лекі. Здаровая самагіронія і выразнае ўяўленьне: твая місія — быць дасьведчаным пасярэднікам між чытачом і аб'ектам. А зусім не галоўнай зоркай гэтага шоў.

2. Прэсынг аб'ектывізму, "асьцярожнае" пісаньне. Першая памылка характэрная для людзей з завышанай самаазнакай. Другая ж наадварот — для няўпэўненых у сабе або пачаткоўцаў мэдыяфронту. Такі аўтар пазьбягае суб'ектыўнай азнакі аб'екту, падмяняючы яе спасылкамі і цытатамі, пераказваньнем сюжэту і багацьцем фактуры па тэме. У інфарматыўным пляне гэта можа быць цікавым. Што ж датычыць якасьці тэксту — яўны правал. Аналітыку чытаюць як экспэртызу культурных працэсаў. Адсутнасьць "ключоў да рэальнасьці" робіць яе бессэнсоўнай і бескарыснай.

Лекі. Пачынаць працу над тэкстам, сфармуляваўшы для сябе выразнае асабістае стаўленьне да аб'екту аналізаваньня: што гэта і чаму зроблена менавіта так?

3. Лішкі эрудыцыі: выдатна, але не да тэмы. У гэткім разе зыходны тэкст спрэс губляецца пад масівам разнастайных аўтарскіх алюзій і асацыяцый. Асаблівасьці стылю і сэнсу "размываюцца" бясконцымі параўнаньнямі і спасылкамі. Замест разбору пэўнага тэксту мы атрымліваем мініманаграфію пра рэжысэра, выканаўцу галоўнай ролі або лідэра групы, іх папярэднікаў і пасьлядоўнікаў, а таксама пра іх месца ў актуальным культурным працэсе.

Лекі. У рэшце рэшт пакінуць найбольш істотныя зьвязкі і факты. Задаваць неабходны кантэкст некалькімі дакладна сфармуляванымі фразамі — ня больш. Стала мець на ўвазе: мы пішам з пэўнае нагоды.

4. Шумы мовы: агульная неахайнасьць і няўцямнасьць пісаньня. Усе вартасьці вашага тэксту можна безнадзейна сапсаваць шэрым, банальным лексыконам і шматслоў'ем. Калі чытач не атрымлівае задаваленьня ад чытаньня — вы не адчувалі яго ад пісаньня. Цікавае пісаньне — не адвольная плынь пачуцьцяў, а вынік скіраваных высілкаў. Яно выразнае, энэргічнае і сыстэмнае. Толькі ў гэтым выпадку вас дачытаюць да канца — і будуць чакаць новага тэксту.

Лекі. Вітаюцца кароткія сказы, трапныя і яркія эпітэты, эфэктныя мэтафары (у межах разумнага — дзьве-тры на тэкст). Напішыце ўсё, што вы лічыце патрэбным. Паглядзіце: ці не палепшае тэкст, калі замяніць некаторыя абзацы месцамі (нярэдка ўдарная канцоўка пішацца першай). Паспрабуйце прачытаць гэта ўслых. А потым выкрэсьліце ўсе лішнія словы.

І ўсё ж можна пазьбегнуць агульных памылак, але зрабіць дробныя. Зазвычай гэта звязана зь недастатковым разуменьнем спэцыфікі пэўнай сфэры мастацтва. Прыгадаем: задача культур-аналітыкі — дапамагчы адрасату зарыентавацца ў наяўным культурным полі, прапанаваўшы яму выразную і зьмястоўную карцінку нечага адбыванага. Зьдзейсьніць гэта немагчыма без уліку асаблівасьцяў аб'екту нашай увагі.

3. Спэцыфіка аналізу: тэатар, кіно, музыка, літаратура

Тэатар. Пісьменны матэрыял пра тэатральны спэктакаль ацэньвае зазвычай асноўныя складнікі сцэнічнага дзеяньня: драматургічны матэрыял, рэжысэрскую працу (пастановачнае рашэньне), арганізацыю сцэнічнай прасторы (праца мастака) і выканальніцкае майстэрства актораў. Якасьць спэктаклю вызначаецца ступеняю суадноснасьці ўсіх названых кампанэнтаў (плюс — пажадана, але не абавязкова — рэакцыя публікі і яе бліц-партрэт). Акрамя гэтага, натуральны элемэнт тэатральнай рэцэнзіі — суаднесенасьць спэктаклю з актуальнымі тэндэнцыямі ўсясьветнага тэатру і айчынным культурным кантэкстам. Патрэбен і пэўны "ілюстратыўны матэрыял" — апісаньне найбольш яркіх мізансцэн, цытаты ўдарных рэплік. Канчатковая мэта — стварыць для чытача своеасаблівы "эфэкт прысутнасьці": растлумачыць, што адбывалася на сцэне і як гэта можна ацаніць.

Кіно. Адрозна ад "адкрытага" (кожны вечар іншага) фэномэну тэатру, кінафільм — "замкнёны" тэкст, зборка якога ўжо скончана. Спэктакаль мае права на тэхнічную "даводку" часам далейшай працы, фільм жа гатовы апрыёры і пад "паляпшэньне" не падлягае. Таму ў разборы кінатэксту вырашальнымі аргумэнтамі аказваюцца яго гарманічнасьць і цэльнасьць (суадносіны сэнсавага і візуальнага складнікаў), мастацкая пераканаўчасьць, прычыны зьяўленьня "тут і цяпер" (прафэсійны і сацыяльны кантэкст), а таксама адпаведнасьць з чаканьнямі мэтавай аўдыторыі. Кіно — комплексны аўдыёвізуальны тэкст. Таму ацэньваецца па наступных парамэтрах: выява (апэратарскае і колеравае вырашэньне), сюжэт і дыялёгі, праца актораў, тэмпарытм (рэжым апавяданьня — дынамічны, млявы, няроўны і да т.п.), музыка (калі яе роля ў фільме асабліва адметная) і, нарэшце, базавая ідэя. Тры асноўных пытаньні: "што гэта?" (жанр, стыль, фармат), "як зроблена?" (якасьць зборкі кінатэксту зь пералічаных вышэй складнікаў), "у чым сэнс?" (аўтарскі message).

Музыка. Датычна музычнага дыску істотнымі аказваюцца тры моманты: якасьць матэрыялу (зьместавы аспэкт), якасьць запісу і яго ўдзельнікі, улучаючы запрошаных музыкаў (тэхнічны аспэкт), афармленьне рэлізу (візуальны або "дызайнэрскі" аспэкт). Чытачу важна зразумець ня толькі ХТО грае, але й ШТО гучыць на дыску. Ідэальны варыянт — выбраныя факты пра запіс праекту дапоўнены: а) агульнай азнакай месца дыску ў творчасьці музыкаў і ўсясьветных трэндах, б) вылучэньнем найбольш удалых трэкаў і — што асабліва важна — в) "эмацыйна- настраёвай " маркіроўкай новага рэлізу. Фактычна ваш тэкст чытаюць менавіта дзеля гэтага. Якраз тут дарэчы будуць высокі градус суб'ектыўнасьці, яркія мэтафары і вольныя асацыяцыі. Калі матэрыял сьпеўны — варта падаць пару характэрных цытат. Важна прапанаваць не банальную падказку "купляць-не купляць", а патлумачыць чытачу — што за музыка жыве пад гэтай вокладкай. І каму яна, на ваш погляд, можа быць цікавай.

Літаратура. Усялякі прадукт кніжнай "імпэрыі слоў" ацэньваецца з гледзішча жанравай прыналежнасьці, асаблівасьцяў сюжэту, аўтарскага стылю і кампазыцыі тэксту. Розныя паверхі літаратурнага сьвету жывуць паводле сваіх правіл. "Высокая" бэлетрыстыка — аўтарскі прадукт з надзвычайнай увагай да моўных гульняў, самураі стылю. Поп-літ — лёгкія журналісцкія тэксты ў стылі наўпростага рэпартажу з суседняга дыска-клюбу або сусі-бару. Масавая літаратура — " сюжэтнікі " зь вельмі нядбайным стаўленьнем да мовы. Адмысловая сфэра — інтэлектуальная эсэістыка, неабязковыя думкі разумных людзей. Кожны тэкст "люструе” свой час. І азнака наўпрост залежыць ад яго прызначэньня. Таму правільны разбор літаратурнага тэксту прадугледжвае перадусім азнаку ягоных а) фармальных, б) зьместавых, в) сацыя-культурных аспэктаў. Іначай кажучы, значэньне тэксту абумоўлена балянсам аўтарскай задумы, яе ўвасабленьня ў творы і сумяшчальнасьці з рэальным літаратурным працэсам і/або наяўнай спэцыфікай мысьленьня.

Варта падкрэсьліць: вышэйсказанае ня значыць, што ваш тэкст мусіць абавязкова месьціць разбор усіх згаданых аспэктаў кіно, музыкі і г.д. Зважыць няблага на кожны. Але расьпісаць — толькі тое, што вам падаецца найбольш важкім для асэнсаваньня памянёнага культурнага прадукту. Тут ужо вагу набывае выбар аўтара.

Такім чынам, якасная культур-аналітыка прадугледжвае поўнасьць аўтарскага тэксту — адсутнасьць сэнсавых і фармальных "прабелаў". У кожным асобным выпадку гэта патрабуе адмысловай увагі да фактуры "зыходніка" — непасрэднага аб'екту вашай прафэсійнай цікавасьці.

 

 

 
Лекцыя 1

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY