ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

Ігар БАБКОЎ. ПОСТКАЛЯНІЯЛЬНЫЯ ДОСЬЛЕДЫ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 6. Беларуская каляніяльная сцэна-2

Плян:

1. Каляніяльная мадэрнізацыя

2. Палярызацыя і антаганізацыя складовых частак

3. Зьмена ракурсу інтэрпрэтацыі: польскае вока

4. Расейскі погляд

5. Беларускі посткаляніяльны праект

Тэмай нашай сёньняшняй лекцыі ёсьць беларуская савецкая ідэнтычнасьць і яе постсавецкія трансфармацыі.

Раней мы казалі пра разнастайныя праекты мадэрнізацыі беларускага грамадзтва, наканаваньнем якіх сталася іхная незавершанасьць. Але адзін з такіх праектаў мадэрнізацыі ўсё ж такі завяршыўся, і мы жывем сярод ягоных наступстваў: гэта савецкая Беларусь.

І хаця БССР паўстала ў 1919 г., а элемэнты беларускай савецкай культуры паўсталі яшчэ перад ІІ сусьветнай вайной, сыстэмна беларуская савецкая ідэнтычнасьць канчаткова афармляецца ў 60—70-х гадох ХХ стагодзьдзя ў выніку кансалідацыі беларускага савецкага грамадзтва, якое прэтэндавала на вырашэньне ўсіх сацыяльных і каляніяльных праблемаў. Працэс, які прывёў да фармаваньня такога грамадзтва, можна назваць працэсам каляніяльнай мадэрнізацыі.

1. Каляніяльная мадэрнізацыя (вызваленьне)

Пасьля ІІ сусьветнай вайны адбываюцца істотныя зьмены: у межах БССР беларускія заходнія тэрыторыі “ўзьядноўваюцца” з усходнімі. Далучэньне Заходняй Беларусі суправаджалася масавымі рэпрэсіямі і перасяленьнямі, у выніку якіх была фактычна зьнішчаная як эканамічная, дэмаграфічная і культурная прысутнасьць "польскасьці" на захадзе Беларусі, так і незалежныя заходнебеларускія асяродкі. Польскасьць ператвараецца з традыцыі высокай культуры ў "этнаграфічна-рэгіянальны" фэномэн так званых "касьцёльных палякаў", без аніякіх формаў культурнай рэпрэзэнтацыі.

Адбываецца фармаваньне ўладных элітаў зь мясцовых кадраў (партызанская генэрацыя), што прывяло да сытуацыі "кланавасьці" ўлады, з пэўным сымбалічным супрацьстаяньнем цэнтру, праўда, надзвычай слабым у параўнаньні з супрацьстаяньнем Закаўказьзя ці Сярэдняй Азыі.

Пачынаецца індустрыялізацыя і масавая міграцыя вёскі ў горад, што татальна зьмяніла этнакультурны ландшафт беларускага гораду: пасьля 70-х упершыню за два апошнія стагодзьдзі "беларусы" складаюць большасьць гарадзкога насельніцтва.

Фармуецца "беларуская савецкая культура" як гібрыдны фэномэн, які базаваўся на ідэях білінгвізму і бікультурнасьці.

Фармуецца палітыка-эканамічная інфраструктура дзяржавы (з сымбалічна-рэпрэзэнтатыўнай функцыяй. БССР выступае як "дзяржава-заснавальніца" СССР і ААН.

1.1. Новае грамадзтва

Новае грамадзтва, якое сфармавалася недзе напрыканцы 70-х гг., істотна адрозьнівалася ад таго, якое традыцыйна існавала апошнія 3—4 стагодзьдзі. Самая істотная розьніца была ў тым, што была зруйнаваная старая сацыяльна-культурная гіерархія, калі этнакультурная разьмеркаванасьць адпавядала пэўным сацыяльным пазыцыям. Каляніяльная стратыфікацыя: беларускамоўная вёска, расейска(гэбрайска)моўны горад, польскамоўная (альбо расейскамоўная) высокая культура,— была замененая на тутэйшае грамадзтва, у якім адбылося новае разьмеркаваньне рознасьцяў.

Паўстала новая гіерархія: высокая беларуская культура, расейскамоўная адміністрацыя, першая генэрацыя эмансыпаванага сялянства, што ўтварала білінгвістычны "сьвет паміж", маргінальная (зь вясковай лякалізацыяй) польская культура "касьцёльных палякаў", эмансыпаванае (і адначасова дыскрымінаванае) гэбрайства.

1.2. Пераходнасьць

Гэтае новае грамадзтва ў сваіх базавых мітах ідэнтычнасьці прэтэндавала на тое, каб быць посткаляніяльным, гэта значыць прэтэндавала на разьвязаньне ўсіх тых структураў залежнасьці і падпарадкаванасьці, якія канстытуявалі беларускую гісторыю новага часу.

У сацыяльна-эканамічнай частцы яно мела рацыю: упершыню беларуская вёска атрымала доступ (у выніку ўрбанізацыі) ў беларускі горад, і замацавалася там у акрэсьленых нішах: рабочыя буйных заводаў, навукова-тэхнічная і інжынерныя кадры, гуманітарная інтэлігенцыя, мясцовыя ўладныя эліты. "Нацыянальны ідэал" быў ня столькі рэалізаваны, колькі "каналізаваны" ў кірунку "культуратворчасьці".

Але тым ня менш, культурна і палітычна працягвалі існаваць ранейшыя структуры "залежнасьці", якія надавалі беларускаму грамадзтву таго часу адмысловыя рысы пераходнасьці і несамастойнасьці.

Базавым мітам агульнасавецкага грамадзтва зьяўляўся міт сацыяльнага вызваленьня прыгнечаных. У сытуацыі шматнацыянальнай дзяржавы, што займае прастору розных цывілізацыйна-культурных зонаў, кожная зь якіх генэравала свае мікрагісторыі, гэты міт трансфармаваўся ў адрозьненьне між вызваліцелямі і вызваленымі. Нацыяй-вызваліцелем быў вялікі рускі народ, усе астатнія былі вызваленымі.

Такім чынам, старыя структуры "каляніяльнага сьвету" былі цалкам прадубляваныя на новым узроўні.

Гістарычны наратыў усёй эўразыйскай прасторы быў аформлены як гісторыя СССР, г.зн як пэўны тып гістарычнай тэлеалёгіі. Нацыянальныя гістарычныя наратывы былі пабудаваныя як дадатковыя.

Культура была таксама пабудаваная як гіерархія "ўнівэрсальных" дасягненьняў вызваліцеля і "лякальнага калярыту" вызваленага. Тым ня менш, некаторыя вызваленыя нацыі працягвалі знаходзіцца пад падазрэньнем, а некаторыя разглядаліся як цалкам ляяльныя. Беларусы былі сярод апошніх.

У сыстэме беларускай савецкай ідэнтычнасьці існавалі пэўныя легітымацыйныя міты, якія падкрэсьлівалі лаяльнасьць да вызваліцеляў. Напрыклад, гэта быў партызанскі міт, які палягаў на ідэі "ўсенароднай барацьбы беларусаў з фашысцкімі захопнікамі". Гэтая барацьба, а таксама ахвяры ў ІІ сусветнай вайне, ставілі беларусаў у нефармальным савецкім табелі аб рангах на другое мейсца пасьля вялікага рускага народа.

Міт "шчырага беларуса" эксплуатаваў вобраз "этнаграфічна-лякальнай адрознасьці" без нацыяналістычных элемэнтаў. Шчыры беларус — значыць бясьпечны, ляяльны беларус. Міт "найлепшых у імпэрыі" падкрэсьліваў мадэрны характар новай беларускай ідэнтычнасьці ды індустыяльныя дасягненьні беларусаў.

Міт пераемнасьці разглядаў беларускі савецкі пэрыд як "пасьпяховае завяршэньне" шматвекавой барацьбы беларускага народа за сваё вызваленьне і імкнуўся ўпісаць нацыянальны рух канца ХІХ — пачатку дваццатага стагодзьдзя ў наратыў беларускай савецкай гісторыі.

Рэальнасьцю ж беларускага савецкага грамадзтва быў пэўны тып "бікультурнасьці" і "білінгвізму".

Расейска-беларускі білінгвізм сыстэмна паўстаў у 60-х гг. у выніку ўрбанізацыі й пераводу большасьці сярэдніх школаў сыстэмы адукацыі на расейскую мову. Беларуская мова працягвала функцыянаваць у вёсцы і ў сыстэме "высокай культуры" — беларускія пісьменьнікі, гуманітары-навукоўцы, часткова сьпевакі і мастакі, — у той час як у адміністрацыі і ў гарадзкім штодзённым ужываньні панавала расейская мова.

Культурная ідэнтычнасьць таксама была падзеленая на дзьве часткі: беларускую, па сутнасьці лякальную, адказную за этнаграфічныя асаблівасьці і мясцовы калярыт, і рускую, якая выконвала функцыі метакультуры, захавальніка ўнівэрсальных культурных каштоўнасьцяў. У выніку бальшыня насельніцтва знаходзіла сябе ў сытуацыі "паміж", у шэрай зоне... Па сутнасьці, мы маем звычайную сытуацыю культурнага каляніялізму.

Марко Паўлышын такім чынам вызначае культурны каляніялізм: "Культурны каляніялізм, на наш погляд, — гэта комплекс захадаў (культурных установаў, ідэалёгіяў, практыкаў, а таксама рытарычных стратэгіяў) у якіх-колечы відах папулярнай альбо высокай культуры, скіраваны на падтрымку палітычнай ды эканамічнай улады — гегемоніі (Грамшы). Да прыёмаў культурнага каляніялізму належаць: ...у гіерархіі культурных вартасьцяў прысвойваньне максымальнай вартасьці мэтрапольнаму, меншай вартасьці каляніяльнаму (мове, мастацтву, цывілізацыі)".

Пазьнейшыя палярызацыя і разрыў "беларускай" і "рускай" частак быў зьвязаны з агульным крызісам "камуністычнага рэжыму" і адпаведна "савецкай ідэнтычнасьці" Савецкая ідэнтычнасьць была зруйнаваная наступнымі фактарамі:

Уласна расейскім нацыяналізмам, які супрацьставіўся ўнівэрсальнай місіі савецкага пэрыяду, якая, паводле яго, небясьпечна распускала рускасьць ва ўнівэрсальнасьці.

Звышунівэрсальным дысыдэнцтвам, якое крытыкавала савецкую імпэрыю як недастаткова ўнівэрсальную.

Захадам, які выступаў як "альтэрнатыўная ўнівэрсальнасьць".

Лякальнымі культурнымі рухамі, якія імкнучыся выйсьці з апазыцыі лякальнае/унівэрсальнае, пазыцыянавалі сябе як патэнцыйныя ўнівэрсальнасьці, альбо бралі Захад як альтэрнатыўную ўнівэрсальнасьць.

2. Палярызацыя і антаганізацыя складовых частак

Менавіта ў межах апошняга працэсу й паўстаюць пэўныя рухі культурнага супраціву, якія пачалі высьпяваць ад 80-х гг. Гэты рух быў лякалізаваны пераважна сярод культурных інтэлектуальных элітаў (рэальных альбо патэнцыйных), якія былі незадаволеныя пазыцыянаваньнем сябе як "лякальных".

Беларускі супраціў, які па форме выступаў як вяртаньне праўдзівай гісторыі і праўдзівай культуры, як спроба рэабілітацыі шматлікіх пропускаў, на якіх базаваўся "беларускі савецкі міт", па зьмесьце быў "падвоеным супрацівам" — адначасова і антытаталітарным, праз падкрэсьліваньне "каштоўнасьцяў" заходняй цывілізацыі, і антыўнівэрсалісцкім — праз рэабілітацыю "лякальнага". Гэтае супадзеньне "лякальнага" і "заходняга" дасканала выяўлялася ў міце "Вялікага Княства Літоўскага", як беларускай дзяржавы эўрапейскага кшталту.

Па сутнасьці, мы назіраем зьмену базавага міту ідэнтычнасьці, рэанімацыю "нацыянальнага праекту".

Нацыянальны праект, аднак, знаходзіўся ў апазыцыі "расейскамоўнаму" лібэральнаму праекту. Гэтая апазыцыя была зьнятая рэваншам "беларускай савецкай ідэнтычнасьці" (абраньне А.Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта). Усё гэта й утварыла новы сацыяльны і культурны ляндшафт.

3. Зьмена ракурсу інтэрпрэтацыі: польскае вока

Беларуская праблематыка была рэпрэзэнтаваная на старонках парыскай "Культуры" як праблематыка "нацыянальная" ў часы, калі ў эўрапейскім культурным полі Беларусь прысутнічала ў модусе "культурнай адсутнасьці", альбо, у лепшым выпадку, як "этнаграфічна-анахранічная лякальнасьць".

Гэдройц прапанаваў разглядаць беларускую ідэнтычнасьць як патэнцыйна паўнавартасную суб’ектнасьць (культурную і палітычную), зь якой Польшчы прыйдзецца мець справу ў постімпэрскай пэрспэктыве і прапанаваў адмовіцца ад некаторых лятэнтна каляніялістскіх мітаў пра ўсходнія землі Рэчы Паспалітай. Мітаў, што былі зьвязаныя ня толькі з палітычнымі стратэгіямі, але й з культурнымі стэрэатыпамі і статусам "польскамоўнай культурнай спадчыны", што паўстала на гэтых тэрыторыях. У тыя часы ані беларуская суб’ектнасьць, ані постімпэрская пэрспэктыва не былі чымсьці відавочным, і таму шмат для каго візія "ўсходняй палітыкі" Гэдройца была зьвязаная выключна з стратамі сёньня і набыткамі толькі ў цьмянай "постімпэрскай будучыні", якая магла і не наступіць. "Беларусь" у сыстэме незалежнага польскага мысьленьня таго часу існавала ў большай ступені як геаграфічная прастора, якая да таго ж падвойвалася ў часе: гістарычная Беларусь пры гэтым распускалася ў прасторы "ўсходніх крэсаў Рэчы Паспалітай", а сучасная распускалася ў прасторы саветызаванай "расейскасьці". У выніку ў польскім гістарычным наратыве Беларусі яшчэ не існавала, а ў польскай аналітыцы сучаснасьці яна ўжо не існавала. Ясна, што пытаньне пра беларускую будучыню ў гэткай пэрспэктыве ўвогуле не паўставала. Увесь жа масіў "беларускай савецкай рэчаіснасьці" апазнаваўся незалежнай польскай аналітыкай як "несамастойны", залежны, і ў гэтым сэнсе як ўжо гістарычна прамінулы.

Зрэшты, "транзытыўны" характар беларускай савецкай рэчаіснасьці быў на той час відавочны ўсім. Невідавочным быў толькі сам "пункт прыбыцьця", патэнцыйная будучыня гэтай рэчаіснасьці.

Незалежная польская аналітыка (як, зрэшты, і ўся заходняя саветалёгія) памылілася, трактуючы "лякальнае" і залежнае як гістарычна прамінулае. Пасьляваеннае заходняе мысьленьне зыходзіла з пэрспэктывы сусьветнай перамогі "ўнівэрсальнага" над "лякальным" — нават калі ўнівэрсальнае выяўляла сябе ў такой адмысловай абалонцы, як унівэрсальнасьць "савецка-расейская", і таму адназначна падтрымлівала Маскву ў яе супрацьстаяньні (нават патэнцыйным) з нацыяналізмам ускраінаў.

Не памыліўся толькі Ежы Гедройц, паспрабаваўшы разгледзець у калянізаванай, рэпрэсаванай, залежнай беларускай савецкай суб’ектнасьці энэргетыку супраціву і магчымасьці росту. У гэтым сэнсе Гедройц стаўся першым польскім посткаляніяльным мысьляром, які паставіў пад пытаньне як стэрэатып (беларускага) мінулага, так і ацэнку (беларускай) сучаснасьці.

Рызыкнем назваць гэта "посткаляніяльным паваротам" у польскім мысьленьні.

Сваю рэалізацыю гэты паварот знайшоў у шматлікіх артыкулах у "Культуры", прысьвечаных украінскім, літоўскім і беларускім праблемам. Канцэптуальна новае посткаляніяльнае бачаньне сытуацыі добра бачнае ў арытыкуле Юліюша Мерашэўскага "Расейскі "польскі комплекс" і абшар УЛБ". Гэтае бачаньне палягае на наступных тэзах:

— Польскі "Ягэлёнскі" праект (Рэч Паспалітая многіх народаў) ацэньваецца адназначна як "імпэрыялістычны" і калянізатарскі, які на стагодзьдзі затрымаў станаўленьне і разьвіцьцё нацыянальных элітаў Украіны, Беларусі і Літвы

— Гэты калянізатарскі праект сутыкнуўся ў рэгіёне з другім імпэрскім праектам — "расейскім", якому прайграў большасьць гістарычных сутыкненьняў

— Гэтыя два праекты ўзаемна абумоўленыя: расейская экспансыя на Захад шмат у чым выкліканая гістарычнымі перасьцярогамі перад польскай экспансыяй на Ўсход і visa versa.

— Вайна з Расеяй за ўсходнія землі непазьбежна вядзе да "залежнасьці" Польшчы ад Расеі.

— Толькі незалежныя Ўкраіна, Літва і Беларусь могуць гарантаваць Польшчы канчатковы і поўны выхад з расейскай сфэры уплыву.

Як бачым, прызнаньне беларускай, украінскай і літоўскай суб’ектнасьці грунтуецца на прызнаньні геапалітычнай неэфэктыўнасьці "ягэлёнскага" праекта, на спробе вынесьці за дужкі польскай гісторыі праблему Расеі і ўсходняй палітыкі як такой. Ролю дужак выконваюць тут незалежныя прасторы Ўкраіны, Літвы і Беларусі.

Гэтая мадэль, а таксама геапалітычныя задачы, пастаўленыя ў ёй, былі цалкам рэалізаваныя цягам 1991—2000 гг. Геапалітычна Польшча канчаткова пакінула ўсходнія прасторы, і сёньняшняя ўсходняя стратэгія (партнэрства з Украінай, нармалізацыя стасункаў зь Літвой, стасункі зь Беларусяй) абумоўлена па сутнасьці ўжо ня ўсходнім, а заходнім вектарам — патрабаваньнямі эўраатлянтычнай супольнасьці/Эўрапейскага Саюзу. Нават рэгіянальныя інтэлектуальна-культурныя праекты апошняга часу (а самым заўважным сярод іх безумоўна быў праект Ежы Клачоўскага зь ягонай "Канфэдэрацыяй Інстытутаў Сярэдня-Ўсходняй Эўропы) скіраваныя на ўсталяваньне заходняй "палітычнай карэктнасьці" ў сфэры гуманістыкі, узгадненьне гістарычных мітаў і, адпаведна, на тэрапію патэнцыйных культурных канфліктаў у рэгіёне — канфліктаў, якія так палохаюць Захад і замінаюць канчатковаму пераўтварэньню Ўсходняй Эўропы ў Эўропу заходнюю.

4. Расейскі пагляд

Больш складаная сытуацыя з "новай расейскай суб’ектнасьцю", з разрозьніваньнем нэакаляніяльных, посткаляніяльных і антыкаляніяльных тэндэнцыяў у посткамуністычным расейскім грамадзтве. Было б памылкай трактаваць Расею як нешта гамагеннае, розьніцца скіраванасьць гэтых тэндэнцыяў.

Нэакаляніяльныя тэндэнцыі скіраваныя пераважна на прастору СНД. Базавае апазнаваньне прасторы: разрозьніваньне між прарасейскімі і антырасейскімі сіламі.

Адмежаваньне ад новых культурных суб’ектнасьцяў ды імкненьне прасоўвацца па постімпэрскай прасторы, карыстаючыся структурамі "русского міра", які супадае з прасторай расейскай мовы.

Посткаляніяльныя тэндэнцыі лякалізаваныя пераважна ў Маскве і скіраваныя на Захад. Антыкаляніяльныя тэндэнцыі лякалізаваныя ў расейскіх рэгіёнах і скіраваныя на Маскву.

Расея сама "калянізаваная" Масквой, якая выступае як мэтраполія ня толькі ў дачыненьні да іншакультурных утварэньняў, але й да рэшты расейскае тэрыторыі. Гэты нутраны каляніяльны досьвед выступае і будзе выступаць у якасьці вызначальнага фактару да таго часу, пакуль не паўстане новая расейская постімпэрская ідэнтычнасьць, пакуль захаваюцца структуры "нутранога каляніялізму".

5. Беларускі посткаляніяльны праект

Сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі ёсьць посткамуністычнай і посткаляніяльнай.

Калі першае азначэньне не выклікае аніякіх пярэчаньняў і адпаведныя дасьледаваньні ўжо даўно інстытуалізаваліся ў межах "транзыталёгіі" як міждысцыплінарнай сфэры досьледаў, у якой вывучаюцца праблемы пераходу ад камунізму/таталітарызму да дэмакратыі, дык дапасаваньне прыметніка "посткаляніяльны" ў дачыненьні да Беларусі, як і ўвогуле да постсавецкіх краінаў, ня ёсьць агульнапрынятым.

Часткова гэта тлумачыцца тым, што посткаляніяльныя досьледы паўсталі ў кантэксьце канкрэтнай геапалітычнай і геакультурнай апазыцыі Захад (Эўропа) — трэці сьвет і іхны патас палягае на дэмаскаваньні размаітых гіерархіяў і апазыцыяў, у якіх Эўропе і эўрапейскім каштоўнасьцям належыць прывілеяванае мейсца. У гэтай традыцыі Расея і расейскі каляніялізм выступае як маргінальная і нетыповая зьява.

Досыць дзіўна, але заходняя гуманістыка не сьпяшаецца скарыстаць посткаляніяльныя метадалёгіі для аналіза постсавецкай сытуацыі.

Памылка, ці дакладней, культурнае непаразуменьне палягае на тым, што культуры (і народы) заходняга пасу Расейскай імпэрыі, а потым Савецкага Саюзу, паўстаўшы як культуры антыкаляніяльныя, як культуры супраціву, адштурхоўваючыся ад расейскае калянізацыі, высоўвалі й высоўваюць Захад як норму, унівэрсальнасьць й эпістэмалягічны далягляд свайго цывілізацыйнага выбару. Вяртаньне да заходняга цывілізацыйнага кола выступае і як непасрэдная палітычная мэта і як доўгатэрміновы культурна-цывілізацыйны праект.

У той жа час, у момант развалу Савецкага Саюзу Захадам яны былі ўспрынятыя як натывісцкія, нацыяналістычныя й патэнцыйна небясьпечныя рухі. Само супрацьстаяньне з расейскай, а потым расейска-савецкай культурай трактавалася Захадам як бунт прымітыўных нацыяналізмаў супроць унівэрсальнасьці (хаця й іншага тыпу). У гэтай сытуацыі заходнія аналітыкі, некрытычна перанесьлі на постсавецкую прастору схему сутыкненьня самога Захаду з трэцім сьветам, паводле якой заходняй унівэрсальнасьці можа быць супрацьпастаўлена толькі "мясцовае" й "натывісцкае".

Для расейскай жа культурнай прасторы гэты бунт выглядаў як "адрыў унівэрсальнасьці". Бо ўнівэрсалісцка-эўрапейская пазыцыя й місія Расеі геаграфічна й гістарычна была зьвязаная з "заходнімі тэрыторыямі", якія выступалі як блізкі, кантраляваны Захад.

Такім чынам, як гэта ні дзіўна, але менавіта "Захад" як міт і як цывілізацыйна-культурная рэальнасьць зьяўляецца полем спрэчкі посткаляніяльнага сутыкненьня ўсходнеэўрапейскіх культураў і культуры расейскай.

З пункту гледжаньня расейцаў, згортваньне імпэрыі да межаў Маскоўскага царства разглядаецца як небясьпечнае вяртаньне да "маскоўскага" пэрыяду расейскай гісторыі.

 

 

Лекцыя 6
 

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY