ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

Ірына ДУБЯНЕЦКАЯ. ПАДМУРКІ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ

(КАНЦЭПЦЫЯ СЬВЕТУ НА СТАРАЖЫТНЫМ БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ)

КУРС ЛЕКЦЫЙ

 

СТРУКТУРА КУРСУ

1. Роля вывучэньня старажытных цывілізацый у фармаваньні й разьвіцьці інтэлектуальнага поля грамадзтва

1.1. Старажытны Блізкі Ўсход як гістарычны й сацыяльна-культурны фэномэн. Карані эўрапейскае цывілізацыйнае мадэлі

1.2. Тэорыя міту. Міт як фармант сьветамысьленьня

2. Касмалягічныя канцэпты на Старажытным Блізкім Усходзе

2.1. ЭГІПЕТ

2.1.1. Прасторава-часавыя каардынаты

2.1.2. Станаўленьне эгіпталёгіі

2.1.3. Навуковыя крыніцы

2.1.4. Рэлігія — касмалёгія — рытуал

2.1.5. Геліапаліс

2.1.6. Гермапаліс

2.1.7. Тэбы

2.1.8. Ахетатон

2.1.9. Мэмфіс

2.2. Мэсапатамія

2.2.1. Пачаткі асырыялёгіі

2.2.2. Гісторыя

2.2.3. Асаблівасьці рэлігійнае сыстэмы. Генатэізм

2.2.4. Сьветабудова ў сумэра-акадзкай міталёгіі

2.3. Хітыцкая дзяржава

2.3.1. Адкрыцьцё й расшыфроўка тэкстаў

2.3.2. Гісторыя

2.3.3. Асаблівасьці сьветамысьленьня. Хтанічны сьвет. Космас “тысячы багоў”

2.3.4. Хацкая міталёгія

2.3.5. Хурыцкая міталёгія

2.4. Угарыт

2.4.1. Адкрыцьцё й расшыфроўка тэкстаў

2.4.2. Бінарны сусьвет угарыцкіх тэкстаў

2.4.3. Баалавы цыкаль

2.5. Ізраіль

2.5.1. Гісторыя

2.5.2. Гэбрайская Біблія: чатыры асноўныя касмаганічныя сыстэмы

2.5.3. Гэбрайская Біблія: Сьвятарская мадэль стварэньня

2.5.4. Гэбрайская Біблія: Ягвісцкая канцэпцыя сьвету

БІБЛІЯГРАФІЯ

2.2. МЭСАПАТАМІЯ

Слова Мэсапатамія па-грэцку значыць Міжрэчча (ад ) і ўжываецца для пазначэньня зямлі ў басэйнах і спаміж дзьвюх вялікіх рэк Блізкага Ўсходу, што ўцякаюць у Пэрсыдзкую Затоку — Тыгр (Tigris, сумэрскае Ідыгіна (Idigina) — “хуткая рака”, акадзкае Ідыклят (Idiqlat), адаптавана па-старапэрсыдзку як Тыгра (Tigra) — “страла”, а па-грэцку як Тыгрыс (— “тыгр”) і Эўфрат (Euphrates, сумэрскае Буранун (Buranun), акадзкае Пуратту (Purattu), адаптавана па-старапэрсыдзку як Уфрату (Ufratu), па-грэцку як Эўфратэс () — “добрая плынь”).

У 4—3 тысячагодзьдзях да н.э. у паўднёвай Мэсапатаміі квітнела краіна Сумэр (саманазва — ki-en-gir, што імаверна значыць “зямля сумэрскае мовы”, саманазва народу — sag-giga — “чарнагаловыя”, гэтаксама у сумэрскіх мітах называюцца людзі; гэтая назва праз магчымае пасярэдніцтва дыялектаў была адаптавана акадзкай мовай як “сумэру” або “шумэру” (sumeru)). Як і Эгіпет, Сумэр меў разьвітую дзяржаўную сыстэму, агракультуру, пісьменства, міталёгію, рэлігію, навуку й літаратуру.

Паўднёвая й цэнтральная Мэсапатамія паступова засялялася сэміцкімі плямёнамі. Яны пераймалі больш разьвітую цывілізацыйную мадэль сумэраў і асымілёўвалі іхныя сьветагляд, навуку й рэлігію, часта сынкрэтызуючы ўласнасэміцкіх багоў з сумэрскімі. Сэміцкім цэнтрам быў горад Акад (Akkad, сэміцкая адаптацыя сумэрскай назвы Agade), які няўхільна набіраў палітычную вагу ў рэгіёне.

У 2 тысячагодзьдзі да н.э. Акад цалкам асыміляваў Сумэр. Сумэрскі народ перастаў існаваць як этнічная адзінка, але сумэрская культура, сыстэма адукацыі, навука й літаратура працягвалі дамінаваць у новых варунках. Сумэр і Акад разам утваралі дзяржаву Бабілёнію. Бабілёнія называлася “Зямлёй Аккаду й Сумэру”. З пункту гледжаньня дасьледаваньня тэкстаў, тэрміны “акадзкі” й “бабілёнскі” ўжываюцца ўзаемазамяняльна — першы больш датычыцца мовы, другі — месца іх стварэньня, але абодва пазначаюць той самы культурны фэномэн.

У Паўночнай Мэсапатаміі паступова расла сіла Асырыі, якая ў сярэдзіне 1 тысячагодзьдзя захапіла ўвесь Блізкі Ўсход, але пасьля сама была заваявана Бабілёніяй.

Мэсапатамскія інтэлектуальныя здабыткі ўжываліся ва ўсім тагачасным цывілізаваным сьвеце, фармуючы навуковую думку, паэтыку, культурніцкую мэтафорыку. Сумэрская, а потым і Бабілёнская, “сэкстагексымальная” сыстэма ліку, у якой за аснову ўзята лічба 60, дагэтуль служыць нам у часавых і прасторавых вымярэньнях: мы дзелім дзень на 24 гадзіны, гадзіну на 60 хвілін, хвіліну на 60 сэкунд; кола й цяпер падзяляецца на 360 градусаў, геамэтрычныя куты й геаграфічныя каардынаты таксама вымяраюцца ў гэтай лікавай сыстэме.

Сумэрская форма пісьма — клінапіс, як і сылябічная сыстэма пісьма, былі запазычаны практычна ўсімі суседнімі культурамі і ўжываліся да Анатоліі на поўначы й да Міжземнага мора на захадзе. У паўночна-заходнім сырыйскім Угарыце было створана альфабэтнае пісьмо, аднак літары заставаліся клінапіснымі — настолькі дамінантным, а значыцца звыклым і “сам зь сябе зразумелым” быў клінапіс для таго часу.


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY