ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

Мікола КАЦУК. ЯК МАГЧЫМА НЕЗАЛЕЖНАЯ САЦЫЯЛОГІЯ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

План:

1. Падставы незалежнасці сацыяльнай навукі

2. Генеалогія і структура поля

3. Парушэнні аўтаноміі вытворчасці веды

4. Палітыка разрыву, ці як магчыма сацыялагічная аб’ектыўнасць

 

1. Падставы незалежнасці сацыяльнай навукі

Тэза, з якой я хацеў бы пачаць, сфармулявана П’ерам Бурдзьё. Яна палягае на тым, што сацыялогія можа быць незалежнай толькі тады, калі кіруецца выключна сацыялагічным інтарэсам. Перадусім тут маецца на ўвазе аўтаномія поля сацыялагічнай вытворчасці. Аўтаномія як магчымасць і здольнасць устанаўляць уласныя правілы для ўласнай дзейнасці.

Але гэтая тэза, падаючыся відочнай, калі нават не трывіяльнай, канцуецца парадаксальнымі высновамі. Як піша Бурдзьё, "сацыяльныя навукі мусілі заваяваць незалежнасьць ад палітыкі і палітыкаў, а дзеля гэтага належала давесці сваё права на ўласныя нормы валідызацыі і — асабліва — адстаяць права самім вызначыць кола праблем, якія павінны імі вырашацца, г.зн. праблем чыста сацыялагічных, адрозных ад "сацыяльных" ці "палітычных".

Інакш кажучы, там, дзе вырашаюцца сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і любыя іншыя праблемы, сацыялогіі як навукі няма і быць ня можа. Аднак дамінантная ўстаноўка сацыялагічнай адукацыі якраз у адваротным, а менавіта — у прадукаванні выканаўцаў, гатовых брацца за ўсялякую знадворкавую (адносна ўласна сацыялогіі) праблему. Сама структура сацыялагічнай веды будуецца педагогікай у строгай адпаведнасці з структурай дзяржаўнага апарату, дзе кожнай галіне сацыялогіі адпавядае калі не галіна народнай гаспадаркі, то, прынамсі, сваё міністэрства альбо камітэт. Была нават выдумана "спецыяльная сацыялагічная тэорыя", якая, адрозна ад прапанаваных амерыканскім сацыёлагам Р.Мэртанам "тэорый сярэдняга рангу" (напрыклад, тэорыі сацыяльнай групы), злучала не столькі тэарэтычны і эмпірычны ўзроўні даследаванняў, колькі ўстанаўляла гамалогію даследных і адміністрацыйных пазіцый.

Які сацыёлаг можа абгрунтаваць сацыяльную праграму? Толькі спэцыяліст у той сферы, адносна якой сфармавана вонкавая замова — сацыялогія працы, сацыялогія права, сацыялогія медыцыны і нават сацыялогія культуры, якая даследуе наведвальнасць бібліятэк, — знаходзіць сваіх двайнікоў у калідорах адміністрацый, упраўленняў і ведамстваў.

Прадбачачы магчымую рэакцыю на аўтарытарнасць дзяржавы і гераізм барацьбітоў за дэмакратыю, адзначу: гэта не праблема таталітарнай Беларусі, гэта праблема сацыялогіі наагул. Фізік альбо матэматык валодаюць манапольным правам на выказванні аб фізычным ці матэматычным свеце. Ніхто не здзіўляецца таму, што матэматык вырашае матэматычныя праблемы. А вось аўтаномія сацыялогіі, апроч імпліцытнага дзяржаўнага ўмяшальніцтва, парушаецца і адкрытасцю даксічным інтэрпрэтацыям.

Пад доксай тут разумеецца сама па сабе відочная, нерэфлексіўная веда аб сацыяльным свеце. Разрозненне ісціны і доксы мае гістарычны характар і вызначаецца іх ролямі ў працэсах вытворчасці/адтварэння грамадскага жыцьця. Даксічная веда дазваляе захоўваць саматоеснасць грамадства, яго status quo; падзея ісціны можа парушыць структурную раўнавагу сацыяльнай сістэмы, робячы раней немагчымыя практыкі магчымымі.

Адкрытасць веды аб грамадстве доксе праяўляецца ў тым, што для інтэрпрэтацыі сацыялагічных дадзеных не патрабуецца якой-кольвек спецыфічнай кампетэнцыі. Папросту дастаткова мінімальных ведаў у арыфметыцы, каб з вынікаў сацыялагічных даследзінаў рабіць далёкасяжныя высновы.

Да таго ж, любая сацыялагічная інфармацыя, што падаецца непасрэднаму замоўцу, публічнаму спажыўцу ці СМІ, мусіць адпавядаць іх чаканням — гэта значыць быць далёкай ад логікі навуковай вытворчасці.

Залежна ад спецыфікі палёў, што ўзаемадзейнічаюць з полем сацыялогіі, "скрыўленні" тут бываюць самымі рознымі. Але адасоблена ад сваіх "скрыўленняў" усе яны накладаюцца на ўжо  гістарычна сфармаваную структуру поля. Таму перадусім нам трэба ўявіць сацыялогію ў працэсе яе станаўлення. Пры гэтым будзем мець на ўвазе, што грунтоўнага аналізу поля сацыялагічнай навукі дагэтуль не праводзілася. Мабыць, таму, што бальшыня сацыёлагаў баіцца канфліктаў, якія непазбежна вынікнуць з усялякай спробы падобнага самаапісання.

2. Генеалогія і структура поля

Сацыялогія ў Беларусі, з якога боку яе ні ацэньвай, — спадкаемца савецкай сацыялогіі. І рэч нават не столькі ў ідэалагічным прэсінгу сучасных уладаў, колькі ў разрыве з традыцыяй апісання грамадства і залішняй залежнасці ад філасофіі. Сацыялогія наагул, пачынаючы з контаўскага "Курсу пазітыўнай філасофіі", робіцца магчымай толькі пры разрыве з устаноўкай на філасофію. У нашым выпадку гэты разрыў значна прыпазніўся (ён і дагэтуль не завершаны), доказам чаго служаць "новыя" падручнікі па сацыялогіі.

Савецкая дзяржава была ўнікальнай і ў тым сэнсе, што грунтавалася на філасофскіх канструктах. Падчас адноснай стабілізацыі сістэмы, якая прыпала на паваенныя гады, складаецца "прафесійная" дыферэнцыяцыя на "філосафаў-практыкаў", то бок партыйных лідэраў, і "філосафаў-тэарэтыкаў", то бок прадстаўнікоў акадэмічнай філасофіі, змушаных вынаходзіць усё новыя і новыя абгрунтаванні дзейнасці першых адпаведна з "віхляннем" лініі партыі (балазе марксізм-ленінізм дазваляў гэта рабіць).

Увага да сацыялогіі (другое яе нараджэнне) прыпадае на 1960-я, калі камуністычная сістэма пачынае даваць збоі. Паказальны сам накірунак прац — гэта эканамічная ці прамысловая сацыялогія, што ставіла мэтай "выяўленне ўнутраных рэзерваў", а крыху пазней выяўляла цэментавальную ролю ідэалогіі ў даследаваннях кшталту "сацыялістычны лад жыцця і яго роля ў развіцці жывёлагадоўлі".

Сацыялагічнай адукацыі тады не было. Рыхтавалі толькі філосафаў з  спецыялізацыяй у гістарычным матэрыялізме (значыць, і ў сацыялогіі). Таму ў 1970—1980 гг. сацыялагічныя дысертацыі абараняліся пад ВАКаўскім "шыфрам" "гістарычны матэрыялізм". Зразумела, у той час працаваць філосафам са спецыялізацыяй у навуковым камунізме, тэорыі пазнання ці гісторыі філасофіі было больш прэстыжна і выгодна, чым бегаць з анкетамі і асадкай, падлічваючы "хі-квадраты". Хаця, папраўдзе, варта адзначыць, што становішча сацыёлага таксама не было зусім ужо гаротным: камандзіраванага сустракалі на ўзроўні другога сакратара райкаму і выбачаліся, да прыкладу, за "Волгу" белага колеру.

Яшчэ адно пацверджанне такой сітуацыі — назвы факультэтаў, што  яскрава адлюстроўвалі ерархію дысцыплін. Прынамсі, у БДУ эвалюцыя назваў была наступная: гістарычны факультэт (філосафы са спэцыялізацыяй), філасофска-эканамічны (з'яўленне сацыёлагаў, псіхолагаў, культуролагаў), факультэт філасофіі і сацыяльных навук (адасабленне эканамістаў і замена культуралогіі на "інфармацыю і камунікацыю").

Пададзеныя ўзоры сведчаць, што сацыёлаг быў убудаваны ў больш шырокую сістэму ў якасці тэхнічнага памочніка філосафа і/альбо адміністратара.

Сітуацыя кардынальна мяняецца з перабудовай, калі скіраванасць сацыялогіі на практыку рэальнага жыцця дазваляе ёй заняць уласную нішу. Абстрактная філасофская веда, у літаральным сэнсе, раптоўна страчвае кошт. Сацыялогія ж, вызваліўшыся ад філасофіі і разам з ёй ад абстрактных схем і тэорый, пераарыентоўваецца на метады апытанняў, якія дазваляюць здабыць хуткі і рэальны вынік. Таму сацыялогія займела нават магчымасць ператварэння ў бізнэс.

Цяпер галоўным капіталам сацыёлага стала веданне замежных моў (што дазваляе чытаць у арыгінале сучасныя публікацыі і тым самым не толькі падвышаць свой статус перад калегамі, але й арыентавацца ў найноўшых сацыялагічных тэндэнцыях) і палітычная актыўнасць (што таксама спрыяе наладжванню карысных знаёмстваў з пазіцыі прафесійнага прагматызму, трымаючы "руку на пульсе часу"). Калі да гэтага дадаецца навуковая ступень, нават не адпаведная з уласна сацыялогіяй, — усё, дамінанта ў полі сацыялогіі занята.

На пасляперабудовачны перыяд прыпадае канчатковае афармленне поля сацыялагічнай вытворчасці з уласным мэханізмам адтварэння і рэкрутавання (сацыялагічная адукацыя), адносна высокай ступенню камунікацыі ўнутры гэтага поля (прафесійная супольнасць), а таксама ўнутранымі крытэрамі дыферэнцыяцыі.

Поле сучаснай беларускай сацыялогіі шматузроўневае. У ім, як і ў кожным іншым, найперш можна вылучыць пазіцыі дамінантных і падпарадкаваных. Пункцірна пазначу наступныя пазіцыі па лініі дамінавання.

1. Генерацыйная. Зразумела, што старэйшае пакаленне (у цэлым) не магло не заняць гэтых пазіцый, якія агрэгуюць не толькі сімвалічны капітал (навуковая вартасць, ступені), але й адміністрацыйны (пасады), сацыяльны (сувязі), фінансавы (той жа заробак) і г.д.

2. Гендэрная. Жанчыны-сацыёлагі па-ранейшаму пераважна застаюцца на пазіцыях выканаўцаў. Існуюць арганізацыі, дзе падначаленымі з'яўляюцца выключна жанчыны. У гэтай сувязі станаўленне "гендэрнай сацыялогіі" шмат у чым інспіравана жаданнем стварыць альтэрнатыўны ліфт прафесійнай мабільнасці.

3. Тэарэтыкі — эмпірыкі. Тэорыя ў нас дагэтуль высокая, а эмпірызм — паўзучы. У сімвалічным вымярэнні тэорыя выйграе, асабліва калі падмацоўваецца матэматычнымі мадэлямі. Быць эмпірыкам (полстэрам — вытворцам апытанняў) не прэстыжна. Таму той, хто займаецца выключна эмпірычнай сацыялогіяй, імкнецца надаць свайму занятку тэарэтычную форму.

4. ВНУ — даследчы цэнтр. Гэтая пазіцыя звязана з праблемай рэкрутавання і характарызуецца тым, ці застаюцца тут найлепшыя студэнты. Сёння праца на кафедры ўяўляецца даволі прэстыжнай.

5. Навука/адукацыя — бізнэс. Часткова перакрыжоўваецца з папярэдняй пазіцыяй, аднак тут перадусім маецца на ўвазе эканамічнае дамінаванне.

6. Рэгіянальная. У супрацьстаянні цэнтру і перыферыі найбольш істотны інфармацыйны кампанент. Але ў Беларусі, акрамя супрацьстаяння Мінску і рэгіёнаў, існуе й супрацьстаянне Мінску і Масквы, дзе Мінск, натуральна, адыгрывае падпарадкаваную ролю. Згодна з даўняй звычкай, прызнанне беларускага сацыёлага Масквой азначае ня толькі больш заўважную прафесійную легітымізацыю ў Беларусі, але й пэўныя матэрыяльныя даброты.

7. Адукацыйная. Магчымасці прафесійнай рэалізацыі вышэйшыя ў тых, хто атрымаў сацыялагічную (раней — філасофскую) адукацыю. Адпаведна, чым болей адукацыя адрозніваецца ад сацыялагічнай, тым меншая верагоднасць прызнання ў прафесійным асяроддзі. Праўда, тут магчымыя й выняткі, выкліканыя піетэтам перад строгімі навукамі, у першую чаргу — матэматыкай.

8. СМІ. Ёсць папулярныя ў СМІ сацыёлагі і зусім невядомыя.

9. Палітычная. Для Беларусі гэта мае істотнае значэнне. Па сутнасці, палітычнае размежаванне "ўлада — апазіцыя" ўнутры поля функцыянуе як размежаванне "дзяржаўнай" і "незалежнай" сацыялогіі. Працэс структуравання па палітычнай лініі апошнім часам адбываецца надзвычай інтэнсіўна. З аднаго боку, узмацняецца адміністрацыйны ціск на незалежную сацыялогію, з другога — робяцца пэўныя захады ў адказ.

У прадмове да кнігі "Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность" прафесар Алег Манаеў піша:

"Центральная идея книги состоит в том, чтобы на примере Беларуси показать и обосновать принципиальные различия, преимущества и недостатки между традиционными (т.е. осуществляемыми государственными структурами) и независимыми (т.е. осуществляемыми негосударственными структурами) социальными исследованиями в переходном обществе" (курсіў — А.М.).

Варта адзначыць, што да ўласна ўнутраных пазіцый сацыялагічнага поля адносяцца толькі тэорыя/эмпірыя, адукацыя і часткова ВНУ/даследчы цэнтр. Генерацыйная і гендэрная пазіцыі звязаны, хутчэй, з кантэкстам сацыяльнага жыцця і яго культурнымі дэтэрмінацыямі, а рэгіянальная — з соцыякультурнай і гістарычнай спэцыфікай (астатнія вызначаюцца ўзаемадзеяннем поля сацыялогіі з іншымі палямі).

Стратэгічна практыкі саміх сацыёлагаў скіраваны на павелічэнне альбо нават агрэгаванне розных тыпаў капіталаў; кожнае дзеянне агента абумоўлена памкненнямі да пераразмеркавання гэтых капіталаў, а значыць і трансфармацыі структуры поля; у канчатковым выніку барацьба вядзецца за права легітымна выступаць ад імя беларускай сацыялогіі.

3. Парушэнні аўтаноміі вытворчасці веды

Аналіз структуры поля сацыялагічнай вытворчасці дазваляе выявіць матывы, якімі кіруюцца сацыёлагі. Зразумела, што праблема не зводзіцца да пытання чысціні намераў, бо кожны сацыяльны агент, натуральна, мае свае сацыяльныя інтарэсы. А вось сацыялагічны інтарэс кожнага сацыёлага выяўляецца ў тым, каб шляхам пазнаваўчых практык і прэзентацыі іх вынікаў прафесійнай супольнасьці павысіць свой статус унутры поля. Гэта калі мы маем на ўвазе ўласна прафесійную легітымізацыю.

Аднак ёсць і іншы, не менш эфектыўны, спосаб легітымізацыі, які выкарыстоўвае зварот да рэсурсаў іншых палёў (легітымізацыі вонкі прафесійнага асяродку). У гэтым выпадку аўтаномія сацыялагічнага поля парушаецца, і тады, адпаведна, уласная логіка функцыянавання падмяняецца чужой.

Найбольшы ўплыў на сацыялогію аказвае поле палітыкі. З гэтага сацыялогія вельмі часта паўстае разменнай манетай у палітычнай барацьбе. Асабліва ярка гэта было бачна падчас рэферэндуму 2004 г. і апошніх выбараў. З гледзішча сацыялогіі, самастойнага значэння лічбы рэйтынгу не маюць, але палітычнае пытанне аб выніках галасавання гэтым разам набыло й сацыялагічны кантэкст.

У інтэрв’ю радыёстанцыі "Свабода" дырэктар "The Gallup organization / Baltic surveys" Раса Алішаўскене казала:

“Атрымліваецца, што 48% ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў Беларусі прагаласавала "за". Калі браць тых, хто галасаваў загадзя, і тых, хто галасаваў сёння, то датэрмінова ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў 13% выказаліся "за", сёння — 35%. Астатнія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі "супраць".

Зважым на апошнюю фразу: "астатія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі "супраць". Ды вынікаў рэферэндуму можна ставіцца па-рознаму, але  выснова, што "Лукашэнку не хапіла 2%", зроблена без дастатковых на тое падстаў. Гіпотэза пра страх, якой часта спекулююць, абгрунтоўваючы свае паразы, апазіцыйныя палітыкі, нікім не праверана і мае такое ж значэнне, як і гіпотэза "пра сорам" (маўляў, людзям сорамна прызнацца, што яны галасавалі "за"), альбо гіпотэза пра "прыроджаную скрытасць беларусаў" і г.д. і да т.п.

У плане сацыялагізацыі палітыкі найбольш яркай падзеяй у гэты перыяд стала з'яўленне сацыялагічнай службы "Экаом" (безумоўна, з прыхаванай падтрымкі дзяржаўных службаў). Відаць, студэнты яшчэ доўга будуць вывучаць методыку фармулявання пытанняў па ўжо "класічнай" формуле, якая сталася показкай ("Што зроблена прэзыдэнтам Беларусі за апошнія 10 гадоў": "вельмі шмат карыснага", "шмат карыснага", "нямала добрага", "мала карыснага", "нічога добрага"). Але выснова з гэтай показкі досыць сумная: сімуляцыя сацыялогіі можа быць не менш эфектыўнай, чым сама сацыялогія. Як паліттэхналагічны праект "Экаом" аказаўся надзвычай паспяховым — выдаткі, пачынаючы з фармавання самой службы і заканчваючы затратамі на апытальніцкую сетку і інтэрпрэтацыю атрыманых дадзеных, былі мінімальныя (нават адзначаны спэцыялістамі НІСЭПД рост даверу да незалежных даследнікаў і той быў выкарыстаны для пазіцыянавання "Экаому" як незалежнага аналітычнага цэнтру).

З палітычнага гледзішча, "Экаом" і незалежныя сацыёлагі — апаненты. Але з'яўленне гэтага праекту для поля сацыялогіі ёсць сімптомам ягонага знікнення.

Зрэшты, пранікненне логікі палітычнай барацьбы ў поле сацыялогіі пачалося значна раней. Яшчэ ў 1994 г. у палітычнай прасторы з'явіліся першыя электаральныя даследаванні, да якіх хутка дадаліся легітымізацыя "прагнозных паказнікаў" і агітацыя на карысць "адзіна правільнага шляху".

Выкананне гэтых функцый, сваёй чаргой, патрабавала задзейнічаць рэсурсы СМІ, і гэтак выстаўляла новыя патрабаванні да сацыялагічнай публіцыстыкі. Для таго ж, каб быць апублікаваным, сацыялагічны тэкст мусіў адпавядаць палітыцы рэдакцыі, мець як мага сенсацыйны ці, сама меней, палітычна актуальны і зразумелы шырокай чытацкай аўдыторыі характар. Як правіла, гэта прыводзіла да непазбежных страт у змесце.

Прыкладам, перад выбарамі 2004 г. зрабілася актуальным пытанне аб Народнай кааліцыі "5+". З гэтай мэтай і быў распаўсюджаны лозунг, падрыхтаваны НІСЭПД: "КЛЮЧ ДА ПОСПЕХУ "КААЛІЦЫІ 5+" — ІНФАРМАЦЫЯ".

Табліца 1. "Узаемасувязь гатовасці рэспандэнтаў галасаваць на парламенцкіх выбарах за кандыдатаў Народнай кааліцыі "5+" і інфармаванасці аб ёй (у адсотках ад колькасці апытаных)*

Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі "5+"? Ці чулі вы пра Народную кааліцыю "5+"?

 

Так (28,4)

Не (71,6)

Пэўна/хутчэй, так (21,6)

64,1

35,9

Пэўна/хутчэй, не (47,4)

21,2

78,8

ЦА/НА (31,0)*

14,5

85,5

* Чытаецца па гарызанталі. У дужках падаюцца вынікі па ўсіх апытаных. (*ЦА — Цяжка адказаць, НА — няма адказу).

Выснова: гатовасць выбарнікаў прагаласаваць на парламенцкіх выбарах 17 кастрычніка 2004 г. за кандыдатаў Народнай кааліцыі "5+" наўпрост залежыць ад узроўню інфармаванасці пра гэту кааліцыю.

Дадзеныя нацыянальнага апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) у чэрвені 2004-га. Метадам face-to-face interview было апытана 1.508 жыхароў Беларусі векам ад 18 гадоў. Межавая памылка рэпрэзентацыйнасці не перавысіла 0,03".

Выснова, зробленая з памянёных дадзеных, можа быць пастаўлена пад сумнеў — прынамсі, у дзвюх праекцыях.

Зместавай: было б наіўна чакаць ад людзей, непаінфармаваных пра выбарчы блок, высокага адсотку гатовасці галасаваць за яго. Практыка любых палітычных кампаній абавязкова ўлучае ў сябе інфармаванне і агітацыю за кандыдата ці блок. У гэтай сувязі выснова трывіальная (даўно апісаная ў падручніках) — інфармаваць трэба ў кожным разе.

Статыстычнай: панятак залежнасці выкарыстаны некарэктна. Залежнасць прадугледжвае існаванне залежнай і незалежнай пераменных, калі вымярэнне незалежнай, у адпаведнасці з пэўнай матэматычнай функцыяй,  абумоўлівае значэнне залежнай пераменнай. Гэта патрабуе ад сацыёлага выкарыстання спецыяльных статыстычных каэфіцыентаў альбо пабудовы рэгрэсійнай мадэлі, мадэлі аналізу ўсяго шляху і да т.п. У табліцах перакрыжаванага размеркавання (іначай, "дзьвюхмерках", "кростабах"), як у нашым выпадку, можна толькі зафіксаваць наяўнасць сувязі між пераменнымі. Пры гэтым вызначыць, што на што ўплывае, а таксама ацаніць уздзеянне іншых фактараў немагчыма.

Калі ж разважаць у прычынна-выніковым плане: раз інфармаванасць папярэднічае галасаванню, дык табліцу трэба чытаць па вертыкалі. Ведаючы аб’ём выбаркі і працэнтныя размеркаванні, уявіць яе ў такім выглядзе нескладана:

Табліца 2*. Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі "5+"? Ці чулі вы аб Народнай кааліцыі "5+"?

 

Так (28,4)

Не (71,6)

Пэўна/хутчэй, так (21,6)

48,8

10,9

Пэўна/хутчэй, не (47,4)

35,3

52,1

ЦА/НА (31,0)

15,9

37,0

 

100

100

* Чытаецца па вертыкалі.

Як відаць з табліцы, 48,8% паінфармаваных пра кааліцыю схільны прагаласаваць за яе, а 35,3% — не схільны. Параўнальна з папярэдняй, гэтая табліца менш эфектная. Але сацыялагічна больш змястоўная, бо адкрывае магчымасць для пошуку такога паказніка альбо іх сукупнасці, якія сапраўды вызначаюць гатовасць галасаваць за блок. Пры гэтым інфармаванасць трэба разумець усяго толькі як неабходную, але недастатковую ўмову галасавання.

Натуральна, такая інфармацыя не спрыяла б "поспеху кааліцыі". Але — паўторымся — сацыялагічны змест быў вылегчаны пад ўплывам палёў палітыкі і СМІ.

Да гэтага варта дадаць яшчэ адзін немалаважны фактар, а менавіта — ўздзеянне эканамічнага поля. Раз сацыялагічныя даследаванні каштуюць дорага, "эканоміка" так ці інакш уплывае і на пастаноўку праблем, і на тэхналогію працы сацыёлага. У выпадку бюджэтнага фінансавання сацыялогія вырачана на доўгае абгрунтаванне тэм, пастаянныя перабоі з фінансаваннем, даследаванні — працягласці месяцы і нават гады і вынікі, атрыманыя толькі дзеля справаздачы. Рынкавыя адносіны стваралі сітуацыю канкурэнтнай барацьбы сацыялагічных службаў, ператварыўшы іх у прадпрыемствы вытворчасці апытанняў і аказання сацыялагічных паслуг. Таму ва ўмовах рынку выжываюць адно службы, здольныя звесці вытворчыя выдаткі да мінімуму. А гэта прыводзіць да залішняй тэхналагізацыі працы, арыентацыю на аператыўныя даследаванні і выкарыстанне ў аналізе атрыманых звестак найбольш простых і павярхоўных метадаў.

Рынак падобных сацыялагічных даследаванняў фармуецца альбо палітыкамі падчас палітычных кампаній, альбо бізнэсоўцамі, зацікаўленымі ў пошуку спажыўца. Супольным месцам электаральных і маркетынгавых даследаванняў стала інфармацыя пра патрэбы электарату/спажыўца (прынцыповай розніцы між даследаваннем іміджу палітыка і папулярнасці брэнду няма).

Адносіны эканамічнага поля — замоўца і падрадчык — маюць свой эквівалент і ў адміністрацыйным полі, ператвараючыся тут у адносіны начальнік—падначалены. Уплыў замоўцы, г.зн. кіраванне навукай, зарганізоўваецца з многіх месцаў, галоўным з якіх ёсць ВАК. Новая палітыка ВАК, пацверджаная Ўказам прэзідэнта ад 17.11.2004, арыентавана на тое, каб зрабіць навуку і навукоўцаў кіраванымі. Асабліва гэта адносіцца да сацыялогіі — як навукі, прыдатнай для выкарыстання ў палітычных мэтах.

У 2003 г. у Мінску выйшлі адразу дзве энцыклапедыі па сацыялогіі, а трохі раней была надрукавана цэлая серыя філасофскіх слоўнікаў у рамках праекту А. Грыцанава "Гуманітарная энцыклапедыя". Аб’ём тэкстаў, прыдатных для выкарыстання ў дысертацыях, рэзка ўзрос. Сітуацыя магла б стаць некіраванай, калі б не новыя правілы, паводле якіх:

“Спаборнік навуковай ступені кандыдата навук павінен мець ня менш за тры навуковыя артыкулы, надрукаваныя ў навуковых выданнях, улучаных у пералік выданняў, альбо ў замежных навуковых выданнях.

Спаборнік навуковай ступені доктара навук павінен мець публікацыі ў навуковых выданнях, улучаных у пералік выданняў, і ў замежных навуковых выданнях: па гуманітарных навуках — не менш за 15 артыкулаў і асабіста напісаную манаграфію.

Кандыдат навук можа быць прызначаны навуковым кіраўніком, калі ён мае стаж навуковай альбо навукова-педагагічнай працы пасля абароны дысертацыі не менш за 3 гады і надрукаваў за апошнія 3 гады не менш за 6 прац у навуковых выданнях, улучаных у пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусі для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, які зацвярджаецца ВАК (далей — пералік выданняў), альбо ў замежных навуковых выданнях”.

У Беларусі існуе ўсяго толькі адзін сацыялагічны часопіс, улучаны ў пералік навуковых выданняў, галоўны рэдактар якога — намеснік старшыні ВАК. Фактычна, абарона па сацыялогіі становіцца немагчымай, калі, вядома, не друкавацца ў часопісах па "сумежных" галінах — такіх, як "Хлебопек" альбо "Трение и износ".

З іншага боку, было б памылкай уяўляць сацыялогію ў адміністрацыйным полі як толькі закладніцу бюракратычнай сваволі. Сацыялогія ўбудавана ў яго як механізм зваротнай сувязі. Да прыкладу, і ў дзяржаўных і ў недзяржаўных ВНУ стала звыклай практыкай апытваць студэнтаў наконт іх ацэнак выкладчыкаў і праслуханых курсаў. Усё гэта робіцца з мэтай павысіць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. Але насамрэч такія апытанні толькі пераразмяркоўваюць адказнасць і сімулююць студэнцкае самакіраванне. Задамо пытанне: якой павінна быць кампетэнцыя таго, хто адказвае, каб ён мог адэкватна ацаніць прачытаны курс? Відаць, ён павінен мець глыбокія веды як у змесце курсу, так і ў методыцы выкладання, педагогіцы і г.д. Але студэнт таму й студэнт, што ў яго няма гэтых ведаў, ён яшчэ толькі вучыцца, то бок атрымлівае адукацыю. Таму гэтыя ацэнкі абумоўліваюцца эмацыйным успрыманнем выкладчыка на ўзроўні падабаецца/не падабаецца, добры/злы, справядлівы (ставіць "выдатна")/ несправядлівы (ставіць "нездаваляльна").

У шырэйшым сэнсе інфармацыя аб настроях грамадства патрэбна чыноўніку толькі для карэгавання рэалізацыі ўжо прынятага адміністрацыйнага рашэння. У 2000 г. расейскі фонд "Общественное мнение" праводзіў апытанне экспертаў, якія працуюць з грамадскай думкай. Паводле ягоных вынікаў выявілася, што "грамадзкая думка прадстаўлена не інтэлектуальнымі канструктамі, а сігналамі, што сведчаць пра стан грамадства (групы насельніцтва), пераважна — аб неспрыяльным стане". Гэта ўсяго толькі "свісток трывогі": калі ён дастаткова гучны, дык на яго зважаць. І такое падштурхне ўладу да нейкіх крокаў дзеля ліквідацыі трывогі. Але што рабіць з паўсталай праблемай, вырашае толькі ўлада: у "свістку" гэтыя сэнсы не закладзены. Прынамсі, так мяркуюць рэспандэнты. У Беларусі такая мадэль выкарыстання грамадсай думкі была ў дакладнасці зрэалізавана ў сітуацыі з тэлеканалам "Культура". Пасля спынення яго трансляцыі і негатыўнай на гэта рэакцыі, пра што прасігналілі сацыёлагі, рашэнне ўладаў было адкарэктавана.

4. Палітыка разрыву, ці як магчыма сацыялагічная аб’ектыўнасць

Такім чынам, выказванне сацыёлага абумоўлена як ягонай пазіцыяй унутры поля сацыялогіі, так і суадносінамі сіл між сацыялогіяй і іншымі палямі — палітычным, эканамічным, адміністрацыйным і полем СМІ. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ й тым, што любыя сацыяльныя агенты (натуральна, і самі сацыёлагі) успрымаюць дадзенасць сацыяльнай рэальнасці як відочную і самую па сабе зразумелую.

Спрабуючы тлумачыць паводзіны людскіх мас сацыяльнымі прычынамі, большасць сацыёлагаў лічыць сябе незалежнымі ад сацыяльнай рэчаіснасці. Але ў выпадку з сацыялогіяй яе аб’ектыўнасць знаходзіцца не звонку, што прадугледжвае "адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэальнасці, існуючай… дадзенай нам… якая фатаграфуецца… і г.д.", а ўнутры поля сацыялагічнай вытворчасці.

Навука сапраўды аб’ектывуе. Таму сацыялогія мусіць пачынацца з неабходнасці "аб’ектываваць суб’ект, які аб’ектывуе". Прынцып сацыялогіі, які грунтуецца на сутыкненні сацыяльнай рэальнасці і пазнаваўчага інтарэсу сацыёлага, — гэта перадусім прынцып рэфлексіі.

Але што значыць займаць рэфлексіўную пазыцыю?

Па-першае, гэта прадугледжвае разрыў з доксай. Яшчэ Дуркгайм адзначаў:

"Разглядаць факты пэўнага парадку як рэчы — не азначае залічваць іх у тую ці іншую катэгорыю рэальнасці; гэта азначае займаць адносна іх пэўную мысленчую пазіцыю. Інакш кажучы, падступацца да іх вывучэння, зыходзячы з прынцыпу, што мы нічога не ведаем аб тым, што яны з сябе ўяўляюць, а іх характэрныя ўласцівасці, як і невядомыя прычыны, ад якіх яны залежаць, не могуць быць выяўлены нават самай уважлівай інтраспекцыяй".

Па-другое, гэта азначае перабыванне ў полі сацыялагічнай вытворчасці і разуменне сваіх практык як накіраваных на яго змяненне (перадусім маюцца на ўвазе практыкі, якія ўдзельнічаюць у сімвалічнай барацьбе за пераразмеркаванне капіталаў і права легітымна гаварыць ад імя сацыялогіі). Тут важна ведаць, як любіў казаць Георгі Шчадравіцкі, "супраць каго вы ваюеце".

Перш чым пачынаць даследаванне, сацыёлаг павінен выявіць сацыяльную абумоўленасць уласных практычных схем — свайго абагуленага досведу як сацыяльнага агента, з пэўнай пазіцыяй, капіталам і практыкай. А затым адрэфлексаваць сваю інстытуцыю, школу, нацыянальную спэцыфіку і, нарэшце, дысцыпліну наагул.

Па-трэцяе, гэта патрабуе асэнсавання праблематыкі даследаванняў як навязанай і адначасна фармулявання ўласнай сацыялагічнай задачы ў развязанні сацыяльных праблем. Дарэчы, сацыяльныя праблемы зазвычай закранаюць і многія сацыяльныя групы, якія непасрэдна ў праблемнай сытуацыі не ўдзельнічаюць. Напрыклад, праблема наркаманіі звязана з павышэннем падаткавага цяжару, ростам злачыннасці, магчымасцю эпідэмій і г.д. Да таго ж, часта здараецца, што сацыялагічныя даследаванні маюць штучны характар. Напрыклад, даследаванні студэнцтва пераважна абумоўлены бліжынёй аб’екту вывучэння адносна сацыёлага-выкладчыка.

Пасля вызначэння ўсіх сацыяльных груп, якіх тычыцца акрэсленая праблема, варта выявіць "інтарэс" кожнай з іх. Затым усвядоміць рэальныя магчымасці легітымна выказваць сваю ўласную патрэбу. Потым вылічыць аб’ём рэсурсаў, якія могуць быць выдаткаваны на рэалізацыю праекту. У выніку выявіцца пэўная колькасць груп, што стасуюцца з праблемай, улучна з самімі сацыёлагамі і замоўцамі даследавання. Прасцей кажучы, трэба адказаць на пытанні: у чым палягае інтарэс грантадаўца? хто атрымлівае доступ да грантаў? якім крытэрам мусіць адпавядаць персона, якая хоча зрэалізаваць праект? якім у выніку мусіць быць інтэлектуальны прадукт.

Па-чацвёртае, трэба дакладна сфармуляваць патрабаванні да тэксту. У тэксце (тэорыя, вынікі даследаванняў) перадусім  маюць быць апісаны ўмовы асабовай магчымасці. Калі пастулюецца, што людзі хлусяць, то хто канкрэтна маецца на ўвазе? Калі даследаванне паказвае, нібыта людзі лічаць, што не могуць свабодна выказваць свае думкі, дык якім чынам атрыманы гэтыя вынікі?

Мяркую, што выказаныя вышэй патрабаванні назавуць максімалісцкімі, бо яны аніяк не ўпісваюцца ў цяперашнюю практыку апытанняў грамадскай думкі. У свой час артыкул Бурдзьё "Грамадскай думкі не існуе" нарабіў багата шуму, але для сацыялогіі ў Беларусі ён па-ранейшаму актуальны. Больш за тое, часам мне падаецца, што ён быццам і пісаўся адмыслова для Беларусі.

Пазіцыя Бурдзьё палягае ў наступным:

"Так, кожнае апытанне прадугледжвае, што ўсе людзі могуць мець меркаванне альбо, іншымі словамі, што вытворчасць меркаванняў даступная ўсім. Гэты першы пастулат я аспрэчу, рызыкуючы зачапіць нечыя наіўна дэмакратычныя пачуцці. Другі пастулат палягае на тым, што ўсе меркаванні маюць значэнне. Я лічу магчымым давесці, што гэта зусім не так, і што факт падсумавання меркаванняў, якія маюць далёка не адну і тую самую рэальную сілу, вядзе да вытворчасці пазбаўленых сэнсу артэфактаў. Трэці пастулат праяўляецца латэнтна: той просты факт, што ўсім задаецца адно і тое самае пытанне, абапіраецца на гіпотэзу пра існаванне кансэнсусу адносна пэўнай праблематыкі,г.зн. згоды, што пытанні заслугоўваюць таго, каб быць зададзенымі".

Гэтыя выказванні не азначаюць, што не трэба праводзіць эмпірычных даследаванняў. Яны толькі прыцягваюць нашу ўвагу да праблемы інтэрпрэтацыі атрыманых дадзеных. У тым выглядзе, у якім функцыянуе грамадзкая думка, яна "...найчысцейшы артэфакт. Яго прызначэнне — хаваць тое, што стан грамадскай думкі ў гэты момант ёсць сістэмай сіл, напружанняў, і што няма нічога больш неадэкватнага, чым ацэньваць стан грамадскай думкі праз працэнтныя адносіны".

На мой погляд, сёння ў Беларусі бальшыня інтэрпрэтацый сацыялагічных дадзеных скіравана на агітацыю і павышэнне маральнага духу. І гэта не надта добра. Калі скарыстацца вайсковай метафарай, то для военачальніка маральны дух войскаў, безумоўна, важны, але яшчэ больш істотная інфармацыя пра рэальную дыспазыцыю на полі бою.

Літаратура

1. Бурдье П. Политический монополизм и символические революции // Бурдье П. Социология политики. — Москва, 1993.

2. Гл., у прыватнасці, артыкул прафэсара Ю.Хадыкі "Социология в несвободном обществе", дзе, апроч усяго іншага, абгрунтоўваецца, што "не вызывает доверия вывод о непопулярности оппозиции. Те 30—35% поддержки, которые в сумме собирают оппозиционные партии, — их твердый электорат, если они сохранят единство". Па-першае, незразумела, адкуль узяліся гэтыя 30—35%, раз рэйтынгі апазіцыйных партый ужо даўно знаходзяцца ў раёне памылкі выбаркі, а па-другое, працэдура складання не мае аніякага сэнсу (яна толькі натуралізуе і гамагенізуе панятак апазіцыі). Хаця б таму, што цвёрды прыхільнік БНФ ніколі не прагаласуе за кандыдата-камуніста. Скажу яшчэ прасцей: дзве кілі бульбы і тры кілі яблык не роўныя з пяццю кілямі "яблыкабульбы".

3. У гэтай сувязі вельмі прадуктыўная ідэя "культурных катастроф". Гл.: Мацкевич В. Особенности национальных отношений на фоне культурных катастроф.

4. "Независимые исследования в независимой Беларуси: в борьбе за реальность".— Новосибирск, 2004.

5. Казакевіч А. Сацыялягічныя дасьледаваньні ў палітычнай кампаніі 2004 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму. — Менск, 2005.

6. Положение о присуждении ученых степеней и присвоении ученых званий в Республике Беларусь.

7. Гл.: Любарский Г.Ю. Общественное мнение: зеленый свисток.

8. Бурдье П. Объективировать объективирующего субъекта // Бурдье П. Начала. Choses dites. — Mосква, 1994.

9. Дюркгейм Э. Социология. Ее предмет, метод, предназначение. — Москва, 1995.

10. Бурдье П. Общественное мнение не существует // Бурдье П. Социология политики. — Москва, 1993.

 

 

 
Лекцыя 1

 


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY