|
ПАРТНЭРЫ



НАШ БАНЭР

НАДВОР'Е
 |
Галоўная >>> Лекцыі >>> Найноўшая гісторыя
Аляксей Ластоўскі. Гістарычная памяць у Беларусі: адметнасці і праблемы
Лекцыя 1. Гістарычная памяць: паходжанне канцэпту і даследчыя перспектывы
План
1. Уводзіны
2. Ля вытокаў канцэпту калектыўнай памяці: Марыс Хальбвакс
3. Ян Асман: культурная і камунікатыўная памяць
4. “Месцы памяці” П’ера Нара
5. Гістарычная памяць і нацыянальная ідэнтычнасць
6. Палітыка памяці
1. Уводзіны
"Ідэнтычнасць, памяць, спадчына — тры ключавых словы сучаснай свядомасці, тры абліччы новага кантынента Культуры", — так ёміста ахарактарызаваў сітуацыю ў сучасных сацыягуманітарных ведах знакаміты французскі гісторык, аўтар канцэпцыі "месцаў памяці" П'ер Нара. І, сапраўды, зараз ідэнтычнасць і памяць сталі галоўнымі тэмамі гуманітарнай веды. Гэтыя словы вядуць рэй і ў сучасных дыскусіях пра стан нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
Мабыць, толькі памяць можа скласці годную канкурэнцыю тэрміну "ідэнтычнасць" па ступені папулярнасці ў сучаснай мове сацыяльных навук. Сведчаннем таму служаць такія метафары, як "бум памяці" ці "сусветная імпрэза памяці". Ізноў жа, імкліва нарастае колькасць адмысловых працаў, засноўваюцца спецыялізаваныя выданні, прысвечаныя праблематыцы памяці ("Memory Studies" ці "Time&Society").
У цэлым, можна казаць пра з'яўленне ў канцы ХХ ст. адмысловага дыскурсу гістарычнай памяці ў кантэксце нацыянальнай ідэнтычнасці. Бо Страт вылучае два галоўныя чыннікі фармавання дадзенага дыскурсу:
1) канец халоднай вайны прывёў да сацыяльнай і культурнай фрагментацыі, што ў сваю чаргу выклікала эрозію інтэрпрэтатыўных схем (напрыклад, страціла сваю актуальнасць і значнасць рэпрэзентацыя Савецкага Саюза як "імперыі зла") і падняло праблему калектыўнай памяці;
2) узнікненне новых правілаў навуковай веды, індыкатарамі якіх сталі такія канцэпты, як "канструяванне" і "постмадэрн", адмаўленне абсалютнага статусу канцэпцый "праўды" і "рэальнасці".
Але, як і ў выпадку ідэнтычнасці, інтэрпрэтацыі памяці таксама непасрэдна звязаныя з сацыякультурнымі зменамі ў сучасным грамадстве. Працяглы час памяць тлумачылася як філасофская праблема, якая аналізуе асаблівасці індывідуальнай свядомасці. Такая традыцыя існавала ад Платона да Анры Бергсана. Толькі ў канцы XIX ст. з'яўляюцца спробы вывесці інтэрпрэтацыі памяці на калектыўны ўзровень, і тут яна цесна ўвязваецца з праблематыкай нацыянальнай ідэнтычнасці. Гаворка ідзе пра першапраходніцкую працу Эрнста Рэнана "Што такое нацыя?", якая не страціла сваёй актуальнасці і на дадзены момант. У трактоўцы Рэнана памяць з'яўляецца адным асноўных элементаў нацыі: "Нацыя — гэта душа, духоўны прынцып. Дзве рэчы, якія з'яўляюцца ў сутнасці адною, складаюць гэтую душу, гэты духоўны прынцып. Адна — у мінулым, іншая — у будучым. Адна — гэта агульнае ўладанне багатай спадчынай успамінаў, іншая — агульная дамова, жаданне жыць разам, працягваць разам карыстацца пазасталай непадзеленай спадчынай". Пры гэтым асновай нацыянальнай ідэі становіцца гераічнае мінулае.
Такім чынам, зараз усё ж дамінуе падыход да памяці як да сацыяльнай з’явы, што будуецца грамадствам і ўплывае непасрэдным чынам на сацыякультурныя працэсы.
2. Ля вытокаў канцэпту калектыўнай памяці: Марыс Хальбвакс
Агульнапрызнаным заснавальнікам сучаснай цікавасці да калектыўнай памяці варта лічыць французскага сацыёлага Марыса Хальбвакса. Навуковец стаў ахвярай канцэнтрацыйнага лагеру ў Бухенвальдзе. Доўгі час яго працы былі забыты, і толькі ў 1960-я гг. акадэмічная грамадскасць ізноў звярнулася да яго ўнёску ў сацыялагічную навуку. Тэорыя памяці Хальбвакса, якая спачатку разглядалася як маргінальная тэма ў яго творчасці, цяпер атрымала прызнанне сучаснай класікі. Яшчэ ў 1987 г. Ян Асман пісаў пра тое, што імя гэтага навукоўца забыта. Але пасля публікацыі прац нямецкага егіптолага, а таксама даследаванняў П'ера Нара і Юзэфа Хаіма Йерушалмі, якія абапіраліся ў сваіх тэарэтычных пабудовах на ідэі Хальбвакса, ізноў узнікла ўвага да напаўзабытых прац. Яго знакамітая кніга "Сацыяльныя рамкі памяці", якая выйшла ў 1925 г., паклала пачатак сацыялагічнаму даследаванню памяці, і менавіта ў развіцці ці аспрэчванні ідэй гэтай працы паўстала большасць сучасных падыходаў да праблемы. Над тэмай памяці Хальбвакс працаваў да апошніх гадоў свайго жыцця. У 1950 г. пасмяротна выйшла і ягоная кніга "Калектыўная памяць", складзеная з розных рукапісаў, знойдзеных у архіве французскага сацыёлага.
Разгледзім, што ж канцэптуальна новага прыўнёс у даследаванні памяці Марыс Хальбвакс. Сам французскі даследчык быў вучнем знакамітага філосафа Анры Бергсана, але ў сваіх працах ён перайшоў ад філасофскага асэнсавання да сацыялагічнага даследавання калектыўнай памяці. Важным для яго падыходу было рашучае адмаўленне ад модных у той час трактовак калектыўнай памяці ў біялагічных тэрмінах як чагосьці прыроджанага, спадчыннага. Хальбвакс кардынальна змяніў дыскурс калектыўных ведаў, замяніўшы біялагічны кантэкст культурным. Сацыёлаг даказаў, што гістарычная памяць — не толькі спосаб, пры якім рэканструююцца падзеі мінулага, але таксама адначасова спосаб, з дапамогай якога тлумачацца ўмовы сучаснасці.
У сваіх даследаваннях Хальбвакс паказаў, што індывідуальная памяць чалавека магчымая толькі ў сацыяльным асяроддзі, якое стварае рэферэнцыяльныя рамкі, што абмяжоўваюць і ўпарадкоўваюць успаміны ў прасторы і часе. У гэтых межах людзі фіксуюць і ўтрымліваюць свае ўспаміны. Такім чынам, функцыянаванне індывідуальнай памяці немагчыма без гэтых прыстасаванняў — слоў і ідэй, не прыдуманых індывідам, а запазычаных ім з яго асяроддзя. Нават індывідуальныя ўспаміны ўзнікаюць толькі ў выніку камунікацыі і ўзаемадзеяння ў рамках сацыяльных груп, і, такім чынам, валодаюць сацыяльным вымярэннем. Памяць узнікае толькі падчас сацыялізацыі індывіда, асабісты досвед пры гэтым інтэгруецца ў разуменне мінулага, набытага грамадствам.
Толькі падтрыманая сацыяльным кантэкстам, памяць здольная вытрымаць выпрабаванне часам. Без падтрымкі групы індывідуальныя ўспаміны знікаюць. Але калектыўная памяць не здольная ўтрымаць мінулае як такое, ад мінулага застаецца толькі тое, што грамадства ў тую ці іншую эпоху здольнае ўзнавіць у цяперашніх рэферэнцыяльных рамках.
Яшчэ адным важным момантам канцэптуальных пабудоў французскага сацыёлага стала ўказанне на аднесенасць памяці да групы. Калектыўнай памяці ўласцівая ідэнтыфікацыйная канкрэтнасць, яна заўсёды арыентавана на сацыяльныя інтарэсы адпаведных сацыяльных груп. Пры гэтым сацыяльная група, якая засноўваецца як супольнасць успамінаў, засцерагае сваё мінулае з двух асноўных пунктаў гледжання: своеасаблівасці і даўгавечнасці. Ствараючы свой уласны вобраз, яна падкрэслівае адрозненні ад навакольнага свету і, насупраць, змяншае ўнутраныя адрозненні. Акрамя таго, яна развівае свядомасць сваёй ідэнтычнасці, якая праносіцца скрозь час, таму факты, што захоўваюцца ў памяці, звычайна адбіраюцца і выбудоўваюцца так, каб падкрэсліць адпаведнасць, падабенства, пераемнасць.
Іншай новай тэндэнцыяй, прыўнесенай Хальбваксам у даследаванні памяці, стала падкрэсленне пастаянна ўзнаўляльнага характару памяці. "Успамін у вельмі значнай меры з'яўляецца рэканструкцыяй мінулага пры дапамозе дадзеных, атрыманых у сучаснасці, і да таго ж падрыхтаванай папярэднімі рэканструкцыямі, якія ўжо моцна перайначылі мінулую карціну", — зазначае французскі сацыёлаг. Такім чынам, мінулае з'яўляецца сацыяльнай канструкцыяй, якая ўвесь час рэарганізуецца і змяняецца ў адпаведнасці з кантэкстнымі рамкамі сучаснасці, што ўвесь час рухаецца наперад. Мінулае фармуецца духоўнымі запатрабаваннямі канкрэтнай сучаснасці, яно не вырастае натуральным шляхам, а з'яўляецца прадуктам культурнай творчасці.
Апошнія дзве тэзы — сувязь памяці з групавой ідэнтычнасцю і сацыяльна-канструктывісцкая канцэпцыя мінулага — сталі магістральныя лініямі развіцця даследаванняў пра памяць з канца ХХ ст.
Варта таксама адзначыць, што Хальбвакс сваё разуменне памяці фармуляваў шмат у чым у проціпастаўленні калектыўнай памяці і гісторыі. У той час як гістарычны дыскурс навуковы, задакументаваны і архіўны па сваёй прыродзе, калектыўная памяць заўсёды ўмоўная, нестабільная, заўсёды ў зменах. Гістарычны дыскурс — акадэмічны, істытуцыянальны, аб'ектыўны і высокаінтэлектуальны, калектыўная памяць — міжасобасная, суб'ектыўная, мяккая сіла, якая змяшчаецца не ў рэгламентаваных прасторах афіцыйнага дыскурсу, а на абшарах папулярнай культуры і традыцый. Гістарычны дыскурс адсочвае дакументы, калектыўная ж памяць іх ажыўляе. Такім чынам, памяць уяўлялася як папулярная, арганічная, жывая, складзеная з візуальных выяў, у той час як гісторыя лічылася элітарнай, вонкавай, тэкстуальнай і мёртвай. Гісторыя з'яўлялася толькі тады, калі ўжо не было памяці.
Але гэта апазіцыя ў апошні час стала крытыкавацца. Да Хальбвакса тэрміны "традыцыя", "фальклор" ці "міф" звычайна супрацьпастаўляліся гісторыі і падпарадкоўваліся ёй як "памылкі" ў адносінах да "праўды", як аб'екты навукі ў адносінах да свайго аўтарытэтнага суб'екта. Тэрмін "памяць" стаў размываць гэтыя адрозненні. Калі даследаванні сацыяльнай памяці аднавіліся, у 1960-х яны ажыццяўляліся ў кантэксце, у якім традыцыі, фальклор і міф больш не лічыліся памылкамі, а ўспрымаліся як формы "падпарадкаваных" ведаў, не менш валідных, чым афіцыйная гісторыя, напісаная даследчыкамі. Гэта азначала, што далей стала немагчыма падтрымліваць выразны падзел паміж калектыўнай памяццю і пісьмовай гісторыяй. З аднаго боку, гісторыя стала ўсё больш папулярызавацца, сведчаннем чаму з'яўляецца ўзнікненне дысцыпліны вуснай гісторыі. З іншага боку, памяць занадта адкрылася гісторыі, і гісторыкі і інтэлектуалы пачалі канструяваць свае працы як "мастацтва памяці", у сувязі з гэтым імкнучыся заняць прывілеяванае становішча датычна сакральнага калектыўнага суб'екта, да якога адсылае тэрмін "калектыўная памяць" — звычайна, нацыі.
Нягледзячы на паўсюднае прызнанне значнасці прац Хальбвакса ў сучаснай сацыяльна-гуманітарнай думцы, сам тэрмін "калектыўная памяць" не стаў дамінантным, больш за тое, у дыскурсе памяці значна часцей гучаць іншыя словы — "гістарычная памяць", "сацыяльная памяць", "культурная памяць". Разам з тым, унёсак Хальбвакса ў станаўленне сучаснага "буму памяці" з'яўляецца агульнапрызнаным.
3. Ян Асман: культурная і камунікатыўная памяць
Як ужо адзначалася, ключавыя працы Хальбвакса былі прызабытыя, і толькі ў 80-я гг. адбыўся своеасаблівы рэнесанс цікавасці да калектыўнай памяці, які шмат у чым быў абумоўлены поспехам прац двух гісторыкаў — Яна Асмана і П'ера Нара, якія наўпрост выводзілі свае тэарэтычныя пазіцыі з прац Хальбвакса.
Сам Асман уводзіць тэрмін культурнай памяці, дэфінуючы яго як "калектыўны канцэпт для ўсіх ведаў, што вызначаюць паводзіны і досвед у інтэрактыўнай рамцы грамадства, і які перадаецца праз пакаленні ў паўтаральных сацыяльных практыках і ініцыяцыях". Такім чынам, культурная памяць уяўляе сабою спецыфічную для кожнай культуры форму перадачы і і асучаснівання культурных сэнсаў. Гэта веды, якія кіруюць дзеяннямі і адчуваннямі індывідаў унутры акрэсленага грамадства, і з пакалення ў пакаленне яны перадаюцца і завучваюцца.
Нямецкі навуковец для вызначэння гэтага канцэпту выкарыстоўвае падвойнае размежаванне, адрозніваючы культурную памяць ад 1) навукі (тым самым паўтараючы аргументацыю Хальбвакса пра апазіцыю памяці і гісторыі) і 2) ад камунікатыўнай памяці.
Ян Асман піша, што "адрозненне паміж камунікатыўнай і культурнай памяццю злучана з адрозненнем паміж штодзённасцю і святам, паміж прафанным і сакральным, паміж эфемерным і трывала-абгрунтаваным, паміж прыватным і агульным".
Паўсядзённая камунікацыя характарызуецца высокай ступенню тэматычнай нестабільнасці, узаемазамяняльнасцю роляў і неарганізаванасцю. У такой камунікацыі кожны індывід фармуе сацыяльна апасродкаваную памяць, якая злучае індывіда з групай. Найбольш важная характарыстыка камунікатыўнай памяці — гэта абмежаваны тэмпаральны далягляд, які пастаянна ссоўваецца з цягам часу. Гэты далягляд звычайна ахоплівае ўласны досвед індывіда і пачутыя ім расповеды. Часавы дыяпазон камунікатыўнай памяці, такім чынам, складае каля 80—100 гадоў, то бок, складаецца з успамінаў трох-чатырох пакаленняў.
Пры пераходзе ад паўсядзённай камунікацыі да сферы аб'ектываванай культуры амаль усё радыкальна змяняецца. Культурная памяць характарызуецца дыстанцыяй ад штодзённасці, яна адсылае да часу “вытокаў”, “даўніх часоў”, пра якія ніхто з жывых людзей не можа мець уласных успамінаў. Культурная памяць уключае ў сябе “абгрунтавальныя ўспаміны”, якія пацвярджаюць законнасць і апраўданасць існага ладу рэчаў. Культурная памяць, у адрозненне ад памяці камунікатыўнай, спецыяльна засноўваецца, штучна фарміруецца. У яе ёсць фіксаваныя кропкі, у якіх мінулае згортваецца ў сімвалічныя постаці, да іх прымацоўваюцца ўспаміны. Памяць пра лёсавызначальныя падзеі мінулага ўмацоўваецца з дапамогай культурных фармацый (тэксты, рытуалы, манументы) і інстытуцыянальнай камунікацыі (паўтор, практыка, выкананне).
Далучанасць да камунікатыўнай памяці размеркавана па ўсёй сацыяльнай цэласнасці. Веды, якія складаюць яе змест, здабываюцца не спецыяльна, а цягам штодзённай камунікацыі. Адпаведна, грамадству не патрэбныя адмысловыя спецыялісты па камунікатыўнай памяці. Насупраць, культурная ж памяць патрабуе існавання прафесійных носьбітаў (шаманы, жрацы, барды, вучоныя, пісьменнікі, мастакі і г.д.). Далучэнне да культурнай памяці спецыяльна арганізуецца і кантралюецца гэтымі спецыялістамі. Засваенне культурнай памяці патрабуе жадання і намаганняў з боку навучэнца, таму і авалоданне ёю таксама дыферынцыявана. Адныя сацыяльныя групы займаюць прывілеяванае становішча ў дачыненні да культурнай памяці (кантралююць і вызначаюць змест), іншыя сацыяльныя групы папросту спажываюць ужо сфармаваныя і падрыхтаваныя культурныя сэнсы.
Ян Асман ужываў свае тэарэтычныя пабудовы для аналізу высокіх культур мінулага (у першую чаргу, Старажытнага Егіпту), але дыхатамія камунікатыўнай/культурнай памяці цалкам дастасоўная і пры аналізе сучасных працэсаў. Сам Ян Асман прапаноўваў праект “гісторыі памяці” — дысцыпліны, што вывучае дынаміку ўспамінаў, культурную памяць наогул. З гэтай перспектывы мінулае ніколі не перадаецца наўпрост ад аднаго пакалення да іншага, а заўсёды ствараецца наноў, перабудоўваецца, зыходзячы з патрэбаў сучаснасці. Для гісторыі памяці не мае асаблівага значэння, з’яўляюцца сапраўднымі альбо фальшывымі ўспаміны пра мінулае, якія існуюць у нейкім калектыве, хутчэй яе цікавяць прычыны стварэння, захавання альбо зменаў акрэсленага вобразу гістарычнага мінулага. Гэтыя дысцыпліна ставіць перад сабою задачу вызначыць тыя абставіны, якія абумовілі тое, што нейкі вобраз мінулага стаў запатрабаваным для сучаснага жыцця, а іншыя вобразы мінулага, наадварот, перасталі быць актуальнымі і былі забытыя.
4. “Месцы памяці” П’ера Нара
Яшчэ адным творчым прадаўжальнікам справы Хальбвакса стаў П'ер Нара, аўтар знакамітай канцэпцыі "месцаў памяці". Ён стаў ініцыятарам масштабнага даследавання па вывучэнню і інвентарызацыі “месцаў памяці”, якое было распачатае ў 1997 г. Вынікам яго стаў выхад сямітомнай працы "Les lieux de memoire" у 80-90-х гадах мінулага стагоддзя, дзе было сабрана больш за 100 артыкулаў розных аўтараў. Такім чынам, французскі гісторык даў канцэпту “месца памяці” не толькі новае тэарэтычнае значэнне, але і паспяховае праграмнае ўвасабленне.
Па яго меркаванні, гісторыя і памяць былі аб'яднаныя, гэта значыць уяўлялі адно і тое ж, да XIX ст. Страта раўнавагі паміж гісторыяй і памяццю, як гэта апісвае П. Нара, — наступства паскарэння гісторыі. Яго разуменне гісторыі і памяці будуецца на апазіцыі: памяць ёсць жыццё, яе носьбіты — жывыя сацыяльныя групы. Гісторыя ж — заўсёды праблематычная і няпоўная рэканструкцыя таго, што прайшло, тады як памяць — актуальны феномен, вечная сувязь з сучаснасцю. Сучасны вынік адносін паміж гісторыяй і памяццю — замена існай некалі ўпэўненасці ў абавязковай паўторанасці ўсяго на адчуванне, што ўсё і ўся можа знікнуць. Падбухторваныя жаданнем памятаць, грамадствы ствараюць месцы памяці — вынік узаемадзеяння паміж гісторыяй і памяццю, паміж індывідам і калектывам. "Месца памяці” вызначаецца найперш праз разыходжанне двух парадкаў рэальнасці: а) рэальнасці пачуццёвай, больш ці менш матэрыяльнай, упісанай у прастору, час, мову, традыцыю, і б) рэальнасці чыста сімвалічнай, што з'яўляецца носьбітам гісторыі", — піша французскі вучоны. "Месцы памяці" П'ера Нара не з'яўляюцца месцамі ў вузкім, геаграфічным разуменні гэтага слова. У тамах яго выдання можна знайсці артыкулы пра французскі нацыянальны сцяг, пра Марсельезу, пра Жану д'Арк, французскае віно, французскую нацыянальную бібліятэку і г.д.
Месцамі памяці могуць стаць людзі, падзеі, прадметы, будынкі, кнігі, песні ці геаграфічныя кропкі, якія акружаны сімвалічнай аўрай. Самая галоўная функцыя месцаў памяці — захоўваць памяць групы людзей, яны закліканы ствараць уяўленні грамадства пра сябе і сваю гісторыю. Важнай характарыстыкай месцаў памяці з'яўляецца тое, што яны могуць несці розныя значэнні і што гэта значэнне можа змяняцца з часам. Даследнікі lieux de memoire вывучаюць не гэтулькі матэрыяльнае ці гістарычнае ядро месца памяці, колькі яго адлюстраванне ў свядомасці і формы яго ўспрымання. “Месцы памяці” прасякнутыя ідэалогіяй, нацыяналізмам і вельмі далёкія ад нейтральнасці і аб’ектыўнасці. Большасць з іх ствараецца ці вынаходзіцца, каб служыць інтарэсам нацыянальнай дзяржавы. Les lieux de memoire былі найважнейшай часткай палітыкі ідэнтычнасці французскай нацыі і выконвалі функцыю трансляцыі ключавых элементаў нацыянальнай гісторыі французскім грамадзянам. Хоць французскія “месцы памяці” валодалі сваёй спецыфікай, якая ў разуменні П’ера Нара была абумоўленая характарам рэспубліканскага ўніверсалізму, але сам тэрмін аказаўся прывабным і для даследчыкаў у іншых краінах.
Нас у дадзеным выпадку будзе цікавіць канцэптуалізацыя нацыянальнай памяці французскім гісторыкам. Па яго меркаванні, раней калектыўная ідэнтычнасць нацыі функцыянавала ў падвойным рэгістры нацыянальнай гісторыі (інстытуцыйнага храналагічна аформленага наратыву) і памяці груп (асобных і фрагментарных досведаў перажывання гісторыі, якія перадаваліся сям'ёй і сацыяльным асяроддзем) — што зноў жа адсылае да апазіцыі, прапанаванай Хальбваксам. Але ў сувязі з вычарпаннем таго нацыянальнага праекта, які быў уключаны ў нацыянальную гісторыю, замест яе з'яўляецца адна нацыянальная памяць. "Толькі з пункту гледжання памяці і адной толькі памяці, нацыя пры ўсім аб'яднаўчым значэнні гэтага слова захоўвае сваю ўстойлівасць і легітымнасць". Пры гэтым нацыянальная памяць не можа ўспрымацца як нейкі завершаны рэпертуар ці вызначаны стан, але ў ёй памяць адных ператвараецца ў памяць усіх. Таму найлепшай метафарай для нацыянальнай памяці выступае сілавое поле, якое пастаянна ствараецца і абнаўляецца.
5. Гістарычная памяць і нацыянальная ідэнтычнасць
Улічваючы гэтыя пазначаныя вышэй тэарэтычныя падыходы да даследаванняў памяці, паспрабуем асэнсаваць, якую ролю адыгрывае гістарычная памяць у фармаванні і ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.
Здавалася б, адказ досыць просты. Яшчэ ў версіі Хальбвакса галоўнай функцыяй калектыўнай памяці з'яўлялася падтрыманне згоды і, адпаведна, групавой ідэнтычнасці. "Розныя групы мабілізуюць калектыўныя ўспаміны для таго, каб падтрымліваць карпаратыўную ідэнтычнасць", — так ён сцвярджаў. Паводле французскага сацыёлага, калектыўная памяць ствараецца і функцыянуе ў сацыяльных рамках, якія вызначаюцца ідэнтычнасцю сацыяльных груп. Калектыўнай памяці ўласцівая ідэнтыфікацыйная канкрэтнасць, яна заўсёды арыентавана на сацыяльныя інтарэсы пэўных сацыяльных груп. Адпаведна, ідэнтычнасць папярэднічае памяці, стварае магчымасць яе ажыццяўлення.
Нягледзячы на тое, што шматлікія ідэі, закладзеныя Хальбваксам у канцэпт калектыўнай памяці, сталі шматкроць пераказвацца, менавіта гэтай ідэі (ідэнтычнасць як умова памяці) не пашанцавала. Хутчэй, можна казаць пра папулярнасць процілеглага бачання — памяць як умова ідэнтычнасці. Як сцвярджае Е.Мельнікава, "уяўленні пра адзінства паходжання (этна- і сацыя- генетычныя легенды) і супольнасці мінулага ўсіх чальцоў дадзенага соцыума абумаўляюць яго цэласць і жыццяздольнасць".
У сучаснай сацыяльнай навуцы агульнапрынятым стала сцвярджэнне гістарычнай памяці як найважнейшага кампанента нацыянальнай культурнай ідэнтычнасці, які служыць фармаванню агульных уяўленняў пра мінулае і пазіцыянаванню ў сучаснасці чальцоў нацыянальнай агульнасці. Адзначаныя вышэй дзве інтэнцыі можна аб'яднаць у адну больш рафінаваную і ўскладненую схему. Гістарычная памяць і калектыўная ідэнтычнасць паўстаюць тады, як змешчаныя ў двунакіраваных узаемаадносінах: з аднаго боку, змест гістарычнай памяці задае магчымасці і абмежаванні для працы з калектыўнай ідэнтычнасцю, з іншага боку, менавіта ідэнтычнасць з'яўляецца вызначальным фактарам пры пераасэнсаванні мінулага і ўключэнні яго ў ацэнку сучаснасці.
Разам з тым, існаванне мноства трактовак і версій у міждысцыплінарнай прасторы даследаванняў памяці (важкім сведчаннем чаму з'яўляецца і разнастайнасць тэрміналогіі — "калектыўная памяць", "сацыяльная памяць", "гістарычная памяць", "культурная памяць") патрабуе ўдакладнення тэарэтычнага падыходу.
Найбольш прадуктыўным у дадзеным кантэксце ўяўляецца выкарыстанне агульнага тэрміну "гістарычная памяць", які адсылае да ўсёй сукупнасці ўяўленняў пра мінулае. Разам з тым, неабходна вылучыць некалькі ўзроўняў гістарычнай памяці, абумоўленых дыскурсіўнай стратыфікацыяй соцыума.
Перадусім гэта ўзровень памяці, які фармуецца ўладным дыскурсам і ўяўляе сабою кадыфікаваны і рэгламентаваны набор апісанняў, ідэй і адлюстраванняў мінулага. Тут відавочная паралель з канцэпцыяй культурнай памяці Яна Асмана. У сучасным грамадстве найважнейшымі інстытутамі трансляцыі культурнай памяці выступаюць інстытут адукацыі (часцей за ўсё непасрэдна кантраляваны дзяржавай) і сродкі масавай інфармацыі.
Іншы ўзровень гістарычнай памяці фармуецца ў выніку інкарпарацыі і засваення культурнай памяці ў масавай свядомасці, гэта штодзённыя ўяўленні пра мінулае, часцяком фрагментарныя і супярэчлівыя. Тут цалкам рацыянальным выглядае прапанова расійскіх гісторыкаў І.Савельевай і А.Палетаева скарыстацца тэрміналогіяй французскага сацыёлага С.Масковічы і ўжыць для катэгарызацыі дадзенага ўзроўню гістарычнай памяці вызначэнне "сацыяльныя ўяўленні пра мінулае".
І, нарэшце, трэці ўзровень у гістарычнай памяці зноў можа быць злучаны з падыходам Яна Асмана, які ўвёў адрозненне паміж камунікатыўнай і культурнай памяццю. У адрозненне ад двух вышэйзгаданых узроўняў гістарычнай памяці, якія адсылаюць да ўспрымання мінулага, апасродкаванага праз інстытуцыянальныя каналы, камунікатыўная памяць адсылае да асабістага досведу мінулага. Найболей цэласнымі паўстаюць наратывы мінулага, якія фармуюцца як індывідуальныя біяграфіі альбо сямейныя паданні.
Пры гэтым паўстае пытанне, якое месца займае гістарычная памяць у беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Для адказу на гэта пытанне нам прыйдзецца аналітычна прадставіць нацыянальную ідэнтычнасць як уяўленне, якое існуе ў дзвюх плоскасцях — часе і прасторы.
Пры гэтым гістарычная памяць служыць адной з асноў для змястоўнага напаўнення абедзвюх плоскасцяў.
Суб'ектыўнае асэнсаванне часу разгортваецца ў трыадзінстве стаўлення мінулага, сапраўднага і будучага. Пры гэтым гістарычная памяць, якая ўяўляе сабою рэканструкцыю мінулага з інтарэсаў сучаснасці, пастаўляе мадэлі для інтэрпрэтацыі актуальнага стану нацыі. Гэта, у першую чаргу, ідэя "залатога веку" (для беларускай гістарычнай памяці — гэта эпоха ВКЛ), якая апісвае росквіт культуры і палітычнай магутнасці нацыі ў акрэслены гістарычны перыяд. Адпаведна ўтвараецца пэўны архетыпічны ідэал нацыі, які задае крытычнае стаўленне да сучаснай эпохі, нейкі зазор, які заклікае да выпраўлення сітуацыі і вяртання ў ідэальны стан. З іншага боку, мінулае пастаўляе і мадэль заняпаду, трагічнага стану нацыі, абумоўленага пераважна чужародным умяшаннем (для беларускай нацыянальнай гісторыі — гэта польскі і расійскі фактар). Такім чынам, з гэтай перспектывы сучаснасць можа быць асэнсаваная як момант, дзе асноўныя перашкоды для нацыянальнага развіцця аказваюцца знятымі, што ўтварае магчымасць дзейнаснай рэалізацыі ідэала. Так фармуецца міфалагема "нацыянальнага адраджэння".
Значэнне гістарычнай памяці для ўключэння асэнсаванага мінулага ў працэс ідэнтыфікацыі здаецца цалкам відавочным, але не менш значнай з'яўляецца гістарычная памяць і для фармавання прасторавых катэгорый. Для беларускай ідэнтычнасці такімі найважнейшымі катэгорыямі з'яўляюцца Беларусь і беларусы. Такім чынам, Беларусь паўстае ў нацыянальным уяўленні не толькі як вызначаная тэрыторыя, геаграфічна лакалізаваная, але і як краіна, якая валодае сваёй адмысловай гісторыяй, што складаецца з чарады трыўмфальных узлётаў і трагічных катастроф. Беларусы пры гэтым таксама ўспрымаюцца не проста як этнічная супольнасць, якая засяляе нейкую тэрыторыю, але і як пэўная нацыя, чые характарыстыкі і асаблівасці менталітэту выкрышталізаваліся праз цяжкія гістарычныя выпрабаванні.
Не менш важная гістарычная памяць і пры размежаванні беларусаў і іншых народаў, г.зн. для ўсталявання “зместу” адносін з блізкімі суседзямі, якім адведзена роля "Іншых" падчас працэсаў нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гістарычная памяць задае магчымасць правядзення размежавальнай рысы, якая дазваляе сфармуляваць унікальнасць беларускай нацыі, а таксама надаць змястоўныя характарыстыкі іншым нацыям, у складаных працэсах збліжэння/дыферэнцыяцыі з якімі працякала нацыянальная гісторыя.
Варта адзначыць, што гістарычная памяць напоўнена пераважна яркімі выявамі, дзе нацыянальная гісторыя паўстае як трагедыя, што складаецца з вялікіх подзвігаў і манументальных здзяйсненняў, якія выклікаюць заслужаны гонар за сваю краіну і нацыю, але таксама і цяжкіх страт і жорсткіх часоў, што спрыяюць кансалідацыі з нацыянальнай агульнасцю. Адпаведна, гістарычная памяць служыць не толькі напаўненню зместу нацыянальнай ідэнтычнасці, але і дазваляе выпрацоўваць устойлівыя эмацыйныя сувязі, якія спрыяюць атаесамленню з гэтай супольнасцю.
Акрамя таго, важна падкрэсліць, што нацыянальная ідэнтычнасць не з'яўляецца раз і назаўжды зададзенай, сама нацыянальная агульнасць змяняецца радыкальным чынам на працягу гісторыі, таксама і нацыянальная ідэнтычнасць падлягае гістарызацыі.
6. Палітыка памяці
Польскі сацыёлаг Барбара Шацка пісала пра тое, што ў гістарычнай памяці толькі дзве функцыі — фарміраванне ідэнтычнасці і легітымацыя.
Адпаведна, калі вышэй мы апісвалі тое, як памяць уплывае на канструяванне ідэнтычнасці (пераважна, нацыянальнай), то варта звярнуць увагу і на дачыненні памяці і ўлады. Фармаванне ўяўлення пра тое, што і як трэба памятаць — гэта важны элемент палітычнай барацьбы і панавання.
Застаецца дагэтуль дыскусійным, наколькі гісторыя з’яўляецца “падатлівым матэрыялам”. У якасці радыкальнай пазіцыі можна прывесці “канструктывісцкі” падыход да палітыкі памяці, які найбольш ярка быў рэалізаваны ў зборніку артыкулаў “Вынаходніцтва традыцыі”, што выйшаў у 1983 г. пад рэдакцыяй Эрыка Хабсбаўма і Тэрэнса Рэйнджэра. У межах гэтага падыхода акцэнт робіцца на аналізе таго, як уладныя групы маніпулююць вобразамі гістарычнага мінулага і навязваюць масам сфабрыкаваную версію гісторыі, што служыць абгрунтаваннем іх палітычных мэтаў і панавання. Даследчыкі, якія належаць да гэтага накірунку, імкнуцца паказаць, што новыя традыцыі і рытуалы адвольна будуюцца ў адпаведнасці з актуальнымі палітычнымі рэаліямі. Памяць тады фактычна аказваецца тоеснай палітычнай ідэалогіі.
Напрыклад, Бо Страт адзначае, што сам канструктывісцкі падыход праблематычны і праводзіць аргументаваную крытыку. “Канструяванне” адсылае да сацыяльнай інжынерыі, адкуль паўстае карціна эліты, якая маніпулюе масамі. Але супольны вобраз мінулага можа таксама будавацца і “знізу”, і часта ніжэйшыя слаі насельніцтва даволі паспяхова аспрэчваюць значэнні, якія прыпісваюцца да падзей і сітуацый элітнымі групамі. У сучасных грамадствах (прынамсі, блізкіх да заходняга тыпу дэмакратыі) стварэнне калектыўнай памяці ўсё ж адбываецца праз працэсы перамоваў і камунікацыі, дзе патрэбна знайсці кампрамісы. Сімвалы і міфы могуць разглядацца з самых розных пазіцый, таму яны з’яўляюцца адкрытымі для аспрэчвання. Яны не могуць проста перадаваць адзін непадзельны погляд, які зыходзіць ад эліты, іх вытворчасць і спажыванне таксама пазначаны канфлітам і кампрамісам. То бок, “канструяванне” і “вынаходніцтва” павінны даследавацца як працэсы, што ідуць у двух накірунках, а не проста як аналіз таго, што накідваецца вышэйшымі слаямі грамадства.
У той жа час неабходна ўлічваць, што цяпер ніводная дзяржава не валодае поўнай манаполіяй на палітыка-культурную прастору. У любой сучаснай нацыянальнай дзяржаве існуюць розныя праекты нацыянальнай ідэнтычнасці, якія таксама мабілізуюць для сваіх мэт і гістарычную памяць. Гэтыя спробы могуць прывесці да расколу грамадства, і тады гісторыя нацыі можа выступіць як арэна барацьбы для розных палітычных сіл. Барацьба за палітычнае лідарства нярэдка выяўляецца як суперніцтва розных версій гістарычнай памяці (ці супраціў яе афіцыйнай версіі) і розных знакаў яе велічы, як спрэчка з нагоды таго, якімі эпізодамі гісторыі нацыя павінна ганарыцца, а якія лепш аддаць на забыццё. Прычым канструяваннем прымальных для сябе версій гістарычнай памяці заняты не толькі афіцыйныя ўлады, але і апазіцыйныя сілы і розныя грамадскія рухі ("памяць" і "контрпамяць").
Такім чынам, культурная памяць, пераважна артыкуляваная ў рамках дзяржаўнага дыскурсу, не з'яўляецца гамагеннай і характарызуецца хутчэй множнасцю і разнастайнасцю канкуруючых версій. Таму гістарычная памяць цалкам можа прымаць форму "контрпамяці", якая аспрэчвае і спрыяе дэстабілізацыі афіцыйных версій нацыянальнай ідэнтычнасці. Такім чынам, лінейнае стаўленне "памяць легітымізуе ўладу" рэдукуе карціну сацыяльнай рэальнасці, насычаную супрацьстаяннем і канкурэнтнай барацьбой розных праектаў нацыянальнай ідэнтычнасці, якія ствараюць гетэрагенныя версіі калектыўнай памяці. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што розныя, канфліктныя памяці вядуць да дэзінтэграцыі грамадства, што можа прывесці да стварэння паралельных грамадстваў у адной краіне ці нават да гетаізацыі нацыянальных меншасцяў. У імкненні пазбавіцца ад гэтай непатрэбнай грамадскай канфрантацыі кожнае грамадства вырашае складаную задачу: стварэння гарманічнай культурнай памяці краіны — так фармулюе задачы для палітыкі памяці вядомы літоўскі гісторык Альвідас Нікжэнтайціс.
Але гэтая задача патрабуе пастаянных дзеянняў — асэнсавання, узгаднення, пошуку кампрамісаў. Гістарычная памяць не ўяўляе сабою нейкі ўсталяваны канон, які павінны ведаць грамадзяне краіны, каб выконваць “грамадзянскі мінімум” — гэта і сапраўды набор жыццёва патрэбных для грамадства ведаў пра мінулае, які пастаянна змяняецца ў адпаведнасці з задачамі сучаснасці.
Лекцыя 1 |
|
|
|
|