ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА

 

АЛЕСЬ АНЦІПЕНКА. ЖУРНАЛІСЦКАЯ ЭТЫКА

 

  Плян:

1. Прынцыпы журналісцкай этыкі:

а) дакладнасьць
б) матэрыяльная незаангажаванасьць
в) павага да чытача, гледача, слухача
г) тактоўнасьць і далікатнасьць
д) сьмеласьць і бясстрашша

 

Наступным прынцыпам журналісцкай этыкі, зьвязаным з патрабаваньнем аб'ектыўнасьці (праўдзівасьці) інфармацыі, зьяўляецца дакладнасьць. “Будзь дакладны ўва ўсіх сьцьверджаньнях, што ты робіш, альбо будзь дакладны ўва ўсім, пра што пішаш”. Гэтае прадпісаньне надзвычай важнае, таму што нішто так не раздражняе чытачоў ці слухачоў, як недакладнасьці. Гэтае патрабаваньне асабліва тычыцца рэпарцёраў і рэдактараў.

З усіх азначэньняў аб'ектыўнасьці інфармацыі дакладнасьць, напэўна, найлепш фармалізуецца ў тое, што называюць прафэсійнымі стандартамі журналістыкі. Амэрыканскі журналіст Лоўрэнс Бапрэ, аўтар артыкула, прысьвечанага праблеме даверу да выданьня з боку чытача, фармулюе дванаццаць прафэсійных правілаў, альбо стандартаў, датрымоўваючыся якіх можна забясьпечыць дакладнасьць. Прывядзем некалькі найбольш важных з гэтых правілаў:

1. Стаўся заўсёды скептычна да той інфармацыі, якую ты атрымаў. Няважна пры гэтым, ад якой крыніцы яна сыходзіць, старой, якую вы добра ведаеце, ці новай. Як піша Бапрэ, у ЗША сярод журналістаў ёсьць показка: “Нават калі табе сказала гэта твая маці, усё роўна правер”. Усе лічбы, напісаньні прозьвішчаў, імёнаў, назвы фірмаў, кампаніяў і г.д., зь якімі вы сустракаецеся ўпершыню, мусяць пераправярацца.

2. Шукай заўсёды такую крыніцу інфармацыі, якая знаходзіцца альбо знаходзілася найбліжэй да падзеі. Так званыя кампэтэнтныя асобы не заўсёды зьяўляюцца найлепшымі крыніцамі інфармацыі пра здарэньне ў першыя гадзіны пасьля таго, як яно адбылося. А таму найперш шукай сьведкаў альбо першакрыніцы інфармацыі.

3. Калі да друку рыхтуецца артыкул, прысьвечаны важнай тэме, не давярай пераказам меркаваньняў той ці іншай канкрэтнай асобы.

4. Не рабі дапушчэньняў у тых выпадках, калі ня маеш фактаў. Пашукай лепш фактаў, якіх не стае.

5. Калі ты браў інтэрвію ў каго-небудзь, найлепш даць прачытаць падрыхтаваны да друку матэрыял гэтай асобе.

6. Не друкуй матэрыял, які ня быў прачытаны адным ці лепш двума рэдактарамі (тваімі калегамі).

7. Калі ты памыліўся, прызнай сваю памылку. Важна яе таксама выправіць у найкаратчэйшы час. Некаторыя газэты ў ЗША нават маюць адмысловую старонку, на якой зьяўляюцца ўдакладненьні альбо тлумачыцца, чаму і як нейкая памылка была дапушчаная. Важна пры гэтым папрасіць прабачэньня ў чытачоў альбо ў тых асобаў, у дачыненьні да якіх была дапушчаная некарэктнасьць. У выпадку сур'ёзнай памылкі альбо друкаваньня некарэктнага артыкула варта зьмясьціць новы ў найбліжэйшым нумары.

Зьвязаным з прынцыпам аб'ектыўнасьці інфармацыі зьяўляецца таксама і прынцып матэрыяльнай незаангажаванасьці. Відавочна, што журналісты мусяць атрымліваць плату за сваю працу, аднак гэта тая плата, якую яны могуць атрымліваць толькі ад таго выданьня ці радыё- і ТВ-кампаніі, дзе яны працуюць. Па-за межамі гэтай сытуацыі атрыманьне якіх-небудзь грошай альбо падарункаў недапушчальнае. Перадусім гаворка тут ідзе пра хабар. Найчасьцей журналістам прапануюць хабар у выглядзе грошай ці падарункаў за публікацыю матэрыялу ці спэцыяльна напісанага артыкула на карысьць нейкай канкрэтнай асобы, фірмы, палітычнай партыі ці крымінальнай групоўкі. У такіх выпадках гаворка ідзе пра эксклюзіўную прамоцыю бізнэсовых, палітычных альбо прамоцыю крымінальных інтарэсаў. Публікацыя падобных матэрыялаў наносіць шкоду вольнай канкурэнцыі, дэзарыентуе грамадзкую апінію ці нават ставіць пад пагрозу жыцьцё людзей. Урэшце, гэта разбурае саму прафэсію журналіста.

Трэба памятаць, што голас журналіста ў грамадзтве гучны, а таму шкода, якую ён можа нанесьці, несувымерна большая за шкоду, што можа вынікаць з дзеяньняў прыватнай асобы альбо нейкай групоўкі, дзейнасьць якіх не зьвязаная з СМІ. З усьведамленьня гэтай небясьпекі ў шмат якіх выданьнях дзейнічаюць забароны на прыняцьце падарункаў, існуюць сьпісы рэчаў і паслугаў, якія забаронена прымаць. У цытаванай ужо брашуры “Асновы журналістыкі. Амэрыканскі досьвед” пішацца: “Журналісты і рэдактары ніколі і ні ў якім выглядзе не павінны прымаць грошай ад арганізацыяў ці фізычных асобаў, пра якіх яны пішуць. Усе магчымыя выдаткі па падрыхтоўцы матэрыялу вы павінны аплачваць самі. Сюды ўваходзіць і аплата за харчаваньне, паездкі і пражываньне”. У некаторых выпадках існуе нават своеасаблівы кантроль з мэтай запабегчы мажлівае перакрыжаваньне інтарэсаў сродку масавай інфармацыі і бізнэсовай кампаніі. Крыху ніжэй у названай брашуры чытаем: “У шэрагу газэтаў, асабліва тых, што спэцыялізуюцца на навінах у сфэры бізнэсу, прынята, каб журналісты і рэдактары падавалі фінансавыя справаздачы, у якіх апісваліся б крыніцы іхных даходаў, кампаніі, чыімі акцыямі ці аблігацыямі яны валодаюць, ...што дапамагае (гэтым выданьням. А.А.) не даручаць журналістам і рэдактарам падрыхтоўку тых артыкулаў, напісаньне якіх магло б прынесьці ім асабістую карысьць”. Адпаведна, гэта засьцерагае таксама і самі выданьні ад таго, каб нехта з супрацоўнікаў выкарыстоўваў іх у інтарэсах асобных фірмаў і кампаніяў.

Павага да чытача, гледача, слухача — гэта яшчэ адзін прынцып журналісцкай этыкі. Калі зьвязваць гэты прынцып з тым, што гаварылася раней пра свабоду слова і аб'ектыўнасьць інфармацыі, то гэта перадусім павага да асабістай свабоды кожнага чалавека і ягонага права на атрыманьне праўдзівай і поўнай інфармацыі.

І, наадварот, распаўсюджваньне скажонай, няпоўнай альбо ілжывай інфармацыі — гэта пасягальніцтва на індывідуальную свабоду чалавека. Як мы ўжо адзначалі вышэй, мэта сьвядома падаванай ілжывай і скажонай інфармацыі, як правіла, палягае ў тым, каб маніпуляваць грамадзкай апініяй, уплываць на меркаваньні і паводзіны канкрэтных людзей у інтарэсах тых ці іншых палітычных, уладных альбо якіх-небудзь яшчэ груповак. У дадзеным выпадку чалавек (чытач, глядач, слухач) сьвядома пазбаўляецца права свабоднага выбару. Выбар яму папросту навязваецца. Ягоныя ацэнкі і меркаваньні заганяюцца ў пэўныя, найчасьцей ідэалягічныя, рамкі. У выніку падобнай апрацоўкі людзі пачынаюць “думаць” так, “як напісана ў газэце”, ці так, “як было сказана па радыё”. Узгадайма, што савецкія людзі “думалі” так, як было напісана ў газэце “Праўда”, азначная колькасьць нашых грамадзянаў “думае” так, як напісана ў газэце “Советская Белоруссия” ці як было сказана ў праграме “Рэзананс”.

Насамрэч, чалавек можа думаць толькі так, як ён думае сам. Тое, што думкі і меркаваньні кожнага канкрэтнага чалавека могуць супадаць з меркаваньнямі іншых людзей ці з тым, што было надрукавана ў газэце, гэта ўжо рэч другасная і неістотная.

Увогуле, павага да чалавека азначае, што вы ставіцеся да яго як да самастойнай і сувэрэннай асобы, а зусім не як да сродку дасягненьня вашай мэты. Узгадайма тут яшчэ раз Канта: разглядай усіх людзей як “канцовую мэту і ніколі як сродак”.

Павага да чытача, гледача, слухача — гэта таксама павага да ягонай расавай, нацыянальнай і полавай прыналежнасьці, а таксама рэлігійных вераваньняў, маральных перакананьняў і каштоўнасьцяў. Натуральна, што гаворка тут ідзе пра цывілізаваныя погляды і каштоўнасьці.

Найбольш сур'ёзным парушэньнем гэтага прынцыпу зьяўляюцца дыскрымінацыйнае стаўленьне да асобных людзей ці розных сацыяльных, рэлігійных групаў, а найбольш шырока распаўсюджаным і “бяскрыўдным” спосабам дыскрымінаваньня зьяўляецца замоўчваньне альтэрнатыўных поглядаў і ссоўваньне іх на маргінэз грамадзкай апініі, дзе яны не заўважаюцца альбо надзяляюцца адмоўнымі характарыстыкамі.

У дачыненьні да палітычных апазыцыйных поглядаў і іх прадстаўнікоў Беларускае тэлебачаньне, да прыкладу, ужывае даволі прымітыўны спосаб дыскрымінаваньня, сутнасьць якога палягае ў тым, што погляды палітычных апанэнтаў рэжыму “прывязваюцца” да пэўных устойлівых, агрэсіўных і адмоўных стэрэатыпаў.

Тактоўнасьць і далікатнасьць — яшчэ адно маральнае патрабаваньне журналісцкай этыкі, якое тычыцца ня толькі чытача ці слухача, але і тых асобаў, пра якіх піша журналіст. Распаўсюджваньне зьвестак пра асабістае жыцьцё чалавека, маёмаснае становішча, крыніцы даходаў можа парушаць права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця.

Падобныя зьвесткі могуць быць апублікаваныя толькі з згоды асобы, пра якую піша журналіст. У іншых выпадках яны могуць быць распаўсюджаныя толькі тады, калі маюцца важкія доказы, да прыкладу, крымінальнага паходжаньня маёмасьці альбо калі гэтыя доказы спраўджаныя ў судзе.

Асабліва далікатным неабходна быць пры апісваньні няшчасных выпадкаў, здарэньняў, альбо калі гаворка ідзе пра ахвяраў злачынстваў. Апісаньні здарэньняў і ахвяраў могуць балюча закранаць пачуцьці сваякоў.

Не заўсёды тактоўна называць і прозьвішчы людзей, якія патрапілі ў якія-небудзь недарэчныя ці сьмешныя гісторыі.

Тактоўнасьць і далікатнасьць патрэбныя журналісту і пры апісаньні (абмеркаваньні) асацыяльных зьяваў (гвалт, агрэсія і г.д.).

Каб пазьбегнуць недалікатнасьці ў дачыненьні да чалавека, пра якога вы пішаце, пастаўце сябе на яго месца, аднак пры гэтым не забудзьцеся, што вашая галоўная мэта — аб'ектыўнасьць інфармацыі і ўзважанасьць меркаваньняў. Увогуле, тактоўнасьць і добразычлівасьць — гэта якасьці, якія забясьпечаць вам эфэктыўную камунікацыю з людзьмі самых розных перакананьняў і поглядаў.

Сьмеласьць і бясстрашша. Журналістыка зьяўляецца адной зь небясьпечных прафэсіяў у гэтым сьвеце. У зонах ваенных канфліктаў штогод гінуць дзясяткі і сотні журналістаў. У таталітарных і аўтарытарных грамадзтвах журналісты зьнікаюць, іх арыштоўваюць і зьбіваюць. Кошт за свабоду слова часам сапраўды занадта вялікі. Ці варта плаціць такі кошт за свабоду слова? Гэта надзвычай складанае пытаньне, і адназначнага адказу на яго проста няма. Аднак відавочна, што сярод журналістаў ёсьць шмат людзей, для якіх свабода слова і праўдзівая інфармацыя зьяўляюцца найвышэйшымі каштоўнасьцямі.

 

 

Журналісцкая этыка
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY