|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА Сяргей САНЬКО. УВОДЗІНЫ Ў СЭМІЯЛЁГІЮ КУЛЬТУРЫ |
Лекцыя 1 |
Лекцыя 1. “Сэміятычны паварот” Плян: 1. Уводныя заўвагі Цягам шматлікіх тысячагодзьдзяў рабілася мноства спроб зразумець, у чым палягае сутнасьць чалавека. Усе добра памятаюць антычную показку: “двухногая бязь пер'я” істота, у адказ быў паказаны абскубаны певень. Спакваля характарыстычную рысу чалавека сталі бачыць ў яго адмысловай рацыянальнасьці, інтэлекце, і за гэтай клясай жывых стварэньняў замацавалася ганаровая назва — Homo Sapiens. Праблемы з гэткім вызначэньнем сталі ўсьведамляць значна пазьней: калі, з аднаго боку, былі выяўлены пэўныя прыкметы інтэлектуальнасьці ў паводзінах багата якіх вышэйшых жывёл, а з другога, усё больш і больш праблематызавалася рацыянальнасьць самога чалавека. Аказалася, ня гэтак проста эксплікаваць характар і адметнасьці гэтай рацыянальнасьці. Не адразу было зразумета, што разумнасьць чалавека, адрозна ад праяў інтэлектуальнасьці ў жывёл, ці не галоўным чынам зьвязана зь яго адмысловай здольнасьцю да сэнсаспараджэньня і сэнсаўспрыманьня. Да таго ж, абодвух памянёных працэсаў, а насамрэч, хутчэй, папросту двох бакоў ці аспэктаў аднога працэсу чалавек ня можа зьдзейсьніць без дапамогі адмысловых спасярэднікаў — знакава-сымбалічных сродкаў, арганізаваных часам у вельмі складаныя комплексы — знакавыя сыстэмы. Пры гэтым істотна нават не настолькі тое, што ў чалавека гэткая здольнасьць адпачатна ёсьць, а тое, што яна абсалютна неабходнаядля нармальнага ягонага існаваньня. Наяўнасьць у жывёл некаторых адносна простых знакаў-сыгналаў ня можа паўставаць тут ані ў якое параўнаньне. Можна сказаць, што ў ХХ стагодзьдзі тэндэнцыя вызначаць сутнасьць чалавека цераз ягоную адмысловую здольнасьць да знакава-сымбалічнай дзейнасьці стала вядучай у філязофскай антрапалёгіі. Так, менавіта ў “вытворчасьці” сымбалічных форм бачыў гэтую сутнасьць вядомы нямецкі культуроляг Эрнэст Касырэр; у здольнасьці да вытворчасьці слоў з элемэнтаў ніжэйшага ўзроўню (фанэм) — антраполяг Клёд Леві-Строс і лінгвіст Раман Якабсан [Иванов В.В. Очерки по истории семиотики в СССР. М.: Наука, 1976. С. 18.]. Вядомы расейскі сэміёляг Вяч.Ус.Іваноў вызначае адметнасьць чалавека як здольнасьць да апэраваньня разнастайнымі знакавымі комплексамі й тэкстамі, абапіраючыся на правілы гэткага апэраваньня, задаваныя таксама ў знакавай форме [Иванов Вяч.Вс. Вступительная статья к сборнику “Симпозиум по структурному изучению знаковых систем” // Из работ московского семиотического круга. М., 1997. С. 3.]. Ён, прынамсі, адзначаў, што “толькі ўключаючыся ў сетку знакавых сыстэм, што функцыянуюць у дадзеным грамадзтве, чалавек набывае ўласьцівасьці, якія адрозьніваюць ягоныя паводзіны ад паводзін жывёл” [Иванов Вяч.Вс. Вступительная статья к сборнику “Симпозиум по структурному изучению знаковых систем” // Из работ московского семиотического круга. М., 1997. С. 3.]. І галоўная роля, з гледзішча бальшыні семіёлягаў, тут належыць прыроднай чалавечай мове. Менавіта ж яна найбольш выразна й кантрасна адрозьніваецца ад простых сродкаў “камунікацыі”, уласцівых сьвету жывой прыроды. Гэтыя адрозьненьні вядомы французкі лінгвіст Эміль Бэнвэніст [Lechte John. Fifty key contemporary thinkers: From structuralism to postmodernity. London—New York: Routledge, 1994. P. 42—43.] бачыў у наступным: 1) чалавечая мова не зьяўляецца простай сыстэмай, якая спрацоўвае паводле прынцыпу “стымул — рэакцыя”; 2) сутнасна яна ёьсць дыялёгам паміж двума або большай колькасьцю ўдзельнікаў, прычым, падставай гэтага дыялягізму мовы зьяўляецца “Я — Ты” полюснасьць, умовай магчымасьці якой ён лічыць наяўнасьць у мове займеньнікаў трэцяй асобы “ён”, “яна”, “яно” [Яшчэ больш узмацняецца гэтае адрозьненьне даванымі мовай магчымасьцямі камунікаваць з самім сабой, якія наўпрост зьвязаны з вышэйшай інтэлектуальнай дзейнасьцю — мысьленьнем. Параўн. у гэтым стасунку Плятонава вызначэньне мысьленьня як бязгучнай размовы душы з самой сабой або пазьнейшае разуменьне мысьленьня як інтэрыярызаванай мовы ў Выгоцкага й Лявонцева.]; 3) мова дазваляе перадаваць паведамленьні трэцяй асобе, у той час як сыгнальная сыстэма — толькі ад пасыльніка да атрымальніка; 4) мова дапускае, у прынцыпе, бясконцую зьменлівасць зьместу, тым часам жа сыгнальная сыстэма жорстка прывязана да запраграмаванага зьместу (сыгнальная сыстэма пчол арыентаваная найперш і амаль выключна на мёд); 5) адсюль вынікае магчымасьць гіранічнага выкарыстаньня мовы, якое патрабуе бесьперапыннай інтэрпрэтацыі й рэінтэрпрэтацыі патэнцыйнай лятэнтнай шматзначнасьці (пра)маўленьня (énonciation); 6) таму мова мае невыдаляльныя паэтычны і ўяўляльны (fictive) бакі; 7) адрозна ад сыгнальнай сыстэмы, замацаванай інстынктамі, чалавечая мова, прынамсі, як мова жывая, ніколі дакладна не паўтараецца [Прыгадаем, хаця б, пэрыфрастычнасьць мовы, г.зн. магчымасьць выражаць адзін і той жа зьмест рознымі граматычнымі (сынтаксычнымі) сродкамі, параўн. “Я прачытаў кнігу” й “Кніга мной прачытана”, гл.: Степанов Ю.С. Индоевропейское предложение. М., 1989. С. 129—233.]. Шэраг адрозьненьняў, падаваны Э. Бэнвэністам, можна было б і падоўжыць. Але ёсьць адно прынцыповае адрозьненьне, ключавое для нашага дасьледаваньня, якое, шматкроць згадваючыся ў працах па сэміялёгіі культуры, тым ня менш, застаецца свайго роду “пятым пастулятам” сэміялёгіі, найбольш дынамічнай кропкай яе развіцьця. Гэта — фундамэнтальная здольнасьць знакавых сыстэм, якімі апэруе чалавек, да ўтварэньня сыстэм другога парадку, т.зв. другасных сэміятычных сыстэм. Азначэньне “другасная”, безумоўна, падманлівае, яно набывае свой сэнс адно ў асадах пост- структуралісцкай парадыгмы. З роўным посьпехам можна было б казаць і пра “n-сныя сэміятычныя сыстэмы”. Зрэшты, адкрыты (пастуляваны) Ч.С.Пёрсам “безгранічны сэміёзыс” (unlimitedsemiosis), адбываецца ня толькі па гарызанталі (у асадах адной знакавай сыстэмы), але й па вэртыкалі. Як ні дзіўна, але менавіта аб гэтыя “другасныя сэміятычныя сыстэмы” запінаюцца абедзьве яскравыя (а на сёньня, па-сутнасьці, — адзінаісныя) парадыгмы сэміялёгіі культуры: французкая й тартуска-маскоўская. Выступаючы, у рэшце рэшт, пад слоганам “differance”, многія французкія сэміёлягі пайшлі па шляху міта- й глётафобіі, заўважаючы ў здольнасьці да ўтварэньня другасных сэміятычных сыстэм толькі паразытарныя ўласьцівасьці сэміятычных сыстэм наагул (напрыклад, Р.Барт). 2. “Сэміятычны паварот” у гуманітарыстыцы ХХ ст. З другой паловы ХХ ст. назіраецца сапраўдны выбух сэміятычных дасьледаваньняў. Чалавек нібы адкрыў для сябе абсалютна новы апрычоны тып рэальнасьці — знакавы унівэрсум. Нельга сказаць, што гэты унівэрсум быў зусім невядомы ў папярэднія эпохі. Так, ужо на заранку станаўлення мадэрнай культуры Дж.Лок падзяліў навукі на фізычныя, практычныя й сэміятычныя. І ўсё ж “сэміятычны паварот”, асабліва ў другой палове ХХ ст.,— зьява багата ў якіх стасунках знамянальная. Можна казаць тут пра спэцыфічную дыспазыцыю сьвядомасьці — успрымаць увесь сьвет тэкстуальна, а дакладней — гіпэртэкстуальна. Сэміётыка стала прэтэндаваць на ролю адмысловай мэтанавукі, якая аднолькава пасьпяхова можа дастасоўвацца як да лёгіка-матэматычнай сфэры, так і да любых іншых сфэр грамадзкага жыцця. Так, цяпер развіваюцца ня толькі лягічная сэміётыка, але й сэміётыка культуры, а таксама сэміётыка кіно, візуальная сэміётыка, сэміётыка моды, кухні й г.д і нават сэміётыка мітральнага кляпану й эхакардыяграфічная сэміётыка. Усе названыя акалічнасьці робяць гэты прадмет вельмі цікавай тэмай рознабаковага й крытычнага разгляду, што й складае галоўнае заданьне прапанаванага курсу. Прычына гэтага “сэміятычнага павароту” карэніцца ў зьяве, якую часта цяпер называюць “выбухам камунікацый”. Цывілізацыя крочыла па шляху пашыранай вытворчасьці тэкстаў рознага кшталту з выкарыстаньнем усіх магчымых “сродкаў” і носьбітаў. Пастуляваны адным з заснавальнікам сучаснай сэміётыкі Ч.С.Пёрсам “безгранічны сэміёзыс” (unlimited semiosis) з тэарэтычнага тэзысу ператварыўся ў норму дзейнасьці значнай колькасьці людзей. Апроч іншага, гэты тэзыс азначае, што знак інтэрпрэтуецца знакамі ж, або, паводле М.К.Мамардашвілі, тэкст чытаецца толькі тэкстамі. У выніку колькасьць тэкстаў (інфармацыі) нарастае лавінападобна. У знакі ператвараюцца аб’екты рэчаіснасьці й сама так званая аб’ектыўная рэальнасьць. Апошняя нібы распускаецца ў знакавым унівэрсуме, а дакладней, сымулюецца ім. Знакавая рэальнасьць мае з аб’ектыўнай рэальнасьцю тую агульную ўласьцівасьць, што яна незалежная ад волі й сьвядомасьці канкрэтнага індывіду, а даступная яму пасярэдніцтвам тых самых каналаў — органаў пачуцьцяў. Менавіта ў гэтым карэніцца агромністы патэнцыял для сымуляваньня рэальнасьці, уласьцівы знакавым сыстэмам. Усякая рэч перадусім выступае ў сваёй знакавай функцыі й толькі затым ужо як “вось гэтая рэч”. Ж.Бадрыяр назваў гэтую зьяву “прэцэсіяй сымулякраў”. Так, у эсэі “Амэрыка” (1986 г.) ён пісаў: “Усё ператвараецца ў знакі, нават тое, што раней прыносіла беспасярэдняе задаваленьне. Задаваленьня як чыста чалавечай беспасярэдняй радасьці, можна сказаць, ня стала зусім. Яно само стала знакам. На месца матэрыяльнасьці рэчаў і ідэальнасьці каштоўнасьцяў прыйшла новая сэміётыка сьвету. Прамысловасьць і рынак, мастацтва й навука — літаральна ўсе сфэры вытворчасьці ствараюць цяпер вылучна сымбалічныя каштоўнасьці, а дакладней, знакі. Спачатку гэта здавалася важным, бо ў адзінстве матэрыяльнага й сымбалічнага адтулялася цікавая магчымасьць. Рэч ствараецца ня толькі рукамі, але і ўяўленьнем, прычым, уяўленьнем як стваральніка, так і наступнага ўладальніка рэчы, які, купіўшы яе, ня проста карыстаецца ёю, але лічыць, што валодае пры гэтым яшчэ й нейкай сымбалічнай значнасьцю. Аднак сёньня затраты на вытворчасьць сымбалічнага капіталу, да таго ж, усё больш спэкулятыўнага, адарванага ад рэальнага прызначэньня рэчаў, сталі яўна перавышаць працу, накіраваную на сапраўднае пераўтварэньне сьвету, чалавека, грамадзтва. …Працэс сымуляцыі зайшоў так далёка, што страцілася сама адрознасьць фантазіі й рэальнасьці. Рэкляма — гэта сапраўдная рэчаіснасьць, нават калі ты ніколі ня зможаш рэальна купіць таго, што рэклямуецца…” [Бодрийяр Ж. Америка. СПб., 2000. С. 18—19.] Жыць і дзейнічаць у сьвеце знакаў — зусім ня тое самае, што жыць і дзейнічаць у сьвеце людзей, жывёл, расьлін, рэчаў, зьяў. Бо знакавая рэальнасьць адрозьніваецца ад аб’ектыўнай рэальнасьці прынцыповай неагульназначнасьцю й неадназначнай рэфэрэнтнасьцю. Дэнататыўнае значэньне знаку (канцэпт) заступае месца рэфэрэнту (рэчы), робячы апошні не неабходным для знаку (з прычыны канвэнцыйнасьці, адвольнасьці й нематываванасьці знаку, паводле вызначэньня), і само губляецца ў сьцені канататыўных значэньняў. Знакавая рэальнасьць неўнікова распадаецца на мнагастайныя знакавыя рэальнасьці, якія існуюць толькі ў зонах сэміятычнай кампэтэнтнасьці адпаведных рэфэрэнтных груп (нацый, партый, грамадзкіх станаў і г.д.). Але гэтая мнагастайнасьць не выдаляе (паслабляе) магчымасьці для маніпуляваньня грамадзкай і індывідуальнай сьвядомасьцю, а яшчэ болей узмацняе іх. “Наіўная” вера ў адзінства сьвету (напрыклад: “дрэва — яно і ў Афрыцы дрэва”) стварае перадумовы для атаесамленьня дэнататыўных значэньняў розных “моў” (тэзыс “перакладальнасьці” зьвязаны з пастулятам канвэнцыйнасьці знаку) і праз гэтае атаесамленьне — для “прышпільваньня” пэўных канататыўных значэньняў, істотных з гледзішча якой-небудзь карпарацыі або групы. На гэтым заснаваны дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі, рэкляма й тое, што прынята называць “культурным імпэрыялізмам”. Таму нагэтулькі актуальныя апошнім часам штудыі этна- й соцыясэміётыкі. Каб не патрапляць у сэміятычныя пасткі, больш за тое — ня стаць самому ўсяго толькі сымулякрам, патрабуецца выпрацоўка абсалютна апрычонага тыпу крытычнага мысьленьня, аднолькава недаверлівага як да сучасных грамадзкіх міталёгій, гэтак і да самой рэальнасьці сучаснага сьвету. Запытваньне пра быцьцё, відаць, зноў саступае месца запытваньню пра існае. Зрэшты, сэміялёгія й канстытуявалася ў другой палове ХХ ст. як крытыка ідэалёгій. Таму яна часам збліжаецца з нэамарксізмам. Тут здабыткі яе агульнапрызнаныя. Гэтаксама як і поспехі ў галіне штудый мэдыяў і камунікацый. Але й яшчэ адно тэматычнае поле сталася для сэміялёгіі сфэрай натуральнага дастасаваньня. Гэта сфэра культуры. Гэтаксама ў другой палове ХХ ст. канстытуяваўся адмысловы даследніцкі накірунак, які атрымаў назву сэміялёгіі (сэміётыкі) культуры або культурнай сэміётыкі. Зьвязаны ён быў пераважна з працамі французкіх постструктуралістаў (а таксама У. Эка ў Італіі), з аднаго боку, і колам савецкіх дасьледнікаў, якое пазьней атрымала назву маскоўска-тартускай сэміятычнай школы. Сам тэрмін “сэміётыка культуры” найбольш актыўна й паслядоўна выкарыстоўваўся менавіта апошняй. У апошнія дзесяцігодзьдзі да іх далучыўся яшчэ адзін цэнтар — швэдзкі, лідэрам якога стаў Гёрэн Сонэсан [Гл. ягоны агляд: Sonesson G. Semiotics in the Nordic countries, зьмешчаны на сайце Лундзкага ўнівэрсытэту (Швэцыя): http://www.arthist.lu.se/kultsem/semiotics/kult_sem_eng.html]. У чым жа ж палягае спэцыфіка дадзенага падыходу да вывучэньня культуры, якая адрозьнівае яго ад таго, як вывучаюць культуру, напрыклад, культуролягі, культурныя антраполягі або этнолягі? Зразумела, што спэцыфіка гэта “схавана” ў першым слове словазлучэньня “сэміялёгія культуры”. Так што пытаньне набывае іншую форму, а менавіта: што такое сэміялёгія? Пра гэта й пойдзе гаворка на наступнай лекцыі. 3. Рэкамэндаваная літаратура 1. Chandler D. Semiotics for Beginners. http://www.aber.ac.uk/media/Documents/S4B/semiotic.html 2. Lechte John. Fifty key contemporary thinkers: From structuralism to postmodernity. London—New York: Routledge, 1994. 251 p. 3. Sarup Madan. An Introductory Guide to Post-Structuralism and Post-Modernism. 2nd ed. New York—London—Toronto—Sydney—Tokyo—Singapore: Harvester Wheatsheaf, 1993. 206 p. 4. Vėlius N. Senovės baltų pasaulėžiūra: Struktūros bruožai. Vilnius: Mintis, 1983. 309 p. 5. Байбурин А.К. Семиотические аспекты функционирования вещей // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л.: Наука, 1989. С. 63—88. 6. Барт Р. Из Б Байбурин А.К. Семиотические аспекты функционирования вещей // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л.: Наука, 1989. С. 63—88. 7. Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. Пер. с фр. М.: Прогресс, 1989. 616 с. 8. Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. Пер. с фр. М.: Прогресс, 1989. 616 с. 9. Барт Р. Основы семиологии // Структурализм: “за” и “против”. Сб. ст. М.: Прогресс, 1975. С. 114—163. 10. Барт Р. Основы семиологии // Структурализм: “за” и “против”. Сб. ст. М.: Прогресс, 1975. С. 114—163. 11. Барт Р. Основы семиологии // Структурализм: “за” и “против”. Сб. ст. М.: Прогресс, 1975. С. 114—163. 12. Барт Р. Семиология как приключение. // Мировое древо, № 2. М., 1993. Байбурин А.К. Семиотические аспекты функционирования вещей // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л.: Наука, 1989. С. 63—88. 13. Барт Р. Семиология как приключение. // Мировое древо, № 2. М., 1993.бранные работы: Семиотика. Поэтика. Пер. с фр. М.: Прогресс, 1989. 616 с. 14. Барт Р. Семиология как приключение. // Мировое древо. 1993. № 2. 15. Бодрийяр Ж. Америка. СПб., 2000. 16. Бодрийяр Ж. Система вещей. М.: Рудомино, 1995. 174 с. 17. Валодзіна Т. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў. Мн.: Тэхналогія, 1999. 18. Греймас А.Ж., Курте Ж. Семиотика. Объяснительный словарь теории языка // Семиотика. Сост., вступ. ст. и общ. ред. Ю.С. Степанова. М.: Радуга, 1983. С. 483—550. 19. Гулыга А.В. Миф как философская проблема // Античная культура и современная наука. М.: Наука, 1985. С. 271—276. 20. Делёз Ж. Логика смысла: Пер. с фр. — Фуко М. Theatrum philosophicum: Пер. с фр. М.: Раритет, Екатеринбург: Деловая книга, 1998. 480 с. 21. Зимовец С. К семиологии тела. // Архетип. 1995. № 2. 22. Иванов Вяч. Вс. П.А. Флоренский и проблема языка // Механизмы культуры. М., 1990. 23. Иванов В.В. Очерки по истории семиотики в СССР. — М.: Наука, 1976. 304 с. [НБ: ау528895] 24. Иванов Вяч. Вс. О взаимоотношении динамического исследования эволюции языка, текста и культуры // Исследования по структуре текста. М., 1987. 25. Иванов Вяч. Вс. Вступительная статья к сборнику “Симпозиум по структурному изучению знаковых систем” // Из работ московского семиотического круга. М.: Языки русской культуры, 1997. С. 3—7. 26. Иванов Вяч. Вс. Избранные труды по семиотике и истории культуры. Т.І. М.: Школа “Языки русской культуры”, 1998. 912 с. (НБ: 10К/165388) 27. Иванов Вяч. Вс. Проблемы этносемиотики // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л.: Наука, 1989. С. 38—62. 28. Кристева Ю. От одной идентичности к другой // От Я к Другому: Сб. пер. по проблемам интерсубъективности, коммуникации, диалога /Науч. ред. А.А. Михайлов; составл. Т.В. Щитцова. Мн.: “Менск”, 1997. С. 254—275. 29. Кутырев В.А. Экологический кризис, постмодернизм и культура // Вопросы философии. 1996. № 11. С. 23—31. 30. Леви-Строс К. Мифологики. В 4-х тт. Т.1. Сырое и приготовленное. М.; СПб.: Университетская книга, 1999. 406 с. 31. Лосев А.Ф. Знак. Символ. Миф: Труды по языкознанию. — М.: Изд-во Московского ун-та, 1982. 480 с. [НБ: АУ 621888] 32. Лосев А.Ф. История античной эстетики: Последние века. Кн. ІІ. М.: Искусство, 1988. 447 с. 33. Лосев А.Ф. Проблема символа и реалистическое искусство. М., 1976. 34. Лосев А.Ф. Языковая структура: Учебное пособие. М.: МГПИ им. В. И. Ленина, 1983. 375 с. 35. Лотман Ю.М. Феномен культуры // Семиотика культуры. Труды по знаковым системам. Вып. X. Ученые записки Тартуского университета. Вып. 463. Тарту, 1978. 36. Лотман Ю.М. Внутри мыслящих миров. Человек — текст —семиосфера — история. М.: “Языки русской культуры”, 1996. 464 с. 37. Лотман Ю.М. К проблеме типологии культур // Ученые записки Тартуского университета. Вып. 198. Труды по знаковым системам. Вып. 3. Тарту, 1967. 38. Лотман Ю.М. Культура как коллективный интеллект и проблемы искусственного разума. Предварительная публикация. М., 1977. 39. Лотман Ю.М. Культуры и взрыв. М.: Гнозис; Издательская группа “Прогресс”, 1992. — 272 с. 40. Лотман Ю.М. Несколько мыслей о типологии культур // Языки культуры и проблемы переводимости. М.: Наука, 1987. С. 3—11. 41. Лотман Ю.М. Семиосфера. СПб.: “Искусство—СПБ”, 2000. 704 с. 42. Лотман Ю.М. Тезисы к семиотике русской культуры // Ю.М. Лотман и тартуско-московская семиотическая школа. М., 1994. 43. Лотман Ю.М. Феномен культуры // Семиотика культуры. Труды по знаковым системам. Вып. X. Ученые записки Тартуского ун-та. Вып. 463. Тарту, 1978. 44. Лотман Ю. Семиотика кино и проблемы киноэстетики. М., 1973. 45. Маковский М.М. Лингвистическая генетика: Проблемы онтогенеза слова в индоевропейских языках. М.: Наука, 1992. 189 с. 46. Маковский М.М. Лингвистическая комбинаторика: Опыт топологической стратификации языковых структур. М.: Наука, Главная редакция восточной литературы, 1988. 232 с. 47. Маковский М.М. Удивительный мир слов и значений: Иллюзии и парадоксы в лексике и семантике. М.: Высшая школа, 1989. 200 с. 48. Мартынов В.В. Кибернетика. Семиотика. Лингвистика. Мн.: Наука и техника, 1966. 148 с. 49. Моррис Ч.У. Основания теории знаков // Семиотика. Сост., вступ. ст. и общ. ред. Ю.С. Степанова. М.: Радуга, 1983. С. 37—89. 50. Мыльников А.С. Язык культуры и вопросы изучения этнической специфики средств знаковой коммуникации // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л.: Наука, 1989. С. 7—37. 51. Николаева Т.М. Введение // Из работ московского семиотического круга. М.: “Языки русской культуры”, 1997. 52. Петров М.К. Язык, знак, культура. М.: Наука, 1991. 328 с. 53. Потебня А.А. Слово и миф / Сост., подгот. текста и примеч. А.Л. Топоркова. Ответств. ред. и предисл. А.К. Байбурин. М.: Правда, 1989. 624 с. (“Из истории отечественной философской мысли”). 54. Почепцов Г.Г. История русской семиотики до и после 1917 года. М.: Лабиринт, 1998. 336 с. 55. Семиотика и искусствометрия. М.: Мир, 1972. 56. Семиотика. Сост., вступ. ст. и общ. ред. Ю.С. Степанова. М.: Радуга, 1983. 640 с. 57. Соссюр Ф. де. Заметки по общей лингвистике: Пер. с фр. Общ. ред., вступ. ст. и коммент. Н.А. Слюсаревой. М.: Прогресс, 1990. 280 с. 58. Степанов Ю.С. “Слова”, “понятия”, “вещи”. К новому синтезу в науке о культуре // Бенвенист Э. Словарь индоевропейских социальных терминов: Пер. с фр./Общ. ред. и вступ. ст. Ю.С. Степанова. М.: Прогресс—Универс., 1995. 456 с. 59. Степанов Ю.С. В мире семиотики // Семиотика. Сост., вступ. ст. и общ. ред. Ю.С. Степанова. М.: Радуга, 1983. С. 5—36. 60. Степанов Ю.С. В трехмерном пространстве языка: Семиотические проблемы лингвистики, философии, искусства. М.: Наука, 1985. 336 с. 61. Степанов Ю.С. Семиотика // Лингвистический энциклопедический словарь. М.: “Советская Энциклопедия”, 1990. С. 440—442. 62. Тодоров Ц. Теории символа / Пер. с французского Б. Нарумова. М.: Дом интеллектуальной книги, Русское феноменологическое общество, 1998. 408 с. [НБ: 1Ap205279] 63. Топоров В.Н. О некоторых теоретических аспектах этимологии // Этимология. 1984. М.: Наука, 1986. С. 205—211. 64. Топорова Т.В. Семантическая структура древнегерманской модели мира. М.: Радикс, 1994. 190 с. 65. Успенский Б.А. Семиотика искусства. М., 1995. 66. Флоренский П.А. Сочинения. Т. 2. У водоразделов мысли. М.: Правда, 1990. 448 с. 67. Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб.: ТОО ТК “Петрополис”, 1998. 432 с. [НБ: 10K/165360] 68. Якобсон Р. К вопросу о зрительных и слуховых знаках // Семиотика и искусствометрия. М., 1972. 69. Якобсон Р. Лингвистика и поэтика // Структурализм: "за" и "против". Сб. ст. М.: Прогресс, 1975. С. 193—230.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||