ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА

 

АНТАНІНА ХАТЭНКА. СТЫЛІСТЫКА ЖУРНАЛІСЦКІХ ЖАНРАЎ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

ЛЕКЦЫЯ 4. ХАРАКТАРЫСТЫЧНЫЯ АСАБЛІВАСЬЦІ ЖАНРАЎ.

СПЭЦЫФІКА ВЫКАРЫСТАНЬНЯ МОЎНЫХ СРОДКАЎ

Плян:

1. Інфармацыйна-дасьледчы жанр. Віды рэпартажу

2. Інтэрвію: будаваньне дыялёгу для масавага карыстаньня.
Састарэлая форма справаздачы

3. Аналітычныя жанры (карэспандэнцыя, артыкул, агляд, камэнтар).
Агульнае й адрознае з інфармацыйнымі тэкстамі

4. Мастацка-публіцыстычны стыль у сучасных мэдыях. Жанры нарысу й эсэ

5. Сынтаксычныя нормы як стылёвая адметнасьць нацыянальнае мовы

6. Спалучанасьць і адасобленасьць стыляў у жывой журналісцкай практыцы

 

1. Інфармацыйна-дасьледчы жанр. Віды рэпартажу

Рэпартаж. Мала рэальнай выглядае сытуацыя, калі б выданьне выбачалася за рэпартажную інфармацыю. Бо рэпартэрская праца ёсьць надзвычай асабоваю: аўтарскае "я" паўстае тут ці ня самым важным. Кажуць: рэпартэр — не прафэсія, але прызваньне. І журналіст-рэпартэр даволі часта сьвядома ідзе на рызыку, патрапляючы ў небясьпечныя абставіны, ня столькі дзеля матэрыялу, колькі для самасьцьверджэньня: у ім акумулююцца ўсе глядацкія й чытацкія сымпатыі, ён адначасна і аўтар, і герой. А рэпартаж — і журналістыка, і літаратура, і жыцьцё ў дзеяньні адначасна.

З рэпартэрскай працы, трэба сказаць, пачыналі ледзьве ня ўсе пісьменьнікі — у нашай краіне й у сьвеце. Згадваецца "Репортаж с петлей на шее" Юліуса Фучыка й рэпартажная дзейнасьць Ўінстана Чэрчыля, а таксама неспакойныя матэрыялы Джона Рыда пра грамадзянскія войны ў Мэксыцы й былой Расейскай імпэрыі ці Арцёма Баравіка пра Аўганістан.

Менавіта ў гэтай дэфініцыі — журналістыка-літаратура — і схавана таямніца сапраўднага рэпартажу, які ў яркай, дынамічнай, запамінальнай форме фіксуе імгненьне вечнасьці, які напоўніцу жывіцца мастацкім успрыманьнем сьвету.

"Дэталь — гэта талент" — дакладна сфармуляваў колісь Іван Тургенеў, а вядзе рэпартэра па жыцьці найчасьцей містычнае адчуваньне будучае падзеі. Адрозна ж ад аналітыка-шахматыста, рэпартэр — стаер: для яго ёсьць характэрнымі пэўныя псіхафізыялягічныя ўласьцівасьці. Перадусім, гаворка вядзецца пра здольнасьць імгненнай рэакцыі на зьменлівыя, часам непрадказальныя абставіны, уменьне адэкватна трымацца ў нэгатыўнай, почасту пагражальнай сытуацыі й пры гэтым хутка, з аднаго дыху пісаць.

Гэтаксама, як хірургу, выкліканаму пасярод начы на апэрацыю, рэпартэру даводзіцца ахвяравацца нечым асабістым дзеля справы й быць дастаткова абаяльным, каб за кароткі час здабыць давер людзей у незвычайных акалічнасьцях. Ведаючы замежныя мовы, кампутар, умеючы вадзіць аўтамабіль, маючы моцную нэрвовую сыстэму, рэпартэр застаецца найперш чалавекам, здатным да спачуваньня: ён не звыкаецца з чужымі пакутамі — іначай ня зможа эмацыйна перадаць убачанае — і заўсёды знаходзіцца ў стане маральнага выбару. Талент з прыроды сваёй ня церпіць гвалту, а таму здараецца, што рэпартэры самі ўступаюць у бойку дабра й ліха, маючы спадзеву, што нехта іншы потым дапіша.

