ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

Юрась ПАЦЮПА. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Уступ

Мы жывем у сьвеце, дзе білінгвізм або мультылінгвізм становяцца будзённаю зьяваю. У сьвеце, дзе штодзённа размываецца этнічны субстрат, і ў выніку — усе мовы, якія ёсьць, адзержваюць такое быццё, ставяцца ў такія варункі існаваньня, якіх дагэтуль яны ніколі ня зьведвалі, хоць мінула не адно цывілізацыйнае тысячагодзьдзе.

Мала таго, мы жывем у краіне, дзе білінгвізм афіцыйна ўзаконены. Урэшце, мы жывем у грамадзтве, дзе дзьвюхмоўе набыло гэтакія пачварныя формы, што мова тытульнага этнасу, беларуская мова, прыніжаецца, выкараняецца й перакажаецца. Дайшло да абсурду: інстытуты, якія з найменьня павінны вывучаць і бараніць мову, цынічна працуюць на яе вынішчэньне... Але сёньня мы маем гаварыць не аб прычынах, а аб прадуктах існае моўнае сытуацыі.

Скароты

Лсл. — Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. —Коўна, 1924.

РБсл. — Русско-белорусский словарь. В 2-х т. —Минск, 1982.

Сс. — Сіноніма славена-роская // Старабеларускія лексіконы. —Мн., 1992.

Ссл. — Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. —Нью-Ёрк, [1990].

 

Лекцыя 1. Тэарытычныя аспэкты культуры мовы

Пытаньні:

1. Культура мовы й пурызм

2. Беларускі пурызм

3. Гістарычныя падставы пурызму

4. Тэарэтычныя падставы пурызму

5. Барбарызмы ў сыстэме мовы

 

§ 1. Культура мовы й пурызм

Калі вам хоць раз даводзілася выконваць працу рэдактара, карэктара, асабліва ў газэце, і калі вы працавалі адначасна і зь беларускімі і з расейскімі тэкстамі, дык пэўна што адчулі розьніцу: праца з расейскім тэкстам пасьля беларускага — падаецца дзіцячай забаўкай. А ўзяўшыся за беларускі тэкст — вы лучаеце ў неабсяжную багну няпэўнасьцяў. Сэмантычных. Граматычных. Лексычных. Можна папраўляць скрозь і спрэс! А можна й амаль ня рупіцца, не папраўляць... Усё залежыць ад вашай стараннасьці, сумленнасьці й падрыхтаванасьці. Дый мала хто ўсьведамляе, у які бок скіроўваць мову.

На жаль, усё больш і больш беларусаў засвойваюць беларускую мову з кнігі, частакроць, — у сталым веку. "Роднай" яна можа лічыцца толькі ў плашчыні аксыялёгіі , а не псыхалёгіі. Цікава, што звонку лексычны пласт часамі нават "багацее", становіцца больш арыгінальным. Але пурыстычныя намогі выглядаюць як аплікацыі да заганнага узусу "адной мовы з двума тэрмінамі". Калі мова беларускіх пісьменьнікаў XIX, пач. XX стст. паказвала, адкуль тыя паходзілі, дык у сучасных паказвае, якія слоўнікі яны чытаюць. Цьвяроза разважыўшы, разумееш: на сёньня ў нас і "экспэртаў" для ацэны становішча не засталося...

Дык жа зьместам гэтага чытаньня і мае стаць культура мовы ў яе сыстэмна-гістарычным асьвятленьні, а таксама — найвастрэйшыя пытаньні беларускага пурызму. Скажу больш, наша сумоўе мажлівае толькі на пурыстычнай падставе, як дыялёг абароньнікаў чысьціні мовы. Бо непурыстыя, з грунту, не пераймаюцца станам Слова. І мера іхнай свабоды, таксама, як і навуковай тэлеалёгіі, цалкам упісваецца ў слыннае й векапомнае: "Хто как хаціт, тот так і гаварыт". Ніжэй я агучу тыя праблемы, да якіх ужо ня раз публічна зьвяртаўся, яшчэ маю зьвяртацца, і тыя праблемы, да якіх толькі думаю зьвярнуцца.

Заразом хачу нагадаць: трэба ясна сабе ўсьведамляць такія паняткі, як культура мовы ды моўная інжынэрыя, з аднаго боку, і культура маўленьня — зь іншага. Інжынэрыя мовы — чыннасьць рэвалюцыйня, культура маўленьня — рэстаўратарства. Культура маўленьня неадменна йдзе побач з стылістыкай, а моўная інжынэрыя часта ўступае з апошняй у канфлікт. Дзе няма пэўнасьці з моваю — там дарма брацца й за маўленьне. А наша ўнівэрсітэцкая практыка кожнага разу на гэтым спатыкаецца, бо й праблематыку, і нават практычныя рэкамэндацыі, стылёвыя нормы — яна мэханічна пераносіць з расейскага асяродку, дзе пытаньня культуры мовы не існуе як такога, у асяродак беларускі, дзе гэтае пытаньне — на першым месцы.

Належала б гэта запытацца, а навошта нам патрэбен пурызм? Якая зь яго наўда?

Рэч у тым, што мова, існаваньне якой стаіць пад пагрозаю, рана ці позна ня можа не зазнаць пурыстычнага ўплыву. Абарона кожнага яе элемэнту ўпаасобку — гэта й ёсьць абарона мовы як цэлага. Нездарма ж пурыстых гэтак ня любяць асымілятары й калянізатары. Бо ведама, што ня толькі звужэньнем кола сваіх носьбітаў, але й зьмяншэньнем колькасьці адметных адзінак: слоў, канструкцыяў, выразаў, афіксаў — мова занепадае. Чужародны элемэнт, які шматкроць паўтараецца, дзеіць накшталт кампутарнага вірусу, разьядаючы сыстэму мовы зь сярэдзіны.

Аднак усякі пурысты лучае ў досыць нецікавае становішча і застаецца сам-насам перад шэрагам пытаньняў:

— да якой ступені разумна ачышчаць мову ад пазычаньняў?

— які пэрыяд у гісторыі мовы найлепей браць за ўзор?

— за кошт чаго папаўняць слоўнікавы запас?

— паводле якіх адзнакаў тое ці іншае слова лічыць заганным?

— ці ня будуць наватворы аддаляць мову ад яе прыроды?

— і, урэшце, у чым замыкаецца прырода тае ці іншае мовы?

Я не хацеў бы гэтыя пытаньні хаваць пад сукно, але й ня хлюбіўся б на ўсе даць вычарпальны адказ. Спадзяюся, што збольшага я іх разьвяжу. А рэштаю — няхай яны й надалей застаюцца апорыямі, якія цьвеляць, жывяць ды мацуюць думку практычнага, гарачага й неабыякавага мовазнаўства.

§ 2. Беларускі пурызм

Колькі слоў трэба сказаць і пра беларускі пурызм у асобах. Першым пасьлядоўным пурыстым, быў, як ведама, рамантык нацыянальнай ідэі Вацлаў Ластоўскі. Далей Ян Станкевіч, найбуйнейшы й найпасьлядоўнейшы з усіх абароньнікаў чысьціні нашае мовы, улічыў ягоны як дадатны, так і адмоўны досьвед, надумаўшыся паставіць свой пурызм не на рамантычны, а на пазытывісцкі грунт. Асноўнай рысаю Станкевіча быў радыкалізм: за што б ён ні браўся, ці за чысьціню мовы, ці за моўны арэал — усюды йшоў да крэсу. Фактычна, ягоная дзейнасьць — гэта моўная інжынэрыя ў чыстым выглядзе.

Адваротам Станкевічаваму пурызму ў БССР стаў пісьменьніцкі пурызм Кузьмы Чорнага, які хутчэй можна аднесьці да культуры маўленьня. Калі Станкевіч свой ідэал мовы бачыў пазытыўна й канкрэтна, дык Чорны аказваў толькі нэгатыў, абуджаючы ў сваіх чытачоў творчую волю да пазытыву. Станкевіч, абапіраючыся пад тое на чэскі досьвед, стараўся абмежаваць літаратурацэнтрызм і пераарыентаваць моўную інжынэрыю з слоўнага мастацтва на навуку, але заставаўся адзінотным. У савецкіх умовах гэта дало б вынікі, адваротныя чаканым, бо найрэакцыйнейшую ролю пры кадыфікацыі беларускае мовы адыгрывала (і дагэтуль адыгрывае) афіцыёзная лінгвістыка. А якраз пісьменьнікі выступалі якімі-ніякімі захавальнікамі ідэяў пурызму.

Дзеля прыраўнаньня варта зацеміць матывацыйную, і нават катэгарыяльную, розьніцу між беларускімі пурыстычнымі праектамі: Ян Станкевіч — "чысьціня мовы", Кузьма Чорны — "лад мовы", Максім Лужанін — "магчымасьці мовы", Ян Скрыган — "праўда мовы". Заўважым, гэта не адвольныя выразы, а тыя характарыстычныя словы, якімі кожны з пурыстых абгрунтоўваў свае парады. Апрача называных аўтараў у розныя часы шмат спрычыніліся да культуры мовы й маўленьня Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Мікола Лобан, Валянцін Рабкевіч, Янка Саламевіч, Уладзімер Содаль.

На эміграцыі, побач з Станкевічавым пурызмам, разгортваўся пурызм Ант. Адамовіча, ці не найлепшага беларускага стылізатара мовы навукі. На савецкай, а далей постсавецкай тэрыторыі цэлыя пурыстычныя школы заснавалі — спачатку Фёдар Янкоўскі, потым — Алесь Каўрус і Павел Сьцяцко. Шмат рупіўся дзеля культуры мовы Пётра Садоўскі. У беларускага пурызму ёсьць ужо пэўныя традыцыі, апрычоная праблематыка й свае ворагі — антыпурыстыя, матывацыя ўчынкаў якіх часамі досыць-такі загадкавая...

На жаль, з кожным годам заўважаецца паслабленьне пурыстычнага імпэту. Нават мова эміграцыі, у тым ліку й старой, шмат у чым саветызавалася. А ў самых пурыстычных праектах спакойна прыжываюцца саветызмы. Дзейнасьць пурыстычных школаў набывае кропкавы характар: кожны распрацоўвае сваю галіну, а на рэшту мовы — даўно махнуўшы рукою. Апошні чыньнік вымагае вяртацца да клясычных працаў Яна Станкевіча.

Зацемлю, Станкевічавы рэкамэндацыі толькі для дылетантаў падаюцца занадта экстрэмісцкімі. Ня ў гэтым іх апрычонасьць. Збольшага ўсё, што ён пісаў, фрагмэнтарна сустракаецца і ў менш радыкальных аўтараў. Але бяда ў тым, што кожны пурысты засяроджваўся толькі на ўласных прапановах. А Станкевічавы парады — абымаюць мову ўсебакова. Практычна ён адзіны, хто не абмяжоўваўся касмэтычнымі карэктывамі, якія ў існасьці нічога не мянялі. Калі ўжо гаварыць пра Станкевічаў радыкалізм, дык трэба яго разумець, не як экстрэмізм, не як экзотыку, а як сыстэмнасьць у падыходзе да мовы. Гэта й даўнімаецца пры насьледаваньні вялікаму пурыстаму.

Нельга сказаць, што ўсякая Станкевічава рэкамэндацыя слушная й карысная, але павярхоўнае адпрэчваньне ягоных прац, ідэалізацыя сучаснага узусу — дарога тупіковая. Мае разыходжаньні з Станкевічам палягаюць у непрыняцьці ягонае ўтопіі "чыстае" беларускае мовы. Бо ні ў дыялектным распадзеле мовы, ні ў сваіх пурыстычных рэкамэндацыях ён не аддзяляе этнічнага пачатку ад культурнага, не вылучае асобна заданьняў нармацыйных і заданьняў стылёвых.

§ 3. Гістарычныя падставы пурызму

З гледзішча лінгвістыкі дэскрыпцыйнае — культура мовы нелегітымная, бо парушае юрысдыкцыю навукі, спрабуе насуперак закону Юма перакінуць масток ад бытнасьці да мусовасьці . Аднак ня варта забывацца, што ўсе прыродніцкія навукі ад досьледаў рана ці позна пераходзяць да практыкі, ад навукі — да тэхналёгіі й тэхнікі. Без інжынэрыі навука ператвараецца ў прыватнае гобі. Гуманітарыі, калі хочуць канкураваць з натуралістымі, ня мусяць шукаць сабе прывілеяў. Культура мовы, моўная інжынэрыя не супярэчаць дэскрыпцыйнай навуцы, а ўдзержваюць яе ў сабе як грунт, як базавы матар'ял. І чым трывалейшы гэты грунт, тым трывалейшыя канструкцыі ў кадыфікатара мовы.

І ўсё ж унівэрсум прапаноў такі неабсяжны, што ўсе выракі розуму няўхільна абяртаюцца выракамі густу. Пурысты, як вышэй зазначалася, лучае ў сытуацыю благой бясконцасьці, і ачышчаньне мовы ператвараецца ў банальныя ўцёкі ад рэальнасьці. Прыкладам, калі б мы захацелі вызваліць беларускую мову ад палянізмаў, дык мусілі б вярнуць яе ў стан смаленскае граматы 1229 году. Але й там не адзержалі б чаканага адхланьня, бо намест палянізмаў знайшлі б невялікую жменьку царкоўнаславянізмаў. Таму для ўсіх нашых рэкамэндацыяў мусіць быць устаноўленая нейкая тэарэтычная рама.

Гэтай тэарэтычнаю рамаю ёсьць сыстэмнасьць мовы. Сыстэмнасьць можа праектавацца дваякім спосабам: тэарэтычным, праз пазнаньне законаў мовы, і практычным , праз апісаньне народнага маўленьня, якое, супраць кніжнага, "інтэлігенцкага", ісьніць сабою тыя законы, што ня зь неба зваліліся, а склаліся гістарычна. Такім парадкам, сыстэма мовы — гэта гісторыя мовы ў зьнятым выглядзе. Ці прасьцей, сыстэма мовы ёсьць прадуктам гісторыі мовы. А гісторыю, як ведама, нельга перамяніць. І таму сыстэма заўжды жорстка дэтэрмінаваная. У гэтым апраўданьне пурызму. І аб гэты ж камень пурыстыя найчасьцей спатыкаюцца. Дык перш чым перайсьці да тэорыі, яшчэ раз засяродзімся на гісторыі.

Рэч у тым, што ў кожнай пісьмовай мове апрача базавых адзінак ёсьць пласт адзінак культурных, якія становяць суб-, а лепш сказаць супэрсыстэму . Яны, у той ці іншай меры, пазычаныя, і аказваюць ня этнас, а той культурны рэгіён, у якім этнас абарачаецца. Просталінейны пурызм заўжды рызыкуе зьмесьці гэты пласт, што абяртаецца стратай стылёвай гіерархіі й аняменьнем стылёвых рэгістраў. Нездарма сфармаваная мова, дзе базавыя й культурныя адзінкі ўстаяліся, вельмі балюча рэагуе на зьмену культурнага кантэксту — яна ня мае патрэбы ў радыкальным запазычваньні, якое ўжо нічога новага ня можа ёй прапанаваць, але неадменна пагражае збурыць тое добрае, што ў ёй ёсьць, множыць грувасткія гібрыды й таўталёгіі. Ад такіх "гасьцей" мову трэба бараніць.

Тэарэтычнай пабудовай, якая дазваляе сыстэматызаваць факты гісторыі беларускай мовы (як гутарковай, так і кніжнай) і акрэсьліць пурыстычную чыннасьць, служыць ідэя балтыйска-чарнаморскага моўнага хаўрусу. Яна вызваляе нас ад мэханістычнага ваганьня паміж Усходам ды Захадам, ратуе ад наканаваньня "ўсходнеславянскіх" ідэалягемаў. Згодна з гэтай тэорыяй беларуская мова становіць сабою два гіерархічна неаднародныя пласты: 1) базавых аўтэнтычных адзінак, узрослых з праславянскага дыялекту, палеглага на балцкім субстраце, і 2) адзінак культурных, перш-наперш — палянізмаў, германізмаў ды лацінізмаў, якія наслаіліся на аснову.

Кадыфікацыя сыстэмы беларускае мовы адбывалася ў абсягах колішняе Рэчы Паспалітае. І дэмаркацыя польскіх, беларускіх ды ўкраінскіх элемэнтаў — няпростая, нават небясьпечная, для сыстэмы стыляў. Затое няма жаднага расеянізму, у якім была б пільная патрэба. Беларуская літаратурная мова скадыфікавалася раней за расейскую й незалежна ад яе. Так, нельга не прызнаць блізкасьці некаторых базавых элемэнтаў расейскае й беларускае моў, але іх культурны пласт цалком адрозны й нават несумяшчальны. Наша мова такая й ня можа бяз стратаў стаць іншаю , на патрэбу нейкаму густу ці ідэалёгіі.

Таму адна справа зражваньне расеянізмаў, якія занялі месца тутэйшае лексыкі ды разьядаюць мову, іншая — выкрыцьцё палянізмаў, украінізмаў, якія выдаюцца за беларускія словы, і зусім іншая рэч тыя адзінкі, няхай сабе й пазычаныя, што адвеку займаюць апрычоныя сэмантычныя вузы, утвараючы адметныя сынанімічныя шэрагі. Адзінкі, якія ёсьць супольным набыткам моўнага хаўрусу, нельга скасоўваць, бо пурыстычная практыка абернецца самаедзтвам. А выкараненьне барбарызмаў — не самамэта для пурыстага, гэта толькі спосаб эфэктыўнага выкарыстаньня ўласных моўных рэсурсаў, уласных сыстэмных, эстэтычных і сьветаглядных мажлівасьцяў.

Беларуская ж мова мае такую багатую гісторыю, што практычна ў ёй няма нераспрацаваных пластоў, але іх эфэктыўнаму тарнаваньню замінае пагалоўная неведзь, якая выдаецца за нераспрацаванасьць самой мовы. Праўда, засваеньню ўласных рэсурсаў замінае, з аднаго боку, ленасць і нядбальства, з другога — пэўныя каляніяльныя стэрэатыпы.

§ 4. Тэарэтычныя падставы пурызму

Сыстэма ўсякай літаратурнай мовы заўжды рэглямэнтуецца нормаю, а норма складваецца на падставе пэўнага узусу. Норма і узус — гэта тыя скрані, паміж якімі чыняцца інавацыі і паміж якімі тоўпіцца дзейнасьць лінгвістага. Кадыфікатар мовы апісвае узус і на гэтым грунце пастулюе моўныя нормы. Калі кадыфікатар ставіцца да узусу крытычна — ягоная практыка абяртаецца моўнай інжынэрыяй ці культурай маўленьня.

Традыцыйны й апрабаваны спосаб укладаньня слоўнікаў на падставе выпісаў з тэкстаў дазваляе бясконцыя адзінкавыя факты маўленьня аказаць як факты мовы. Узус у такім разе ўяўляецца важнейшым за норму і вызначае яе, а маўленьне, сваім парадкам, вызначае мову, дакладней, яе наступнасьць, "адчасаваньне". Такая практыка перадусім агадвае тарнаваньне колькасных мэтадаў: тое, што часьцей ужываецца — і становіцца правілам. Але ў мовах, падпалых асыміляцыі, колькасна-індукцыйны падыход небясьпечны, ён можа толькі паскорыць асыміляцыю.

Каб далёка не хадзіць, возьмем нашу сытуацыю беларуска-расейскага білінгвізму. Тут паміж мовамі з аднае групы спакваля ўзьнікае зона дыфузіі : элемэнты данае сыстэмы перамешваюцца з адзінкамі іншае сыстэмы, а іх дэмаркацыя становіцца ўсё больш і больш праблематычнай. Заўважым, у гэтай сытуацыі беларуская мова мінарытарная, а расейская — мажарытарная. Мінарытарная мова ня проста папушчае сваёй супарцы, яна — хварэе, перабываючы прыгнечаны стан сыстэмы. А мажарытарная мова — выракуе ўсё: і ззычвае лексыку, і задае словаўтваральныя мадэлі, і накідвае сваю эстэтыку.

Вось жа, узус неадменна дрэйфуе, норма пульсуе. Маўленьне поўніцца аказіяналізмамі, слоўнікі і граматыка — варыянтамі. Што ў такім разе рабіць кадыфікатару? Абаперціся на нешта больш пэўнае, тое, без чаго азначэньне мовы як сыстэмы становіцца пустым гукам, на нейкую неадменную існасьць, канстанту. Яе і павінен знайсьці дасьледнік, калі ён ня мёртвы статысты, а гаспадар у сваёй дзедзіне. І гэтую існасьць я б абазначыў як фэномэн. Фэномэн можа праяўляцца то як сыстэмнасьць, то як традыцыйнасьць. Ён становіць сабою нутраны бок узусу, яго пазачасавую іпастась.

Як бачым, вакол нормы (правіла) вылучаюцца катэгорыі: узус (звычай) і фэномен (зьява). У тых мовах, якія разьвіваюцца натуральна, бяз вонкавых чужаземных перакажэньняў, фэномэн і узус суіснуюць як два бакі аднаго мэдаля. І наадварот — мовы, падпалыя няспыннаму ўціску, носьбіты якіх празь некалькі пакаленьняў білінгвы, — такія мовы вымагаюць як адзінага ратунку — вылучэньня фэномэну. Фэномэн не адпрэчвае працы з картатэкаю, але мяняе прыярытэты. Праявы маўленьня, каб уважацца за зьявы мовы, мусяць вывучацца не індукцыйна, згодна з колькаснымі паказьнікамі, а дэдукцыйна, праз даўняцце мадэляў.

Фэномэн — гэта ўстойлівасьць моўнай адзінкі ў часе, якая перарастае ў сыстэмнасьць, а пры ўстойлівым існаваньні сыстэмы супадае з узуальнасьцю. Арыентуючыся пры кадыфікацыі мовы на фэномен, мы аддаем прыярытэт не гарызанталі, а вэртыкалі. Фэнамэналягічны падыход засьцерагае норму ад засьмечваньня аказіяналізмамі больш пэўна, чым падыход статыстычны. Гэта не адмаўленьне колькасьці як крытэра, а тая колькасьць, якая ўжо сталася якасьцю, як сказалі б дыялектыкі. Фэномэн, як і узус, праяўляецца на ўсіх роўнях, ад фанэтыкі да сэмантыкі.

Калі б давялося мадэляваць мову мэтафарычна, дык я б сказаў так: гэта гіерархічная стужка Мёбіўса. Апісаць яе можна праз тры характарыстыкі, уяўляючы іх увадначасьсе:

1. Мову складаюць гіерархічныя роўні: 1) фанэмны, 2) марфэмны, 3) лексычны, 4) сынтаксычны.

2. Кожны ровень мае два пляны: зьместу і формы.

3. Тое, што ўтварае зьмест ніжэйшага роўню, служыць формаю для вышэйшага.

Першы пункт агульна ведамы і зразумелы, другі — ведамы, але не заўжды адэкватна зьясьняны, а трэці — прымушае па-іншаму глянуць на сама звыклыя зьявы. Часамі кажуць, што лексыка становіць сабою больш рухомы ровень мовы, а фаналёгія і сынтакс, наадварот, больш устойлівы. Гэта так і не зусім так. Бо што такое лексычны склад? Калі голыя словы, дык збольшага ўсё слушна. А калі браць пад увагу сэмантыку, дык лексыка так шчыльна пераплятаецца з ідыяматыкай (словаспалучэньнем), з аднаго боку, ды з дэрывацыяй (словаўтварэньнем), з другога, што пра яе рухомасьць не выпадае й гаварыць.

Найпадступнейшую ролю ў разьвіцьці мовы, а таксама пры яе вывучэньні і пры кадыфікацыі адыгрывае сэмантыка. Гэта, можна сказаць, адваротны бок месяца. Месяц да зямлі ўвесь час павернены толькі адным бокам. Гэтаксама й мова, заўжды відаць толькі з боку формы. А ў выніку — аб сэмантыцы існуюць уяўленьні або сама дзікія або… ніякіх. Яна зьясьняецца як хімэрычныя канцэпты, як міталягізаваныя вобразы і пад.

Чым ніжэйшы пласт, тым часьцей у ім адмаўляюць сэмантыку, а то й наадварот, перагружаюць фантастычным сымбалізмам. І менавіта на гэтым груньце нават у найвыдатнейшых навукоўцаў часта ўзьнікаюць абмылы ды хібы. Найпадступнейшае ў сэмантыцы тое, што мы яе ўспрымаем рэчыўна. Тым часам сэмантыка задаецца не рэфэрэнцыяй, а самою сыстэмаю мовы, якую мы тарнуем падсьведама. Гэта, можна сказаць, "правілы гульні словам".

Паспрабуем прасачыць даную лёгіку. З кампаратывістыкі мы ведаем: якасная падобнасьць адзінак, прыналежных да розных сыстэмаў, не гаворыць пра іх генэтычную тоеснасьць, затое рэгулярнасьць адменаў пры пераходзе з аднае сыстэмы ў другую якраз пацьвярджае такую тоеснасьць. Праўда, у мовах вельмі блізкіх захоўваюцца і падобнасьць, і рэгулярнасьць. Але гэта далёка ня ўсё, што характарызуе адзінкі сыстэмы.

Ня менш, калі не сказаць больш важную ролю адыгрывае сэмантыка адзінак. Яна недаступная воку і вуху, але шчыльна ўплятае іх у сыстэму мовы. Адпаведна, устойлівасьць сэмантыкі гаворыць пра ўстойлівасьць мовы як сыстэмы, а няўстойлівасьць, наадварот, пра эвалюцыю, выкліканую тымі ці іншымі чыньнікамі, зазвычай канвэргентнымі працэсамі. Вось жа, пры канвэргенцыі часта здараецца, што захоўваецца вонкавая тоеснасьць адзінак, але вымываецца іх аўтэнтычная сэмантыка.

Каб патлумачыць што я маю на ўвеце, зробім некалькі простых прыраўнанняў: 1) белар.: урода 'ураджай', польск.: uroda 'краса', чэс.: urода 'ураджай', рас.: урод 'пачвара', балг.: урод 'пачвара'; 2) белар.: пазор 'добры выгляд', польск.: pozor 'відомасьць, уяўнасьць', чэс.: pozor 'увага', серб.: позор 'увага', рас.: позор 'ганьба', балг.: позор 'ганьба'. Пры перакладзе нядоўга й абмыліцца, бо чэская dobra sprava, па-беларуску — добрая вестка а ня добрая справа, прыраўнайма расейскае — справляться 'даведвацца'. І такіх прыкладаў куды больш, чым можа падацца на першы пагляд. Вось жа, апрычонасьць мовы залежыць не ад яе матар'яльных носьбітаў, а ад нутраной сэмантычнай структуры, яе "сэмантычных палёў".

 

Але дарма сэмантыку зьвязваць адно зь лексыкай. Прыкладам, і ў беларускай і ў расейскай мовах ёсьць фарманты -уха, -ушка, а іх сэмантычна-функцыянальныя парамэтры — зусім розныя. Па-беларуску -ушка не ўжываецца як любосны суфікс — рас.: девушка, Ленушка, а белар.: дзевухна, Аленачка. Затое ад слова пяюха можна ўтварыць пяюшка, ад нясуха нясушка. Тым часам беларуская "гендэрная" пара носьбітаў уласьцівасьці — бягун — бягуха, крыкун — крыкуха, а расейская — бегун — бегунья, крикун — крикунья.

Праўда, і тут трэба пільнавацца, бо ёсьць расейскія "міта-абстракцыі" бытовуха, мокруха, чернуха, якія ня маюць нічога супольнага зь беларускай мовай. Зрэшты, іх няцяжка пазнаць — яны не ўтвараюць мужчынскіх параў (*мокрун, *чернун). Па-беларуску падобныя пэрсаніфікацыі маюць фармант -іца: багавіца, бліскавіца, касавіца, пільніца (але адначасна — завіруха, мадуха, мытуха ). Усё гэта (амаль што няўлоўнае) і стварае той непаўторны мысьлёвы лад, які ўсмоктваецца з малаком маці, які можа адчуць толькі носьбіт мовы і які робіць мову тоеснай сабе самой.

Дзівосы пачынаюцца пры моўных кантактах. На адной з апошніх стадыяў асыміляцыі ўзьнікае фэномэн, ведамы як "адна мова з двума тэрмінамі". Якраз тады міжмоўныя амонімы ды паронімы зазнаюць наймацнейшы ціск. У сучаснай беларускай мове адбываецца менавіта гэты працэс, які дае два супраціўныя вынікі: адна частка аўтэнтычных слоў адмірае, прыкладам, канечны (рас. необходимый), пазорны (рас. благолепный), харошы (рас. красивый); другая — мяняе сэмантыку — адмена (рас. разновидность, а не отмена), бачны (рас. осторожный, а не видимый), вопыт (рас. опрос, а не опыт), затым (рас. потому, а не потом), перабываць (рас. терпеть, а не пребывать ), узрост (рас. возростание, а не возраст).

Як бачым, сам зь сябе жадны элемэнт мовы нічога ня значыць. Толькі забясьпечаны пэўнай сэмантыкай, ён можа разглядацца як паказьнік тае ці іншае сыстэмы. Калі сыстэма разьвіваецца інэрцыйна, без моцнага ўплыву звонку, дык ні матар'яльныя роўні мовы, ні іх сэмантычны падклад не зазнаюць істотных менаў. Калі ж моўная сытуацыя спрыяе канвэргенцыі, тады ўзнікае падобнасьць у сынтаксе, марфалёгіі, нават у фанэтыцы.

Гэтак утвараюцца моўныя хаўрусы. Мовы, прыналежныя да аднаго хаўрусу, назапашваюць супольны пласт культурных слоў, але розьняцца элемэнтарнаю лексыкай. На кожным роўні розныя элемэнты па-рознаму паддаюцца асыміляцыі. Ёсьць рэгіянальныя лексычныя адзінкі, якія захоўваюцца стагодзьдзямі (ведама ж, калі не адбываецца вялікіх пературбацыяў), бо нават пры канвэргентных кантактах сыстэма мовы ня страчвае тоеснасьці. Ад старажытнасьці да нашых дзён падобных працэсаў беларуская мова ня зьведвала. А гэта сьведчыць пра тое, што канвэргентныя працэсы, якія ў ёй ішлі, былі нязначныя. Куды ня тое цяпер.

§ 5. Барбарызмы ў сыстэме мовы

Расейскі лінгвісты Леў Шчэрба пісаў: "Мы яшчэ помнім, якая вялікая значнасьць надавалася ў свой час як чысьціні расы, так і чысьціні мовы". Тады катэгорыя "чысьціні" мовы служыла мераю яе "вартасьці". Сёньня падзел мовы на "чыстую" й "папсаваную" з навуковага гледзішча ня надта карэктны й без канкрэтызацыі гучыць двухсэнсоўна. Фактычна чыстых моў няма ў прыродзе. Але практычная праблема "свайго" і "чужога" трывае заўжды. І тут нам важна зразумець, наколькі арганічна, як сыстэмна другое дапасуецца да першага, ці не пагражаюць барбарызмы тоеснасьці мовы. Урэшце, як нам ставіцца да "чужога", калі маем "сваё"?

Нормы беларускае мовы за апошнія дзесяцігоддзі зрушыліся, маўляў крыгі на веснавой рацэ. У сытуацыі гэтага "крыгаходу" часамі можна пачуць заклікі: "Давайце ўратуем тое, што ёсьць!" Так ці гэтак — прапаноўваецца "замарозіць" існае становішча, усталяваць свайго роду status quo для беларускае мовы. Заразом "замарожваць" мову гатовыя як шчырыя й гарачыя яе сымпатыкі, так і прыхаваныя незычліўцы. Насамрэч status quo немажлівае, бо працэс размываньня мовы ў сытуацыі білінгвізму, а пагатоў у сытуацыі псэўдабілінгвізму тутэйшага гатунку, рухаецца імклівымі тэмпамі. Пакуль абароньнікі мовы спрачаюцца, русіфікатары ўсе як адзін за status quo. Бо ведаюць ці здагадваюцца, куды яно вядзе. Але часамі — яны ня супраць "разьвіцьця", калі тое ідзе ў патрэбным для іх кірунку...

Не люблю спэкуляцыяў вакол "разьвіцьця" мовы, але мушу прызнаць, што ў пэўным сэнсе яна запраўды "разьвіваецца". Адно толькі ўдакладню: у сытуацыі дзьвюхмоўя меншая мова заўжды "разьвіваецца" ў бок большае, аж пакуль не паглынецца тою. Таму меншыя мовы вымагаюць "разьвіцьця" рэгуляванага, прасьцей кажучы — догляду й апекі , а большыя — проста не паддаюцца рэгуляваньню. Тую стыхійнасьць разьвіцьця, тыповую для вялікіх моў, асымілятары спрабуюць усталяваць як закон і для малых моў, каб такім спосабам, нібыта праз "навуковую" тэорыю, перакрыць усе захады апанэнтаў на спыненьне асыміляцыі.

Як гэта робіцца, Ян Станкевіч зацеміў яшчэ ў 30-я гады:

Калі [чалавек] пішучы (й гамонячы) у сумлеўных прыпадках ужыве хвормаў расейскіх — можа быць спакойны, жадная нагонка яго ня стрэне.

Інакш кажучы, адступленьне ад нормаў у бок расейскае мовы часьцей ухваляецца (дакладней, не заўважаецца), а ў бок беларускае — далёка не заўжды ўхваляецца, асабліва, калі тое ўжываньне выходзіць па-за рамкі зьяў частотных. Маўляў, "незразумела", "цьмяна"! Вось і выходзіць, што шанцы на захаваньне маюць толькі адзінкі шырокаўжываныя, дый то ня ўсім шанцуе.

Ад 30-х гадоў мінула шмат часу, і зацемлены Станкевічам падыход ператварыўся ў аўтаматычны мэханізм, які некалі на старонках "ARCHE" я абазначыў як гнасэалягічны парадокс "кляпан":

Паблажліва ставімся да асобных расеянізмаў, але адразу выкрэсьліваем незразумелае для нас беларускае слова. (Пашыраны сярод рэдактараў газэт).

Псыхалёгію гэтага мэханізму, які ляжыць у аснове "кляпану", апісаў яшчэ Казімер Лышчынскі, толькі зь іншай, ня моўнай, нагоды:

Просты люд — у сваёй прыгнечанасьці людзьмі больш дасужымі (sapientiuribus) выдуманай верай <…>; і гэтую ягоную прыгнечанасьць яны так пільнуюць, што, калі б мудрыя захацелі яго ад гэтае прыгнечанасьці вызваліць, адкрываючы праўду, дык іх [мудрых] гэты самы люд і ўтаймоўвае.

Інакш кажучы, мовы ўжо ня трэба русіфікаваць, збліжаць з "братняю", як гэта рабілася ў 30-я гг., яе носьбіты самыя тое робяць ахвотна. А не — дык рэдактары дапамогуць. Адзін рэдактар, падкрэсьліўшы ў маім тэксьце (балазе не перакрэсьліўшы) усё, што яму было незразумела, аргумэнтаваў свае справункі так: "Мне трэба прадаць часопіс, а ня рупіцца аб чысьціні й багацьці мовы". Амаль прэзыдэнтавы словы: маўляў, Брыль думае толькі пра мову, а я пра ўсю краіну ! Дык пры такім падыходзе ці не рэнтабельней зусім перайсьці на расейскую (заадно й беларуская ня будзе псавацца)?

Асыміляцыя нутраная — сыстэмная — небясьпечнейшая за асыміляцыю вонкавую — сацыяльную. Проста першую далёка ня ўсе заўважаюць і ня ўсе разумеюць яе небясьпеку. Неяк раз пры абмеркаваньні няўдалых наватвораў мяне супакойвалі: маўляў, чаго ты пераймаесься, гэтыя словы складаюць мізэрную долю ўва ўсёй мове! І я так разгубіўся, што не адразу даў рады адказаць. А потым ня раз абурана ўспамінаў гэтую "тэорыю малой долі". Але калі мы возьмем славуты РБсл., дык выявіцца, што доля заганных слоў вялізманая, аж занадта. Практычна там не знайсьці беззаганнага артыкулу.

Дый што значыць "малая доля"? Відаць, малая ў колькасным складзе ўсяе беларускае лексыкі ? Але тады ўзьнікаюць іншыя, куды істотнейшыя, пытаньні, якія павінны рацыяналізаваць праблему барбарызмаў. І якія мусіць сабе задаць кожны, хто неабыякавы да мовы.

1. Якая доля ў складзе базавай лексыкі?

2. Якая доля паводле частотнасьці ўжываньня?

3. Якая доля ўплыву на словаўтварэньне паводле аналёгіі?

4. Якая доля значнасьці як стылёвага маркеру?

5. Якая доля сярод сьветаглядных катэгорыяў?

Падпалыя асыміляцыі адзінкі маюць розную ступень забыцьця, але забытыя ці забываныя — ня значыць непатрэбныя. Пад канец для самааналізу я б прапанаваў наступную шкалу "стратных" адзінак мовы.

Група A: катэгорыя роспачы. (A:)

Група B: катэгорыя рызыкі. (B:)

Група C: катэгорыя пільнасьці. (C:)

Група D: катэгорыя наяўнасьці. (D:)

 

 

 
Лекцыя 1

 


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY