|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА Ірына ДУБЯНЕЦКАЯ. ПАДМУРКІ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ |
СТРУКТУРА КУРСУ 1. Роля вывучэньня старажытных цывілізацый у фармаваньні й разьвіцьці інтэлектуальнага поля грамадзтва 1.1. Старажытны Блізкі Ўсход як гістарычны й сацыяльна-культурны фэномэн. Карані эўрапейскае цывілізацыйнае мадэлі 1.2. Тэорыя міту. Міт як фармант сьветамысьленьня 2. Касмалягічныя канцэпты на Старажытным Блізкім Усходзе 2.1. ЭГІПЕТ 2.1.1. Прасторава-часавыя каардынаты 2.1.2. Станаўленьне эгіпталёгіі 2.1.4. Рэлігія — касмалёгія — рытуал 2.1.7. Тэбы 2.1.8. Ахетатон 2.1.9. Мэмфіс 2.2.2. Гісторыя 2.2.3. Асаблівасьці рэлігійнае сыстэмы. Генатэізм 2.2.4. Сьветабудова ў сумэра-акадзкай міталёгіі 2.3. Хітыцкая дзяржава 2.3.1. Адкрыцьцё й расшыфроўка тэкстаў 2.3.2. Гісторыя 2.3.3. Асаблівасьці сьветамысьленьня. Хтанічны сьвет. Космас “тысячы багоў” 2.3.4. Хацкая міталёгія 2.3.5. Хурыцкая міталёгія 2.4. Угарыт 2.4.1. Адкрыцьцё й расшыфроўка тэкстаў 2.4.2. Бінарны сусьвет угарыцкіх тэкстаў 2.4.3. Баалавы цыкаль 2.5. Ізраіль 2.5.1. Гісторыя 2.5.2. Гэбрайская Біблія: чатыры асноўныя касмаганічныя сыстэмы 2.5.3. Гэбрайская Біблія: Сьвятарская мадэль стварэньня 2.5.4. Гэбрайская Біблія: Ягвісцкая канцэпцыя сьвету |
Уводзіны Курс дае ўяўленьне пра асновы сьветагляду, выпрацаванага на Старажытным Блізкім Усходзе і — праз пасярэдніцтва старажытнагрэцкае культуры й хрысьціянскіх сакральных тэкстаў — пакладзенага ў падваліны эўрапейскае цывілізацыі. Ён дэманструе насьпелую патрэбу засваеньня й адаптацыі агульнаэўрапейскае спадчыны ў кантэксьце станаўленьня сучаснае беларускае самасьвядомасьці. Знаёміць зь пяцьцю асноўнымі субцывілізацыямі Старажытнага Блізкага Ўсходу: эгіпецкай, мэсапатамскай (сумэра-акадзкай), анаталійскай (хітыцкай), сіра-палестынскай (угарыцкай) ды ізраільскай на базе міталягічных тэкстаў ІІІ—І тысячагодзьдзяў да н.э. 1.2. Міт як фармант сьветамысьленьняПаходжаньне, структура, прычыны ўзьнікненьня сусьвету й месца ў ім чалавека — базавыя пытаньні кожнай цывілізацыі й культуры. Яны ўтвараюць падмурак чалавечага інтэлектуальнага й духоўнага досьведу й ёсьць мэтаю інтэлектуальнага пошуку, бо з сваёй сутнасьці й значнасьці зьяўляюцца яго стартам і фінішам, альфай і амэгаю. Адказы на гэтыя пытаньні фармуюць сыстэму каардынат для ўсіх сьветабудоўчых парадыгмаў і вытворных зь іх навуковых, сацыяльна-палітычных, мастацкіх, культурных, тэхналягічных ды іншых канцэптаў. Тое ці іншае разуменьне рэальнасьці, як правіла, стаецца асноваю ня толькі любых тэарэтычных уяўленьняў пра сьвет (філязофскіх, багаслоўскіх, навуковых і г.д.), але й іх прыкладной рэалізацыі ў форме канкрэтных сацыяльных структур. І мысьленьне, і сыстэма паводзінаў, і ўвесь лад жыцьця чалавека або грамадзтва — вытворныя ад успрынятай імі цэласнай карціны сьвету. Папраўдзе, менавіта карціна сьветабудовы ёсьць зьместам і мэтаю чалавечае думкі. У сучасным сьвеце кірункі думкі й іх тэарэтычныя ці прыкладныя вынікі раздроблены ў мностве самастойных навук, дысцыплін ды сфэр грамадзкай і культурніцкай дзейнасьці. У старажытным сьвеце, аднак, цэльнасьці сьветамысьленьня адпавядала цэльнасьць усіх сфэр чалавечай дзейнасьці, што выяўлялася ва ўмоўнасьці (а часам і ў поўнай адсутнасьці) межаў паміж рознымі дысцыплінамі, у іх узаемапераплеценасьці ды сэнсава-зьместавай блізкасьці. Найбольш поўна цэльнасьць усіх галінаў чалавечага мысьленьня ўвасабляе міт. Бо сутнасным зьместам міту, незалежна ад сюжэту, заўсёды застаюцца космагенэзыс ды жыцьцё сусьвету — або сыстэмы цалкам, або яе структурнай адзінкі, што ў галаграмным міталягічным бачаньні ёсьць раўназначным. Паўсталы сам як тварэньне розуму, міт вызначае для розуму шляхі ўспрыняцьця ды засваеньня ўсяго, з чым той сутыкаецца. Бо міт інтэрпрэтуе рэальнасьць — як у ейнай цэльнасьці, так і ва ўсёй множнасьці праяў — і тым самым дапамагае розуму клясыфікаваць усе аспэкты рэчаіснасьці, трансфармуючы невядомае ды незразумелае ў пазнавальнае ды ўцямнае. Узаемадачыненьні міту й практычнага жыцьця непазьбежна дыялектычныя. Сваё разуменьне рэальнасьці чалавек фармулюе ў мэтафары мітаў, а міты дыктуюць чалавеку разуменьне рэальнасьці. Міт як творча-аналітычная сыстэма сьветамысьленьня ўтварае для культуры, нацыі ці якой-кольвек чалавечай супольнасьці асноўную самаідэнтыфікацыйную прастору. Такім чынам, дасьледаваньне мітаў пэўнае цывілізацыі ёсьць найлепшым спосабам зразумець гэтую цывілізацыю, выпрадукаваныя ёй канцэпцыі сьвету, ейныя духоўныя ды інтэлектуальныя здабыткі, маральныя каштоўнасьці ды вытворныя сацыяльныя парадыгмы.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||