ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

ІГАР ВУГЛІК. ЭТНІЧНЫЯ ПАРАМЕТРЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

Ў ГІСТАРЫЧНЫМ АСПЕКЦЕ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

ЛЕКЦЫЯ 4. ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЯ СТЫЛІСТЫКА І

ДЫНАМІКА ЭТНІЧНЫХ ПАРАМЕТРАЎ

План:

1. Гісторыка-культурная стылістыка ў часы да ўзнікнення беларускага этнасу

2. Гісторыка-культурная стылістыка часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай

3. Гісторыка-культурная стылістыка і этнакультурныя працэсы на Беларусі ў ХІХ—ХХ стст.

 

Як ужо адзначалася вышэй, гісторыка-культурная стылістыка Еўропы зрабіла значны ўплыў на фармаванне этнакультуры беларусаў. Прычым, у нас прысутнічалі ўсе стылі еўрапейскай культуры, за выключэннем, хіба, антычнага.

Істотнае значэнне для фармавання этнакультурнай спецыфікі Беларусі меў і цывілізацыйны фактар — уплыў еўрапейскіх дзяржаўных, прававых, эканамічных і адукацыйных інстытутаў. Цывілізацыйны ўплыў быў значным ужо ў ХV ст. і, безумоўна, спрычыніўся да спецыфікі палітычных, эканамічных мадыфікацый, да фармавання беларускага менталітэту.

1. Гісторыка-культурная стылістыка ў часы да ўтварэння беларускага этнасу

Перыяд Х—ХІІ стст., з якога мы пачнем адлік, вызначаецца відавочнай актыўнасцю цывілізацыйна-культурных працэсаў: фармаванне гарадоў, дзяржаўнасці (княжанняў, якія маглі існаваць і троху раней), а таксама хрысціянізацыя. Да гэтага культура беларускіх зямель знаходзілася па-за межамі актыўнага еўрапейскага антычнага (грэцкага, рымскага) уплываў, раманізацыя яе не закранула, а сувязі абмяжоўваліся нязначнымі перамяшчэннямі тавару і грошай.

Прыняццё ў канцы Х ст. хрысціянства візантыйскага, праваслаўнага, узору ўвяло Беларусь, як і вялікія абшары ўсходнеславянскіх зямель, у свет хрысціянскай цывілізацыі, вялікую ролю ў якой адыгрывала культура Візантыйскай імперыі — спадкаемніцы Рыму, ягонай былой усходняй часткі, што склалася пад моцным уплывам грэцкай культуры. Характар, вынікі ўздзеяння культуры візантыйскага праваслаў'я на культуру Кіеўскай Русі з'яўляюцца да гэтых часоў прадметам актыўнай навуковай палемікі. Прыхільнікі еўрапейскай арыентацыі лічаць, што праз візантыйскае хрысціянства, візантыйскую культуру ўсходнія славяне далучыліся да каштоўнасцяў антычнай еўрапейскай цывілізацыі. Сапраўды, праваслаў'е мае шэраг запазычанняў з грэцкай антычнасці. Дастаткова згадаць неаплатанізм грэцкага філосафа ІІІ ст. Плоціна, значна паўплывалы на праваслаўную тэалогію — у паасобку, на складванне папулярнага на Маскоўскай Русі культу Троіцы, а таксама ісіхазму — своеасаблівага містыцызму, шырока распаўсюджанага ў праваслаўных манастырах і, з пераканання даследчыкаў, дастаткова заўважнага для творчасці Андрэя Рублёва, Феафана Грэка. Разам з тым, візантыйскае праваслаўе было досыць далёкім ад рацыяналізму грэцкіх філосафаў, ставілася да іх як да паганцаў; адрозна ад еўрапейскага каталіцызму, які імкнуўся спалучыць веру і розум, інтэлект, а таму з ХІІІ ст. арыстоцелеўскі рацыяналізм быў афіцыйна ўведзены у тэалогію — найперш праз творы класікаў каталіцкай тэалогіі Фамы Аквінскага і Альберта Вялікага.

Апроч таго, дэталёва распрацаваны рытуал візантыйскага праваслаў'я, наагул татальная рытуалізацыя гэтай рэлігіі, шматлікія ейныя культавыя атрыбуты, а таксама досыць шчыльныя стасункі (а фактычна — зліццё) з дзяржавай і падпарадкаванне ёй маюць вытокі ў культуры сярэднявечнай Візантыйскай імперыі, якая далёка адышлася ад еўрапейскіх рымскіх узораў і насамрэч была цывілізацыяй усходняга кшталту. Таму ёсць падставы сцвярджаць, што візантыйскае праваслаў'е і ягоны ўплыў — пераважна ўсходняга характару, з істотным кампанентам нееўрапейскасці, як гэтую культуру, дарэчы, і ўспрымалі крыжакі — удзельнікі крыжовых паходаў, папросту яе не разумеючы. Таму мы можам аднесці гэты перыяд гісторыі культуры Беларусі да часу дамінацыі культуры ўсходняга і ўсходнееўрапейскага тыпаў.

Разам з праваслаўем на Беларусь прыйшлі пісьменніцтва, рэлігійная, свецкая літаратура, храмавае мураванае дойлідства крыжова-купальнай у аснове канструкцыі, іканапіс, фрэска, хрысціянскае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У культуры Беларусі гэтага часу меліся, аднак, і заходнееўрапейскія элементы, звязаныя з уплывам распаўсюджанага ў Еўропе раманскага стылю. Гэта базілікальныя — раманска-заходнія — простакутнія у плане аб'ёмы і элементы першых мураваных праваслаўных храмаў — Полацкай Сафіі і Спаскай царквы ў Полацку, Каложскай і Ніжняй у Гродне, Дабравешчанскай у Віцебску, раманскія рысы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, досыць вольная — тая, што парушае каноны, кампазіцыя фрэсак.

Мясцовыя прадстаўнікі кліру ведалі старажытнагрэцкіх аўтараў — так, Клімент Смаляціч быў знаёмы з творамі Арыстоцеля, Платона. Такім чынам, з перавагай усходняга ўплыву, у тагачаснай Беларусі ўжо назіралася суіснаванне, утвараўся сінтэз заходнееўрапейскай і ўсходняй культур, а таксама старадаўніх мясцовых традыцый.

Наступны гістарычны перыяд — ХІІІ—ХV стст. — характарызуецца як першая фаза выяўленага пранікнення на беларускія землі заходніх еўрапейскіх уплываў з актыўнай іх перапрацоўкай.

У ХІІІ ст. утварылася Вялікае княства Літоўскае. З цягам часу ягоная палітычная сістэма набыла рысы дэмакратызму, балансу ўлад. Гэтаму спрыялі выбарнасць князя, а таксама наяўнасць “паноў-рады” — дарадчага органу, які у канцы ХV ст. пераўтварыўся ў галоўны орган дзяржаўнага кіравання, што істотна абмяжоўваў уладу князя. Не выключана, што абмежаванне княжай улады, а таксама параўнальна хуткае станаўленне запазычанай у Польшы сістэмы соймаў маюць вытокі ў мясцовых традыцыях старажытнага веча, якое існавала ў Полацку і Віцебску, а таксама, магчыма, і ў іншых гарадах Беларусі. У канцы ХV—пачатку ХVІ стст. аформіўся саслоўна-прадстаўнічы орган княства — сойм; у наступны перыяд аформілася ерархічная сістэма прадстаўнічый улады — паслядоўнае дэлегаванне выбарных дэпутатаў на соймы больш высокай ярархіі.

Хуткаю хадою рухаўся канстытуцыйны працэс — праз прывілеі і судзебнік кадыфікаваліся асновы прававой сістэмы, увасобленыя ў Статутах ХVІ ст., у якіх ужо робяцца відочнымі элементы, скіраваныя на абарону правоў асобы. З канца ХІV ст. у беларускія гарады прыйшло магдэбурскае права — сістэма гарадскога самакіравання, панавалая ў Еўропе. У гэты час пачалося больш інтэнсіўнае пранікненне каталіцызму на беларускія землі, і стаў рухацца складаны працэс усталявання прававога суіснавання яго з праваслаўем.

Значным для складання этнаспецыфічнай сферы беларускай культуры было распаўсюджанне на Беларусі гатычнай культуры — найперш архітэктуры, якая ў канцы ХV—пачатку ХVІ стст. мела своеасаблівыя мадыфікацыі — культавую праваслаўную готыку абарончага тыпу (храмы ў Маламажэйкаве, Сынковічах), інш. Фактычна мы можам казаць пра першую этнічна вызначаную стылёвую навацыю на аснове буйнога еўрапейскага стылю — беларускую готыку. Таксама ў гэты час на Беларусь прыйшоў яшчэ адзін культуравызначальны для еўрапейскай цывілізацыі тып будынку — замак (у Гродне, Наваградку, Лідзе (“кастэль” з прыкметнымі рысамі раманскага стылю), распаўсюдзіліся раманскія “данжоны” — абарончыя вежы. Забудаванне замкаў як сімвалаў асабістай незалежнасці феадалаў, а таксама культавых будынкаў каталіцкай, пратэстанцкай, уніяцкай канфесій акрэслівае мяжу ўласна еўрапейскай культуры ў ейным класічным заходнім варыянце.

Наступнае, ХVІ ст., лічыцца адным з найбольш плённых часоў беларускай гісторыі і культуры, што ў значнай ступені абумоўлена арганічным сінтэзам станоўчых еўрапейскіх уплываў і мясцовых культурных традыцый.

Нарэшце канчаткова аформіліся ў Статуце 1588 г. кіроўная, заканадаўчая, прававая сістэмы дзяржавы, у падмурку якіх ляжалі прынцыпы выбарнасці, трымання законаў, за чым назіралі даволі шматлікія судовыя органы. Адзначым, што, мяркуючы з вялізнай колькасці судовых актаў часоў Вялікага княства Літоўскага, суд быў асноўным месцам вырашэння самых разнастайных канфліктаў, што паўстае адметнай трансгістарычнай рысай еўрапейскай цывілізацыі.

З пэўным польскім культурным уплывам аформілася і паноўнае саслоўе — шляхта, якая складала 10—12% насельніцтва. Гэта, з улікам выбарнага самакіравання гарадоў, самастойнасці кліру, робіць колькасць людзей, якія непасрэдна прымалі ўдзел у кіраванні дзяржавай, ейнымі інстытутамі, параўнальнай з той, што склалася ў іншых краінах Еўропы.

У галіне эканомікі таксама адбыліся вялізныя перамены, якія наблізілі становішча сялянства да еўрапейскага — валочная рэформа 1557 году, надзялялая сялянскія гаспадаркі зямельнымі дзялкамі — валокамі, што замацоўваліся за імі ў якасці падатнай адзінкі. Рэформа падарвала эканамічны падмурак сялянскай абшчыны (грамады), спрыяла развіццю прыватнаўласніцкіх настрояў і, фактычна, зрабіла тое, што і рэформа Сталыпіна ў Расеі праз амаль трыста з паловай гадоў.

Істотныя змены адбыліся і ў рэлігійнай сітуацыі: у краіну з паўночнай Еўропы прыйшоў пратэстантызм, які сваімі накірункамі (кальвінізм, сацыніянства) ахапіў паноўныя слаі грамадства. У значнай ступені дзякуючы верацярпімасці пратэстантаў, у краіне ўмацаваліся прынцыпы рэлігійнай талерантнасці, ідэйнага плюралізму: у княстве знайшлі прытулак шматлікія людзі, пераследаваныя за ідэйныя перакананні.

У гэты ж час канчаткова ўсталяваўся звычай атрымліваць адукацыю за мяжой — прадстаўнікамі рознай па заможнасці і сацыяльным статусе моладзі. Навучаліся найперш ува ўніверсітэтах Чэхіі, Польшчы, Італіі, Германіі, Францыі. Увогуле, прадстаўнікі найзнатных родаў дзяржавы — Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Храптовічы, іншыя — былі па-еўрапейску адукаванымі і на еўрапейскія ўзоры арыентаванымі людзьмі.

Культурнае жыццё Беларусі ХVІ ст. праходзіла з істотным уплывам культуры еўрапейскага рэнесансу, ягонага паўночнага, звязанага з царкоўнай рэфармацыяй, накірунку. Разам з тым, культура ВКЛ зазнала моцны італьянскі ўплыў, распаўсюджваны дзякуючы магутнай хвалі мігрантаў і пашырэнню адукацыі. На Беларусі сталі шырока вядомыя ідэі гуманізму, свабодамыслення, крытычнага стаўлення да Бібліі. Выданне Ф.Скарынам у 1517 г. першай старабеларускай кнігі ў Празе і ягоная далейшая выдавецкая дзейнасць у гэтым горадзе і ў Вільні, актыўная праца на стварэнне кніг С. Буднага, братоў Мамонічаў сведчаць аб падрыхтаванай глебе для засваення дасягненняў І.Гутэнберга. Пераклад і выданне Ф.Скарынам 22 кніг Бібліі на зразумелай народу мове знаходзіцца ў кантэксце аналагічных працэсаў у Чэхіі, Германіі, іншых еўрапейскіх краінах, адбываных з уплыву пратэстанцкай тэалогіі.

Таксама з уплыву мастацтва рэнесансу на Беларусі з'явіўся жанр партрэту, які паступова пачаў набываць мясцовую, сармацкую спецыфіку, сталі развівацца рэнесансная пластыка, архітэктура (стары замак у Гродне, кальвінісцкія храмы). Еўрапейскі рэалізм, італа-крыцкі арнаментальны фон, паўднёва-еўрапейскія, сербскія ўплывы, а таксама традыцыі візантыйскага іканапісу злучыліся ў творах беларускай іканапіснай школы, яркія ўзоры якой маюць вытокам ХVІ ст.

Тыпалагічна культурная спецыфіка беларускага рэнесансу ўпісваецца ў метакультурную спецыфіку паўночнаеўрапейскага Адраджэння, часткамі якога былі культуры Германіі, Нідэрландаў і якое вызначалася цеснай сувяззю з рэлігіяй.

Працягваў развівацца гэтым часам і папярэдні стыль — готыка. Аформілася канструкцыйнае аблічча славутага помніка беларускай готыкі — Мірскага замку. У Вільні быў збудаваны выдатны помнік пламеннай готыкі — касцёл св.Ганны. У канцы ХVІ ст. на Беларусь, амаль не спазніўшыся, параўнальна з краінамі Еўропы, прыйшло барока: у Нясвіжы збудавалі адзін з найбольш ранніх помнікаў гэтага стылю на ўсходнееўрапейскіх землях — езуіцкі касцёл. Такім чынам, з ХV ст. пачаўся актыўны працэс пранікнення на нашы землі заходнееўрапейскіх гісторыка-культурных стыляў, цывілізацыйных плыняў, якія ўступілі ў плённае ўзаемадзеянне з мясцовай культурай, спарадзілай шэраг арыгінальных міксацыйных артэфактаў.

2. Гісторыка-культурная стылістыка часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай

Перыяд ХVІІ—ХVІІІ ст.ст. вызначаўся далейшай інтэграцыяй, развіццём еўрапейскіх цывілізацыйных, стылёва-культурных дамінант, якасным насычэннем іх — найбольшым за ўсю культурную гісторыю Беларусі. Фактычна ён разбіваецца на два перыяды — ХVІІ стагоддзе, з'яднанае з ХVІ стагоддзем, калі Вялікае Княства Літоўскае было адным з усходніх фарпастоў (паводле А.Тойнбі) Еўропы, і ХVІІІ стагоддзе, калі пасля пятроўскіх рэформ Расея далучылася да еўрапейскасці і еўрапейскі культурны ўплыў распаўсюдзіўся далей на ўсход за межы княства. Між тым, гэты час, асабліва апошняя фаза ягоная, з канца ХVІІІ—пачатку ХІХ стст., быў і перыядам развітання старабеларускай культуры з еўрапейскім культурным светам, пачаткам знікнення старабеларускай культуры наагул. Зрэшты, уплыў гісторыка-культурных стыляў, іх сінтэз, хаця замаруджана, але працягваўся.

Вызначальныя цывілізацыйныя параметры старабеларускай культуры гэтага часу — адносна высокі ўзровень урбанізацыі, асабліва з улікам наяўнасці мястэчак, многія з якіх займелі магдэбурскае права. Так, у сярэдзіне ХVІІ і ў канцы ХVІІІ стст. на Беларусі налічвалася 39 гарадоў і прыблізна 350 мястэчак, дзе жыло прыблізна 250 тыс. чалавек — каля 11% усяго насельніцтва. З дадзеных 1786 г., 38% гараджан жылі ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 2000 чалавек (такіх гарадоў — 31). Найбольш буйныя беларускія гарады — Віцебск (звыш 10 тыс.), Магілёў (звыш 6 тыс.), Полацак, Гародня, Слуцак, Пінск, іншыя. Канечне, працэнтная колькасць гарадскога насельніцтва, шчыльнасць яго саступалі еўрапейскім стандартам, у тым ліку,— польскім. Тым не менш, Беларусь мела адметную, тыпалагічна вызначаную гарадскую культуру, саслоўе гараджан, моцнае купецтва, якія былі эканамічнымі, культурнымі рухавікамі краю. Характэрнай рысай старабеларускай культуры было існаванне адносна невялікіх памерамі гарадоў з моцным культурным патэнцыялам — такіх, як Нясвіж, Слуцак, нават мястэчак — Ружан, Налібок. Адсутнасць манапалізацыі культуры вялікімі гарадамі стварала стракатую, пладаносную культурную палітру, садзейнічала раўнамернаму развіццю культуры. Урбаністычная сістэма Беларусі была еўрапейскай — г.зн. культурна поліцэнтрычнай, з мноствам арыгінальных праяў гарадскога, местачковага жыцця. Беларусь пазбегла, пакуль што, татальнай урбанізацыі і вынішчэння монстрамі-гарадамі культуры правінцыі — працэсу, пра які пісаў О.Шпенглер.

Яшчэ адна прыкмета еўрапейскасці беларускага гораду — наяўнасць магдэбурскага права, самакіравання. Магдэбурскае права ў прыватніцкіх гарадах было крыху абмежавана прысутнасцю прадстаўніка-ўласніка ў кіраўніцтве — войта, а таксама паступовым наступленнем магнатаў на зямельную, маёмасную ўласнасць гараджан. Тым не менш, да канца існавання Рэчы Паспалітай беларускія гарады захоўвалі сваю самастойнасць і эвалюцыянавалі ў бок еўрапейскасці (як з гледзішча форм гарадскога жыцця, так і гарадской архітэктуры), нязважна на войны ХVІІ—пачатку ХVІІІ стcт. Асабліва гэта тычылася Вільні, Гародні, Нясвіжу, куды з другой паловы ХVІІІ ст. хутка праніклі францускія формы гарадскога побыту — балі, канцэрты, рэдуты, салоны. Увогуле на працягу ХVІІ—ХVІІІ стст. гарады былі самастойнымі суб'ектамі вялікай палітыкі, праводзілі самастойныя ваенна-палітычныя дзеянні (Стары Быхаў, Магілёў, Нясвіж, Віцебск).

У Гародні павінен быў праводзіцца кожны трэці вальны сойм Рэчы Паспалітай, якраз там адбыліся падзеі знакамітага маўклівага сойму, гэты горад шанавалі Стэфан Баторы, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Яшчэ адна рыса цывілізацыі — развіццё тэхналогій. Тут старабеларуская культура можа ганарыцца як развіццём вытворчых тэхналогій — будаўніцтвам буйных мануфактур у другой палове ХVІІІ ст., так і дасягненнямі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, што зрабілі ўплыў на культуру Расеі: выраб поліхромнай кафлі, аб'ёмная разьба. Асобна адзначым уплыў беларускага кнігадрукавання. Тэхналагічна і эстэтычна якасны беларускі посуд з Налібок і Ўрэчча, слуцкія паясы — усё гэта адпавядала густу і ўзроўню развітасці Еўропы.

У другой палове ХVІІІ ст. былі зроблены захады да адмены прыгонніцтва і, значыцца, да перспектыўнага павышэння вытворчасці працы, і логіка гэтага працэсу прывяла б да тых самых вынікаў, як і ў суседняй Польшчы.

Прынцыпам заходняй цывілізацыі адпавядала і палітычная сістэма тагачаснай Беларусі. Зразумела, у шляхецкай краіне казаць пра дэмакратыю ў сучасным сэнсе слова немагчыма — выбіралі і былі абранцамі шляхцічы. Да кіраўніцтва дапускалася таксама вышэйшае, пераважна каталіцкае духавенства. Парламентарызм мы можам назваць вызначальнай канстантай тагачаснай Беларусі таму, што шляхта, гараджане, з іхным магдэбурскім правам, у палітыцы адстойвалі менавіта сваю аўтаномію, незалежнасць — ад караля ці гарадскіх феадальных юрысдыкцый. Ідэя палітычнай, грамадзянскай свабоды, культурнага плюралізму — асноўны матыў грамадскай думкі таго часу.

Заўважнай адметнасцю еўрапейскасці была і наяўнасць добра выяўленай прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Для заходняга тыпу цывілізацыі ўласцівы прымат прыватнай уласнасці над агульна-дзяржаўнай маёмасцю — адрозна ад уласнасці ўсходняга тыпу, калі ў першую чаргу зямля належыць цару, увасабляламу дзяржаву, які раздае зямлю ды іншыя сродкі вытворчасці ў асабістае ўладанне, пакідаючы за сабой права, пры нагодзе ці жаданні, забраць усё назад. У гэтым сэнсе прававая маёмасная сістэма Старажытнай Беларусі адпавядала еўрапейскім стандартам. Ужо Статут 1588 г. ахоўваў прыватную маёмасць, забараняючы адбіраць яе з любых прычын, акрамя здрады радзіме. Што да колькаснага складу прыватнаўласніцкіх зямель, маёмасцяў, дык іхная вага адпавядала становішчу нашых зямель на памежжы заходняй цывілізацыі. Прыватнаўласніцкіх гарадоў у другой палове ХVІІ—ХVІІІ стст., паводле дадзеных А.П.Грыцкевіча, было 25 — 49% ад агульнай колькасці (51 горад). Што да пазямельных уладанняў, дык, з дадзеных розных аўтараў, колькасць іх вагалася ў межах 50% ад агульнага зямельнага фонду. Такім чынам, дзяржаўная, каралеўская маёмасць не пераважала на старабеларускіх землях, не была дамінантнай, а значыць,— не дыктавала эканамічных, палітычных умоваў ліцьвінскаму грамадству.

Ад канкрэтна-матэрыяльных пяройдзем да духоўных, ментальных рэчаў. Ментальным характарыстыкам заходняй цывілізацыі ўласцівы такія параметры, як плюралізм думак, індывідуалізм, рацыяналізм, прагматызм, скіраванасць светапогляднай сістэмы на з'явы навакольнай рэчаіснасці, гуманізм, свабодамысленне, а таксама этычная сістэма, што, паводле М.Вебера, упісваецца ў паняцце пратэстанцкай этыкі. Аглядаючы з гэтых пазіцый старажытную ліцьвінскую культуру, можна прыйсці да высновы, што на нашых землях пераважаў менавіта заходні ментальны комплекс.

Што пра такое сведчыць? Па-першае, канфесійная прыналежнасць. У старадаўнія часы, пра якія вядзецца гаворка, веравызнанне, рэлігійная прыналежнасць займалі ў свядомасці людзей месца, якое цяпер займае прыналежнасць этнічная, культурная. Так склалася, што хрысціянская рэлігія, лозунгам якой была канстатаваная св. Паўлам сусветнасць, наклаўшыся на субстратныя этнакультурныя асаблівасці, зрабілася для розных этнакультурных і метакультурных рэгіёнаў сродкам культурнага самавызначэння і, значыць, сродкам этнакультурнага падзелу, дыферэнцыяцыі. Больш за тое, яна зрабілася лакмусавай паперай гэтага адрознення, як было і на беларускіх землях, дзе рэлігійныя справы адыгрывалі ролю ўнутрыэтнічнага падзяляльніка, абцяжарваючы і так складаную карціну этнасацыяльнага падзелу этнасу. Тым не менш, у даследаваны час мы можам казаць аб рэлігійнай, а значыцца, і духоўнай, ментальнай, тыпалагічнай еднасці, аднароднасці беларускай ліцьвінскай культуры. Дзве асноўныя тыпалагічна падобныя канфесіі з'яўляліся дамінантнымі ў дадзены перыяд — каталіцтва і ўніяцтва (у колькасных адносінах); на перыферыі засталіся пратэстантызм і праваслаўе.

Канфесіяй дамінантнай сацыяльна-класавай страты — шляхты — быў каталіцызм. Менавіта ягоная ментальнасць вызначыла асноўныя накірункі дынамікі светапогляднай сістэмы ліцьвінскай культуры таго часу. Каталіцызм згуртаваў сваёй тэалогіяй, рытуалам шматлікія колы грамадства, зрабіўшыся істотным фактарам інтэграцыйных працэсаў як у межах Рэчы Паспалітай, так і Вялікага княства Літоўскага. Разам з тым, беларускай спецыфікай існавання касцёлу быў ягоны элітарны, саслоўны характар. Важна, што, нягледзячы на колькасную перавагу ўніяцкіх кляштараў і плябаній, у гарадах — эпіцэнтрах цывілізацыі — пераважалі каталіцкія кляштары. З паказнікаў за 1790 г., пададзеных Я.Марашам, у гарадах было 345 каталіцкіх плябаній (уніяцкіх — 201). На беларускіх землях, як і ў Еўропе наагул, істотнай асаблівасцю каталіцкай канфесіі было тое, што яна амаль не змешвалася з паганскімі светаўяўленнямі, выцясняючы іх на перыферыю ці дашчэнту знішчаючы, і вялікую ролю ў гэтым адыграў ордэн езуітаў. Там, дзе быў касцёл, ужо не заставалася месца народным паганскім звычаям, традыцыям. І ў гэтым сэнсе каталіцызм рэзка адрозніваўся ад характару функцыянавання праваслаўя і ўніяцтва. Гэтыя канфесіі, асабліва апошняя, былі шырока распаўсюджаны сярод сельскага насельніцтва, уступіўшы ў сінтэз з традыцыйным паганствам. Гэта тлумачыцца найперш арганізацыйнай саслабласцю праваслаўя і паўсталага з яго, у сваіх асноўных абрадах, уніяцтва.

Такім чынам, каталіцызм, па сутнасці, правёў мяжу ў грамадстве, якая раз'яднала яго не толькі тэалагічна, але і культурна, падзяліўшы — з перавагай — на хрысціянскую (каталіцкую) частку і спажыўцоў сінкрэтычнай хрысціянска-паганскай тэакультуры. Заслугоўвае ўвагі той факт, што гэты падзел меў ізноў-такі сацыяльны характар: каталікамі былі збольшага шляхцічы, уніятамі — сяляне. І гэтак, на Беларусі фактычна ўсталяваўся саслоўна-канфесійны плюралізм, які сумяшчаў хрысціянскія і паганскія светапоглядныя сістэмы. Суіснавалі чатыры хрысціянскія канфесіі, а таксама іслам, юдаізм. Феномен рэлігійных войнаў, гугенотаў і Ла-Рашэлі, пераследы старавераў у Расеі — на Беларусі такое было немагчыма. Рэлігійная афарбоўка войн ХVІІ ст. была прынесена звонку — украінскімі казакамі і Масковіяй, а таксама польскім урадам. Канфлікты на рэлігійнай глебе тычыліся ў асноўным кліру і не закраналі шырокіх колаў насельніцтва.

З каталіцызмам на Беларусь прыйшла тыповая еўрапейская, раманская набожнасць, з ейнай апанаванасцю, экзальтаванасцю, містыцызмам. Сучаснікі адзначалі нават крыху гіпертрафаваную набожнасць тагачасных шляхцічаў, якая праяўлялася часам у досыць экзатычных рытуалах (самазанішчэнне). Разам з каталіцызмам прыйшла і повязь рэлігіі з грамадскім жыццём, актыўная роля царквы ў тагачасным грамадскім побыце, што дасягалася праз актыўную прапаведніцкую дзейнасць, кнігавыданне, адукацыю, якая практычна была ў руках езуітаў, піяраў, а таксама праз дзейнасць вышэйшых касцёльных ярархаў у органах дзяржаўнага кіравання. У выніку ўсталявалася еўрапейская мадэль суадносін дзяржавы і царквы, калі царква, быўшы фармальна незалежнай, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, праводзячы сваю ідэалогію і палітыку. Адзначым асобна, што на Беларусі не змагла скласціся візантыйская, расейская мадэль узаемаадносін між царквой і дзяржавай, калі першая выяўляецца функцыяй апошняй, што, перадусім, тлумачылася эканамічнай незалежнасцю касцёлу, істотнай крыніцай прыбытку якога былі прыватныя фундацыі.

Ідэалогіяй і асабістым прыкладам святароў, манахаў каталіцызм выхоўваў адпаведны светапогляд, зарыентаваны на дзейны, актыўны пачатак, на дзейнасць у імя Бога і для чалавека. Актыўны, дзейны тып шляхціча, грамадзяніна той эпохі шмат чым абавязаны сваім існаваннем каталіцкім місіянерам, касцёлу наагул.

Яркая рыса еўрапейскага менталітэту — рацыяналізм, прагматызм. З улікам вялікай колькасці разнастайных прымхаў і забабонаў у мысленні тагачаснага шляхціча ці гараджаніна (вера ў чарадзейства, шкодніцтва д'ябла), можна сцвярджаць, што мысленне чалавека той эпохі было пераважна рацыяналістычным, а ўчынкі абумоўліваліся прагматычнай светаўстаноўкай. З канца ХVІ ст. у княства прыйшла касмапалітычная, пашыраная ў раманскіх краінах Еўропы езуіцкая адукацыйная сістэма, заснаваная на веданні лацінскай, а таксама грэцкай моў, сямі свабодных мастацтваў, у падмурку якое ляжала еўрапейская “гуманітарнасць” і фарпастамі якое былі Віленская езуіцкая акадэмія ды калегіюмы. Гэта азначае, што выкладанне вялося, зыходзячы з ерархічнай логікі, калі абіраліся некалькі асноўных паняццяў, ланцуг ад якіх цягнуўся да менш агульных, і ў выніку атрымлівалася сістэма паняційнай ярархіі, здольная дакладна сістэматызаваць бачанне навакольнага свету ў галаве маладога чалавека. Акрамя гэтага, у падмурку выкладання гуманітарных дысцыплін ляжала арыстоцелеўская логіка, дапоўненая Дэкартам. У навучальных установах Беларусі досыць хутка бралі на ўзбраенне апошнія дасягненні еўрапейскай навукі: працы Дэкарта, Бэкана, Канта, Гегеля, Русо, Вальтэра, а таму адукацыйная ментальная сістэма старажытнага ліцьвіна была часткай еўрапейскай духоўнасці гэтак жа, як і ейны асноўны інструментар — бібліятэкі, адмыслова аздобленыя навучальныя кабінеты, абсерваторыя, батанічны сад, газеты і г.д. Ніколі больш цягам беларускай гісторыі адукацыя не была так максімальна набліжана да еўрапейскіх стандартаў, як у ХVІІ—ХVІІІ стст.

Практыцызм старажытных ліцьвінаў мае складаны лёс: заміналі яму традыцыя шляхетнай шыкавальна-рамантычнай ментальнасці, далёкай ад меркантылізму, забарона займацца рамяством і гандлем. Тым не менш, менавіта ў шляхецкіх маёнтках былі адчынены ў другой палове ХVІІІ ст. першыя мануфактуры (Урэчча, Налібокі, Слуцак), менавіта шляхта складала аснову асветніцкаай эліты.

Культура еўрапейскага Асветніцтва са сваёй рацыяналістычнай дамінантай, прыйшла на нашы землі з актыўнам удзелам шляхты, хаця больш лагічным было б пашырэнне яе праз гарадскую купецка-буржуазную праслойку. Шляхта — стваральніца буржуазнай па духу Канстытуцыі 3 мая 1791 г., яна ж пачала рэформу адукацыі ў кірунку яе секулярызацыі. Менавіта шляхта ўпершыню пачыла ажыццяўляць праекты вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці, і, калі б не далучэнне да Расеі, прыгонніцтва магло быць скасавана на беларускіх землях значна раней за 1863 г. — блізка да таго, як гэта адбылося ў Польшчы. Паступова шляхта перарабіла свой менталітэт у бок прагматызму, прадпрымальніцтва, узяла ў свае рукі ініцыятыву стварэння буржуазнага ладу жыцця.

Яшчэ адна выяўленая еўрапейская рыса — індывідуалізм, высокая роля ў свядомасці, грамадскай і асабістай, дзейнасці індывідууму. Увогуле культура Вялікага княства Літоўскага, у прававым падмурку якой ляжалі артыкулы Статуту, грунтавалася якраз на прыярытэце правоў асобы, максімальнай абароны ейнае недатыкальнасці — найперш маёмаснай, а таксама свабоды сумлення, перамяшчэння. Пра ліцьвінскую культуру можна казаць і ў тым сэнсе, што мы маем феномен нават гіпертрафаванага індывідуалізму, які, не выключана, і загубіў гэтыя культуру і краіну. Традыцыйны шляхецкі індывідуалізм набыў у ХVІІ—ХVІІІ стст. новае аблічча, зрабіўшыся тым, што мы можам назваць шляхецкім барочным індывідуалізмам, маючы на ўвазе, што барока — стыль вычварны, гіпертрафаваны. Барочны індывідуалізм праявіўся перш-наперш у палітычным жыцці — гэта правіла “ліберум вета” і сістэматычныя зрывы працы сойму, бясконцыя канфедэрацыі, барацьба палітычных партый і магнацкіх груповак (асабліва Радзівілаў з Сапегамі), франдзіраванне каралю, наезды (самастойнае выкананне прыватнымі асобамі судовых распараджэнняў — нападамі на маёнтак).

Наагул жа тагачасная шляхта паказала сваю поўную няздольнасць згрупавацца на нейкай агульнай дзяржаўнай ідэі, што й сталася за прычыну распаду краіны.

Між тым, шляхецкія ідэалы вольнасці і роўнасці, служэння Айчыне і Богу перайшлі ў наступную эпоху, зрабіўшыся сістэмаўтваральнымі фактарамі вызваленчай барацьбы, паўстанняў канца ХVІІІ—ХІХ стст.

У пабытовай сферы індывідуалізм праяўляўся ў развіцці мемуарнай літаратуры, а таксама ў такіх негатыўных з'явах, як выкарыстанне фізічнай сілы для вырашэння спрэчных сітуацый (сістэматычныя бойкі на сойміках і соймах, распаўсюджанне двухбояў).

Што да індывідуалізму ў іншых саслоўях, дык трэба адзначыць нарастанне яго ў сялян, што выяўлялася ў падзелах вялікіх сем'яў. Пачатак гэтага працэсу быў пакладзены рэформай на валокі ў 1577 г., якая была цалкам ажыццёўлена ў заходніх і цэнтральных вобласцях краіны. У выніку ў наступным, ХІХ ст., этнографы пісалі пра беларускага вяскоўца як пра найвялікшага аднаасобніка (У.Шэйн).

Асобна адзначым рост жаночага індывідуалізму. Права жанчыны гарантаваў Статут, становішча ейнае — як у вёсцы, так і ў горадзе — было досыць прыстойным. Вядомы храніст ХVІ ст. М.Літвін нават пісаў пра залішнюю свабоду жанчын у Старажытнай Літве. Новы прарыў у паводзінах шляхцянак і гараджанак пачаўся з другой паловы ХVІІІ ст., калі яны актыўна сталі ўдзельнічаць у грамадскіх увесяленнях, найперш — у балях, рэдутах. Феномены драматургічнай, тэатральнай дзейнасці У.Радзівіл, мемуарыстыкі С.Пільштынавай — сведчанне росту жаночага індывідуалізму.

Мастацкае жыццё, культура Беларусі існавалі ў рэчышчы асноўных еўрапейскіх стыляў таго часу — позняга рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, культуры Асветніцтва. Асноўнае месца сярод гэтых стыляў займала барока. Напэўна, не адзін гісторыка-культурны стыль не ахопліваў беларускае культуры так шырока і поўна, як гэты — ад архітэктуры да побыту. Адзначым як станоўчую еўрапейскую з'яву тое, што, як і патрэбна для аптымальнага існавання, культура ліцьвінскага барока была прадстаўлена трыма часткамі — культурай вышэйшага, сярэдняга і нізовага барока, і гэта адпавядала характару ейнага існавання ў Еўропе ды спрыяла плённаму развіццю.

Заўважым, што гэта быў час досыць сінхроннага рэзанавання еўрапейскіх культурных працэсаў на беларускіх землях — так, у Нясвіжы першы на землях Усходняй Еўропы касцёл у стылі барока быў збудаваны Д.М.Бернардоні ў канцы ХVІ ст., а на пачатку ХVІІ ст. паўстаў барочны касцёл францысканскага манастыра ў Гародні. Тагачасная культура на нашых землях развівалася з непасрэдным італьянскім, нямецкім, францускім, англійскім, галанскім — наагул заходнееўрапейскім уплывам, які наўпрост рэпрэзентавала вялікая колькасць заходніх майстроў — аріхтэктараў, мастакоў, музыкаў, балетмайстраў, філосафаў, іншых навукоўцаў, працавалых на беларускіх землях.

У галіне архітэктуры, мастацтва Беларусь не толькі засвоіла лепшыя еўрапейскія ўзоры, але й стварыла арыгінальныя інтэрпрэтацыі, якія й склалі этнічную адметнасць беларускай тагачаснай культуры. У галіне культавай архітэктуры італьянскія каталіцкія барочныя ўзоры перайшлі ва ўніяцкую, праваслаўную архітэктуру — як мураваную, так і драўляную; у другой палове ХVІІІ ст. стварылася адметнае віленскае барока, больш выяўленае, як лічаць польскія даследчыкі, за тагачасную касцёльную архітэктуру Польшчы, якое, поруч з беларускай готыкай, сталася адной з найбольш адметных этнавызначальных з'яў у галіне архітэктуры. Працягвалася плённая перапрацоўка еўрапейскіх уплываў і ў выяўленчым мастацтве: развівалася, разгаліноўваючыся на розныя плыні, беларуская іканапісная школа; з моцным еўрапейскім уплывам эвалюцыянаваў парадны барочны сармацкі партрэт, у якім поруч з польскімі, францускімі, нямецкімі рысамі, выяўляліся мясцовыя — гарадзенская і цэнтральнабеларуская; еўрапейскія традыцыі былі ўласцівы і графіцы. Тое ж можна сказаць і пра скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З другой паловы ХVІІІ ст. з уплывамі позняга барока, ракако, класіцызму ў культуру Беларусі шырока ўвайшлі музыка, музычны тэатар, які стаў адным з лепшых у Рэчы Паспалітай.

3. Гісторыка-культурная стылістыка ХІХ—ХХ стст.

Наступны гістарычны перыяд канца ХVІІІ — пачатку ХХ стст. — час пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай і ўваходжання Беларусі ў склад Расейскай імперыі характарызаваўся істотным зніжэннем прысутнасці сістэмаўтваральных еўрапейскіх элементаў на беларускіх землях. Гэта звязана з шэрагам адміністратыўных, ваенных мерапрыемстваў расейскага ўраду канца ХVІІІ — 30-х гг. ХІХ стст., асноўны змест якіх — уніфікацыя мясцовага жыцця, інтэграцыя яго ў палітычную, эканамічную, кульутрную сістэму Расеі. Гэта перш-наперш скасаванне магдэбурскага права ў гарадах, соймаў, Статуту, мясцовай судовай сістэмы, увядзенне цэнзуры, рэкрутчыны, рэпрэсіі супраць асноўнай апазіцыйнай сілы — шляхты: арышты, канфіскацыя маёмасці і перадача яе расейскім дваранам, дэпартацыя шляхецкіх сем'яў у Сібір.

Змянілася і канфесійная сітуацыя: уніяцтва было скасавана, вернікі перайшлі пераважна ў праваслаўе ці парабіліся каталікамі. Закрыццё Віленскага ўніверсітэту, Полацкай езуіцкай акадэміі, калегіюмаў, а таксама забарона атрымання ўніверсітэцкай адукацыі за мяжой істотна знізілі інтэлектуальны патэнцыял краю. Нягледзячы на шматлікія просьбы мясцовай грамадскасці, край застаўся без універсітэцкай адукацыі, што выклікала міграцыю інтэлектуалаў, прадстаўнікоў творчых прафесій.

Далейшым лагічным уніфікайцыйным крокам была забарона старажытных назваў беларускіх зямель — Літва, а таксама Беларусь, забарона друку па-беларуску. Гэтыя ды іншыя каланізацыйныя захады парушалі традыцыйныя прынцыпы талерантнасці, плюралізму.

Аднак, паміж іншага, Расея таго часу знаходзіліся пад істотным еўрапейскім уплывам. Заходнія яе часткі ўтваралі скрайні, усходні, культурны рэгіён Еўропы.

Такім чынам, Беларусь дарэшты не страціла еўрапейскасць сваёй культуры — еўрапейскасць папросту маргіналізаваліся.

Змяніліся і каналы атрымання еўрапейскай культурнай інфармацыі: цяпер яна ішла са сталіцы Расеі, вышэйшых расейскіх навучальных устаноў, куды патраплялі выхадцы з Беларусі, хаця, пры гэтым, у мастакоў засталася магчымасць жыць і працаваць у Еўропе. У беларускім мастацтве, літаратуры ўсё-ткі відзён працяг тагачасных еўрапейскіх стыляў — класіцызму (пераважна — у архітэктуры і жывапісе), рамантызму (жывапіс В.Ваньковіча, багатая літаратурная плыня — А.Міцкевіч, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, інш.), архітэктурнай эклектыкі (неаготыкі, неарэнесансу, неабарока), рэалізму (мастак Н.Сілівановіч, пейзажы А.Гараўскага, нацюрморты і партрэты І.Хруцкага, творчасць класікаў беларускай літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа, інш.), сентыменталізму (творы В.Дуніна-Марцінкевіча). Між тым, беларускае дойлідства дапоўніў візантыйска-рускі стыль.

На пачатку ХХ ст. еўрапейскія ідэі дэмакратыі, нацыянальнага самавызначэння, а таксама рэвалюцыі ў Расеі прывялі да ўтварэння БНР і, крыху пазней, БССР. У Беларусі атрымаў развіццё мадэрнізм, больш за тое,— Віцебск у 1918—1922 гг. быў адным з ягоных эпіцэнтраў еўрапейскага маштабу: тут працавалі М.Шагал (у значнай ступені тут і сфармаваўся ягоны лірычны сюррэалізм), Эль-Лісіцкі — абодва ёсць ураджэнцамі Беларусі), К.Малевіч (напісаў тут свае славутыя праграмныя працы, у тым ліку,— “Супрэматызм”), М.Дабужынскі, Р.Фальк, іншыя мастакі-мадэрністы. У Беларускім выяўленчым мастацтве атрымалі развіццё асноўныя накірункі мадэрнізму — сімвалізм (Ф.Рушчыц), беспрадметнае мастацтва (К.Малевіч, Эль-Лісіцкі, Н.Лежэ), сюррэалізм (М.Шагал, Я.Драздовіч), кубізм (А.Станюта), экспрэсіянізм (М.Філіповіч), вяліся імпрэсіянісцкія і неаімпрэсіянісцкія пошукі (В.Бялыніцкі-Біруля, У.Кудрэвіч, Г.Вейсінгоф).

Развівалася і новая, функцыяналісцка-канструктывісцкая архітэктура (Дом ураду, Дзяржаўная бібліятэка, тэатар оперы і балету, інш.). Яна характарызуецца стрыманасцю, лаканізмам выразных сродкаў, імкненнем да сіметрыі, што набліжае яе да традыцый беларускай готыкі, беларускага дойлідства наагул.

У беларускай літаратуры еўрапейскі мадэрнісцкі ўплыў праявіўся ў сімвалізме М.Багдановіча, элементах плыні свядомасці ў творчасці К.Чорнага, пэўных дэкадэнсцкіх настроях Я.Купалы, футурызме паэтаў суполкі “Ўзвышша”. Этнакультурная спецыфіка выяўлялася ў характары перапрацоўкі еўрапейскай стылістыкі, у накладванні яе на фальклорна-этнаграфічныя, неарамантычныя элементы ў творчасці М.Філіповіча, М.Шагала, Ф.Рушчыца, Я.Купалы, М.Багдановіча.

Яркім прыкладам сюррэалістычнай інтэрпрэтацыі касмічнай тэмы з'яўляецца ў творчасць Я.Драздовіча, якая не мае аналагаў у тагачасным еўрапейскім мастацтве.

З усталяваннем савецкай таталітарнай сістэмы, метаду сацыялістычнага рэалізму БССР як частка СССР пакінула межы еўрапейскага культурнага рэгіёну. Вяртанне да еўрапейскай культурнай стылістыкі адбылося ў часы адлігі 1960—1970-х гг. у творчасці шэрагу мастакоў — М.Селяшчука, А.Марачкіна, А.Ісачова, Л.Шчамялёва, інш., у працах якіх назіраліся яскравыя праявы неарэалізму, неарамантызму, постмадэрнізму.

У літаратуры еўрапейскаму мадэрнізму адпавядае творчасць паэта А.Разанава, у стылістыцы еўрапейскай псіхалагічнай прозы развівалася творчасць В.Быкава.

Беларуская архітэктура 1970-х гг. зноў перайшла да форм сучаснай архітэктуры (забудова праспекту Машэрава, Зялёнага Лугу ў Мінску).

Найбольш адэкватна датычна еўрапейскіх культурных працэсаў развіваецца ў краіне неафіцыйнае мастацтва — жывапіс, перформанс, інсталяцыя, мастацкая фатаграфія.

Такім чынам, беларуская культура ў сваім развіцці абапіралася на еўрапейскую культурную традыцыю. Разам с тым, заходне-еўрапейскія ўплывы чаргаваліся з расейскімі ці расейска-савецкімі.

Літаратура

1. Гісторыя беларускага мастацтва. Т.1-5. —Мн., 1987—1991.

2. Соколов А.Н. Теория стиля. —М., 1968.

3. Высоцкая Н.Ф. Искусство Белоруссии ХІІ—ХVІІІ вв. —М., 1994.

4. І.Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. —Мн., 2000.

 

 

Этнічныя параметры беларускай культуры ў гістарычным аспекце
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY