|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
КАЦЯРЫНА ІГНАТОВІЧ. СУЧАСНЫ ПСІХААНАЛІЗ |
|
Лекцыя 3 |
СІМВАЛІЧНАЕ ЯК ПАДСТАВА ІСНАВАННЯ СОЦЫЎМА
План: 1. Адрозненне і паўтор як фармальныя крытэры пераходу ў поле Сімвалічнага 2. Мова як Закон; Другі з вялікай літары 3. Узаемасувязь трох парадкаў: Уяўнага, Сімвалічнага і Рэальнага 4. Суадносіны Ўяўнага і Сімвалічнага 5. Аб'ект “а” як вымярэнне Рэальнага 6. Погляд Другога (аб'екта) у культуры
1. Адрозненне і паўтор як фармальныя крытэры пераходу ў поле Сімвалічнага Мінулым разам мы казалі аб тых паталогіях ды тупіках, што ўзнікаюць у полі Ўяўнага, бо тут суб'екты (Эга і Альтер-Эга) яшчэ не маюць магчымасці дамовіцца паміж сабой. У лаканаўскіх тэрмінах — з-за адсутнасці сімвалічных стасункаў (жаданне яшчэ не можа быць вымаўлена). І толькі словы паводле ўласцівай ім здольнасці перагукацца і ствараць рытмічны паўтор, даюць магчымасць фармалізаваць хаатычныя імпульсы жадання. (Мова — гэта найбольш дасканалая сістэма адрозненняў, якая дазваляе чалавеку фармаваць свет адпаведна сваім жаданням). Сімвалічнае (другі базавы панятак постфрэйдыстскай антрапалогіі) — гэта той механізм, які стварае магчымасць адсарбацыі вобразаў. Яно — дынамічны складнік псіхікі (у адрозненне ад статычнага Ўяўнага). У стыхіі мовы суб'ект набывае другую — сімвалічную ідэнтыфікацыю. (Face-control, pas-control). Уваход у стыхію Сімвалічнага пачынаецца з дзіцячай гульні Fort-Da, якую Фрэйд апісвае ў сваёй кнізе "Па той бок прынцыпу задавальнення". Дзіця кідае клубок з словамі: знікні! А потым цягне яго да сябе і задаволена кажа: будзь тут! Гэткім чынам яно сімвалізуе адсутнасць і вяртанне маці і тым самым спраўляецца з няўтульнай для яго сітуацыяй. Лакан бачыць тут сам момант нараджэння мовы, авалодванне першай апазіцыяй, фармальным паўторам, досведам адрозненняў, але ўжо не праз уласнае цела, а праз сімвал. Сімвал, у адпаведнасці з прынцыпамі структурнай тэорыі, гэта знак, галоўная якасць якога — быць непадобным на другіх, вызначацца толькі сваім месцам у структуры (быць тым, чым не ёсць іншыя, і ідэнтыфікавацца ў залежнасці ад таго, што ўяўляюць сабой астатнія элементы сістэмы). 2. Мова як Закон; Другі з вялікай літары Мова — гэта не толькі сродак камунікацыі, сродак паразумення з сусветам, гэта таксама і той элемент, які ператварае нас у “сацыяльных жывёл”. Мова — гэта tertium comparationis, пасярэднік паміж двума індывідамі. Яна задавальняе патрэбу чалавека ў сацыяльным існаванні. Мова — гэта Іншы, Другі з вялікай літары (А). (У адрозненне ад другога (а) у прасторы Ўяўнага). Мова — гэта тая інстанцыя, ідэнтыфікавацца з якой немагчыма, бо гэта хутчэй пэўнае месца, чым вобраз. Успомнім, як адбываецца псіхааналітычны сеанс. Аналітык змяшчаецца па-за пацыентам, каб той яго не бачыў, ён візуальна адсутнічае і тым самым здымае магчымасць трансфера (пераносу комплексаў пацыента на аналітыка). Праз гэты прыём пацыент застаецца сам-насам з мовай (а не вобразамі). Аналітык, у атапічным невізуальным полі, імкнецца стацца такім Другім для пацыента, які не меў бы нейкага вобраза, але пры гэтым структураваў бы дыскурс; г.зн. аналітык павінен засвоіць ролю таго, хто дае мову. Дарэчы, з чаго пачынаецца мова? Як ні дзіўна — з забароны. Загад не рабіць таго ці іншага паўтараецца ўвесь час. І хаця гэты паўтор чыста фармальны, але ён спакваля (у паўзах паміж азначальнікамі) фармуе разуменне свету. Удакладнім, забарона не як негатыўнасць (словы “не”, “нельга"), а як бясконцы паўтор праз які фармуюцца адрозненні ў прасторы сімвалічнага. У прыродзе мы нідзе не знойдзем негатыўнасці, дарэчы, як і пазітыўнасці (апошняе — гэта толькі іншы член апазіцыі, якім вызначаецца паняцце аб тым, што дрэнна). Вось гэтая негатыўнасць, альбо першыя адрозненні, што праектуецца ў нейкі цэласны вобраз і пачынаюць прадукаваць значэнні. Першай і галоўнай інстанцыяй тут з'яўляецца "Імя Бацькі", альбо ўсе тое, што паўстае ў культуры паміж суб'ектам і аб'ектамі яго жадання (што перш за ўсё “забараняе” маці, інакш: непісаныя законы, нормы, звычаі). Менавіта тут, паміж Fort und Da мы і назіраем нараджэнне суб'екта. Сутнасць гэтага працэсу заключаецца ў тым, каб проста рухацца наперад па ланцужку субстытуцыяў (заменаў), перабіраючы адзін вобраз за другім, адно слова за іншым. Правілы, якімі народжаны суб'ект карыстаецца, усеагульныя, перш за ўсе, гэта тыя правілы, якімі карыстаецца Бацька (Культура). Калі чалавек праходзіць сімвалічную ідэнтыфікацыю, ён атрымлівае свой галоўны інструмент (мову), які можна было б параўнаць з нажніцамі. Гэтымі сімвалічнымі нажніцамі ён кроіць рэальнасць па ўніверсальных правілах, аднак як і ў кожнага шаўца ў яго атрымліваецца свой апрычоны фасон. Аднак мова (альбо культура, альбо традыцыя) гэта не проста нейкая ступень у фармаванні чалавека, да якой ён дабіраецца ў належны час (ідэнтыфікацыя). Мова — гэта нешта прад-вызначанае, у яе стыхіі чалавек апынаецца яшчэ да свайго нараджэння (згадаем хаця б выбар імя, якое адразу ўводзіць немаўля ў сістэму сацыяльных адносінаў: этымалагічныя канатацыі (Пульхерыя), нацыянальныя — (Абрам), лакальныя — (Васілёк, Юзік). Да таго ж словы нясуць на сябе адбіткі самых розных значэнняў, паралінгвістычных сувязяў і г.д., таму мы заўсёды кажам больш, чым меліся сказаць. Між іншым, падсвядомае не з'яўляецца мовай, хаця яно і структураванае як мова. (Мы можам здагадацца, якія думкі выклічуць тыя ці іншыя вобразы, аднак логіка сну перавышае магчымасці нашага розуму). Сімвалічнае — гэта больш чым мова, гэта парадак сацыяльных сувязей у грамадстве (нешта падобнае на Супер-Эга Фрейда, толькі больш структураванае). Лепей за ўсе Сімвалічнае бачна ў архаічных грамадствах (Леві-Строс), дзе кожны ведаў сваё месца, якое было замацаванае традыцыяй. Аднак там акрамя статычнага вымярэння існавала і дынамічнае: парадак абменаў — дарамі (рэчамі, святамі, жанчынамі). Дарэчы, абмен і з'яўляўся адным са спосабаў, і найбольш дзейсных, каб захаваць гамеастаз (цэласнасць) — калі з аднаго роду жанчыну аддавалі ў іншы, дык у першым абавязкова павінна была з'явіцца яе заступніца. Карацей кажучы, сімвалічную ідэнтыфікацыю можна было б параўнаць з ініцыяцыяй у архаічных традыцыях, калі грамадства вызначала месца, ролю, а перадусім імя таго, хто рабіўся яго новым членам. 3. Узаемасувязь трох парадкаў: Уяўнага, Сімвалічнага і Рэальнага Лакан уводзіць ва ўжытак канцэпты Рэальнага, Уяўнага і Сімвалічнага на месца знакамітай Фрэйдавай “трыяды” (Свядомае (Я), Падсвядомае (Яно) і Надсвядомае (Супер-Я)), аднак у Лакана гэтыя канцэпты разгортваюцца з вузкага індывідуальна-псіхалагічнага кола на ўвесь свет культуры, створаны чалавекам. Каб больш выразна патлумачыць сэнс гэтых лаканаўскіх канцэптаў, звернемся да якой-кольвек просценькай метафара, скажам, да “аблокаў”. Быць у Рэальным — гэта значыць, не адчуваць ніякай розніцы паміж сабой і аблокамі, уласным целам і “целам” аблокаў. Быць ва Ўяўным — гэта атаясаміць аблокі з сабою і паляцець разам з імі ў далечыню. Быць у Сімвалічным — гэта заўважыць у канфігурацыі аблокаў кацяня, цмока або свайго дэкана — у залежнасці ад жаданняў падсвядомага. Вельмі добры прыклад у гэтым сэнсе нам дае стужка "Матрыца", якая нібы створана дзеля таго, каб праілюстраваць лаканаўскую тэорыю. Перадусім у фільме мы сутыкаемся з Уяўным, тым светам вобразаў, які прымаем за сапраўдную рэальнасць і дзе жыве галоўны герой да той пары, пакуль не здараецца прарыў Рэальнага, і ён не пачынае разумець, што адбываецца насамрэч. Адзін з найбольш цікавых момантаў, калі Морфеус, дэманструючы руіны, што засталіся ад былой цывілізацыі Зямлі, кажа Нео: “Запрашаю ў пустэчу Рэальнага”. Але мала хто мае жаданне застацца ў гэтым Рэальным. Ну і не цяжка здагадацца, што тут Сімвалічнае — зялёныя радкі лічбаў, што стаяць за фантазмамі-сімуляцыямі. 4. Суадносіны Ўяўнага і Сімвалічнага Аднак на самой справе ўзаемаадносіны Ўяўнага і Сімвалічнага больш складаныя. У полі Сімвалічнага ідэнтыфікацыйная матрыца суб'екта дабудоўваецца да сваёй завершанай формы. Але каб зідэнтыфікаваць сябе з гэтым (ужо Другім), трэба адмовіцца ад папярэдняй жорсткай ідэнтыфікацыі з канкрэтным вобразам — што вядзе да паталагічнай стагнацыі псіхікі, агрэсіўнасці і самадэструкцыі. Сімвалічная ідэнтыфікацыя — гэта сам працэс прыстасоўвання да пэўных імага і адмаўлення ад іх, гэта логіка і парадак выбару ўяўных ідэнтыфікацый, ідэнтыфікацыйная дынаміка, што задаецца сукупнасцю “ўсяго сказанага” аб індывідзе ў поле яго моўных стасункаў з іншымі. Сімвалічны суб'ект (суб'ект завершаны) гэта не “маналітнае” эгацэнтрычнае ядро, але “цыбуліна”, што складаецца з мноства лушпінак былых уяўных ідэнтыфікацый з пэўнай канстытутыўнай пусткай паміж імі і ў “цэнтры” самога Я. Гэтыя прамежкі гарантуюць дынаміку ідэнтыфікацый, якая пэўным чынам звязана з тым, што прасоўвае наперад гэту дынаміку, з аб'ектам жадання, як такім — “Я хачу гэта! Я хачу быць такім!” Аднак аб'ект, што рэпрэзентуецца ўва мностве эмпірычных жаданняў, “частковых аб'ектах”, парадаксальным чынам аказваецца недасягальным (аб'ект малога “а”). Ён прысутнічае ў якасці самога недахопу (недахопу Рэальнага — паўтарэння першапачатковай траўмы), менавіта таго, што робіць аб'екты непоўнымі, “дзірчатымі”. Аб'ект “а” ва ўлонні Сімвалічнага робіць аб'ектам сам недахоп, гэта значыць няспынны пераход ад аднаго аб'екта жадання да іншага. І вось вынік нашых папярэдніх разваг: жаданне (desire) не мае аб'екта (у адрозненне ад патрэбы Рэальнага (need) і запросу (demand) ва Ўяўным) — і таму яно заўсёды застаецца неўтаймаваным. Жаданне — гэта толькі форма, што адліваецца па мадэлі мовы, і як такое, яно з'яўляецца феноменам падсвядомага. Адсюль мы маем знакамітую лаканаўскую тэзу: “Падсвядомае структуруецца як мова”. Сімвал — гэта навакольны свет, убачаны намі праз прызму жаданняў. Тут можна ўзгадаць гіпотэзу лінгвістычнай рэлятыўнасці Сэпіра-Ўорфа (кожная культура праз мову малюе сваю карціну свету), а таксама завадатара “лінгвістычнага павароту” Ф.Ніцшэ, які казаў, што так званыя адвечныя катэгорыі метафізікі (быццё, субстанцыя, суб'ект) не больш, чым наша граматычная звычка прышпільваць суб'екта да нейкага дзеяння (апазіцыя Cogito ergo sum). Між тым, як сутнасць суб'екта палягае адно ў тым, каб папросту імкнуцца наперад па ланцугу субстытуцый, перабіраючы адзін вобраз за іншым, адно слова за другім. Толькі вось у пагоні за тым, чаго няма, у бясконцым паўторы таго ж самага, чалавек страчваецца, знашваецца, паціху знікае, неўпрыкмет сам ад сябе і імкнецца да сваёй смерці, бо толькі там ён і здолее знайсці пакой. А значыць Сімвалічнае — гэта не толькі субстанцыя сацыяльнага існавання, але і нешта больш глыбокае — наша анталагічная глеба (як казаў М.Гайдэгер: “Быццё тут ёсць быццём да смерці”). 5. Аб'ект “а” як вымярэнне Рэальнага А далей паспрабуем зафіксаваць адрозненне паміж Рэальным і рэальным (рэальнасцю). Згодна Лакану, рэальнасць, гэта не набор нейкіх эмпірычных прадметаў і з'яваў, не тое, што проста “існуе”, а тое, што існуе менавіта “вакол нас”, што мы можам увесці ва ўжытак і скарыстаць пэўным чынам — што складае асэнсаваную частку нашага ўніверсуму. Нашая рэальнасць — гэта сканструяванае дыскурсіўнае поле, якое можа быць названа і зразумела ў асадах пэўнага культурнага кода. (Нам нават цяжка ўбачыць тое, чаму няма ніякай назвы. Гэта сведчыць аб тым, што і зрок падпадае пад уздзеянне пэўных культурных практык). Імя рэчы — адзіны спосаб унаявіць гэтую рэч для суб'екта. Такім чынам, рэальнасць для нас — гэта перш за ўсё рэальнасць сімвалізаваная. А тое, што не паддаецца сімвалізацыі, супраціўляецца ёй, вызначаецца Лаканам як Рэальнае (тое, што не можа быць выказана). Л.Вітгенштайн у сваім знакамітым “Логіка-філасофскім трактаце” пісаў, што ўвесь сусвет складаецца з пэўных фактаў, якія звязаныя ў моўныя карціны рэальнасці. Аднак мова не ўсё можа ахапіць, і Вітгенштайн, напрыканцы сваёй працы піша: “Аб чым нельга сказаць, аб тым трэба маўчаць”. Лакан назваў гэтае “невымоўнае” вымярэнне Рэальным з вялікай літары, бо гэта іншая рэальнасць, нічым неапасродкаваная, адкуль сыходзяць моцныя імпульсы жадання (дарэчы, тут ён паўтарае Фрэйда, які першым выказаўся аб псіхічнай рэальнасці падсвядомага). А цяпер вернемся зноў да Сімвалічнага: Сімвалічнае — гэта перадвызначаны парадак культуры, у які мы запісаны яшчэ да нараджэння (імёны), гэта контур навакольнага свету, адкуль да нас прыходзяць усе неабходныя веды; Сімвалічнае — гэта нашая мова, якая заўсёды кажа больш, чым мы меліся сказаць (мноства асацыяцый, слядоў выкарыстання, семантычных сувязей, і г.д.); Сімвалічнае — гэта не проста словы, а сетка аперацый, што задае структуру як мовы так і падсвядомага (сфера знешнепрыроднай камбінаторыкі; сіметрыя, інверсія, трансфармацыі + аперацыі згушчэння, перамяшчэння, — той кантэкст, дзе нараджаецца сэнс). Сімвалічнае — гэта законы і правілы абмену і эквіваленцый, што структуруюць усю нашу дзейнасць. Сусвет — гэта суцэльны тэкст! Так гучыць гэтая тэза ў спрошчанай постмадэрністскай трактоўцы, адкуль няцяжка прыйсці да высновы, што ўсё, у прынцыпе, раўназначна — няма розніцы, дзе верх, дзе ніз, дзе дабро, дзе ліха, а ўсялякі сэнс ствараецца адно фармальным рытмічным паўторам. Аднак сам Лакан, калі і акцэнтуе Рэальнае, то скіроўвае сваю ўвагу зусім у іншы бок. Не, ён не кажа, што Рэальнае — гэта і ёсць тое самае страчанае азначанае, рэферэнт, трансцэндэнтны сэнс (тое, што ён робіць, гэта хутчэй свайго роду “прышпільванне” ланцужка азначальнікаў да пэўнага ядра, прыпынак іх няспыннага руху). Перадусім для Лакана Рэальнае — гэта пустата (недахоп быцця) і з гэтага — канстытуючы элемент мовы. Калі дзіцяці “забараняюць” маці, то створаная гэтай забаронай пустата можа стацца першапачатковай “клетачкай” сімвалізму, з якой потым вырастаюць ланцужкі азначальнікаў. Недахоп маці дзіця пачынае кампенсаваць іншым староннім аб'ектам (адным, другім, трэцім…). Які ж самы першы аб'ект такога роду? Гэта пустышка, соска, сама назва якой ужо з'яўляецца сімвалічнай, бо кажа пра сутнасць многіх з тых аб'ектаў, што з'явяцца потым у жыцці чалавека. Затым Лакан вызнае Рэальнае ў якасці зваротнага боку дыскурсіўна сканструяванай рэчаіснасці, што дазваляе разглядаць логіку сноў і фантазій як раўнавартасную фармальнай логіцы. Але калі чалавеку немагчыма сутыкнуцца з Рэальным “твар у твар”, калі яно дадзена нам толькі ў апасродкаванай форме (уяўнай альбо сімвалічнай), то скуль мы можам пра яго хоць нешта ведаць? Адказ Лакана: Рэальнае выяўляецца перад намі ў форме сноў, фантазмаў альбо траўмаў (так званыя “грымасы Рэальнага”). Лакан пастулюе, што ўва сне (фантазіі) мы сустракаемся з Рэальным нашага жадання.(“Малхолланд-драйв” — тое, што герой убачыў ува сне, ён імкнецца і баіцца сустрэць у рэальнасці. І калі ён бачыць жудасную істоту са свайго сну, то памірае ад разрыву сэрца — так рэальнасць прадукуе сабе ў паўтарэнні таго, што здарылася на сцэне фантазму). Фантазм наўпрост звязаны з уяўным і з'яўляецца свайго роду экранам (за якім, натуральна, нічога няма), куды праектуюцца нашы жаданні. (Хічкок, “Акно на вуліцу”: Дж.Сцюарт, паралізаваны малады чалавек, праводзіць увесь дзень у інвалідным фатэлі і глядзіць праз акно на вуліцу, якое робіцца для яго фантазматычным экранам. Вось чаму толькі тое, што пападае ў гэтую рамку, здольнае справакаваць яго жаданне… З гэтага маладой прывабнай жонцы, на якую ён не звяртае аніякае ўвагі, даводзіцца перасекчы двор, каб займець сваё месца ў яго фантазматычнай прасторы). Траўма — гэта не першасная рэальная сцэна траўматычнай сітуацыі, а нейкае “здарэнне” (нейкая асобная рэч, якая нічым не вызначаецца для астатніх, але набывае свой траўматычны статус менавіта ў гарызонце сімвалічнага сусвету гэтага суб'екта). Траўма — гэта заўсёды нейкі рэтраактыўны эфект. Але толькі ў выніку паўтору траўма і становіцца тым, чым заўсёды была — прарывам Рэальнага. 6. Погляд Другога (аб'екта) у культуры Поле бачнага (візуальнага) вызначаецца сваёй амбівалентнасцю. З аднаго боку мы маем геаметрычнае вымярэнне бачанага, якое дазваляе чалавеку канструяваць самога сабе як суб'екта рэпрэзентацыі, а ўсё астатняе — як аб'екты. З другога — мы маем “вымярэнне бачання”, дзе чалавек сам ператвараецца ў нейкі вобраз праз позірк другога. Як суб'ект рэпрэзентацыі, я фармую аб'ект бачання, які разглядаецца як вобраз з геаметрычнай перспектывы. Аднак, разам з тым, калі я фармую нейкі малюнак (на рэціне майго вока), то адразу патрапляю ў поле нейкага іншага малюнка. Перш за ўсё, Лакан тут мае на ўвазе позірк Другога. Для Лакана Другі — гэта перадусім культура. Пад позіркам гэтага Другога, які паўсюль размяшчае вобразы ідэальнай формы, ідэальных паводзін (рэклама на білл-бордах, у гламур-часопісах, на тэлебачанні, у кіно) — мы адчуваем сябе непаўнавартаснымі (ці не таму апошнім часам стала з'яўляцца больш рэкламы, дзе тавар прэзентуюць не мадэлі, а нармалёвыя, звычайныя кабеты). Позірк гэтага Другога мы ніколі не зможам экранаваць ад сябе — ён паўсюль. (Між іншым, агрэсіўнасць контркультурных груповак — ёсць такім своеасаблівым сродкам экранавання, спосабам процістаяння стандартызацыі і серыйнасці). У звязку з папярэднім, ёсць яшчэ адна цікавая праблема — праблема аб'екта-погляда. Гэта нейкі аб'ект, які глядзіць на нас, але не бачыць, які прыцягвае наш позірк, як чорная дзіра, але не вяртае яго. Ён фасцынуе нас і прымушае забыць аб тым, хто мы ёсць. Гэтак адбываецца тады, калі аб'ект выпадае з кола тых сімвалічных сувязяў, у якім мы дагэтуль знаходзіліся. Напрыклад, аналізуючы карціну Х.Гальбейна “Паслы”, дзе прадстаўлены замежныя паслы пры двары Генрыха VIII, Лакан звяртае нашу ўвагу на дзіўную анаморфную пляму на пярэднім плане, якая аказваецца дэфармаваным чэрапам, які, калі глядзець на яго з іншай перспектывы, прымае свой звычайны від. Аб'ект-погляд — гэта такі элемент, які ня можа быць інтэграваны ў дадзеную сімвалічную структуру. Ён падрывае яе знутры, змяняючы ўсе сэнсы, і ператвараючы гледача, які ўяўляе сябе як суб'екта, у аб'ект. Гэты аб'ект-погляд, што прыходзіць да нас з нейкай іншай паралельнай рэальнасці, можна апісаць як прарыў Рэальнага, што разрывае плашчыню Сімвалічнага. Тут можна прывесці і прыклад з нашага сучаснага жыцця — катастрофу 11 верасня 2001 года ў Амерыцы. Паўтарэнне “карцінкі” падаючых хмарачосаў, як і паўтарэнне каментараў, якія толькі дублявалі ўбачанае, былі свайго роду спробай абараніцца ад немагчымага, ад той рэальнасці, што дзейнічае не па нашых правілах. Аб'ект-погляд — гэта той самы самалёт над Нью-Ёркам (зусім звыклая рэч у іншых абставінах), які нібы шалёная, з глузду з'ехаўшая машына з фільма-катастрофы трапляе ў нашу рэальнасць, ператвараючы яе ў фантасмагорыю. Усё як у “Малхоланд-драйв”, дзе рэальнасць падпарадкоўваецца фантазму. Літаратура 1. Вирилио П. Информационная бомба. Стратегия обмана. —М.: ИТДГК “Гнозис”, Фонд “Прагматика культуры”, 2002. 2. Витгенштайн Л. Логико-философский трактат // Философские работы. —М., 1994. 3. Жижек С. Добро пожаловать в пустыню Реального! —М.: Фонд “Прагматика культуры”, 2002. 4. Жижек С. Возвышенный объект идеологии. —М.: “Художественный журнал”, 1999. 5. Лакан Ж. Инстанция буквы, или судьба разума после Фрейда. —М., 1997. 6. Лакан Ж. Семинары. Кн. 2: “Я” в теории Фрейда и в технике психоанализа. —М.: Гнозис, Логос, 1999. 7. Лакан Ж. Семинары. Кн. 1: Работы Фрейда по технике психоанализа. —М.: Гнозис, Логос, 1999. 8. Ж.П.Сартр. Бытие и ничто. Опыт феноменологической онтологии. —М., 2000. 9. Фуко М. Что такое автор? // Воля к истине. По ту сторону знания, власти и сексуальности. —М., 1996. 10.Фрейд З. По ту сторону принципа удовольствия // Я и Оно. Труды разных лет. Кн. 1, Тбилиси: Мерани, 1991. 11. Lacan J. The Seminar of Jacques Lacan Book XI: The Four Fundamental Concepts of Psychoanalysis. 1998.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||