|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ. МАРГІНАЛЬНЫЯ ЖАНРЫ |
Лекцыя 1 |
Плян: 1. Лімэрык як маргінальны жанр сучаснай беларускай паэзіі 1.1. Панятак маргінальнасьці ў літаратуры 1.2. Панятак маргінальнага жанру літартуры 1.3. Спроба клясыфікацыі маргінальных жанраў 1.4. Сацыяльны аспэкт фэномэну жанравай маргінальнасьці 1.5. Лімэрык як маргінальны жанр: агульная характарыстыка 2. Жанр лімэрыку ў беларускай паэзіі (у супастаўленьні з расейскай традыцыяй жанру) 2.1. Расейскія лімэрыкі В.Калегорскага 2.2. Беларускія лімэрыкі А.Хадановіча 2.3 Асаблівасьці ўсходнеславянскага канону лімэрыку ў параўнаньні з ангельскім першаўзорам 2.4. Усходнеславянскі лімэрык: працяг традыцыі?
1. Лімэрык як маргінальны жанр сучаснай беларускай паэзіі 1.1. Панятак маргінальнасьці ў літаратуры Маргінальнасьць (ад лац. margo — ‘край’, ‘мяжа’) — панятак, які быў уведзены ў навуковы дыскурс амэрыканскім сацыёлягам Р. Паркам і традыцыйна скарыстоўваўся ў сацыяльнай філязофіі, але ў ХХ ст. атрымаў шырэйшае значэньне і стаў актыўна скарыстоўвацца ў гуманітарнай сфэры. Уласна ў філязофскім сэнсе “Найноўшы філязофскі слоўнік” разумее маргінальнасьць як «спэцыфічнасьць розных культурных фэномэнаў, часта асацыяльных, якая а) разьвіваюцца па-за дамінантнымі ў тую ці іншую эпоху правіламі рацыянальнасьці, б) ня ўпісваюцца ў сучасную ім паноўную парадыгму мысьленьня, в) даволі часта агаляюць супярэчнасьці і парадоксы магістральнага напрамку разьвіцьця культуры» [6, с. 593]. Прасьцей кажучы, маргінальны — гэта памежны, той, што з краю. Вялікае значэньне канцэпт маргінальнасьці, а таксама такія паняткі, як “маргінальная прастора”, “маргінальны суб'ект”, “маргінальнае існаваньне” набылі ў францускім структуралізьме, постструктуралізьме і філязофіі постмадэрнізму, — тых плынях сучаснага мысьленьня, для якіх уласьцівае ўспрыманьне “рэчаіснасьць — гэта тэкст”, таму няма нічога дзіўна, што досыць хутка (у 1980-х гг.) тэрмін “маргінальнасьць” атабарыўся ў літаратуразнаўстве (зрэшты, вышэйзгаданыя напрамкі філязофіі суседнічаюць з гэтай галіной навукі). Вось жа, стасоўна сацыялёгіі, “у сытуацыі маргінальнасьці аказваюцца так званыя “культурныя гібрыды”, што балянсуюць паміж даміноўнай у соцыюме групай, якая ніколі не прымае іх цалкам, і групай, зь якой яны вылучыліся”. Гэтае досыць унівэрсальнае азначэньне зь лёгкасьцю можа быць аплікаванае да тэорыі літаратуры. Савецкіх/постсавецкіх тэарэтыкаў літаратуры фэномэн маргінальнасьці зацікавіў адносна нядаўна. Найбольш значным даробкам у гэтым пляне ёсьць дасьледаваньне маргінальных сыстэмаў расейскага вершаваньня с. І.Кармілава (паўстала ў пачатку 1990-х гг.), дзе ён разгядае нехарактэрныя для расейскай паэзіі мэтрычныя прыёмы, а таксама апісвае вершавальныя сыстэмы, пераходныя ад паэзіі да прозы. Займаючыся найперш мэтрыкай, Кармілаў, аднак, дае досыць грунтоўнае апісаньне фэномэну маргінальнасьці ў літаратуры: “Маргінальныя сыстэмы вершу — піша Кармілаў, — маюць сутнасна розны характар. Гэта можа быць сутык: а) розных сыстэмаў вершаваньня, б) вершу і асаблівасьцяў творчага працэсу, вынікам якога ён, гэты верш, зьяўляецца, в) вершу і звышвершавых прыкметаў твору, галоўным чынам, устойлівых арэолаў, у тым ліку зьвязаных з іншамоўнымі культурамі, культурным мінулым і ўвогуле зь іншымі культурнымі пластамі, г) вершу і прозы, д) паэзіі і не-паэзіі, сынкрэтычных і сынтэтычных сфэраў чалавечай практыкі, е) мэтра-рытмічнай арганізацыі тэксту і спосабаў ягоная гукавой і візуальнай рэалізацыі (сьпевы, дэклямацыя, спэцыфічная форма запісу і друкаванага набору)” [4, c. 4]. Гэтая досыць грувасткая схема, служыць вялікую службу ўсім дасьледчыкам літаратуры, якія хочуць зрабіць крок убок ад традыцыйнай сыстэмы жанраў, што склалася ў той ці іншай літартуры. Усьвядомленьне тых ці іншых літаратурных зьяваў як маргінальных значна спрашчае іх дасьледаваньне, дае магчымасьць усьведаміць іхнае месца ў сыстэме той ці іншай нацыянальнай літаратуры, а таксама ўключыць у кампэтэнцыю літаратуразнаўства памежныя зь літаратураю мастацкія формы (напрыклад, візуальную паэзію, аўтарскую песьню, паэтычныя гульні (кшталту бурымэ) ды іншае). У наш час як літаратары, так і дасьледчыкі літаратуры праяўляюць досыць заканамерную цікавасьць да гэткіх вось маргінальных, нетрадыцыйных формаў. Менская дасьледчыца расейскай і беларускай прозы Г. Л. Няфагіна сцьвярджае: “Маргінальныя стылі паўстаюць у пэрыяды сацыякультурных трансфармацыяў. Іхны [памежны] статус вызначаецца тым, што яны суаднесеныя з рознымі мастацкімі сыстэмамі, заснаванымі на супрацьлеглых прынцыпах, і пры гэтым ня ўключаныя ні ў водную з гэтых сыстэмаў напоўніцу” [5, с. 147]. І напраўду, апошнія 14—15 гадоў — гэта постсавецкі, а гэта значыць, пераходны пэрыяд у гісторыі Беларусі, што, безумоўна, ня можа не ўплываць на літаратурны працэс у нашай краіне. У беларускай крытыцы актыўна гаворыцца пра “новую літаратурную сытуацыю” (В.Акудовіч, Г.Кісьліцына), якая наступіла ў Беларусі пасьля 1991 г. “У расейскай прозе, — мяркуе Няфагіна, — найбольш цікавыя мастацкія фэномэны паўстаюць на мяжы — розных эстэтычных сыстэмаў, розных стыляў і жанраў” [5, c. 150]. Тое ж самае льга сказаць пра беларускае вершаваньне, дасьледаваньнем якога мы займаемся. Бо тыя формы вершу, якія мы вызначаем як экзатычныя, нетрадыцыйныя для ўсходнеславянскага вершаваньня, ёсьць найцікавейшымі зьявамі сучаснай беларускай літаратуры і культуры. 1.2. Панятак маргінальнага жанру літартуры Натхніўшыся канцэпцыяй маргінальнасьці Кармілава, я дазволіла сабе сфармуляваць уласнае азначэньне маргінальнага вершаванага жанру. Маргінальныя жанры нацыянальнай літаратуры — гэта паэтычныя формы, што паўстаюць на мяжы дзьвюх адрозных сыстэмаў: прозы і паэзіі, розных літаратурных традыцыяў альбо розных відаў мастацтва, якія амаль заўсёды ня маюць працяглай традыцыі ў гэтай літаратуры і займаюць пэрыфэрыйнае месца, маюць другаснае значэньне ў параўнаньні з асноўнымі (традыцыйнымі, стрыжневымі, магістральнымі) жанрамі пэўнай літаратуры. А ўлічваючы абодва значэньні панятку “маргінальнасьць” (ня толькі “памежнасьць”, але і “скрайнасьць”), да магінальных зьяваў можна аднесьці і рознага кшталту экспэрымэнты з паэтычнымі формамі (напрыклад, “Мэзальянсы, альбо Юрлівыя санэты” — экспэрымэнтальная нізка вершаў Юрася Пацюпы), а таксама авангардныя напрамкі сучаснай паэзіі (напрыклад, беларускі транслягізм Сержа Мінскевіча і Арцёма Кавалеўскага). У розныя пэрыяды разьвіцьця той ці іншай нацыянальнай літаратуры некаторыя маргінальныя жанры могуць рабіцца даміноўнымі, цэнтральнымі (у гэтым пляне цікавы лёс вэрлібру ў сучаснай ўсходнеславянскай паэзіі) альбо наадварот, некаторыя стрыжнявыя формы з-за якіх-небудзь стрымлівальных фактараў могуць займаць маргінальнае становішча (напрыклад, санэты ў беларускай літаратуры 1930-х катэгарычна не віталіся сацрэалістычнай крытыкай, хаця ў папярэднія дзесяцігодзьдзі Купала, Багдановіч і тэарэтык літаратуры Аўген Барычэўскі шмат зрабілі, каб упісаць гэтую форму ў кантэкст маладой беларускай літаратуры). Таму, разважаючы пра маргінальнасьць тых ці іншых вершаваных формаў, будзем трымацца ў адцінку часу ад 1991 г. да нашых дзён, г. зн. у межах сучаснай беларускай паэзіі. 1.3. Спроба клясыфікацыі маргінальных жанраў Сучасныя маргінальныя жанры беларускай паэзіі можна клясыфікаваць наступным чынам: 1) на сутыку паэзіі і прозы (вэрлібры, вэрсэты, вершаказы Алеся Разанава). Вэрсэт — напісаны прозай невялікі лірычны твор, які сваёй вобразнасьцю, павышанай эмацыйнасью, своеасабівай рытмічнасьцю набліжаецца да паэзіі. (...) Твор паэтычны па зьмесьце і празаічны па форме выяўленьня гэтага зьместу: “паэзія ў прозе” [7, с. 429—430]; 2) «» — відаў мастацтва: — літаратуры і фальклёру (“садысцкія вершыкі” (т.зв. жахалкі), вершаваныя анэкдоты (“фрашкі”, якія маюць багатую традыцыю ў польскай літаратуры); — літаратуры і філязофіі (максымы, грэгерыі, філязофскія жанры Разанава (вершаказы, пункціры, зномы). Грэгерыя — жанр сярэднявечнай гішпанскай літаратуры, мадэрнізаваны ў пачатку ХХ ст. паэтам Рамонам Гомэсам дэ ля Сэрна. Уяўляе сабою кароткі аднаверш — яркую мэтафару. У беларускай літаратуры жанр разьвівае і пашырае Адам Глёбус; — літаратуры і выяўленчага мастацтва (візуальная паэзія). Заўвага: візуальная паэзія, ў адрозьненьне ад іншых маргінальных жанраў, мае традыцыю ва ўсходнеславянскай паэзіі (гл. фігурныя вершы Сімяона Полацкага); 3) «» — дзьвюх адрозных паэтычных традыцыяў, якія часта належаць да кантрастных культураў (хайку, лімэрыкі, газэлі, рубаі і іншыя экзатычныя жанры па-беларуску); 4) паэтычныя экспэрымэнты (экспэрымэнтальныя санэты, трыялеты, цэнтоны і г.д.); 5) паэтычныя гульні (бурымэ, бяскрылкі). Бяскрылка — від паэтычнай гульні, які набыў вялікую папулярнасьць апошнім часам. Уяўляе сабою верш, у якім зьмяшчаецца крылатая альбо вядомая фраза, “крыло”. Сутнасьць гульні палягае ў тым, што гульцам прапануецца “цела” бяскрылкі — верш, у якім прапушчанае“крыло”. Гульцы павінны запоўніць пропуск. Падказкаю зьяўляецца ня толькі сэнс вершу, але і рыфма, рытм. Паводле правілаў гульні, колькасьць складоў і парадак націскаў у паралельных “крылу” радках “цела” павінны быць адолькавымі, а рыфмоўка — дакладнаю: усё гэта робіць бяскрылкі ўскрай кананічнымі з гледзішча тэорыі, вершаваньня жанрам. Гэтая паэтычная гульня пашыраная ў Расеі: По лесу шел с крестьянином помещик. Невзначай На эту пару странников напал Тяни-Толкай. Одним концом по барину, другим по мужику] — И зверь двумя ударами обоим снес башку.
[ — Тятя, тятя, в наши сети притащило мертвеца!] — Ой, ребятки, это ж ети — Будет коврик для крыльца! Прыклады беларускіх бяскрылак мы можам знайсьці ў Андрэя Хадановіча. Мала хто ведае, вершы ягонага будучага зборніка “Дурка беларуская” ўяўляюць сабою творы менавіта гэтага жанру: Змрочны замак — рай для турыста! Камяні, муры й калідор, Што капае граф Монтэ-Крыста [На прастор, на шырокі прастор]. 1.4. Лімэрык як маргінальны жанр: агульная характарыстыка Прымаючы да ўвагі надзвычайную ўсясьветную папулярнасьць некаторых вершаваных формаў, азначаных намі вышэй як маргінальныя, неабходна згадаць пра маргінальнасьць гэтых жанраў і ў сацыяльным значэньні панятку. Досыць часта гэткія жанры практыкуюць паэты-аматары. Апроч таго, іх шырока выкарыстоўваюць школьныя настаўнікі літаратуры ў дыдактычных мэтах. Напрыклад, некаторыя навучальныя дапаможнікі для беларускіх школаў рэкамэндуюць разьвіваючыя ўрокі па візуальнай паэзіі, а таксама ўрокі паэзіі хайку. У падручніках ангельскай мовы Л.В.Хрусталёвай і В.Н.Барагодзіцкай у межах моўнай практыкі вучням прапануецца скласьці лімэрык па-ангельску. Гэтыя прыклады ня толькі пацьвярджаюць папулярнасьць некаторых жанраў, але і сыгналізуюць пра небясьпеку “дэпаэтызацыі” хайку і лімэрыку ў масавай сьвядомасьці. (Напрыклад, у амэрыканскім мультфільме “South Park” — цынічнай пародыі на зьявы амэрыканскай рэчаіснасьці — настаўнік кажа дзеткам у школцы: “Хайку — гэта такія японскія вершы. Яны вельмі падобныя да амэрыканскіх, толькі кароткія, бяз рыфмы і тупыя”.) Гэта сьведчыць пра тое, што колькасны паказьнік ня можа быць вызначальным, калі мы кажам пра маргінальнасьць таго ці іншага жанру, тым больш у нашую эпоху інфармацыйнага грамадзтва. Можна сцьвярджаць, што ў расейскамоўным Інтэрнэце хайку сталі сапраўды народнай паэзіяй. Вялікай папулярнасьцю карыстаецца рэсурс “Сад расходящихся хокку”, які ўяўляе сабою гіпэртэкставы зборнік паэзіі хайку. Ахвочыя могуць “пасадзіць” у “сад” свае нарыхтоўкі, а таксама скласьці хайку на зададзены радок (атрымліваецца такое сабе хайку-бурымэ). Пры гэтым спэцыяльная праграма сочыць за тым, каб наведнікі сайту не парушалі прынцыпу 5-7-5. Тое ж самае можна сказаць пра лімэрык, які А.Хадановіч назваў “інтэлігенцкай частушкаю”. У Расеі штогод ладзяцца спаборніцтвы ў сачыненьні лімэрыкаў, даволі шмат лімэрычных рэсурсаў існуе ў Сеціве. Лімэрык зьяўляеца відам альбомнай літаратуры, часта ў жанры лімэрыку складаюць эпіграмы ці сяброўскія шаржы. У сувязі з гэтым перад дасьледчыкам маргінальных жанраў паўстае праблема разьмежаваньня графаманскіх твораў і сапраўднай паэзіі. І напраўду, перанасычанасьць сучаснай культурнай прасторы творамі, якія належаць хутчэй да маскульту, чым да высокай літаратуры — гэта тое, што адштурхоўвае выхаваных на традыцыяналізьме дасьледчыкаў ад маргінальных жанраў. Напрыклад, у Расеі прафэсійная крытыка досыць варожа ставіцца да аўтараў, якія рэалізуюць свае творчыя амбіцыі выключна ў тым ці іншым спэцыфічным рэчышчы. Але ў той жа час, у выпадку зь беларускай літаратураю (з-за асаблівасьцяў ейнага разьвіцьця і з прычыны расейскамоўнасьці беларускага маскульту), хайку і лімэрыкі пакуль што застаюцца ў сфэры рафінаванай паэзіі. І важную ролю ў гэтым адыгрываюць паэты-культуртрэгеры, якія, захоўваючы клясычны канон таго ці іншага жанру, імкнуцца адаптаваць гэты жанр да беларускай літаратуры. Апошнім часам найбольшую цікавасьць уяўляюць тыя монастрафічныя формы беларускай паэзіі, якія паўсталі як вынік культурнага сынтэзу, на мяжы розных нацыянальных літаратураў. Сярод іх — лімэрыкі, жанр ангельскага клясычнага абсурду, які быў адаптаваны да беларускай літаратуры Андрэем Хадановічам. Паспрабуем апісаць жанр лімэрыку паводле схемы, якая дапаможа забіць двух зайцаў: прасачыць структуру лімэрыку, гісторыю яго паходжаньня, а таксама патлумачыць фэномэн усясьветнай папулярнасьці ірляндзкай пяцірадковай страфы. Жанру лімэрыку ўласьцівыя: а) строгая фармальная і зьместавая рэглямэнтаванасьць. Лімэрык — гэта пяцірадкоўе, напісанае анапэстам, трохстопным у першай, другой і пятай і двухстопным у трэцяй і чацьвертай стопах з рыфмоўкай aabba, прычым у клясычным ангельскім лімэрыку ў пятым радка паўтараецца рыфма першага. Апроч таго, у лімэрыку рэглямэнтаваны зьмест кожнага радка, а менавіта: першы — знаёмства з галоўным героем; другі — дзеяньне, якое ён зрабіў, альбо асаблівасьць, якой ён валодае; трэці — разьвіцьцё дзеяньня; чацьвёрты — вынік дзеяньня; пяты — ацэнка, якую аўтар дае герою. У ангельскай мове кожнаму радка адпавядае пэўная сынтаксычная структура, напрыклад, 1: There was a(n) Young/Old Person/Man/Lady/of/with… а першым рымам часта выступае назва гораду альбо ўласнае імя; б) тэматычная рэглямэнтаванасьць. Сэнсаўтваральным элемэнтам лімэрыку ёсьць абсурд — адсутнасьць лёгікі дзеяньня; клясычны лімэрык — гэта паэзія нонсэнсу, у сучасным жа разуменьні лімэрык — жанр сатырычны; в) фальклёрнае паходжаньне жанру. Першапачаткова, гэта куплеты народных песенек, якія складаліся рыбакамі ў ірляндзкім порце Лімэрык; г) роля асобы ў разьвіцьці жанру. Эдвард Лір (1812—1888), заснавальнік паэзіі клясычнага ангельскага абсурду, перапрацаваў фальклёрны жанр, зрабіўшы яго сваёй “візытнай карткаю”. У ягонай “Кнізе бязглудзу” (1846 г.) сабраныя лімэрыкі, на якія да нашых дзён арыентуецца як ангельская, так і ўсясьветная традыцыя лімэрыку; д) гульнёвы характар жанру. Дасьледчыкі адзначаюць, што ў ірляндзкім фальклёры складаньне лімэрыкаў мела характар спаборніцтва: у пабах рыбакі ладзілі турніры экспромтаў, дзе для перамогі трэба было прасьпяваць лімэрык больш сьмешны, чым за сталом суперніка. З гэтай нагоды навукоўцы тартускай сэміятычнай школы Д.Сэгал і Т.Цыўян досыць трапна параўналі лімэрыкі зь дзіцячай гульнёй у “бязглудзьдзіцу”: “Дасьледаваньне лімэрыкаў ёсьць цікавым, дзякуючы асноўнай асаблівасьці гэтага жанру — лімэрыкі належаць да таго роду паэзіі, які ўмоўна можна назваць паэзіяй сынтэзу”. Нескладаныя і ў той жа час жорстка рэглямэнтаваныя фармальныя правілы складаньня лімэрыкаў (то бок альгарытм сынтэзу) даступныя кожнаму. Таму складаньне лімэрыкаў ператвараецца ў гульню-спаборніцтва, калі лімэрык супраціўніка зьяўляецца цікавым і значэнным у параўнаньні са сваім уласным. Вядома ж, лімэрык — не адзіны від паэзіі сынтэзу, узяць хаця б бурымэ, частушкі, інданэзійскія пантуны і да т.п.” [9, с. 321]. 2. Жанр лімэрыку ў беларускай паэзіі (у супастаўленьні з расейскай традыцыяй жанру) Каб падрабязьней пазнаёміцца з жанрам лімэрыку, а таксама каб разгледзець асаблівасьці лімэрыку ва ўсходнеславянскай літаратуры, спынімся на творчасьці двух паэтаў, кожны зь якіх спрычыніўся да разьвіцьця гэтага жанру на сваёй роднай мове. 2.1. Расейскія лімэрыкі В.Калегорскага Кажучы пра расейскія лімэрыкі Віктара Калегорскага, важна ўлічваць тую літаратурную сытуацыю, у кантэксьце якой яны паўсталі. У 1995 г., калі былі створаныя ягоныя “Насьледаваньні лімэрыкам”, лімэрык у расейскай літаратуры ўспрымаўся як: а) экзатычны жанр клясычнага абсурду, спэцыфічны ангельскі гумар; б) як дзіцячая паэзія (а зрэшты, як той жа ангельскі абсурд, вядомы чытачу зь перакладаў Самуіла Маршака: Даю вам честное слово, Вчера в половине шестого, Я встретил двух свинок Без шляп и ботинок, Даю вам честное слово). Сьвядома ці не, В.Калегорскі разбурае такі стэрэатып жанру. Ужо ў назьве цыклю лімэрыкаў Калегорскага (“Насьледаваньні лімэрыкам”) палягае парадокс. Бо, на нашу думку, гэтыя вершы нельга назваць пераймальнай паэзіяй. Паэт рашуча адступіў ад паноўнай у Расеі дзесяць гадоў таму (дый сёньня) тэндэнцыі “пісаць пад Ліра”, то бок капіяаваць сродкамі расейскай мовы паэтыку ангельскай паэзіі ХІХ ст. Скарыстаўшы лімэрычную форму, ён напоўніў яе сваім спэцыфічным зьместам, які быў далёкі ад паэтыкі ангельскага абсурду і ў той жа час утрымліваў пэўны культурніцкі акцэнт (у лімэрыках Калегорскага вельмі выразна прасочваецца тая пераходнасьць, памежнасьць, якая ўласьцівая маргінальным жанрам паэзіі). Аўтар не адмаўляецца ад ліраўскай традыцыі цалкам: замест чыста ангельскага, рафінаванага бязглузду ў ягоных лімэрыках прысутнічае пэўны “сэмантычны зрух” (тэрмін расейскай дасьледчыцы ангельскай дзіцячай паэзіі Н.Дзямуравай), які характэрны для паэзіі абсурду і які можа прымаць у Калегорскага розныя формы. Так, часта сэмантычны зрух адбываецца пры дапамозе гульні словаў: Старый Шарль, репетитор из Ниццы, Строил глазки своей ученице, Виллу строил и дом И с огромным трудом Добежал до швейцарской границы [3, c. 192]. Часам зрух пабудаваны на градацыі якасных прыметнікаў: Беспристрастный философ из Варны Знал, что женщины злы и коварны, Льстивы, вздорны, смешны, Непритворно нежны, Милосердны, скромны, благодарны [3, c. 196]. У наступным прыкладзе зрух адбываецца пры дапамозе гульні словаў, якая ствараецца з дапамогаю нечаканага пятага радка: Гуманист император Бокасса Не терпел ни селёдки, ни кваса, Ни коров, ни свиней, А любил лишь людей, Да и то за столом в виде мяса [3, c. 191]. У аснове наступнага сэмантычнага зруху — дэканструкцыя мэтафары: Эвридика, голубка, нимфея, Сокрушалась, что нет с ней Орфея. Но, устав горевать, Прилегла на кровать И в объятьях забылась Морфея [3, c. 190]. У лімэрыках Калегорскага, па-за некалькімі выняткамі, няма расейскіх тапонімаў. Сувязь з расейскай традыцыяй ажыцьцяўляецца перш за ўсё праз культурны кантэкст: Графоман-клептоман из Ростова Обобрал до полушки Толстого, Положивши в карман Гонорар за роман Под названьем "Наташа Ростова" [3, c. 195]. Зрэшты, вось адзін зь нешматлікіх прыкладаў расейскага калярыту ў Калегорскага — лімэрык-гульня з нацыянальным стэрэатыпам: Беззаботный рыбак из Находки Не зависел от метеосводки, От жены и детей, От дырявых сетей, А зависел от выпитой водки [3, с. 192]. Але аўтар далёкі ад знакамітага расейскага “почвенничества”, кантэкст яго лімэрыкаў — уся эўрапейская культура: Диоген, заскучав в одиночку, За Платонову сватался дочку. Но философ-отец, Уступив наконец, Сам потребовал деньги на бочку [3, c. 193]. (Гэты лімэрык цікавы яшчэ й тым, што дзякуючы шматзначнасьці апошняга радка мае два фіналы.) Ствараючы лімэрыкі па-расейску, В. Калегорскі застаецца ў агульнаэўрапейскім культурным кантэксьце (як мы пераканаемся далей — зь некаторымі папраўкамі на асаблівасьці разьвіцьця беларускай куьтуры — гэта ўласьціва і беларускім лімэрыкам). За ўяўнай фармальнай простасьцю лімэрыкаў Калегорскага хаваецца гульня сэнсаў, якая ператварае кожны лімэрык у свайго роду “гіпэртэкст”. І такім чынам пад пяром Калегорскага абсурдысцкі, сьмяшлівы расейскі лімэрык набліжаецца да інтэлектуальнай паэзіі. 2.2. Беларускія лімэрыкі А.Хадановіча Што да беларускіх лімэрыкаў Андрэя Хадановіча, то яны пачалі зьяўляцца ў друку з 2000 г. і адразу прывабілі чытачоў нестандартнасьцю формы і канцэнтраванасьцю зьместу, хоць аўтар і стараўся ўнесьці ў свае пяцірадкоўі некаторыя рысы паэтыкі ангельскага абсурду. Азначэньне “беларускія” было абрана аўтарам ня толькі таму, што гэта быў першы прэцэдэнт лімэрыкаў па-беларуску. У адрозьненьне ад Калегорскага, для якога нацыянальны аспэкт ня ёсьць першасным і які, як і Эдвард Лір, скарыстоўвае геаргафічныя назовы, кіруючыся хутчэй фармальнымі, чым сэнсавымі меркаваньнямі, Хадановіч сьвядома абірае для сваіх лімэрыкаў беларускія тапонімы. Як адзначае аўтар, яму “падалося цікавым насяліць псэўдаангельскім нонсэнсам беларускія гарады і вёсачкі, родныя, прыветныя, аддаючы даніну павагі вельмішаноўным землякам” [11, c. 7]. Больш за тое, аб’ядноўваючы ўсе напісаныя лімэрыкі ў кнігу, аўтар разьмеркаваў вершы на сем цыкляў — паводле колькасьці абласьцей Беларусі, улучаючы Менскі цыкль, у якім зарыфмаваныя вуліцы сталіцы. Гэты, з аднаго боку, постмадэрністычны прыём, — гульня, якую падказвае сама структура лімэрыку (“паўбурымэ” на зададзеныя геаграфічнай мапай рыфмы), зь іншага боку мае непасрэднае дачыненьне да тэндэнцыяў разьвіцьця беларускай літаратуры пасьля 1991 г. Горад заўсёды ўспрымаўся як цэнтар, стрыжань, які лучыць эпохі, вось, вакол якой круціцца жыцьцё краіны ці рэгіёну. Гарады ўсьведамляюцца як тыя маякі, па якіх відаць нацыю. Алесь Разанаў у адным са сваіх вершаказаў наступным чынам раскрывае канцэпт гораду: Горад горды і высокародны: ён стаіць на высокім месцы — на ўзгорку, на грудзе, і, адгароджваючыся ад навакольнага асяродка вежамі і сьцяною, не адлучаецца ад яго, а вылучаецца зь яго — як яго цэнтар, сярэдзіна, сарцавіна. Ён — бесьперапыннае пераўтварэньне дольняга ў “горнае”, мінулага ў “градучае”, ён — іхнія народзіны, і таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, і таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, і таму ўсім крывічам і радзімічам ён, нібы ўзнагарода, родны і дарагі. (…) Да горада горнуцца вёскі, лясы, пасады, палі, агароды, і ён зьядноўвае іх у радзіму, а разнаістую грамаду — сьмердаў, рамесьнікаў, гандляроў — гартуе ў народ. [8, с. 369]. Толькі наяўнасьць у чалавека малой радзімы робіць яго патрыётам той краіны, у якой ён жыве. Горад як канцэптуальны сродак пераадоленьня тутэйшасьці і правінцыйнасьці нашыя асьветнікі ўсьвядомілі яшчэ ў канцы ХІХ ст. Вось, напрыклад, хрэстаматыйная цытата з прадмовы да зборніка “Дудка беларуская” Ф.Багушэвіча: “Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…” [1, c. 22] (параўн. таксама “мужыцкія псэўданімы” К.Каліноўскага і таго ж Ф.Багушэвіча: Яська-гаспадар з-пад Вільні і Сымон Рэўка з-пад Барысава). Панятак “Беларусь”, абстрактны для многіх з адрасатаў вершаў Ф.Багушэвіча, раскрываецца тут праз пэўныя кропкі на мапе і ў сьвядомасьці. Лімэрыкі самой сваёй структураю ўдала ўпісваюцца ў гэтую парадыгму павучальнай “гульні ў гарады”. Беларускія лімэрыкі А.Хадановіча, як ні парадаксальна гэта гучыць, выступаюць тыповым прыкладам беларускай патрыятычнай лірыкі: перад намі паэзія, нязвыклая па форме, іншая паводле патасу і спосабу падачы матэрыялу, але яна выконвае тую ж функцыю, што і традыцыйная беларуская лірыка. “Беларускасьць” лімэрыкаў А.Хадановіча не адпавядае яшчэ аднаму з элемэнтаў клясычнага лімэрыку, згодна зь якім дзейная асоба не павінна валодаць пэўна акрэсьленай сацыяльнай роляй, герой ангельскага лімэрыку раскрываецца ў ягоным супрацьпастаўленьні грамадзтву, калі той зьдзяйсьняе бязглуздыя ўчынкі, што выклікаюць непрыязную рэакцыю натоўпу [2, с.71]. Хадановіч прывязвае лімэрыкі да беларускага кантэксту, “сацыяльна адаптуючы” сваіх пэрсанажаў, надаючы ім нацыянальны калярыт, уводзячы ў літаратуру яркія вобразы беларускай рэчаіснасьці, пазнавальныя тыпажы: Рэстаранны музыка ў Вялейцы Баха граў на электражалейцы. А Ёган Сэбаст'ян меў шыкоўны баян і шабашыў на вузкакалейцы [11, с. 103].
Пачатковец-празаік зь Нясвіжу пэнталёгію склаў для прэстыжу. Як назваць? “Пэнтагон”? Можа, "Пэнтамэрон"? Перавагу аддаў “Пяцікніжжу” [11, с. 120]. У сваіх лімэрыках Хадановіч рэпрэзэнтуе Беларусь як краіну ня толькі высока-, але і шматкультурную. Сярод герояў прыстунічаюць “пэдантычны раскольнік з-пад Веткі”, дапаўняюць карціну местачковыя габрэі і супярэчлівы (на першы погляд) вобраз беларускага мусульманіна: Сама праведны рэзьнік з Лагойску стаў рабіць абсалютна па-гойску: праз сваю дабрыню забівае сьвіньню, бо сыны ва Ўкраіне, у войску [11, с. 113].
Ісламіст-бээнэфавец зь Іўя кажа: "З ласкі Алаха адкрыў я рэлігійны сакрэт: пуп зямлі — мінарэт, а навокал — свабодная Крыўя!" [11, с. 63]. Пра гісторыю і культуру Беларусі чытачу нагадваюць такія пэрсанажы: “віртуоз-арганіста ў Барунах”, “зьбяднелы шляхціц з Крэва”, “РНЕ-шнік-суворавец з Кобрыні”, “чарнасоценец з Доўску”, “будаўнік камунізму у Трабах” і іншыя. Важны прынцып, на якім грунтуецца гумар у лімэрыках Хадановіча, — гэта кантраст, парадокс, зьмяшаньне высокага і нізкага, побытавага і глябальнага: Патрыётка ад мужа з Драгічына патрабуе праўдзівага вычыну: “Страшна кінуць ва ўрад самаробны снарад — хоць прыбі да падлогі масьнічыну!” [11, с. 17]. Фактычна, у кожным хадановічаўскім лімэрыку назіраецца зьмяшаньне камічнага і трагічнага. З гэтага гледзішча “Беларускія лімэрыкі” — працяг традыцыі “данс макабр” ва ўсясьветнай паэзіі. Характэрным зьвяном гэтай традыцыі, між іншым, ёсьць лімэрыкі Эдварда Ліра, у якіх багата чорнага гумару: Недарэчны дзядуля з Камчаткі Быў у профіль танчэй ад аладкі. Гэты плоскі шкілет Запяклі як рулет: Так сканаў недарэка з Камчаткі.
Вельмі грозная пані з Пэкіну Ўнучцы кажа: “Ў агонь цябе кіну!” Тая котку дае: “Лепш спаліце яе, Невыносная пані з Пэкіну!” (пераклад мой. — М.М.) Вось адзін з макабрычных лімэрыкаў А.Хадановіча: Віртуоз-арганіста ў Барунах заснаваў школу танцаў на трунах. Зарабляючы хлеб, вучняў водзячы ў склеп, граў на нэрвах, нібыта на струнах [11, с. 52]. Як і творы А.Хадановіча, напісаныя ў іншых жанрах, у лімэрыках паэта шмат алюзій, рэмінісцэнцый, адсылак да рознага кшталту літаратурных крыніцаў. Так, напрыклад, можна сустрэць наступны “вандроўны сюжэт”: Сэнбэрнар у папа з Маларыты меў вялізарныя габарыты, бачыў смачныя сны пра кавалак мясны й памятаў, дзе калега зарыты [11, с. 23]. Такім чынам, у жанры лімэрыкаў А.Хадановіч ёсьць паэтам-наватарам, які адаптаваў маргінальны экзатычны жанр да нацыянальнай літаратуры, і запачаткаваў традыцыю арыгінальнага беларускага лімэрыку. Як і ў выпадку з арыгінальным хайку беларускіх паэтаў, менавіта зь беларускамоўных лімэрыкаў, а не зь перакладаў ангельскіх вершаў, пачалося засваеньне беларускаю літаратурай экзатычнага жанру. Поўны пераклад “Кнгі бязглузду” на беларускую мову, зроблены Максімам Шчурам, зьявіўся крыху пазьней. Апроч таго, Хадановіч, беручы ў лімэрыкаў Ліра некаторыя рысы іхнай паэтыкі, застаецца ў межах свайго індывідуальнага стылю, і такім чынам адбываецца культурны сынтэз, характэрны для такога магінальнага жанру, як лімэрык. 2.3. Асаблівасьці ўсходнеславянскага канону лімэрыку ў параўнаньні з ангельскім першаўзорам Абодва паэты — Віктар Калегорскі і Андрэй Хадановіч падкрэсьліваюць “вытворнасьць” сваіх лімэрыкаў (параўн.: “псэўдаангельскі нонсэнс” — А.Хадановіч; “В подражание лимерикам” — В.Калегорскі). Улічваючы некаторыя разыходжаньні з ангельскім канонам, можна казаць пра ўсходнеславянскі варыянт лімэрычнай страфы: нешматлікія фармальныя зьмены цалкам заканамерныя і зьвязаныя з рознасьцю ў граматыках эўрапейскіх моваў. У той жа час, варта адзначыць агульнае ў паэтыцы ангельскіх і ўсходнеславянскіх лімэрыкаў. Напрыклад, тую рысу, якая забясьпечвае посьпех жанру ў чытачоў — гіпэрфармалізм тэксту. Нонсэнс лімэрыку сьмяшыць толькі тады, калі ўспрыняцьцю гумару не замінаюць фармальныя недакладнасьці і расхістаны рытм, бедная ці недакладная рыма і г.д. Так, для лімэрыкаў Э. Ліра характэрная звышдакладная рыфма. Яркая асаблівасьць паэтыкі ягоных лімэрыкаў — складаная рыфма, якой ён карыстаўся, каб зарыфмаваць экзатычныя для ангельскай мовы тапонімы Russia — hushher; Abruzzi — bootsee; Smira — burnher. There was a Young Lady of Russia, Who screamed so that no one could hush her; Her screams were extreme, No one heard such a scream, As was screamed by that lady of Russia [12, p. 46]. Як мы можам пераканацца, Калегорскі і Хадановіч практыкуюць дакладную рыфму і гэтаксама, як і Лір, выкарыстоўваюць складаную: Неаполянаполе — Наполи; сирокко — барокко — Марокко; Констанцы — танцы — голодранцы (В. Калегорскі); Іўя — адкрыўя — Крыўя; Скарыны — вітрыны — мурыны; Лагойску — па-гойску — увойску; Кобрыні — кобры, ні — адобраны (А.Хадановіч). Адна з галоўных адрознасьцяў беларускіх і расейскіх лімэрыкаў ад ангельскага канону палягае ў тым, што ў ангельскім лімэрыку рыфмы 1-га і 5-га радка ідэнтычныя. У сучасным расейскім і беларускім лімэрыку выступае ня пара, а тройка рыфмаў. Адмова ад паўтору не ў апошнюю чаргу зьвязаная з тым, што складае вялікую праблему пры перакладзе ангельскай паэзіі на славянскія мовы: сярэдняя даўжыня ангельскага слова ў 2—3 разы меншая, чым у любой са славянскіх моваў. У пяцірадковую страфу па-ангельску ўлазіць больш інфармацыі. Аднак у гэтым выпадку мае месца таксама мадэрнізацыя клясычнага жанру: парушаючы цыклічнасьць, якая ствараецца паўторам рыфмы, аўтары тым самым выводзяць свае тэксты з шэрагу абсурдных, робячы іх больш разнастайнымі з дапамогай нечаканага фіналу. Зь іншага боку, паэты часам імкнуцца абыграць згаданую рысу ангельскага гумару, часта незразумелую чалавеку славянскага мэнталітэту, ператвараючы паўтор рыфмы у фармальны прыём. Своеасаблівым кампрамісам выступае аманімічная рыфма: Сутенер-агроном из Люцерна Слыл главой воровского концерна, Поставляя невест Из таких злачных мест, Где росли только рапс и люцерна. (3, с. 194).
Абяцанкам палітыка з Горадні не даюць болей веры ні горад, ні сужаніца, ні дзеці. Ой, што робіцца ў сьвеце! Ой, відаць, пачынаюцца гора дні! (11, с. 59) Аддаючы даніну выпрацаваным Э.Лірам фармальным прыёмам, якіх часта не заўважаюць аўтары-аматары, якія імкнуцца аднавіць паэтыку Э. Ліра па-расейску, Калегорскі і Хадановіч практыкуюць гульню словаў, калямбуры: Мисс Бум-Бум, на витрины глазея, Сочиняла устав для музея, Но, устав сочинять, Стала горько пенять, Что в музеях одна бумазея (3, c. 190). Характэрны для іх і іншы прыём, запазычаны ў Ліра, — унутраныя рыфмы: Бестолковый поэт из Пирея В эмпиреях зефир от борея, Как его не учить, Не умел отличить, А не то что там ямб от хорея (3, с. 196).
Маладая спявачка з Гікала без вакалу пралезла ў Ла-Скала: на прэм’еры Бізэ трасца ўзяла Хасэ й паўтэатру адтуль паўцякала (11, с. 131). 2.4. Усходнеславянскі лімэрык: працяг традыцыі? Напрыканцы варта дадаць, што творчасьць Калегорскага і Хадановіча — не адзіны прыклад сучаснай інтэрпрэтацыі лімэрыку, ёсць шэраг іншых цікавых паэтаў, якія разьвіваюць гэты жанр. Цікавы прыклад — лімэрыкі расейскай рок-паэткі Вольгі Арэф’евай, якая напоўніла экзатычную, “інфантыльную” форму субкультурным, “слэнгавым” зьместам, аздобіўшы тэксты эстэтыкай расейскага рок-андэграўнду: Ненавязчивый парень с Арбата Волосатым был и бородатым, Но завидев урлу, Он косил под герлу, Тот находчивый хиппи с Арбата.
Металлисту Фоме из Перово Как-то было с похмелья херово, Он просил: поиграй, Вася, “Ласковый Май”, Чтоб стошнило Фому из Перово! Натуральная паралель у беларускай паэзіі — гэта панк-лімэрыкі Васіля Фірхольда, аўтара пяцірадкоўяў, у якіх у якасьці геаграфічных назваў, як і ў А.Хадановіча, фігуруюць беларускія тапонімы, але не звычайныя, а тыя, што зьніклі ў савецкі час з мапы праз сваю немілагучнасьць: Вэтэран-інвалід з Казарэзаў Напіваўся да страты пратэзаў. Неяк нават сівы Свой пратэз галавы Інвалід гэты недзе прахезаў.
Вось настаўніца зь вёскі Падонкі. У яе меўся густ вельмі тонкі. Зачапіўся за куст І парваўся той густ. Дый нашто ён у вёсцы Падонкі? [10, с. 17, 21]. Такім чынам, у расейскай і беларускай літаратуры адбылося станаўленьне новага жанру, якое атрымала, у параўнаньні зь першаўзорам, сваё адмысловае разьвіцьцё. Жанр гэты праз сваю гульнёвую, сатырычную прыроду, верагодна, заўсёды будзе займаць маргінальнае становішча ў сыстэме літаратурных жанраў нашай літаратуры, але ў лепшых сваіх праявах лімэрыкі заслугоўваюць на ўвагу як высокая, прафэсійная паэзія. Літаратура: 1. Багушэвіч Ф. Творы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2001. — 206 с. 2. Демурова Н.М. Из истории английской детской литературы XVIII—XIX вв. Пособие по спецкурсу. — М., 1975. — 325 с. 3. Коллегорский В.В подражание лимерикам // Апокриф: Культурологический журнал. 1995. №2. С. 190—197. 4. Кормилов С.И. Маргинальные системы русского стихосложения. — М.: МГУ, 1995. — 158 с. 5. Нефагина Г.Л. Маргинальные стили в русской прозе ХХ в. // Славянская літаратура ў кантэксце сусветнай: Зб. дакл. нав. канф. Ч. 2. Мн.: БДУ, 2000. С. 147—150. 6. Новейший философский словарь / Сост. А.А. Грицанов. — Мн.: Изд. В.М.Скакун, 1998. — 896 с. 7. Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. — Мн.: Бел. навука, 2004. — 576 с. 8. Разанаў А. Танец з вужакамі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1999. — 462 с. 9. Сегал Д.М., Цивьян Т.В. К структуре английской поэзии нонсенса (на материале лимериков Э.Лира) // Учёные записки Тартусского государственного университета. Труды по знаковым системам 2. Тарту, 1965. С. 320—329. 10. Фірхольд В. Пісюта: Вершы. — Мн.: Самвыдат, 2002. — 31 с. 11. Хадановіч А. Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі. Мн.: Логвінаў, 2005. — 156 с. 12. Lear E. A book of Nonsence // A book of nonsence by Edward Lear, Lewis Carroll, ect. London, 1936. — 271 p.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||