Гісторыя рэпартажу — тое гісторыя разьвіцьця сродкаў масавай сьвядомасьці й масавай інфармацыі. За савецкімі часамі, да прыкладу, рэпартажнаму жанру зусім адмаўлялі ў праве на існаваньне, паколькі рэпартэр, маўляў, — індывідуаліст, прадукт буржуазнага сьвету й яму не павінна быць месца ў прэсе народу. А таму шмат хто з рэпартэраў патрапляў за праўдзівае слова ў няволю й шмат каго змушалі падпісваць матэрыялы ня ўласным прозьвішчам, але ад імя калектыву, у якім дамінавалі, вядома ж, рабочыя й сяляне.

Гэтакім чынам, ува ўмовах таталітарнага рэжыму рэпартаж відочна дэградуе, бо цэнзура (уладная й уласная), бясконцая чарада праверак і зацьвярджэньняў на розных роўнях дашчэнту разбураюць галоўную якасьць рэпартажу — апэратыўнасьць. Колькі рэпартажных элемэнтаў застаецца ў тэкстах пра сьвяточныя дэманстрацыі ці ўсеагульны дзень ведаў — здагадацца нескладана.

А настае час глябальных перамен, сутыкненьняў і канфліктаў у грамадзтве — рэпартэраў, безь якіх не абысьціся, няма, бо няма традыцый рэпартажу, перапынена повязь пакаленьняў. Гэта прытым, што ў аснове рэпартажу якраз і палягаюць зьява, падзея, факт у момант зьмяненьня іх у часе й прасторы, у момант карэкцыі, пераламленьня праз новыя абставіны. І таму выраз "Прапануй сваю тэму" ёсьць законам рэпартэрскай працы.

Праўда, ня варта блытаць паняткі "тэма" й "сэнсацыя" й ператварацца ў закладнікаў масавай безасабовай культуры. І тым больш — прадукаваць найгоршыя формы грамадзкай сьвядомасьці. Заганнае правіла "Калі сэнсацыі няма — яе трэба прыдумаць" карыстаюць зазвычай самыя несумленныя, пазбаўленыя пачуцьця адказнасьці журналісты, а надараецца, што гэтага правіла ім даводзіцца трымацца, рызыкуючы й баючыся наступстваў.

І гэтак, якія ж асноўныя патрабаваньні да рэпартажу? Найперш — факт асабістай прысутнасьці на месцы падзеі. Усялякая пэрыпэтыя дзеяньня, пераказаная кімсьці, — ужо ня ёсьць рэпартажам з сваёй спэцыфікі. Хаця насамрэч дарэшты аб'ектыўнай карціны стварыць наагул немагчыма: усё "перайграецца" ў сьвядомасьці, відазьмяняецца пад узьдзеяньнем асацыяцый і лягічнага аналізаваньня.

Менавіта з гэтае прычыны рэпартаж пішуць адразу, "за гарачым" сталом. Мае сэнс пацьвердзіць распавяданае сьведкамі, ужываючы элемэнты інтэрвію, але памятаючы: чалавек можа гаварыць не зусім тое, што назіраў, а тое, што хацеў бачыць. Таму належыць усё супастаўляць і правяраць.

Клясычны рэпартаж утрымлівае абсалютную дакумэнтальнасьць і аб'ектыўнасьць, "загорнутыя" ў вобразную, вабную форму, за якой паўстае размаіты, далёка не аднастайны навакольны сьвет. Істотнай зьяўляецца першая фраза — своеасаблівы "кручок", на які аўтар падлоўлівае інтарэс і ўвагу чытача. Завершаньне ж рэпартажу будуецца залежна ад густу й досьведу журналіста. Аднак ува ўспрымача інфармацыі мусіць застацца ўражаньне нечага недаўведанага, не дарэшты пазнанага, што абяцае быць яшчэ раскрытым. А дзеля гэтага "трэба навучыцца не адно бачыць, але й прыкмячаць" — падказваў Аляксандар Купрын.

Цяпер пералічым разнавіднасьці рэпартажу. Існуе некалькі мэтодык градацый гэтага жанру. Агульная: рэпартаж бывае падзейным і непадзейным. Заўважце: супярэчнасьць відная ў самой дэфініцыі. Як можа быць, здавалася б, рэпартаж непадзейным, калі асновай ягонаю ёсьць акт дзеяньня? Аказваецца, падзейны рэпартаж падае інфармацыю пра тое, што адбываецца аднойчы ў гісторыі: цывілізацыі, грамадзтва, асобнага індывіда. Адзін раз, безь верагоднасьці паўтору, адбыліся кастрычніцкі пераварот, выбух на Чарнобыльскай АЭС, першы палёт у космас, распад Савецкага Саюзу… А журналіст і блізка, здараецца, ня думае, што ягонае імя застанецца ў гісторыі.

Непадзейны рэпартаж апавядае пра факты жыцьця, якім уласьціва цыклічна, пэрыядычна паўтарацца, а рэпартэру належыць арыгінальна, непаўторна гэты факт высьвеціць з шэрагу іншых, аздобіць сваім талентам.

Па мэтодыцы паданьня матэрыялу, тэматыцы, задуме аўтара, прадыктаванай патрэбай рэдакцыі, рэпартажы ёсьць:

Чыста інфармацыйныя. Рэпартаж з новабудоўлі, базы адпачынку, сьвята. Дамінуе інфармацыйны рад, шырока скарыстаны элемэнты інтэрвію, дапушчальны нязначны аналітычны ці гістарычны экскурсы.

Праблемныя рэпартажы. Пабольшана аналітыкі. Тэкст дынамічна скампанаваны, надзвычай добра чытэльны. Праглядаецца парадокс ужо зь першага абзацу: нэгатыўная зьява падаецца праз успрыманьне самога рэпартэра, які затым робіцца аналітыкам — што, чаму й як адбылося.

Рэпартаж-расьсьледаваньне — самы небясьпечны й найбольш чытэльны. Радзей сустракаецца на радыё й тэлебачаньні, паколькі тэхнічныя мажлівасьці тут больш абмежаваны. У нашай краіне, дзе склалася крымінагенная сытуацыя, журналісцкае расьсьледаваньне можа выклікаць рэакцыю супраціву сіл дзяржаўнага мэханізму, фінансавых алігархаў, таму на гэткую працу рызыкуюць альбо людзі зь вялікім прафэсійным досьведам, альбо фанатычныя маладзёны, якія мала калі дасягаюць выніку.

Ува ўсялякім разе рэдакцыя нясе за іх адказнасьць. Ведама ж, усе расьсьледаваныя факты патрабуюць найдакладнай праверкі, і дастаткова часта рэпартаж-расьсьледаваньне набывае абрысы аналітыкі, "перарастае" ў іншы, больш аб'ёмны, жанр. Нямала добрых кніг атрымалася з рэпартажаў-расьсьледаваньняў, на гэтым практычна трымаецца й уся дэтэктыўная літаратура.

Рэпартаж крытычны, па сутнасьці, прымыкае да рэпартажу-расьсьледаваньня. Адною з форм крытычнага рэпартажу ў застойныя часы быў рэйд — найчасьцей вузка-рэгіённага, гаспадарчага, пабытовага характару. Прадугледжвалася поўная ўзгодненасьць мэты й тэмы матэрыялу на ўсіх партыйных і дзяржаўных роўнях, а затым яго меў падпісаць цэлы калектыў пэрсанажаў. Гэтак зьдзяйсьнялася калектыўная адказнасьць за пранікненьне ў забароненыя зоны. Узапраўду, гэта быў дастаткова эфэктыўны спосаб выпраўленьня памылак і недаробак: на скаргу, крытычны ліст трэба было адказаць цягам трох дзён, а пасьля магло распачацца й афіцыйнае расьсьледаваньне.

У таталітарным грамадзтве "клопат пра працоўных" быў наладжаны дасканала, і выкананьне ўсіх партыйных праграм дасягалася менавіта гэткімі прыёмамі — неадкладным рэагаваньнем на крытыку. І дагэтуль наша сьвядомасьць закадавана на скаргі й патрабаваньні дапамогі ад дзяржавы.

Маецца яшчэ колькі арыгінальных відаў рэпартажу: рэпартаж-інтэрвію (уласна інтэрвію са значнымі ўступнай і заключнай часткамі), рэпартаж-успамін і фантастычны рэпартаж — куды больш літаратура, чым журналістыка. Рэпартаж-успамін базуецца як на спамінах індывіда, гэтак і на архіўных дакумэнтах. Фантастычны рэпартаж будуецца, зыходзячы зь меркаваньня "што было б, каб..."

У падрыхтоўцы рэпартажу журналіст ня толькі традыцыйна зьбірае інфармацыю, але й скарыстоўвае непрыкметныя мэтады, але затое эфэктыўныя: мэтад маскі-1 — зьмяненьне зьнешнасьці, выпрацоўка падробных дакумэнтаў і ўжываньне ў антаганістычны асяродак; маскі-2 — знаходжаньне ў цэнтры расьсьледаваньня пад выглядам супрацоўніка. Рэпартэр мяняе прафэсію дзеля здабычы інфармацыі, авалодваючы іншымі спэцыяльнасьцямі. Але нататнік і дзьве асадкі — асноўная зброя, дыктафон — дапаможны сродак.

Рэпартаж — гэта песьня, а яе нельга перарваць: пішы альбо адразу, калі ўсё акрэсьлена ў памяці, альбо ніколі. Чытач памятае першую й апошнюю фразу, і гэта выдае на падказку рэпартэру ў дарозе, які ўжо ня ёсьць парлямэнцкім аглядальнікам (слова "рэпартэр" зьявілася ў Англіі ў такім значэньні).

2. Інтэрвію: будаваньне дыялёгу для масавага карыстаньня. Састарэлая форма справаздачы

Інтэрвію. У перакладзе з ангельскай інтэрвію —"бяседаваньне", "размова двох чалавек". Андрэ Моруа назваў інтэрвію будынінай, якую ўзводзяць удвох. Спэцыфіка інтэрвію ў тым, што ў ім падаецца інфармацыя зь першых рук і гарантавана праўдзівасьць фактажу. Адметнае яно й тым, што ўспрымач спакваля сам улучаецца ў размову, падтрымліваючы то аднаго, то другога субяседніка. Інтэрвію друкуецца ці перадаецца цалкам альбо скарочана, але ніяк не ў пераказе.

Задачы інтэрвію — атрымаць і паведаміць невядомыя раней факты пра важную падзею; прааналізаваць адбытыя зьявы; азнаёміць з пунктам гледжаньня афіцыйных асоб; дарадзіць, як найлепей скарыстаць існуючыя ў індывіда, грамадзтва магчымасьці для дасягненьня мэты. Інтэрвію — магутны сродак у палітычнай барацьбе, бо факты можна інтэрпрэтаваць па-рознаму, залежна ад аўтарытэту запрошаных асоб.

У дыялёгу пытаньні й адказы набываюць характар гульні ў тэніс, таму журналіст, які спэцыялізуецца на інтэрвію, мусіць валодаць асаблівымі псыхафізыялягічнымі ўласьцівасьцямі: хуткай рэакцыяй на зьмяненьне адносін да падзеі; здольнасьцю адначасна зважаць на асобу суразмоўцы й накіроўваць бяседу ў патрэбную плынь, фіксуючы падзею.

Наагул жа трэба занатоўваць усё сказанае дакладна, падмацоўваючы дыктафонным запісам, а перад інтэрвію абавязкова знаёміцца з рэспандэнтам і дазнавацца падрабязнасьці тэмы, якой ён займаецца, перапытваючы й удакладняючы, калі патрэбна. Найлепей мець напагатове сама меней пяць пытаньняў. Жанр інтэрвію даволі часта паслугуе пазьней асноваю для аналітычных матэрыялаў, даючы адпачатную інфармацыю.

Інтэрвію можа быць заказаным рэдакцыяй альбо прапанавана журналістам, у падрыхтаваным тэксьце магчыма мяняць пасьлядоўнасьць пытаньняў, але ў кожным разе аўтару даюць матэрыял на подпіс-візу. Гонар зрабіць эксклюзіўнае інтэрвію — толькі для пэўнага выданьня.

Інтэрвію адрозьніваюцца залежна ад рэдакцыйных задач. Ува ўрадавай прэсе найбольш распаўсюджана афіцыйнае (пратакольнае) інтэрвію, загадзя падрыхтаванае адпаведнымі службамі, у якім недапушчальна рабіць рэдакцыйныя зьмяненьні й нават стылёвыя папраўкі. Гэта, па сутнасьці, — даведка, але не журналісцкі матэрыял.

Самае масава знаёмае інтэрвію чыста-інфармацыйнае, якое паведамляе пра падзеі грамадзка-палітычнага, культурнага, спартовага жыцьця й суправаджаецца зазвычай фатаздымкамі.

Інтэрвію-дыялёг прадугледжвае ўжо раўнапраўную размову журналіста й рэспандэнта. Даволі рэдка сустракаецца з тае прычыны, шта мала журналістаў, здольных нароўні размаўляць з прадстаўнікамі спэцыяльных сфэр. Бо тут бракуе толькі высокага адукацыйнага цэнзу — трэба мець і дастаткова жыцьцёвага вопыту, і абазнанасьць у пэўнай галіне.

Прэс-канфэрэнцыі — таксама інтэрвію, але з элемэнтамі шоу, а ў палітыцы — найчасьцей ананімныя, хаця ад карэспандэнтаў патрабуецца абавязковае называньне прозьвішча й выданьня.

Партрэтнае інтэрвію мае ў сваёй структуры элемэнт замалёўкі: колькімі дэталямі журналіст апісвае характар чалавека, атмасфэру, у якой адбываецца сустрэча, і ўсяляк спрабуе захаваць індывідуальны стыль выказваньняў рэспандэнта. Як і рэпартаж, яно мусіць уражваць першай фразай, у якой ёсьць інтрыга, і почасту парадаксальным пытаньнем кшталту: "Вы шахматыст, а таму пралічваеце хады наперад?"

Праблемнае інтэрвію — самае папулярнае ў прэсе посттаталітарнага грамадзтва, калі інтарэсы людзей маюць акрэсьлены палітычны й эканамічны характар. Ведама, праблема хутчэй тут завастраецца, чым разьвязваецца. Затое рэакцыя ўспрымача заўжды адэкватная — ад яўна станоўчай да рэзка нэгатыўнай. Праз гэткае інтэрвію можна замацаваць за сабой тэму на пэўны час.

Крытычныя інтэрвію — ня менш небясьпечныя, чым рэпартаж-расьсьледаваньне. Варта добра ўзважваць свае магчымасьці й не забывацца: наш час адметны зьнікненьнямі, забойствамі й скалечаньнем журналістаў. Самыя бяскрыўдныя інтэрвію — гумарыстычныя, якія патрабуюць усьмешкі й вясёлага настрою. А наагул інтэрвію падобна да споведзі, але таямніцы ў ім адкрываюцца замест сьвятара ўсяму сьвету.

Людзям уласьціва жаданьне пагаварыць шчыра й яны імкнуцца хоць раз у жыцьці сустрэцца з жывым журналістам. Гэта якраз і трэба ўлічваць. А жанр дае неахопныя мажлівасьці ствараць разгорнутыя інтэрвію — зь некалькімі асобамі адначасна, з камэнтаром журналіста, з улучэньнем спамінаў ці прагнозаў на будучынь, інтэрвію калектыўныя й "круглыя сталы" і г.д.

Справаздача. Калі за аснову рэпартажу ёсьць дзеяньне, то ў аснове справаздачы палягае слова. У сучасны момант справаздача СМІ — гэта аргумэнты й высновы, хутчэй аналітычнага, чым інфармацыйнага характару, на пацьверджэньне пазыцыі розных бакоў. Прыкладам, немагчыма напісаць рэпартаж пра дыскусію двох дэпутатаў, але паказаць розныя пункты погляду можна ў справаздачы.

Аднак справаздача ў ейным традыцыйным выглядзе сышла ў нябыт. Цяпер ніводнае выданьне не аддасьць вялікай прасторы дзеля яе — хіба што колькі дзясяткаў радкоў. Наш век патрабуе дынамічных дзеяньняў.

3. Аналітычныя жанры (карэспандэнцыя, артыкул, агляд, камэнтар). Агульнае й адрознае з інфармацыйнымі тэкстамі

На практыцы даволі складана вызначыць, у якім жанры зроблены матэрыял, бо жанрам уласьціва перакрыжоўвацца, утвараць своеасаблівы сплаў, насычаючы й дапаўняючы адно аднаго. І гэта зразумела, бо выклікана кожны раз імкненьнем аўтара як найактыўней узьдзейнічаць на ўспрымача сыстэмай фактаў, лягічных канструкцый, эмацыйна-вобразных сродкаў. І ўсё ж, нягледзячы на жанравыя кантакты, яскравыя іх рысы захоўваюцца ў бальшыні публікацый.

Карэспандэнцыя — паведамленьне зь месцаў, дасланае ў выданьне карэспандэнтам, спраўнае, яснае, сьціслае, што адлюстроўвае рэчаіснасьць у тыповых зьявах і падзеях і завяршаецца ацэначнай высновай адносна іх. Адзінства функцый і прыкмет, асаблівая кампазыцыйная структура надаюць карэспандэнцыі адметную форму, але жыцьцё, шматплянавае й аб'ёмнае, усё-ткі змушае журналіста штораз шукаць розныя варыяцыі пісаньня — нават і ў межах аднаго жанру.

У добрай карэспандэнцыі распрацоўваецца актуальная, надзённая тэма й маюцца пачатныя элемэнты навуковага аналізу, сацыялягічнага дасьледаваньня. Існуюць інфармацыйныя, апісальныя, крытычныя карэспандэнцыі, пастановачныя, праблемныя й карэспандэнцыя-роздум. Адны зь іх блізка стаяць да навін, іншыя да вобразных зацемак з рысамі аналізу, але ўсе грунтуюцца на прыкметах апэратыўнасьці й асэнсаваньня фактаў. У карэспандэнцыі на першае месца выходзіць пастаноўка факту, зь якога вынікаюць абагульненьні, рэкамэндацыі. Шырока ўжываюцца тут таксама прыёмы інтэрвію, бэлетрыстыкі й публіцыстыкі й важкую ролю адыгрывае загаловак.

Артыкул гэтаксама пачынаецца з факту, падзеі, але думка аўтара ў ім ёсьць вядучай, вызначае скразную тэму тэксту, паступова ператвараючыся з "рэчы ў сабе" ў "рэч для нас". Аргумэнты, зь якіх выстройвае журналіст тканку твору, чэрпаюцца, перадусім, з акамуляванага досьведу грамадзтва й дапаўняюцца ўласнымі высновамі. Артыкул ёсьць жывым, рухомым, падатлівым матэрыялам.

Цяпер яшчэ некаторыя выданьні па старой завядзёнцы спрабуюць рабіць перадавыя й прапагандысцкія артыкулы, але ж выглядаюць яны ў мэдыйнай плыні атавізмам. Патрэбы грамадзтва вымагаюць артыкулаў праблемных, вострых, бескампрамісных, канцэптуальных.

Агляд агляд друку ці лістоў — гэтаксама) — панарама жывых рэчаісных повязяў, сутыкненьняў, пераплаву аднае, састарэлае, зьявы ў іншую, больш прагрэсіўную. Нярэдка агляд робіцца з дапамогай рэпартажных прыёмаў, але найперш ён ёсьць удумлівым, параўнаўчым аналізам пэўных зьяваў, зрухаў у грамадзтве й сьвеце, у пэрыёдыцы альбо літаратуры.

Вядомы агляды агульнаплянавыя й камэнтаровага кшталту. Дарэчы, камэнтар як асобны жанр змыкае інфармацыйнайнасьць і аналітыку. Агляд жа, ува ўсіх ягоных праявах, мае на мэце, канечне, фармаваньне людзкіх густаў. І гэта ёсьць ягонай відочнай асаблівасьцю. Тая ж самая задача й у рэцэнзіі, але гэты жанр канцэнтруе ўвагу на канкрэтным аб'екце культуры, мастацтва, навукі й разглядае яго падрабязна, дэталёва, супастаўляючы посьпехі й заганы, выводзячы зь лякальнага асяродку на прастору краіны ці й сьвету й вызначаючы карысьць яго для грамадзтва. Рэцэнзія арганічна зьядноўвае рысы аналітыкі й мастацкай публіцыстыкі.

4. Мастацка-публіцыстычны стыль у сучасных мэдыях. Жанры нарысу й эсэ

Жанры нарысу й эсэ, а таксама ў некаторым сэнсе рэцэнзіі на тое й ёсьць мастацкай публіцыстыкай, што не падлягаюць аніякім законам стылю, акрамя, хіба, агульнага акрэсьленьня твораў гэтага кірунку як журналісцкіх альбо літаратурных. Бо і нарыс, і эсэ могуць быць як здабыткам журналістыкі, гэтак і літаратуры.

Менавіта з гэтае прычыны немагчыма дакладна вызначыць, якія вобразна-выяўленчыя сродкі маюць быць скарыстаны ў нарысе альбо эсэ. Аўтар тут настолькі ярка індывідуальны й валодае такой шырынёй мажлівасьцяў, што можа ў палатне роздуму й высноваў скарыстаць ледзьве ня ўсе стылі, каб вымаляваць зьяву, падзею, чалавека дасканала, тонка й глыбока. У гэтым схавана непераўзыдзенасьць і непараўнальнасьць таленту мастака слова.

5. Сынтаксычныя нормы як стылёвая адметнасьць нацыянальнае мовы

Асаблівасьць і непаўторнасьць мовы, як вядома, яскрава выяўляецца не адно ў ейнай лексыцы, фанэтычным ладзе, марфэміцы, словаўтварэньні й марфалёгіі, але (і, магчыма, найперш) у збудове фраз — сынтаксысе. Што да нашае мовы, якая цягам ужо стагодзьдзяў церпіць уплыў расейскай, дык сынтаксыс ёсьць у гэткіх варунках і адзіна-выратавальным сродкам, і прыкметай заняпаду. Дарэчы, абедзьве гэтыя супраціўныя місіі сынтаксыс у нашай мове выконвае адначасна — каму што бачна й хто на якія працэсы зважае й катораму зь іх спрыяе.

Нездарма ж вызначана людзьмі мудрымі: сынтаксыс — душа мовы. Бо празь яго відна адметнасьць спосабаў і сродкаў перадаваньня думкі, волевыяўленьня й пачуцьця моўнікаў усялякага этнасу. І з гэтага вынікае, што глыбока авалодаць моваю немагчыма, грэбуючы спасьціжэньнем законаў ейнага сынтаксычнага зладаваньня. Павярхоўнае ж засваеньне мовы заўсёды выклікае найбольш хібаў якраз у сынтаксысе: тады ўладарна пануе "калька-шашаль", што праядае дашчэнту жывыя тканкі, парываючы нутраныя повязі моўнага арганізму й выдаючы напаказ прыніжаны ягоны стан.

Пэўне, у прадчуваньні непазьбежнага дзьвюхмоўя Кузьма Чорны папярэджваў яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя пра пагрозу асыміляцыі: "Гэтае злачынства цалкам ляжа на сумленьне такіх літаратараў, якія сталі на працу як бы дзеля таго, каб патаптаць і зьнішчыць моўнае багацьце, якое Беларусь збірала і ахоўвала ўсе доўгія вякі свае падвойнае няволі".

На жаль, калечаньне мовы праз калькаваньне збудовы фраз пашыраецца дагэтуль і вынішчае рэшткі калярыту маўленьня й напісаньня. "Свой уласны кірунак сказаў", уласьцівы беларускай мове, як азначаў раманіст К.Чорны, нібыта зьнік недзе за павароткай гісторыі. Паўсюль і скрозь чужыя канструкцыі: жаніўся на ёй, установа ў твары старшыні, цэны ніжэй рыначных, дагляд за дзіцем, сумуе па дому, выбраць па свайму густу… Ці ж магчыма ўсё пералічыць?!

Выдае на тое, што на першае месца ў навучаньні стылю высоўваецца патрэба азнаямленьня з традыцыямі архітэктонікі фраз і сказаў. Сытуацыя, калі мова ці не дарэшты зьнікла з ужытку, вымагае ад спэцыялістаў у галінах гуманітарных навук, мастацтва й літаратуры (а журналістыка, як ні круці, прымыкае да памянёных сфэр) асаблівых высілкаў дзеля аднаўленьня жывое арганічнае гаворкі й прыгожага, складнага пісьменства. Калі кожнае слова займае сваё, належнае толькі яму месца ў тканцы ўсялякага твору — ад ляканічнай зацемкі да разгорнутага палатна. Выходзіць, што й стыль мы цяпер мусім вызначаць (ці, хутчэй, трымацца яго) залежна, перадусім, ад таго, ці ўмеем скарыстаць усе моўныя рэсурсы, каб вымавіцца не няўклюдна, ня штучна.

6. Спалучанасьць і адасобленасьць стыляў у жывой журналісцкай практыцы

Каб давесьці сваё меркаваньне й прыцягнуць увагу да яго грамады, найперш, вядома, у літаратурнай, журналісцка-дасьледчай працы варта й трэба ўлічваць гэткую дэталь, як прызначанасьць тэксту, бо з гэтага вынікае характар і від таго стылю, які журналіст мае скарыстаць дзеля раскрыцьця тэмы. Калі гэта афіцыйна-спраўны дакумэнт — а ў журналістыцы надараюцца й акалічнасьці, што патрабуюць справаздачна-аргумэнтаванага тэксту — то будуць пераважаць агульнапрынятыя канцылярскія штампы, устойлівыя словазлучэньні, лягічныя іннтэлектуальныя высновы. І ў гэткіх варунках як нельга лепей паслугуе менавіта афіцыйна-спраўны стыль, які вымагае дакладнасьці й усяляк пазьбягае маляўнічасьці альбо абстрактных словаў.

Іншая справа, калі тэма датычыцца навуковых сфэр. Здавалася б, фігуруе ўсё тая ж суровасьць у выбары маўленчых сродкаў, усё тая ж заштампаванасьць мовы, што якраз тут знаходзіцца на сваім месцы. Аднак жа тканка твору — інакшая. Абстрактна-лягічныя паняткі й катэгорыі, тэрміналягічныя выразы й дакладныя фармулёўкі складаюць аснову стылю навуковага, які ёсьць зусім адрозным ад афіцыйна-спраўнага: свет паўстае ў гэтым разе празь лягічнае засваеньне. Навуковая мова — мова тэрмінаў, нэўтральных (вада, газ, ядро й г.д.) але ў спэцыфічным сэнсе, і адмысловых, уласьцівых адно пэўнай галіне чалавечае дзейнасьці й вытворчасьці.

Мы зьвярталіся ўжо ў плыні нашае гаворкі да стыляў публіцыстычнага й мастацкага, зважаючы на той факт, што публіцыстыка ня ёсьць наагул стылем, але ж відам літаратурнай творчасьці, які ахоплівае ўсе стылі й мае спрычыненасьць да ўсіх журналісцкіх жанраў. Прымыкае публіцыстыка й да мастацкага стылю, утвараючы своеасаблівы сплаў, што прынята вызначаць як мастацка-публіцыстычны стыль. Я цяпер адно прыгадваю гэтыя асаблівасьці, на якіх мы запыняліся раней, дзеля падкрэсьленьня значнасьці стылю ў асьвятленьні пэўных тэм і аргумэнтаваньні думкі. Бо стыль — аказваецца — выконвае далёка не апошнюю ролю ў вытварэньні добрага журналісцкага прадукту, і ўменьне правільна яго абраць і дасканала ўжываць ягоныя мажлівасьці ёсьць прыкметай прафэсійнга майстэрства.

Таму на заканчэньне нашых тэарэтычных пазнаньняў маю больш акцэнтавана зважыць на некаторыя найяркія адметнасьці стыляў — гэта ж, магчыма, прыцьмянілася ў агульнай гаворцы што да жанраў і іхных узаемаўплываў. А раз журналістыка у наш час ледзь не атаясамляецца з публіцыстыкай, бо ж апошняя пранізвае наскрозь і чыста інфармацыйныя, і аналітычныя матэрыялы, і робіцца, да таго ж, добрай акрасай мастацкіх тэкстаў, да яе й павернемся тварам. І гэтак, усялякі журналісцкі твор мусіць быць строга лягічным, пераканальным, калі хочаце, нават агітацыйным. І гэта архіважна. Бо ўхваляючы нейкую зьяву ці наадварот — даючы ёй адмоўную ацэнку, журналіст у кожным разе агітуе за пэўныя каштоўнасьці. Гэта праглядаецца ва ўсялякім жанры. Выняткам пакуль паўстае толькі інфармацыя навіннага кшталту, дзе недапушчальны ацэначныя крытэры. Але й тут мусіць адчувацца пульс публіцыстыкі — адпаведнасьць часу.

Канечне, царкоўна-рэлігійны, кананічны тэкст, альбо кранікальны, летапісны хутчэй вызначаюцца надчасавасьцю, чым экспрэсіўнасьцю публіцыстычнае формы адлюстраваньня рэчаіснасьці, якая патрабуе сыстэмы разгорнутых доказаў. Хаця й між такімі далёкімі стылямі, як царкоўны й умоўна названы публіцыстычным, што паслугуе ўсюды, акрамя хіба афіцыйна-спраўных і навуковых стасункаў (дый тое зь вялікімі прыпушчэньнямі), гэтаксама назіраецца агульнасьць — повязь з тым часам, які належыць адбіць альбо прааналізаваць, прыстасаваць да патрэб чалавека. З улоньня часу не выпадае нават гэткі шмагранны й шматаблічны стыль, як гутарковы, ці прастамоўны. Бо ж крэдо журналіста ва ўсе вякі, ад запачаткаваньня гэтае прафэсіі, — весьці за сабою. І моўны лад у гэткай чыннасьці ёсьць надзвычай важным, ці не вызначальным. Адкрытасьць, простая мова, дастатковая вобразнасьць і экспрэсіўнасьць забясьпечаць добраму адмыслоўцу ў журналістыцы не адно часавы посьпех, але й мажлівасьць уплыву на прышласьць, якая нібыта яшчэ за гарамі, аднак жа дыхае нам у твар.

Літаратура

1. Абабурка М.В. Культура беларускай мовы. Мн., 1994.

2. Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. М., "Універсітэцкае", 1995.

3. Сцяцко П.У. Праблемы нормы, культура мовы. Гродна, 1998.

4. Современная журналистика. Киев, Центр свободной прессы. 1999.

5. Головин П.Н. Основы культуры речи, 2-е изд. М., 1990.

6. Павел Сцяцко. Культура мовы. Мінск, "Тэхналогія", 2002.

 

 

Стылістыка журналісцкіх жанраў
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY