|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА
СЯРГЕЙ ПУЛЬША. ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДАВАННЕ |
|
Лекцыя 3 |
План: 1. Юрыдычныя аспекты расследавання: а) Юрыдычная бяспека журналіста; 2. Напісанне артыкула па выніках журналісцкага расследавання. “Кантрольнае інтэрв'ю”.
“Абароны патрабуюць тыя, хто няздольны абараняць сябе сам — дзеці і жывёлы”. У нашым закрытым грамадстве сакрэтнай можа з'яўляцца нават тая інфармацыя, якая друкуецца ў газетах. Таму любы чалавек, які бярэцца за расследаванне ці даследаванне, павінен ведаць неабходны мінімум законаў і падзаконных актаў краіны, якія рэгулююць яго дзейнасць і ў дачыненнях з якімі ў яго дзейнасці могуць узнікнуць пэўныя складанасці. Для гэтага неабавязкова быць юрыстам — трэба проста разбірацца ў заканадаўстве. Хаця б для таго, каб паспрабаваць прадбачыць “адмоўныя” вынікі надрукаванага матэрыялу для сябе. Гэта, найперш, артыкулы 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія гарантуюць грамадзянам Беларусі свабоду меркаванняў і свабоднае выказванне гэтых меркаванняў, а таксама права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі. Але, па-першае, Канстытуцыя не мае прамога дзеяння. Па-другое, яна недасканалая, што бачна нават з таго ж 34 артыкула, дзе гаворыцца: “Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў”. Поўная цытата заключнага пункту 34 артыкула спатрэбілася для таго, каб прадэманстраваць, што гэта абмежаванне не тычыцца пытанняў абароны інтарэсаў дзяржавы і асабліва ахоўваемых законам сакрэтаў. З-за гэтага і можа ўзнікнуць разыходжанне ў тлумачэннях Асноўнага Закона і Законам “Аб дзяржаўных сакрэтах”. Другі закон, які трэба ведаць, гэта, канешне ж,— Закон “Аб друку…” Акрамя вядомых і найбольш ужывальных артыкулаў 5, 39, 40, да якіх любяць апеляваць журналісты і іх апаненты, карысна ўважліва прачытаць і артыкул 32, які рэгламентуе правы СМІ на атрыманне інфармацыі, а таксама артыкул 33, які тлумачыць выпадкі адмовы ці адтэрміноўкі ў прадастаўленні інфармацыі журналістам і іх выданням. У залежнасці ад сферы расследавання нярэдка сутыкаешся з Законам “Аб дзяржаўных сакрэтах”, асабліва з першымі пунктамі 7-га артыкула: “Звесткі не могуць быць аднесеныя да дзяржаўных сакрэтаў, калі гэта: стварае пагрозу для бяспекі і здароўя грамадзян у выніку прыхавання дадзеных аб надзвычайных здарэннях, катастрофах, а таксама стыхійных бедствах і іх наступствах, у тым ліку прагназуемых; утойвае парушэнне законнасці, неправамернасць дзеянняў ці бяздзеянне дзяржаўных органаў і службовых асобаў, звесткі аб крымінагенным становішчы, правапарушэннях і вынікі сацыялагічных даследаванняў…” Вельмі карыснымі час ад часу (асабліва, калі расследаванне ідзе ў сферы, блізкай да крымінальнай) бывае веданне законаў аб сілавых структурах — не толькі ў тым аспекце, які тычыцца свабоды слова. Гэтыя законы лепш прачытаць “у арыгінале” і добра ўсвядоміць абавязкі і правы супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каб ведаць, што можа сабе дазволіць журналіст і на што маюць права супрацоўнікі, напрыклад, міліцыі. Але зборніка “Заканадаўства РБ аб сродках масавай інфармацыі”, выдадзенага БГАКЦ у 1998 годзе, які ўтрымлівае асноўную інфармацыю па заканадаўстве ў галіне СМІ Беларусі, будзе ўсё ж недастаткова. У любым выпадку, аднак, прачытайце раздзел IV гэтага зборніка — “Юрыдычная адказнасць”, дзе разбіраюцца артыкулы Крымінальнага і Адміністратыўнага кодэксаў аб абароне гонару, годнасці і іншых непрыемных рэчах. Гэтыя артыкулы — цудоўная ілюстрацыя таго, што будзе з журналістам, калі ён недастаткова сумленна падрыхтуе матэрыял да друку. Калі раптам агульных звестак у прававой сферы аказваецца недастаткова — трэба абавязкова раіцца з юрыстам. Заўсёды трэба памятаць, што лепш параіцца з юрыстам да публікацыі матэрыялу, чым пасля яе — у судзе. Дый рэкамендацыі па бяспецы для журналістаў, падрыхтаваныя юрыстамі БАЖ Міхаілам Пастуховым і Юрыем Тапарашавым, чытаць час ад часу варта. Увогуле ж, у нашай сітуацыі ёсць толькі адзін гарантаваны спосаб пазбегнуць судовага пераследу — не друкаваць вынікі расследавання. Але быць журналістам і не быць мужным — немагчыма. Такім чынам, нават параіўшыся з юрыстам, вырашаць, што друкаваць і як друкаваць, усё ж трэба журналісту і ягонаму рэдактару. Не трэба забывацца і на журналісцкую этыку ў падобных сітуацыях, якая можа дапамагчы пазбегнуць складанасцяў з законам і праваахоўнымі органамі. У працы журналіста, якая тычыцца крымінальных альбо напаўкрымінальных колаў, значна большае значэнне, чым гэта можа падацца на першы погляд, мае маральны аспект. Журналіст сутыкаецца з тымі, хто неаднаразова парушаў закон, і часам яму распавядаюць, якім чынам гэта рабілася, з якімі мэтамі і вынікамі — прычым парушэнні найчасцей былі далёка не дробныя. У такіх сітуацыях вам часам даводзіцца глыбока задумацца пра тое, якой мусіць быць ваша маральная пазіцыя. Іншым разам чалавек, з якім даводзіцца размаўляць, агідная асоба, бо ў яго проста зусім іншае разуменне маралі, далёкае ад таго, якое маюць звычайныя людзі. І калі вам робіцца вядома пра нейкія сур'ёзныя правапарушэнні ці крымінальныя дзеянні, якія рыхтуюцца, закон абавязвае журналіста падзяліцца інфармацыяй з праваахоўнымі органамі. Разам з тым існуе і артыкул 34 Закона “Аб друку” “Нераскрыцце крыніцы інфармацыі” і кодэкс журналісцкай этыкі. Журналіст абавязаны ахоўваць сваю крыніцу інфармацыі. Калі ён зробіць інакш, то можа заканчваць сваю кар'еру даследчыка і пераходзіць на музычныя рэцэнзіі — проста больш яму ніхто і нічога не скажа. Раскрыць крыніцу інфармацыі журналіст мае права толькі “па рашэнні суда, асобы, якая ажыццяўляе дазнанне альбо следства, калі гэта неабходна для расследавання альбо разгляду спраў, якія знаходзяцца ў справаводстве”. Гэтага патрабуе закон. Мая персанальная пазіцыя палягае ў тым, што журналіст мае права не раскрываць крыніцу інфармацыі. Адзіным выключэннем з'яўляецца сітуацыя, калі яму вядома пра маючае адбыцца злачынства. Калі ніякага парушэння закону не плануецца, журналіст займаецца сваёй справай, а не справай крымінальнага следчага. Пры маючым адбыцца парушэнні закону ён можа даць інфармацыю следчаму, але не павінен браць на сябе функцыі праваахоўных органаў. Дарэчы, юрысты час ад часу кажуць журналістам, каб яны не спяшаліся выкрываць сваіх інфарматараў нават тады, калі гэтага патрабуе суд. Справа ў тым, што нераскрыцце крыніцы інфармацыі — гэта справа не толькі журналіста, але і той самай “крыніцы інфармацыі”. Застацца ананімам — яго права, і журналіст павінен гэтае права паважаць. Максімальнае пакаранне, якое можа вызначыць суд за адмову назваць імя інфарматара — адміністратыўная адказнасць (звычайна штраф) за непавагу да суда. Здаецца, гэта даволі танна для таго, каб не страціць давер у сваёй крыніцы інфармацыі і набыць рэпутацыю надзейнага на 100% чалавека і прафесіянала. Асабістая бяспека журналіста, альбо чаму загінуў Зміцер Холадаў Самая галоўная абарона журналіста — ягоная галава. Тэхніка бяспекі ёсць у любой прафесіі. У журналістыцы яна ёсць таксама. Прыкладам з'яўляюцца звычайныя правілы паводзін журналіста ў “гарачых кропках”, а таксама стандартныя правілы паводзін падчас масавых акцый. Ёсць правілы бяспекі і ў журналісцкім расследаванні. Забойства маскоўскага журналіста Зміцера Холадава ў свой час стала вельмі гучнай тэмаю. Шмат журналістаў паспрабавалі працягнуць тую справу, якой займаўся Зміцер. З гэтага нічога не атрымалася, бо Зміцер Холадаў парушыў усе правілы бяспекі журналіста, якія можна было парушыць. Такім чынам, мы даведаліся, што подзвіг і трагедыя — розныя рэчы. Першае і самае галоўнае правіла: не рабіць з сябе шпіёна і не насіць “на сабе” небяспечную інфармацыю. Яе варта дубляваць усімі магчымымі сродкамі ды распаўсюджваць сярод давераных асоб,— і як мага шырэй. У якасці давераных асоб можа выступіць хто заўгодна — калегі па працы, знаёмыя з праваахоўных органаў, кіраўніцтва, сябры і г.д. Праігнараваць усіх, як гэта было ў выпадку з Холадавым,— небяспечна. Холадаў “гуляў у шпіёна”, і гэтая яго манера працы была вядомая. Таму і паўстала думка: ліквідаваўшы яго, можна ліквідаваць і інфармацыю. У пэўнай ступені так і атрымалася. Другое. Трэба шырока афішаваць “скідванне інфармацыі”. Пры такой манеры працы і замоўца, і выканаўца крымінальнага дзеяння супраць вас будуць ведаць, што ўздзейнічаць на журналіста не мае сэнсу. Трэццяе правіла можна назваць “праверкай сіл і магчымасцяў”. Перш, чым пачаць расследаванне, трэба атрымаць інфармацыю па тэме расследавання. Зыходзячы з яе ацэньваецца перспектыўнасць тэмы ды небяспека, з ёю звязаная. Да таго ж такая інфармацыя вам патрэбна, каб не пераацаніць свае сілы ды недаацаніць сілы апанента. Чацвёртае. Не злоўжывайце прафесіяй. Журналіст вядзе расследаванне, а не камерцыйную дзейнасць па зборы і продажу інфармацыі. Гэта значыць, не займайцеся інфармацыйным рэкетам: За падыход “Вы плаціце за тое, каб інфармацыя не трапіла ў прэсу альбо да канкурэнтаў” вельмі проста атрымаць па галаве. Пятае. Не саромцеся аддаць пас калегам. Калі вашаму выданню па тых ці іншых прычынах тэму “не пацягнуць” (адміністрацыйны ціск на рэдакцыю ці рэдактара і інш.), заўсёды можна знайсці тых, хто гэтую тэму распрацуе — іншае выданне ці іншых журналістаў. Справе гэта не пашкодзіць. Шостае. Не правакуйце фігурантаў расследавання на канфлікты. Не зневажайце іх і не вымушайце на жорсткую рэакцыю. Каб гэтага не адбылося, трэба ўважліва ставіцца да слова. Да прыкладу, не называць чалавека з крымінальнага асяроддзя мянушкамі кшталту “певень” — згодна з бандыцкім этыкетам, такія словы ён не можа пакінуць без рэакцыі. Што гэта будзе за рэакцыя — прадбачыць няцяжка. Сёмае. Не пазіцыянуйцеся прыхільнікам таго ці іншага боку. Вы згубіце ўсё: аб'ектыўнасць, нейтралітэт і аўтарытэт журналіста. Восьмае. Назіральнік непазбежна ўплывае на малюнак эксперыменту і выклікае пэўную ўвагу з боку даследуемага. Таму трэба сачыць за сваімі побытавымі паводзінамі. Звяртаць увагу на нехарактэрныя ў звычайным жыцці сітуацыі — новыя машыны ля пад'езда, шматлікія сутыкненні з аднымі й тымі ж незнаёмымі людзьмі ў пад'ездах ці па дарозе на працу і г.д. Хто ведае: каб Зміцер Завадскі своечасова звярнуў увагу на незнаёмую машыну, што з'яўлялася ля яго дома — можа быць, зараз бы ён быў жывы і з намі. “Той, хто жыве ў шкляным доме, не павінен кідацца камянямі”. Дзевятае. Не рабіць таго, чаго ніколі не зрабілі б у штодзённым жыцці. Не сустракайцеся з інфарматарам у 5 гадзін раніцы ў бязлюдным месцы і г.д. Не трэба і ўскладняць сітуацыю да ідыятызму. І апошняе. Вышэйвыкладзенае — толькі рэкамендацыі. Кожная сітуацыя патрабуе сваіх мер бяспекі. На будоўлі ніхто не стаіць пад стралою пад'ёмнага крана і кожны абавязкова носіць каску. Парушаючы меры бяспекі вы павінны ведаць, якія наступствы гэта прынясе і аб'ектыўна і крытычна ацэньваць сітуацыю і небяспеку. Нейкімі правіламі можна і ахвяраваць дзеля выніку — але трэба быць упэўненым, што вынік будзе. Што тычыцца Зміцера Холадава — то яго не было б за што забіваць. Да прыкладу, у яго расследаванні была лічба — Заходняя група войскаў у савецкія часы на ўзбраенні мела 16.000 танкаў. Столькі танкаў у ЗГВ ніколі не было. Напісанне матэрыялу “Сметніца для скарыстанай паперы па-ранейшаму застаецца найлепшым сябрам аўтара”. Ну, што, сабралі інфармацыю, праверылі, пацвердзілі яе дакументальна? З юрыстамі зверыліся? Трэба брацца за напісанне артыкула. Нібыта нічога складанага. Але... Напісанне матэрыялу журналісцкага расследавання — гэта зусім не лёгкая задача. Вялікі аб'ем сабраных матэрыялаў, фактаў і меркаванняў абумоўлівае і спараджае шматлікія складанасці. Найчасцей першапачаткова сенсацыйныя дадзеныя пры бліжэйшым разглядзе робяцца менш сенсацыйнымі. На Захадзе кажуць — “менш сэксуальнымі”. Таму асноўная праблема пры напісанні расследавальніцкага артыкула — вярнуць першапачатковым фактам былую “сэксуальнасць”, не ўваходзячы пры гэтым у супярэчнасць са здабытымі звесткамі. А гэта ўжо залежыць ад стылю аўтара і ягонага майстэрства валодання мовай. Увогуле, карысна пачынаць пісаць артыкул тады, калі расследаванне знаходзіцца толькі напачатку. Гэта дапамагае апрацаваць першапачатковую інфармацыю, выпрацаваць адносіны да матэрыялу, знайсці адпаведную манеру інтэрпрэтацыі фактаў, высветліць спрэчныя моманты, звярнуць увагу на будову матэрыялу, выбраць найбольш верагодную версію будучага артыкула. І што асабліва карысна — усё гэта падкажа, у якім кірунку трэба рухацца далей. Складзены “шкілет” дапаможа зразумець, якіх фактаў не хапае і з якіх крыніц гэтыя факты можна здабыць. Пісанне артыкула яшчэ да завяршэння расследавання дапаможа своечасова высветліць хібы задумы і засцеражэ вас ад марнай працы ў выпадку, калі вы зразумееце, што вам яшчэ трэба зрабіць. Зразумела, што зрабіўшы “шкілет” вам яшчэ давядзецца не раз перапісваць матэрыял. Гэта дадатковая праца, але ж лепш прарабіць дадатковую працу, чым выпраўляць хібы перад здачай матэрыялу ў друк, на што можа проста не хапіць часу. Усе журналісты звычайна “ходзяць пад канкрэтным тэрмінам” здачы матэрыялу ў друк. Каб не парушыць тэрмін здачы, лепш паклапаціцца пра якасную падрыхтоўку артыкула загадзя. Найважнейшая частка любога творчага працэсу, асабліва гэта важна ў буйным артыкуле, якім атрымліваецца артыкул па выніках журналісцкага расследавання,— планаванне. Кампазіцыя артыкула — гэта не толькі складанне слоў, але і арганізацыя думак. На кампазіцыю ўплывае і спосаб падачы матэрыялу, і ягоны жанр. Калі ж расследаванне скончана, а вы папярэдне нічога не пісалі, то план лепш накідаць на паперы. Шкалярства? Не, так робяць не толькі пачынаючыя журналісты, але і профі, якія хочуць дабіцца максімальнай якасці. План патрэбны хаця б для таго, каб зразумець, як раскласці асноўныя блокі інфармацыі і як яны будуць звязаныя паміж сабою. Асабліва гэта карысна, калі матэрыял ідзе не ў адным нумары, а ў двух-трох,— серыяй артыкулаў. Любы артыкул павінен быць ясны па думках, па кампазіцыі і мове. Калі гэта не так, трэба падумаць яшчэ раз і перапісаць артыкул наноў. Часцяком газету чытаюць у зусім не прыдатных дзеля таго, каб засяродзіць ўвагу на складаных выразах і хадах матэрыялу, месцах — напрыклад, у метро. Абавязкова трэба тлумачыць тэрміны. Журналіст, які глыбока “капае” ў праблему, з часам становіцца спецыялістам у той тэме, якой займаецца. Але гэта не значыць, што такімі ж спецыялістамі з'яўляюцца ягоныя чытачы. З гэтага вынікае, што трэба выкласці фактуру такім чынам, каб яна была зразумелая нават непадрыхтаванаму чытачу — дасціпнымі і простымі словамі. Але “простымі і дасціпнымі” не азначае “прымітыўнымі”. Звычайна рэкамендуецца пазбягаць жаргону, але іншым разам ужыць крыху жарганізмаў нават карысна — яны даюць магчымасць чытачу спрычыніцца да тэмы, выклікаюць адчуванне глыбокага пранікнення ў тэму расследавання, дазваляюць даведацца пра мову прадстаўнікоў іншых сацыяльных груповак. Пазбаўляцца трэба не жаргону ці спецыялізаваных выразаў, а звычкі не тлумачыць іх нармальнай мовай. Урадавыя чыноўнікі звыклі карыстацца рознымі тэрмінамі: “сістэма выпраўленчых устаноў” ці “пенітэнцыярная сістэма”. На звычайнай мове — гэта турмы і калоніі, а “адсутнасць балансу паміж прапановай жылых памяшканняў і попытам на іх” — недахоп жылля. Гэта тыя ж самыя эўфемізмы, пра якія распавядалася ў раздзеле “Атрыманне інфармацыі”. Выкарыстанне эўфемізмаў іншым разам стварае смешныя сітуацыі. У адной замежнай газеце калісьці з'явіўся загаловак: “Дзяўчына атрымала 65 удараў нажом, але засталася некранутай”. У сэнсе — не была згвалтаваная. Мэта вашага артыкула — данесці думку да чытача, а не дэманстраваць свае разумовыя здольнасці. Калі даводзіцца нешта тлумачыць таму, хто прачытаў залішне “закручаны” матэрыял,— перапішыце яго. Матэрыялы перад здачай у друк вычытваюць карэктары і рэдактары. Калі нешта даводзіцца тлумачыць ім, то, зразумела, тое ж спатрэбіцца патлумачыць і чытачам, а да кожнага з іх дадому на каву з цыгарэтамі не зойдзеш. У такім выпадку рэдактар амаль заўсёды мае рацыю. “Усё, што напісана дзеля задавальнення самога аўтара, не вартае роўна нічога”. (Блез Паскаль.) Калі фразу даводзіцца перачытваць па два-тры разы, каб у яе “ўрубіцца” — гэта дрэнная фраза. Галоўная задача артыкула — даць чытачу тую інфармацыю, якой у яго раней не было. Ён павінен адразу зразумець, патрэбна, цікава яму гэта ці не. Калі “не” — сваёй мэты журналіст не дасягнуў. Складаныя фразы робяць уражанне непатрэбнасці. Але і занадта спрашчаць матэрыял не варта — трэба сапраўды не падладкоўвацца пад чытача, а падымаць яго на больш высокі якасны ўзровень разумення тых праблем, пра якія вы пішаце. Некаторыя аўтары і выданні, карыстаючыся спрошчанай штампаванай мовай, спасылаюцца на ўзровень чытача — “хатняй гаспадыні”. Гэта няслушная аргументацыя. Пазбягаць клішэ і штампаў — парада, якая ніколі не будзе залішняй. Вызначыць штампы проста: калі аўтар падазрае, што фраза — штамп, значыць гэта на самай справе штамп. Стылістычныя змены не павінны, аднак, уплываць на дакладнасць, адэкватнасць і шчырасць матэрыялу. Першае правіла, якое падаецца ў сучасных замежных падручніках па расследавальніцкай журналістыцы, дый па журналістыцы ўвогуле, — пісаць толькі тое, у чым журналіст упэўнены. Шмат хто піша дэталізаваны матэрыял з думкаю: “А, напэўна, гэта так”. Факты ёсць факты, яны не могуць быць “напэўнымі”. Сучасная журналістыка патрабуе раздзялення матэрыялаў на факты (тое, у чым чытач можа быць упэўнены на 100%) і меркаванні — прагнозы, нічым не вызначаную “аналітыку” і асабліва — тэкставыя замалёўкі “на правах рэкламы”. Калі, магчыма, і няма папярэдняй дамоўленасці на захаванне таямніцы крыніц інфармацыі — трэба абавязкова дэтальна выкладаць тое, што высветлена. Кепскія тыя журналісты, якія пішуць пра “крымінальныя структуры”, “афіцыйныя арганізацыі”, “дасведчаныя крыніцы”, не называючы і не канкрэтызуючы іх. Падобныя матэрыялы распазнаюцца вельмі хутка — дастаткова прагледзець матэрыял у пошуках вялікіх літар. Калі іх няшмат, значыць артыкул занадта абагульнены, трэба дадаць у яго канкрэтыкі, дэталізаваць яго, назваць імёны. Займацца ўдакладненнямі трэба вельмі асцярожна, але без гэтага не абысціся. Калі ў артыкуле існуе належным чынам аформленая спасылка на крыніцу інфармацыі, чытач мае магчымасць сам ацэньваць артыкул альбо інфармацыю, якая ў ім ўтрымліваецца. Чытача не павінна хваляваць пытанне: “Адкуль газетчыкі пра гэта даведаліся?” У яго не павінна ўзнікаць думкі, што фактычны матэрыял, тым больш калі гэта расследаванне, узяты “са столі” альбо з'явіўся ў выніку пасядзелак за рэдакцыйным сталом. Тым больш трэба спасылацца на крыніцу інфармацыі, калі інфармацыя можа выклікаць сумневы ў сваёй праўдзівасці. Імёнаў і дакладных лічбаў павінна быць як мага больш — настолькі, наколькі дазваляе фармат матэрыялу. Інакш узнікаюць праблемы з разуменнем таго, што хацеў сказаць журналіст, і атрымліваецца, што інфармацыя надрукаваная нібыта толькі для кола дасведчаных асоб. Але журналіст піша артыкулы для шырокага кола чытачоў, а не толькі для сваіх інфарматараў! Ёсць іншы спосаб адначасова канкрэтызаваць матэрыял і зрабіць яго больш чытэльным, больш жывым і цікавым. Гэта асноўная тэндэнцыя сучаснага інфармацыйнага грамадства — як і для тэлебачання, для газеты ўжо пачаўся перыяд візуалізацыі інфармацыі. Гэта значыць не толькі тое, што візуальная інфармацыя вартая такой жа ўвагі, як і тэкставая (фотаздымкі, графікі, малюнкі зараз пачынаюць адыгрываць значна большую ролю, чым раней). Гэта значыць і тое, што большую ролю адыгрываюць параўнанні і апісанні — каб чытач проста ўявіў сабе тое, што яму тлумачаць словамі. Гэтага пастаянна патрабаваў вядомы беларускі журналіст Ігар Гермянчук — на жаль, ужо нябожчык. Асабліва, калі размова тычыцца таго, пра што чытач мае толькі адцягненае ўяўленне. Калі ён тлумачыў мне заданне напісаць матэрыял пра чарнобыльскі “саркафаг”, то два разы падкрэсліў, што трэба дасціпна патлумачыць “тэхнічныя” тэрміны. Напрыклад, калі будуць называцца нейкія дозы радыяцыі, іх можна параўнаць са смяротнай дозай, а сам аб'ект “Укрытие” — з 70-павярховым будынкам і г.д. Гэтыя дэталі даюць чытачу ўяўленне пра сапраўдныя памеры “саркафага”, які большасць з нас бачылі толькі на фотаздымках. І, вядома ж, трэба ілюстраваць матэрыял. На пачатку мінулага стагоддзя вельмі шырока выкарыстоўваліся малюнкі мастакоў. Сёння няшмат малюнкаў на старонках газет. У нашых умовах найчасцей даводзіцца самому шукаць здымкі для ілюстравання ўласных матэрыялаў. Калі журналіст жадае, каб яго матэрыял быў якасна праілюстраваны, ён павінен пра гэта паклапаціцца сам. Да таго ж ён валодае тэмай і калі знойдзе магчымасць зрабіць здымкі, то атрымае лішняе пацвярджэнне таму, пра што распавядае. Ілюстраванне матэрыялаў — вельмі важны аспект падрыхтоўкі матэрыялу да друку. І апошняе — бязглуздыя вызначэнні. Дзяржаўны чыноўнік, асабліва калі ён доўгі час працаваў на кіраўнічых пасадах падчас СССР, і асабліва калі ён быў прызначаны туды “па загаду партыі і ўрада”, можа казаць: “май месяц”, “сур'езная небяспека”, “непацверджаныя чуткі”. Для журналіста павінна быць зразумела, што май — гэта і ёсць месяц, што небяспека не можа быць жартоўнай, пацверджаныя чуткі — гэта ўжо факты. Дый палова не можа быць большай альбо меншай. Палова — гэта роўна 50%. Падобныя праблемы ўзнікаюць на любой мове. Згадайце беларускае выслоўе кшталту “па сваім асабістым жаданні”. Можа быць “сваё”, але не “асабістае”? Выпраўленне такіх выразаў — вельмі цяжкая праца для рэдактара. Я, напрыклад, заўсёды бачу ў дасланым прэс-рэлізе фразу “пратэстуюць супраць”. Я б прадставіў да Нобелеўскай прэміі чалавека, які б вынайшаў спосаб “пратэставаць за”. Права на адказ Амерыканскія стандарты патрабуюць абавязковага “кантрольнага інтэрв'ю”. І гэта неабходная рэч, якая часам можа звесці ўсю папярэднюю працу журналісцкага расследавання на нішто. “Кантрольнае інтэрв'ю” — гэта права на адказ таго боку, адносна якога праводзіцца расследаванне. Калі сабраныя ўсе звесткі, з дапамогай некалькіх крыніц праверана інфармацыя, журналіст павінен прыйсці да тых, адносна каго праводзіцца расследаванне, і задаць ім пытанне: “Як разумець гэтыя факты?” Фігурант расследавання альбо адмаўляецца ад размовы, альбо круціцца, як вужака на патэльні. Але і першае, і другое сведчыць на карысць журналіста. У Амерыцы зрабіць “кантрольнае інтэрв'ю” досыць лёгка. У нашых умовах усё значна складаней. Дзяржаўныя чыноўнікі даволі рэдка ідуць на кантакт з недзяржаўнай прэсай. Такім чынам, адной адмовы дастаткова, каб пачаць друкаваць матэрыялы расследавання. Адмова фігуранта ад “кантрольнага інтэрв'ю” ёсць дастатковая падстава для таго, каб надрукаваць матэрыялы расследавання. Але спробу “кантрольнага інтэрв'ю” рабіць трэба абавязкова. Бо кожны бок мае права на выказванне свайго пункту погляду. Выказаць яго ці адмовіцца — яго права. Шанц на выказванне свайго меркавання кожны бок мусіць мець. Практычныя заняткі: 1. Тэст амерыканскай асацыяцыі журналістаў на пакрокавую працу журналіста: “step-by-step”. Аналіз вынікаў тэсту. 2. Аналіз журналісцкіх расследаванняў (на прыкладзе артыкулаў “Белорусской деловой газеты”). Што зроблена не так? Як павінен гучаць матэрыял?
Літаратура 1. Мэдыі і камунікацыя. Курс лекцыяў. —Менск—Вільня, 2000. 2. Рэндалл Дэвид. Универсальный журналист. —Алматы, 1996. 3. Современная журналистика. Учебник для студентов институтов и факультетов журналистики. —Киев, 1999. 4. Уллмен Джон. Журналистские расследования: современные методы и техника. —Москва, 1998.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||