|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА Мікола КАЦУК. САЦЫЯЛАГІЧНЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ Ў |
|
Лекцыя 2 |
План: 1. Трансфармацыя поля сацыялогіі падчас выбараў a. Стварэнне ўласных сацыялагічных цэнтраў, пазіцыянаваных як незалежныя ці новыя; b. Абмежаванне магчымасцяў правядзення даследаванняў; c. Заканадаўчае абмежаванне грамадскай актыўнасці; 2. Асаблівасці падавання вынікаў сацыялагічных даследаванняў у СМІ: праблема рэйтынгу
1. Трансфармацыя поля сацыялогіі падчас выбараў Трансфармацыя поля сацыялогіі ў перадвыбарчы перыяд цалкам вызначалася палітыкай дзяржаўных уладаў. Насамрэч на сучасным этапе любыя выбарчыя кампаніі азначаюць як найбольшую ўлучанасьць сацыялогіі ў палітыку, так і пранікненне палітычных задач у логіку сацыялагічнай вытворчасці. Палітыкі, імкнучыся легітымізаваць свой палітычны капітал, выкарыстоўваюць дадзеныя сацыялагічных даследаванняў для палітычнай барацьбы; сацыёлагі ж, самі прытрымліваючыся пэўных палітычных поглядаў, нярэдка выступаюць у якасці палітыкаў і н’юсмейкераў. У нармальных умовах выбарчыя кампаніі заўсёды стымулююць попыт на сацыялагічныя паслугі. І раз электаральныя даследаванні ў метадычным плане не з’яўляюцца складанымі, розныя сацыялагічныя цэнтры ды лабараторыі імкнуцца атрымаць замову на іх правядзенне альбо ад палітыкаў і партый, альбо ад СМІ. Існуе нават прафесійная прымаўка "выбары год кормяць". Пры гэтым сувязь замоўніка і выканаўцы не з’яўляецца наўпростай. Нельга адназначна сцвярджаць, нібыта хто плаціць, той і замаўляе музыку. Такія сітуацыі, вядома, магчымыя, але толькі на этапе фармавання рынку сацыялагічных паслуг, дый тое хіба для фірм-аднадзёнак, якія не дбаюць пра сваю рэпутацыю. Сувязь поля палітыкі і поля сацыялогіі больш складаная. І палітык, і сацыёлаг выказваюць інтарэсы розных груп выбарнікаў; аднак жа калі першы рэалізуе іх і абараняе, дык другі толькі паведамляе пра наяўнасць ці змену прыярытэтаў. У гэтым і выяўляецца патэнцыйная канкурэнтнасць пазіцый палітыка і сацыёлага. Патэнцыйна сацыёлаг можа аспрэчыць прэтэнзіі палітыка на палітычнае прадстаўніцтва, і калі ў дэмакратычных рэжымах падобнае не складае праблемы, то ў беларускай сітуацыі гэта прадвызначыла асноўную калізію апошніх выбарчых кампаній. Найперш гэта тычылася стратэгіі ўлады. Рэтраспектыўна можна ўстанавіць, што парламенцкія выбары і рэферэндум 2004 г. выкарыстоўваліся ўладай як палігон, на якім праводзіліся "штабныя вучэнні", г.зн. адпрацоўваліся тэхналогіі прэзідэнцкіх выбараў. Два наступныя гады ўлада паўнамаштабна рыхтавалася да "ранжовай рэвалюцыі", ажыццяўляючы масаваную зачыстку грамадзянскай супольнасці. Яна ўлічыла досвед падзей у Сербіі, Украіне і Грузіі, дзе даследаванні незалежных сацыялагічных цэнтраў паставілі пад сумнеў афіцыйныя вынікі выбараў і тым самым легітымізавалі перамогу альтэрнатыўнага кандыдата ды, адпаведна, і масавыя акцыі пратэсту. Як уяўляецца, дзеля мінімізацыі падобнай сітуацыі былі зроблены наступныя захады. a. Стварэнне ўласных сацыялагічных цэнтраў, пазіцыянаваных як незалежныя ці новыя У 2004 г., напярэдадні рэферэндуму аб змене Канстытуцыі, у сацыялагічна-палітычнай прасторы з'яўляецца незалежны аналітычны цэнтр "Ecoom". Як сам цэнтр, так і яго кіраўнік Сяргей Мусіенка былі да гэтага моманту невядомыя ў сацыялагічным полі. Характар апублікаваных у дзяржаўных СМІ, праведзеных "Экаомам" даследаванняў сведчыў пра адсутнасць якога б там ні было прафесіяналізму і мінімальнай сацыялагічнай падрыхтоўкі. Тым самым часам з актыўным спрыяннем Цэнтру сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ была створана Моладзевая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў БРСМ. Відаць, менавіта на яе рэсурсавай аснове праводзіўся экзіт-пол пад шыльдай Рэспубліканскага саюзу грамадскіх арганізацый "Беларускі камітэт моладзевых арганізацый". Роля падобных цэнтраў была падвойная. З аднаго боку, яны непрыхавана "гулялі" на баку ўлады, легітымізуючы афіцыйныя вынікі выбараў і апаніруючы альтэрнатыўнай інфармацыі, з другога, — меў месца і прыхаваны эфект дыскрэдытацыі сацыялагічных даследаванняў наагул (а таксама дэмабілізацыі электарату). Электаральныя даследаванні (як перад- і паслявыбарныя, так і экзіт-полы) — адзіны спосаб грамадзянскага кантролю над вынікамі выбараў. З адсутнасцю ў грамадстве даверу да звестак сацыялагічных даследаванняў знікае й сама патрэба кантролю. Іншымі словамі, чым больш адрозненняў у выніках сацыялагічных даследаванняў, тым больш выгодна гэта паноўнай уладзе. Зазвычай непахісных прыхільнікаў або супраціўнікаў, якія маюць, да таго ж, і належны ўзровень сацыялагічнай кампетэнцыі, меншасць; масавы ж выбарнік, сутыкнуўшыся з неабходнасцю выбіраць між тымі ці іншымі "статыстыкамі", хутчэй, папросту зняверыцца ў сацыялогіі як з’яве. У кожным разе, падстаў для выхаду на "майдан" у яго цяпер застанецца значна менш. У такіх варунках нават памылкі ў фармулёўках пытанняў або метадычныя недасканаласці, учыненыя сацыёлагамі свядома ці праз неахайнасць, робяцца функцыянальнымі, бо менавіта з гэткай мэтай працуюць улады, скарыстоўваючы шырокае асвятленне ў СМІ. Да прыкладу, практычна ўся апазіцыйная прэса, імкнучыся даць выспятка таму ж "Экаому", усяго толькі раскручвала гэты брэнд, і заадно фармавала непраўдзіва завышаныя патрабаванні да "сваёй" сацыялогіі. b. Абмежаванне магчымасцяў правядзення даследаванняў Перадусім усё гэта выявілася ў пастанове Саўміну "Аб некаторых пытаннях правядзення апытанняў грамадскай думкі, што адносяцца да рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, і аб апублікаванні іх вынікаў у сродках масавай інфармацыі" ад 8 лістапада 2005 г. №1240. Пастановай, прынятай, зразумела, "у мэтах забеспячэння якасці апытанняў грамадскай думкі, верагоднасці атрыманых дадзеных і аб’ектыўнасці апублікаваных вынікаў", быў створаны дзяржаўны кантрольны орган дзеля дазволу на акрэдытацыю і, адпаведна, пазбаўлення яго. Апроч таго, з простай змены фармулёўкі — "арганізацыя, якая праводзіла…" на "юрыдычная асоба, якая праводзіла…" — паўстае дадатковая юрыдычная адказнасць за парушэнне пастановы, і ўжо гэта падлягала пад кантроль пракуратуры. Увогуле ж, аніякія наяўныя нормы не мусяць быць арыентаванымі на асабовыя і прафесійныя якасці карыстальнікаў. Інакш адкрываюцца магчымасці для асабістых злоўжыванняў і, як вынік, узнікае сітуацыя прававога нігілізму і падвойнай маралі. Памянёная пастанова якраз і ўтрымлівала тыя самыя пералічаныя азнакі, а таму яе палажэнні можна было трактаваць абсалютна адвольна. Такім чынам, для "свайго" сацыёлага працэдура рэгістрацыі і выдачы акрэдытацыі максімальна спрашчалася, а для "чужога" — максімальна ўскладнялася. Скажам, дзеля рэгістрацыі ў штаце сацыялагічнай службы неабходна мець не менш за двух спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і стажам работы па сацыялагічных (паліталагічных) спецыяльнасцях сама меней тры гады, альбо маючых досвед сацыялагічнай (паліталагічнай) дзейнасці, звязанай з правядзеннем апытанняў грамадскай думкі, пацверджаны выпіскамі з працоўных кніжак і (або) дакументамі аб наданні навуковых ступеняў і прысваенні навуковых званняў. Гэта значыць, што можна знайсці двух кандыдатаў сацыялагічных навук ці нават лабарантаў з адпаведным стажам работы, даць ім заробак — і атрымаць дазвол на даследаванні. Але пры гэтым заўсёды застаецца пагроза адмовы ў рэгістрацыі — з прычыны неадпаведнасці пэўнай тэмы дысертацыі тэматыцы апытанняў. Ды яшчэ можа навіснуць перспектыва настрыфікацыі навуковай годнасці і ступені. Акрамя ўсяго, для рэгістрацыі абавязковыя ўстаноўчыя дакументы юрыдычнай асобы, пасведчанне дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы, дакументы аб адукацыі і працоўныя кніжкі сацыёлагаў. І гэтак, зразумела, што рэгістрацыя цэнтраў, падобных да "The Gallup organization / Baltic surveys", у Беларусі практычна не можа стаць рэальнай. Паўнамоцтвы дзяржаўнай кантрольнай камісіі мяжова шырокія і адначасна амбівалентныя. На яе ўскладзена "ацэнка ступені верагоднасці пададзенай юрыдычнай асобай інфармацыі, выкананне патрабаванняў аб’ектыўнасці і верагоднасці ў часе правядзення апытанняў грамадскай думкі і апублікаванне іх вынікаў у сродках масавай інфармацыі". Беручы пад увагу адсутнасць аўтаномнай прафесійнай супольнасці і прафесійнай камунікацыі ў рамках існуючай Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі, адрозненні навуковых падыходаў і ўзроўняў кваліфікацыі сацыёлагаў, не кажучы ўжо пра Кодэкс прафесійнай этыкі, трактоўка аб’ектыўнасці і верагоднасці сацыялагічнай інфармацыі застаецца цалкам адвольнай. Але найбольш адыёзная норма наступная: "Камісія мае права ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю акрэдытаванай юрыдычнай асобы на ўсіх этапах правядзення апытанняў грамадскай думкі". Фактычна гэта норма закранае не толькі этап перамоў з замоўнікам, у тым ліку заключэнне дамовы, якая акрэслівае мэты даследавання, тэрміны, кошт працы і да т.п., але й само праграмаванне, выкарыстанне ўласных эксклюзіўных методык, палявыя работы, тыражаванне вынікаў, нарэшце стасункі з партнёрскімі арганізацыямі (друкарнямі, апытальнымі сеткамі), абавязвае пакідаць адкрытым доступ да базы дадзеных і выніковай справаздачнай дакументацыі. Маючы ў распараджэнні такую інфармацыю, можна без асаблівых высілкаў паставіць крыж на якой заўгодна сацыялагічнай службе. А таму, разумеючы гэта, кіраўнікі самых вядомых недзяржаўных сацыялагічных цэнтраў нават не падавалі заявак на рэгістрацыю. І ў гэтым разе — хіба як здзек — прагучалі словы старшыні кантралявальнай да сацыёлагаў камісіі доктара сацыялагічных навук, прафесара І. Катлярова, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і намесніка старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе: "пакуль яшчэ ніводнаму сацыялагічнаму цэнтру не было адмоўлена ў рэгістрацыі". На падмацаванне гэтай тэзы ён назваў сярод акрэдытаваных камісіяй сацыялагічных службаў "расійскія і беларускія даследчыя цэнтры", а менавіта: Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта, сацыялагічныя службы Гомельскага і Гродзенскага аблвыканкамаў, служба "Экаом". І ўсе яны, паводле І. Катлярова, "маюць права праводзіць усе віды сацыялагічных даследаванняў, улучаючы экзіт-полы". У выніку ад экзіт-полаў быў адсечаны шэраг незалежных службаў, бо, не займеўшы рэгістрацыі, яны не змаглі пераадолець праблемы фармавання апытальнай сеткі. Толькі сацыёлагі БКМА і "Ecoom" атрымалі ліцэнзіі на правядзенне экзіт-полаў у хадзе выбараў. Больш за тое, як падкрэсліў начальнік Упраўлення аховы правапарадку МУС Леанід Фармагей, напярэдадні выбараў супрацоўнікі міліцыі па ўсёй рэспубліцы былі папярэджаны, што афіцыйна дазволена праводзіць экзіт-полы адно прадстаўнікам гэтых арганізацый, а ўсіх астатніх, хто паспрабуе праводзіць апытанні на выхадзе з выбарчых участкаў, трэба затрымліваць. "Ніхто з "Лявада-цэнтру" ў Беларусі не затрымліваўся, "Лявада-цэнтр" на гэтых выбарах у рэспубліцы не працаваў", — заявіў Леанід Фармагей. "Правядзенне незалежных і вераемных exit polls — апытанняў выбарнікаў пасля іх галасавання — у Беларусі немагчыма". Пра гэта гаворыцца ў паведамленні для прэсы Балтыйскай службы Гелапа — "Baltijos Tyrimai / The Gallup Organization". Такое апытанне "Baltijos Tyrimai" каардынавала ў Беларусі ў 2004 г. падчас парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Генеральны дырэктар "Baltijos Tyrimai" Раса Алішаўскене паведаміла, што "структуры дзяржбяспекі Беларусі збіраюцца не дапусціць незалежнага экзіт-полу, пераследуюць тых, хто праводзіць апытанні, а таксама іх каардынатараў, распаўсюджваюць загадзя хлуслівую інфармацыю пра "Baltijos Tyrimai / The Gallup Organization" і спрабуюць стварыць атмасферу страху". c. Заканадаўчае абмежаванне грамадскай актыўнасці Калі пастанова Саўміну была наўпрост накіравана на небяспечныя для ўладаў сацыялагічныя цэнтры, дык зробленыя напярэдадні выбараў змены ў заканадаўства непасрэдна закраналі ўжо саму сутву грамадзянскай актыўнасці. Перадусім пад дзеянне пастановы №49 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2005 г., якая забараніла дзейнасць незарэгістраваных арганізацый і ініцыятыў, патрапіў НІСЭПД. Як вядома, у Беларусі ён быў зліквідаваны ў 2005 г. і затым зарэгістраваўся ў Літве. Тым не менш, на сайце Інстытуту www.iiseps.org рэгулярна з'яўляліся аналітычныя матэрыялы на аснове звестак сацыялагічных апытанняў, а інфармацыя ў прэсе падавалася ад імя групы грамадзян ці так званай "групы Манаева". Сустрэчы прафесара А.Манаева са следчымі пракуратуры сталіся рэгулярнымі. 8 чэрвеня 2006 г. яму зрабілі другое папярэджанне і прапанавалі "спыніць распаўсюджанне непраўдзівых звестак пра вынікі галасавання на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе", а таксама забаранілі "правядзенне сацыяльна-палітычных даследаванняў, якія парушаюць патрабаванні заканадаўства". Калі пракуратура палічыць, што распаўсюд непраўдзівых звестак будзе доўжыцца, А.Манаеву пагражае адказнасць паводле артыкулу 369-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Рэалізацыя падобных захадаў аказалася дастаткова эфектыўнай, каб злакалізаваць уздзеянне сацыялагічных даследаванняў на палітычны працэс. Аднак, ускосна, выявіліся й незапланаваныя эфекты. Справа ў тым, што чыноўнікі на месцах (старшыні райвыканкамаў, сельсаветаў і інш.) пачалі аўтаматычна капіяваць метады кіравання цэнтральнай улады. Гэта значыць, устаноўку на "зачыстку прасторы" ўладная вертыкаль успрыняла літаральна і татальна: учыняліся затрыманні інтэрв’юераў як недзяржаўных, так і дзяржаўных сацыялагічных службаў. Асноўным матывам тут, відаць, было жаданне выслужыцца, але не менш на гэткую сітуацыю ўплывалі ўсюдыісная падазронасць (гэта менавіта іх прыехалі правяраць) і сацыялагічная "непісьменнасць". Карацей, незалежная сацыялогія аказалася заціснутай у вузкіх рамках, якія абмежавалі і правядзенне даследаванняў, і публікацыю звестак у СМІ. 2. Асаблівасці падачы дадзеных сацыялагічных даследаванняў у СМІ: праблема рэйтынгу Тым не менш, наладжанне даследаванняў усё ж аказалася магчымым. З аднаго боку, гэтаму спрыяў назапашаны сацыялагічнымі цэнтрамі папярэдні досвед хутка адаптоўвацца да жорсткай сітуацыі, і высокая мабілізаванасць насельніцтва — як вынік праведзеных запар рэфэрэндуму і выбараў. З другога ж боку, падмагла высокая палітычная значнасць саміх выбараў і, адпаведна, увага да палітычнай кампаніі, якая сфармавала патрэбу сацыялагічных дадзеных і, як следства, вялікі попыт на іх. Але ў абставінах, калі прэзентацыя сацыялагічных звестак ажыццяўлялася праз сродкі масавай інфармацыі, гэта накладала свой адбітак як на форму (у бок іх максімальнага спрашчэння і даступнасці для шырокай аўдыторыі), так і на змест (прэзентавалася адно тая інфармацыя, што мела непасрэдны агітацыйны эфект). Што да маніпуляцыі дадзенымі сацыялагічных даследаванняў, дык дзяржаўныя і незалежныя СМІ нічым не розніліся. Найбольш выразна гэта выявілася ў праблематыцы рэйтынгу. Існуе мноства як саміх тыпаў рэйтынгу, так і зместавых ды фармальна-метадычных спосабаў фармулёвак пытанняў і, апрача таго, спосабаў матэматычнай апрацоўкі дадзеных. У апытальнай сацыялогіі пад рэйтынгам разумеецца любая паслядоўнасць аднатыпных аб’ектаў, зададзеная колькасцю або працэнтам выбараў іх рэспандэнтамі. Так, рэйтынг дазваляе параўнаць гэтыя аб’екты паводле якога-небудзь крытэру — напрыклад, рэйтынг даверу розным інстытутам, рэйтынг палітыкаў паводле вядомасці ці ўплывовасці, праекцыйна-электаральны рэйтынг ("Калі б выбары адбыліся ў наступную нядзелю, то за каго з палітыкаў вы прагаласавалі б?") і да т.п. Між тым, варта памятаць, што рэйтынгі не тоесныя і што, напрыклад, шырокая вядомасць палітыка не абавязкова вядзе да яго абрання. Менавіта на гэтай "фігуры замоўчвання" былі збудаваны публікацыі ў большасці апазіцыйных СМІ ("Беларускі партызан", "Хартыя-97", "Наша Ніва" і інш.) з дадзенымі аб рэйтынгу пазнавальнасці. Мае значэнне таксама й тып пытання. Закрытае пытанне рэспандэнтам прадугледжвае загадзя складзены спіс аб'ектаў, з якіх трэба выбраць таго, каму давяраюць, за каго збіраюцца прагаласаваць, і да т.п. У адкрытым пытанні рэспандэнт сам упісвае сваю кандыдатуру. Як правіла, рэйтынгі, атрыманыя з адказаў на закрытае пытанне, вышэйшыя, чым на адкрытае. Да таго ж, у закрытых пытаннях важную ролю адыгрывае колькасць аб’ектаў (чым яна вышэйшая, тым меншыя будуць рэйтынгі: па тэорыі імавернасці, выбар аднаго з пяці верагодны як 20%, выбар аднаго з дваццаці — ужо як 5%), а таксама аднароднасць гэтых аб’ектаў: калі ў спіс палітыкаў улучыць тэлезорку, няхай і не пазбаўленую палітычных амбіцый, то рэйтынгі астатніх палітыкаў скароцяцца. Таксама ўплывае й час апытання, які задае колькасць палітыкаў у спісе. Таму вынікі, атрыманыя да абвяшчэння выбараў, з моманту іх абвяшчэння і пасля рэгістрацыі кандыдатаў, могуць значна адрознівацца. Часам з метадычных меркаванняў прапануецца выбар не аднаго, а некалькіх рэйтынгавых варыянтаў. У гэтым выпадку выніковы працэнт будзе вышэйшым за сто і, адпаведна, больш высокімі будуць рэйтынгі. Асобна варта разгледзець парны рэйтынг. Ён важны для вызначэння электаральнай базы кандыдатаў — максімальна магчымага працэнту, які можа набраць той ці іншы кандыдат. Хаця й гэтая ацэнка таксама досыць умоўная, бо заснавана на некалькіх "калі": калі адбудзецца другі тур, калі ў яго выйдуць менавіта гэтыя кандыдаты, і да т.п. Адрозненні рэйтынгаў могуць быць вельмі заўважнымі. Так, паводле дадзеных апытання НІСЭПД за снежань 2005 г., рэйтынг Мілінкевіча, замераны адкрытым пытаннем, складаў 6,6 %, а тым жа часам на пару з Лукашэнкам узрастаў амаль утрая — да 18,1 %. Зразумела, апошнія лічбы куды больш падабаліся прыхільнікам Мілінкевіча, чым першыя, якія былі папросту ігнараваны. Такім чынам раскручвалася своеасаблівая спіраль, зладаваная паводле прынцыпу "выдаць пажаданае за сапраўднае". Да прыкладу, балтыйскі "Gallup" інфармаваў: паводле звестак "Gallup Media — Baltic Surveys", на 15 студзеня ў пары Аляксандр Лукашэнка — Аляксандр Мілінкевіч у Мінску склаўся "сацыялагічны парытэт": за кожнага з гэтых палітыкаў гатовы галасаваць па 39,4% выбарнікаў. Па краіне сітуацыя іншая: А.Лукашэнка набірае 57,3%, А.Мілінкевіч — 24,6% (у закрытым рэйтынгу). Гэтае паведамленне абмінала патрэбныя ў такім разе "агаворкі" і тым самым фармавала ілюзію рэальнасці другога туру. Аднак яшчэ большага "поспеху" ў стварэнні падобных ілюзій дасягнуў "Беларускі партызан". Цытуем: "Беларускаму партызану" сталі вядомыя вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Гелапам у канцы лістапада гэтага году. Сацапытаньне праводзілася як у "адкрытым" фармаце (рэспандэнты называлі свае прозьвішчы), так і ў "закрытым" (ананімна). Падаём вынікі апытаньня. Пытаньне: "Калі б выбары адбыліся ў найбліжэйшую нядзелю, за каго Вы прагаласавалі б?" Адкрыты фармат За Лукашэнку — 53,1 % За Мілінкевіча — 10, 9% За Лябедзьку — 2,2% За Казуліна — 1,2% За Фралова — 0,6% За Пазьняка — 0,6% Ня ведаю — 19,1% Няма адказу — 6,7% Закрыты фармат Менская вобласьць: За Лукашэнку — 37% За Мілінкевіча — 35,7 % Гарадзенская вобласьць: За Лукашэнку — 38,2% За Мілінкевіча — 34,5 % Віцебская вобласьць: За Лукашэнку — 47% За Мілінкевіча — 26% Магілёўская вобласьць: За Лукашэнку — 59% За Мілінкевіча — 11% Гомельская вобласьць: За Лукашэнку — 67% За Мілінкевіча — 10% Усяго па краіне з улікам малых гарадоў, пасёлкаў і вёсак: За Лукашэнку — 53,4% За Мілінкевіча — 20,5%” (Канец цытаты.) Па-першае, відочная некампетэнтнасць журналістаў "Беларускага партызана": масавыя сацыялагічныя апытанні не маюць на ўвазе, каб рэспандэнты называлі свае прозвішчы ("адкрытыя" ці "закрытыя" — гэта тыпы пытанняў). Па-другое, больш за палову плошчы аддадзена на віртуальныя лічбы парных рэйтынгаў, атрыманыя, да таго ж, праз апытанне толькі гарадскога насельніцтва. Інакш чым палітычнай мэтазгоднасцю гэта растлумачыць нельга. Дарэчы, у "Беларускім партызане" мелі месца й яшчэ больш непрыкрытыя маніпуляцыі: у прыватнасці, у артыкуле "Лукашэнка не павінен перамагчы ў першым туры" са спасылкай на дадзеныя апытанняў ВЦИОМ, праведзеных у сярэдзіне сакавіка, сцвярджаецца: "Зьвесткі расійскіх сацыёлагаў, якія нядаўна правялі апытаньне ў Беларусі і 16 сакавіка прадставілі яго вынікі на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, паказваюць, што Лукашэнка не павінен перамагчы ў першым туры галасаваньня. Сацыялягічнае апытаньне праводзіў ВЦИОМ, па сутнасьці, дзяржаўны расійскі сацыялягічны і дасьледчы інстытут, таму западозрыць экспэртаў гэтага інстытуту ў сымпатыях да беларускай апазыцыі нельга. Як паведаміў у чацьвер на прэс-канфэрэнцыі ў цэнтральным офісе "Інтэрфаксу" генэральны дырэктар ВЦИОМ Валер Фёдараў, згодна з апытаньнем, якое было праведзена ў Беларусі тыдзень таму, выказалі намер прагаласаваць за А.Лукашэнку 60% рэспандэнтаў, за кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча — 11%, за Аляксандра Казуліна — 5%, за Сяргея Гайдукевіча — 1%. Пры гэтым 17% пакуль ня вызначыліся з выбарам. Тым ня менш, экспэрты ВЦИОМ практычна афіцыйна заяўляюць аб тым, што сытуацыя ў Беларусі такая, што неабходна адымаць мінімум 10% галасоў, якія аддаюцца на карысьць улады. Страх прымушае беларусаў хаваць свае сапраўдныя намеры і не выказвацца супраць прэзыдэнта і палітыкі ўладаў увогуле. Як асьцярожна заўважыў выканаўчы дырэктар дасьледчага агенцтва "Эўразійскі маніторынг" Ігар Задоркін, які браў удзел у канфэрэнцыі, "на паказчык удзельнікаў апытаньня, якія заявілі, што зьбіраюцца галасаваць на маючых адбыцца выбарах за А. Лукашэнку, уплывае тая сытуацыя, якая цяпер складаецца ў Беларусі. Сёньня ў Беларусі не прынята казаць, што чалавек будзе галасаваць не за дзеючага прэзыдэнта Беларусі". Такім чынам, нават паводле дадзеных расійскіх сацыёлягаў, Лукашэнка ледзьве набірае 50% галасоў. Больш за тое, гэта дадзеныя па Беларусі ў цэлым, зь вёскамі і маленькімі гарадкамі. У Менску і абласных цэнтрах дзеючы прэзыдэнт набірае толькі недзе 30—40%. Гэта катастрофа для Лукашэнкі, улічваючы, што рэвалюцыі робяцца ў сталіцы, а ня ў вёсках". Ці не дзіўна, апытанні відочна сведчаць пра перамогу Лукашэнкі ў першым туры, а высновы "Беларускі партызан" зрабіў цалкам супрацьлеглыя. Між іншым, на афіцыйным сайце ВЦИОМ былі выкладзены ўсе вынікі двух апытанняў "Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі: чаго варта чакаць ад выбарнікаў", праведзеных 6—12 сакавіка па рэпрэзентатыўных нацыянальных выбарках.
Размеркаванне адказаў на пытанне: "За каго з кандыдатаў Вы маеце намер прагаласаваць, калі прымеце ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 сакавіка 2006 году?" (ад ліку ўсіх апытаных)
Перадусім зьвярнем увагу на абодва рэйтынгі — у першым выпадку рэйтынг Лукашэнкі складае каля 60 %, у другім — 75—77%. У першым варыянце вынік разлічваўся ад усяго аб’ёму выбаркі, у другім ён максімальна набліжаны да фармату ЦВК з папраўкамі на колькасьць рэспандэнтаў, якія збіраюцца галасаваць і адказалі на пытанне. Найбольшай метадычнай праблемай з'яўляецца вызначэнне таго, як галасавалі рэспандзенты, што прынялі ўдзел у галасаванні, але адмовіліся адказваць на пытанне. Найпрасцейшым спосабам рашэння "праблемы адсутнасьці адказаў" з'яўляецца іх ігнараванне і пераразлік вынікаў, зыходзячы з колькасці рэспандэнтаў, што далі на пытанне (якое было ў бюлетэнях для галасавання) канкрэтны адказ. Іншымі словамі, колькасць гэтых адказаў прымаецца за 100%, а далей разлічваецца нескладаная прапорцыя. Вартасцю гэтага спосабу з'яўляецца тое, што рэспандэнты, якія адмовіліся адказваць, на самой справе галасавалі, таму пераразлік тут мае рэальны сэнс. Разам з тым, трэба заўсёды ўлічваць, што ён заснаваны на значных дапушчэннях: 1) павінна быць адносна малая (3—5%) колькасць тых, хто не адказаў, што, улічваючы аб’ёмы выбарак экзіт-полаў, дае скрайне нязначную памылку. У адваротным выпадку памылка можа быць вельмі істотнай. Напрыклад, калі сярод 1000 апытаных рэспандэнтаў адказ далі толькі 10, дык экстрапаляваць гэтыя вынікі на ўсю генеральную сукупнасць (г.зн. на насельніцтва) нельга; 2) імавернасць не адказаць для кожнай электаральнай групы роўная. Іншымі словамі, усе рэспандэнты не адказваюць з прычыны, скажам, скрытнага нацыянальнага характару, але зусім не з прычыны стаўлення да дзяржаўных сацыялагічных службаў ці з сваіх палітычных поглядаў. Гэты спосаб разліку, дзякуючы яго прастаце, выкарыстоўваўся як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі службамі. У выніку рэйтынг Лукашэнкі "ў фармаце ЦВК" вар’яваўся ад 63—65% (А.Манаеў, НІСЭПД) да 75—80% для астатніх сацыялагічных службаў (ВЦИОМ, ІС НАНБ, ІСД і нават "Экаом"). А раз дадзеныя пра яўку выбарнікаў практычна супадалі, дык гэтыя адрозненні могуць быць вытлумачаны спецыфікай работы апытальнай сеткі і стаўленнем рэспандэнтаў да сацыялагічных службаў. Зусім верагодна, што апазіцыйна настроеныя рэспандэнты, адказваючы на пытанні дзяржаўных сацыялагічных службаў, былі больш схільны адмаўляцца ад адказу, а тым часам іх супраціўнікам утойваць не было чаго; з недзяржаўнымі сацыялагічнымі службамі — дакладна наадварот. Таксама нельга выключаць і фактару даступнасці рэспандэнтаў, што асабліва датычыць недзяржаўных сацыялагічных службаў: пагроза адміністрацыйнай адказнасці вольна ці міжволі схіляла інтэрв’юераў шукаць "сваіх". У выніку сацыялагічныя службы атрымалі розныя рэйтынгі кандыдатаў, разлічаныя ад рэспандэнтаў, што не ўтойвалі сваіх электаральных намераў, розны працэнт адмоў ад адказу і, што самае важнае, — розную структурную матывацыю гэтых не-адказаў. Адсюль і розніца ў лічбах: чым большы працэнт набірае той ці іншы кандыдат, тым больш ён атрымлівае на свой "рахунак" тых, хто не адказаў. Беларускія СМІ падчас выбараў функцыянавалі як своеасаблівы фільтр, публікуючы інфармацыю адпаведна з рэдакцыйнай палітыкай. У гэтай сувязі найбольшага даверу заслугоўваюць звесткі ВЦИОМ. Прынамсі, яны менш за ўсё падпадалі пад уздзеянне фактару процістаяння ўлады і апазіцыі і, адпаведна, "дзяржаўных" і "недзяржаўных" сацыялагічных службаў. Між тым, сацыялогія аказалася актуалізаванай не толькі ў кантэксце "вайны рэйтынгаў" у прасторы СМІ. Дадзеныя сацыялагічных даследаванняў выкарыстоўваліся й як складовая частка выбарчай кампаніі кандыдатаў. Зразумела, асноўнай функцыяй сацыялагічных службаў тут была агітацыйна-прапагандысцкая (не сацыялогія сведчыць, як прагаласуюць людзі, а людзі прагаласуюць, як засведчыць сацыялогія). Такім чынам, сацыялагічныя дадзеныя выкарыстоўваліся як уладай, так і апазіцыяй у якасьці "навуковай" легітымацыі іх перамогі. Улада будавала сваю кампанію па схеме "За стабільнасць", апазіцыя — цалкам супрацьлегла. Прыкладам гэтаму могуць служыць загалоўкі дзяржаўных СМІ: "Большасць беларусаў лічаць, што праз год яны будуць жыць не горш, як цяпер", "Беларусы не пакідаюць апазіцыі шанцаў на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах", "Большасць беларусаў звязваюць з прэзідэнцкімі выбарамі надзею на годнае жыццё"; апазіцыя ж спекулявала на такіх сацыялагічных форс-ідэях, як "прыхільнікі перамен" і "выбуховы рэйтынг". Пры гэтым парадаксальнасць сітуацыі была ў тым, што дадзеныя ўсіх прафэсійна праведзеных сацыялагічных даследаванняў істотна не адрозніваліся адно ад аднаго, а розніца іх прэзентацыі была абумоўлена толькі палітычнай мэтазгоднасцю. Паміж іншага, у шэрагу сацыялагічных даследаванняў, якія ладзіліся рознымі сацыялагічнымі цэнтрамі пасля рэферэндуму, фіксаваліся ўстойлівыя тэндэнцыі, якія сведчылі пра: — уцэнтраванасць сацыяльных уяўленняў на фігуры Лукашэнкі; — маргінальнае становішча апазіцыі; — пасіўнасць і песімізм дэмакратычна арыентаваных рэспандэнтаў; — дэпалітызацыя і арыентацыя на захаванне існуючага ладу. Відаць, на Беларусі выкарыстанне сацыялагічных дадзеных дзеля агітацыі яшчэ доўга будзе заставацца адзіным спосабам узаемадзеяння сацыёлагаў і палітыкаў. І калі ўлада, якая валодае значнымі ўзаемазамяняльнымі рэсурсамі, яшчэ можа сабе такое дазволіць, то для апазіцыі гэта будзе недаравальнай памылкай.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||