logo English version English




ПАРТНЭРЫ

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў

Belintellectuals

Гіт-парад Тузін Гітоў. Слухай ды выбірай!

НАШ БАНЭР

Банэр БК

НАДВОР'Е

Официальный сайт Белорусского Гидрометеорологического центра

Пятро ВАСЮЧЭНКА. МАДЭРНАСЬЦЬ І ЛІТАРАТУРА

Лекцыя 1. Мадэрнасьць: ад старажытнасьці да новага часу

Плян:

1. Мадэрнасьць і разьвіцьцё беларускай літаратуры.

2. Праявы мадэрнасьці ў даўняй і новай беларускай літаратуры.

3. ”Нашаніўства” і дэкаданс.

1. Мадэрнасьць і разьвіцьцё беларускай літаратуры

Паняцьце мадэрнасьці ўяўляецца як выйсьце з тэрміналягічнай пасткі, якое можа зблізіць і падагульніць усе эстэтычныя навацыі і авангардысцкія зьявы, што назіраліся на тысячагадовым прасьцягу разьвіцьця беларускай літаратуры.

Параўнаньне памянёных зьяў дае магчымасьць аспрэчыць некалькі міталягэм, што пабытуюць у айчынным літаратуразнаўстве, ствараючы ад яе ўражаньне комплексу неапаўнавартасьці.

Адзін з такіх мітаў — сьцьвярджэньне пра кансэрватызм і празьмерны традыцыяналізм беларускага пісьменства, яго інэртнасьць, запозненае рэагаваньне на мадэрнавыя праявы ўсясьветнага гісторыка-культурнага і літаратурнага працэсаў.

Адсюль вынікае меркаваньне пра замаруджанасьць літаратурнага разьвіцьця Беларусі. Працэс адставаньня, “рэдукцыі” ў зьмене культурных фаз, выпадзеньне асобных зьвёнаў літаратурнай гісторыі кампэнсаваўся, паводле гэтай думкі, паскораным разьвіцьцём літаратуры ў экстрымальныя пэрыяды культурна-гістарычнага руху.

Пасіянарных усплёскаў (“адраджэньняў”) у разьвіцьці беларускай нацыі адмаўляць няможна. Але роля іх была інакшай, чым запаўненьне ўяўных прагалаў нацыянальна-культурнага разьвіцьця.

Прычыны ўяўнага адставаньня беларускай літаратуры ад усясьветнай бачацца часам у “патрыярхальнасьці”, “вясковасьці”, цьвярозай абачлівасьці творцаў — якасьцяў, што не даюць ім спакусіцца на сумнеўныя навацыі.

Просты аналіз стадый станаўленьня беларускай літаратуры пераконвае ў міталягізме такіх меркаваньняў.

Паспрабуйма клясыфікаваць стылі і эпохі літаратурнага разьвіцьця Беларусі на падставе іх мадэрнасьці або антымадэрнасьці. Нагадаем, што мадэрнасьць паказвае на экспэрымэнтальны, пошукавы характар літаратуры ў тую або іншую эпоху, а антымадэрнасьць — на традыцыяналізм, пэўную кананічнасьць літаратурнага разьвіцьця.

Мадэрнасьць

Антымадэрнасьць


Рэнэсанс

Барока

Рамантызм

Дэкаданс

Мадэрнізм

Постмадэрнізм


Бізантыйскі стыль

Клясыцызм

Асьветніцтва

Рэалізм

“Сацыялістычны рэалізм”

Новы рэалізм

Беларуская літаратура за тысячагадовую гісторыю свайго існаваньня прайшла праз усе фазы эстэтычнага працэсу, разьвіваючыся ў межах агульнаэўрапейскай парадыгмы. Усе асноўныя стылі і эпохі Заходняй Эўропы (за выключэньнем антычнасьці) займелі сваю праяву і ў нас. Гаворка можа весьціся, хутчэй, пра ступеню выяўленьня таго або іншага стылю ў нашай літаратуры.

Высьвятляецца, што ў беларускай літаратуры досыць выразна засьведчыў сябе Рэнэсанс. Адрозна ад расейскай культуры, у якой, паводле меркаваньня культуролягаў, Рэнэсанс або адсутнічаў або набыў рэдукаваную форму.

Досыць шчодра і разнастайна было рэпрэзэнтавана ў Беларусі барока — ня толькі ў літаратуры, але і ў іншых відах мастацтва.

Рамантызм у беларускай літаратуры ня толькі паўнавартасна прысутнічаў, але й азначаны некалькімі стадыямі:

1. Рамантызм першай паловы ХІХ ст. (творчасьць беларуска-польскіх літаратараў, філяматаў і філярэтаў);

2. “нашаніўскі” рамантызм;

3. “маладнякоўскі” і “ўзвышанскі” рамантызм;

4. Новы рамантызм Уладзімера Караткевіча і ягоных пасьлядоўнікаў.

Наяўнасьць у літаратурнай Беларусі дэкадансу, мадэрнізму або постмадэрнізму да нядаўняга часу выглядала дыскусійнай, але сума назіраньняў за літаратурным працэсам адпаведных эпох сьведчыць пра іх прысутнасьць.

Антымадэрнасьць, кананізацыя, тармажэньне літаратурнага працэсу ў беларускай літаратуры таксама мелі месца, але не дамінавалі. Надзвычай кананізаванае мастацтва, арыентаванае на бізантыйскі ўзор, тварылася ў эпоху раньняга Сярэднявечча. У ХІХ ст. у Беларусі больш-менш выявіўся асьветніцкі рэалізм, а іншыя кірункі гэтага стылю (крытычны, псыхалягічны) высьпявалі ня гэтак шпарка і былі не такімі прадстаўнічымі.

Ня быў у Беларусі шырока рэпрэзэнтаваны й “сацыялістычны рэалізм”, каноны якога зьвязваюць з творчасьцю пралетарскіх пісьменьнікаў (М.Горкі, А.Талстой, А.Серафімовіч, Дз.Бедны, А.Фурманаў, А.Фадзееў ды інш.).

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў нашай літаратуры даволі яскрава выявіліся тэндэнцыі да пошуку, экспэрымэнту, абнаўленьня — тое, што мы разумеем пад мадэрнасьцю.

Вядома, у аснове літаратурнага разьвіцьця Беларусі закладзены самарух, уласная нацыянальная традыцыя, свае каноны. Але й яны знаходзіліся ў стане пэрманэнтнага абнаўленьня.

Гэтае назіраньне адпавядае вынайдзенаму філёзафам Ігнатам Абдзіраловічам прынцыпу “ліючайся формы” як спосабу арганізацыі беларускага нацыянальнага жыцьця, пошуку адметнага Беларускага Шляху і ўласнага статусу між Усходу і Захаду. “У прытарнаваньні формаў жыцьця да гэтай зьменнасьці, ліючасьці, у шуканьні формаў жыцьця элястычных, цякучых, зьменных — зьмест будучыны, зьмест індывідуальнага і сацыяльнага ідэалу”, — пісаў філёзаф у трактаце “Адвечным шляхам”.

Уяўнае прамаруджваньне руху, сьцёртасць асобных стылёвых праяў у беларускай літаратурнай гісторыі сьведчаць не пра кансэрватызм, а пра ўнікальную, нацыянальна абумоўленую схему літаратурнага жыцьця Беларусі.

2. Праявы мадэрнасьці ў даўняй і новай беларускай літаратуры

Прыкметы творчага экспэрымэнту, авангарднасьці, чыстай эўрыстыкі няцяжка адшукаць і ў глыбокай літаратурнай даўніне. Наватарскі характар дзейнасьці Францішка Скарыны даў падставу некаторым дасьледчыкам казаць пра яго як першага ў Беларусі авангардыста.

Яшчэ ў большай ступені мадэрнасьць уласьцівая творчаcьці літаратара эпохі барока — Сімяона Полацкага.

Творца, у асобе якога сышліся манах і паэт, імкнуўся ў сваёй паэзіі спалучаць карыснае з прыемным. Памкненьне да літаратурнай гульні зрэалізавалася ў напісаньні фігурных вершаў, выкананых у выглядзе крыжа, васьміканцовай зоркі, ромбу, сэрца, сэрпантынавай стужкі.

Візуальная паэзія Сімяона Полацкага тварылася ў рукапісным выглядзе, хаця гэты аўтар меў магчымасьць друкаваць свае кнігі, бо сам быў заснавальнікам некалькіх кнігадрукарняў.

Жаданьне зьдзівіць экзотыкай, мудрагелістасьцю формы, штукарствам, містыфікацыяй, эфэктнай тропікай — усё гэта прысутнічае ў паэтычных практыкаваньнях полацкага паэта. Няўрымсьлівая паэтава натура з цяжкасьцю падпарадкоўвалася жорсткім канонам сылабічнага пісьма, а часам і пераадольвала іх.

Сылабіка парушаецца знутры, праз арыгінальную ўнутраную рыфму, з дапамогай якой ствараецца рэха-верш: “Рцы, Щасте, кому служыш, кто ест сей? Алексей".

Сімяон Полацкі, працуючы ў форме паліндрому, стварыў польскамоўны тэкст “Cancer” (у перакладзе на беларускую мову “Рак”).

Памеры ягоных верашаваных тэкстаў вагаюцца ад мініятур-двухрадкоўяў да доўгіх, як пугі, “Мэтраў”.

Паэт, апантаны прагай вэрсыфікаваць усё наўкол, піша вершаваныя трактаты, панэгірыкі, анэкдоты, жарты, загадкі, творыць і любоўную лірыку.

У ягонай творчасьці прысутнічаюць прыкметы варыябельнасьці, сэнсацыябілізму, падпарадкаваныя характэрнаму для барочнага стылю мэтаду літаратурнай гульні.

Цяжка суаднесьці разьняволеную літаратурную гульню з постацьцю суровага манаха-кніжніка, кім быў Сімяон Полацкі. Але эстэтычная гульня, як сьцвярджаў культуроляг Ёхан Хейзынга, не выключана са сфэры паважнасьці. Паэт знаходзіў магчымасьць зьяднаць дыдактыку з займальнасьцю, пра што сьведчаць назвы ягоных паэтычных зборнікаў: “Абед душэўны”, “Вячэра душэўная”.

Сімяона Полацкага прынята лічыць беларускім культуртрэгерам на Ўсходзе. Але ў гэтай сваёй місіі ён меў пэўныя складанасьці. Асяродзьдзе адштурхоўвала яго. Былі спробы абвясьціць яго герэтыком, “латыністам”. Як прадстаўнік барока гэты аўтар у пэўнай ступені заставаўся чужынцам у даволі кансэрватыўным культурным асяродку Маскоўскай Русі, пра што выказаўся акадэмік Дзьмітрый Ліхачоў, абараняючы традыцыяналізм старажытнарускай літаратуры: “Барока зьявілася ў Расеі звонку. Яно не самазарадзілася ў рускай літаратуры... Адрозна ад чалавека ў іншых афіцыйных стылях, “чалавек барока” сувымяральны з чытачом, але некаторыя дасягненьні, ужо назапашаныя перад тым у рускай літаратуры, у гэтым стылі страчаны. Рух наперад амаль заўсёды зьвязаны зь некаторымі незваротнымі згубамі, і гэтыя згубы асабліва частыя тады, калі літаратура зьвяртаецца да чужога досьведу. І з гэтага пункту гледжаньня нават немудрагелістая дэмакратычная літаратура і фальклёр былі больш глыбокамі і больш значнымі ў многіх адносінах, чым літаратура барока”.

Праз гэтае меркаваньне праглядаецца адрознасьць шляхоў, якімі рухаліся даўняя беларуская і расейская літаратуры. Навацыі Сімяона Полацкага ў рэшце рэшт больш прыдаліся беларускай літаратуры.

Працяг традыцыі фігурнай паэзіі знаходзім у “Каліграмах” Гіёма Апалінэра — паэта зь беларускімі каранямі, у графічнай паэзіі прадстаўнікоў літаратурных згуртаваньняў “Маладняк” і “Ўзвышша”. Малюнак, літара і паэтычны тэкст служаць падставай для экспэрыментаў Людкі Сільновай (зборнікі “Рысасловы” і “Вагністыя дзьмухаўцы”). Прадстаўнікі літаратурнага згуртаваньня “Бумбамліт” трансфармавалі ідэю рукапіснай кнігі ў адпаведнасьці з выдавецкімі магчымасьцямі нашага часу, падрыхтаваўшы зборнік “Друкапісы”.

Тэхніку рэха-верша і ўнутранай рыфмы актыўна выкарыстоўваў паэт Анатоль Сыс.

Форма акраверша актыўна выкарыстоўваецца многімі сучаснымі творцамі, у тым ліку — старэйшай генэрацыі (Рыгор Барадулін).

Нястомна займаецца архаічнымі формамі верша Юрась Пацюпа.

У жанры паліндрому працуюць Сяржук Мінскевіч і асабліва плённа Віктар Жыбуль, аўтар паліндромнай паэмы “Рогі гор”.

Апроч паэтычных экспэрымэнтаў, знайшлі плённы працяг і практыкаваньні Сімяона Полацкага ў рэчышчы драматургіі. Ад ягоных “Камэдыі пра блуднага сына” і “Камэдыі пра Навухаданосара цара” адзін крок да “Камедыі” Каятана Марашэўскага — твору, які стаўся жывой драматургічнай клясыкай.

Нараджэньне новай беларускай літаратуры напрыканцы XVIII — пачатку XIX стст. таксама адбывалася ня без літаратурнай гульні, у эўрыстычным рэчышчы.

Першыя творы на сучаснай літаратурнай беларускай мове нараджаліся ў “нізкіх” жанрах, зьвязаных з парадыйнасьцю, бурлескавасьцю, травэстацыяй. Аналягічныя працэсы адбываліся і ва ўкраінскай літаратуры. Гэта было заканамернасьцю, бо яшчэ ў Рэчы Паспалітай, падчас палянізацыі, нацыянальныя мовы Беларусі ды Ўкраіны былі загнаны ў сялянскае асяродзьдзе, у фальклёр, а ў літаратуры за часам клясыцызму выкарыстоўваліся, адпаведна, у творах, пэрсанажамі якіх былі людзі нізкага паходжаньня. Пазьней гэта дало падставу меркаваць, што беларуская і ўкраінская мовы прыдатныя толькі для напісаньня твораў пацяшальнага зьместу. Гэтую міталягему падтрымаў і расейскі крытык Вісарыён Бялінскі, які ў свой час недаацаніў творчасьць Тараса Шаўчэнкі, а пэрспэктыву разьвіцьця ўкраінскай літаратуры на нацыянальнай мове лічыў тупіковай.

Шавіністычна настроеныя крытыкі ўвялі ва ўжытак зьняважлівыя паняцьці “хахламанія” і “хлапаманія”. Яны адрасаваліся інтэлігентам, якія ў Беларусі ды Ўкраіне выяўлялі цікавасьць да нацыянальных культур, спрабавалі ствараць літаратуру на мове народу.

У лік “хлапаманаў” трапілі такія беларуска-польскія пісьменьнікі, як Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля. Калі б гэтыя аўтары пісалі толькі па-польску, наўрад ці іх вага ў літаратурным працэсе была б большай.

Новая беларуская літаратура нараджалася на першы погляд “несур’ёзна” — праз казус, жарт. Адам Міцкевіч, жартуючы, напісаў свае вядомыя два радкі па-беларуску. Напрыканцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзя нарадзілася цэлая чарада парадыйна-бурлескавых твораў, на фоне якіх яскрава вылучаюцца “Энэіда навыварат” Вікенція Равінскага і “Тарас на Парнасе” Кастуся Вераніцына. Адукаваны шляхціч, можа, дзеля таго, каб пацешыць гасьцей, пераніцаваў “Энэіду”, у якой Энэй ператвараецца ў “хупавага дзецюка”, багіня хараства — у пакрыўджаную кабеціну (“Венэра румзала і выла, / Саплямі змазала ўсё рыла”), Юнона — у “бабу злую”, Зэўс — у старога дзеда... Другі адукаваны шляхціч распрацоўвае арыгінальны сюжэт па матывах антычнасьці, засяляе гару Парнас — прыстанак муз і Апалёна — алімпійскімі багамі ў сялянскіх сьвітках і ўзводзіць на гэтую вяршыню палясоўшчыка з Пуцявішча.

З “хлапаманіі”, з парадыйна-“прыкольных” твораў, з жартаў і самагіроніі мясцовай шляхты, з сэнтымэнтальнай панскай замілаванасьці тутэйшай, “мужыцкай” мовай, з высілкаў фальклярыстаў, што занатоўвалі мясцовыя песьні, казкі, абрады, вырастала вялікая літаратура.

3. ”Нашаніўства” і дэкаданс

“Дэкаданс” расчытваецца як “заняпад”. Верагодней за ўсё, гэтае слова варта адрасаваць да старых, традыцыйных стыляў і мэтадаў творчасьці, якія, як здавалася, напрыканцы ХІХ стагодзьдзя вычарпалі свае магчымасьці і мусілі саступіць месца новым, мадэрным.

Як бы тое ні было, але ў “нашаніўскім” культурным Адраджэньні дэкаданс адыграў актыўна-творчую ролю. У полі адраджэнскіх тэндэнцый ён трансфармаваўся ў свайго кшталту “рэнэдэкаданс” або “дэкаданс без заняпаду”.

Аналягічныя працэсы адбываліся ў літаратурным разьвіцьці шэрагу краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Дэкадансныя зьявы распачаліся там у пэрыяд нацыянальна-вызваленчай, культурна-адраджэнскай актыўнасьці.

Асноватворнаым у гэтым працэсе зьяўляецца гістарычны фон. Калі ў большасьці краін Заходняй Эўропы нацыянальнае пытаньне было цалкам вырашана, дык у Беларусі яно заставалася адкрытым. Нацыянальна-вызваленчы рух у краіне быў падобны да сьціснутай спружыны.

Нацыянальнае жыцьцё Беларусі, як і іншых краін з аналягічным лёсам, разгортвалася на фоне заняпаду, а пасьля й распаду імпэрый (Габзбургскай, Расейскай). У краінах падрыхтоўвалася глеба пад будучую незалежнасьць. У Беларусі ўсплёскі нацыянальнага пасіянарызму пасьля далучэньня яе да Расейскай імпэрыі адбываліся ў сярэднім кожныя трыццаць — сорак гадоў. І апатэозам мелі “нашаніўскае” Адраджэньне.

“Рэнэдэкаданс”, пра які ішла гаворка вышэй, выявіўся ў тым, што ў “нашаніўскую” эпоху сродкамі новага мастацтва вырашаліся задачы нацыянальна-культурнага Адраджэньня.

Дэкаданс у літаратуры выявіўся ў выглядзе трох асноўных плыняў — імпрэсіянізму, натуралізму, сымбалізму.

Імпрэсіянізм як стыль зрэалізаваўся перадусім у выяўленчым мастацтве, а ў літаратуры — хутчэй, як падсьветка, дадатковы рэгістар асноўнай эстэтычнай плыні. Яго прысутнасьць можна адзначыць у творчасьці французскіх паэтаў-сымбалістаў — Ш.Бадлера, П.Вэрлена, А.Рэмбо, С.Малармэ.

Імкненьне перадаць словам хуткаплыннае ўражаньне, спыніць імгненьне прысутнічае ў шэрагу вершаў Максіма Багдановіча, у паасобку, у паэтычным цыкле “Места” зборніка “Вянок”. У шэрагу вершаў, прысьвечаных Вільні, М.Багдановіч стварае адмысловы, фантомна-мройны вобраз гораду, які шмат чым адрозьніваецца ад рэальнага. У Вільні М.Багдановіча па вулках шумнага і тлумнага места праяжджае, рассыпаючы яскры, трамвай (у рэальнай Вільні трамваю ніколі не было, як няма яго й сёньня). Нанач браму сучаснага гораду зачыняе бурмістар. Над вечаровай Вільняй, бязгучна махаючы скрыдламі, пралятае кажан — маўклівы спадарожнік лірычнага героя, які дзеліць зь ім ягоную самоту. Сьмерць грамадзянкі Івановай, што атруцілася, як паведамілі газэты, “сінільным квасам”, паэт параўноўвае з самагубствам рымскага патрыцыя (верш “Дзьве сьмерці”). Перастварыць, прымроіць іншую Вільню паэту падмог зварот да імпрэсіяністычных форм творчага мысьленьня.

Якасьці імпрэсіяністычнага пісьма знаходзім таксама ў абразках (“імпрэсіях”) Максіма Гарэцкага, Зьмітрака Бядулі.

Натуралізм у беларускай літаратуры гэтак жа, як і імпрэсіянізм, не аформіўся ў самастойную плынь, хаця прыкметы гэтага стылю назіраюцца ў шэрагу аўтараў.

У прыватнасьці, у драматычнай аповесьці Максіма Гарэцкага “Антон” прасочваецца традыцыйны для натуралізму матыў спадчыннасьці, якая абумоўлівае матывацыі і паводзіны пэрсанажаў твору. Сродкамі натуралістычнага пісьма паказваецца разьвіцьцё душэўнай хваробы галоўнага героя — селяніна Антона Жабона. Эфэкт спадчыннасьці, праявы геннай памяці служыць аб’ектам мастацкага дасьледаваньня ў аповесьці М.Гарэцкага “Дзьве душы”.

Міхась Зарэцкі напісаў два творы, у якіх гэтаксама адчуваецца ўплыў натуралізму, — раман “Сьцежкі-дарожкі” і аповесьць “Голы зьвер”. Аўтар дасьледуе паталягічныя зрухі ў сьвядомасьці людзей, уражаных той альбо іншай хваробай (прыкладам, пранцамі). Аналягічны матыў можна знайсьці ў драме Генрыка Ібсэна “Здані”, таксама створанай пад уплывам натуралізму.

У аповесьці Кузьмы Чорнага “Лявон Бушмар”, у адпаведнасьці з традыцыяй натуралізму, дасьледуецца інстынкт уласьніцтва, які, паводле лёгікі твору, перадаецца ў спадчыну і робіцца для героя свайго кшталту генэтычным фатумам. Гэты фатум перашкаджае Лявону Бушмару, чые бацька і дзед былі кулакамі, пераадолець прыроджаную “зьвераватасьць”, набыць шчасьце ў сямейным жыцьці, у блізкасьці з каханай жанчынай. Бушмар як чалавек “прыродны” ня створаны для існаваньня ў соцыюме, няздатны знайсьці сябе ў дэкляраваных Саветамі формах калектыўнага існаваньня — ці то была б вайсковая казарма, ці калгас. Фізіялягізм індывідуальнага быцьця Бушмара робіць ягоны вобраз тыпалягічна блізкім да цэнтральнага пэрсанажу аповесьці Альбэра Камю “Чужаніца” Мёрсо.

Найшырэйшае разьвіцьцё з дэкадансных плыняў у Беларусі набыў сымбалізм, які рэалізоўваўся ў беларускай літаратурнай прасторы ў разнастайных структурна-жанравых формах і праявах.

Эўрапейскі літаратурны сымбалізм быў падрыхтаваны ўсім працэсам цывілізацыйнага, эстэтычнага і філязофскага разьвіцьця, які доўжыўся стагодзьдзямі. У выніку сфармаваліся і атрымалі працяг такія ўласьцівасьці гэтага літаратурнага стылю, як іншаказальнасьць, шматзначнасьць, дасьледчыцкі (пранікальны) зьмест, пошук неабазнанага.

Узьнікненьне сымбалізму было абумоўлена й грамадска-палітычнымі прычынамі, зьвязанымі зазвычай са станам крызыснасьці і пераходнасьці. Сымбалізм прадказвае глябальныя зьмены, папярэджвае пра іх і адначасова зачароўвае новымі пэрспэктывамі, цьмянымі, трывожнымі і вабнымі.

Філязофскай глебай для ўзнікненьня эўрапейскага сымбалізму зьявіліся тэорыя інтуітывізму і блізкія да яе вучэньні, створаныя і развітыя гэткімі асобамі, як Ф.Ніцшэ, А.Бергсан, С.К’еркегар, М.Лоскі, С.Франк, Н.Гартман. Прадстаўнікі гэтай філязофскай плыні імкнуліся адшукаць анталягічныя асновы сьветабудовы ў глыбінях трансцэндэнцыі (неабазнанага).

Арэал літаратурнага сымбалізму ахоплівае практычна ўсе краіны Эўропы, сягае за акіян, бо прадстаўнікі стылю знаходзяцца і ў ЗША ды іншых дзяржавах Новага Сьвету.

А раз сымбалізм як зьява унівэрсальная меў разьвіцьцё ў шматлікіх краінах сьвету, сацыяльны штуршок і абставіны, якія выклікалі нараджэньне новага накірунку ў мастацтве, былі рознымі. У Францыі — тры рэвалюцыі зь іх наступствамі і пэрыядамі рэакцыі, усталяваньні і падзеньні дыктатарскіх рэжымаў. У Расеі — крызыс самаўладзьдзя, набліжэньне канца манархіі, грамадзкія настроі прадчуваньня катастрофы і яе патаемнага чаканьня, спадзяваньні на пагібель старога сьвету і збудову новага, на "адплату гісторыі" (А.Блок). У краінах, што паступова выходзілі са складу Габзбургскай імпэрыі (Угоршчына, Чэхаславаччына, Сэрбія ды інш.), — нацыянальна-вызваленчы ўздым.

У новым сваім разьвіцьці і пашырэньні сымбалізм працягваў шматлікія і непаўторныя нацыянальныя і рэгіянальныя мадэлі культурнага руху, што прывяло да крышталізацыі яго цэнтраў. Кожны з рэгіёнаў эўрапейскага літаратурнага сымбалізму меў выразны і спэцыфічны ўплыў на развіцьцё беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.

Можна вылучыць, прынамсі, чатыры рэгіёны і, адпаведна, чатыры крыніцы ўзьдзеяньня эўрапейскага сымбалізму на беларускае пісьменства.

Гэта французскі сымбалізм, пададзены праз творчасьць "праклятых паэтаў" (Ш.Бадлер, П.Вэрлен, А.Рэмбо, С.Малармэ ды інш.); паўночны сымбалізм, рэпрэзэнтаваны асобамі Г.Ібсэна, К.Гамсуна, А.Стрындбэрга, Г.Гаўптмана, М.Мэтэрлінка, Э.Вэрхарна; заходнеславянскі (польскі, чэскі, славацкі) сымбалізм, у межах якога асабліва вылучаецца кракаўская школа драматургіі (С.Высьпянскі, С.Пшыбышэўскі); усходнеславянскі (украінскі, расейскі) сымбалізм, у якім варта вылучыць творчасьць такіх аўтараў, як Л.Украінка, А.Блок, В.Брусаў, Л.Андрэеў, А.Белы, Ф.Салагуб ды інш.

Факт уплыву эўрапейскага сымбалізму на беларускую літаратуру неаспрэчны. Беларуская літаратура паводле свайго генэзысу, існаваньня і творчых дасягненьняў адпавядае гісторыка-культурным канонам эўрапейскай парадыгмы. Пры ўсёй сваёй самабытнасьці, яна заўжды была чуйнай да культурна-мастацкіх навацый. Беларуская літаратура не абмінула ніводнай эўрапейскай мастацкай, культурнай навацыі, пэўным чынам рэагавала на іх.

Сымбалізм у “нашаніўскай літаратуры” быў зьвязаны з творчасьцю такіх аўтараў, як Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Зьмітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Вацлаў Ластоўскі.

Кожны з аўтараў, зь іх агульнай прыхільнасьцю да літаратурных навацый, меў уласныя творчыя прыярытэты і, адпаведна, знаходзіў ва ўсясьветнай літаратуры ўласныя ўзоры для перайманьня альбо, наадварот, для ўнутранай палемікі.

Прыкладам, эстэтыка французскага сымбалізму зрабіла асабліва значны ўплыў на творчасьць М.Багдановіча, якога можна назваць "вэрленістам" ужо за пераклад 22 вершаў французскага паэта на беларускую мову. Ёсьць у М.Багдановіча і пераклад фрагмэнту з А.Рэмбо, які паслужыў эпіграфам да верша "Плач сэрца майго..."

Пунктам адліку ў разьвіцьці французскага сымбалізму могуць лічыцца розныя даты: 1856 г., калі Шарль Бадлер выдаў славуты паэтычны зборнік "Кветкі ліха"; 1866 г. — тэрмін выхаду зборніка П.Вэрлена "Сатурнавы вершы"; 1886 г., калі быў напісаны "Маніфэст сымбалізму" Марэаса.

Матывы музычнасьці, крохкасьці існаваньня, эстэтызацыі хваробы і сьмерці, характэрныя для творчасьці французскіх сымбалістаў, у адмысловым пляне трансфармаваліся ў эстэтыцы М.Багдановіча. Яны прысутнічаюць як у непасрэдных паэтычных перакладах і насьледаваньнях П.Вэрлену (цыкл "З чужой глебы", верш "Маёвая песьня"), так і ў алюзіях, зьвязаных з вэрленаўскай сымболікай ("У космах схаваліся кветы чырвоныя... ", "Сьвяча бліскучая зіяе...", "Раяль цалуе тонкая рука..."). Лірычны герой арыгінальных вершаў М.Багдановіча таксама шкадуе аб хуткаплыннасьці існаваньня ("Астры"), скардзіцца на ўласную нямогласьць ("Я бальны, бескрыдлаты паэт...", "Даўно ўжо целам я хварэю...", "Грудзі хворыя мае..."), зьвязвае адвечныя пытаньні быцьця з вобразам немінучай сьмерці ("Жывеш ня вечна, чалавек... ", "Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог...", "Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю..."). Пяру беларускага паэта належыць дасканалы ў мастацкім і філязофскім плянах верш, у якім эстэтызуецца старасьць ("Дзед").

Трагічнае збліжэньне матываў Эрасу і Танатасу, уласьцівае сымбалізму як універсальнай сыстэме, назіраецца ў цыкле вершаў "Каханьне і сьмерць". Спалучэньне неспалучальнага ў такім выглядзе зазвычай служыла маркерам літаратурнага дэкадансу. Але ў паэзіі М.Багдановіча прысутнічаюць і кампэнсатарныя праявы, якія здымаюць "праклёны" дэкадансу. Гэта паэтычны віталізм, адраджэнскі патас і славутыя рэнэсансавыя вобразы Мадон. Варта казаць пра гармонію дыянісійскага і апаляністычнага матываў у творчасьці беларускага клясыка. М.Багдановіч, такім чынам, спрычыніўся да стварэньня адметнай нацыянальнай мадэлі сымбалізму, у якой дэкадансныя настроі пераплятаюцца з рэнэсанснымі.

Паўночны (скандынаўскі, германскі, бэльгійскі) сымбалізм ёсьць другім цэнтрам уплыву на беларускае пісьменства. Досьвед скандынаўскага сымбалізму, які праявіўся ў пэўныя (пераважна позьнія) пэрыяды творчасьці Г.Ібсэна, К.Гамсуна, А.Стрындбэрга, а таксама майстроў "новай драмы" Г.Гаўптмана, М.Мэтэрлінка, актыўна засвойваўся беларускімі літаратарамі.

Надзвычайная папулярнасьць нарвэскіх аўтараў напрыканцы XIX — пачатку XX стст. адбілася й на беларускім літаратурным жыцьці. Гістарычны лёс Беларусі па многіх парамэтрах тоесны лёсу Нарвэгіі. На працягу некалькіх стагодзьдзяў Нарвэгія знаходзілася ў стане каляніяльнай або напаўкаляніяльнай залежнасьці ад Швэцыі. Нарвэская мова пацярпела ад жорсткай асыміляцыі.

У XIX ст. у нарвэскай літаратуры, як і ў беларускай, на глебе народнай гаворкі, што раней успрымалася як "вясковая", "мужыцкая", фармаваліся новая літаратурная мова і новая літаратура. Абсалютна нечакана нарвэская літаратура, дзякуючы высілкам такіх яе выдатных прадстаўнікоў, як Б.Б’ёрнсан, Г.Ібсэн, К.Гамсун, аказваецца ў цэнтры агульнаэўрапейскага літаратурнага працэсу.

У пачатку XX ст. п’есы Ібсэна паказваліся на сцэнах тэатраў Вільні, Менску, Віцебску ды іншых гарадоў Беларусі. Творчасьць аднаго з пачынальнікаў "новай драмы" ажыўлена абмяркоўвалася літаратарамі з "нашаніўскага" кола. Пра гэта сьведчаць ня толькі газэтныя, але й мастацкія крыніцы. Прыкладам, герой аўтабіяграфічнай трылёгіі "На ростанях" Якуба Коласа, настаўнік Андрэй Лабановіч прызнаецца ў цікавасьці да моднай на той час філязофіі Ніцшэ, раманаў Гамсуна. Янка Купала ў аўтабіяграфічным лісьце да Л.Клейнбарта піша, як яго ўразілі творы Ібсэна і Гамсуна. П’есы М.Мэтэрлінка былі прадметам гаворак і спрэчак у "нашаніўскім" асяродку.

Паўночны сымбалізм сваім разьвіцьцём ярка адлюстроўвае тую мадэль станаўленьня стылю, зь якой ён вырастае на падмурку традыцыяналізму — рамантызму і рэалізму. Творчасьць прадстаўнікоў паўночнага сымбалізму мае глыбокія міталягічныя карані. Міталягізаванасьць, філязофскасьць, сузіральнасьць, псыхалягізм зьяўляюцца адметнасьцямі гэтай мадэлі. Ёй уласьцівая таксама высокая ступень рэактыўнасьці ў дачыненьні з іншымі мастацкімі кірункамі і стылямі.

Ілюстрацыяй да вышэйсказанага можа служыць карціна творчай эвалюцыі Генрыка Ібсэна, які ў раньні пэрыяд аддаў даніну рамантызму, выяўляў схільнасьць да этнаграфізму, бэлетрызаваў паўночныя фальклёр, міталёгію, літаратурны космас старадаўніх скандынаўскіх сагаў, баляд і паданьняў у такіх п’есах, як "Валатоўскі курган" (1850), "Фру Інгер з Эстроту" (1855), "Баль у Сульхаўге" (1855), "Улаф Лільекранс" (1856), "Ваяры ў Хельгеляндзе" (1857), часткова "Бранд" (1866) і "Пэр Гюнт" (1867).

Сталы Г.Ібсэн стварае ўзоры псыхалягічнага і сацыяльнага рэалізму, балянсуе на мяжы з натуралізмам, што выявілася ў такіх творах, як "Стаўпы грамадзтва" (1877), "Лялечны дом" (1879), "Здані" (1881), "Вораг народу" (1882).

Позьні Г.Ібсэн стварае ўласна сымбалісцкія, прасякнутыя іншаказальнасьцю, ірацыяналізмам ды містыцызмам драмы, у тым ліку й тыя, што так натхнілі і ўразілі ў свой час Я.Купалу: "Дзікая качка" (1884), "Росмэрсхольм" (1886), "Жанчына з мора" (1888), "Геда Габлер" (1890), "Будаўнік Сольнэс" (1892), "Маленькі Эёльф" (1894), "Калі мы, нябожчыкі, прачынаемся" (1899).

Матыў трансцэндэнтальнага, містычнага падарожжа, пошуку гармоніі, які прысутнічае ў шэрагу твораў Ібсэна ды іншых прадстаўнікоў паўночнага сымбалізму, перагукаецца з такімі творамі беларускіх аўтараў, як паэмы "Сон на кургане" Я.Купалы і "Сымон-музыка" Я.Коласа.

Пэрсанаж-шукальнік Ібсэна распачынае сваю трансцэндэнтальную вандроўку, падпарадкаваны містычнаму поклічу, які, апроч героя (Пэр Гюнт) або гераіні (Эліда), не чуцён нікому. Цільціль і Міціль, героі знакамітай п’есы-фэерыі "Сіняя Птушка" М.Мэтэрлінка, выпраўляюцца ў казачны сьвет у пошуках няўлоўнага шчасьця, але набліжаюцца да яго толькі па вяртаньні дадому. Купалаўскага Самога клічуць у дарогу чары русалак, і падарожжа адбываецца ў сьне. Сымона-музыку выводзіць на шлях ягоны талент.

Шлях сымбалісцкага героя повен зазвычай страт і расчараваньняў, трывалае ператвараецца ў ілюзорнае, ілюзорнае абарочваецца сапраўднай рэальнасьцю. Купалаўскі Сам так і не абудзіўся да канца драмы ад свайго трызьненьня.

Завяршаецца шлях вяртаньнем — матывам, характэрным ня толькі для літаратуры, але й для філязофіі (Ф.Ніцшэ) канца XI — пачатку XX стагодзьдзя.

Пэр Гюнт вяртаецца да сваёй Сольвэйг — жанчыны, якая ўвасабляе адвечнае чаканьне, вернасьць, пяшчоту.

Купалаўскі Сам, прайшоўшы ўсе этапы трансцэндэнтальнага пошуку (сон-летарга, змаганьне з Чорным за закляты скарб, вясельле на пажарышчы, баль у шынкоўні), знаходзіць кабету, зьмерзлую ля парогу шынку, і пазнае ў ёй сваю жонку.

Коласаўскі Сымон-музыка, які таксама прайшоў чатыры сымбалічныя выпрабаваньні (вёска, жабрацтва, шынок, замак), вяртаецца да свае Ганны — каханай, музы, Радзімы.

У кожнай зь пералічаных вэрсій вяртаньня вобраз жанчыны нязьменна зьвязаны з Бацькаўшчынай, роднай зямлёй, трывалай жыцьцёвай асновай. У паўночным сымбалізме беларускіх аўтараў найбольш вабілі менавіта гэтыя матывы. Якуб Колас, чые героі вядуць няспынны пошук "сваёй зямлі" як экзыстэнцыйнай, матэрыяльнай і духоўнай асновы, мае сваім аднадумцам К.Гамсуна — таксама прыхільніка зямнога фундамэнталізму, сьведчаньнем чаго ёсьць яго раман "Сокі зямлі". Абодва аўтары бачылі ўнівэрсальны, падкрэсьлены ў Бібліі сэнс вобразу-сымбалю "новай зямлі".

З творамі заходнеславянскіх аўтараў-сымбалістаў беларускіх пісьменьнікаў-"нашаніўцаў" лучыць матыў пошуку Радзімы, які ў творах таксама набывае глыбока іншаказальны характар. Асабліва актуальным для беларускіх літаратараў стаўся досьвед прадстаўнікоў "кракаўскай школы" драматургіі, якія аб’ядналіся ў суполку "Маладая Польшча" (С.Пшыбышэўскі, С.Высьпянскі ды інш.).

На фоне польскай літаратуры таго часу творчасьць гэтых аўтараў вылучаецца фармалістычнымі шуканьнямі, экспэрымэнтальнасьцю, унівэрсалізмам, што адрозьнівае іх ад нацыянальна заангажаваных пісьменьнікаў. Але ідэі польскага мэсіянізму пранікалі і ў асяродзьдзе кракаўскіх авангардыстаў. П’есы іх рабіліся сугучнымі з творамі "нашаніўцаў".

Вядома, як уразіла Я.Купалу драматургія С.Пшыбышэўскага, асабліва яго п’есы "Залатое руно" і "Сьнег". У вершы "Сьнег", напісаным Я.Купалам пасьля прагляду спэктаклю з аднайменнай назвай, прачытваюцца зашыфраваныя акалічнасьці асабістага жыцьця беларускага паэта.

У драме "Вясельле" С.Высьпянскага і шэрагу паэм і п’ес Я.Купалы ("Сон на кургане", "Паўлінка", "Яна і я", "Тутэйшыя", "Раскіданае гняздо", "Безназоўнае") асабістае, інтымнае паўстае як грамадзкае, агульнанацыянальнае. Вобраз-сымбаль вясельля расчытваецца як адменьнік нацыянальнай перамогі, набыцьця Беларусьсю-нарачонай свайго пачэснага пасаду між народамі.

Прыкметай польскага сымбалізму, што істотна паўплываў на разьвіцьцё беларускага, зьяўляецца нацыянальны пасіянарызм, які не згубіўся ў полі мастацкага экспэрымэнту. Як у польскай, так і ў беларускай драматургіі пачатку ХХ ст. назіраецца зварот да нацыянальнай гісторыі, яе міталягізацыя і актуалізацыя, канцэнтрацыя вобразнага шэрагу вакол вобразу-сымбалю вясельля як адменьніка нацыянальнага і дзяржаўнага Адраджэньня.

Параўнальны аналіз паказвае, што ў літаратурах краін, дзе пытаньне нацыянальнага самавызначэньня стаяла на першым пляне, у працэсе мастацкага экспэрымэнту выпрацавалася спэцыфічная мэтамова, на якой выказваліся спадзяваньні пісьменьнікаў на волю і незалежнасьць. Прыкладам можа служыць творчасьць прадстаўнікоў Славацкай Мадэрны — Паўла Орсага Гвездаслава, Янкі Есенскага, Івана Краскі, Уладзімера Роя, Івана Гала, Францішка Вотрубы. У мэтамове "нашаніўцаў" і Мадэрны выкрышталізаваліся канцэпты, якія можна лічыць агульнымі — як з асноўнага, так і з іншаказальнага іх значэньня: шлях, доля, дзяўчына-панна (нарачоная), вясельле.

Уплыў прадстаўнікоў расейскага сымбалізму (А.Блок, В.Брусаў, Л.Андрэеў, А.Белы, Ф.Салагуб ды інш.) на беларускую літаратуру было абумоўлена эзатэрычнымі шуканьнямі, містыкай, цікавасьцю да фальклёрна-міталягічнай аўтэнтыкі. Угрунтаваны на падмурках новай расейскай філязофскай школы, расейскі сымбалізм скарыстоўваў артэфакты, зьвязаныя з мэсіянскім і апакаліптычна-правідэнцыяльным сьветабачаньнем, мала цікавыя беларускім літаратарам. Але беларускіх аўтараў, перадусім Я.Купалу, вабіла ў творчасьці гэтых пісьменьнікаў пагружэньне ў таямніцы быцьця, не даступныя раней глыбіні макракосму.

Асабліва канцэптуальна блізкай да беларускай традыцыі сталася п’еса "Жыцьцё Чалавека" Л.Андрэева, пад уплывам якой Я.Купала напісаў сваю драматычную паэму "Адвечная песьня".

Унівэрсальныя андрэеўскія вобразы (перадусім галоўнага героя) перажылі ў купалаўскім творы істотную трансфармацыю. На месцы Чалавека ў Купалы Мужык — менавіта ён паўстае як суб’ект і ахвяра касьмічнай драмы, што разыгрываецца ў хранатопе паэмы-містэрыі. Лінейная кампазіцыя андрэеўскага твору ў Купалы ператвараецца ў цыклічную. Лёс Мужыка замкнёны ў падвойнае кола, і ягоная спроба парушыць адвечны прыродна-касьмічны цыкл стаецца марнай. Арыгінальнасць трактоўкі матыву чалавечага жыцьця і сьмерці ў Купалы настолькі выразная, што яго "Адвечную песьню" можна лічыць творчым працягам, але ніяк не транскрыпцыяй альбо насьледаваньнем Л.Андрэеву.

Параўнаньне твораў беларускіх літаратараў-"нашаніўцаў" з узорамі эўрапейскага літаратурнага сымбалізму дазваляе меркаваць пра шматвэктарнасьць узьдзеяньня на наша пісьменства з боку літаратурнай Эўропы. І гэта натуральна, бо Беларусь знаходзілася ў цэнтры літаратурнага арэалу сымбалізму. Можна зрабіць выснову й пра нацыянальную спэцыфіку беларускай вэрсіі сымбалізму, яе блізкасьць да эстэтычных прынцыпаў новарамантызму, сувязь з ідэалягемамі "нашаніўства", адраджэнскі патас, жыцьцятворчасьць (віталізм), "антыдэкадансную" скіраванасьць.

Літаратура

1. Баршчэўскі Л., Васючэнка П., Тычына М. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы. Мн., 2006.

2. Васючэнка П. Адлюстраванне першатвора. Мн., 2004.

3. Васючэнка Пятро. Ад тэксту да хранатопа. Мн., 2009.

4. Васючэнка П. Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм. Мн., 2004.

5. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў. У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ — першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2006. Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. Мн., 2007.

6. Хейзинга Й. Homo ludens. В тени завтрашнего дня. М., 1992.

backward Зьмест
ЗЬМЕСТ

Лекцыя 1. Мадэрнасьць: ад старажытнасьці да новага часу

Лекцыя 2. Ад мадэрнізму да ХХІ стагодзьдзя

 

ПОШУК