ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

Ігар БАБКОЎ. ПОСТКАЛЯНІЯЛЬНЫЯ ДОСЬЛЕДЫ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 1. Беларуская ідэнтычнасьць: дэбаты й рознасьці

Плян:

1. Уводзіны

2. Тэорыі "слабасьці"

3. Тэорыі гераічнага супраціву

4. Тры нацыягенэзы на адной тэрыторыі

5. Беларускі нацыягенэз, альбо Нацыя зьнізу

6. Шляхецкі палітычны народ і нацыя зьверху

1. Уводзіны

Тэма нашага курсу — працэс фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці, убачаны посткаляніяльным вокам, прадуманы посткаляніяльным суб’ектам і рэпрэзэнтаваны праз канцэптуальны апарат посткаляніяльных досьледаў.

Гэты працэс увайшоў у сваю мадэрную фазу напрыканцы ХVІІІ стагодзьдзя і, як лічаць некаторыя дасьледнікі, дасюль ня скончыўся (зь яе ня выйшаў).

Да 1991 г. беларуская ідэнтычнасьць не была ўлюбёнай тэмай заходняй гуманістыкі: у пасьляваеннай заходняй навуцы зьявілася толькі адна аглядная праца па беларускай гісторыі (Vakar N. Belorussia. The Making of Nation: A Case Study. Harward University Press, Cambridge, 1956) і адна па гісторыі беларускай літаратуры (McMillin A. A History of Byelorussian Literature, Giessen, 1977). Але нават гэтыя дзьве манаграфіі паўсталі ў шчыльным супрацоўніцтве іх аўтараў зь беларускай пасьляваеннай эміграцыяй (амэрыканскай і брытанскай) і таму ў вельмі абмежаванай ступені могуць лічыцца вынікам "незалежных" гуманітарных штудыяў. Дзейнасьць жа "Journal of Belarusian Studies", хаця й згрупавала заходніх беларусістаў, мела абмежаваны посьпех і не змагла па сутнасьці пераламіць пэўныя стэрэатыпы ў асяродзьдзі славістаў ды саветолягаў.

Увогуле ж само слова "беларускі" так пасьлядоўна і сыстэматычна праміналася ў разнастайных пераліках (славянскіх народаў, паняволеных нацыяў, сярэднеэўрапейскіх нацыяў, спадкаемцаў спадчыны Рэчы Паспалітай), што існаваньне досыць разгалінаванай "савецкай" беларускасьці, — БССР як дзяржава-заснавальніца СССР і ААН, аграмадны корпус беларускай савецкай літаратуры, аўтаномная інфраструктура дзяржавы (парлямэнт, савет міністраў, нацыянальная Акадэмія Навук) — выглядала дзіўным кантрастам.

Насуперак гэтаму масыву "савецкай беларускасьці", Беларусь збольшага разглядалася на Захадзе як буфэрнае, хімэрычнае ўтварэньне, пераходнае ў сваёй сутнасьці, якое ня мае аніякай "адрознасьці", аніякай аўтаномнай "суб’ектнасьці", якая адрозьнівалася б ад суб’ектнасьці ўласна савецка-расейскай.

Гэтая ацэнка беларускай ідэнтычнасьці як хімэрычнага ўтварэньня, здавалася, была ў поўнай згодзе з рэчаіснасьцю: напрыканцы сямідзясятых — на пачатку васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя ў Менску беларускасьць анікому не замінала адчуваць сябе жыхаром вялікай краіны. Лякальна-арнамэнтальны калярыт, рэалізаваны ў сувэнірнай беларускай савецкай культуры, здавалася, дасканала аздабляў агульнасавецкі ляндшафт, каб той не выглядаў такім нудным і аднатыпным. Тыя ж фрагмэнты традыцыі й ідэнтычнасьці, якія патэнцыйна выламваліся з гэтай карцінкі, былі надзейна схаваныя ў спэцхраны, турмы і псыхушкі.

Не ў апошнюю чаргу "неапазнаваньне" Беларусі як асобнай часткі патэнцыйнай Сярэдня-Ўсходняй Эўропы было справакавана няўдалым перакладам самога слова "беларускі" як "white russian", што часам прыводзіла да анэкдатычных выпадкаў атаясамліваньня беларусаў з белагвардзейцамі, але пераважна да атаясамліваньня іх з "russians", дзеля нейкіх кансьпірацыйных мэтаў, пафарбаваных у белы колер.

У выніку "беларуская ідэнтычнасьць" на Захадзе цалкам адсутнічала як прадмет сур’ёзнага гуманітарнага вывучэньня. У самой жа Беларусі яна была адначасова прысутная і непрысутная: як капілярная ўлада Мішэля Фуко, яна была незаўважная для тых, хто не хацеў яе заўважаць, і, наадварот, усюдыпрысутная для тых, хто быў ў яе заангажаваны, — прысутная нават у спробах яе ня бачыць.

Таму раптоўнае абуджэньне гэтай ідэнтычнасьці напрыканцы васьмідзясятых, а потым утварэньне на руінах Савецкага Саюзу незалежнай Рэспублікі Беларусь было шокавым досьведам ня толькі для бальшыні саміх насельнікаў гэтай краіны, але й для Захаду. Раптам выявілася, што разгалінаваная, добра фінансаваная машына саветалёгіі анічога ня ведае пра гісторыю і ідэнтычнасьць гэтай новай краіны. Больш за тое, з пэрспэктывы саветалёгіі такой краіны ня мусіла існаваць увогуле. Першыя ж спробы саматлумачэньня былі ўспрынятыя зь яўным скепсысам.

Гэтае пачуцьцё шоку добра праглядаецца ў невялічкім тэксьце французкага саветоляга, акадэміка францускай акадэміі навук Элен Карэр Д’Анкос, якая адгукнулася на беларускую дэклярацыю незалежнасьці невялічкай нататкай у газэце "Фігаро".

Паводле Д’Анкос, "беларусаў" як нацыю прыдумалі бальшавікі ў 1918 г. з мэтай "паслабіць сапраўдныя, аўтэнтычныя" нацыі: польскую і расейскую". Беларуская мова ёсьць штучнай мяшанкай польскіх і расейскіх словаў, а Рэспубліка Беларусь паўстала ў выніку таго, што "за ...гады савецкай улады беларусы нарэшце паверылі ў сваё існаваньне".

Калі адпрэчыцца ад эмацыйнага зьместу гэтай нататкі, у якой праглядаецца відавочны скепсыс да магчымасьцяў нацыягенэзу ў сучасным постнацыянальным сьвеце і відавочнае ненавуковасьці гэтай "тэорыі", яна можа быць цікавым прыкладам стэрэатыпу ўспрыняцьця беларускай ідэнтычнасьці на Захадзе, што разглядаецца як эфэмэрная і непрысутная. А таксама, у больш шырокім кантэксьце, прыкладам залежнасьці "тэорыяў" беларускага нацыягенэзу ад "культурнах стэрэатыпаў" і нацыянальнай лякалізацыі самога дасьледніка (сама Д’Анкос зьяўляецца нашчадкам расейскіх эмігрантаў першае хвалі і не хавае сваіх антыпатыяў да антыкаляніяльных нацыяў).

Пасьля 1991 г. "беларуская ідэнтычнасьць" атрымала статус "выключэньня" альбо "асобнага выпадку". Наяўнасьць незалежнай дзяржавы з аднаго боку не дазваляла трактаваць яе як поўную "адсутнасьць", з другога — беларуская рэчаіснасьць анічым не нагадвала рэчаіснасьць сучаснай культурна гамагеннай нацыі з пэўным наборам мітаў, каштоўнасьцяў і стэрэатыпаў, якія звычайна і ўваходзяць у ідэю нацыянальнай ідэнтычнасьці. Сытуацыя ускладнялася яшчэ тым, што новыя нацыянальныя міты, якія пачалі шпарка нараджацца пасьля 1991 г., знаходзіліся ў канфлікце з стэрэатыпамі ўспрыманьня Беларусі як на захадзе, так і на ўсходзе. Гераічная міталёгія і культура супраціву, якія складаюць ядро сёньняшняй моцнай беларускай ідэнтычнасьці, дзіўна кантрастуюць як з заходняй, так і з усходняй візіямі Беларусі як нацыі без гісторыі, так і зь мясцовай "слабой" беларускай ідэнтычнасьцю, характэрнай для гарадзкой расейскамоўнай альбо білінгвістычнай большасьці. Асобная гісторыя зь мястэчкам і вёскай, што гавораць на трасянцы ды ўпарта адмаўляюцца ідэнтыфікаваць сябе ня толькі зь беларускай гераічнай міталёгіяй, але і ўвогуле зь якімі-колечы "нацыянальнымі мітамі" і трымаюцца сваёй "тутэйшасьці".

Тым ня менш, апошнім часам новая генэрацыя заходніх дасьледчыкаў пачынае сваю работу. Шэраг публікацыяў у Nationality Papers, Астрыд Зам і Аляксандры Гужон прапануюць больш узважаную візію беларускай рэчаіснасьці...

Сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць — гэта рэчаіснасьць білінгвізму і бікультурнасьці (беларуска-расейскай альбо расейска-беларускай)...

Паўстае шэраг пытаньняў, якія мы сфармулюем як мага больш радыкальна:

Чаму, нягледзячы на больш чым два стагодзьдзі інтэнсыўнай работы мадэрнасьці, скіраванай на выпрацоўку сучаснага культурна гамагеннага, нацыянальнага грамадзтва (у дадзеным кантэксьце неістотна, польска-, расейска-, альбо беларускамоўнага), мы дасюль знаходзім сябе "сярод рознасьцяў?"

Ці значыць гэта, што мадэрнасьць на гэтай прасторы пацярпела гістарычную паразу, і мы знаходзімся ўсё яшчэ ў дамадэрным (альбо нават у амадэрным) грамадзтве? Альбо, калі мы прызнаем, што мадэрнізацыя ў Беларусі адбылася (хаця б у форме каляніяльнай альбо таталітарнай мадэрнізацыі), ці мусім мы паставіць пад пытаньне саму ідэю адзінай нарматыўнай траекторыі эўрапейскай мадэрнасьці і гаварыць надалей пра траекторыі мадэрнізацыі, сярод якіх беларуская траекторыя мусіць быць разгледжаная асобна?

Зь іншага боку, які статус гэтых рознасьцяў у сучасным беларускім грамадзтве? І якая ў іх пэрспэктыва ў сытуацыі сучаснага постмадэрнага, інфармацыйнага грамадзтва? Ці зьяўляецца пэрспэктыва культурна гамагеннага, нацыянальнага грамадзтва ўсё яшчэ актуальнай задачай, да якой мы будзем вымушаныя ісьці праз "дэкалянізацыю" альбо "гібрыдызацыю" рознасьцяў, празь іх сплаў у нешта адрознае, але адзінае? Альбо мы можам дазволіць сабе "застацца сярод рознасьцяў і разглядаць прастору нацыянальнага як прастору іх цыркуляцыі альбо нават гульні?

Усе гэтыя пытаньні і ўтвараюць пэўнае праблемнае поле "беларускай ідэнтычнасьці", яе генэалёгіі й пэрспэктываў.

Дзеля тлумачэньня гэтага асобнага выпадку беларускасьці паўставалі дастаткова розныя тэорыі, якія мы можам згрупаваць у два тыпы: назавем першы "тэорыямі слабасьці", а другі — "тэорыямі “гераічнага супраціву”". Па сутнасьці, больш карэктна разглядаць іх як "інтэрпрэтацыйныя стратэгіі", якія акумулююць пэўную колькасьць тэарэтычнай аргумэнтацыі. Яны могуць шукаць адказы на сфармуляваныя вышэй пытаньні ў пэўных падзейных канфігурацыях беларускай гісторыі альбо тлумачыць беларускі выпадак пэўнымі соцыякультурнымі "фактарамі". Агульным, аднак, для гэтых двух тыпаў ёсьць прыняцьцё ідэі анармальнасьці беларускай сытуацыі і пэўная гістарычная абсалютызацыя гэтай анармальнасьці, якая разглядаецца як іманэнтная рыса сытуацыі.

2. Тэорыі "слабасьці"

У гэтага тыпу тэорыях анармальнасьць сытуацыі можа тлумачыцца самымі разнастайнымі фактарамі: культурнай і моўнай гетэрагеннасьцю, слабасьцю самой ідэнтычнасьці, не-гістарычным характарам нацыі, даўгім знаходжаньнем у адной дзяржаве з Польшчай і потым Расеяй й г.д. Беларуская ідэнтычнасьць пры гэтым разглядаецца як "маўклівая" рэальнасьць, якая так і ня здолела прабіцца на ўзровень рэпрэзэнтацыі.

Прычыны ж гэтай "няздольнасьці" звычайна натуралізуюцца: імі можа быць "мэтафізычна" зразуметая слабасьць, містычнае "нежаданьне" беларускага этнасу ўсьведамляцца нацыянальна, належнасьць да пэўнага "заганнага" цывілізацыйнага кола (напрыклад, эўразыйска-праваслаўнага) ды інш.

Усе гэтыя тлумачальныя стратэгіі аб’яднаныя таксама імкненьнем прадставіць беларускую сытуацыю як пэрыфэрыю чагосьці: г.зн. прадставіць вынікі дзейснасьці разнастайных гістарычных фактараў з пэрспэктывы таго ці іншага, адрознага й аддаленага ад мясцовай тэрыторыі "цэнтра". Гэта можа быць пэрспэктыва эўрапейскай мадэрнасьці, польскага ці расейскага нацыягенэзу, пэрспэктыва цывілізацыйнага сутыкненьня альбо вялікай канфэсыйнай вайны (лацінства і праваслаў’я).

Кожны з гэтых пакладзеных у аснову вытлумачэньня фактараў імкнецца да сымбалічнай гамагенізацыі сытуацыі, адмяняючы разнастайнасьць праз выключэньне "іншага" альбо праз трактоўку гэтага "іншага" як неістотнага альбо небеларускага.

У выніку ў дачыненьні да беларускага нацыягенэзу паўстаюць пэўныя "тлумачальныя мадэлі", самыя заўважныя зь якіх — тэорыя "затрыманай", альбо няскончанай мадэрнасьці, калі сама мадэрнасьць разумеецца як адзіная правільная траекторыя, якая аніяк ня можа дайсьці да свайго "канца" празь неспрыяльныя ўмовы, альбо тэорыя "вясковай нацыі", што трактуе вяскоўцаў як адзіных "аўтэнтычных" прадстаўнікоў беларускага этнасу і таму выключае з поля беларускасьці ўсе формы і праявы ўрбаністычнай цывілізацыі й г.д.

Натуральным вынікам гэтага і ёсьць вобраз "культурнай адсутнасьці" і слабасьці альбо спробы лякалізаваць і вытлумачыць артэфакты мясцовай культурнай прасторы па-за межамі гэтай самай прасторы.

Польскі сацыёляг Рышард Радзік, дасьледуючы працэсы паўставаньня беларускай нацыі і абапіраючыся на цывілізацыйную мадэль Сэмюэля Хандынгтона, лякалізуе беларускую ідэнтычнасьць як "вясковую" і "праваслаўную", і менавіта ў гэтых фактарах бачыць прычыны "затрыманасьці" беларускай мадэрнасьці. Паводле Радзіка, Беларусь належыць да заходняга пасу постбізантыйскай цывілізацыі, у якой традыцыйна структуры грамадзтва былі разьвітыя надзвычай слаба ў параўнаньні з структурамі дзяржавы. Менавіта дзяржава, а не грамадзтва, у гэтай зоне выступае як галоўны нацыяўтваральны чыньнік, і адстунасьць сваёй дзяржавы ў часы клясычнай мадэрнасьці сталася прычынай беларускай адсталасьці, негістарычнасьці і анармальнасьці.

Праваслаўе ж у гэтым рэгіёне (канфэсыйны фактар) традыцыйна дзейнічае ва ўнісон зь дзяржавай, зрастаецца і супадае зь ёй, і таму два стагодзьдзі беларускага нацыягенэзу былі часам нацыягенэзу насуперак "нацыяўтваральным фактарам".

Гэтая мадэль Радзіка ў цэлым карэктна апісвае сытуацыю, але з адным істотным удакладненьнем. Гэтая сытуацыя толькі часткі беларускага грамадзтва і часткі фактараў, якія бралі ўдзел у беларускім нацыягенэзе. Другая частка — білінгвістычная (польска-беларуская) шляхта, у асяродзьдзі якой і паўстаў праект новай беларускай нацыі, і якая аніяк ня можа быць залічаная да "ўсходняй і праваслаўнай цывілізацыі", адназначна трактуецца Радзікам як небеларуская. Што да канфэсыйнасьці і яе ролі ў беларускім нацыягенэзе, канфэсыйныя разломы толькі накладаліся на ўжо існыя граніцы й узмацнялі іх, але ніколі не зьяўляліся самастойным фактарам беларускай гісторыі. Тут нам бачыцца як характэрны для польскай культуры стэрэатып атаясамліваньня "шляхецкасьці" і "каталіцкасьці" з польскасьцю, так і ўвогуле імкненьне апісваць беларускую ідэнтычнасьць як вясковую, этнічную і праваслаўную.

Даніэль Бэнуа ў беларускім разьдзеле "Гісторыі сярэдня-ўсходняй Эўропы" разглядае беларускую ідэнтычнасьць як поле рывалізацыі польскай і расейскай нацыяў. І хаця напачатку атаясамлівае яе выключна з ідэнтычнасьцю беларускіх вяскоўцаў, надалей пачынае трактаваць яе больш шырока, уключаючы ў поле протабеларускасьці білінгвістычную шляхту зь яе "этнаграфічнымі" праектамі абуджэньня народа.

Даніэль Бэнуа ўвогуле быў першым гісторыкам, які паставіў праблему "каляніяльных стратэгіяў" і практыкаў у рэгіёне, якія істотна ўплывалі на працэсы нацыягенэзу, і ў гэтым сэнсе зрабіў першыя крокі, скіраваныя на дэнатуралізацыю сытуацыі. Бо калі зыходзіць зь ідэі "слабасьці", дык незразумелым і невытлумачальным застаецца факт, што менавіта слабое беларускае грамадзтва прайшло праз эўрапейскую мадэрнасьць і існуе надалей менавіта ў сваёй слабой і адсутнай вэрсыі, нягледзячы на наяўнасьць значна больш моцных калянізацыйных стратэгіяў (ідэнтычнасьцяў), якія нібыта непазьбежна мусілі ператварыць гэтыя прасторы на “западнороссійскія” альбо на ўсходняпольскія.

Яшчэ адзін крок зрабіў вядомы гісторык Пётр Вандыч, разглядаючы вэрсыі паўставаньня нацыяў на ўсходзе Сярэдняй Эўропы. Так, ён гаворыць пра беларускі і славацкі варыянты нацыягенэзу як пра найбольш "складаныя" і дзіўныя варыянты "захаваньня" ўласнай ідэнтычнасьці... Паводле Вандыча, беларускі (і славацкі) нацыягенэзы, разглядаюцца ў неадпаведным кантэксьце нацыятворчых працэсаў моцных, "каляніялісцкіх" нацыяў, у параўнаньні зь якімі тыя й выглядаюць "слабымі" і спозьненымі.

Вандыч прапануе зьмяніць кантэкст і пэрспэктыву і разглядаць "беларускі" выпадак у кантэксьце шматлікіх "няўдалых" антыкаляніяльных нацыятворчых праектаў у межах Эўропы: шатляндзкага, брэтонскага, баскскага, валійскага й г.д. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што "гістарычнымі ахвярамі" эўрапейскай мадэрнасьці сталіся шматлікія лякальныя этнасы і этнакультурныя супольнасьці, шматлікія магчымыя нацыі, якія могуць быць залічаныя да "нутранога каляніялізму".

 У гэтым кантэксьце беларуская гісторыя дае прыклад менавіта "пасьпяховага" супраціву і нацыянальнага выжываньня нягледзячы на эўрапейскую мадэрнасьць. Альбо, калі зьвярнуцца да ідэяў Гома Бгабгы, беларускі нацыягенэз — гэта антыкаляніяльная контрамадэрнасьць.

3. Тэорыі "гераічнага супраціву"

Уласна кажучы, прапанова Вандыча даўна рэалізаваная беларускай гісторыяграфіяй, якая абапёрла беларускі гістарычны наратыў на ідэі "гераічнага супраціву" калянізацыі. Міт гераічнага супраціву паўстаў на пачатку XX стагодзьдзя ў першых вэрсіях беларускай гісторыі, якія імкнуліся сканструяваць гістарычны наратыў як паступовую зьмену чатырох вялікіх пэрыядаў: а) кансалідацыя (паўставаньне) протабеларускай нацыі (Х—XV стагодзьдзі), б) Залаты Век беларускай дзяржаўнасьці і культуры (XVI стагодзьдзе), в) пэрыяд заняпаду (палянізацыі і русіфікацыі) — XVII—XIX стагодзьдзі і г) пэрыяд нацыянальнага Адраджэньня (канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя).

У выніку гісторыя Беларусі Новага Часу апісваецца ў гэтай схеме ў большай ступені праз выключэньні, разглядаецца як перадгісторыя Беларусі. А нацыянальнае адраджэньне трактуецца хутчэй як містычная падзея абуджэньня, чым як соцыякультурны працэс паўставаньня сучаснага (новаэўрапейскага, нацыянальнага) грамадзтва.

І хаця сёньняшнія беларускія дасьледнікі ўжо не атаясамліваюць "беларускую ідэнтычнасьць" з "этнанацыянальнай", ідэя гераічнага супраціву засталася ў цэнтры вытлумачальных стратэгіяў. Характэрна, што найбольш вядомы гістарычны "бэстсэлер" — "Невядомая вайна" Генадзя Сагановіча, спалучае гістарычную дакладнасьць, амаль што пазытывізм у трактоўцы дэталяў, з адкрытым скарыстаньнем мадэлі гістарычнага супраціву ў якасьці метагістарычнага тлумачэньня.

Сёньняшнія беларускія гісторыкі прэтэндуюць на спадкаемнасьць сучаснай беларускай нацыі ў дачыненьні да Полацкага княства, якое разглядаецца як "першая форма" беларускай дзяржаўнасьці, і ў дачыненьні да Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, у якім выказваецца прэтэнзыя на літоўскую і рускую ягоныя часткі.

Трэба адзначыць, што ў падкрэсьліваньні пераемнасьці з позьнесярэднявечнымі дзяржаўнымі ўтварэньнямі беларускія гісторыкі не самотныя. Усе нацыі рэгіёну (палякі, літоўцы, беларусы і ўкраінцы) маюць у сыстэме культуры пэўныя міты пераемнасьці, у якіх падкрэсьліваецца сувязь сёньняшніх монанацыянальных (збольшага) дзяржаваў з шматнацыянальнымі (шматэтнічнымі) і полілінгвістычнымі і полікультурнымі дзяржаўнымі ўтварэньнямі сярэднявечча. Так, для польскай культуры характэрна атаясамліваньне фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай з Польшчай, а лаціна- альбо польскамоўнай шляхты рознага этнічнага паходжаньня — з "польскасьцю" як такой. У летувіскай культуры функцыянуе міт "аўтэнтычна-літоўскай дзяржавы" — Вялікага Княства Літоўскага, у якой літоўцы панавалі над неакрэсьленымі славянскімі плямёнамі. Украінская культура стаіць крыху ўбаку з базавым гістарычным мітам "казацкай дзяржавы".

Гэтая вайна за спадчыну асабліва абвострана праявілася напрыканцы васьмідзясятых — на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя між беларускімі і летувіскімі дасьледнікамі, а таксама між польскімі і ўкраінскімі.

Сёньня заўважаецца тэндэнцыя адыходу ад наіўных перабольшаньняў тых часоў і арыентацыя на напісаньне "рэгіянальнай" і "трансэтнічнай" гісторыі. Тым ня менш, і дагэтуль базавым беларускім гістарычным мітам застаецца міт гераічнага супраціву, які яшчэ ня скончыўся.

Тэорыі слабасьці і тэорыі гераічнага супраціву, пры ўсёй рознасьці сваёй аксыялягічнай базы, зыходзяць з сытуацыі "каляніяльнага сутыкненьня" і імкнуцца абсалютызаваць гэтую сытуацыю, прадставіць яе як пазагістарычную канстанту, падзяляючы ўсе гісторыка-культурныя фэномэны на калянізатарскія і антыкаляніяльныя. Усе фэномэны, ідэнтычнасьці альбо формы рэпрэзэнтацыяў, якія не ўкладаюцца ў гэтую схему, альбо проста выпадаюць з гістарычнага наратыву, альбо трактуюцца як "неда".

Па сутнасьці, абедзьве "тэорыі" функцыянуюць як часткі каляніяльных і антыкаляніяльных дыскурсаў, якія ня столькі тлумачаць, колькі канструююць, дабудоўваюць сытуацыю, кансэрвуючы каляніяльнае сутыкненьне як пэўную сымбалічную альбо мэтафізычную падзею.

Насамрэч — з пункту гледжаньня посткаляніяльнага мысьленьня — у сытуацыі няма аніякай мэтафізыкі. Пачынаючы ад канца ХVІІІ стагодзьдзя мы маем на адной і той жа тэрыторыі тры адрозныя нацыягенэзы, тры працэсы фармаваньня сучасных нацыяў — польскай, расейскай і беларускай. Гэтыя працэсы сутыкаюцца між сабой у межах аднае прасторы, і ў выніку й паўстае тая шматлікасьць канфліктных рэпрэзэнтацыяў, той канфлікт інтэрпрэтацыяў, які зьяўляўся характэрнай адзнакай беларускай сытуацыі цягам двух апошніх стагодзьдзяў.

4. Тры нацыягенэзы на адной тэрыторыі

Напрыканцы XVIII стагодзьдзя пачынаецца працэс фармаваньня польскай нацыі на базе пераўтварэньня "шляхецкага" палітычнага народа ў сучасную нацыю.

У ХІХ стагодзьдзі пачынаецца працэс фармаваньня расейскай імпэрскай нацыі з трох частак "адзінага рускага народа", і беларускія тэрыторыі апазнаюцца як складовая частка гэтага працэсу (разам з "маларасійскімі").

У гэтым жа стагодзьдзі распачынаецца працэс фармаваньня "новай беларускай нацыі" на падставе традыцыйнай, этнічнай культуры і пераважна вясковага насельніцтва.

Калі казаць пра традыцыйную тэарэтычную мадэль нацыягенэзу, у выніку якога й паўстае тое, што завецца "нацыянальная ідэнтычнасьць", дык яна абапіраецца на пэўныя "фактары", такія як: тэрыторыя, мова, этнічныя сувязі, дзяржава, рэлігія.

Усе гэтыя фактары працуюць на ўмацаваньне "групавой саматоеснасьці" і дазваляюць той альбо іншай групе "выдзяляцца" і выпрацоўваць пэўныя інтэгральныя міты.

У нашай сытуацыі розныя фактары бралі ўдзел у фармаваньні розных нацыяў.

Так, фактарамі фармаваньня беларускай нацыі выступалі тэрыторыя, мова і этнічныя сувязі (этнічнасьць як такая).

У той час як другая (польскі нацыягенэз) нацыя абапіраецца на "рэлігію", "цывілізацыйна-дзяржаўную традыцыю" і практыкі "калянізацыі".

Расейскі ж нацыягенэз карыстаецца з паслугаў "каляніяльнай адміністрацыі" (чыноўніцтва) і праваслаўнага духавенства.

Разгледзім гэта больш падрабязна.

5. Беларускі нацыягенэз, альбо Нацыя зьнізу

5.1. Этнічныя сувязі

Этнічна беларусы паўсталі на балтыйскім субстраце ў выніку кансалідацыі плямённых саюзаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, і ў найбольш радыкальных вэрсіях этнагенэзу разглядаюцца як аславяненыя балты. Этнолягі гавораць аб беларускай народнасьці ўжо ў XIV стагодзьдзі, хаця працэс асыміляцыі балтамоўнага насельніцтва працягваўся аж да ХІХ стагодзьдзя. Гэтая ціхая асыміляцыя была скіраваная ня толькі ўсярэдзіну але й вонкі — на паўночны захад, дзе працэсы славянізацыі балтаў скончыліся толькі ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя.

Беларуская гісторыя практычна не адзначае вялікіх міграцыяў, якія істотна ўплывалі б на этнічны субстрат. Ад XV стагодзьдзя на беларускай тэрыторыі зьяўляюцца гэбраі, якія займаюць акрэсьленую сацыяльную прастору і напрыканцы ХІХ стагодзьдзя складаюць большасьць гарадзкога насельніцтва, і татары, якія ўтвараюць асобную этнарэлігійную групу.

Што істотна, не зафіксавана міграцыяў з Захаду і з Усходу (уласна польскіх і расейскіх). Гэта значыць, што нягледзячы на транскультурнасьць беларускай сытуацыі, усе этнічныя і культурныя групы могуць разглядацца як аўтахтонныя.

5.2. Тэрыторыя

Тэрыторыя Беларусі геаграфічна знаходзіцца на сутыкненьні балтыйскага і чарнаморскага водных басэйнаў, а геакультурна — на поўдні паўночнаэўрапейскай, альбо цыркумбалтыйскай, культурнай зоны. Ад поўдня яна аддзеленая палескімі балатамі і рэльефна адкрытая на захад, усход і поўнач. Гэтая адкрытасьць, а таксама знаходжаньне на скрыжаваньні трансэўрапейскіх калідораў (Поўнач-Поўдзень і Захад-Усход) прыводзілі да адаптацыі цывілізацыйных штуршкоў з Поўначы і Поўдня (варагі, што ўтвараюць у VIII—XII стагодзьдзях першыя "рускія" княствы, Бізантыя, культурнай правінцыяй якой гэтыя княствы зьяўляліся). Пасьля утварэньня "аўтахтонных" дзяржаўных арганізмаў (Вялікае Княства Літоўскае) і падзеньня Канстантынопаля гэтыя прасторы знаходзяць сябе між Захадам і Ўсходам, на той час увасобленых у Польскім каралеўстве і Маскоўскім княстве.

Што да беларускай тэрыторыі, дык менавіта яе кампактнасьць, а таксама тое, што цягам гісторыі Беларусь уваходзіла цалкам (а не па частках) у рэгіянальныя дзяржаўныя ўтварэньні, спрычынілася да яе ўдзелу ў фармаваньні этнічнай нацыі. Беларуская тэрыторыя ня дзеліцца на Захад і Ўсход.

5.3. Мова

Першыя пісьмовыя помнікі "старабеларускай (на той час рускай) мовы" тычацца XIV стагодзьдзя. У XV—XVI стагодзьдзях яна функцыянуе як дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага, у XVII—XVIII стст. у выніку фармаваньня агульнай "сармацкай нацыі" адступае й захоўваецца ў рукапісных і лякальных пісьмовых помніках.

У ХІХ стагодзьдзі яна апазнаецца як славяна-літоўская, руска-літоўская, крыўская, мова простага народу, мужыцкая, пакуль у другой палове ХІХ стагодзьдзя канчаткова не замацоўваецца назва "беларуская", якая потым пераносіцца і на "магчымую нацыю".

Мова разглядаецца як галоўны кансалідуючы фактар і кладзецца ў аснову нацыянальнага праекта канца ХІХ стагодзьдзя.

Такім чынам, мы можам сьцьвердзіць, што зьнізу, на падставе гэтых "базавых" фактараў, фармавалася традыцыйная, "этнічная" нацыя.

6. Шляхецкі палітычны народ і нацыя зьверху

Але адмыловасьць беларускай сытуацыі ў тым, што на падставе іншых фактараў, — дзяржаўных і цывілізацыйна-рэлігійных, у той жа час фармавалася зусім іншая нацыя.

6.1. Дзяржава

Ад XIII—XIV стагодзьдзя беларускія тэрыторыі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, якое, на падставе пэрсанальнай вуніі напрыканцы XVI стагодзьдзя ўвайшло ў склад фэдэратыўнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай.

Сацыяльна-палітычным базысам гэтай дзяржавы быў спэцыфічны тып шляхецкай рэспублікі, у якой шляхта зьяўлялася сувэрэнам і суб’ектам улады, утвараючы шляхецкую нацыю. Яна выбірала сабе караля, які прысягаў на вернасьць шляхецкаму народу, і які, гэтаксама як і ўсе астатнія, зьяўляўся "нявольнікам права".

Традыцыйна Рэч Паспалітая складалася зь дзьвюх дзяржаўных нацыяў: польскай і літоўскай.

Тым ня менш, дзьве палітычныя нацыі, якія ўтваралі Рэч Паспалітую, былі нераўнавартыя. Калі польская шляхецкая нацыя была этнічна гамагеннай і займала тэрыторыю, якая адпавядала польскім этнічным межам, дык так званая "літоўская" нацыя складалася з прадстаўнікоў напачатку трох, а потым двух сучасных народаў: летувісаў, беларусаў і ўкраінцаў.

Яе культурна-палiтычная саматоеснасьць фармавалася цягам чатырнаццатага — васямнаццатага стагодзьдзяў як саматоеснасьць шляхецкае нацыi, аднае зь дзьвюх дзяржаўных нацыяў Рэчы Паспалiтай Абедзьвюх Нацыяў. Пераход на польскую мову лiцьвiнскае шляхты/нацыi не пазбавiў яе пачуцьця культурнае й гiстарычнае адметнасьцi, як, зрэшты, ня выцесьнiў традыцыйныя мовы (беларуская/летувiская) з сваiх арэалаў. У вынiку сфармавалася сытуацыя моўнае i культурнае палiглясыi: традыцыйная культура (беларуская/летувiская), манамоўная, якая захавалася, нягледзячы на стагодзьдзi выцясьненьня, i бiлiнгвiчная шляхта, якая выступала носьбiтам польскамоўнай шляхецкай культуры ў гарадах i магнацкiх дварах, але практычна не вылучалася з асноўнага масыву традыцыйнай культуры ў малых маёнтках i шляхецкiх сядзiбах.

6.2. Рэлігія

Рэлігійны ляндшафт Рэчы Паспалітай таксама паступова гамагенізуецца. Калі напачатку мы можам гаварыць аб пэўным рэлігійным кампрамісе і талеранцыі (праваслаўя, пратэнтантызму і каталіцтва) дык ад сярэдзіны XVII стагодзьдзя ў сувязі з наступам контрарэфармацыі і шырокім распаўсюдам царкоўнай вуніі прасочваецца тэндэнцыя да рэлігійна-цывілізацыйнай гамагенізацыі. Да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя адзінай цалкам легітымнай канфэсыяй у Вялікім Княстве зьяўлялася каталіцтва (у двух вэрсіях: рыма-каталіцтва і грэка-каталіцтва, альбо вуніяцтва).

 

 

 
Лекцыя 1

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY