ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

Сяргей САНЬКО. УВОДЗІНЫ Ў СЭМІЯЛЁГІЮ КУЛЬТУРЫ

 

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 6. “Прынцыпы сэміятычнага вывучэньня культуры”

Плян:
1. Уводныя заўвагі
2. Прынцыпы й дасьледніцкія стратэгіі сэміялёгіі культуры
3. Канцэпт "мадэль сьвету" як гранічная катэгорыя сэміялёгіі культуры
4. Парамэтры й клясыфікатары мадэлі сьвету

1. Уводныя заўвагі

Станаўленьне сэміётыкі (сэміялёгіі) культуры адносіцца да часоў узьнікненьня асаблівай цікавасьці да самога фэномэну культуры і ўсьведамленьня яе спэцыфічнага знакавага характару, г.зн. да XVII—XVIII стст. — пачатку так званага Новага часу, і зьвязана яно з такімі слыннымі дзеячамі эпохі Асьветніцтва, як Дж.Лок (увёў ва ўжытак сам тэрмін "сэміётыка"), Г.Ляйбніц. А ўжо Г.Лэсінг у трактаце "Лаакаон" (1766 г.) выкарыстоўваў панятак знаку для тыпалягізацыі розных відаў мастацтва, у прыватнасьці, для характарыстыкі адрозьненьняў між паэзіяй і выяўленчым мастацтвам. Працы Ё.Г.Гердэра і В.фон Гумбальдта надалі вывучэньню культуры яшчэ й выразную этналягічную накіраванасьць.

Але сапраўдны тэарэтычны фундамэнт пад гэтыя першыя вопыты стала магчыма падвесьці адно пасля ўзьнікненьня ў канцы ХІХ — на пачатку ХХ стст. сэміётыкі (сэміялёгіі) як адмысловай тэарэтычнай дысцыпліны, у рамках якой дасягалася пэўная аднастайнасьць у трактоўцы рознапрыродных і рознапарадкавых зьяў. Місія заснаваньня яе выпала на двох выбітных навукоўцаў — амэрыканскага лёгіка й мэтафізіка Ч.С.Пірса й швэйцарскага лінгвіста Ф.дэ Сасюра. І менавіта культура стала найбольш прыдатным полем дастасаваньня новапаўсталай навукі. Бо культура з самой сваёй сутнасьці ёсьць натуральнай прасторай працяканьня сэміятычных працэсаў (сэміёзысу).

Культура — гэта "жыцьцёвы свет" (азначэньне Э. Гусэрля) чалавека, зарганізаваны на сэнсавы лад. Усякі аб'ект, усякая зьява навакольнага сьвету маюць у жыцьцёвым сьвеце адмысловае дваістае існаваньне: яны ня проста ёсьць як "вось гэткае", яны яшчэ ёсьць у дачыненьні да чалавека, яны для яго нешта значаць. Вось гэткая значнасьць (хай сабе й адмоўная) і надае ўсяму існаму яго адмысловы знакава-сымбалічны характар.

Першыя спробы дастасаваньня новай парадыгмы, якая, што праўда, яшчэ толькі складалася, да ўсяго кола сацыяльных фэномэнаў былі зроблены ў першай палове ХХ ст. [Тут можна прыгадаць, хаця б, працы П.А.Фларэнскага, С.Эйнзэнштэйна й М.М.Бахціна.], але сапраўднага росквіту новы накірунак дасьледаваньня культуры дасягнуў у трэцяй чвэрці мінулага стагодзьдзя. Менавіта гэтым часам складаюцца два буйныя цэнтры сэміятычнага вывучэньня культуры: адзін — ува Францыі й другі на абшарах былога Савецкага Саюзу, перадусім у Тарту й Маскве (адсюль і вызначэньне “маскоўска-тартуская сэміятычная школа"). Якраз працы прадстаўнікоў гэтых цэнтраў далі сэміётыцы культуры найвялікшы плён. Ува Францыі гэта найперш працы К.Леві-Строса (які лічыцца пачынальнікам структурнай антрапалёгіі), Ж.Дзюмэзіля, М.Эліадэ, Р.Барта, у СССР — Ю.М.Лотмана, Вяч.Ус.Іванова, Ул.М.Тапарова, П.Г.Багатырова, Б.А.Усьпенскага, А.М.Пяцігорскага ды інш. Апроч таго, сэміялёгія культуры актыўна разьвіваецца ў Італіі, дзякуючы вядомаму аўтару постмадэрнісцкіх бэстсэлераў У.Эка. У ЗША сэміятычныя мэтады вывучэньня культуры скарыстоўвае й такі знакаміты антраполяг, як К.Гірц. Пазьней Цэнтар сэміётыкі культуры, лідэрам якога стаў Г.Сонэсан, утвараецца ў Лундзкім унівэрсытэце ў Швэцыі. За апошняе дзесяцігодзьдзе адпаведны дасьледніцкі асяродак склаўся і ў Беларусі. Першым істотным вынікам яго дзейнасьці стала выданьне энцыкляпэдычнага слоўніка "Беларуская міфалогія" [Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С.Санько, Т.Валодзіна, У.Васілевіч і інш.— Мн.: Беларусь, 2004.— 592 с.].

Вялікае значэньне для тэарэтычнага афармленьня сэміялёгіі культуры ў самастойную дысцыпліну мелі славутыя "Тэзысы да сэміятычнага вывучэньня культур (дастасоўна да славянскіх тэкстаў)", напісаныя супольна Ю.М.Лотманам, Вяч.Вс.Івановым, А.МПяцігорскім, Ул.М.Тапаровым і Б.А.Усьпенскім у 1973 г. [Лотман Ю.М. Семиосфера. — СПб.: "Искусство—СПБ", 2000. — С. 504—525.], а таксама шматлікія тэарэтычныя працы Ю.М.Лотмана.

Многія дасьледнікі лічаць, што сэміялёгія культуры яшчэ й дагэтуль знаходзіцца ў стадыі станаўленьня, што яе падставовыя прынцыпы й мэтады не заўсёды могуць быць дакладна акрэсьлены й што шмат што залежыць ад мастацтва, дасьведчанасьці або інтуіцыі канкрэтнага навукоўца. Тым ня менш, пэўныя, прыманыя ў сэміялёгіі культуры, палажэньні й дасьледніцкія стратэгіі могуць быць, у агульных рысах, абазначаны.

2. Прынцыпы й дасьледніцкія стратэгіі сэміялёгіі культуры

Так, першая тэарэтычная ўстаноўка сэміялёгіі культуры палягае ў разглядзе культуры як сулучнасьці знакаў розных тыпаў, у якасьці каторых могуць выступаць аб'екты й зьявы прыроды, штучна створаныя рэчы, падзеі й г.д.

Аднак сэміётыка, і асабліва структурная сэміялёгія Сасюра, сьцьвярджае й нешта большае, а менавіта: што знак сам па сабе, па-за сулучнасьцю аднапрыродных зь ім знакаў, знакам зьяўляцца ня будзе, бо знакам яго робяць адрозьненьні, т.зв. дыфэрэнцыяльныя прыкметы, празь якія знак можа станавіцца носьбітам тых або іншых сэнсаў. А гэта значыць, што сэміялёгія культуры разглядае культуру не як простую сулучнасьць знакаў, а як сулучнасьць знакавых (сэміятычных) сыстэм, кожная зь якіх абслугоўвае тыя або іншыя бакі розных сацыяльных практык.

І, нарэшце, у подзе сэміялёгіі культуры ляжыць перакананьне, што элемэнты знакавай сыстэмы (знакі) зьвязаны паміжсобку ў асадах дадзенай сыстэмы адмысловымі структурна-функцыянальнымі сувязямі й што гэтыя сувязі, незалежна ад таго, усьведамляюцца яны ці не ў дадзенай культуры, могуць быць выяўлены шляхам структурна-сэміятычнага аналізу.

З гледзішча сацыяльнай камунікацыі сэміятычныя сыстэмы выконваюць ролю адмысловых кодаў і служаць трансьляцыі сэнсавай інфармацыі або ў сінхраніі (паміж чальцамі пэўнай грамады, гарантуючы зьнітаванасць апошняй), або ў дыяхраніі (гарантуючы гістарычную пераемнасьць пакаленьняў). З сэміялягічнага гледзішча, паводле У.Эка, код — гэта пэўны "мэханізм", дзякуючы якому дадзенае азначанáе ўваходзіць у сэмасіялягічныя стасункі з дадзеным азначáным. Дзякуючы коду, зьмест (тое, што задумана адрасантам) можа быць пераўтвораны ў паведамленьне й перададзены адрасату, які, сваёй чаргой, з дапамогай гэтага ж коду ўзнаўляе, успрымае й разумее арыгінальны зьмест паведамленьня. Тое, як гэта робіцца, шмат у чым прадвызначае тыпалягічныя асаблівасьці той ці іншай культуры.

Паводле аналёгіі з вэрбальнай (вуснай ці пісьмовай) камунікацыяй коды культуры часта называюць мовамі культуры, а культура характарызуецца прынцыповым поліглятызмам (шматмоўем). На думку Ю.М.Лотмана, культура з адной адзінай мовай (хоць сабе й прыроднай мовай) вельмі хутка дэградавала б.

І ўсё ж мова — паняцьце больш ёмістае, чым папросту код, як больш ёмістая прыродная мова параўнальна, напрыклад, з тэлеграфным кодам або трохколеравым кодам, якім рэгулюецца дарожны рух, хаця й яны, безумоўна, належаць "сэміясфэры" культуры. Паводле Лотмана, мова — гэта код плюс яго гісторыя. Вось чаму прыродная мова часта стаецца ці не адзіным сьведкам прадаўна зьніклых культур. І, сапраўды, структурна-сэміятычныя мэтады ўжо далі й даюць выдатныя вынікі пры дэшыфроўцы невядомых сыстэм пісьма (напрыклад, майя).

Прынцыповы й невыдаляльны поліглятызм культуры выяўляецца ў няпоўнай перакладальнасьці з адной мовы культуры на іншую або, іначай, у няпоўным ізамарфізме розных сэміятычных сыстэм. Сапраўды як у расейскай прымаўцы: "Что напишешь пером — не вырубишь топором". Як слушна й адваротнае, бо таленавіты цесьля можа такое "сказаць" на мове статуарнай плястыкі, чаго ніводзін, хай самы таленавіты, пісьменьнік ніколі адэкватна не апіша.

І ўсё ж, дзякуючы сваім адмысловым мадэлявальным уласьцівасьцям, сэміятычныя сыстэмы ў сэміясфэры адной культуры знаходзяцца ў дынамічных структурна-функцыянальных стасунках адны з аднымі. Паводле аўтараў згаданых "Тэзысаў да сэміятычнага вывучэньня культур", сэміётыка культуры й ёсьць навукай аб функцыянальнай суаднесенасьці розных знакавых сыстэм [Лотман Ю.М. Семиосфера. — СПб.: "Искусство—СПБ", 2000. — С. 504.]. Канкрэтныя знакавыя сыстэмы могуць быць і насамрэч зьяўляюцца прадметамі канкрэтных сэміётык: сэміётыкі вопраткі (моды), сэміётыкі пахаў (прадмет — т.зв. адарыстычны код), сэміётыкі ежы, сэміётыкі кіно, тэатру, рэклямы й г.д. Але прадмет сэміялёгіі культуры — уся сулучнасьць знакавых сыстэм культуры або, паводле вызначэньня Ю.М.Лотмана, уся сэміясфэра культуры. Апошнім часам сэміялёгія культуры пачынае афармляцца і ў асобны аддзел філязофіі ў якасьці трансцэндэнтальнай сэміялёгіі, прадметам якой ёсьць агульныя ўмовы магчымасьці любых тыпаў сэміёзысу (сэміятычных працэсаў азначваньня й інтэрпрэтацыі знакаў) [Санько С.І. Анталагічныя падставы тыпалогіі семіялагічных парадыгм. Аўтарэф. дыс. на суіск. вуч. ступ. канд. філас. нав.— Мн., 2004.— 20 с.].

3. Канцэпт "мадэль сьвету" як гранічная катэгорыя сэміялёгіі культуры

Але што зьяўляецца гранічным гарантам адзінства сэміясфэры, што не дазваляе ёй распадацца на простае мноства аўтаномных знакавых сыстэм, што, урэшце рэшт, гарантуе эфэктыўнасьць камунікацыі (у гранічным выпадку — грамадзкае паразуменьне)? У сэміялёгіі культуры прымаецца, што такім гарантам зьяўляецца наяўнасьць у носьбітаў той ці іншай культуры адносна аднастайнай (усьвядомленай ці неўсьвядомленай) сыстэмы сьветаўспрыманьня й сьветаразуменьня. Такую сыстэму называюць "карцінай сьвету" (КС) дадзенай культуры.

Узрослая апошнім часам цiкавасьць у шэрагу гуманiтарных дысцыплiн да гэткага глябальнага аб'екту, як "карцiна сьвету", тлумачыцца ня простым перайманьнем некаторых, сталых папулярнымi ў больш мэтадалягiчна забясьпечаных навуках (як фiзыка й, адпаведна, фiлязофiя фiзыкi), iдэй, але й ўнутранымi патрэбамi самiх гэтых навук.

У прыватнасьцi, адкрыцьцё этнографамi й культуролягамi мноства культур, што функцыянуюць на зусiм iншых прынцыпах, чым культура эўрапейская, якая доўгi час лiчылася за культуру эталённа агульначалавечую, а то й папросту за культуру як такую, паглыбленьне ведаў пра культуры даўно зьнiклых цывiлiзацый, усьведамленьне самастойнай каштоўнасьцi ўсiх гэтых культур прывялi да прызнаньня прынцыповага плюралiзму культур чалавецтва. Сваёй чаргой, тэарэтычная рефлексiя гэтага культурнага плюралiзму ў асадах культуралягiчнай кампаратывiстыкi ды тыпалёгii культур запатрабавала пошукаў падстаў параўнаньня, большых за стандартныя таксанамiчныя сэрыi, пошукаў таго, у чым рэальная адрознасьць культур выяўлялася б найбольш яскрава й выразна. Натуральна, што на ролю гэткай падставы параўнаньня стала прэтэндаваць КС культуры як яе найбольш канцэнтраванае, iнтэгральнае ўвасабленьне.

Між тым, асэнсаваньне плюралiзму шматлiкiх культур мiнуласьці й цяперасьці максымальна абвастрыла праблему разуменьня фэномэнаў чужой культуры. Стала вiдочна, што падобнае разуменьне дасягальнае адно на шляху рэканструкцыi гэткай рэпрэзэнтацыi чужой культуры, якая дапускала б дастаткова адэкватную iнтэрпрэтацыю любых яе элемэнтаў. Зноў жа ролю гэткай рэпрэзэнтацыi найлепшым чынам выконвае карцiна сьвету культуры. А раз такой iнтэрпрэтацыi патрабавалi самыя розныя элемэнты культуры (фрагмэнты тэкстаў, рэшткi матэрыяльнага й духоўнага жыцьця чалавечых грамадзтваў і да г.п.), то "падключэньне" канцэпту КС аказалася эўрыстычным i ў такіх навуках, як лiнгвiстыка, гiсторыя, археалёгiя.

Адна з асаблiвасьцяў КС — яе напаўусьвядомлены носьбiтамi КС характар. КС нiколi (у нармальных умовах) не бывае дадзена сьвядомасьцi ва ўсёй сваёй поўнi, зазвычай яна iснуе ў досыць цьмяным, аморфным, неадрэфлектаваным выглядзе. Выяўленьне бальшынi складнiкаў КС патрабуе выкарыстаньня спэцыяльных аналiтычных працэдур. Аднак апошнiя, як апрычоныя формы дзейнасьцi, самi ўгрунтаваны ў пэўнай КС, адкуль вынікае, што КС можа быць падатлівай да рэфлексii не ва ўсiм сваiм аб'ёме. В.I.Паставалава параўноўвае КС з айзбэргам: "адна частка яе хаваецца ў глыбiнях падсьвядомасьцi, пранiзваючы сабой усе чыны чалавечай жыцьцядзейнасьцi, а другая карэнiцца ў сьвядомасьцi" [Постовалова В.И. Картина мира в жизнедеятельности человека // Роль человеческого фактора в языке: Язык и картина мира.— М.: Наука, 1988.].

Высновай выключнай важнасьцi, зробленай у асадах сэмiятычнай парадыгмы, зьявiлася разуменьне таго, што розныя сэмiятычныя сыстэмы па-рознаму мадэлююць знадворкавы сьвет [Зализняк А.А., Иванов Вяч.Вс., Топоров В.Н. О возможности структурно-типологического изучения некоторых моделирующих семиотических систем // Структурно-типологические исследования.— М., 1962.— С. 134.]. Пры гэтым розныя знакавыя сыстэмы валодаюць рознымi мадэлявальнымi магчымасьцямi. Вынiкам разнастайных мадэльных кагнiтыўных працэсаў, што працякаюць у самых нетрах культуры, аказваецца фармаваньне пэўнага мноства мадэляў сьвету або яго фрагмэнтаў. Нятоеснасьць гэтых знакавых мадэляў, якая зьяўляецца вынiкам прынцыповай нятоеснасьцi структур розных знакавых сыстэм культуры, забясьпечвае належную рознааспэктавасьць бачаньня навакольнага сьвету, стварае своеасаблiвы "стэрэаскапiчны" эфэкт, якiм кампэнсуецца непазьбежная непаўната наяўнай у дадзены момант iнфармацыi адносна сытуацый, у якiх чалавеку штомомантава даводзiцца арыентавацца, прымаць рашэньнi, выбiраць стратэгii паводзiн. Такая полiглятычная структура зьяўляецца адным з тонкiх i эфэктыўных адаптацыйных мэханiзмаў культуры. Вынiкi рознакодавага мадэляваньня фрагмэнтаў рэчаiснасьцi могуць сынтэзавацца ў нейкiх адменах агульнай мадэлi сьвету (МС) дадзенай культуры.

Дваiстая існасьць сэмiятычнага знаку — з аднаго боку, знак азначае нейкi элемэнт (фрагмэнт) рэчаiснасьцi, а з другога боку, ён выражае пэўны сэнсавы зьмест — прадвызначае й дваiстае функцыянаваньне мадэляў сьвету. З аднаго боку, МС мадэлюе знадворкавы сьвет разнастайнымi сэмiятычнымi сродкамi, а з другога боку, МС аказваецца сэмiятычным увасабленьнем, сэмiятычным выразам карцiны сьвету культуры.

Такiм чынам, МС можа разумецца як адмысловае спалучэньне розных сэмiятычных увасабленьняў фрагмэнтаў КС, якiя (прынамсi, генэтычна) зьяўляюцца вынiкам першаснай апрацоўкi iнфармацыi ў сыстэме чалавек-сьвет (навакольнае асяродзьдзе). МС паўстае ў вынiку дзеяньня нелiнейных мэханiзмаў перакадыроўкi гэтай першаснай iнфармацыi [Топоров В.Н. Модель мира // Мифы народов мира. Т. 2.— М., 1992.— С. 161-164; Цивьян Т.В. Лингвистические основы балканской модели мира.— М., 1990.— С. 5.].

4. Парамэтры й клясыфікатары мадэлі сьвету

Зьяўляючыся сэмiятычным увасабленьнем карцiны сьвету (або фрагмэнту КС) пэўнай культуры, сама МС рэалiзуецца ў сыстэме сваiх парамэтрычных рэпрэзэнтацый. У сучаснай сэмiялёгіі культуры вылучаецца шэсьць падставовых парамэтраў мадэлi сьвету: 1) прасторава-часавы; 2) прычынны; 3) колькасны; 4) сэмантычны (або якасны); 5) этычны (аксыялягiчны); 6) пэрсанажны. Як элемэнты мэтаапісаньня яны маюць унiвэрсальны характар, аднак структураваньне "жыцьцёвага сьвету" паводле гэтых падставовых парамэтраў у розных культурах адбываецца вельмі адрозна. А гэта, урэшце рэшт, прадвызначае тып культуры. Вывучэньне гістарычнай тыпалёгіі культур — адна з галоўных задач сэміётыкі культуры.

Аднак рэканструкцыя МС культуры — зьява далёка ня простая, бо паасобныя яе фрагмэнты могуць быць увасоблены ў розных знакавых комплексах (кодах). Сярод менш-больш вывучаных сёньня кодавых сыстэм можна назваць астральны (астранамiчны) код, вэгетатыўны (расьлiнны), зааморфны (тэрыяморфны, зьвярыны цi жывёльны), антрапаморфны, гастранамiчны, музычны, адарыстычны, колеравы, лiчбавы, арнiталягiчны, ляндшафтава-тапаграфiчны, пэрсанажны, каляндарны, кiнэтычны, прадметна-рэчавы, тэхналягiчны ды iнш. Кожны з названых кодаў мае сваю спэцыфiчную сфэру дапасоўнасьці й, адпаведна, па-свойму мадэлюе пэўныя фрагмэнты рэчаiснасьцi. Няпоўнае супадзеньне сфэр рэлевантнасьцi розных кодавых сыстэм, з аднаго боку, i iх структур, з другога боку, узмацняе эфэкты няпоўнай перакладальнасьцi ў межах нават адной культуры, што, сваёй чаргой, зьвязана з прынцыповай нелiнейнасьцю дзейсных у культуры мэханiзмаў перакадыроўкi.

Як прыклад дзеяньня ў асадах мiтапаэтычнай МС мэханiзмаў перакадыроўкi, якiя ўсталёўваюць структурны iзамарфiзм розных узроўняў i розных фрагмэнтаў МС, можна падаць вельмі паказальны для беларускай фальклёрнай традыцыі тэкст:

...Стаiць цярём вышы ўсiх харом.

А ў тым цераме да чатыры углы,

Чатыры углы да чатыры акны...

У адным акне — ясён месiц,

У другiм акне — ясна заря,

А ў трэцiм акне — дробныя зьвёзды,

А ў чацьвёртым акне — цёмная ночка.

Ясён месiц — Вiцютка-пан,

Ясна заря — яго жана,

Дробныя зьвёзды — яго дзеткi,

Цёмная ночка — ўся яго сiм'я [Мажэйка З.Я. Песьні беларускага Паазер'я.— Мн., 1981.— С. 43.].

У гэтым тэксьце задаецца свайго роду "перакладны слоўнiк" з астральнага коду ў пэрсанажны, i наадварот. (У тэкстах гэткага кшталту могуць рэалiзоўвацца й больш складаныя выпадкi перакадыровак з уключэньнем, напрыклад, арнiталягiчнага (птушынага) коду ("Мае сёстры — ў жыце перапёлкi") або мэтэаралягiчнага ("Дробны дожджычкi — то дзеткi яго"). Разгледжаныя ў сваім адзінстве такія элемэнты кодаў утвараюць своеасаблівыя галяномныя сэрыі, выконваючы ролю клясыфікатараў [Топоров В.Н. Модель мира // Мифы народов мира. Т. 2.— М., 1992.— С. 163.].

Але гэты тэкст цiкавы яшчэ й тым, што ў iм апiсаньне фрагмэнту МС праводзiцца практычна па ўсiх парамэтрах: па прасторавым (праз суаднясеньне значных элемэнтаў з бакамаі сьвету (касьмiчная гарызанталь) i па касьмiчнай часавайвэртыкалi, (праз суаднясеньне у гэтым тэксьце гаспадара з начным а, гаспадынi з дзённым аспэктам); па аксыялягiчным — праз тэму iдэальнага парадку, ладу ды iнш.

Унівэрсальным сродкамі апісаньня сэмантыкі МС культуры зьяўляюцца сыстэмы адрозьнівальных прыкмет: дваічная, траічная, чацвярычная й г.д. Самая простая зь іх і, верагодна, найбольш архаічная — дваічная або бінарная. Яна ж і найбольш абстрактная. Некаторыя з пар належаць самой мадэлі сьвету (верх—ніз, дзень—ноч, свой—чужы й г.д.), іншыя — толькі мэтамове апісаньня (культура—прырода, хаця й ім у МС ёсьць свае адпаведнікі, напрыклад, вёска—лес).

Траічная (тэрнарная) сыстэма характэрна для апісаньня вэртыкальных, ерархічных структур: зямля—паветраная прастора—неба, падземны сьвет—зямля—неба й г.д. А чацвярычная або тэтрарная схема дастасоўная да зямной гарызанталі: усход—поўдзень—захад—поўнач. Вылучаюцца й больш складаныя клясыфікацыі (параўн. "васьмярычны шлях" у будызме).

Такім чынам, высілкамі розных дасьледнікаў пакрысе ў сэміялёгіі культуры выпрацоўваецца свой унікальны інструмэнтарый дасьледаваньня культуры. Яна аніяк не адмяняе іншых падыходаў, але сама як фэномэн культуры, адна з другасных мадэлявальных сэміятычных сыстэм (мэтамовы) уваходзіць зь імі ў дачыненьне культурнага поліглятызму й надае штудыям з сэміятычнай культуралёгіі дадатковую аб'ёмнасьць.

Літаратура:

Sonesson G. Semiotics in the Nordic countries, зьмешчаны на сайце Лундзкага ўнівэрсытэту (Швэцыя): http://www.arthist.lu.se/kultsem/semiotics/ kult_sem_eng.html.

Vėlius N. Senovės baltų pasaulėžiūra: Struktūros bruožai. Vilnius: Mintis, 1983. 309 p.

Байбурин А.К. Семиотические аспекты функционирования вещей // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л.: Наука, 1989. С. 63—88.

Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. Пер. с фр. М.: Прогресс, 1989. 616 с.

Валодзіна Т. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў. Мн.: Тэхналогія, 1999.

Иванов В.В. Очерки по истории семиотики в СССР. — М.: Наука, 1976. 304 с.

Иванов Вяч. Вс. Избранные труды по семиотике и истории культуры. Т. І. М.: Школа "Языки русской культуры", 1998. 912 с.

Иванов Вяч. Вс. Проблемы этносемиотики // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л.: Наука, 1989. С. 38—62.

Леви-Строс К. Мифологики. В 4-х тт. Т. 1. Сырое и приготовленное. М.; СПб.: Университетская книга, 1999. 406 с.

Лотман Ю.М. Феномен культуры // Семиотика культуры. Тру­ды по знаковым системам. Вып. X. Ученые записки Тартуского университета. Вып. 463. Тарту, 1978.

Лотман ЮМ. Внутри мыслящих миров. Человек — текст —семиосфера — история. М.: "Языки русской культуры", 1996. 464 с.

Лотман Ю.М. К проблеме типологии культур // Ученые записки Тартуского университета. Вып. 198. Труды по знаковым системам. Вып. 3. Тарту, 1967.

Лотман Ю.М. Культура как коллективный интеллект и проблемы искусственного разума. Предварительная публикация. М., 1977.

Лотман Ю.М. Культуры и взрыв. М.: Гнозис; Издательская группа "Прогресс", 1992. — 272 с.

Лотман Ю.М. Несколько мыслей о типологии культур // Язы­ки культуры и проблемы переводимости. М.: Наука, 1987. С. 3—11.

Лотман Ю.М. Семиосфера. СПб.: "Искусство—СПБ", 2000. 704 с.

Лотман Ю.М. Тезисы к семиотике русской культуры // Ю.М. Лотман и тартуско-московская семиотическая школа. М., 1994.

Лотман Ю.М. Феномен культуры // Семиотика культуры. Труды по знаковым системам. Вып. X. Ученые записки Тартуского ун-та. Вып. 463. Тарту, 1978.

Лотман Ю. Семиотика кино и проблемы киноэстетики. М., 1973.

Николаева Т.М. Введение // Из работ московского семиотического круга. М.: "Языки русской культуры", 1997. С. VII—XLIX.

Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб.: ТОО ТК "Петрополис", 1998. 432 с.

 

 

Лекцыя 6

 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY